КАРЭ́Я (кар. Часон, літар. краіна ранішняй свежасці),

краіна на У Азіі, на Карэйскім паўвостраве, прылеглай ч. мацерыка і суседніх астравах.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з часоў позняга палеаліту. Першым дзярж. утварэннем з кар. плямён была дзяржава Часон, якая ў 5—4 ст. да н.э. дасягнула свайго росквіту. У 109 да н.э. яе заваявала кіт. Ханьская дынастыя. У ходзе барацьбы з кіт. заваёўнікамі ў 1 ст. н.э. ўзніклі тры дзяржавы — Кагуро, Пэкчэ і Сіла, якія вызначыліся развіццём матэрыяльнай і духоўнай культуры на аснове кіт. традыцый. У 7 ст. Сіла ў саюзе з кіт. дынастыяй Тан перамагла Пэкчэ і Кагуро і аб’яднала б.ч. Карэйскага п-ва. Узнікненне адзінай дзяржавы спрыяла фарміраванню кар. народнасці. У 9 ст. Сіла распалася на асобныя феад. ўладанні, што ў 935 аб’ядналіся пад уладай дзяржавы Каро (засн. ў 918 Ван Гонам; ад яе паходзіць сучасная еўрап. назва краіны, прынятая ў пач. 20 ст.). Да канца 10 ст. канчаткова склалася цэнтралізаваная феад. дзяржава, якая паспяхова адбівала нашэсці кіданяў (933, 1010—11, 1018—19); у ёй пачаў пашырацца будызм. У выніку няспынных міжусобіц у 1231 у Каро ўварваліся манголы, барацьба з якімі вялася амаль 30 гадоў. У 1259 правіцелі Каро падпарадкаваліся манг. дынастыі Юань, а пасля яе заняпаду (1368) — кіт. дынастыі Мін. З 1392 у К. (зноў наз. Часон) правіла дынастыя Лі, пры якой адбыўся значны эканам. і культ. ўздым, дзярж. рэлігіяй стала канфуцыянства. Становішча дзяржавы пагоршылася ў час уварвання яп. (гл. Імдзінская вайна 1592—98) і маньчжурскіх (1-я пал. 17 ст.) заваёўнікаў. У 1637 К. трапіла ў васальную залежнасць ад маньчжурскай дынастыі. У 2-й пал. 17—18 ст. тут пашырылася прыватнае землеўладанне, узніклі рамесніцкія карпарацыі, выраслі буйныя гандл. цэнтры. На пач. 19 ст. ў К. наспеў глыбокі сац. крызіс. У 1811—12 у прав. Пхёнандо ўспыхнула паўстанне сялян, у 1833 — гараджан Сеула, у 1862 адбылося сял. паўстанне. Амаль да канца 19 ст. К. трымалася палітыкі поўнай ізаляцыі ад інш. дзяржаў. Хрысц. місіянеры, якія прыбывалі ў К. ў 18—19 ст., франц. (1866) і амер. (1871) экспедыцыі сутыкаліся тут з моцным супраціўленнем. Толькі ў 1876 К. ўстанавіла кантакты з Японіяй, у 1882 — з ЗША пазней — з Германіяй, Францыяй, Расіяй, Вялікабрытаніяй. Росту яп. ўплыву ў К. беспаспяхова супрацьстаяў Кітай (гл. Япона-кітайская вайна 1894—95). Японіі ўдалося (гл. Руска-японская вайна 1904—05) акупіраваць К. і ў ліст. 1905 навязаць дагавор аб пратэктараце. У 1910 Японія скінула дынастыю Лі, анексіравала краіну і ператварыла яе ў сваю правінцыю. Ва ўмовах жорсткага калан. ўціску ў К. развіваўся нац.-вызв. рух. У сак. — крас. 1919 усю краіну ахапіла антыяп. паўстанне (каля 2 млн. удзельнікаў), задушанае яп. калан. ўладамі. Ў крас. 1919 дзеячы незалежніцкага руху на чале з Лі Сын Манам стварылі ў г. Шанхай (Кітай) часовы эмігранцкі ўрад, які на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 беспаспяхова шукаў падтрымкі ідэі незалежнасці К. У 1930-я г. на тэр. Маньчжурыі, дзе жыла значная колькасць карэйцаў, дзейнічалі партыз. атрады. Антыяп. рух асабліва ўзмацніўся ў 2-ю сусв. вайну. На Каірскай канферэнцыі 1943 кіраўнікі ўрада Кітая прынялі рашэнне аб прадастаўленні К. незалежнасці.

У жн. 1945 сав. войскі з дапамогай кар. партызан занялі паўн. частку К. Былі створаны ваен. адміністрацыі: на Пн ад 38-й паралелі — савецкая, на Пд — амерыканская (амер. войскі высадзіліся ў Паўд. К. ў вер. 1945 пасля капітуляцыі яп. войск). Падзел краіны павінен быў мець часовы характар.

Маскоўская нарада 1945 міністраў замежных спраў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі прыняла рашэнне пра заснаванне на тэр. К. адзінай незалежнай дэмакр. дзяржавы. У снеж. 1945 ЗША і СССР стварылі сумесную камісію для сфарміравання агульнакар. ўрада. Аднак камісія спыніла сваю дзейнасць і праблема ўз’яднання К. не была вырашана. Прынцыповая розніца грамадскага ладу, які пасля вайны сфарміраваўся ў паўн. і паўд. ч. краіны, а таксама палітыка іх улад пры падтрымцы ЗША і СССР прывялі да падзелу К. У 1948 у Паўд. К. створана Рэспубліка К. (гл. Карэя Паўднёвая), у Паўн. К. — Карэйская Нар.-Дэмакр. Рэспубліка (гл. Карэя Паўночная), паміж якімі адбылася Карэйская вайна 1950—53.

Літаратура. Да канца 19 ст. стваралася на ханмуне (карэізаваная форма кіт. літ. мовы) і кар. мове. Найстараж. ўзоры л-ры на кар. мове — 25 невял. вершаў (хянга — «песні роднага краю») 7—11 ст. Адначасова развівалася паэзія на ханмуне (лірыка Чхве Чхівона, творы паэтаў-анахарэтаў Лі Іно і Лі Гюбо). Ранняя проза на ханмуне прадстаўлена канфуцыянскім летапісам «Гістарычныя запісы пра тры дзяржавы» Кім Бусіка (12 ст.) і будыйскай жыційнай л-рай («Жыціе Кюнё» Хёк Нёнджона, 11 ст.; «Жыццяпіс выдатных манахаў Краіны на ўсход ад мора», 13 ст.). У 12—14 ст. зарадзілася нац. паэзія — Каро каё («песні Каро»), якая прадоўжыла традыцыі хянга. У 13—14 ст. маст. проза паступова адасобілася ад гістарычнай. Узніклі яса — неафіц. гісторыі («Забытыя падзеі трох дзяржаў» Ірона, 13 ст.) і пхэсоль — проза малых форм (лірыка Лі Джэхёна і інш.). Першы твор на кар. алфавіце — «Ода дракону, які ляціць у нябёсы» (1445). Развіваліся навела (Кім Сісып), алегарычная аповесць (сатырык Лім Джэ). Лепшы ўзор паэзіі і прозы на ханмуне да пач. 15 ст. — вял. «Усходняя анталогія» (130 кніг), складзеная ў 1478 Со Гаджонам. У 16—17 ст. вядучае месца ў л-ры займала пейзажная і філас. лірыка, т.зв. паэзія рэк і азёр. Майстрамі сіджо (трохрадкоўе) і каса (вял. паэмы) былі Чон Чхоль і Юн Сандо. Вылучылася патрыят. лірыка Пак Іно У 17—19 ст. папулярнасць набылі аповесці на кар. мове — сасоль: гераічныя («Імджынская хроніка», 17 ст.), сац.утапічныя («Аповесць пра Хон Гільдона», 17 ст.), лірычныя («Аповесць пра Сім Чхон», 18 ст.; «Аповесць пра вернасць Чхунхян», 18 ст.), сатыр. («Аповесць пра зайца», 18 ст.) і інш. Ідэі асветніцтва адлюстраваліся ў творчасці Кім Манджуна — аўтара першага рамана на кар. мове «Воблачны сон дзевяці» (1689), сатыр. навелах і вершах на ханмуне пісьменніка-рэаліста Пак Чывона, паэтаў Чон Ягёна і Кім Саката. Паэзія на кар. мове была сабрана ў анталогіі «Бессмяротныя словы Краіны зялёных гор» (каля 1727) і «Песні Краіны на ўсход ад мора» (1763). У канцы 19 — пач. 20 ст. адбыўся пераход ад сярэдневяковай да новай прозы (асветніцкія раманы Лі Інджыка і Лі Хэджо). Пачынальнікі сучаснай кар. прозы — Лі Гвансу, паэзіі — Чхве Намсон і Кім Ок. Узнікла пралет. л-ра, т.зв. школа новага кірунку (Чхве Сахэ, Кім Саволь). У 1925—35 дзейнічала Карэйская федэрацыя пралет. мастацтва (празаікі Лі Гіен, Чо Мёнхі, Сон Ён, паэты Пак Сеён, Лі Санхва, крытыкі Юн Сепхён і інш.). Атрымаў развіццё рэаліст. раман пра кар. вёску (Лі Гіен). 2-я пал. 1930-х г. — час росквіту гіст. рамана (Хоп Мёнхі, Лі Гвансу), а таксама л-ры «плыні свядомасці» (Лі Сан). У гады 2-й сусв. вайны публікацыі на кар. мове былі пад забаронай.

Архітэктура. Ад эпохі неаліту захаваліся рэшткі квадратных і круглых глінабітных паўзямлянак, ад першых ст. да н.э. — пахавальныя збудаванні (дальмены, магілы ў форме скрыні, пахаванні ў збанападобных пасудзінах і інш.). На тэр. б. дзяржавы Кагуро выяўлена больш за 50 грабніц — манум. падземных збудаванняў, ашаляваных дрэвам (4 ст.) або складзеных з каменных пліт і цэглы (5—7 ст.) з размалёўкамі на столі; на тэр. дзяржавы Сіла — абсерваторыя Чхамсандэ («Вежа зорак», 632—47, выш. 9 м), складзеная з гранітных блокаў у форме бутлі. Аб’яднанне краіны спрыяла інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў, у якіх прыёмы рэгулярнай забудовы, планіроўка кварталаў, вуліц з улікам рэльефу мясцовасці, выкарыстанне ландшафту нагадвалі кіт. горадабудаўніцтва. З пашырэннем будызму пачалі будаваць каменныя храмавыя ансамблі і пагады простай і лаканічнай формы: пячорны 2-зальны храм Сакурам (742—64), комплекс Пульгукса (751, перабудаваны ў 1350) з пагадамі Табатхап (751) і Сакатхап (761) — усе каля Кёнджу. У эпоху дзяржавы Каро (918—1392) узводзілі культавыя і грамадз. будынкі ўскладненай формы з багатым дэкар. убраннем: храм Кваным (980), пагада Ханмётхап храма Папчонса ў Сеуле (1085), палац уладароў Манвальдэ ў Кэсоне (918, зруйнаваны ў 1361). Пры дынастыі Лі (1392—1910) будавалі шыкоўныя садова-паркавыя ансамблі палацаў (Кёнбакун у Сеуле, 1395, разбураны ў 1592, адноўлены ў 19 ст., у 1950—53 зноў разбураны), што складаліся са шматлікіх невял, пабудоў з масівамі ярусных дахаў, аб’яднаных дварамі і аздобленых размалёўкамі, разьбой па дрэве і камені. Раскошай вылучаюцца храм Гандоса (16 ст., пав. Янсань, прав. Кёнсан-Намдо), мармуровая пагада храма Вангакса ў Сеуле (1464). Нар. жыллё К. — нізкі 1-павярховы дом — «чып» (з каменю, гліны, дрэва) з тэрасай і адмысловай ацяпляльнай сістэмай пад падлогай («андоль»), упрыгожаны размалёўкамі шматколерным нац. арнаментам. У час яп. панавання будавалі пад уплывам тагачаснай еўрап. архітэктуры і яп. дойлідства.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захавалася кераміка, у т. л. пасудзіны з грабеньчатым і хвалепадобным арнаментам, таўстасценныя гаршкі і вастрадонныя вазы з геам. арнаментам, глянцавы посуд, пакрыты лакам і інш. З першых стагоддзяў да н.э. вядомы метал. прылады і гліняныя пасудзіны са штампаваным арнаментам. Маст. культура К., якая ўспрыняла ўплывы Кітая і зрабіла ўздзеянне на мастацтва Японіі, склалася ў пач. н.э. Будызм прыўнёс у культуру К. іерагліфіку, шаўкаткацтва, скульптуру. У грабніцах 3—7 ст. захаваліся размалёўкі мінер. фарбамі па сухім грунце з адлюстраваннем гіст. падзей, быт. сюжэтаў, партрэтаў, фантастычных і міфалагічных выяў. Дэкар. мастацтва прадстаўлена глінянымі неглазураванымі пасудзінамі (часам у выглядзе коннікаў, дамоў і інш.), метал, вырабамі (бронз. люстэркі, залатыя кароны), дэкар. цэглай з ціснёнымі выявамі дэманічных масак, птушак, элементаў пейзажу. Скульптура 7—10 ст. вызначаецца адыходам ад схематычнай умоўнасці, адухоўленасцю вобразаў і мяккасцю форм, уплывамі канонаў будыйскай пластыкі Кітая і Індыі (бронз. пазалочаная статуя Буды Майтрэі, пач. 7 ст.; гранітная статуя Буды і гарэльеф бадгісатвы Каным з храма Сакурам, 8 ст.). Пашырылася традыцыя выканання ідалападобных выяў воінаў, саноўнікаў, жывёл і інш. каля пахаванняў уладароў (Кёнджу), якім уласціва манументальнасць груба абагульненых форм. Дэкар.-прыкладное мастацтва прадстаўлена апрацоўкай каменю, металу, шаўкаткацтвам, традыц. лакавымі вырабамі, пляценнем з валокнаў бамбуку, травы і інш. У 10—14 ст. пашырыліся манум. скульптура, форма якой зводзілася да кананічнай франтальнасці (статуя Буды Майтрэі, 10 ст., пав. Пансан прав. Чхунчхон-Намдо), жывапіс тушшу і вадзянымі фарбамі на скрутках (Лі Нэн, 12 ст.), сімвалізаваныя і абагульненыя размалёўкі храмаў і пахаванняў, вырабы з каменнай масы, аздобленыя інкрустацыяй з чорнай і белай гліны, пакрытыя блакітна-зялёнай глазурай. Росквіту дасягнула мастацтва фарфоравых вырабаў (посуд у выглядзе гарбуза, грушы, пладоў граната і інш.), якія аздаблялі размалёўкай, гравіроўкай, рэльефнымі накладкамі («санхен» — выявы кветак і птушак, «хвагым» — залатыя арнаменты, «самун» — гладкі недэкарыраваны і інш.), і глазураваная кераміка «селадон» вытанчаных адценняў, мяккіх тонаў шаравата-зялёна-блакітных колераў. Выраблялі таксама бронз. люстэркі і званочкі, мініяцюрныя мадэлі храмаў і пагад, залаты, сярэбраны посуд і інш. У 14—19 ст. у выяўл. мастацтве дамінаваў жывапіс, існавала ўстанова Тахвасо, якая выконвала функцыі акадэміі жывапісу. З 14 ст. вядома гравюра на дрэве. Сярод мастакоў 15—17 ст. пейзажысты Ан Гён, Кан Хіян, Кім Сік, Чон Сен, жанрыст Юн Дусо, майстар жанру «кветкі-птушкі» Лі Ам. У 18 ст. працавалі жанрысты, пейзажысты і партрэтысты Кім Хандо, Кім Дыксін, Сін Юнбок, анімалісты Сім Саджон, Пён Санбёк. У 19 ст. ў традыц. жанры «кветкі-птушкі» працавалі Чан Сыноп, Нам Геу, паявіўся алейны жывапіс. Удасканальвалася мастацтва фарфору і керамікі (з размалёўкай кобальтам). У перыяд яп. акупацыі працягвалі развівацца традыц. нац. віды дэкар. мастацтва: лакі, фарфор, кераміка, пляценне з трыснягу, бамбуку, вышыўка і інш. У 1925—35 існавала Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, гал. мэтай якой было адлюстраванне барацьбы кар. народа за незалежнасць.

