рускі акцёр-трагік; прадстаўнік класіцызму. З 1820 у пецярбургскіх Вял. т-ры, з 1832 вядучы трагік Александрынскага т-ра. Выканаў ролі Дзмітрыя Данскога («Дзмітрый Данской» У.Озерава), Сіда («Сід» П.Карнеля), Іпаліта («Федра» Ж.Расіна) і інш. Творчасці характэрны прыўзнятая героіка, манум. параднасць, эфектнасць, грацыёзнасць і прыгажосць рухаў, напеўная дэкламацыя. Пад уплывам класіцыстычнай эстэтыкі імкнуўся да вылучэння гал. рысы характару герояў (Атэла, Гамлет у аднайм. п’есах У.Шэкспіра і інш.). Першы выканаўца роляў Чацкага («Гора ад розуму» А.Грыбаедава, 1831), Дон Гуана, Барона («Каменны госць», 1847, і «Скупы рыцар», 1852, А.Пушкіна), Арбеніна («Маскарад» М.Лермантава, 1852). Пераклаў і перарабіў для пастаноўкі на рус. сцэне больш за 40 п’ес («Кін» А.Дзюма-бацькі, «Кароль Лір» і «Карыялан» Шэкспіра і інш.). У 1845—46 гастраліраваў у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАХАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ва Усх. Туркменістане, Сямірэччы, Паўд. Прыцяньшанні, міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і (цяпер тэр. Кыргызстана, Таджыкістана, часткова Узбекістана, Казахстана і Кітая) у 10 ст. — 1212. Сталіцы: гарады Кашгар, Баласагун і Узген. Утворана цюрк. плямёнамі (у сярэдзіне 10 ст. прынялі іслам) карлукаў, чыгіляў, ягма і інш. (ад ягма паходзіла правячая дынастыя Караханідаў, якую заснаваў Абдулкарым Сатук Карахан). Канчаткова склалася ў канцы 10 ст., калі правіцелі (богра-ханы) Харун і яго пераемнік Наср I знішчылі Саманідаў дзяржаву і авалодалі Маверанахрам з гарадамі Бухара і Самарканд. Падзялялася на ўдзелы на чале з ілек-ханамі з роду Караханідаў. Гал. формай землеўладання была ікта. У канцы 11 — пач. 12 ст. трапіла ў залежнасць ад Сельджукскай дзяржавы, з 1130—40-х г.падвярх. уладай Каракітаяў дзяржавы. У 1212 рэшткі К. дз. ліквідаваны харэзмскім шахам Мухамедам, які забіў апошняга караханідскага правіцеля Клыч-Арслана ібн Клыча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕДР (Cedrus),
род голанасенных раслін сям. хваёвых. 3 віды пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, 1 — у Гімалаях. Маюць назву сапраўдных, або паўд. К. Найб. вядомы К. ліванскі (C. libani). На Беларусі пад назвай К. вырошчваецца кедравая хвоя, або паўн. К.; найб. вядомыя К. еўрапейскі (Pinus cembra) і сібірскі (P. sibirica).
Вечназялёныя аднадомныя дрэвы з магутным ствалом выш. да 60 м, шырокай разгалінаванай ці парасонападобнай кронай. Жывуць да 1000 і болей гадоў. Ігліца 3—4-гранная, калючая, ад цёмна- і сіне-зялёнай да серабрыста-шэрай, у пучках па 30—40 ці адзіночная. Шышкі даўж. 5—10 см, шыр. 4—6 см, выспяваюць і рассыпаюцца на 2—3-і год. Насенне даўж. да 1,8 см з вял. крыльцам, неядомае. Драўніна ўстойлівая да шкоднікаў, мае прыемны колер і пах. Тэхн. і дэкар. расліны.
