ВІ́ТАС ((Witos) Вінцэнты) (21.1.1874, в. Вежхаславіцы, Кракаўскае ваяв., Польшча — 31.10.1945),
польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Дэп. галіцыйскага сейма (1908—18), гал.аўстр. рэйхсрата (1911—18), польск. сейма (1919—33). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў сял. партыі «Пяст» (1913—31). Прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923 і 1926. Актыўна ўдзельнічаў у блоку апазіцыйных партый «Цэнтралеў», за што быў зняволены ў турму (1930). У 1931—35 старшыня Гал. савета сял. партыі «Стронніцтва людовэ», з 1935 старшыня партыі. У 1933—39 у эміграцыі ў Чэхаславакіі. У 1939—41 зняволены ням.-фаш. акупантамі, пасля пад наглядам гестапа. У 1945 адмовіўся супрацоўнічаць з камуніст. ўладамі (быў прызначаны нам. старшыні Краёвай Рады Нарадовай, але ў яе рабоце не ўдзельнічаў).
Тв.:
Dzeła wybrane: W 5 t. T 1—3. Warszawa, 1988—95;
Wybór pism. Warszawa, 1989.
Літ.:
О Wincentym Witosie. Warszawa, 1983;
Borkowski J. O Wincentym Witosie: Relacje i wspomnienia. Warszawa, 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСТАМ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).
Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н,
горад, сталіца Іарданіі, у вадзі Зерка, на ПнЗ краіны. 1,3 млн.ж. (1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапр., харч., тытунёвая, тэкст., цэментная і інш.прам-сць. Ун-т.
У старажытнасці вядомы пад назвай Рабат-Амон, у эліністычна-рым. эпоху — Філадэльфія. У 7—9 ст. уваходзіў у араб.Халіфат, пасля яго распаду ў 10 ст. — у склад розных дзяржаў Егіпта і Сірыі. З 1516 да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. З 1921 сталіца эмірата Трансіарданія, з 1946 Іарданіі. На месцы стараж. горада захавалася некалькі грабніц і фрагменты сцяны (магчыма, 9 або 8 ст. да н.э.), руіны араб. цытадэлі і рым. тэатра на 4 тыс.чал. (2 ст.н.э.), адэона (тэатр для спевакоў), німфея (ант. свяцілішча). У канцы 19 ст. пабудаваны палацы Басман і Рагдан, у 1924 — мячэць аль-Хусейн, у 1952 — маўзалей караля Абдалаха. Сучасная архітэктура горада еўрап. тыпу. Музеі: Іарданскі археалагічны, ісламу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́САЎ (Мікалай Міхайлавіч) (н. 6.12.1913, с. Альховае Валагодскай вобл., Расія),
украінскі хірург.Акад.АН Украіны (1969), чл.-кар.АМНСССР (1961), засл. дз. нав. Украіны (1959), Герой Сац. Працы (1973). Скончыў Архангельскі мед.ін-т (1939). З 1952 узначальваў клініку грудной хірургіі, з 1983 дырэктар Ін-та сардэчна-сасудзістай хірургіі ў Кіеве. Навук. працы па пытаннях хірургіі сэрца і лёгкіх, біял. і мед. кібернетыцы. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана дыягностыка парокаў сэрца з дапамогай ЭВМ, створана дзеючая фізіял. мадэль «унутранага асяроддзя арганізма» чалавека і інш. Аўтар літ.тв. «Думкі і сэрца» (1965), «Запіскі з будучыні» (1967) і інш. Ленінская прэмія 1961, Дзярж. прэмія Украіны 1978.
Тв.:
Операции на сердце с искусственным кровообращением. Киев, 1962 (разам з І.Л.Лісавым, Л.М.Сідарэнка);
Хирургия пороков сердца. Киев, 1969 (разам з Я.А.Бендэтам);
Физическая активность и сердце. 2 изд. Киев, 1984 (з ім жа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДЖВАННІ,
спецыфічная форма ліквідацыі абшчынных зямель і распарадкаў у еўрап. краінах у 13 — пач. 19 ст. Назва ад распачатага ў Англіі працэсу захопу і агароджвання лендлордамі абшчынных пашаў для гадоўлі на іх авечак. У 15—16 ст. развіццё тэкст. прам-сці і вял. попыт на воўну зрабілі авечкагадоўлю прыбытковай справай. Таму буйныя землеўладальнікі пачалі інтэнсіўна зганяць сялян з ворных зямель і ператвараць іх у пашу. У 16—18 ст. агароджванні былі пашыраны ў Нідэрландах, Францыі, Германіі. У 18 ст.англ. парламент узаконіў агароджванні і яны працягваліся да пач. 19 ст. Супраціўленне і паўстанні збяднелых сялян супраць агароджванняў (адно з буйнейшых у 1549 пад кіраўніцтвам Р.Кета) душыліся ўладамі. Адным з вынікаў агароджванняў быў адток сялян у прамысловасць.
