ДАМІНА́НТА [ад лац. dominans (dominantis) пануючы] у фізіялогіі часовы пануючы ачаг узбуджэння ў ц. н. с., які ахоплівае адзін ці некалькі цэнтраў і вызначае характар рэакцый арганізма ў адказ на вонкавыя або ўнутр. раздражняльнікі. Вучэнне аб Д. як агульным прынцыпе работы нерв. цэнтраў, сфармуляваў А.А.Ухтомскі (1911—23). Д. вылучаецца высокай устойлівай узбудлівасцю, здольнасцю прыцягваць, акумуляваць і падсумоўваць сігналы, што паслядоўна паступаюць, а таксама тармазіць рэакцыю інш. нерв. цэнтраў на прызначаныя ім імпульсы. Гэта дазваляе, напр., у працэсе творчай дзейнасці цалкам «паглыбіцца ў працу», сканцэнтраваць на ёй усю ўвагу, адцягнуцца ад пабочных раздражняльнікаў. Д. складаецца пад уплывам рэфлекторнай актыўнасці, уздзеяння гумаральных фактараў і з’яўляецца асновай фарміравання матывацыйных паводзін (харчовых, палавых і інш.). У эксперыменце Д. можа быць створана непасрэдным уздзеяннем на нерв. цэнтры слабым эл. токам або некат. фармакалагічнымі рэчывамі. Д. ў вышэйшых цэнтрах галаўнога мозга з’яўляецца фізіял. асновай шэрагу складаных псіхічных з’яў.

У.​М.​Калюноў.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНЕ́ЛІЯ Пётр Аляксандравіч Пётр Аляксеевіч

(н. 23.1.1920, г. Махачкала, Дагестан),

бел. жывапісец. Засл. дз. маст. Беларусі (1995). Вучыўся ў Маск. вучылішчы памяці 1905 г. (1938—39). Працуе ў розных відах выяўл. мастацтва. Яго пейзажы вылучаюцца эмацыянальным успрыманнем прыроды. рамант. прыўзнятасцю: «Плывуць аблокі» (1957), «Дзень» (1965), «Беларуская мелодыя» (1972), «Восеньскія карункі» (1978), «Пачуццё сустрэчы» (1982), «Абуджэнне» (1988), «Дзень, які сыходзіць» (1990), «Палеская ўсмешка» (1996) і інш. Выканаў манум. размалёўкі для палацаў культуры ў Пінску — «Мастацтва акрыляе» (1976) і ў в. Клейнікі (Брэсцкая вобл.) — «Мірная Брэстчына» (1984), для адм. будынка Брэсцкага хім. камбіната — «Палеская песня» (1980). Аўтар памятных медалёў да 20-годдзя абароны Брэсцкай крэпасці (1961), 950-годдзя Брэста (1969) і інш., помніка-бюста дзеяча рэв. руху ў Зах. Беларусі С.​Я.​Багданчуку (1970) у пас. Мухавец Брэсцкай вобл. Іл. гл. таксама ў арт. Багданчук С.Я.

Г.​А.​Фатыхава.

П.Данелія. Пачуццё сустрэчы. 1982.

т. 6, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,

спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г.д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).

Літ.:

Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;

Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРНО́ВЫЯ ЗАБАЛО́ЧАНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад травяным покрывам. Паўгідраморфныя глебы. На пясчаных і супясчаных пародах фарміруюцца пад уплывам грунтавога ўвільгатнення, на гліністых, сугліністых і двухчленных — пад уплывам паверхневых (схілавых) вод. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на слабаглеяватыя (часова залішне ўвільготненыя), глеяватыя і глеевыя. На Беларусі трапляюцца ў паніжэннях невял. масівамі і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Бел. Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, пераважна выкарыстоўваюцца пад сенажаці. Лішак вільгаці ў гэтых глебах трымаецца 90—200 дзён у годзе, на працягу 10—90 дзён можа адзначацца яе недахоп. Перагнойны гарызонт глеб не перавышае 20—30 см, пад ім знаходзіцца аглеены гарызонт блакітнага колеру (у дзярнова-глеевых глебах) або такі ж з рудымі плямамі (у дзярнова-глеяватых), які паступова пераходзіць у глебаўтваральную (мацярынскую) пароду. Сугліністыя і звязнасупясчаныя Дз.з.г. пасля гідратэхн. меліярацыі выкарыстоўваюцца пад пасевы.

Т.​А.​Раманава.

т. 6, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́МЕННЫ ПРАЦЭ́С,

выплаўка ў доменнай печы чыгуну з жалезарудных матэрыялаў.

