ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛА (Васіль Сцяпанавіч) (20.5.1901, в. Кішчына Слабада Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1949),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Бел. політэхн, ін-т (1935). У 1922—24 у Чырв. Арміі, пасля на сав. і парт. рабоце. У 1938—45 нарком, з сак. 1949 міністр камунальнай гаспадаркі БССР. У 1945—49 нам. старшыні СМ БССР. У Вял. Айч. вайну ўдзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі, чл. Мінскага падп. абкома КП(б)Б. Дэп. Вярх. Савета БССР з 1947. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1949.
т. 6, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЛЦІН (Аўгуст Янавіч) (сапр. Блюм Тэадор Янавіч; 17.1.1894, г. Айзпутэ, Латвія — 23.6.1953),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1908 вёў рэв. дзейнасць у Лібаве, Пецярбургу, Рызе, Харкаве, Баку, Грозным. Шмат разоў арыштаваны і зняволены (1909, 1913, 1914, 1916). Пасля Кастр. рэвалюцыі старшыня Закаўказскага каап. саюза, нам. старшыні Цэнтрасаюза, старшыня Міжкаап. савета і інш. З 1929 у БССР: старшыня Белкаапсаюза, нарком гандлю (1930), забеспячэння (1931—33), нам. старшыні СНК БССР (1933—34), нарком лёгкай (1934), мясцовай (1934—37) прам-сці. Чл. ЦВК СССР (1935—37), ЦВК БССР (1929—37). Чл. ЦК КП(б)Б у 1930—37. Старшыня Т-ва старых бальшавікоў у БССР (1933—37). 4.9.1937 арыштаваны і зняволены. Рэабілітаваны і вызвалены з турмы ў канцы 1940-х г.
т. 2, с. 264
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙТО́ВІЧ (Сяргей Данілавіч) (13.10.1925, в. Забалацце Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. — 12.2.1989),
бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1979). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1962 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследаваў гісторыю міжнар. дзейнасці БССР. Адзін з аўтараў «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 5, 1975), калект. манаграфій «Супрацоўніцтва Беларускай ССР з сацыялістычнымі краінамі» (1970), «У адзіным страі змагароў за мір» (1989).
Тв.:
БССР в борьбе за мир и сотрудничество между народами (1945—1965). Мн., 1968;
Белорусская ССР и развивающиеся страны (1945—1970). Мн., 1974;
БССР на форуме наций. Мн., 1978;
БССР в отношениях СССР с развивающимися странами. 1971—1985. Мн., 1985;
БССР в экономических отношениях СССР с зарубежными странами (1945—1987). Мн., 1989.
А.С.Ляднёва.
т. 3, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНІЛЯКЕ́ВІЧ (Міхаіл Паўлавіч) (6.2.1887, в. Асташына Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 11.8.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. У 1907—14 працаваў на з-дах Пецярбурга. За ўдзел у рэв. руху быў зняволены. З 1914 у арміі. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917, адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Петраградзе. Удзельнічаў у баях супраць Каледзіна. З 1919 на парт. і прафс. рабоце ў БССР. З мая 1929 нарком працы БССР, у сак. 1931 — вер. 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1933 на парт. і прафс. рабоце ў РСФСР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1924—27, 1930—32, чл. ЦКК КП(б)Б у 1927—30, 1932—33 і яе Прэзідыума ў 1929—30, 1932—33. Чл. ЦВК БССР у 1922—33 і яго Прэзідыума ў 1933—33.