Музыка К. блізкая да стараж. муз. традыцый Д. Усходу. Для яе характэрна апора на пентатоніку. З 15 ст. выкарыстоўваецца і кіт. сістэма 12-ступеннага роўнатэмпераванага гукараду люй-люй. У метрыцы пераважаюць 3-дольныя памеры (​3/4, ​12/8 і інш.). У 8—2 ст. да н.э. спевы і танцы ў суправаджэнні бронзавых барабанаў, званоў і гонгаў адыгрывалі вял. ролю ў рытуальных святкаваннях. Станаўленне традыц. форм адносіцца да 3—9 ст. У прыдворных цырыманіялах удзельнічалі мнагаскладавыя аркестры (больш за 100 інструментаў), выконваліся гімны, оды, танцы, наладжваліся тэатр. паказы. У 10—14 ст. сярод відаў прыдворнай музыкі — аак («вытанчаная музыка»), тэчвіт а (ваен. музыка ў час выездаў імператара), іалэк (музыка банкетаў). Муз. культура К. вылучалася сярод інш. краін Д. Усходу развітасцю танц. традыцый у суправаджэнні вак. і інстр. кампазіцый на цытрах каягым, камунга, лютні піпха (стваральнікі Ван Санак, Урык, Ок Паго; 6—8 ст.). У 6 ст. з’явіўся жанр хянга («песні роднага краю»). З пашырэннем будызму ў К. складваліся кар. традыцыі будыйскай рытуальнай музыкі. У 14 ст. засн. спец. муз. палата Акі тагам (пазней Чанагвон). У 15 ст. кананізаваны віды прыдворнай музыкі, адрадзіліся ўзоры аак, павялічыўся склад прыдворных аркестраў (да 400 чал.), уніфікаваны муз. інструменты (да 65 відаў). Сярод інструментаў: стр. шчыпковыя сыль, тэджэн (тыпу гусляў), канху (тыпу арфы); стр. смычковыя аджэн, хэгым (тыпу скрыпкі); духавыя тэгым (або чатэ), танджок, чы (папярочная флейта), со (мнагаствольная флейта), тансо (свірасцёлка), хянпхіры, сепхіры (тыпу габоя); ударныя барабаны чанга (2-баковы), чунга (1-баковы гарыз.), 6- і 8-гранныя чвага і ёнга. Удасканальваліся сістэмы натацыі, запазычаныя з Кітая (юлчапо і арыгінальныя юкпо і ёнумпё). У 1493 Сон Хёнам і інш. створана муз. энцыклапедыя «Акхак квебом» («Асновы навукі аб музыцы», т. 1—9). Школы ігры на інструментах узначальвалі Тэахян, Акіхян (каягым), Аян (камунга), Соль Вон (чанга), Кім Сон (піпха) і інш. Традыц. муз. творчасць вылучаецца разнастайнасцю лакальных стыляў, арганічным спалучэннем спеваў і інстр. ігры, танца і тэатр. пантамімы, акрабатыкі. Яе ўзоры прадстаўлены ў музыцы шаманскіх рытуалаў муак (рэчытацыі, спевы, танцы) у суправаджэнні інстр. кампазіцый сінаві, у «сял. музыцы» нанак (гонгі, барабан чанга, ражок напхаль, або род кларнета налары). У 17—18 ст. былі пашыраны шматлікія рэгіянальныя разнавіднасці сял. песень мінё. У 15—16 ст. з развіццём муз. жыцця гарадоў складваліся віды, жанры і стылі вак.-інстр. камернай музыкі чанак (шматчасткавыя інстр. сюіты ў выкананні невял. інстр. ансамбляў, вак. кампазіцыі кагок, кароткія песні сіджо). З 2-й пал. 19 ст. хатняе музіцыраванне ператварылася ў своеасаблівыя канцэрты, дзе выконвалася інстр. музыка ў стылі санджа — шматчасткавых сольных кампазіцый для камунга (школа Кім Юндака), каягыма (Кім Чукпха), пхіры і інш. у суправаджэнні чанга. Да 19 ст. сфарміраваліся шматлікія віды муз. т-ра (марыянетак, танц. і танц.-драм. спектаклі ў масках, тэатралізаваны паэт. сказ і інш.). Тэатралізаваны сказ пхансары (з 18 ст.) уключаў арыі і песні на аснове рытмічных (чхандан) і меладычных (чхо) мадэлей, размоўную гаворку і драм. дзеянне. У 2-й пал. 19 ст. зарадзілася кар. нац. муз. драма чхангык (заснавальнік Сін Джэхён). З пашырэннем хрысціянства ў 17—18 ст. развіваюцца традыцыі культавых каталіцкіх спеваў. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў муз. культуру К. пранікла зах.-еўрап. музыка, узніклі ваен. духавыя аркестры зах. тыпу, складваецца песенны жанр пансанхва. У 1927 засн. Саюз кар. музыкантаў (у складзе Кар. федэрацыі пралет. мастацтва).

Тэатр. Вытокі тэатра К. ў стараж. хар. песнях-танцах. У 14—15 ст. узніклі нар. т-р масак (камёнгык), т-р лялек (інхёнгык) і вял. камед. паказы (сандэгык), развіццю якіх садзейнічалі нар. акцёры квандэ. У познім сярэдневякоўі ўзнік размоўны т-р (хвагык). Станаўленне прафес. т-ра прыпадае на канец 19 — пач. 20 ст. і звязаны з імем Сін Джэхё. У прафес. т-ры «Вангакса» (1901), «Хёксіндан» (1911), «Кванмудэ» (1912) нац. традыцыі спалучаліся з еўрапейскімі. У 1921 кар. студэнты, якія вучыліся ў Японіі, стварылі трупу «Саюз драматычнага мастацтва». У 1925 створана Кар. федэрацыя пралет. мастацтва, куды ўвайшлі і тэатр. дзеячы. На пач. 1930-х г. узніклі аматарскія і прафес. тэатр. калектывы: «Мачхі», «Тэатр будучыні» ў Пхеньяне, «Вулічны тэатр» у Тэгу, «Масавы тэатр» у Кэсоне, т-ры «Чханбок», «Новае будаўніцтва», «Мегафон», «Новае мастацтва», якія ставілі кар. класіку і творы сучасных кар. драматургаў Сон Ёна, Нам Гунмана, рус. класіку. Дзейнічала Т-ва драм. мастацтва ў Масане. З сярэдзіны 1930-х г. кар. т-ры закрываліся, акцёрам дазвалялася выступаць у яп. рэпертуары і пад яп. прозвішчамі; спектаклі ставіліся на яп. мове.

Кіно. Першы фільм «Клятва пры месяцы» зняты ў 1921 рэж. Юн Бэнамам. У 1923—24 у Пусане пад кіраўніцтвам Юн Бэнама працавала т-ва «Пусан Часон кінема», дзе ён паставіў фільм «Першаадкрывальнікі» (1924). Кінагрупа кінасекцыі Кар. федэрацыі пралет. мастацтва (створана ў 1925) выпусціла некалькі рэаліст. стужак пра жыццё К. пад яп. прыгнётам, у т. л. «Бадзяга» (1927), «Змрочная вуліца», «Цёмны шлях» (абедзве 1928). Выходзілі фільмы і інш. рэжысёраў: «Бык без рагоў» рэж. Кім Тхэджына (1927), «Арыран» (1926), «У пошуках кахання» (1928), «Паром без кахання» (1932) рэж., сцэнарыста і акцёра На Унгю. З сярэдзіны 1930-х г. у К. стала пашырацца яп. кінапрадукцыя, пачалі дэманстравацца ням., італьян. фільмы.

Літ.:

История Кореи. Т. 1—2. М., 1974;

Еременко Л., Иванова В. Корейская литература: Краткий очерк. М., 1964;

Тэн А.Н. Традиции реализма в корейской классической литературе. Алма-Ата, 1980;

Корейское классическое искусство: Сб. ст. М., 1972;

Глухарева О.Н. Искусство Кореи с древнейших времен до конца XIX в. М., 1982.

С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Да арт. Карэя. Святыня ў адным з храмаў комплексу Пульгукса.
Да арт. Карэя. Храм Пульгукса каля г. Кёнджу. 8 ст.
Да арт. Карэя. Павільён Тэун з будыйскага храма Кваным. 980.
Да арт. Карэя. Чырвоная птушка (чуджак) — ахоўнік Поўдня. Размалёўка Вялікай грабніцы. Фрагмент. 565.
Да арт. Карэя. Ваза «Тысяча журавоў». Канец 12 ст.
Да арт. Карэя. Буда Амітабха. Каля 700.
Да арт. Карэя. Невядомы мастак. Партрэт Лі Даксу. 18 ст.
Да арт. Карэя. Сін Юнбок. Жаночы час візіту. Канец 18 — пач. 19 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.
Да арт. Карэя. Бронзавы посуд. 17 ст.

т. 8, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІПІ́НЫ (тагальскае Pilipinas, англ. Philippines), Рэспубліка Філіпіны (тагальскае Republika ñq Pilipinas, англ. Republic of Philippines),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у зах. ч. Ціхага ак., на Філіпінскіх а-вах. У складзе Ф. больш за 7,1 тыс. астравоў, у т. л. 11 буйных (96% тэр.) — Лусон, Мінданао, Самар, Неграс, Палаван, Панай, Міндора, Лейтэ, Себу, Бахоль, Масбатэ; некат. астравы акружаюць каралавыя рыфы. Пл. 300 тыс. км². Нас. 81 160 тыс. чал. (2000). Афіц. мовы — тагальская і англійская. Сталіца — г. Маніла. Падзяляецца на 73 правінцыі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 чэрв.).

Дзяржаўны лад. Ф. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны кангрэс, складаецца з сената (24 месцы) і палаты прадстаўнікоў (не больш як 250 месцаў; 200 дэпутатаў выбіраюцца, 50 назначаюцца прэзідэнтам ад паліт. партый і грамадскіх арг-цый). Сенатары выбіраюцца на 6 гадоў ( не больш як 2 тэрміны запар), члены палаты прадстаўнікоў — на 3 гады (не больш як 3 тэрміны запар). Выканаўчы орган — кабінет міністраў на чале з прэзідэнтам.

Прырода. Берагавая лінія большасці астравоў моцна парэзана. Уздоўж усх. ўзбярэжжа цягнецца Філіпінскі жолаб. Паверхня астравоў пераважна гарыстая, сярэдняя выш. 500—1500 м, найб. 2954 м (вулкан Апа на в-ве Мінданао). Раўніны займаюць міжгорныя катлавіны і вузкія ўзбярэжныя палосы. Больш за 10 дзеючых і шмат патухлых вулканаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: жал., медныя, цынкавыя, нікелевыя руды, храміты, ртуць, золата, серабро, малібдэн, кадмій, кам. вугаль, нафта, азбест. Клімат трапічны і субэкватарыяльны, мусонны. Сярэднямесячныя т-ры 24—28 °C, у гарах да 19 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000—4000 мм, на ўсх. падветраных — менш за 1000 мм за год. Частыя тайфуны. Рэкі кароткія, парожыстыя, гал. — Кагаян (на в-ве Лусон), Агусан (на в-ве Мінданао). Шмат азёр. Глебы пераважна горныя, латэрытныя, пашыраны чырвона-карычневыя. Каля 46% тэр. пад лесам; на У і ў гарах — вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З — лістападныя. Шмат эндэмічных відаў. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. З жывёл характэрны макакі, даўгапят, яшчаркі; каля 450 відаў птушак, у т. л. какаду, сметнікавыя куры, гарпія-малпаед. Нац. паркі (Маён-Волькана, Канлаон, Маўнт-Апа і інш.), фауністычныя рэзерваты, лясныя заказнікі.

Насельніцтва. Больш за 100 народаў і народнасцей, у т. л. вісая (41%), тагалы (21%), ілокі (12%), мора (7%), кітайцы (1,5%) і інш. Насельніцтва размаўляе больш як на 70 мовах і дыялектах, якія належаць да аўстранезійскай моўнай сям’і. Большасць вернікаў — католікі (83%); пратэстанты — 9%, мусульмане — 5%, будысты — 3% Сярэдняя шчыльн. 271 чал. на 1 км², найб. на а-вах Себу, Лейтэ, Лусон, Неграс, Панай, Бахоль. Сярэднегадавы натуральны прырост 2,2%. У гарадах жыве 58% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1995): Маніла (10 870), Кесан-Сіці (1989), Давао (850), Калаокан (780), Себу (610), Замбаанга (450). У сельскай гаспадарцы занята 40% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 10%, у буд-ве 6%, у сферы паслуг 41%.

Гісторыя. Ф. насялялі плямёны аўстралоіднай расы, у 2-м тыс. да н.э. іх адцяснілі ў горныя раёны паўднёвамангалоідныя народы. У 1521 Ф. наведала ісп. экспедыцыя Ф.Магелана, які загінуў у сутычцы з жыхарамі в-ва Мактан. У 1565 з прыбыцця флоту М.​Л.​Легаспі пачалося ісп. заваяванне Ф. Да канца 16 ст. іспанцы падпарадкавалі большую ч. краіны, акрамя ісламізаванага ў 14—15 ст. насельніцтва, якое захавала на Пд незалежнасць да 19 ст. У хуткім часе большасць філіпінцаў хрысціянізавана.

На Ф. усталявалася сістэма кіравання на ўзор ісп. калоній у Амерыцы. З 17 ст. іспанцы ізалявалі краіну ад знешняга свету. Выхад з ізаляцыі ў пач. 19 ст. спрыяў уздыму гаспадаркі Ф. і мясц. культ.-асв. руху (гал. яго прадстаўнік Х.Рысаль). У 1892 засн. тайная патрыят. арг-цыя Каціпунан (кіраўнік А.Баніфасіо), якая ўзначаліла нац. паўстанне 1896—97. У час іспана-амерыканскай вайны 1898 на Ф. высадзіліся войскі ЗША, 12.6.1898 абвешчана незалежная Філіпінская Рэспубліка на чале з Э.Агінальда. У выніку амерыкана-філіпінскай вайны 1899—1901 Ф. сталі калоніяй ЗША. У 1916 утвораны Заканад. сход Ф., а паводле закона і канстытуцыі 1934 у 1935 утвораны аўт. ўрад на чале з прэзідэнтам М.​Л.​Кесанам. У 1941—42 Ф. акупіравалі яп. войскі. У 1942—44 на в-ве Лусон узбр. барацьбу супраць захопнікаў вяла партыз. армія Хукбалахап. У канцы 1944 — пач. 1945 тут адбыліся жорсткія баі паміж амер. і яп. войскамі. 4.7.1946 абвешчана незалежнасць Ф. У 1965 прэзідэнтам краіны абраны Ф.Маркас, які ў 1972 увёў надзвычайнае становішча (да 1981) і замацаваў свае вял. паўнамоцтвы. Дыктатура прэзідэнта і карупцыя сярод яго паплечнікаў прывялі да нар. выступленняў у лют. 1986, рэжым Маркаса быў скінуты. Урад прэзідэнта К.Акіна правёў дэмакратызацыю паліт. жыцця. Але ён і ўрад прэзідэнта М.​Рамаса (1992—98) не здолелі рэфармаваць эканоміку Ф. Нягледзячы на мірнае пагадненне 1996 з мусульм. арг-цыямі, радыкальныя ісламісцкія групоўкі на Пд Ф. працягваюць узбр. барацьбу супраць урада. Эканам. рэформы на Ф. вядуцца і пасля выбрання ў студз. 2001 прэзідэнтам краіны Г.​Макапагал-Араё. Ф. — чл. ААН (з 1945), Асацыяцыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў маі 1996.

Дзейнічаюць Ліберальная партыя, Партыя нацыяналістаў, Барацьба за філіпінскую дэмакратыю.

