арганізацыя студэнтаў-беларусаў Віленскага ун-та ў 1920—39. Створаны 1.12.1920. У розны час БСС узначальвалі А.Абрамовіч, Т.Куніцкі, І.Гагалінскі, М.Марцінчык і інш. Меў 4 секцыі (культ.-асветную, навуковую, выдавецкую, працы), бібліятэку. Друкаваныя органы — час.«Новы шлях», «Студэнцкая думка». Гал. мэты: аб’яднанне сваіх членаў на грунце навук. пазнання Беларусі, выхавання нац. самасвядомасці народа. Вёў асв.-прапагандысцкую дзейнасць, у аснове якой было чытанне сярод насельніцтва Зах. Беларусі лекцый рознай тэматыкі. Пры БСС працавалі завочныя каап. Курсы, адкрыта студэнцкая сталовая. Быў арганізатарам суботнікаў, экскурсій, дыскусійных вечарын, канцэртаў, тэатр. пастановак. Існаваў на ахвяраванні розных арг-цый, т-ваў, асобных грамадзян. Спыніў дзейнасць у сувязі з закрыццём ун-та ў вер. 1939.
Хор Беларускага студэнцкага саюза (у цэнтры Р.Шырма і М.Забэйда-Суміцкі). Вільня.Члены Беларускага студэнцкага саюза. Вільня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАЛО́ГІЯ (ад астра... + ...логія),
вучэнне, якое сімвалічнай мовай апісвае суперпазіцыю ўплыву планет і зорак на жыццё прыроды зямлі і яе жыхароў. Зарадзілася ў глыбокай старажытнасці. Была развіта ў Стараж. Егіпце, Міжрэччы, звязана з астральнымі культамі, з яе дапамогай рабіліся прадказанні. У сярэднявеччы ўваходзіла ў лік сямі вольных навук, выкладалася ва ун-тах. У Рэчы Паспалітай кафедра астралогіі была ў Кракаўскім ун-це. Сучасная астралогія мае раздзелы: генетліялогія (вывучае ўплыў планет і інш. астралагічных аб’ектаў на характар і лёс чалавека, на дзяржавы, рэгіёны, гарады), метэаралагічная (разглядае ўплыў астралагічных аб’ектаў на надвор’е), паўсядзённая (у залежнасці ад размяшчэння астралагічных аб’ектаў вызначае найб. зручныя моманты для здзяйснення штодзённых спраў чалавека). У рамках касмабіялогіі вывучаецца сувязь Зямлі і Космасу, уплыў касмічных цыклаў на здароўе чалавека, яго біярытмічную актыўнасць.
Літ.:
Саплин А.Ю. Астрологический энциклопедический словарь. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Юрый Міхайлавіч) (29.6.1925, Мінск — 31.12.1992),
бел. біяхімік. Акад.АН Беларусі (1986, чл.-кар. з 1977), д-рмед.н. (1965), праф. (1966). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1950). З 1956 у Віцебскім, з 1959 у Гродзенскім мед. ін-тах. З 1970 заг. Аддзела рэгуляцыі абмену рэчываў АН Беларусі, з 1985 дырэктар Ін-та біяхіміі АН Беларусі. Навук. працы па праблемах малекулярнай вітаміналогіі і біяхіміі алкагалізму, механізмах дзеяння тыяміну, стварэнні новых вітамінных і антывітамінных прэпаратаў, экалагічна выгадных азоцістых угнаенняў, ферментатыўным метадзе лячэння аміячных апёкаў вачэй, атрыманні кансервантаў для сіласавання кармоў, безадходнай тэхналогіі перапрацоўкі малочнай сыроваткі. Чл.міжнар. саюза па біямед. вывучэнні алкагалізму.
Тв.:
Биологический компонент в генезисе алкоголизма. Мн., 1986 (разам з В.І.Сатаноўскай, М.М.Садоўнік);
Метаболические предпосылки и последствия потребления алкоголя. Мн., 1988 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.
Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,
кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навукгіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст.М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛАЎ (Мікалай Сяргеевіч) (25.12.1900, г. Арол — 21.9.1976),
бел. фізік. Акад.АН Беларусі (1940), д-р фізіка-матэм. н., праф. (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926). У 1931—54 у Маскоўскім ун-це. З 1959 у Фізіка-тэхн. ін-це, у 1963—67 заг. Аддзела фізікі неразбуральнага кантролю АН Беларусі. У 1928 сфармуляваў закон анізатрапіі, які ўстанаўлівае сувязь паміж магн. і мех. ўласцівасцямі ферамагнетыкаў. Аўтар прац па тэорыі хім. дынамікі і ланцуговых працэсаў, стат. тэорыі дыслакацыі, тэорыі пластычнасці і трываласці. Прапанаваў метады аналізу ферасплаваў і спосабы выяўлення дэфектаў у метал. вырабах. Дзяржаўная прэмія СССР 1941, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1976.