т. 5, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ФІЛІЯ́Л ПРАМПА́РТЫІ»
(«БФП»),
назва арг-цыі, прыдуманай летам 1931 супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу над інтэлігентамі ў апараце кіраўніцтва прам-сцю БССР. Стварэнне «БФП» было аднесена да 1926. Паводле абвінаваўчага заключэння, кіраўніком лічыўся А.М.Каплан (кіраўнік прамсекцыі пры Дзяржплане БССР). Ячэйкі арг-цыі «дзейнічалі» ў Дзяржплане БССР, ВСНГ БССР, Белбудаб’яднанні, Белметалааб’яднанні, Белскураб’яднанні. Членам «БФП» інкрымінавалася «жаданне перараджэння сав. улады ў бурж дэмакр. рэспубліку», правядзенне мерапрыемстваў, якія «павінны былі перашкаджаць і тармазіць развіццё нар. гаспадаркі, ствараць прарывы і перашкоды». Да крымін. адказнасці прыцягнуты 30 чал., 8 з іх праходзілі і як чл. «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі», што, на думку АДПУ, пацвярджала наяўнасць сувязі паміж «контррэвалюцыянерамі» Беларусі. Акрамя паказанняў сведак і прызнанняў арыштаваных, ніякіх доказаў існавання «БФП» не выяўлена. Паводле пастановы Калегіі АДПУ БССР ад 23.7.1931 прыгавораны 10 чал. да 10 гадоў лагераў, астатнія да 5 гадоў лагераў. У жн. 1962 рэабілітаваны 1, у вер. 1989 — астатнія 29 чал.
Т.С.Процька.
т. 2, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КАВА (Грэк) Надзея Рыгораўна
(н. 17.9.1910, Мінск),
дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыла Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1941). З 1927 на швейнай ф-цы «Кастрычнік» у Мінску. З 1933 старшыня ЦК саюза рабочых швейнай прам-сці. У 1937—40 нам. і заг. прамысл.-трансп. аддзела ЦК, 3-і сакратар ЦК КП(б)Б. У 1938 — 47 Старшыня Вярх. Савета БССР. З 1941 сакратар Казанскага гаркома ВКП(б). З 1943 нам. старшыні СНК БССР. З 1947 міністр харч. прам-сці БССР, у 1949—52 нам. міністра харч. прам-сці РСФСР. Чл. ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1938—40. Чл. Цэнтр. рэвіз. камісіі ВКП(б) у 1939—52. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47, СССР у 1946—50, РСФСР у 1951—55.
Я.С.Фалей.
т. 5, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРМУ́НСКІ (Аляксандр Мацвеевіч) (11.6.1887, г. Бялінскі Пензенскай вобл., Расія — 9.5.1970),
бел. геолаг. Чл.-кар. АН БССР (1936), д-р геолага-мінералагічных н., праф. (1944). Скончыў Маск. ун-т (1913). З 1918 дацэнт Маск. горнай акадэміі. У 1927—41 у Геал. к-це ВСНГ, Мін-ве геалогіі СССР. У 1936—38 дырэктар Ін-та геалогіі і гідрагеалогіі АН БССР, заг. кафедры геалогіі БДУ. У 1943—45 кіраўнік геал. групы, у 1946—49 навук. супрацоўнік Ін-та геал. навук АН БССР. У 1949—51 супрацоўнік НДІ у Ленінградзе. На тэр. Беларусі праводзіў даследаванні па гідрагеалогіі, чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі і тэктоніцы.
Тв.:
Принципы и методы составления карт четвертичных (антропозойских) отложений // Изв. АН БССР. Сер. геол. 1947. № 2;
Геологические особенности тектонических структур БССР. Ч. 1—2 // Там жа. 1948. № 5—6.