Гаспадарка. Ф. — аграрна-індустр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1998 склаў 270,5 млрд. дол. (3,5 тыс. дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка, у якой ствараецца каля 20% ВУП і каля палавіны кошту экспарту. Зямля належыць пераважна буйным памешчыкам і плантатарам. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 19% тэр.; асн. плошчы на а-вах Лусон, Себу, Панай, Неграс, Бахоль, Мінданао. Пераважае раслінаводства. Глебы ўрадлівыя. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. На экспарт вырошчваюць какосы, абаку (адно з першых месц у свеце па вытв-сці і экспарце копры і манільскай пянькі), цукр. трыснёг, тытунь, арахіс, ананасы, бананы, манга; на ўнутр. патрэбы — рыс (пл. 3,2 млн. га, збор 8,6 млн. т), кукурузу (2,4 млн. га, 3,8 млн. т), батат, маніёк, агародніну, каву, какава. Ёсць насаджэнні каўчуканосаў. Гадуюць (млн. галоў, 1997) свіней (10,4), коз (6,8), буйвалаў (3), буйн. раг. жывёлу (2,4), курэй (137,7). Рыбалоўства — важная галіна гаспадаркі. Большую ч. спажываемых бялкоў філіпінцы атрымліваюць з морапрадуктаў. Улоў рыбы ў 1999 склаў 2,14 млн. т. Промысел жэмчугу. Нарыхтоўка высакаякасных гатункаў драўніны (пераважна на экспарт), дубільнай кары, каўчуку, гутаперчы, воску, фарбавальнага дрэва, ратангавай пальмы. Аснова прамысловасці Ф. — горназдабыўная галіна. Здабыча меднай руды (штогод каля 500 тыс. т), храмітаў (120 тыс. т), серабра (40 т), золата (25 т), жалеза, марганцу, цынку, свінцу, каменнага вугалю, нафты. Вытв-сць электраэнергіі 39,6 млрд. кВт∙гадз (1999), пераважна на ЦЭС (70%), якія працуюць на імпартуемай нафце і нафтапрадуктах, і ГЭС (11%). Большая ч. прамысл. прадпрыемстваў — філіялы замежных кампаній або належаць іх субпадрадчыкам. Апрацоўчая прам-сць: цукр., рысаачышчальныя, тытунёвыя, алейныя, агароднінакансервавыя прадпрыемствы, вытв-сць копры, канатаў і інш. Развіты тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр., у т. л. мэблевая, цэлюлозна-папяровая галіны. У машынабудаванні хуткімі тэмпамі развіваецца радыёэлектронная прам-сць. Вытв-сць тэлевізараў, радыёпрыёмнікаў, электратэхн. вырабаў, зборка аўтамабіляў, суднабудаванне і суднарамонт у Маніле, Кесан-Сіці, Калаокане, Ілаілі і інш. Металургічныя прадпрыемствы ў Калаокане, Пасаі, Ілігане. Хім. (мін. ўгнаенні. гумаватэхн. вырабы), нафтахім. і нафтаперапр. прам-сць (Іліган, Маніла, Себу). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цэмент, шкло і інш.). Саматужныя промыслы. Даўж. чыгунак 492 км (на а-вах Лусон і Панай), аўтадарог 200 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 39,6 тыс. км. Пан-Філіпінская шаша (з паромамі) злучае а-вы Лусон, Самар, Лейтэ і Мінданао. У краіне 703 тыс. легкавых і 1,35 млн. грузавых аўтамабіляў. Асн. роля ў знешніх і ўнутр. перавозках належыць суднаходству. Гал. парты: Маніла, Себу, Ілаіла, Давао, Замбаанга, Іліган. Міжнар. аэрапорты: Маніла, Давао, Себу, Пасай, Замбаанга. Экспарт (34,8 млрд. дол., 1999) электронікі, машын, адзення, копры, абакі, цукру, какосавага алею, каляровых металаў. Імпарт (30,7 млрд. дол., 1999) сыравіны, камплектуючых дэталей, прамысл. і спажывецкіх тавараў, паліва. Асн. гандл. партнёры: ЗША, Японія, Сінгапур, Рэспубліка Карэя, Вялікабрытанія і інш. Грашовая адзінка — філіпінскае песа.

Літаратура. Развіваецца пераважна на тагальскай (піліпіна), а таксама ісп. і англ. мовах. Стараж. фальклор прадстаўлены анімістычнымі замовамі і заклінаннямі, міфамі, легендамі і паданнямі. У 14—16 ст. пашыраны вершаваныя і празаічныя сказанні. У перыяд ісп. калан. панавання (16—19 ст.) л-ра набыла рэліг. характар. Пад уплывам ісп. л-ры склалася містэрыяльная паэзія пасьён (рэліг. песнапенні пра жыццё і смерць Ісуса), з’явіліся курыда (балады), авіт (гераічныя паэмы), папулярнымі сталі мора-мора (тэатр. паказы). Заснавальнік тагаламоўнай л-ры Ф.​Бальтасар паклаў пачатак антыкалан. кірунку. Творчасць Х.Рысаля паўплывала на развіццё рэаліст. іспанамоўнай л-ры. У пач. 20 ст. пашырылася л-ра на англ. мове (паэзія і проза Х.​Г.​Вільі, Н.​М.​Хаакіна, Н.В.​М.​Гансалеса). З’явіліся бытапісальныя раманы Л.​Сантаса, абнавілася паэзія. Традыцыі Бальтасара прадоўжыў у сац. насычаных раманах А.​Эрнандэс. Сучасная паэзія блізкая да сінкрэтызму, у прозе пераважаюць малыя жанры, для якіх характэрна ўзмацненне сац. гучання. У 1974 створаны Саюз пісьменнікаў Ф.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. стараж. помнікі мастацтва на Ф. адносяць да позняга неаліту (арнаментаваная кераміка, урны з ляпной «ладдзёй памерлых»). У нар. мастацтве развіты разьба па дрэве і бамбуку абарыгенаў аэта, ткацтва горных малайскіх народаў са стылізаванымі выявамі божастваў і сіл прыроды, майстэрская апрацоўка дрэва і металу; размалёўкі і тканіны мусульман мора з міфічнымі матывамі, расл. і геам. ўзорамі; вышыўка, пляценне, разьба, ювелірная справа; выраб масак і касцюмаў для містэрый, лубкоў, фігур святых і інш. ў хрысціянізаваных раўнінных народаў. Традыц. жытло — дом на па́лях, накрыты пальмавым лісцем. У каланіяльны перыяд узніклі гарады, умацаванні, касцёлы, кляштары, палацы ў стылях барока і класіцызму (палац Прэзідэнта «Малаканьян», 1863). Тыповыя для ісп. дойлідства арх. формы спалучалі з нац. матывамі дэкору (касцёл Міяг-ао ў Ілаіла на в-ве Панай). У 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Маніла забудоўвалася ў духу зах.-еўрап. і амер. архітэктуры; з’явіліся жывапіс на патрыят. тэмы Х. дэ Луны, Ф.​Ідальга, скульптура Г.​Таленціна. З 1930-х г. пабудовы архітэктараў (П.​Антоніо, С.​Консьё, Л.​В.​Лаксін, Х.​Накпіль) спалучалі метады сучаснай архітэктуры з дэкар. элементамі нац. стылю (Культ. цэнтр Ф. у Маніле, 1969, арх. Лаксін). У 1950-я г. будавалі фешэнебельныя кварталы ў Маніле, Макаці, Кесан-Сіці. У жывапісе Ф.​Аморсала ўзначаліў школу рэаліст. традыцый мастацтва 19 ст. Сучаснае мастацтва развіваецца ў нац. традыцыях і пад уплывам амер. мадэрнізму. Вылучаецца творчасць жывапісца-манументаліста К.​Франсіска, жывапісцаў В.​Эдадэса, Г.​Акампа і інш., скульптараў Н.​Абуэва, Э.​Кастрыльё.

Музыка. Ф. зазнала ўплыў паўд.-ўсх. Азіі. У выніку араба-мусульманскіх уплываў 7—8 ст. побач з традыц. муз. інструментамі пашырыўся духавы язычковы інструмент серунай. У 15 ст. пашырыліся цырыманіяльныя аркестры нобат. З 16 ст. пранікалі еўрап. муз. традыцыі, з 17 ст. — іспанізаваныя песенныя стылі пасьён, курыда, кундзіман; танцы хота, хабанера і інш.; інстр. ансамблі рондалья, тэатр. жанры сарсуэла, мора-мора і інш. На Пд захавалася выканальніцтва на кулінтангу (наборы металафонаў, гонгаў), ансамблі бамбукавых інструментаў пангкат каваян. Лакальныя асаблівасці вак. музыкі звязаны са спецыфікай муз. суправаджэння, моўнымі дыялектамі і інш. Эпічным песням ламанг на гіст. і міфал. сюжэты ўласцівы элементы тэатралізацыі. Уздым муз. творчасці ў 1940-я г. спрыяў фарміраванню нац. кампазітарскай школы, для якой характэрны ісп. і амер. ўплывы. Сярод муз. дзеячаў 20 ст.: кампазітары М.​Адонай, Н.​Абелярда, Ф.​Буэнкаміна, Л.​Р.​Касілаг, Ф.П. дэ Леон, Х.​М.​Маседа, А.​Х.​Маліна, Ф.​Сант’яга, Х.​Эстрэлья; выканаўцы А.​Авеліна, П.​Консепсьён, Х.​Сілас. Працуюць: аркестр філармоніі (Маніла), сімф. аркестр пры Манільскім сімф. т-ве, ансамблі «Баяніхан» і «Філіпінескас», Нац. муз. федэрацыя, Сіліманскі муз. фонд, Культ. цэнтр, Ліга кампазітараў, Оперная гільдыя, Нац. асацыяцыя бэндаў, Асацыяцыя хар. дырыжораў, Т-вы муз. выхавання, кампазітараў, аўтараў, выдаўцоў, арганістаў. З 1979 у Маніле праводзіцца міжнар. фестываль хар. музыкі.

Літ.:

Сумленова Е.В. Острова сампагиты. М., 1985;

Барышникова О.Г., Левтонова Ю.О. Филиппины и США: 200 лет противостояния, компромиссов, партнерства. М., 1993;

Мазуров В.М. От авторитаризма к демократии: (Практика Юж. Кореи и Филиппин). М., 1996;

Александрович Н.Н. Филиппины после второй мировой войны. М., 1980;

Сантос А. Филиппинская литература. М., 1965.

В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Філіпін.
Да арт. Філіпіны. Керамічная пасудзіна з пячоры Манунгуль (востраў Палаван). 9—8 ст. да н.э.
Да арт. Філіпіны. Ф.​Аморсала. Юныя прачкі. 1942.
Да арт. Філіпіны. Возера Тааль.
Да арт. Філіпіны. Палац Прэзідэнта «Малаканьян».

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),

дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс. км². Нас. 24,3 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г. Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).

Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на ​1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.

Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр. ч. Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г. Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч. Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.

Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн. чал., біхарцы — каля 4,3 млн. чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн. чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс. чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс. чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.

Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.

Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв. нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.​М.​Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац. дэмакр. партыі. Н. — чл. ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.

Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац. дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн. га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн. га (арашаецца 0,85 млн. га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн. га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал. харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн. т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш. Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд. кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш. Гал. прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс. км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн. дол., імпарт — 1,7 млрд. дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн. гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд. дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.

Літ.:

Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;

Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.

У.​М.​Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя).

Герб і сцяг Непала.
Да арт. Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.
Да арт. Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.

т. 11, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТРЭ́Т у літаратуры — 1) апісанне знешняга выгляду чалавека

(рыс твару, фігуры, мімікі, жэстаў, манеры паводзін); адзін са сродкаў стварэння маст. вобраза, характарыстыкі героя, які спрыяе перадачы сац. і псіхал. тыпажу персанажа, выяўленню аўтарскіх адносін да яго. У стараж. л-ры П. не надавалася вял. значэння: герой не меў выразных індывід. рыс, яго знешні выгляд быў стэрэатыпны і абазначаў толькі прыналежнасць да пэўнага асяроддзя. Ў рамант. л-ры П. заняў важнае месца, дапамагаючы ўзвышаць ці эстэтычна зніжаць героя (напр., Бандароўна і пан Патоцкі ў паэме Я.​Купалы «Бандароўна»). У рэаліст. л-ры П. найперш сродак псіхал. абмалёўкі характару (у творах Я.​Коласа, К.​Чорнага, І.​Мележа, В.​Быкава). Таксама сустракаецца эмац.-ацэначны П. (партрэтныя апісанні выяўляюць або пачуцці аўтарскай прыхільнасці да герояў, або іранічна-здзеклівыя адносіны да іх). Партрэтная характарыстыка можа быць прамая (аўтарская) і ўскосная (даецца адным персанажам другому). Яна псіхалагічна дзейсная і ў паказе душэўнага стану героя ў пэўны момант, у раскрыцці эвалюцыі яго характару. Таму П. часта даецца ў творы ў дынаміцы, фрагментамі, якія адлюстроўваюць гэту эвалюцыю.

2) Біягр. нарыс пра пісьменніка, мастака, грамадскага дзеяча, у якім аўтар узнаўляе цэласнае аблічча чалавека, абапіраючыся на суб’ектыўныя ўражанні пры захаванні дакумент. дакладнасці ў перадачы фактаў. Літ. П. паэтаў Зах. Беларусі (М.​Васілька, М.​Засіма, А.​Салагуба),

сучасных бел. пісьменнікаў (У.​Караткевіча, Н.​Гілевіча) стварыў У.​Калеснік.

У выяўленчым мастацтве — адзін з асн. жанраў (і асобны твор) жывапісу, графікі, скульптуры, прысвечаны адлюстраванню канкрэтнага чалавека або групы людзей. Аснова жанру — перадача індывідуальнага аблічча персанажа незалежна ад узроўню ўмоўнасці вобраза і дакладнасці яго знешняга падабенства. Глыбіня вобраза залежыць ад ступені раскрыцця ўнутр. свету персанажа, выяўлення сутнасці яго характару. Неад’емная частка агульнага зместу П. — узаемаадносіны мастака і мадэлі. У адлюстраванні характэрных для эпохі абставін, касцюма, тыпажа і інш. раскрываецца гістарызм П. Звычайна П. ствараюць з натуры; могуць быць выкананы з маскі, знятай з партрэтаванага, фотаздымка, з прыжыццёвага П., напр., па ўспамінах або ўяўленні мастака; спецыфічны від П. — аўтапартрэт. Паводле характару выканання, прызначэння, спецыфікі форм вылучаюць П.: станковыя (жывапісныя, графічныя, скульптурныя), манументальныя (манум. скульптура і жывапіс; гл. таксама Надмагілле), малых форм (мініяцюры, П. на медалях і манетах, гемы); інтымны, парадны, псіхалагічны, камерны, лірычны, гераічны, гіст., бытавы, сатыр., гумарыстычны (карыкатура, шарж) і інш.; у рост, па калені, па пояс, пагрудны (гл. Бюст), галава; анфас, профіль і інш. Могуць быць індывід., парныя, групавыя. У маст. практыцы П. часта спалучаецца з інш. жанрамі. Вылучаюць П.-карціну (партрэтаваны паказаны ў сюжэтнай ці сэнсавай узаемасувязі з прадметным, прыродным або арх. асяроддзем, інш. людзьмі), П.-тып (збіральны вобраз, структурна блізкі да П.) і інш.

