ВЕ́НДСКАЯ ДЗЯРЖА́ВА,

сярэдневяковая дзяржава палабскіх славян (бодрычаў, люцічаў, памаран) у 1040-я г. — 1-й трэці 12 ст. Уключала тэр. на ўзбярэжжы Балтыйскага м., паміж вусцямі рэк Лаба (Эльба) і Одра (Одэр). Цяпер тэр. ФРГ.

Заснавальнік — бодрыцкі кн. Готшалк |1044—66]. Ён і яго пераемнік кн. Круты [1066—93], каб процістаяць герм.-каталіцкай экспансіі, намагаліся стварыць незалежную слав. царкву. Пры Крутым дзяржава пашырылася да Паўночнага м. Сын Готшалка князь (у дакументах «кароль») Генрых (правіў з 1093) вярнуў у краіну ням. епіскапаў, што выклікала хваляванні. Канчаткова Вендская дзяржава распалася каля 1129.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАШЧА́ГІН Леанід Фёдаравіч (29.4.1909, г. Херсон, Украіна — 20.2.1977, савецкі фізік. Акад. АН СССР (1966, чл.-кар. 1960). Герой Сац. Працы (1963). Скончыў Адэскі ін-т нар. адукацыі (1928). Арганізатар і з 1958 дырэктар Ін-та фізікі высокага ціску АН СССР. Навук. працы па фізіцы і тэхніцы звышвысокіх ціскаў, фіз. уласцівасцях цвёрдых цел і метадах вымярэння фіз. велічынь пры гэтых цісках, хіміі высокіх ціскаў. Пад кіраўніцтвам Верашчагіна ў СССР сінтэзаваны штучныя алмазы (1960). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1961.

Тв.:

Твердое тело при высоких давлениях: Избр. тр. М., 1981.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),

1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-й пал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).

2) Стыль венг. нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст. Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРНІКО́ЎСКІ (Іван Антонавіч) (1799—1834),

гісторык, вучоны-мовазнавец. Паходзіў са шляхты Ігуменскага пав. Мінскай губ. Скончыў філас. ф-т Віленскага ун-та (1820). Выкладаў сусв. гісторыю ў семінарыі пры Віленскім ун-це. У 1824 з-за «паліт. нядобранадзейнасці» пераведзены ў Казанскі ун-т, дзе выкладаў усх. мовы, стараж. гісторыю і геаграфію. Быў пад наглядам і апякунствам універсітэцкай адміністрацыі. У 1827—30 выкладчык араб. і перс. моў у Казанскай гімназіі. У жн. 1834 арыштаваны па абвінавачанні ў прыналежнасці да антыдзярж. арг-цый і за антыдзярж. прапаганду. Займаўся літ. дзейнасцю.

В.А.Гапоненка.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭМАН ((Wiedemann) Густаў Генрых) (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЦЫНЬ, Вілцыня (Vilciņa) Велта (Аўсма) Эйнаўна (н. 13.12.1928, Упесгрыва Талсінскага р-на, Латвія), латышская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1965). Скончыла балетную студыю пры Рыжскім т-ры оперы і балета (1948). У 1949—73 салістка, з 1968 педагог-рэпетытар Рыжскага т-ра. Сярод партый: Баранеса («Сакта свабоды» А.Скултэ), Скайдрытэ («Стабурадзе» А.Калніньша, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), Адэта—Адылія, Аўрора («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Джульета («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Кармэн («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына) і інш. У 1956 і 1958 выступала ў Вял. т-ры.

т. 4, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́РДУНГ, Фірдунг (Virdung) Себасцьян (вядомы таксама як Гроп; Grop; 19 ці 20.1.1465 — ?), нямецкі муз. тэарэтык, кампазітар, спявак. Вучыўся ў Гейдэльбергскім ун-це (відаць, з 1483). З 1506 спявак пры двары герцага Вюртэмбергскага, з 1507 кантар сабора ў Канстанцы. У 1511 (верагодна) служыў у Базелі. Аўтар аднаго з першых трактатаў на ням. мове «Музыка, вывучаная і сцісла выкладзеная Себасцьянам Фірдунгам...» (Базель, 1511; перакладзены на некалькі моў), у якім сабраны і сістэматызаваны звесткі пра муз. інструменты, выкладзены прынцыпы натацыі і муз. выканальніцтва. Захаваліся «Гімн дзеве Марыі» на 4 галасы, чатыры 4-галосыя песні.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),

германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЫН (Георгій Міхайлавіч) (н. 23.4.1918, Масква),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШЫ́ (Vichy),

горад у Францыі, у дэпартаменце Алье, на р. Алье. Вядомы з часоў Стараж. Рыма. У 1940—44 месца знаходжання калабарацыянісцкага ўрада маршала Ф.Петэна. 28 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак. Аэрапорт. Эл.-тэхн., фармацэўтычная, шкларобчая прам-сць. Маст. і гіст. музеі. Казіно. Буйнейшы бальнеакліматычны курорт у Францыі. Развіваецца з пач. 17 ст. Цёплы, умерана вільготны клімат, спрыяльны для адпачынку і лячэння. Больш за 10 крыніц субтэрмальных і гарачых (да 66 °C) радонавых мінер. вод, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб печані, жоўцевых шляхоў, кішэчніка, нырак, эндакрынных залоз.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)