БЯРДЗЯ́ЕЎ Мікалай Аляксандравіч (6.3.1874, Кіеў — 23.3.1948),

рускі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1894—98). З 1917 праф. філасофіі Маскоўскага ун-та. Арганізатар «Вольнай акадэміі духоўнай культуры ў Маскве» (1919). У 1922 высланы з СССР, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.​Канта, Я.​Бёме, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ, У.​Салаўёва, В.​Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. У працах «Філасофія свабоды» (1911), «Дух і рэальнасць» (1937), «Экзістэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага» (1952) і інш. абгрунтаваў канцэпцыю т.зв. новай рэлігійнай свядомасці, або хрысціянскага персаналізму. Паводле Бярдзяева, задача чалавека ў вызваленні свайго духу з палону ўяўнага быцця і «выхадзе з рабства ў свабоду», з варожасці свету ў «касмічную любоў»; гэта магчыма толькі пры выкананні строгіх правіл і норм паводзін, сфармуляваных у Старым запавеце (этыка закону), перайманні подзвігу Ісуса Хрыста (этыка збавення), выхаванні святасці, духоўным узвышэнні асобы і яе свабоднай любові да Бога-творцы (этыка творчасці). Бярдзяеў лічыў неапраўданымі сац. рэвалюцыі, якія прыводзяць «да вынішчэння святасці», гібелі духоўнай культуры. Ён сцвярджаў, што марксізм «засланіў» чалавека класам і не здольны вырашыць праблему свабоды і актыўнасці асобы, асуджаў бесчалавечнасць, насілле і тэрор, якія сталі штодзённай практыкай таталітарных рэжымаў, у т. л. і сталінскага рэжыму ў СССР. Даследаваў праблемы інтэлектуальнай гісторыі Расіі, распрацаваў канцэпцыю т.зв. «камюнатарнасці» (абшчыннасці) або рускай самабытнасці, за мяжой выступаў як патрыёт, прадстаўнік рус. культуры і праціўнік розных формаў месіянскай і шавіністычнай ідэалогіі.

Тв.:

Новое религиозное сознание и общественность. СПб., 1907;

Душа России. М., 1915;

Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1918 (репр. изд. М., 1990);

Смысл истории. Берлин, 1923;

Тое ж. М., 1990;

О назначении человека. Париж, 1931;

Тое ж. М., 1993;

Русская идея: Осн. проблемы рус. мысли XIX — нач. XX в. Париж, 1946;

Истоки и смысл русского коммунизма. Париж., 1955 (репр. изд. М., 1990);

Философия неравенства. М., 1990;

Самопознание: (Опыт филос. автобиогр.). М., 1991;

Философия творчества, культуры и искусства. Т. 1—2. М., 1994;

Царстви Духа и царство Кесаря. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

М.А.Бярдзяеў.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫКЛАДНЫ́Х ФІЗІ́ЧНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Т імя А.​Н.​Сеўчанкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта.

Засн. ў 1971 у Мінску на базе н.-д. лабараторый БДУ. Арганізатар і першы дырэктар — акад. АН Беларусі А.Н.Сеўчанка. У ін-це 4 аддзелы (27 лабараторый).

Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка нізкатэмпературнай плазмы, уздзеянне іанізавальнага выпрамянення на матэрыялы і прылады электроннай тэхнікі, распаўсюджванне ультрагуку ў неаднародных асяроддзях, спектраскапія і люмінесцэнцыя кандэнсаваных сістэм, распрацоўка і стварэнне спектральнай апаратуры, лагічных элементаў і сістэм, электронна-выліч. прылад. У галіне оптыкі, спектраскапіі і люмінесцэнцыі здзейснены мэтанакіраваны сінтэз неарган. і арган. злучэнняў (вадкакрышт. матэрыялы для прылад адлюстравання інфармацыі і кіравання, актыўныя і пасіўныя лазерныя асяроддзі, аптычныя асяроддзі для запісу інфармацыі, негатыўныя і пазітыўныя фотарэзістары, матэрыялы колеракадзіравання і колераперадачы інфармацыі, пажаравыбуховабяспечныя цеплаізаляцыйныя матэрыялы, лекавыя прэпараты радыёпратэктарнага дзеяння, індыкатары для аналізу біял. вадкасцей чалавека, фарбавальнікі для онкатэрапіі і інш.); створаны метады і прылады экспрэс-дыягностыкі газавых патокаў, пылавых і дымавых выкідаў і інш. У галіне фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў распрацаваны тэорыя і метады іонна-прамянёвага легіравання і выкарыстанне іх у тэхналогіі вырабаў электроннай тэхнікі, сістэма скразнога камп’ютэрнага мадэліравання тэхналогій мікра- і нанаэлектронікі, метады атрымання звышцвёрдых і зносастойкіх матэрыялаў; даследаваны працэсы дэфектаўтварэння ў крышталях крэмнію, арсеніду галію і фасфіду індыю; прапанаваны і рэалізаваны спосабы кіравання пучкамі рэнтгенаўскіх і гама-квантаў. У галіне радыёфізікі і інфарматыкі створаны радыёгалаграфічныя сродкі для бескантактнага вымярэння вільготнасці, масы, шчыльнасці і інш. характарыстык дыэл. матэрыялаў; метады і прылады для выяўлення ачагоў узгарання лясных пажараў, ультрагукавыя расхадамеры вадкасці і газу, тэлеметрычны комплекс сейсмаразведкі, вымяральны комплекс аператыўнага маніторынгу дозных размеркаванняў пучкоў рэнтгенаўскага і электроннага выпрамяненняў; уведзена ў дзеянне першая нац. азонаметрычная станцыя, распрацаваны люмінесцэнтныя бескантактныя тэрмадатчыкі крыягенных т-р. Навук. і канструктарскія распрацоўкі ін-та знайшлі практычнае выкарыстанне ў прам-сці, нар. гаспадарцы, медыцыне і інш. Навук. дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 6 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працаваў акад. АН Беларусі Л.В.Валадзько, працуюць акад. Нац. АН Беларусі А.Ф.Чарняўскі, чл.-кар. Ф.Ф.Камароў.

У.​І.​Папечыц.

т. 13, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЕ ТАВАРЫ́СТВА БЕЛАРУ́СКАЙ ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІ Існавала ў крас. 1917 — сярэдзіне 1920 у Мінску. Створана Ф.Ждановічам

(арганізатар, кіраўнік, рэжысёр) пры ўдзеле І.Буйніцкага, У.Фальскага. Адкрылася 23.4.1917 спектаклямі «Паўлінка» Я.​Купалы і «У зімовы вечар» паводле Э.​Ажэшкі ў памяшканні Мінскага гар. т-ра. Потым працавала ў клубе «Беларуская хатка». У т-ва ўваходзілі ўдзельнікі драм. гурткоў, хор (кіраўнік У.​Тэраўскі),

танц. група (кіраўнік Ч.​Родзевіч) і аркестр нар. інструментаў (кіраўнік Дз.​Захар). Значнай падзеяй была першая пастаноўка т-вам п’есы Я.​Купалы «Раскіданае гняздо» (10.7.1917). Калектыў развіваўся на прафес. аснове і ў сваёй дзейнасці абапіраўся на нар. традыцыі Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Пасля спектакляў звычайна наладжваліся дэкламацыі, выконваліся нар. танцы і песні. Т-ва адыграла важную ролю ў культ. жыцці Беларусі, у станаўленні бел. прафес. тэатр. мастацтва. Трупа выязджала на гастролі ў розныя гарады Беларусі. Пры ўдзеле членаў т-ва створаны «Беларускі савецкі тэатр» і Мінскае таварыства працаўнікоў мастацтва. У 1920 з адкрыццём у Мінску Бел. дзярж. т-ра (з 1944 Бел. т-ра імя Я.​Купалы) значная частка калектыву ўвайшла ў яго трупу і т-ва спыніла сваю дзейнасць. У розны час у трупу ўваходзілі: В.​Адуцкевіч, Т.​Бандарчык, Я.​Беларус, В.​Вашкевіч, У.​Галубок, Г.​Грыгоніс, Р.​Жакоўскі, Ждановіч, В.​Жылінскі, М.​Зароская, А.​Іваноў, А.​Крыніца, М.​Кудзелька (М.​Чарот), Я.​Лабаноўская, М.​Лабаноўскі, А.​Ліпніцкая (Ліпнічанка), К.​Міронава, М.​Міцкевіч, П.​Мядзёлка, Л.​Навахацкая, П. і Я. Раткевіч (Раткевічанкі), Л.​Ржэцкая, К.​Саннікаў, Е.​Станкевіч, С.​Станюта, В.​Тарасік, Ядвігін Ш. і інш. Сярод пастановак: «Паўлінка» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Пісаравы імяніны», «Апошняе спатканне», «Бязвінная кроў» Галубка, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Пінская шляхта» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Сягонняшнія і даўнейшыя» К.​Буйло, «У зімовы вечар», «Хам» Ажэшкі, «Пашыліся ў дурні» М.​Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх, «Сватанне» А.​Чэхава і інш.