Узнікненне П. звязана з імкненнем увекавечыць вобраз чалавека, што абумовіла, асабліва на ранніх стадыях, дамінаванне мемарыяльнага пачатку. Першыя яго ўзоры трапляюцца ў мастацтве стараж. Егіпта, Грэцыі, Рыма, краін Усходу і вызначаюцца спалучэннем рытуальнасці характару выявы, абагаўлення ці ідэалізацыі вобразаў з цікавасцю да індывід. асаблівасцей чалавека (гл. Партрэт пахавальны, Фаюмскі партрэт). У сярэднявеччы ў еўрап. мастацтве вобраз падпарадкоўваўся рэліг. канонам, часта з’яўляўся часткай арх.-маст. ансамбля храма, вылучаўся імперсанальнасцю (выявы ўладароў, іх прыбліжаных і інш.; гл. таксама Партрэт данатарскі). Часам рысы канкрэтных асоб надаваліся выявам святых, індывідуалізацыяй вызначаліся надмагільныя П. У Кітаі П. вызначаўся разнастайнымі тыпамі (данатарскі, культава-пахавальны, афіцыйны, свецкі і інш.), творы спалучалі дакладнасць індывід. рыс з увасабленнем ідэі вышэйшай гармоніі і велічы сусвету. Высокім маст. узроўнем вызначалася партрэтная мініяцюра краін Зах. Еўропы, Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана, Індыі, Афганістана і інш. У эпоху Адраджэння мастакі прадстаўлялі мадэль ва ўсёй шматграннасці вобраза, вылучалі індывід. своеасаблівасць моцнай і яркай асобы, ідэалізацыя якой вынікае з сутнасці самога арыгінала (С.​Батычэлі, Данатэла, Джарджоне, Караваджа, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, А. дэль Сарта, Тыцыян у Італіі, А.​Дзюрэр, Л.​Кранах Старэйшы, Г.​Гольбейн Малодшы ў Германіі, Рагір ван дэр Вейдэн, Я.​Госарт, Р.​Кампен, Я. ван Эйк у Нідэрландах і інш.). У 17 ст. партрэтны жывапіс імкнуўся да дэмакратызацыі вобразаў, глыбокага пранікнення ў духоўнае жыццё чалавека, большай адэкватнасці вобраза арыгіналу, перадачы шырокага спектра і крытычнага трактавання яго індывід. рыс (Рэмбрант, Ф.​Халс у Нідэрландах, Д.​Веласкес, Ф.​Гоя, Ф.​Сурбаран у Іспаніі, А. ван Дэйк, Я.​Іорданс, П.​П.​Рубенс у Фландрыі і інш.). У 18 ст. пад уплывам гуманіст. ідэй Асветніцтва ўзмацнілася рэалістычнасць П. (А.​Вато, Ж.​Гудон, К. дэ Латур, Ж.​Б.​Перано, Ж.​А.​Фраганар, Ж.Б.​С.​Шардэн у Францыі, У.​Хогарт у Вялікабрытаніі, П.​Батоні ў Італіі і інш.). У 2-й пал. 18—19 ст. узрасла ўвага да адлюстравання ўнутр. свету чалавека, перадачы псіхалагізму (Т.​Гейнсбара, А.​Стывенс, Дж.​Рэйналдс у Вялікабрытаніі, Г.​Сцюарт у ЗША, Ж.​Л.​Давід, Э.​Дэлакруа, Г.​Курбэ, Т.​Жэрыко, Ж.​А.​Энгр у Францыі, В.​Лейбль, А.​Менцэль у Германіі, А.​Каўфман у Швейцарыі, Я.​Матэйка ў Польшчы, А.​Антропаў, І.​Аргуноў, У.​Баравікоўскі, К.​Брулоў, І.​Вішнякоў, М.​Ге, І.​Крамской, А.​Кіпрэнскі, Дз.​Лявіцкі, В.​Пяроў, Ф.​Рокатаў, І.​Рэпін, Ф.​Шубін у Расіі і інш.).

На развіццё П. канца 19 — пач. 20 ст. істотна паўплывалі адкрыцці майстроў імпрэсіянізму і блізкіх да іх мастакоў (Э.​Дэга, Э.​Манэ, А.​Радэн, А.​Рэнуар у Францыі і інш.). Прыкметны ўплыў на развіццё сусв. П. зрабіла і творчасць мастакоў мадэрнісцкіх кірункаў (жывапісцы В. ван Гог, О.​Какошка, А.​Мадыльяні, П.​Пікасо, П.​Сезан і інш., скульптары — А.​Бурдэль, А.​Маёль і інш.). Псіхал. выразнасць, духоўная глыбіня вобразаў вылучае П. рус. мастакоў Ю.​Аненкава, А.​Галавіна, В.​Сярова, М.​Урубеля, Б.​Кустодзіева, М.​Ларыёнава, П.​Малявіна, К.​Сомава, З.​Серабраковай і інш. З сярэдзіны 20 ст. П. развіваўся ў рэчышчы разнастайных кірункаў і плыняў у творчасці Р.​Гутуза (Італія), Л.​Ласанскага, Э.​Уорхала (ЗША), І.​Глазунова, П.​Канчалоўскага, П.​Корына, М.​Несцерава, К.​Пятрова-Водкіна (Расія), скульптараў К.​Дунікоўскага (Польшча), Дж.​Манцу (Італія), Ф.​Крэмера (Германія), В.​Мухінай (Расія) і інш.

На Беларусі першыя партрэтныя выявы вядомы з глыбокай старажытнасці (драўляная фігурка чалавека са стаянкі Асавец; канец 3-га — 1-я пал. 2-га тыс. да н.э.; багушэвіцкая статуэтка, 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.). Адметныя рысы П. праяўляюцца ў манум. жывапісе і скульптуры 12—14 ст. (фрэскі Спаса-Ефрасіннеўскай царквы ў Полацку, размалёўкі, выкананыя бел. майстрамі ў Польшчы). З літ. крыніц вядомы станковы П. 14 ст. У 16 ст. развіваецца ў графіцы (гравюрны П. Ф.​Скарыны ў выдадзенай ім «Бібліі», 1517—19), мемарыяльнай скульптуры, медальерным мастацтве. У канцы 16—18 ст. пашырыліся рэпрэзентатыўны парадны (гл. Партрэт сармацкі), пахавальны, данатарскі, рыцарскі і інш. тыпы П. Сярод партрэтыстаў жывапісец І.​Шрэтэр, графікі Г.​Ляйбовіч, А. і Л. Тарасевічы. У 18 — пач. 19 ст. на развіццё П. ўплывалі класіцызм, рамантызм (жывапісцы І.​Аляшкевіч, Ц.​Бычкоўскі, А.​Главацкі, Я.​Дамель, С.​Заранка, К.​Карсалін, Ф.​Смуглевіч, І.​Хруцкі, А.​Шэмеш, графікі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Т.​Кіслінг, Я.​Клямбоўскі, К.​Кукевіч, Ю.​Пешка, скульптары Я.​Астроўскі, К.​Ельскі, Р.​Слізень і інш.). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. П. адметны дэмакратызацыяй вобразаў, паглыбленнем сац. і псіхал. характарыстык (Л.​Альпяровіч, Я.​Кругер, Ю.​Пэн, А.​Ромер, Б. і К. Русецкія, Н.​Сілівановіч і інш.). У 1-й пал. 20 ст. ў жанры П. працавалі І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, Г.​Віер, В.​Волкаў, А.​Грубэ, К.​Змігродскі, М.​Станюта, М.​Філіповіч, у 2-й пал. 20 ст. — З.​Азгур, А.​Анікейчык, Л.​Асядоўскі, А.​Бембель, М.​Будавей, С.​Вакар, Г.​Вашчанка, М.​Данцыг, Л.​Дударэнка, Я.​Зайцаў, М.​Кірэеў, П.​Крахалёў, А.​Кішчанка, А.​Малішэўскі, А.​Марачкін, В.​Маркавец, І.​Міско, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч, У.​Пасюкевіч, Ю.​Піскун, В.​Пратасеня, І.​Пратасеня, А.​Пушкін, М.​Савіцкі, В.​Сахненка, У.​Стальмашонак, І.​Стасевіч, І.​Фяцісаў, Я.​Харытоненка, Г. і Я. Ціхановічы, В.​Шаранговіч, А.​Шыбнёў, Л.​Шчамялёў і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Яго ж. Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982;

Беларуская станковая графіка / Склад. В.​Ф.​Шматаў. Мн., 1978;

Петерсон Э.А. Портретная скульптура Советской Белоруссии. Мн., 1982.

А.​М.​Пяткевіч (літаратура), М.​Л.​Цыбульскі.

К.​Брулоў. Партрэт графіні Ю.​Самойлавай з выхаванкай. 1839—40.
А.​Дзюрэр. Партрэт маладога чалавека. 1521.
Да арт. Партрэт. П.​Пікасо. Амбруаз Валар. 1909—10.
І.​Хруцкі. Партрэт невядомай. 1830-я г.
Да арт. Партрэт. З.​Азгур. Рабіндранат Тагор. 1956.
У.​Стальмашонак. Партрэт Якуба Коласа. 1966—67.
Да арт. Партрэт. М.​Філіповіч. Жанчына ў намітцы. 1930-я г.
Да арт. Партрэт. М.​Будавей. А.​Макаёнак. 1985.
Да арт. Партрэт. Ю.​Піскун. Старасвецкая мелодыя. 1995.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́ЛІ (Chile), Рэспубліка Чылі (República de Chile),

дзяржава на ПдЗ Паўд. Амерыкі. Мяжуе на Пн з Перу, на У з Аргенцінай і Балівіяй, на З абмываецца Ціхім акіянам. У складзе Ч. прыбярэжныя а-вы Чылійскага архіпелага, зах. ч. в-ва Вогненная Зямля, а-вы ў Ціхім ак.: Сан-Амбросіо, Сан-Фелікс, Хуан-Фернандэс, Сала-і-Гомес, Рапануі (Вялікадня). Пл. 756,6 тыс. км². Нас. 15 499 тыс. чал. (2002). Афіц. мова — іспанская. Сталіца — г. Сант’яга. Краіна падзяляецца на 12 рэгіёнаў і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (18 вер.).

Дзяржаўны лад. Ч. — прэзідэнцкая рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1980 (з папраўкамі 1990). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. кангрэс, які складаецца з сената (46 сенатараў, з іх 9 назначаны пажыццёва, астатнія — выбраныя) і палаты дэпутатаў (120 дэпутатаў). Склад сената кожныя 4 гады абнаўляецца напалову; палата дэпутатаў выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады. Вышэйшы выканаўчы орган — Кабінет міністраў.

Прырода. Ч. займае вузкую (шыр. ад 15 да 335 км), пераважна горную, паласу сушы працягласцю 4300 км паміж узбярэжжам Ціхага ак. і высакагор’ямі Андаў. На З з Пн на Пд (да 41°30′ паўд. ш.) цягнуцца Берагавыя Кардыльеры (выш. да 3200 м), на У — Гал. Кардыльера Андаў з найб. выш. Ч., гарой Охас-дэль-Салада (6880 м). Паміж імі тэктанічная ўпадзіна — Падоўжная даліна. На ПнУ — паўд.-зах. ч. вулканічнага нагор’я Цэнтр. Андаў, на крайнім ПдУ — участкі раўнін Патагоніі і зах. ч. в-ва Вогненная Зямля. Вяршыні Андаў да 35° паўд. ш. перавышаюць 6000 м і з’яўляюцца конусамі патухлых і дзеючых вулканаў. Паўд. Ч. мае фіёрдавы характар; уся тэр. сейсмічная. Карысныя выкапні: медныя, малібдэнавыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. і марганцавыя руды, нафта, прыродны газ, каменны вугаль, прыродная сера, салетра, каменная соль, золата, серабро. Клімат Паўн. Ч. (да 28° паўд. ш.) трапічны пустынны. Сярэдняя т-ра ліп. 15,6 °C, студз. 20,8 °C. Ападкаў да 100 мм за год, у пустынях Атакама, Тамаругаль не выпадаюць па некалькі гадоў. У Цэнтр. Ч. (да 42° паўд. ш.) клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу з зімовымі дажджамі. Сярэдняя т-ра ліп. 7,7 °C, студз. 19,7 °C, ападкаў ад 200 да 2500 мм за год. У Паўд. Ч. халаднаваты вільготны клімат умераных шырот. Сярэдняя т-ра ліп. ад 7 да 1 °C, студз. ад 14 да 7 °C, ападкаў на ўзбярэжжы 2500—3000 мм за год, на зах. схілах Андаў да 7000 мм. На ПдУ кантынентальнасць павялічваецца, сярэднямесячныя т-ры ад 2 да 11 °C, ападкаў да 230 мм за год. Рачная сетка больш развітая ў цэнтр. і паўд. частках Ч., рэкі горныя, кароткія, паўнаводныя. Шмат канцавых ледавіковых азёр. У Гал. Кардыльеры развіта магутнае зледзяненне. Расл. покрыва ў Паўн. Ч. амаль адсутнічае (пясчаныя дзюны, барханы), трапляюцца кактусы, салянкі, на берагавой паласе ў перыяд туманаў — пустынная фармацыя ламас. У сярэдняй ч. ў далінах рэк вечназялёныя хмызнякі і дрэвы (цік, літрэ, мыльнае дрэва кільяй) на маламагутных шэра-карычневых глебах. На схілах гор да выш. 1200 м лясы міжземнаморскага тыпу, вышэй — хвойныя, якія змяняюцца альпійскімі лугамі. На Пд сярэдняй ч. на бурых лясных, вулканічных і забалочаных глебах густыя вечназялёныя лясы (гемігілея). На Пд ад 46° паўд. ш. мяшаныя лясы, на ўсх. раўнінах і ў раёне Магеланава праліва — стэпы. У складзе жывёльнага свету ў паўн. частцы ліс агуарачай, пума, паўзуны; у паўд. — алені пуду, перуанскі скунс, выдра, нутрыя; з птушак — кондар, папугаі, чайкі, альбатросы; у Патагоніі — лама-гуанака, грызуны, страусы. Больш за 50 запаведнікаў, лясных рэзерватаў, нац. паркаў, у т. л. Альберта-Агасціні, Вільярыка, Вісентэ-Перэс-Расалес, Каба-дэ-Горн, Лагуна-дэ-ла-Лаха, Наўэльбута, Рапануі (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Эль-Гуаянека.

Насельніцтва. Больш за 95% насельніцтва — чылійцы (65% індзейска-еўрап. метысы, 30% нашчадкі еўрапейцаў), 3% — індзейцы (араўканы, кечуа, аймара); в-аў Рапануі заселены палінезійцамі. Вернікі пераважна католікі (87%), ёсць пратэстанты (11%), частка індзейцаў вызнае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльнасць 20 чал. на 1 км², найб. населены цэнтр. рэгіёны. Натуральны прырост 1,09%. Гар. насельніцтва 86%. Буйныя гарады (тыс. чал., 1998): Сант’яга (5400), Кансепсьён (356,4), Віньядэль-Мар (326,5), Вальпараіса (282,9), Талькауана (265,1), Тэмука (246,3), Антафагаста (182). У прам-сці і буд-ве занята (1998) 42,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і рыбалоўстве — 19,2%, сектары паслуг — 38,3%.

