ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.
А.М.Матузка.
т. 5, с. 110
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕТЫЗА́ЦЫЯ (ад імя егіп. мудраца Гермеса, якому прыпісвалася здольнасць шчыльна закаркоўваць пасудзіны),
забеспячэнне непранікальнасці сценак і злучэнняў апаратаў, машын, збудаванняў, ёмістасцей для вадкасцей, газаў і інш. Дасягаецца зваркай, пайкай, выкарыстаннем літых дэталей, спец. вакуумных матэрыялаў (гетэраў і інш.), герметыкаў, ушчыльняльнікаў і г.д. Пашырана ў вакуумнай тэхніцы, электра- і радыётэхніцы, ядз. фізіцы, у вытв-сці шкодных і выбуховых рэчываў, пры пабудове карпусоў падводных лодак, касм. караблёў, свідраванні нафтавых пластоў і інш.
т. 5, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫ́ЦЫЙ (Hericium),
род базідыяльных грыбоў сям. яжовікавых. Вядома 8 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды, найб. трапляецца герыцый каралападобны (H. coralloides). Растуць у лясах на ламаччы і пнях лісцевых парод (асабліва бярозы) летам і восенню.
Пладовыя целы каралападобна разгалінаваныя або лопасцевыя, зрэдку распасцёртыя, мясістыя, белыя, бываюць з ружаватым ці жаўтаватым адценнем, з узростам і пры высыханні бурэюць. Шыпы звычайна абвіслыя, рознай даўжыні.
т. 5, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁТЭБАРГ, Ётэбарг (Göteborg),
горад на ПдЗ Швецыі, пры ўпадзенні р. Гёта-Эльв у прал. Катэгат. Адм. ц. лена Гётэбарг-Бохус. Засн. ў пач. 17 ст. 437,6 тыс. ж. (1993). Буйнейшы порт краіны. Вузел 5 чыгунак. Міжнар. аэрапорт. Другі пасля Стакгольма эканам. цэнтр краіны. Цэнтр суднабудавання, аўтамаб. прам-сці (канцэрн «Вольва») і вытв-сці падшыпнікаў. Нафтаперапр. і нафтахім. прам-сць. Ун-т. Марскі, мастацкі і інш. музеі. Сабор (1802—15).
т. 5, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ГАТА ((Žagata) Улдыс) (н. 17.3.1928, г. Еру, Латвія),
латышскі артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. Латвіі (1973), нар. арг. СССР (1988). Скончыў балетную школу пры Латв. т-ры оперы і балета (1948), у 1944—68 саліст гэтага т-ра. З 1968 маст. кіраўнік Дзярж. ансамбля танца «Дайле». Сярод партый: Нікіта («Лайма» А.Лепіня), Пеця («Юнацтва» М.Чулакі), Бірбанта («Карсар» А.Адана), Гармодый («Спартак» А.Хачатурана). Дзярж. прэмія Латвіі 1982.
т. 6, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).
т. 6, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖО́ЛУДЗЕЎ (Навум Ільіч) (13.1.1922, г. Гомель — 9.12.1985),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў армейскія курсы парторгаў і камсоргаў (1944), курсы перападрыхтоўкі каманднага саставу (1946), Мінскі юрыд. ін-т (1950). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі. Камандзір мінамётнага разліку мал. сяржант Ж. вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг Палтаўскай вобл. (Украіна). Да 1970 у Сав. Арміі.
т. 6, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ДЧА,
вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.
т. 6, с. 463
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫРО́ВІЦКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у сярэдзіне 18 ст. пры базыльянскай семінарыі ў мяст. Жыровічы (цяпер вёска ў Слонімскім р-не Гродзенскай вобл.). Пастаўленыя ў ім драмы на лац. і польск. мовах з бел. інтэрмедыямі карысталіся папулярнасцю ў гледачоў. Вядома пра пастаноўкі ў тэатры лац. трагедыі «Цыцэрон» С.Навіцкага з музыкай мясц. кампазітара Б.Згіроўскага (1752), польска-бел. уніяцкай інтэрмедыі «Сляпы, кульгавы, потым пан і селянін» (1751) і інш.
т. 6, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́МАРАЗКІ,
часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.
т. 6, с. 519
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)