ПРУ́ЦКІ ПАХО́Д 1711,
баявыя дзеянні рас. арміі ў час. рус.-тур. вайны 1710—13, якія адбываліся на тэр. падвасальнага Турцыі Малд. княства, пераважна ў даліне р. Прут (адсюль назва). 24.4.1711 Расія заключыла з малд. гаспадаром Дз.Кантэмірам дагавор аб ваен. саюзе і ўваходжанні Малдовы ў рас. падданства. 7 чэрв. рас. конніца ген.-фельдмаршала Б.П.Шарамецева ўвайшла ў Малдову, дзе паўсюдна пачаліся антытур. паўстанні. Кантэмір абвясціў пра саюз з Расіяй і збор малд. войска для вайны з Турцыяй, перадаў рас. войскам 25 тыс. галоў жывёлы, аднак з прычыны неўраджаю не здолеў забяспечыць іх хлебам. Да 6 ліп. рас. армія на чале з царом Пятром I сканцэнтравалася каля г. Ясы, але 29 чэрв. тур. армія вял. візіра Балтаджы-пашы (каля 120 тыс. чал., 440 гармат) перайшла на левы бераг Дуная, дзе злучылася з 70-тысячнай конніцай крымскага хана Дэўлет-Гірэя. Пётр I накіраваў у тыл туркам 7-тысячны конны атрад ген. К.Э.Рэнэ, які 18 ліп. ўзяў на Дунаі крэпасць Брэілу, а сам на чале гал. сіл (38 тыс. рускіх, 5 тыс. малдаван на чале з Кантэмірам, 114 гармат) накіраваўся на Пд правым берагам Прута. 20 ліп. рас.-малд. армія пасля шэрагу баёў была акружана каля с. Нов. Станілешты ў некалькі разоў пераважаючымі тур.-тат. сіламі. Рас. войскі адбілі атакі тур. янычараў, але недахоп боепрыпасаў і харчавання прымусіў Пятра I звярнуцца да тур. вял. візіра з прапановай заключыць мір (заключаны 23 ліп.). У выніку рас. войскі атрымалі права свабодна выйсці з Малдовы (разам з імі краіну пакінулі Кантэмір і некалькі тыс. малдаван); Расія вярнула Турцыі Азоў, ліквідавала крэпасці і флот на Азоўскім м. Гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.
М.Г.Нікіцін.
т. 13, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
т. 2, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭН (Baden),
гістарычная вобласць на ПдЗ Германіі. З 11 ст. ням. маркграфства. У 1535 падзялілася на маркграфствы Бадэн-Бадэн (каталіцкае) і Бадэн-Дурлах (пратэстанцкае). У 1771 яны зноў аб’яднаны. У 1806—1918 вял. герцагства са сталіцай у Карлсруэ. Закон аб выбарах, канстытуцыя Бадэна 1818 былі ўзорам ранняга герм. канстытуцыяналізму. У час Рэвалюцыі 1848—49 у Германіі ў Бадэне адбыліся паўстанні, у т. л. Бадэнска-Пфальцкае паўстанне 1849. У аўстра-прускай вайне 1866 Бадэн удзельнічаў на баку Аўстрыі, у 1870 уступіў у Паўн.-Германскі саюз, з 1871 у складзе Германскай імперыі. З 1919 рэспубліка ў складзе Веймарскай рэспублікі, пасля 1933 зямля фаш. Германіі. У 1945 Бадэн акупіравалі амер. (Пн) і франц. (Пд) саюзныя войскі. Пасля рэферэндуму 6.12.1951 Бадэн увайшоў у зямлю ФРГ Бадэн-Вюртэмберг.
т. 2, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ 1939.