Тв.:
Ферромагнетизм. М.; Л., 1939;
Основы химической динамики. М., 1940;
Теория цепных процессов. М.; Л., 1951;
Дислокации и пластичность. Мн., 1961.
Літ.:
Н.С.Акулов // Весці АНБССР. Сер. фізіка-тэхн. навук. 1976. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ВАРАЎ (Леанід Аляксандравіч) (22.2.1897, в. Бутыркі Кіраўскай вобл., Расія — 19.3.1955),
савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Правадз.чл. Акадэміі артыл.навук (1946). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1933), Акадэмію Генштаба (1938). У арміі з 1916. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на фронце: нач. артылерыі Зах. напрамку і Рэзервовага фронту, каманд. 5-й арміяй у Маскоўскай бітве, з чэрв. 1942 каманд. Ленінградскім фронтам, з кастр. 1944 адначасова каардынаваў дзеянні Ленінградскага, 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў, у студз.—сак. 1945 адначасова каманд. 2-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны каманд. войскамі Ленінградскай ваен. акругі, гал. інспектар сухап. войск. У 1948—52 каманд., у 1954—55 галоўнакаманд. Войскамі ППА — нам. міністра абароны СССР. Аўтар зб. артыкулаў «У баях за горад Леніна» (1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЧЭ́ЎСКІ (Мікіта Іванавіч) (1804, Магілёўская вобл. — 26.5.1879),
бел. вучоны-архівіст, краязнавец, мовазнавец і педагог. Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю і Пецярбургскую духоўную акадэмію. Канд. філасофска-тэалагічных навук (1831). Выкладаў у Жыровіцкай духоўнай семінарыі, віленскіх дваранскім ін-це, школе рабінаў і гімназіі. З 1853 архіварыус Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў. Упарадкаваў і сістэматызаваў дакументы па гісторыі Беларусі і Літвы. Адзін са стваральнікаў і член (з 1864) Віленскай археаграфічнай камісіі. Вывучаў заканадаўства ВКЛ па архіўнай справе, судаводстве і справаводстве. Аўтар даследаванняў па археаграфіі і крыніцазнаўстве. Склаў «Каталог старажытным актавым кнігам губерняў: Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Ковенскай...» (1872). Выдаў «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» (1874; растлумачыў каля 400 бел. і больш за 5 тыс. лац.-польск. юрыд. тэрмінаў 14—17 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РВІЧ (Яўгенія Аронаўна) (Адольфаўна; 1861, Мінск — 1934?),
удзельніца народніцкага і с.-д. руху ў Беларусі. Сястра І.А.Гурвіча. У час вучобы ў Пецярбургу ў 1879 арыштавана, саслана ў Мінск. Удзельнічала ў арганізацыі мінскай падп. друкарні «Чорнага перадзелу». Адна з заснавальнікаў у 1888 у Мінску першай у Беларусі с.-д. арг-цыі. У сярэдзіне 1890-х г. удзельнічала ў арганізацыі і станаўленні Бунда. У 1898 арыштавана, у 1900 саслана ва Усх. Сібір, адкуль у 1902 уцякла разам з Л.Д.Троцкім. У 1906 вярнулася з эміграцыі, супрацоўнічала з меншавіцкай фракцыяй РСДРП. У 1917 чл. выканкома Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1922 навук. супрацоўнік ін-та К.Маркса і Ф.Энгельса ў Маскве. Адна з перакладчыкаў 1-га т. «Капітала» К.Маркса (разам з Л.М.Закам; выд. ў 1899 у Пецярбургу). Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІДЗЮ́К (Георгій Пятровіч) (н. 5.7.1923, в. Кастрычнік Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. сацыёлаг. Д-рфілас.н. (1969), праф. (1970). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1952), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦККПСС (1959). З 1959 заг. сектара Ін-та філасофіі і права АНБССР, у 1973—96 праф.БДУ. Даследуе праблемы гісторыі, тэорыі і метадалогіі сацыялогіі, сац. структуры грамадства, сац. кіравання. Аўтар кн. «Прыкладная сацыялогія» (1979, перакладзена на кіт. мову ў 1985), падручнікаў і дапаможнікаў для ВНУ («Уводзіны ў прыкладную сацыялогію», 1975) і інш.
Тв.:
Основные черты современного ревизионизма. Мн., 1961;
Банкруцтва буржуазных канцэпцый грамадства будучага. Мн., 1967;
Критика теории «единого индустриального общества». Мн., 1968;
Проблемы «массовой культуры» и «массовых коммуникаций». Мн., 1972 (разам з У.С.Баброўскім);
Sociocultural community of Polish and Belarus peoples // The Neigbourhood of cultures. Warsaw, 1994.