Літ.:

Рамановіч Я.С. Рэкі цякуць з ручаёў. Мн., 1969;

Атрошчанка А.Я. Фларыян Ждановіч. Мн., 1972;

Няфёд У.І. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1—2. Мн., 1983—85.

У.​І.​Няфёд.

Артысты Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Мінск. 1917.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БССР імя Н.​К.​Крупскай.

Існаваў у 1931—41 у Мінску. У 1939 прысвоена імя Крупскай. Створаны пры Доме камсамола з удзельнікаў маст. самадзейнасці. Арганізатар і маст. кіраўнік М.​Кавязін, маст. кіраўнікі: Е.​Міровіч (з 1937), М.​Сухараў (з 1940), М.​Зораў (1941). Напачатку т-р карыстаўся рэпертуарам дзіцячых т-раў Масквы і Ленінграда, маст.-пед. прынцыпы якіх былі пакладзены ў аснову яго дзейнасці. Ставіліся пераважна тагачасныя п’есы: «Наш» М.​Знык, «Вінтоўка № 492116» А.​Крона, «Дружына» А.​Бруштэйн, франц. фарс 15 ст. «Адвакат Патлен». У 1936 пастаўлены бел. п’есы «Мікола Гоман» В.​Сташэўскага, «Ная» М.​Зарэцкага. У 1937 т-р рэарганізаваны, яго ўзначаліў Міровіч. Трупа папоўнілася выпускнікамі Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе, акцёрамі з расфарміраваных т-раў: Бел. т-ра рабочай моладзі, Польскага вандроўнага т-ра БССР і інш. У ліку першых створаны героіка-рамант. спектакль «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага. З лепшых пастановак: «Ноч у верасні» І.​Чэкіна, «Блакітнае і ружовае» Бруштэйн, казкі «Снежная каралева» Я.​Шварца, створаная на бел. фальклоры «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (адзначана на Усесаюзным аглядзе т-раў для дзяцей у Маскве, 1940), класічныя «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера. Т-р спыніў дзейнасць з пачаткам Вял. Айч. вайны. Музыку да спектакляў пісалі бел. кампазітары П.​Падкавыраў, Я.​Цікоцкі, Дз.​Лукас, А.​Багатыроў, М.​Шчаглоў; сцэнаграфія — мастакі Ц.​Кіпніс, К.​Елісееў, А.​Марыкс і інш. Сярод акцёраў: П.​Басінкевіч, С.​Болітар, В.​Брайчэўская, Ю.​Гальперына, С.​Гурыч, З.​Зяленка, В.​Ігнацьеў, М.​Кавязіна, А.​Кашына, З.​Курдзянок, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, А.​Матусевіч, В.​Окалаў, А.​Ротар, З.​Стома, У.​Стэльмах, Л.​Фрыдман, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, В.​Чамялоў, А.​Якуцік; некат. час працавалі З.​Браварская, М.​Фрадкін (кампазітар), рэжысёр Ю.​Палічынецкі. Ставілі спектаклі М.​Маршак, Р.​Сусловіч, В.​Меяроўскі.

Літ.:

Тэатр юнага гледача БССР імені Н.​К.​Крупскай. Мн., 1940;

Пятровіч С.А. Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983;

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.