Гісторыя. Тэр. Ч. са стараж. часоў насялялі індзейскія плямёны: араўканы, аймара, чон, чанга і інш. Яны займаліся жывёлагадоўляй, земляробствам, рыбацтвам, апрацоўкай металаў і інш. У 15 ст. пасля ўпартай барацьбы з араўканамі Пн Ч. захапілі інкі. У 1540 ісп. канкістадор П. дэ Вальдывія пачаў пакарэнне Ч. 12.2.1541 ён заснаваў г. Сант’яга, у 1550 — г. Кансепсьён. У 1553 Вальдывія забіты араўканамі, пакарэнне якіх завяршылася толькі ў канцы 19 ст. пры Чылійскай рэспубліцы. З 1544 Ч. ў складзе віцэ-каралеўства Перу, з 1778 — асобнае ген.-капітанства. На захопленых у індзейцаў землях іспанцы і іх нашчадкі крэолы вырошчвалі пшаніцу, вінаград. разводзілі сады, арганізоўвалі жывёлагадоўчыя ранча. Сфарміраваўся ўплывовы клас буйных землеўладальнікаў-арыстакратаў. Індзейцы былі ператвораны ў кабальных сялян, або ў рабоў, што працавалі на рудніках. У выніку змяшэння індзейцаў з крэоламі паступова фарміраваўся чылійскі этнас. Ісп. калан. ўлады наўмысна стрымлівалі развіццё чылійскай прам-сці, бо апасаліся яе канкурэнцыі з прадпрыемствамі Іспаніі. Гэта выклікала абурэнне мясц. крэольскіх вярхоў, асабліва буржуазіі. 14.7.1810 чылійскія крэолы паўсталі і скінулі ісп. губернатара. 18.9.1810 сфарміравана Нац. ўрадавая хунта (гэты дзень лічыцца днём нараджэння сучаснай чылійскай дзяржавы). 2.12.1811 Х.​М.​Карэра абвясціў сябе вярх. правіцелем краіны. У 1812 распрацаваны «Часовы канстытуцыйны рэгламент». У ходзе вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Ч. ў 1813 захоплена ісп. войскамі, у 1817 вызвалена чылійскай арміяй на чале з Б.О’Хігінсам і Х.Сан-Марцінам. 12.2.1818 абвешчана незалежнасць Ч. Ліберальны ўрад О’Хігінса (вярх. правіцель у 1817—23) імкнуўся палепшыць становішча нар. мас, абмежаваць зямельную алігархію і царкву, заахвочваў гандаль, развіваў інфраструктуру, спрыяў адукацыі і асвеце, але пад націскам буйных землеўладальнікаў і вярхоў духавенства пайшоў у адстаўку. У 1830—37 гал. міністрам і фактычным дыктатарам Ч. быў камерсант Д.​Парталес, прыхільнік моцнай улады буйных уласнікаў і царквы з апорай на армію. Гэтая канцэпцыя ўлады ўвасоблена ў Канстытуцыі Ч. 1833 (дзейнічала да 1925), паводле якой уся рэальная ўлада належала прэзідэнту, выбарчым правам валодалі толькі пісьменныя мужчыны. Да 1860-х г. чылійскія ўрады ў асн. працягвалі лінію Парталеса. У 1861—91 прэзідэнты-лібералы Х.​Х.​Перэс, Ф.​Э.​Саньярту, А.​Пінта, Д.​Санта-Марыя і Х.​М.​Бальмаседа імкнуліся дэмакратызаваць краіну: абмежаваны прывілеі землеўладальнікаў і царквы, скасаваны маёмасны цэнз пры выбранні на пасады, забаронена выбіраць адну асобу прэзідэнтам на 2 тэрміны запар. На эканоміку Ч. адмоўна паўплываў сусв. эканам. крызіс 1870-х г. Эканам. ўздыму паспрыяла далучэнне да Ч. ў выніку Ціхаакіянскай вайны 1879—83 пустыні Атакама з вялізнымі запасамі салетры і медзі. У грамадз. вайне 1891 прэзідэнт Бальмаседа быў пераможаны прыхільнікамі парламентарызму і да 1920-х г. Ч. фактычна была парламенцкай рэспублікай. Прэзідэнт А. Алесандры Пальма (1920—25) дамогся прыняцця Канстытуцыі 1925, якая абвясціла аддзяленне царквы ад дзяржавы, абавязковасць пачатковай адукацыі, падсправаздачнасць урада прэзідэнту; уведзена новае сац. і прац, заканадаўства, 8-гадзінны рабочы дзень. Прэзідэнт К.​Ібаньес дэль Кампа (1927—31) забараніў дэмакр. арг-цыі і перадаў салетраную прам-сць капіталістам ЗША Алесандры Пальма ў сваё 2-е прэзідэнцтва (1932—38) стабілізаваў падарваную сусв. крызісам эканоміку. Прапрэзідэнцкая Радыкальная партыя сумесна з камуністамі і інш. левымі сіламі стварыла Нар. фронт (1938—41), кандыдат якога П.​Агірэ Серда стаў наступным прэзідэнтам (1938—41). Ён аднавіў дэмакр. свабоды і абвясціў праграму, падобную на «новы курс». Ф.Д.Рузвельта. Урады Агірэ Серды і наступнага прэзідэнта Х.​А.​Рыяса (1942—46) пабудавалі ў Ч. шэраг буйных прадпрыемстваў. У 2-ю сусв. вайну Ч. прытрымлівалася нейтралітэту і толькі ў 1945 абвясціла вайну Германіі (15 лют.) і Японіі (5 крас.). У пасляваен. гады капітал ЗША узяў пад кантроль горназдабыўную і шэраг інш. галін прам-сці Ч. Прэзідэнт Г.​Гансалес Відэла (1946—52) прыйшоў да ўлады як кандыдат ад дэмакр. кааліцыі з удзелам камуністаў, але ў 1948 забараніў Камуніст. партыю. Выбраны зноў прэзідэнтам К.​Ібаньес дэль Кампа (1952—58) увёў жорсткія антыінфляцыйныя захады, падавіў усеаг. забастоўку 1954—55, падпісаў ваен. пагадненні 1952 і 1956 з ЗША. Падобную палітыку працягваў прэзідэнт Х.​Алесандры (1958—64).

Імкненне грамадства да сур’ёзных сац.-эканам. і паліт. перамен прывяло да выбрання прэзідэнтам хрысц. дэмакрата Э.​Фрэя Мантальвы (1964—70), які паспяхова здзейсніў праграму дэмакратызацыі краіны, правёў агр. рэформу, нацыяналізацыю меднай прам-сці, рэфармаваў сістэму адукацыі. На прэзідэнцкіх выбарах 1970 перамог кандыдат блока «Народнае адзінства» сацыяліст С.Альендэ Госенс (1970—73), які імкнуўся да сацыяліст. пераўтварэння Ч. Ён нацыяналізаваў прыватныя банкі і меднарудную прам-сць, здзейсніў шэраг захадаў да паляпшэння жыцця працоўных. Аднак справакаваны непрадуманымі рэформамі эканам. крызіс выклікаў масавыя забастоўкі 1971—72 і дэстабілізаваў паліт. сітуацыю. У выніку ваен. перавароту ўрад «Нар. адзінства» 11.9.1973 скінуты (Альендэ загінуў, забіты сотні інш. людзей), да ўлады амаль на 17 гадоў прыйшла ваен. хунта на чале з ген. А.Піначэтам Угартэ (са снеж. 1974 прэзідэнт). Былі забаронены левыя паліт. партыі, прафсаюзы, забастоўкі, замест органаў самакіравання прызначаліся чыноўнікі. Толькі ў 1973—74 больш за 130 тыс. чал. кінуты ў турмы і канцлагеры, дзе многія загінулі. Піначэт дэнацыяналізаваў медназдабыўную і інш. галіны прам-сці, вызваліў прыватныя прадпрыемствы ад урадавага кантролю. Гэтыя захады і спрыяльная міжнар. эканам. кан’юнктура садзейнічалі прыцягненню замежных інвестыцый і ўздыму эканомікі Ч. У 1980 па выніках плебісцыту прынята новая канстытуцыя краіны, якая дазволіла Піначэту захаваць пасаду прэзідэнта яшчэ на 8 гадоў. У 1987 легалізаваны паліт. партыі. У 1988 Піначэт прайграў рэферэндум па працягванні свайго прэзідэнцтва. На выбарах 14.12.1989 прэзідэнтам краіны выбраны хрысц. дэмакрат П.​Эйлвін Асакар. Ён і наступны прэзідэнт, таксама хрысц. дэмакрат, Э.​Фрэй Руіс-Тагле (1994—2000) рабілі захады па дэмакратызацыі краіны і расследаванні злачынстваў ваенных, працягвалі ліберальны курс у эканоміцы, што забяспечыла яе ўстойлівы рост. У сак. 2000 прэзідэнтам выбраны б. вязень Піначэта сацыяліст Р.​Лагас Эскабар, які асн. ўвагу аддае ўмацаванню законнасці ў краіне. Ч. — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў і інш. міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 27.1.1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Хрысц.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя Ч., Камуніст. партыя Ч., Партыя за дэмакратыю, Радыкальная с.-д. партыя і інш. Асн. прафс. аб’яднанне — Аб’яднаны прафцэнтр працоўных.

Гаспадарка. Ч. — адна з найб. развітых краін Паўд. Амерыкі (2-е месца пасля Аргенціны паводле індэкса развіцця чалавечага патэнцыялу). Аб’ём валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у 1998 склаў 184,6 млрд. дол. (12,2 тыс. дол. на душу насельніцтва). Дзяржава стымулюе прыватны сектар, падтрымлівае асн. макраэканам прапорцыі, актыўна прыцягвае замежныя інвестыцыі кампаній ЗША, Зах. Еўропы, Паўд. Афр. Рэспублікі, суседніх краін. Вядучая галіна прамысловасці — гарнарудная, пераважна здабыча медзі. Разведаныя запасы медзі ацэньваюцца ў 162 млн. т (39,5% сусветных), здабыча ў 2001 склала 4,74 млн. т (35% сусв., 1-е месца ў свеце па здабычы і экспарце). Радовішчы медзі цягнуцца паласой 50—100 км ад мяжы з Перу праз пустыню Атакама да цэнтр. часткі Ч. на 1800 км. Дзярж. кампаніі «КАДЭЛКО» належаць буйныя горнаметалургічныя медна-малібдэнавыя камбінаты Эскандыда, Чукікамата, Радаміра-Томік, Эль-Сальвадор, Андына і інш. Здабыча (тыс. т, 2001) малібдэну 33,5, жал. руды 8500 (буйныя руднікі Рамераль, Альгароба, Бакерон-Чаньяр, Лос-Каларадас на Пн), марганцавых руд 40 (раён Ла-Серэна), салетры 1072 (1-е месца ў свеце па запасах; зах. ч. пустыні Атакама), спадарожнага ёду 330. У раёне Ікіке здабываюць каменную соль (6 млн. т), з салёных азёр Атакамы — літый, калій, бор, у высакагорнай ч. Андаў — золата (54 т; Эль-Індыо-Тамба) і серабро (1242 т, 2000, Чаньярсільё). Невял. запасы нафты (20 млн. т) і газу (24 млрд. м³) на Пд краіны распрацоўвае дзярж. кампанія «ЭНАП» (270 тыс. т і 2,7 млрд. м³ адпаведна). Здабыча каменнага вугалю 0,5 млн. т на Пд ад г. Кансепсьён і на в-ве Вогненная Зямля. У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца харч. і лёгкая. Развіты цукр., мясахаладабойная, вінаробная, рыбакансервавая галіны. Тэкст. і гарбарна-абутковая прам-сць у гарадах Вальпараіса, Сант’яга, Кансепсьён. Развіваюцца нафтаперапрацоўка і нафтахімія (Кансепсьён, Канкан, Манант’ялес), вытв-сць мінер. угнаенняў, сернай к-ты, соды, фарбаў, аўтамаб. шын (Вальпараіса, Сант’яга, Антафагаста). Каляровая металургія ў гарадах Чукікамата, Пайпотэ, Патрэрыльёс, Вальпараіса, Чагрэс, Калетонес; чорная — у Уачыпата (выплаўляецца 1 млн. т чыгуну і 1,3 млн. т сталі), машынабудаванне і металаапрацоўка — у Сант’яга, Вальпараіса, Кансепсьёне, Арыцы, Талькауана; дрэваапрацоўка і цэлюлозна-папяровая прам-сць — на Пд краіны. Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд. кВт∙гадз на ЦЭС (55%) і ГЭС (45%). Сельская гаспадарка з’яўляецца высокаінтэнсіўнай галіной. Апрацоўваецца 5% тэр. Развіты раслінаводства ўмеранага і субтрапічнага пояса (збожжавыя, садоўніцтва і вінаградарства). Гал. земляробчы раён — цэнтр. частка Ч. — схілы Берагавых Кардыльераў і Падоўжная даліна. Вырошчваюць (збор тыс. т, 1998) пшаніцу 1734, кукурузу 661, авёс 157, ячмень 82, рыс 162, бульбу 928, цукр. буракі, фасолю, тытунь. Жывёлагадоўля пераважае пашавая, развіта паўсюдна. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлы 4140, свіней 1720, авечак 3710, коз 738. Птушкагадоўля. Вытв-сць мяса (ялавічыны і цяляціны) 266 тыс. т, малака 1150 тыс. т штогод. Улоў рыбы 6,69 млн. т (2-е месца ў Лац. Амерыцы), развіваецца промысел крабаў, амараў, вустрыц. Ч. цалкам забяспечвае сябе харчаваннем, шмат прадукцыі (свежая садавіна і агародніна, віно) экспартуецца. Развіты чыг., аўтамаб., марскі і паветр. транспарт. Даўж. чыгунак 8107 км, аўтадарог каля 80 тыс. км, у т. л. 10,5 тыс. км асфальтаваныя. Аўтапарк перавышае 900 тыс. аўтамабіляў. Танаж марскога флоту больш за 1,1 млн. брута-рэг. т, буйныя парты: Вальпараіса, Сан-Антоніо, Антафагаста, Пунта-Арэнас, Ікіке, Пуэрта-Монт. 23 аэрапорты. Экспарт (18 млрд. дол., 2000) медзі і меднай руды (40,5%), жал. руды і канцэнтрату, салетры і ёду, дрэваапр. прадукцыі, садавіны і агародніны, віна, рыбнай мукі. Імпарт (17 млрд. дол., 2000) машын і абсталявання, паліва, хім. тавараў. Асн. гандл. партнёры: ЗША (24% экспарту і 16% імпарту), краіны ЕС (23% і 27%), Азіі, Лац. Амерыкі. Даход ад турызму (1998) 1,06 млрд. дол. Грашовая адзінка — чылійскае песа.

Узброеныя сілы (2002). Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (80,5 тыс. чал.), рэзерв (50 тыс. чал.), ваенізаваныя фарміраванні (войскі карабінераў, 36,8 тыс. чал.). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 45 тыс. чал., 290 танкаў, 157 баявых разведвальных машын, бальш за 650 бронетранспарцёраў, 20 баявых машын з цяжкім узбраеннем, 163 буксірныя гарматы, 440 мінамётаў, 150 безадкатных гармат, 62 пераносныя зенітныя ракетныя комплексы, 33 самалёты, 52 верталёты, у т. л. 5 баявых і інш. У ВПС 12,5 тыс. чал., 76 баявых самалётаў. У ВМС 23 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 3 эсмінцы, 3 фрэгаты, 7 ракетных катэраў, 6 патрульных караблёў, 3 танкадэсантныя караблі, 2 малыя дэсантныя караблі, 1 ледакол і інш.; у авіяцыі ВМС эскадрыллі самалётаў і верталётаў; у марской пяхоты танкі, бронетранспарцёры, гарматы і мінамёты; у берагавой ахове 1,3 тыс.чал., 41 патрульны катэр.

Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. і прафес. школы, сярэднія спец. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Існуе абавязковая асн. адукацыя для дзяцей 6—15 гадоў. На базе асн. школы дзейнічаюць 4-гадовыя сярэднія агульнаадук. школы, 4-гадовыя прафес.-тэхн. школы і 4-гадовыя педвучылішчы. У пач. 21 ст. ў Ч. распачата рэформа сістэмы адукацыі. Паводле прынятага ў 2003 закона дзяржава гарантуе кожнаму члену грамадства абавязковую бясплатную 12-гадовую адукацыю. На ўсіх яе узроўнях існуюць дзярж. і прыватныя навуч. ўстановы. У 1975/76 навуч. г. ў Ч. дзейнічала 8 ун-таў (з іх 6 прыватных), у якіх навучалася больш за 100 тыс. студэнтаў. У выніку мадэрнізацыі сістэмы вышэйшай адукацыі па аснове закона аб адукацыі (1990) і дэкрэта аб дзярж. субсідыях у адукацыю (1993), у 1995 дзейнічалі 70 ун-таў з агульнай колькасцю студэнтаў амаль 300 тысяч. Буйнейшыя ун-ты: Чылійскі (з 1738; 8 тыс. студэнтаў), «Сант’яга дэ Чылі» (з 1947; 16 тыс. студэнтаў), Папскі каталіцкі ў Сант’яга (з 1888; 16 тыс. студэнтаў), Каталіцкі ў Вальпараіса (з 1928; 7 тыс. студэнтаў), ун-ты ў Кансепсьёне (з 1919; 11 тыс. студэнтаў), Вальдывіі (з 1954; 7 тыс. студэнтаў). З Чылійскім ун-там звязана жыццё і дзейнасць І.І.Дамейкі, які з 1838 жыў у Ч., з 1846 праф., у 1867—83 рэктар гэтага ун-та і ўпершыню арганізаваў там шырокае вывучэнне геалогіі і мінералогіі. Фінансаванне ВНУ дзяржаўна-прыватнае: існуе прамое і ўскоснае фінансаванне дзяржавай, матэрыяльная дапамога студэнтам праз стыпендыяльны фонд, фонды універсітэцкага крэдыту, сістэма прэзідэнцкіх стыпендый; 25 ун-таў маюць прамое фінансаванне. Дзейнічае адзіная для ўсіх дзярж. ун-таў сістэма крэдытавання студэнтаў (крэдыт даецца малазабяспечаным студэнтам на 10—12 гадоў, які выпускнік у абавязковым парадку выплачвае — 5% ад свайго заробку — да пагашэння доўгу). У пач. 21 ст. сістэма адукацыі ў Ч. лічыцца найб. эфектыўнай і стабільнай у Лац. Амерыцы. Найбуйнейшая бібліятэка — Нац. б-ка Ч. ў Сант’яга (з 1813; больш за 2 млн. тамоў). Асноўныя музеі ў сталіцы Ч.: Нац. гістарычны, Нац. выяўл. мастацтва і музыкі, прыроднай гісторыі, сучаснага мастацтва, амер. нар. мастацтва. Навук. даследаванні вядуцца ў АН, навук. цэнтрах, н.-д. установах, на кафедрах ун-таў.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 2002 у Ч. выдаваліся 52 штодзённыя газеты і інш. перыяд. выданні. Найбуйнейшыя агульнанац. газеты: «La Tercera» («Трэць гадзіны», з 1950), «Las Últimas Noticias» («Апошнія навіны», з 1902), «EI Mercurio» («Меркурый», з 1827). Інфарм. агенцтвы — «Орбэ сервісіяс інфарматывас» (з 1953) і «Агенцыя Чылі натысіяс» (з 1993). Радыёвяшчанне з пач. 1920-х г. Агульнанац. грамадская радыёстанцыя «Радыё кааператыва» (з 1935). Вяшчаюць 316 радыёстанцый. Тэлебачанне з 1959. Найбуйнейшыя тэлеканалы: грамадскі «Нацыянальнае тэлебачанне Чылі» (з 1968; 145 тэлевізійных станцый), прыватныя каталіцкія «Тэлетрэсе» і «Тэлебачанне каталіцкага універсітэта Вальпараіса», камерцыйныя «Чылівіжн», «Ла рэд», «Мегавіжн». Дзейнасць тэлекампаній кантралюе Нац. савет па тэлебачанні (з 1992).

Літаратура. Развіваецца ла ісп. мове. Першыя помнікі напісаны ісп. канкістадорамі П. дэ Вальдывіяй («Пісьмы пра адкрыццё і заваяванне Чылі», 1540—53) і А. дэ Эрсілья-і-Суньігай (паэма «Араўкана», 1569—89). У л-ры калан. перыяду (16—18 ст.) пераважалі гіст. аснова, эпічная героіка з элементамі крэольскага фальклору (творы А. дэ Авалье, Ф.​Гомеса дэ Відаурэ, П. дэ Оньі). Пашырылася паэзія малых форм, пераважна сатыр. зместу (куплеты, эпіграмы, жартоўныя экспромты). У перыяд вайны за незалежнасць і станаўлення рэспублікі развівалася паліт. публіцыстыка (К.​Энрыкес) і драматургія (Х.​Эганья). Пошукі нац. самавызначэння вяліся ў рэчышчы рамантызму і кастумбрызму (Х.​Х.​Вальеха, Х.​В.​Ластарыя, Г.​Мата, С.​Санфуэнтэс). Складваўся крытычны рэалізм (цыклы раманаў Л.​Арэга Лука, А.​Блеста Галы). У пач. 20 ст. зарадзіліся нац. мадэрнізм (паэзія А.​Боркеса Солара, М.​Магальянеса Моўрэ, К.​Песоа Веліса, проза Э.​Барыяса, П.​Прада), мунданавізм (Ф.​Калтрэрас), імажынізм (А.​Д’Альмар). Літ. крэалізм з ідэяй фарміравання лац. характару прыродным асяроддзем выявіўся ў творчасці Ф.​Ганы, М.​Латорэ, В.​Д.​Сільвы. Адначасова распрацоўваліся тэмы горада, жыцця простых людзей (Н.​Гусман, К.​С.​Лейтан, Х.​Эдвардс Бельё). У 1920-я г. пачынаецца росквіт паэзіі Г.Містраль, П.Нэруды, В.​Уйдобра. З сярэдзіны 20 ст. развівалася рэаліст. проза з сац. арыентацыяй і маст. эксперыментамі (Ф.​Алегрыя, Х.​Далоса, Ф.​Калаане, Э.​Лафуркод, М.​Рохас). У 1990-я г. л-ру Ч. прадстаўлялі празаікі В.Тэйтэльбойм, І.​Альелдэ, Л.​Сепульведа, М.​Серана, А.​Скармета, паэты М.​Агасін, Х.​Кесада, А.​Лара, Н.​Пара, драматургі І.​Агірэ, С.​Валдаловік, Х.​Дыяс, А.​Сьевекінг. На бел. мове выдадзены творы Нэруды («Крыві бунтоўнай кроплі», 1976), Містраль («Ветраліст», 1984). Сярод перакладчыкаў на бел. мову Р.​Барадулін, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, С.​Грахоўскі, А.​Грачанікаў, Х.​Жычка, М.​Калачынскі, І.​Калеснік, Г.​Кляўко, А.​Куляшоў, А.​Лойка, Я.​Семяжон, М.​Талк, К.​Шэрман і інш.

Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад стараж. мастацтва індзейцаў, звязанага з развітымі культурамі Перу, на тэр. Ч. захаваліся руіны крэпасцей, паселішчаў, размаляваная і фігурная кераміка, наскальныя малюнкі. Вылучаюцца гіганцкія каменныя скульптуры на в-ве Рапануі (Вялікадня). Індзейцы пустыні Атакама будавалі хаціны з каменю і кактусаў, паўд. далін — з ілу і каменю. Традыцыі стараж. мастацтва захаваліся ў нар. творчасці: драўляныя надмагільныя слупы індзейцаў араўканаў са схематычнымі фігурамі, ткацтва, ганчарства, апрацоўка серабра, размалёўка і разьба па дрэве. З 16 ст. будавалі форты, гарады з прамавугольнай сеткай вуліц і цэнтр. плошчай, касцёлы, 1-павярховыя дамы з адобы (цэгла-сырэц з рэзанай саломай) з унутр. дворыкамі-патыо, парталамі і ўзорыстымі метал. кратамі на вокнах; узніклі рэліг. жывапіс і скульптура. У 18 — пач. 19 ст. будавалі ў стылях барока і класіцызму (арх. Х.​Таэска-і-Рычы, М. дэ Хара Кемада), развіваліся жывапіс, скульптура, гравюра (А.​Сантэлісес). У 1850 арх. К.​Ф.​Бруне дэ Бен заснаваў нац. арх. школу пры Чылійскім ун-це. Складзены план развіцця г. Сант’яга (1841—53), узведзены парадныя класіцыстычныя будынкі (Муніцыпальны т-р, 1853—73; Нац. кангрэс, 1876). У 2-й пал. 19 ст. сфарміравалася чылійская арх. школа (Х.​Гандарыльяс, М.​Альдунатэ, Ф.​Вівасета і інш.); мастакі П.​Ліра, М.​А.​Кара заклалі асновы нац. гіст. і пейзажнага жывапісу. Вылучаліся партрэтысты Ф.​К.​Мандзьёла, А.​Гана. У 1938—42 рэканструяваны цэнтр Сант’яга, узведзены манум. грамадскія будынкі. З 1950-х г. вядзецца комплекснае буд-ва жылых раёнаў у прадмесцях вял. гарадоў. У 1960—70-я г. ўзводзілі вышынныя і сейсмаўстойлівыя будынкі. З 1980-х г. будуюць у сучасных стылях. У жывапісе і графіцы 20 ст. пашыраны розныя мадэрнісцкія плыні (К.​Пероці, М.​Кольвін), нарадзілася сацыяльна актыўнае рэаліст. мастацтва (графік К.​Эрмасілья Альварэс, жывапісец і графік Х.​Вентурэльі, скульпт. В.​Арыяс, манументаліст і графік Х.​Эскамес, жывапісцы М.​Банта, Х.​Кабальера); шматлікія брыгады насценнага жывапісу стваралі размалёўкі на быт., гіст. і інш. тэмы.

Музыка. Складаецца з індзейскай і крэольскай музыкі. Стараж. муз. культуру захоўваюць нашчадкі чылійскіх абарыгенаў араўканы: лірычныя, дзіцячыя, прац., ваен., рытуальныя песні, разнастайныя танцы; муз. інструменты: ударныя (барабан культрун) і духавыя (трутрука, лалкінь). Характэрныя песенныя і песенна-танц. жанры нар. крэольскай музыкі — танада, куэка, рэфалоса, куандо; асн. муз. інструменты — гітара, арфа. Прафес. музыка развіваецца з 1810-х г. Створаны філарманічнае т-ва ў Сант’яга (1827), муз. школа (1849, з 1851 кансерваторыя). Муніцыпальны т-р («Тэатро мунісіпаль», 1857). Сярод кампазітараў 19 ст. — М.​Роблес, З.​Артыс дэ Саратэ (аўтар першай нац. оперы, 1895), Х.​Сапіёла. Для кампазітарскай школы 1-й пал. 20 ст. характэрны 2 асн. кірункі: нац. (П.​У.​Альендэ Сарон, Р.​Асеведа, К.​Ісаміт, К.​Лавін, Х.​У.​Урутыя Бландэль) і еўрап. з арыентацыяй на імпрэсіянізм, экспрэсіянізм, неакласіцызм і інш. (А.​Катапас, Д.​Санта-Крус Вільсан, Э.​Сора, Х.​Арэга Салас, К.​Бота, К.​Рыеска і інш.). У 1950-я г. вылучылася група «Тонус» з еўрап. аваягардысцкай музыкай (заснавальнікі Э.​Эйтлер, Ф.​Фоке), у 1960-я г. — муз. рух «Новая песня» (С.​Артэга, А. і І. Пара, В.Хара). Адмоўна на муз. мастацтве адбілася панаванне ваен. хунты. На 2000 дзейнічаюць у Сант’яга: Сімф. (з 1941) і Муніцыпальны (з 1955) аркестры. Муніцыпальны т-р, Нац. балет (з 1945), Муніцыпальны балет (з 1959), хары «Арфеон», Чылійскага і Каталіцкага ун-таў, стр. квартэт Сант’яга (з 1954), фалькл. калектывы. Працуюць Нац. кансерваторыя, Ін-т павышэння муз. культуры пры Чылійскім ун-це (з 1940).

Тэатр. Вытокі тэатр. культуры Ч. ў абрадах і танцах індзейцаў, што насялялі краіну. Першыя тэатр. паказы ў 16 ст. наладжвалі святары-місіянеры. У 18 ст. з’явіліся спец. тэатр. будынкі, дзе выступалі ісп. акцёры. Ставіліся творы характэрных жанраў ісп. т-ра — лоа, танадыльі, сайнеце, энтрэміш, п’есы Лопэ дэ Вэгі і інш. З пач. 19 ст. фарміруецца нац. драматургія (А.​Асеведа Эрнандэс, Д.​Барас Грэс). У 1930—40-я г. ў гарадах узніклі аматарскія тэатр. калектывы. У Сант’яга створаны Малы універсітэцкі т-р (1939), на аснове якога рэж. П. дэ ла Бара ў 1941 заснаваў Эксперым. т-р Чылійскага ун-та (у 1959 на яго базе створаны Тэатр. ін-т). У 1943 узнік Эксперым. т-р Каталіцкага ун-та, у 1946 — Незалежны т-р, які ўвёў у практыку сістэму К.​Станіслаўскага. У 1950-я г. з’явіліся эксперым. т-ры ў філіялах Чылійскага ун-та, у г. Чыльян, Тэатр. аб’яднанне Вальпараіса, т-р Кансепсьёнскага ун-та, акцёры якога (У. і Э. Дзювашэлі, актрыса О.​Эскамес) стварылі трупу «Куатро». Група дзеячаў з т-ра Каталіцкага ун-та заснавала камед. т-р «Іктус». У канцы 1960-х г. актрыса т-ра Каталіцкага ун-та А.​Гансалес стварыла незалежную трупу «Эль Анхель». Калектывы «Куатро», «Інкус» і «Эль Анхель» свой рэпертуар будавалі на надзённым матэрыяле. У 1970-я г. вядучыя т-ры звярнуліся да сусв. класікі. Шырокае развіццё атрымаў аматарскі т-р. У 1969 створана Асацыяцыя аматараў т-ра. Самы вял. тэатр будынак — «Тэатра мунісіпаль» (з 1857). Сярод найбуйнейшых тэатр. дзеячаў дэ ла Бара, Д.​Бенавентэ, А.​Бюрле, А.​Гансалес. М.​Гансалес, Э.​Пуэльма, М.​Ксіргу, М.​Малуэнда, П.​Мартэйру, Э.​Марцінес, Р.​Парада, М.​Партной, Р.​Сатаканіль, В.​Хара і інш. У рэпертуары т-раў Ч. канца 20 — пач. 21 ст. замежныя класічныя і сучасныя, а таксама чылійскія п’есы Асеведа Эрнандэса, А.​Мука, Бараса Грэса, Ф.​Куадры, Х.​Лука Кручагі, Э.​Бунстэра і інш.

Кіно. Першая чылійская кінастужка ў Ч. знята ў 1902. У 1900—1910-я г. ў Ч. здымаліся дакумент. фільмы, з 1917 пачаўся выпуск паўнаметражных ігравых фільмаў. У 1920-я г. працавалі рэжысёры Х.​Бор, Х.​Дэлана, К.​Кар’ёла, П.​Сьена. У 1934 зняты першы гукавы фільм «Поўнач і Поўдзень» (рэж. Дэлана). Сярод нац. фільмаў «Горкая праўда» (1945, рэж. К.​Баркоске), «Пракляты крок» (1949, рэж. Ф.​Матэр). К канцу 1940-х г. чылійскія фільмы выцесніла кінапрадукцыя ЗША. У 1950—60-я г. працавалі рэжысёры Бор, Дэлана, Э. дэ Міўора, М.​Франк; у т.зв. «новым кіно» — А.​Кавасевіч, П.​Каўлен, М.​Крамарэнка, М.​Літын, Р.​Руіс, Э.​Сота, А.​Франсія. У фільмах пач. 1970-х г. пераасэнсаванне і ўзнаўленне гісторыі краіны: «Канец гульні» (рэж. Л.​Карнеха), «Аперацыя «Альфа» (рэж. Э.​Артэга), «Адной малітвы мала» (рэж. Франсія), «Зямля запаветная» (рэж. Літын). У канцы 1970-х г. з-за паліт. падзей нац. кінапрам-сць паралізавана. За мяжой стваралася т.зв. чылійскае кіно супраціўлення: фільмы здымаліся ў СССР — «Ноч над Чылі» (1977 рэж. С.​Аларкон, А.​Косараў), «Падзенне Кандора» (1982, рэж. Аларкон), у Швецыі — «Я б хацела мець сына» (1973), на Кубе — «Знікнуўшыя вязні» (1979, абодва рэж. С.​Кастылья), у Францыі і Балгарыі — «У Сант’яга ідзе дождж» (1975, рэж. Сота), у Нікарагуа — «Альсіна і Кандор» (1982, рэж. Літын). У канцы 1980-х г. з эміграцыі вярнуліся рэжысёры Г.​Анселавіч, П.​Гусман, Кастылья, Літын, Сота і інш. Склалася новае пакаленне рэжысёраў: І.​Агуэра, Х.​К.​Бустамантэ, Т.​Гавіёла, С.​Каёці, Л.​Какінг, К.​Санчэс, Г.​Хусцініяна. Сярод вядучых акцёраў Э.​Беадле, Р.​Бенавентэ, Н.​Вільягра, А.​Каэн, Л.​Краксата, Л.​Манса, Е.​Муньёс. З 1990 у г. Вінья-дэль-Мар праводзіцца Міжнар. фестываль лацінаамер. кіно.