Створаны 26 вер. на базе Бел. асобай ваен. акругі ў час польска-германскай вайны 1939. Камандуючы камандарм 2-га рангу М.П.Кавалёў; чл. ваен. савета: карпусны камісар І.З.Сусайкаў, сакратар ЦК КП(б)Б П.К.Панамарэнка; нач. штаба камдыў М.А.Пуркаеў. Уваходзілі арміі: 3, 4, 10, 11-я, франтавая конна-механізаваная група, 23-і асобны стралк. корпус (у яго складзе 52-я стралк. дывізія і Дняпроўская ваенная флатылія); пры кожнай арміі была авіяц. група. Фронт меў задачу прадухіліць захоп Зах. Беларусі войскамі Германіі. 17.9.1939 войскі Бел. і Укр. франтоў перайшлі сав.-польскую граніцу і за 12 дзён вызвалілі Зах. Беларусь. Упартыя баі ішлі за Скідзель, Навагрудак, Вільню, Гродна, у Аўгустоўскіх лясах. 14.11.1939 фронт скасаваны.
М.І.Камінскі.
т. 2, с. 460
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ФРОНТ ТРЭ́ЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.
Створаны 19.4.1944 у выніку падзелу Зах. фронту на 2-і і 3-і Бел. франты. Камандуючыя: ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі, з лютага 1944 Маршал Сав. Саюза А.М.Васілеўскі, з крас. 1945 ген. арміі І.Х.Баграмян; чл. ваен. савета ген.-лейт. В.Е.Макараў; нач. штаба ген.-палк. А.П.Пакроўскі. У розны час уваходзілі арміі: 3, 5, 21, 28, 31, 33, 39, 43, 48, 50, 2-я і 11-я гвардз., 5-я гвардз. танк., 1-я і 3-я паветраныя. Франтавая газ. «Красноармейская правда». Войскі фронту разам з інш. франтамі ў ходзе Беларускай аперацыі 1944 правялі Віцебска-Аршанскую, Мінскую, Вільнюскую, Каўнаскую (гл. адпаведныя арт.), Гумбіненскую, Інстэрбургска-Кёнігсбергскую, Кёнігсбергскую аперацыі, удзельнічалі ў Мемельскай і Усх.-Прускай аперацыях. 15.8.1945 фронт расфарміраваны.
М.І.Камінскі.
т. 2, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НА-ФІЛІПІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 1899—1901,
каланіяльная вайна ЗША супраць Філіпін. Не прызнаўшы незалежнасці маладой Філіпінскай Рэспублікі, ЗША абвясцілі сябе яе суверэнам. Размешчаная на Філіпінах 25-тысячная армія ЗША 4.2.1899 разгарнула баявыя дзеянні супраць рэсп. войскаў (каля 16 тыс. чал.). Але за паўгода яна прасунулася толькі на 100—120 км на Пн ад Манілы. Выклікаўшы сярод філіпінцаў раскол, які прывёў да прымусовай адстаўкі кіраўніка ўрада А.Мабіні і забойства галоўнакамандуючага рэсп. арміяй А.Луны, амер. войскі ў кастр. пачалі новае наступленне. Пераход на бок ЗША часткі мясц. памешчыкаў і буржуазіі аслабіў супраціўленне філіпінскай арміі, і яна распалася на партыз. атрады. Паланенне прэзідэнта Э.Агінальда (23.3.1901) і яго прысяга на вернасць ЗША фактычна спынілі вайну. Баі партыз. груп працягваліся да 1913.
т. 1, с. 313
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́ЦЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (29.11.1718, г. Турку, Фінляндыя — 19.10.1783),
расійскі дзярж. дзеяч, военачальнік. Ген.-фельдмаршал (1769), граф. Ваен. падрыхтоўку атрымаў у аўстр. арміі прынца Яўгенія Савойскага. З 1740 на дыпламат. службе ў Стамбуле, потым пасол у Саксоніі. Прымаў удзел у Сямігадовай вайне 1756—63, камандаваў левым крылом рус. арміі ў Кунерсдорфскай бітве (1759). З 1761 узначальваў войскі ў Ліфляндыі. З пач. рус.-тур. вайны 1768—74 галоўнакамандуючы 1-й арміяй. У 1768 разбіў пад Хоцінам 40-тысячную тур. армію Караман-пашы, але з-за адсутнасці асадных гармат не асмеліўся на штурм крэпасці, за што быў адкліканы ў Пецярбург. Да здачы камандавання нанёс паражэнне тур. войскам Малдаван-пашы і авалодаў Хоцінам і Ясамі. З 1769 губернатар Пецярбурга, сенатар.