Дз.​У.​Стэльмах.

Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Адвакат Патлен».
Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Цудоўная дудка» В.​Вольскага.

т. 16, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЙНІС (Rainis) Ян (сапр. Пліекшанс Яніс Крыш’янавіч, 11.9.1865, хутар Варславаны, цяпер Екабпілскі р-н, Латвія — 12.9.1929),

латышскі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Нар. паэт Латвіі (1940). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1888). Працаваў у Віленскім судзе (1889—91), рэдактарам дэмакр. газ. «Dienas lapa» («Штодзённы лісток»). У 1897 за ўдзел у рэв. руху сасланы ў Пскоў, у 1899 — у Вяцкую губ. Вярнуўся ў 1903, у 1905 эмігрыраваў у Швейцарыю. З 1920 у Латвіі; з 1921 дырэктар Нац. т-ра ў Рызе, у 1926—28 міністр асветы. Арганізатар (1929) і першы старшыня Т-ва культ. сувязі з народамі СССР. Друкаваўся з 1887. Бунтарскі настрой, вера ў перамогу дабра і прыгажосці ў яго п’есах «Паўідэаліст» (1904), «Агонь і ноч» (1905), «Залаты конь» (1910), «Ветрык, вей» (нап. 1913; паст. Брэсцкім абл. т-рам, 1952; Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1965), трагедыі «Ілья Мурамец» (1922). Аўтар зб-каў вершаў «Далёкія водгукі ў сінім вечары» (1903), «Пасеў буры» (1905), «Новая сіла» (1907), «Тыя, што не забываюць» (1911), «Канец і пачатак» (1912), філас. паэмы «Ave sol!» (1910). У творчасці Р. арганічна спалучаюцца вобразная метафарычная форма з глыбокай філас. сімволікай, рэалізм з тонкім лірызмам, фальклорныя матывы. Перакладаў з рус., ням. і англ. моў. Ведаў бел. мову, бел. нар. песні. У 1921 пры яго падтрымцы створаны Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі. Абараняў у сейме інтарэсы беларусаў Латвіі. Садзейнічаў адкрыццю бел. гімназій у Дзвінску і Лудзе. У ліст. 1926 наведаў Беларусь. На бел. мову творы Р. перакладалі Э.​Агняцвет, М.​Арочка, А.​Астапенка, Р.​Барадулін, П.​Броўка, А.​Вольскі, С.​Гаўрусёў, Н.​Гілевіч, С.​Грахоўскі, С.​Дзяргай, Я.​Дыла, К.​Кірэенка, П.​Масальскі (П.​Сакол), П.​Панчанка, В.​Сёмуха. Яму свае вершы прысвяцілі Барадулін, Броўка, В.​Вітка, Вольскі, Грахоўскі, В.​Зуёнак, М.​Калачынскі, П.​Прыходзька, А.​Пысін, Ю.​Свірка, М.​Танк, С.​Шушкевіч, экслібрысы Я.​Ціхановіч.

Тв.:

Бел. пер. — Гірт з Воўчага логу. Мн., 1930;

Выбранае. Мн., 1956;

Ветрык, вей! Мн., 1965;

Агонь і ноч: Даўняя песня ў новым гучанні. Мн., 1988. Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. Рига, 1954;

Соч. 1—2. М., 1955;

Избр. произв. Л. 1981.

Літ.:

Сокол Э.П. Жизнь и творчество Яна Райниса. Рига, 1957;

Калнинь Я. Райнис: Роман. М., 1982;

Трофимов Р.А. Лирика Яна Райниса. М., 1982;

Александровіч С.Х. Ян Райніс і беларусы // Александровіч С.Х. Гісторыя і сучаснасць. Мн., 1968;

Кулеша Т. Сустрэчы з Янам Райнісам // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.

І.​У.​Саламевіч.

Я.Райніс.