Літ.:

Очерки истории Чили. М., 1967;

Бурстин Э. Чили при Альенде: взгляд очевидца: Пер. с англ. М., 1979;

Хачатуров К.А. Латиноамериканские уроки для России. М., 1999;

Культура Чили. М., 1968;

Музыка стран Латинской Америки. М., 1983;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки в XX в. М., 1972;

Алегрия Ф. Горизонты реализма: Пер. с исп. М., 1974.

І.​І.​Пірожнік (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​А.​Юшкевіч (узброеныя сілы), Н.​Р.​Кошалева (гісторыя), Л.​У.​Языкович (асвета), Л.​А.​Фядотаў (друк, радыё, тэлебачанне), І.​Л.​Лапін (літаратура), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Чылі.
Ціхаакіянскае ўзбярэжжа ў Сярэднім Чылі.
Да арт. Чылі. Касцёл Сан-Франсіска ў Сант’яга. 16—17 ст.
Акт аб дзяржаўнай незалежнасці Чылі 1818.
Да арт. Чылі. На адной з вуліц г. Сант’яга ў дні ваеннага перавароту. Верасень 1973.
Да арт. Чылі. Касцёл у Парынакоце. 18 ст.
Да арт. Чылі. Х.​Кабальера. Сціплы пейзаж.
Да арт. Чылі. Керамічны зоан з г. Арыка. Культура Хентылар.
Да арт. Чылі. Каменныя скульптуры на востраве Рапануі.

т. 17, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНГЛАДЭ́Ш, Народная Рэспубліка Бангладэш,

дзяржава ў Паўд. Азіі. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. Індыйскага ак. На З, Пн і У мяжуе з Індыяй, на ПдУ — з М’янмай. Пл. каля 144 тыс. км². Нас. 116,6 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Дака. Падзяляецца на 64 акругі. Дзярж. мовы бенгальская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (26 сак.).

Дзяржаўны лад. Бангладэш — унітарная рэспубліка з парламенцкай формай праўлення. Парламент — аднапалатная Нац. асамблея (330 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў 5 гадоў). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў і выконвае прадстаўнічыя функцыі. Кіраўнік выканаўчай улады — прэм’ер-міністр.

Прырода. Каля 90% — плоская алювіяльная нізіна ў межах буйнейшай у свеце агульнай дэльты Ганга і Брахмапутры (выш. 1—3 м над узр. м. ў прыморскіх раёнах, 6—20 м на З і ПнЗ), парэзаная сеткай рэк і каналаў. На Пн узвышшы Барынд і Мадхурпур, на ПдУ горы Чытагонг і Лушаі (да 1230 м). З карысных выкапняў невял. радовішчы прыроднага газу, нафты, каменнага вугалю, торфу, жал. руды, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны мусонны з вільготным (май—кастр.) і сухім сезонамі. У вільготны сезон т-ра паветра 28—35 °C, у сухі 15—25 °C. Ападкаў 2000—3000 мм за год. Частыя паводкі, ураганы і нагоны вады з мора, радзей засухі. Глебы алювіяльныя, рыхлыя, пераважна сугліністыя і супясчаныя, лёгка паддаюцца апрацоўцы. Пашырана эрозія глебаў, у прыморскіх раёнах — засаленне. Рэкі — Ганг, Брахмапутра са шматлікімі прытокамі і пратокамі: выкарыстоўваюцца для арашэння і суднаходства. Пераважае культ. расліннасць; на ПдУ захаваліся трапічныя вечназялёныя бамбукавыя і пальмавыя лясы (каля 14% тэрыторыі), уздоўж узбярэжжа — мангравыя зараснікі. Нац. паркі Чытагонг, Мадхурпур.

Насельніцтва. 98% — бенгальцы. Ёсць мусульманскія выхадцы з Індыі. На ўскраінах і ў гарах на ПдУ жывуць малыя народнасці асама-бірманскага паходжання (чакма, могх, кхаст, санталы і інш.). Сярэднегадавы прырост 2,4%. Паводле веравызнання больш за 85% вернікаў мусульмане, каля 12% індуісты. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 810 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце), у многіх раёнах перавышае 1 тыс. чал. На 1 км². У гарадах каля 14% жыхароў краіны. Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Дака — 3638, Чытагонг — 1566, Кхулна — 601, Нараянгандж, Маймансінгх, Раджшахі. Сярэдняя працягласць жыцця 52 гады.

Гісторыя. Тэр. Бангладэш заселена ў палеаліце. У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры — сярэдзіне 1-га тыс. нашай эры існавалі дзярж. ўтварэнні, у т. л. Ванга (7—6 ст. да нашай эры), ад якой і пайшла назва Бенгалія, потым Бангладэш (краіна бенгальцаў). У 6—13 ст. нашай эры ў дзяржаве Бенгаліяй правілі дынастыі Гаўда, Палаў і Сенаў. На рубяжы 12—13 ст. яе захапіў Дэлійскі султанат, ва ўсх. яе частцы пануючай рэлігіяй становіцца іслам. З сярэдзіны 14 ст. Бенгалія незалежная. У 1576 яе захапілі Вялікія Маголы. На пач. 18 ст. краіна зноў самастойная, на той час — самая густанаселеная і развітая частка Індастана. У сярэдзіне 18 ст. адсюль англічане пачалі экспансію ў Індастан. Пасля бітвы пры Плесі (1757) Бенгалія — уладанне англ. Ост-Індскай кампаніі. Каланіяльны рэжым прывёў краіну ў заняпад. У 19 ст. ў агульным рэчышчы вызв. руху Індастана ў Бенгаліі сфарміраваўся нац.-вызв. рух. У 20 ст. ім кіраваў Індыйскі нацыянальны кангрэс, а ва Усх. Бенгаліі — і мусульм. ліга. Пасля падзення каланіялізму ў Індыі (1947) б. брытанская калонія падзелена паводле рэліг. прынцыпу на 2 дзяржавы — Індыю і Пакістан; Усх. Бенгалія апынулася ў складзе апошняй як яе частка. Дзярж. ўладу ў краіне захапілі маёмныя колы Зах. Пакістана, якія праводзілі тут палітыку жорсткай эксплуатацыі. Асабліва востра паўстала моўная праблема; дзярж. мовай Пакістана — урду — валодалі 1,1% жыхароў Усх. Пакістана. За раўнапраўе абедзвюх частак краіны выступілі камуністы і чл. Нар. лігі (узнікла ў 1949 і стала самай уплывовай паліт. сілай краіны). Нац. праблема тут ускладнялася цяжкім сац.-эканам. становішчам. Усх. Пакістан быў у ліку самых адсталых рэгіёнаў свету. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. бенгальскае пытанне стала прыярытэтным у комплексе праблем Пакістана, ахопленага дзярж. крызісам. На агульных выбарах 1970 перамагла Нар. ліга на чале з М.Рахманам, якая запатрабавала поўнай аўтаноміі Усх. Пакістана, замацаванай канстытуцыяй. Правячыя колы Зах. Пакістана пачалі супраць бенгальцаў жорсткія рэпрэсіі, якія прывялі да ўцёкаў апошніх у суседнюю Індыю і гібелі каля 3 млн. чал. У Бенгаліі пачалася агульнанац. кампанія непадпарадкавання, якая перарасла ва ўзбр. барацьбу партызанаў (мукці-бахіні). 26.3.1971 бенгальскія нац. сілы абвясцілі незалежную краіну Бангладэш. На дапамогу бенгальцам прыйшлі ўзбр. сілы Індыі разам з мукці-бахіні. У снеж. 1971 войскі Пакістана капітулявалі. Урад новай краіны ўзначаліў вызвалены з турмы М.​Рахман. Пакістанцы-небенгальцы пакінулі Бенгалію. Паліт. ўлада ў Бенгаліі апынулася ў руках сярэдняй і дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, служачых, заможных землеўладальнікаў. Урад спрабаваў вырашыць сац. пытанні шляхам шырокай нацыяналізацыі прам-сці, банкаў, стварэннем дзяржсектара і планаваннем у эканоміцы. Непадрыхтаванасць новай улады, цяжкая эканам. спадчына, стыхійныя бедствы прывялі да паліт. напружанасці. У выніку дзярж. ваен. перавароту і забойства М.​Рахмана (жн. 1975) настаў 15-гадовы перыяд смуты, за час якой адбыліся 4 ваен. перавароты, забіты 2 прэзідэнты, 9 гадоў існавала прамое ваен. праўленне, 5 гадоў абмяжоўвалася канстытуцыя. Абраны ў чэрв. 1977 прэзідэнт З.​Рахман стварыў Нацыяналіст. партыю Бангладэш (НПБ) і абвясціў асн. прынцыпамі сваёй палітыкі іслам, дэмакратыю, нацыяналізм, сац. справядлівасць. У маі 1981 З.​Рахман забіты. У сак. 1982 да ўлады прыйшоў ген. Х.​М.​Эршад, які ажыццяўляў праграму «19 пунктаў» (дапамога сельскай гаспадарцы, дэнацыяналізацыя, пашырэнне дзейнасці прыватнага капіталу, у т. л. замежнага). Дзеянні апазіцыі ў снеж. 1990 прывялі да падзення рэжыму Эршада. На першых свабодных выбарах у лют. 1991 перамагла НПБ на чале з удавой З.​Рахмана Х.​Зія, якая ўзначаліла ўрад. Асн. апазіц. партыяй стала Нар. ліга (лідэр Х.​Вазед, дачка М.​Рахмана). Прэзідэнт краіны (з кастр. 1991) Абдур Рахман Бісвас кіруецца прынцыпамі бангладэшскага нацыяналізму і ісламу. Кіруючая партыя імкнецца да правядзення рыначных рэформаў, умацавання прам-сці і с.-г. вытворчасці.

Бангладэш — чл. ААН (з 1974), а таксама Садружнасці, Руху недалучэння, арг-цыі «Ісламская канферэнцыя»; ініцыятар стварэння ў 1985 Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва Паўд. Азіі. Дыпламат. адносіны з Беларуссю ўстаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі. Дзейнічае каля 100 паліт. партый і груповак. Асн. з іх — Нацыяналіст. партыя Бангладэш, Нар. ліга, Нац. партыя Бпнгладэш, Джамаат-і-ісламі, Кампартыя Бангладэш і інш.

Гаспадарка. Бангладэш — агр. краіна з многаўкладнай эканомікай. Паводле класіфікацыі ААН уваходзіць у лік найменш развітых краін. Штогадовы валавы нац. прадукт 24 млрд. дол. ЗША (каля 200 дол. на чалавека). Найб. развіта сельская гаспадарка (67% зямель апрацоўваюцца), якая дае 40% нац. прадукту. У ёй занята 74% эканамічна актыўнага насельніцтва. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі з нізкай вытв-сцю і таварнасцю. Характэрныя абмежаванасць зямельнага фонду, агр. перанасяленне. На б.ч. палёў штогод збіраюць 2—3 ураджаі. Гал. харч. культура — рыс (80% пасяўных плошчаў, штогадовы збор каля 15 млн. т), вырошчваюць таксама пшаніцу (каля 1,5 млн. т), ячмень, бабовыя (фасоля, чачавіца і інш.), бульбу, агародніну і садавіну. Краіна не забяспечвае сябе харч. прадуктамі, штогод імпартуе каля 2 млн. т збожжа. Асн. тэхн. і экспартныя культуры: джут (каля 1 млн. т, 2-е месца ў свеце пасля Індыі), цукр. трыснёг, бавоўна, тытунь, алейныя (рапс, кунжут, гарчыца, арахіс), чай (штогадовы збор каля 40 тыс. т). Пагалоўе буйн. раг жывёлы каля 24 млн. (выкарыстоўваецца пераважна як цяглавая сіла), дробнай раг. жывёлы (пераважна козаў) каля 11 млн., птушкі каля 90 млн. Прэснаводнае (у сажалках, рэках і на рысавых палях) і марское рыбалоўства штогод дае каля 1 млн. т рыбы. Здабываюць прыродны газ (на ПнУ, каля 2,5 млрд. м³ штогод), нафту (забяспечвае 0,5% патрэбы краіны), вапняк, буд. матэрыялы. Вытв-сць электраэнергіі каля 5 млрд. КВт∙гадз. ГЭС на р. Карнахпулі. Большасць прадпрыемстваў занята перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Найб. развіты тэкст., пераважна джутавая (тканіны, дываны) і баваўняная, прам-сць. Развіваюцца тэкст. (швейная і трыкат. галіны), харч. (цукр., чайная, алейная, саляная, тытунёвая, рысаачышчальная), папяровая, хім. (вытв-сць угнаенняў, хімікатаў, лекаў, фарбавальнікаў); машынабудаванне (вытв-сць станкоў, дызельных рухавікоў, тэлеф. абсталявання, радыёпрыёмнікаў, суднабудаванне, суднарамонт, зборка з імпартаваных дэталяў). Металургічны і нафтаперапр. з-ды ў Чытагонгу, вытв-сць цэменту ў Чхатаку. Важнае значэнне маюць хатнія промыслы, рамесніцтва і дробная прам-сць (гарбарная, ганчарная і інш.), у якіх занята больш за 1 млн. чал. Саматужнае ткацтва (больш за 300 тыс. чал.) амаль цалкам забяспечвае патрэбы насельніцтва ў тканінах. На долю ўнутр. воднага транспарту прыпадае 75% грузавых і пасажырскіх перавозак. Працягласць водных шляхоў з пастаяннай эксплуатацыяй 8 тыс. км. Агульная працягласць чыгунак 2818 км, аўтадарог 10 500 км. Асн. рачныя парты і чыг. вузлы Нараянгандж, Кхулна, Сілхет, Маймансінгх. Асн. грузапатокі з Пн на Пд (джут, скуры, чай) і з Пд на Пн (збожжа, машыны і абсталяванне, хімікаты). Марскі транспарт забяспечвае знешнеэканам. сувязі. Марскія парты Чытагонг і Чална. Авіяц. транспарт звязвае буйнейшыя гарады краіны з 26 краінамі Азіі, Афрыкі і Еўропы. Агульны тавараабарот 5,6 млрд. дол. ЗША (1991/92 фін. год), экспарт — 2 млрд. дол., імпарт — 3,6 млрд. дол. Экспартуе джут, джутавыя і скураныя вырабы, чай, рыбу, морапрадукты, адзенне, сантэхн. і кухоннае абсталяванне, абутак, электрабыт. прылады і інш. Імпартуюцца нафта і нафтапрадукты, металы, машыны і абсталяванне, збожжа і інш. харч. прадукты. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Сінгапур, ААЭ, Кітай, Расія. Грашовая адзінка — така.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Бангладэш выходзіць больш за 90 штодзённых газет, больш за 340 штотыднёвых і каля 180 інш. перыяд. выданняў. Інфармацыйныя агенцтвы: дзярж. Бангладэш Сангбад Сангаста (БСС) і прыватнае Юнайтэд Ньюс оф Бангладэш (ЮНБ). Радыё і тэлебачанне — дзярж., на бенгальскай і англ. мовах.