украінскі літ.-знавец. Чл.-кар.АН Украіны (1957). Засл. дз. нав. Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1926). У 1946—84 у Ін-це л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны. Аўтар больш як 800 прац, у т. л. кніг «Панцеляймон Куліш» (1929), «Украінскія пісьменнікі — рэвалюцыйныя дэмакраты і літаратуры заходніх і паўднёваславянскіх народаў» (1963), «Вечны рэвалюцыянер. Жыццё і творчасць Івана Франко» (1966), «Т.Р.Шаўчэнка. Жыццё і творчасць» (1959, 1964; Ленінская прэмія 1964), «Вук Караджыч і ўкраінская культура» (1978). Пад кіраўніцтвам К. створаны калектыўнае даследаванне «Шаўчэнказнаўства. Вынікі і праблемы» (1975), энцыклапедычны «Шаўчэнкаўскі слоўнік» (т. 1—2, 1976—77; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). У даследаваннях «Шаўчэнка і славянскія народы» (1958), «Украінскі рамантызм у тыпалагічным супастаўленні з літаратурамі заходне- і паўднёваславянскіх народаў» (1973) і інш. Закранаў праблемы бел.-ўкр.літ. сувязей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЮХ (Пётр Васілевіч) (8.3.1910, в. Турэц Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.7.1994),
бел. спявак (бас). Скончыў курсы льнаводства ў Вілейцы, да 1939 працаваў на Баранавіцкім ільнокамбінаце. У 2-ю сусв. вайну ў арміі Андэрса. З 1945 як стыпендыят 2-га корпуса Войска Польскага вучыўся ў АМ у Рыме. Незвычайная шырыня дыяпазону голасу, яго моц і тэмбравая афарбоўка дазвалялі яму па-майстэрску выконваць вядучыя басовыя партыі ў операх «Дон Карлас» Дж.Вердзі, «Фауст» Ш.Гуно, «Мефістофель» А.Бойта, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага і інш. Выступаў у Італіі, здзейсніў турнэ па Еўропе. З 1950 у ЗША, потым у Канадзе. У 1958—85 саліст хору данскіх казакоў пад кіраўніцтвам С.Жарава (ЗША). Выкладаў спевы ва ўласнай школе ў Нью-Йорку, у Гамбургу (Германія). Лаўрэат Міжнар. конкурсу вакалістаў у Рыме (1957). У 1975 наведаў Беларусь. Сябраваў з Р.Шырмай, Я.Брылём, А.Бажко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,
ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 25 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 4,5 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 21 км. Пл. вадазбору 65,4 км 2. Схілы катлавіны выш. 10—15 м (на ПнЗ і ПдУ да 50 м) параслі пераважна ялова-хваёвым лесам і хмызняком. На мысах схілы — озавыя грады. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, пад хмызняком, на Пн і Пд нізкія, часта забалочаныя. Дно да глыб. 10—20 м выслана сапрапелем, ніжэй глеямі. Востраў пл. 0,2 га. Шыр. паласы надводнай расліннасці 5—10 м. У возеры расце палушнік азёрны, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Злучана ручаямі з азёрамі Сосенка, Усая, Жэнна, Паўазер’е, выцякае ручай у р. Дзіва. У 1979 возера і прылеглая да яго тэрыторыя аб’яўлены гідралагічным заказнікам Крывое.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫВО́ШЫНСКІ КАСЦЁЛ ЕЗУІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1740 у в. Крывошын Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. на месцы драўлянага касцёла 1670, у 1864—66 перабудаваны пад Пакроўскую царкву (інж. Нектар’еўскі). Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай і невял. сакрысціяй з Пд (даўж. 35 м, шыр. 16 м). Рэканструкцыя 1863 надала архітэктуры будынка рэтраспектыўна-рус. стылявы характар: над цэнтр. нефам на 2-ступеньчатым квадратным у плане пастаменце ўзведзены 12-гранны барабан з купалам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай; над гал. фасадам надбудавана 8-гранная шатровая званіца з цыбулепадобным купалком. Гал. фасад фланкіруюць 2 двух’ярусныя вежы, дэкарыраваныя трохвугольнымі франтонамі і завершаныя купаламі на шматгранных барабанах. У аздабленні фасадаў выкарыстаны дэкар. элементы стараж.-рус. дойлідства: кілепадобныя аркі і ліштвы акон, аркатурныя паясы, гіркі. У інтэр’еры захаваліся першапачатковыя манум. формы барочнага храма. Сцены аздоблены вязкай пілястраў, прафіляванымі цягамі, лепкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЖО́ВЫ ПАХО́Д СУ́ПРАЦЬ СЛАВЯ́Н 1147,
ваенны паход ням. (саксонскіх), дацкіх і бургундскіх рыцараў на землі палабска-прыбалтыйскіх славян. Адбываўся адначасова з 2-м крыжовым паходам у Палесціну (гл.Крыжовыя паходы). Меў на мэце ўмацаваць уплыў саксонцаў, аслаблены ў выніку паўстанняў славян у 983 і 1102. Супраць славян дзейнічалі 2 войскі (паводле хронік, да 100 тыс. воінаў). Войска саксонскага герцага Генрыха Льва аблажыла крэпасць Добін на землях бодрычаў. Апошнія пад кіраўніцтвам кн. Ніклата адбілі наступ крыжакоў, спустошылі іх базы ў Вагрыі (гл.Вагры), разбурылі г. Любек, захапілі дацкі флот каля ўзбярэжжа. Крыжакі вымушаны былі заключыць з Ніклатам мір. Спробы другога войска на чале з Альбрэхтам Мядзведзем падначаліць племя люцічаў, захапіць іх крэпасць Дымін і цэнтр памораў Шчэцін таксама былі няўдалымі. Разгром крыжовага паходу 1147 — апошняя перамога аб’яднаных сіл палабска-паморскіх славян. У 1150—60-я г. на іх землях заснаваны ням. графства Брандэнбург і герцагства Мекленбург.