т. 13, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ

Развіццё на Беларусі пачалося з утварэннем у 1840 Горы-Горацкага земляробчага ін-та (з 1925 Бел. сельскагаспадарчая акадэмія). У 1934—36 у заатэхн. аддзеле Ін-та біял. навук даследаваліся асобныя пытанні свінагадоўлі (М.​М.​Кулагін з супрацоўнікамі). У 1949 створаны Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Яго арганізатар і першы дырэктар — Х.​С.​Гарагляд. Ін-т каардынуе навукова-даследчую работу па заатэхніі, у ім створаны шэраг навук. школ. Заснавальнік школы селекцыянераў В.​Ц.​Горын, яго паслядоўнікі — І.​І.​Будзевіч, У.​В.​Горын, М.​П.​Грынь. Бел. навук. школа па селекцыі свіней заснавана У.​В.​Горыным і І.​П.​Шайко, малочнай жывёлы — М.​П.​Грынем, па кармленні свіней — В.​М.​Галушко, буйн. раг. жывёлы — М.​А.​Яцко, па прыватнай заатэхніі — А.​А.​Гайко. За час існавання ін-та выведзены бел. чорна-пярэстая парода свіней (З.​Д.​Гільман, У.​Л.​Дзенісевіч, Д.​П.​Зубкова), бел. мясная парода свіней (В.​Ц.​Горын, У.​В.​Горын, І.​П.​Шайко), бел. запражная парода коней (М.​А.​Гарбукоў, А.​П.​Гарбуноў, У.​К.​Гладзенка), бел. чорна-пярэстая парода буйн. раг. жывёлы (М.​П.​Грынь, Н.​В.​Клімец, А.​М.​Якусевіч). Распрацаваны тэхналогіі трансплантацыі эмбрыёнаў у малочнай і мясной жывёлагадоўлі (А.​І.​Будзевіч, І.​І.​Будзевіч, М.​Ф.​Жук), тэхналогія гібрыдызацыі ў свінагадоўлі (Л.​А.​Федарэнкава, І.​П.​Шайко), асновы прамысл. скрыжавання ў жывёлагадоўлі (А.​А.​Гайко), шэраг кармавых дабавак (В.​М.​Галушко, М.​У.​Пілюк, М.​А.​Яцко).

У галіне птушкагадоўлі выведзены кросы курэй з ранняй палавой спеласцю і высокай яйцаноскасцю. Атрыманы лініі качак з палепшанымі мяснымі якасцямі і здольнасцю да адкорму на тлустую печань. Вялікае пашырэнне атрымалі створаныя вучонымі Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкаводстве кросы курэй «Беларусь-9», качак «Тэмп» і інш.

У развіццё рыбаводства значны ўклад зрабілі вучоныя-іхтыёлагі і эколагі П.​І.​Жукаў, Л.​В.​Камлюк, В.​У.​Кончыц, У.​П.​Ляхновіч. У Бел. НДІ рыбнай гаспадаркі выведзена лахвінская парода карпа, вядуцца працы па вывядзенні ізабелінскай пароды карпа. Створана інтэнсіўная тэхналогія вытв-сці сажалкавай рыбы, дадзена рыбагаспадарчая ацэнка вадаёмаў краіны, прапанавана схема іх рацыянальнага выкарыстання. Распрацоўваецца тэорыя мінер. ўгнаення сажалак, удасканальваюцца рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення рыб, лячэння і прафілактыкі іх хвароб. Вядуцца працы па акліматызацыі і інтрадукцыі каштоўных парод рыб у азёры Беларусі.

Літ.:

Слесарев И.К., Пилюк Н.В. Минеральные источники Беларуси для животноводства. Мн., 1995;

Федоренкова Л.А., Шейко И.П. Селекционно-генетические основы выведения белорусской мясной породы свиней Мн., 2001;

Кончиц В.В. Растительноядные рыбы как основа интенсификации рыбоводства Беларуси. Мн., 1999.

І.​П.​Шайко.