т. 4, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКІ БОЙ 1651,
бой паміж казацка-сялянскім войскам і войскам ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У чэрв. 1651 4 тыс. ўкр. казакоў на чале з палк. І.Шохавым зрабілі рэйд праз тэр. Расіі ва ўсх. паветы ВКЛ. 6 чэрв. яны захапілі Рослаўль, частка казакоў і сялян, якія далучыліся да іх, пасланы Шохавым да Крычава. На дапамогу гарнізону горада Я.Радзівіл накіраваў атрад Вейса ў 300 коннікаў і 600 пехацінцаў, які злучыўся з атрадам мсціслаўскай, аршанскай і віцебскай шляхты на чале з мсціслаўскім падсудкам Валовічам. 28.6.1651 недалёка ад Крычава ўрадавыя войскі былі разбіты казацка-сялянскім войскам. У баі загінулі Валовіч, мсціслаўскі пісар Сухадольскі і інш. знатныя шляхціцы. Вейс узяты ў палон і забіты. Крычаў узяты штурмам.
т. 8, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМП-ДЭ́ВІДСКІЯ ПАГАДНЕ́ННІ 1978,
комплекс пагадненняў паміж Ізраілем і Егіптам пры пасрэдніцтве ЗША аб мірным урэгуляванні Блізкаўсходняга канфлікту. Падпісаны 17 вер. ў загараднай рэзідэнцыі прэзідэнта ЗША Дж.Картэра ў Кэмп-Дэвідзе (адсюль назва) прэзідэнтам Егіпта А.Садатам, прэм’ер-міністрам Ізраіля М.Бегінам і Картэрам (сведка). Прадугледжвалі наданне абмежаванага самакіравання арабам-палесцінцам з Зах. берага р. Іардан і сектара Газа, заключэнне егіпецка-ізраільскага сепаратнага мірнага дагавора (падпісаны ў Вашынгтоне 26.3.1979 на ўмовах вываду ізраільскіх войск з Сінайскага п-ва, куды часова ўводзіліся войскі ЗША і краін НАТО). За гэтыя пагадненні Садату і Бегіну прысуджана Нобелеўская прэмія міру 1978. К.-д.п., падпісаныя без удзелу Арганізацыі Вызвалення Палесціны, не былі прызнаны ААН, большасцю араб. краін, тагачасным кіраўніцтвам СССР і ў Палесціне фактычна не выконваліся, аднак палепшылі егіпецка-ізраільскія адносіны.
т. 9, с. 76
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЎКТРЫ (Leuktra),
старажытнагрэчаскі горад у Беотыі, за 11 км ад Фіваў, каля якіх 5.8.371 да н.э. адбылася бітва паміж спартанцамі на чале з царом Клеамбротам (10 тыс. гаплітаў і 1 тыс. коннікаў) і фіванцамі пад камандаваннем Эпамінонда (каля 6 тыс. гаплітаў і 1,5 тыс. коннікаў). Фіванцы ўпершыню выкарысталі новы тактычны прыём: размясцілі войскі нераўнамерна па фронце (т. зв. косым баявым парадкам), сканцэнтраваўшы на левым флангу ўдарную групоўку і рэзерв з лепшых воінаў, а ў цэнтры і на процілеглым флангу паставілі меншыя па колькасці сілы. Зыход бітвы вырашыў удар намнога большымі сіламі па адборнай частцы войска спартанцаў. Непераможныя да гэтага часу на сушы спартанцы былі разбіты, загінуў іх цар Клеамброт. У выніку Спарта страціла гегемонію ў Грэцыі. Пелапанескі саюз распаўся. Пачалося кароткатэрміновае панаванне Фіваў.
т. 9, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)