т. 6, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗВЫЧА́ЙНАЯ КАМІ́СІЯ ПА БАРАЦЬБЕ́ З КОНТРРЭВАЛЮ́ЦЫЯЙ, СПЕКУЛЯ́ЦЫЯЙ І СЛУЖБО́ВЫМІ ЗЛАЧЫ́НСТВАМІ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР (ЧК БССР),
дзяржаўны орган, які ў сваёй дзейнасці спалучаў функцыі спецслужбы і праваахоўнага органа. Утворана 18.2.1919 паводле рашэння Вял. Прэзідыума выканкома БССР як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам (губчэка); уваходзіла ў склад НКУС БССР. Пад яе кіраўніцтвам працавалі Бабруйская, Ігуменская і Мазырская павятовыя надзвычайныя камісіі, якія выбіраліся павятовымі выканкомамі і зацвярджаліся губчэка. Пасля ўтварэння Літбел Мінская губчэка ў маі 1919 перайменавана ў Надзвычайную камісію Літ.-Бел. ССР (ЧК Літбела). У сувязі з акупацыяй тэр. Літ.-Бел. ССР польскімі інтэрвентамі ў жн. 1919 дзейнасць ЧК Літбела спынена, а яе супрацоўнікі накіраваны на фронт і ў тыл акупантаў на падп. работу. Пасля вызвалення Беларусі 21.7.1920 адноўлена як Мінская губ. надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй, спекуляцыяй і службовымі злачынствамі, пазней перайменавана ў Надзвычайную камісію БССР (ЧК БССР). Працавала пад кіраўніцтвам ВЧК, фактычна на правах губ. органа. З 1919 асн. кірункамі дзейнасці Мінскай губчэка, потым ЧК Літбела былі выяўленне і ліквідацыя контррэв. арг-цый, барацьба з сабатажам і спекуляцыяй, карупцыяй служачых сав. дзярж. апарата. Пасля разгрому арганізаваных сіл унутр. і знешняй контррэвалюцыі ў 1921—22 асн. намаганні надзвычайнай камісіі былі скіраваны на барацьбу з бандытызмам і шпіянажам, контррэв. дзейнасцю розных партый і арг-цый. Паводле рашэння Прэзідыума ЦВК БССР ад 1.3.1922 ЧК БССР скасавана і на яе базе ўтворана Дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне БССР. ЧК БССР (Мінскую губчэка, ЧК Літбела) узначальвалі: В.А.Багуцкі (крас.—май 1919), І.В.Тарашкевіч (май—жн. 1919), А.І.Ротэнберг (1920—21), Я.К.Ольскі (Кулікоўскі; 1921—22).
А.А.Тозік.
т. 11, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых,
сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 4—9.5.1925 у Мінску. Прысутнічала 525 дэлегатаў з рашаючым і 191 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); аб развіцці сельскай гаспадаркі (Дз.Ф.Прышчэпаў); аб стане прам-сці ў БССР (А.Я.Калнін); аб сав. буд-ве (А.І.Хацкевіч); аб выкананні бюджэту 1924/25 і бюджэце на 1925/26 (Ф.А.Браўковіч); аб Чырв. Арміі (М.М.Тухачэўскі); аб медыцыне на вёсцы (М.І.Барсукоў); выбары ЦВК БССР, чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад БССР і дэлегатаў на Усесаюзны з’езд Саветаў. З’езд ухваліў паліт. лінію ўрада Беларусі, адзначыў станоўчыя вынікі ўзбуйнення БССР, рост прам-сці, дасягненні ўрада ў арганізацыі дапамогі сялянству. Цэнтр. пытаннем на з’ездзе было абмеркаванне далейшых шляхоў развіцця сельскай гаспадаркі. У якасці першачарговай пастаўлена задача агульнага ўздыму сял. гаспадаркі, росту яе таварнасці і інтэнсіўнасці. З’езд пацвердзіў ранейшы курс на дапамогу бядняцкім гаспадаркам. Дэлегаты падтрымалі палітыку беларусізацыі, але адзначалі недахоп беларускамоўнай л-ры, настаўнікаў бел. мовы, спецыялістаў-беларусаў з вышэйшай адукацыяй. Было разгледжана становішча бел. насельніцтва ў Зах. Беларусі. З’езд выбраў ЦВК БССР з 154 чл. і 49 канд., 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР, 47 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам на ПІ Усесаюзны з’езд Саветаў.
Літ.:
Стенографический отчет VII Всебелорусского съезда Советов. Мн., 1925;
Резолюции VII Всебелорусского съезда Советов БССР. Мн., 1925.
І.Г.Яцкеаіч.
т. 14, с. 361
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)