т. 18, кн. 2, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАЛО́ГІЯ (ад позналац. Sina Кітай + ...логія), кітаязнаўства,

сукупнасць грамадскіх навук, якія вывучаюць гісторыю, філасофію, эканоміку, мовы, л-ру і культуру Кітая. Ужываецца як паняцце па-за межамі гэтай краіны. Першыя звесткі пра Кітай еўрапейцы атрымалі ў канцы 13 ст. з нататак Марка Пола Да сярэдзіны 19 ст. ў Еўропе працягвалася назапашванне навук. звестак пра Кітай. У канцы 16—18 ст. ўклад у С. зрабілі каталіцкія місіянеры-езуіты, у т. л. М.​Рычы, які першы з еўрапейцаў азнаёміўся з кіт. класічнымі літ. помнікамі. Важнае значэнне мелі нататкі рас. пасланніка ў Пекіне ў 1655—57 Ф.​І.​Байкова, даследаванні супрацоўнікаў Рас. духоўнай місіі ў Пекіне (1727—1866), у іх ліку М.​Я.​Бічурына, П.​І.​Кафарава, ураджэнцаў Беларусі І.​А.​Гашкевіча і А.​М.​Кульчыцкага. Пашырэнне кантактаў Кітая з зах. светам пасля паражэнняў у т.зв. опіумных войнах 1840—42 (з Вялікабрытаніяй) і 1856—60 (з Вялікабрытаніяй і Францыяй) стымулявала рост цікавасці да яго ў Еўропе і станаўленне С. як навукі. У канцы 19 ст. англ. вучоны Дж.​Лег пераклаў усе кананічныя кнігі канфуцыянства і даасізму з каментарыямі. У 2-й пал. 19—пач. 20 ст. склаліся ням.-галандская, франц. і англ. школы С. Іх найб. выдатныя прадстаўнікі: немцы В.​Грубе (кіт. звычаі, абрады) і О.​Франке (гісторыя канфуцыянства, ідэалогія імператарскага Кітая), нідэрландзец Я.Я. дэ Гроат (рэлігія, гісторыя і культура Кітая, 6-томная праца «Рэлігіі Кітая»); французы Э.​Шаван (канфуцыянства, даасізм, будызм), П.​Пельё (кіт.-будысцкая традыцыя), А.​Масперо (кіт. міфалогія); англічане Г.​А.​Джайлс (л-ра і філасофія) і А.​Уэйлі (маст. культура). У 1930—50-я г. ўзнікла гіст. фаналогія кіт. мовы (Б.​Карлгрэн, Швецыя), з’явіліся працы па кіт. простанар. вераваннях і абрадах (Э.​Эбергард, Германія), філасофіі даасізму і канфуцыянства гісторыі Стараж. Кітая (Э.​Грэм і Х.​Х.​Дабс, Вялікабрытанія), гісторыі кіт. грамадскай думкі (Э.​Балаш, Францыя—Германія), філасофіі і міфалогіі (Д.​Бодэ, ЗША). З сярэдзіны 20 ст. ў самаст. навук. дысцыпліны вылучыліся даалогія (вывучэнне даасізму; А.​К.​Зайдэль, Г.​Крыл, Н.​Сівін, К.​М.​Скіпер), сіна-будалогія (вывучэнне будызму; Э.​Цюрхер, Р.​Х.​Робінсан, К.​Чэнь), вывучэнне гісторыі і культуры Стараж. Кітая (Д.​Н.​Кітлі, М.​Лёве, Дж.​Мейджар, К.​Чан), гісторыя літ.-тэарэт. і маст.-эстэт. думкі ў Кітаі (Дж.​Лю, А.​Райт, Ф.​Такеі). Заснавальнік С. ў Расіі — В.​П.​Васільеў, арганізатар і першы кіраўнік кафедры кіт. мовы ў Пецярб. ун-це (1855). Яго паслядоўнік С.​М.​Георгіеўскі (1851—93) — спецыяліст у галіне міфалогіі і традыц. культуры Кітая. У сав. час пытанні С. распрацоўвалі В.​М.​Аляксееў, Ю.​К.​Шуцкі, А.​А.​Штукін, М.​І.​Конрад, Л.​Дз.​Пазднеева, В.​Л.​Фішман, у 1990-я г. — Л.​С.​Васільеў, Ю.​Л.​Кроль, У.​В.​Малявін. Л.​С.​Пераломаў, М.​Я.​Краўцова і інш. У Рэспубліцы Беларусь філалагічнай С. займаецца А.​М.​Гардзей.

В.​У.​Адзярыха.