Літ.:
Митрофанов В.П. Вопрос об огораживаниях в английском парламенте (конец XVI — начало XVII в.) // Проблемы истории Западной Европы развитого и позднего феодализма. Иваново, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫНЕ́Ц (Антон Эдвард) (25.1.1804, в. Гейстуны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 15.1.1885),
польскі паэт, перакладчык, мемуарыст, выдавец. З роду Адынцоў. Скончыў Віленскі ун-т (1823). У Вільні пасябраваў з А.Міцкевічам, Я.Чачотам, Т.Занам, І.Дамейкам, І.Ходзькам. У 1821 стаў чл.т-вафіларэтаў, напісаў «Песню філарэтаў» (пераробка яе — «Песня» Ф.Багушэвіча). У 1823—24 зняволены па справе т-ва. У 1825—26 выдаў у Вільні 2-томнік «Паэтычныя творы». У 1829—37 падарожнічаў па Зах. Еўропе, жыў у Дрэздэне. З 1838 у Вільні. У 1841—59 рэдактар газ. «Виленский вестник». З 1866 у Варшаве. У 1888 з І.Дамейкам наведаў Беларусь. Аўтар мемуарных «Пісем з падарожжа» (1875—78), «Успамінаў з мінулага» (1884), вершаваных драм «Феліцыта, або Карфагенскія мучанікі» (1849), «Барбара Радзівілянка» (1860).
Літ.:
Цвірка К. Тэлемак з-пад Ашмянаў: Жыццё і творчасць А.Э.Адынца // Роднае слова. 1994. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІ́НЧЫЦ (Фабіян Іванавіч) (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-вабел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел.нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел.к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ЕЎ (Мікалай Мікалаевіч) (9.7.1889, г. Льгоў Курскай вобласці — 16.7.1963),
рускі паэт. Вучыўся ў Маскоўскім камерцыйным ін-це (1909—12), Маскоўскім і Харкаўскім ун-тах. Ранняя творчасць звязана з футурызмам (зб-кі «Зор», «Начная флейта», абодва 1914; «Летарэй», 1915). Пад уплывам падзей і творчага сяброўства з У.Маякоўскім яго паэзія набыла грамадз. гучанне (зб-кі «Бомба», 1921; «Стальны салавей», 1922; «Рада вятроў», 1923). З 1923 у літ. групе «Леф». У 1920—30-я г. выступаў як публіцыст (зб-кі «Час лепшых», «Маладыя вершы», «Масква-песня», «Высакагорныя вершы»). Паэмы «Будзённы» (1922), «Дваццаць шэсць» (1925), «Сямён Праскакаў» (1928) пра грамадз. вайну. У паэме «Маякоўскі пачынаецца» (1940, Дзярж. прэмія СССР 1941) спалучаны дзённікава-мемуарная і лірыка-публіцыст. плыні. Падзеі Вял.Айч. вайны — у зб-ках «Першы ўзвод» (1941), «Полымя перамогі» (1946); лірыка-філас. асэнсаванне гіст. лёсу 20 ст. — у кн. вершаў «Роздумы» (1955) і «Лад» (1961).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІЯ ПІСЬМЕ́ННІКІ»,
біябібліяграфічны слоўнік. Выдадзены ў Мінску ў 1992—95 у 6 тамах падрэд. А.І.Мальдзіса. Падрыхтаваны Ін-там л-ры імя Я.Купалы АН Беларусі і выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». Першае на Беларусі шматтомнае энцыклапедычнае выданне, у якім падаюцца найб. поўныя і сістэматызаваныя звесткі пра жыццё і дзейнасць прадстаўнікоў бел. л-ры, што пісалі на стараслав., бел., рус., польск. і інш. мовах за амаль тысячу гадоў развіцця бел. прыгожага пісьменства. Упершыню прыводзяцца звесткі пра пісьменнікаў бел. замежжа. Уключае каля 1500 артыкулаў, кожны з якіх складаецца з 2 раздзелаў: біяграфічнага (інфармацыя пра жыццёвы шлях пісьменніка, яго літ. творчасць, пазаліт. дзейнасць і інш.) і бібліяграфічнага (самыя поўныя звесткі пра творы пісьменніка, апублікаваныя асобнымі выданнямі, у зборніках, перыяд. друку, перакладзеныя на інш. мовы, а таксама л-ра пра пісьменніка). Амаль усе артыкулы суправаджаюцца фотапартрэтамі.
В.К.Шчэрбін.
Выданне «Беларускія пісьменнікі». Т. 1—6. 1992-95.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАХВО́СЦІК (Валянцін Сяргеевіч) (н. 6.9.1934, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1994). Скончыў студыю Бел.т-ра імя Я.Купалы (1958), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва ў Маскве (1965). З 1958 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Яго мастацтва адметнае напоўненасцю і каларытнасцю вобразаў пры лаканізме вонкавых выразных сродкаў. Сярод роляў: Сымон («Раскіданае гняздо» Я.Купалы), Зуеў («Апошні шанц» В.Быкава), Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Дугін («Радавыя» А.Дударава), Бялугін («Жаніцьба Бялугіна» А.Астроўскага), Урыя Шэлі («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта). Здымаецца ў кіно: «Рудабельская рэспубліка», «На ростанях», «Воўчая зграя», «Чорная бяроза», «Трэцяга не дадзена» і інш. Удзельнічае ў тэлевізійных («Па шчасце, па сонца» паводле твораў Я.Купалы і інш.) і радыёпастаноўках (за ролі ў спектаклях «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа Дзярж. прэмія Беларусі 1989).