Літаратура. Развіваецца на бенгальскай мове. Яе спецыфіка абумоўлена цеснай сувяззю з традыцыйнай мусульм. культурай і рэгіянальнымі асаблівасцямі. У 15—18 ст. бенгальскія мусульмане стварылі нямала паэт. твораў на бенгальскай мове, у якіх адчувалася наследаванне араб. і перс. канонам. У адрозненне ад індусаў бенгальскія мусульмане не абнаўлялі ў 19 ст. сваю культуру і л-ру. Першы паэт-мусульманін, які набыў усебенгальскае прызнанне, — Назрул Іслам. Даследчык усх.-бенгальскага фальклору Джасімуддзін стаў вядомы сваімі песнямі і паэмамі ў нар. духу. Паэты Гулам Мустафа і Суфія Камал трымаліся літ. традыцый; Фарук Ахмад і інш. супрацьпастаўлялі сваю творчасць агульнабенгальскім традыцыям. Плённа развіваецца паэзія, якая наследуе традыцыі Р.​Тагора, бенгальскай л-ры 1930-х г. і знаходзіцца пад уплывам сусв. паэзіі 20 ст. Буйнейшы паэт — Шамсур Рахман, творы якога адлюстроўваюць трагічны лёс краіны. Іншыя вядомыя паэты: Ахсан Хабіб, Саід Алі Ахсан, Хасан Хафізур Рахман, аль-Махмуд, Шахід Кадры, Нірмаленду Гун. Развіваецца таксама проза: раманы Саіда Валіулы, апавяданні Шаўката Асмана, творы Абул Фазла, Абу Ісхака і інш. Арганізац. цэнтр л-ры — Бенгальская акадэмія (г. Дака).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Бангладэш захаваліся помнікі мастацтва 12 ст.: рэшткі ўмацаванняў г. Пундранагара (Махастхан), будыйскіх манастыроў у Пахарпуры і Майнаматы з тэракотавымі рэльефамі на міфалагічныя тэмы, з круглай каменнай і бронз. скульптурай. Пасля мусульм. захопу (канец 12 — пач. 13 ст.) у культуру Бангладэш прыйшлі маст. традыцыі Сярэдняй Азіі, Бліжняга і Сярэдняга Усходу, пашырылася буд-ва мячэцяў, мінарэтаў, медрэсэ. У 16—17 ст. дасягнуў росквіту мініяцюрны жывапіс. У 18—19 ст. разам з традыц. тыпамі збудаванняў («Зоркавая мячэць» у г. Дака) узводзіліся чыг. вакзалы, муніцыпалітэты ў стылі англ. неакласіцызму (будынак банка ў г. Дака). Грамадскія будынкі сярэдзіны 20 ст. пабудаваны ў стылі, які спалучае сучасныя канструкцыі і матэрыялы з традыц. формамі (мячэць Байтул Мукарам у г. Дака). Рэаліст. творы ў духу еўрап. мастацтва створаны жывапісцамі і графікамі (З.​Абедзін, А.​Сафіуддзін, К.​Хасан). Некаторыя мастакі абапіраюцца на традыцыі магольскай мініяцюры і стараж. інд. размалёўкі (Х.​Рахман). Творчасць жывапісцаў М.​Башыра, М.​Кібрыя, графіка К.​Чаудхуры адметная імкненнем да зах. мадэрнізму. У дэкар.-прыкладным мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і слановай косці, ганчарства, ткацтва.

Музыка. Найб. раннія этапы станаўлення музыкі Бангладэш адносяцца да 3—2-га тыс. да нашай эры У сярэдзіне 1-га тыс. да нашай эры склалася культура напеўнай рэчытацыі тэкстаў Ведаў. На пач. нашай эры фарміравалася музыка высокай традыцыі (пераважна вакальная), у 4—7 ст. расквітнела тэатр. музыка. З 13 ст. ў рэчышчы культуры хіндустані развівалася класічная музыка. У 14—16 ст. склалася прыдворная вак. традыцыя дхрупад, адметная велічнасцю і павольнасцю разгортвання, філас. зместам. У 17—18 ст. з яе вылучылася самаст. вак. традыцыя кхаял з больш экспрэсіўным тыпам спеваў. Музыка Бангладэш уключае і разнастайныя муз.-танц.-тэатр. формы, звязаныя з побытам (бхатыялі). Сярод муз. інструментаў: струнныя — віна, сітар, сарод, сарангі, тампура, сантур; ударныя — табла, пакхавадж, мрыданга, барабаны; духавы — бансуры (драўляная флейта). На мяжы 19—20 ст. пашырылася інстр. музыка. Вял. ўклад у муз. культуру Бангладэш зрабіў Р.Тагор. У Бангладэш працуюць Муз. акадэмія і Т-ва па развіцці мастацтваў і л-ры.

Тэатр. У Бангладэш да нашага часу захаваўся стараж. від інд. нар. т-ра — джатра, які бярэ пачатак з ігрышчаў пастухоў і рэліг. працэсій культу Вішну — Крышны. Ён аб’ядноўвае танец, пантаміму, слова, інстр. і вак. музыку. У канцы 19 — пач. 20 ст. тэатр узбагаціўся новымі тэмамі, героямі сталі гіст. асобы, барацьбіты за нац. вызваленне. Выканаўцы — юнакі і мужчыны; гал. спявак (бібек) дае каментарыі, тлумачыць ход тэатр. дзеяння.

Кіно. У 1959 зняты першы ў Бангладэш фільм «Цячэ рака» («Прыйдзе дзень», рэж. Дж.​Кардар). У 1960-я г. здымаліся меладрамы на ўзор інд. камерцыйнай прадукцыі, прытчы. У 1970—80-я г. створаны фільмы, якія закранаюць сац. пытанні, барацьбу за незалежнасць; экранізуецца літ. класіка, нар. легенды. Сярод найб. значных фільмаў: «Усё яшчэ ноч», «Вяртанне да жыцця», «Апошні школьны званок» (усе рэж. Х.​А.​Рахман), «Бесхарактарны чалавек» (рэж. Б.​Іслам), «Паміж небам і зямлёй» (рэж. С.​Дата), «Цябе пакліча мая флейта» (рэж. Міта), «Бясконцая дарога» (рэж. А.​Хусейн). У краіне 5 кінастудый, у т. л. 1 дзяржаўная.

Літ.:

Ермошкин Н.И. Бангладеш: Годы борьбы и становления (1966—1974). М., 1979;

Народная Республика Бангладеш: Экономика, история, культура. М., 1979.

Ю.​В.​Ляшковіч (гаспадарка), М.​Г.​Елісееў (гісторыя).

Герб і сцяг Бангладэш.
Бангладэш. Будынак універсітэта ў г. Дака.
Бангладэш. Вёска ў акрузе Чытагонг.

т. 2, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГА (Congo), Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас. р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс. км². Нас. 47 440 тыс. чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр. ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г. Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст. адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.

Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл. Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас. р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн. кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас. р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс. ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.

Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач. н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас. р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас. р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.​Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.

ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас. р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш. еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт. партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г. Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.

У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.​Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.​Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.​Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.​Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл. ААН (з 1960), Арг-цыі афр.

адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.

Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн. га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн. га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн. га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс. т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс. т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс. м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс. т (1994). У прамысловасці найб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд. кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас. р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс. т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.

Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал. прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс. км, чыгунак 5,1 тыс. км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс. км, з іх 2,4 тыс. км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд. дол., імпарт — 0,87 млрд. дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал. гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн. навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед. ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.

Літ.:

Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.

З.​М.​Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).
Да арт. Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.
Да арт. Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.

т. 8, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),

дзяржава на аднайм. астравах у паўд.-зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс. км², Паўднёвы — 151,8 тыс. км²) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс. км²). Пл. 269,1 тыс. км². Нас. 3662,3 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Уэлінгтан, асн. прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).

Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т. л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.

Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр. ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-ра ліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял. нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Паўднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс. км²), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс. ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.

Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.

Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.​Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд. ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.​Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн. м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн. т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд. кВт гадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч. прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т. л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн. га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн. га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс. т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс. т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс. т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т. л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс. км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд. дол., імпарт — 13 млрд. дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.

Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ. літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.​Домета і Т.​Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.​Голдэра і Дж.​Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.​Э.​Баркер) і т.зв. калан. раман (Дж.​Уайт, Дж.​Г.​Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.​Макей, У.​Сатчэл). Стваральніца рэаліст. псіхал. навел — К.​Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.​Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.​Мейсан, А.​Фэрберн, Д.​Гловер). У вершах А.​Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.​Р.​Херві, М.​У.​Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст. сац. рамана (Дж.​Лі, Дж.​Малган, Р.​Хайд, Ф.​Сарджэсан) і апавядання (Р.​Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.​Бакстэр, А.​Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.​Дэвін, М.​Джозеф, Н.​Хіліярд, С.​Аштан-Уорнер, Б.​Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т. л. псіхал. (М.​Шэдбалт, Б.​Міткаф, А.​Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.​Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.​Туварэ, В.​Іхімаэра, П.​Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш. маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.​Ліндаўэр, Ф.​Ходжкінс, Ч.​Ф.​Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.​Нейрн, П.​Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.​Ф.​Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.​Мітчэл) і акварэльны (Э.​Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.​О.​Грос), гарадскі (Э.​Пейдж) і індустрыяльны (Дж.​Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.​Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.

Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац. муз. культуры адыгралі А.​Нгата, кампазітары і спевакі К.​Тахаві, В.​Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.​Нгаваі, А.​Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.​Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.​Казінс, Д.​Лілбёрн, Э.​Локвуд, Дж.​Маклаўд, К.​Смол, Р.​Трымейн, Д.​Фаркуар.

Літ.:

Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;

Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;

Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).

Герб і сцяг Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.
Да арт. Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.
Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.
Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.

т. 11, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),

дзяржава на астравах у зах. ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс. км, з Пн на Пд на 1 тыс. км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс. чал. (1996). Сталіца — г. Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.

Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб. выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.

Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс. ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.

Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.​Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.​Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.​Табаі, з 1994 — Т.​Ціта.

Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн. дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс. га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс. т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс. т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн. кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кірыбаці.

т. 8, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАЯ ПРАВАСЛА́ЎНАЯ ЦАРКВА́ (РПЦ), Маскоўскі патрыярхат,

найбуйнейшая з праваслаўных аўтакефальных цэркваў у свеце. Традыцыйна часам заснавання лічыцца 988 — пачатак увядзення хрысціянства на Русі (гл. Хрышчэнне Русі). Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Кіеўскай Русі (адсюль назва РПЦ), узначальвалася мітрапалітам кіеўскім (гл. Кіеўская мітраполія). Знаходзілася спачатку, на думку царк. гісторыкаў, у юрысдыкцыі Охрыдскага (Балгарскага) патрыярхату, з 1037 — Канстанцінопальскага патрыярхату. У сувязі са спусташэннем Кіева мангола-татарамі ў 1240 мітрапаліцкая кафедра ў 1299 перанесена ва Уладзімір-на-Клязьме, у 1320-я г. — у Маскву. Пасля стварэння ва Усх. Еўропе 2 буйных самаст. дзяржаў — Вял. княства Маскоўскага і ВКЛ выявіліся тэндэнцыі да адасаблення іх правасл. цэркваў, кожная з якіх прэтэндавала на вяршэнства. У 1316 у Навагрудак быў прызначаны першы асобны літ. мітрапаліт Феафіл, аднак у наступныя паўтара стагоддзя мітрапаліты прызначаліся сюды нерэгулярна, што захоўвала адноснае адзінства РПЦ. У 1448 незалежна ад Канстанцінопальскага патрыярхату, які заключыў з папствам Фларэнційскую унію 1439, мітрапалітам маскоўскім абраны епіскап Іона, што лічыцца пачаткам аўтакефаліі (поўнай незалежнасці) РПЦ. Пасля падзення Візант. імперыі ў 1453 РПЦ з мітрапаліцкай кафедрай у Маскве стала найбуйнейшай правасл. царквой у свеце. У 1458 Літоўска-Навагрудская мітраполія (афіцыйна называлася Кіеўскай) пры мітрапаліце Грыгорыю Балгарыне канчаткова аддзялілася ад Маскоўскай, якая стала афіцыйна так называцца з 1459. У 1589 у РПЦ усталявана патрыяршаства (першы патрыярх — Іоў), што яшчэ больш павысіла яе статус сярод памесных правасл. цэркваў. Ў 1653—60 патрыярх Нікан правёў у РПЦ рэформы, каб прывесці абраднасць у адпаведнасць з першаўзорамі; аднак гэта прывяло да царк. расколу і вылучэння стараверства ў асобную арг-цыю. У 1700 пасля смерці патрыярха Адрыяна цар Пётр I прызначыў месцаахоўнікам патрыяршага прастола Стафана Яворскага, а ў 1721 увогуле скасаваў ін-т патрыяршаства, замяніўшы яго Духоўнай калегіяй, хутка перайменаванай у Свяцейшы Сінод. Сінод складаўся з вышэйшых іерархаў царквы, а ўзначальваў яго свецкі чыноўнік — обер-пракурор, які прызначаўся імператарам. 28.10(10.11).1917 патрыяршаства адноўлена пры адначасовым існаванні Сінода і Вышэйшага царк. савета, патрыярхам абраны епіскап Ціхан (В.​І.​Бялавін). Разам з тым аддзяленне царквы ад дзяржавы пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 карэнным чынам падарвала пазіцыі РПЦ. У пач. 1920-х г. у царк. іерархіі адбыўся раскол: частка епіскапаў выступіла супраць ін-та манаства, стварыла без дазволу патрыярха свой орган царк. кіравання — Вышэйшае царк. ўпраўленне — і стала звацца «абнаўленцамі» (гл. ў арт. Духавенства). Абнаўленцаў фактычна падтрымала дзяржава, прыхільнікі ж патрыярха Ціхана цярпелі вял. ганенні, большасць епархій у 1920—30-я г. спынілі сваю дзейнасць. У 1921 на саборы рас. эмігранцкага духавенства ў г. Срэмскі-Карлаўцы (Югаславія) была створана асобная Замежная рус. правасл. царква (існуе і цяпер сярод часткі рус. эміграцыі). У 1922 з-за цяжкасці нармальнага функцыянавання РПЦ у такіх складаных умовах патрыярх дазволіў на тэр. саюзных рэспублік самастойнае кіраванне ў межах асобнай епархіі ці іх групы; на падставе гэтага ў 1927 абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква. У Вял. Айч. вайну РПЦ заняла патрыятычную пазіцыю, месцаахоўнік патрыяршага прастола мітрапаліт Сергій (І.​М.​Страгародскі) 22.6.1941 выступіў з заклікам узняцца на абарону Радзімы. Адносіны дзяржавы да РПЦ палепшыліся, сталі адкрывацца храмы, пачалі выдавацца «Журнал Московской патриархии», рэліг. л-ра і інш. У 1943 на памесным саборы мітрапаліт Сергій быў абраны патрыярхам. Аднак у 1950—60-я г. дзейнасць РПЦ зноў стала абмяжоўвацца. З 1988 (год святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі) пачалася значная актывізацыя царк. жыцця. У 1989 у юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату створаны Бел. экзархат (гл. Беларуская праваслаўная царква). У пач. 1990-х г. у сувязі з распадам СССР у шэрагу б. сав. рэспублік вызначыліся тэндэнцыі да выхаду з-пад юрысдыкцыі РПЦ нац. правасл. цэркваў: у 1990 на Украіне адроджана Украінская аўтакефальная правасл. царква, у 1992 абвешчана стварэнне Украінскай правасл. царквы — Кіеўскага патрыярхату (не атрымалі кананічнага прызнання, пры гэтым большасць прыходаў Украіны засталіся ва Укр. правасл. царкве Маскоўскага патрыярхату); у 1995 частка эст. правасл. прыходаў перайшла ў юрысдыкцыю Канстанцінопальскай правасл. царквы. На 1.1.2000 у складзе РПЦ 130 епархій, 545 манастыроў, 19 417 прыходаў, каля 20 тыс. чал. духавенства. У юрысдыкцыю РПЦ уваходзяць Японская і Кітайская аўтаномныя правасл. цэрквы, 6 епархій у Еўропе і 1 у Паўд. Амерыцы, прыходы ў ЗША і Канадзе. Сістэма духоўнай адукацыі РПЦ уключае 5 духоўных акадэмій, 2 правасл. ун-ты, 23 семінарыі, 28 духоўных вучылішчаў і 13 пастарскіх курсаў. Друкаваны орган — «Журнал Московской патриархии». З 2000 пад патранажам РПЦ выдаецца шматтомная «Праваслаўная энцыклапедыя».

Літ.:

Русская Православная церковь, 988—1988. Вып. 1. Очерки истории I—XIX вв. М., 1980;

История Русской церкви. Т. 1—9. М., 1994—97;

Православная энциклопедия: Рус. православная церковь. М., 2000.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)