т. 14, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛА́САЎ Аляксандр Мікітавіч (28.8.1874, г. Вілейка Мінскай вобл. — 11.3.1941),

бел. грамадскі і культ. дзеяч, выдавец, публіцыст. Скончыў політэхн. ін-т у Рызе (1905). Адзін з арганізатараў і актывістаў Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), член яе ЦК. Рыхтаваў да друку газ. «Наша доля», у 1906—14 быў рэдактарам-выдаўцом газ. «Наша ніва». За публікацыі супраць самадзяржаўя неаднойчы прыцягваўся да суд. адказнасці. Адзін з заснавальнікаў бел. выдавецкага т-ва «Наша хата» ў Вільні. У 1912 у Вільні наладзіў выданне с.-г. час. «Саха», у 1914 у Мінску — краязн. часопіса Для бел. моладзі «Лучынка». У 1914—17 служыў у царскай арміі. Дэлегат з’езда воінаў-беларусаў Зах. фронту ў кастр. 1917, Усебеларускага з’езда 1917. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лют. 1918 увайшоў у выканаўчы к-т паліт. аб’яднання «Менскае беларускае прадстаўніцтва». У крас. 1918 кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у снеж. 1919 пасля яе расколу ўвайшоў у прэзідыум Найвышэйшай рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У Зах. Беларусі на выбарах у ліст. 1922 абраны ў польскі сейм як беспартыйны. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. Пад яго апякунствам дзейнічала ў 1922—29 Радашковіцкая беларуская гімназія імя Ф.​Скарыны. У вер. 1939 вітаў вызваленчы паход Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь. У публікацыях на старонках газ. «Наша ніва» закранаў значныя падзеі грамадска-паліт. жыцця, выступаў супраць палітыкі царызму, палемізаваў з праціўнікамі бел. нац. адраджэння (арт. «Пакуль беларус спаў векавечным сном...», 1908; «Хаўрусныя балячкі», 1910; «Валасное земства і жыды», 1911; «Што думае народ аб школах», 1912; і інш.). Асвятляў розныя аспекты сац.-эканам. жыцця бел. зямель (арт. «Аб гарадах», «Аб ткацтве на Беларусі», абодва 1909; «Аб эканамічным палажэнні нашага краю», 1910; «Эміграцыя ў Амерыку», 1911; «Дарагоўля харчовых прадуктаў і вываз іх за граніцу», 1912; «Аб дарогах у Беларусі», 1913, і інш.). Выказваў аптымізм наконт перспектыў развіцця гаспадаркі Беларусі. Аўтар працы «Аб гаспадарцы на хутары і шнурах» (1909). Пісаў пра развіццё харч. прам-сці, апублікаваў эканам. нарыс «Беларусь. Літва» (1917). Шэраг артыкулаў прысвяціў сац.-эканам. і культ. адраджэнню Беларусі, яе дзярж. самастойнасці («Я буду чыноўнікам», «Пасля вайны», «Валасная і местачковая палітыка», «Прасвета Беларусі» і інш.). У 1930-я г. пісаў успаміны «З майго жыцця» (захаваліся не поўнасцю). 16.10.1939 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў «шпіёнска-правакатарскай дзейнасці», 29.11.1940 Асобай нарадай пры НКУС СССР асуджаны як «сацыяльна-небяспечны элемент» на 5 гадоў зняволення ў папраўча-працоўных лагерах. Высланы ў Сіблаг (Новасібірская вобл., Расія). Памёр ад «паралічу сэрца» (паводле даведкі) на ст. Марыінск (цяпер Кемераўская вобл.; паводле інш. звестак — на этапе ў г. Арол ці Рэспубліцы Марый Эл, Расія). Рэабілітаваны ў 1961.

Тв.:

Дні жыцця // Шляхам гадоў: Гіст.-літ. зб. Мн., 1990;

Якуб Колас і «Наша ніва» // Маладосць. 1992. № 11.

А.​М.​Вабішчэвіч.

А.М.Уласаў.

т. 16, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТОРЫЯ.

