«ЗЯЛЁНЫ ПАТРУ́ЛЬ»,

добраахвотныя аб’яднанні школьнікаў-юннатаў (атрады), якія ствараюцца з мэтай аховы зялёных насаджэнняў, выхавання беражлівых адносін да прыроды, прапаганды ведаў і ажыццяўлення практычных мерапрыемстваў па зялёным будаўніцтве; адна з форм дзіцячага руху за ахову прыроды. На Беларусі дзейнічаюць з 1961 на базе школ. Першы «З.п.» на базе школьнага лясніцтва створаны ў 1967 пры Караваціцкай сярэдняй школе Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. Дзейнічае каля 200 школьных лясніцтваў і атрадаў «З.п.» (1997).

т. 7, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕНХІ́МА (ад грэч. kolla клей + enchyma літар. налітае, тут тканка),

адна з першасных механічных (апорных) тканак раслін. Паводле будовы падобная на асн. тканку (парэнхіму). Трапляецца пераважна ў першаснай кары маладых сцёблаў двухдольных раслін, павялічвае іх эластычнасць. Жывыя клеткі К. з ядром і хларафілавымі зярнятамі здольныя да ўтваральнай актыўнасці. Абалонкі значна патоўшчаныя, складаюцца з цэлюлозы і пекціну, не драўнеюць. Па месцах патаўшчэння абалонак клетак адрозніваюць К. вугалковую, пласціністую і рыхлую.

т. 7, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),

адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.​Лі (ЗША).

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАХА́НАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер . Тэмп умераны. Як бальны танец створаны ў пач. 20 ст. рус. балетмайстрам М.​Гаўлікоўскім. На Беларусі пашыраны ў сял. побыце, спарадзіў шэраг харэаграфічных мадыфікацый. Выконваецца парамі па крузе слізготным крокам. Адна з характэрных фігур: партнёры, стоячы тварам адзін да аднаго, удараюцца спачатку правымі, потым, пасля пляскання ў далоні, левымі рукамі. Сцэн. варыянт танца «Полька-каханачка» стварыў бел. балетмайстар В.​Партной.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ЗАДАЧА,

адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТА (lētē),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛОДКАПАДО́БНЫХ СЯКЕ́Р КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі позняга неаліту (каля 2500—2000 да н. э.) на тэр. Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, в-ве Борнхальм і ўсх. дацкіх астравах, адна з адзінкавых пахаванняў культур. Назва ад характэрнага тыпу зброі — каменных сякер у форме перавернутай лодкі. Вядома ў асн. па пахаваннях. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы разам з керамічным посудам, арнаментаваным шнуравым і грабеньчатым штампам, свідраванымі каменнымі сякерамі і інш. прыладамі.

А.​В.​Іоў.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,

прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.

т. 5, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЯ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, зададзеная суадносінамі, дзе залежная пераменная не вылучана ў яўным выглядзе. Запісваецца ўраўненнем віду F(x, y) = 0. Бывае адна- і мнагазначная. Напр., ураўненне xy − 1 = 0 задае адназначную Н.ф. пры x ≠ 0, якую можна запісаць у яўным выглядзе y = 1/x; ураўненне x2 + y2 − 1 = 0 — двухзначную Н.ф. на інтэрвале -1 < x < 1, якую можна запісаць у яўным выглядзе y = ± 1 x2 .

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)