Са старажытных часоў з мэтай фізічнай загартоўкі моладзі, падрыхтоўкі да працоўнай і ваеннай дзейнасці бел. народ выкарыстоўваў розныя практыкаванні і гульні, якія адлюстроўвалі пэўныя віды яго дзейнасці і дапаўнялі самабытную нацыянальную культуру. Паступова фіз. практыкаванні і гульні складваліся ў своеасаблівую сістэму — ігрышчы.

Шырока вядомы купальскія і калядныя святкаванні-ігрышчы, скокі праз вогнішча, карагоды, бег навыперадкі, барацьба, кулачныя баі, баі на палках, скачкі, плаванне і інш. Стагоддзямі ўдасканальваліся спосабы барацьбы: у абхват, да крыжа, на крыжы. Вядомы бел. нар. гульні азярод (перакідванне дугі праз збудаванне для прасушвання сена), апука, бабкі, була, гуські, гула (кіданне прадмета ў бок праціўніка), пікар, свінка, чыжык, ямкі (точкі), штандар, клянні, пацяг (перацягванне), зубар і інш. Зімой моладзь каталася на касцяных і драўляных каньках, наладжвала калаўроты. Пасля ўваходжання Беларусі ў склад Расіі сталі папулярнымі і гульні іншых народаў Расіі, у т. л. гарадкі, лапта, чахарда і інш., пашыраліся віды бытавых, вытворчых і спартыўных гульняў. У пратаколах Усерасійскіх спаборніцтваў упамінаюцца імёны найб. вядомых спартсменаў Беларусі, сярод якіх у 1890-я г. шырокую вядомасць набыў велагоншчык М.​Ф.​Дзявочка — пераможца гонак паміж Масквой і Ніжнім Ноўгарадам, С.-Пецярбургам і Масквой; віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце, арганізатар спартыўных т-ваў «Сокал» у Гродне і Віцебску (1908—10) І.​Л.​Саланевіч. У 1913 атлет і барэц Я.​А.​Чахаўской атрымаў міжнародны прыз (ганаровы залаты пояс) за рэкордны нумар — перанос на адной руцэ 6 чал. (больш за 400 кг). У 1914 мінскі атлет У.​С.​Сакалдзінскі ўстанавіў усерасійскі рэкорд у жыме штангі для атлетаў лёгкай вагі (214 фунтаў — 85,6 кг).

У 1909—10 пад уплывам прагрэсіўнай грамадскасці на Беларусі створаны арг-цыі спартыўнага т-ва «Сокал» (назва ад чэшскай «сокальнай» гімнастыкі, што ўзнікла ў 1860-я г. і была больш цікавай і змястоўнай, чым раней вядомыя нямецкая і шведская). Аддзяленні «Сокала» існавалі пры гімназіях у Магілёве, Мінску, Гродне, Віцебску, Оршы і інш. У іх праводзілі гульні, заняткі па гімнастыцы, развучвалі пабудовы пірамід, арганізоўвалі паказальныя гімнастычныя святы. У 1911—12 створаны т-вы садзейнічання фізічнаму развіццю ў Мінску, Магілёве, Віцебску, Гродне, аддзяленні яўрэйскага спартыўнага т-ва «Макабі» ў Мінску, Бабруйску, Магілёве, Слуцку і інш. гарадах. У 1911 у Магілёве адбыўся першы розыгрыш Кубка горада па футболе; у ім удзельнічалі каманды гімназіі, камерцыйнага і рэальнага вучылішчаў. У 1913 у Мінску заснавана аддзяленне спартыўнага т-ва «Санітас» («Здароўе»), у якім займаліся пераважна барацьбой і цяжкай атлетыкай. Ініцыятарам стварэння т-ва быў служачы банкаўскай канторы А.​У.​Александровіч, які на II Усерасійскай алімпіядзе (1914, Рыга) заваяваў залаты медаль па гіравым спорце ў паўцяжкай вазе. У Мінску праведзены першы чэмпіянат т-ва па падыманні цяжару і барацьбе; у Гомелі — спаборніцтвы па скачках у вышыню, кіданні дыска і кап’я, бегу на 800, 1000 і 1500 м. Аднак арганізаваны спартыўны рух на Беларусі да абвяшчэння БССР (студзень 1919) быў развіты даволі слаба.

І.​К.​Анісава.

т. 18, кн. 2, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)