У працэсе плаўкі зыходная сумесь — шыхта (жал. руда, агламерат або акатышы, флюсы і паліва — кокс) рухаецца зверху ўніз насустрач гарачым газам, што ўтвараюцца ў горне печы. Пры ўзаемадзеянні гэтых патокаў аксіды жалеза, якія ёсць у рудзе, узнаўляюцца вугляродам і аксідам вугляроду, што ўтвараюцца пры гарэнні коксу. Атрыманае жалеза пры ўзаемадзеянні з коксам насычаецца вугляродам, у выніку атрымліваецца чыгун (сцякае ў горан печы). Расплаўленая пустая парода руды, попел коксу і флюсы ўтвараюць шлак, што ўсплывае над вадкім чыгуном. Праз асобныя ляткі чыгун і шлак перыядычна выпускаюцца. Атрыманы доменны чыгун бывае ліцейны (адрозніваецца высокай цякучасцю, выкарыстоўваецца ў вытв-сці коўкага, высокатрывалага і шэрага чыгуну, для вырабу фасонных дэталей), пераробны (перарабляецца ў сталь, бывае мартэнаўскі, тамасаўскі, бесемераўскі) і спецыяльны. Доменны газ, які ўтвараецца ў Д.п., — пераважна прадукт няпоўнага згарання вугляроду; служыць палівам у паветранагравальніках, коксавых і мартэнаўскіх печах і інш.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУКАВА́ЛЬНАЯ ПРЫЛА́ДА ў вылічальнай тэхніцы,

перыферыйная прылада для пераўтварэння выхадных даных ЭВМ, лічбавых вымяральных або інш. прылад і іх аўтам. друку на носьбіце інфармацыі (пераважна на паперы) у выглядзе літар, лічбаў і інш. сімвалаў. Забяспечвае атрыманне дакументаў з вынікамі апрацоўкі даных у форме, зручнай для ўспрымання чалавекам: тэкст, табліцы, графікі і інш.

Работа Д.п. заснавана на мех. (ударны запіс на носьбіце з дапамогай фарбавальнага элемента) і немех. (з дапамогай светлавога промня, імпульсаў эл. току, струменяў фарбавальнага рэчыва і інш.) спосабах рэгістрацыі інфармацыі. Д.п. бываюць знакадрукавальныя (напр., алфавітна-лічбавыя) і знакасінтэзавальныя (прынтэры, знакі фарміруюцца з асобных элементаў — кропак, рысак і інш.; даюць магчымасць выводзіць любыя сімвалы і графічную інфармацыю); пасімвальныя (знакі выводзяцца паасобку, як у пішучай машынцы), парадковыя (знакі аднаго радка друкуюцца адначасова) і пастаронкавыя (друкуецца цалкам старонка); аркушавыя (інфармацыя запісваецца на асобныя аркушы паперы) і рулонныя (на рулон паперы, які потым разразаецца на аркушы).

М.​П.​Савік.

т. 6, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭ́ЗДЭНСКАЯ КАРЦІ́ННАЯ ГАЛЕРЭ́Я,

адна з буйнейшых у свеце калекцый жывапісу. Уваходзіць у склад Дрэздэнскіх маст. збораў. Засн. ў 1560 г. у г. Дрэздэн як палацавы збор саксонскіх курфюрстаў. Пашырана ў 1722, з пабудовай у 1847—56 спец. будынка (арх. Г.​Земпер, М.​Генель; разбураны пры бамбардзіроўцы Дрэздэна ў лют. 1945, адноўлены да 1956), які ўвайшоў у палацавы ансамбль Цвінгер, адкрыта для публікі. У 1945 значная частка збораў Д.к.г. вывезена ў СССР і пасля рэстаўрацыі вернута ў 1955 у Дрэздэн. Асн. частка Д.к.г. — Галерэя старых майстроў (карціны Я. ван Эйка, Джарджоне, Рафаэля, Тыцыяна, А.​Дзюрэра, П.​П.​Рубенса, Рэмбранта, Н.​Пусэна і інш.). Галерэя новых майстроў (размешчана ў палацава-паркавым ансамблі Дрэздэн) захоўвае творы еўрап. маст. школ 19—20 ст.

Літ.:

Зейдевитц Р., Зейдевитц М. Дрезденская галерея: [Сокр. пер. с нем.]. М., 1965;

Alpatow M. Die Dresdner Galerie: Alte Meister. Dresden, 1966.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БЛІНСКІ РУ́КАПІС,

лацінскі зборнік 2-й пал. 13 ст. Уключае розныя творы на лац. мове; вершы, пропаведзі, дыдактычныя трактаты, запавет св. Францыска, прароцтвы Іахіма Флорскага, кароткі ірландскі летапіс, даведзены да 1174, і інш. У пачатку змешчана «Апісанне зямель» — невял. геагр. трактат 3-й чвэрці 13 ст. невядомага аўтара, каталіцкага місіянера, які прапаведаваў у Прыбалтыцы сярод язычнікаў у часы Міндоўга. У ім даецца кароткае геагр. апісанне тагачаснай Еўропы, месцазнаходжанне розных краін, зямель і інш. Трактат — храналагічна самая ранняя гіст. крыніца, у якой упершыню згадваецца Белая Русь (Alba Russia). Паводле кантэксту твора, аўтар меў на ўвазе сумежную з Літвой і Латгаліяй зах. частку тагачаснай Русі, г. зн. тэр. сучаснай Усх. Беларусі. Помнік адкрыў і ўпершыню апублікаваў у арыгінале амер. вучоны М.​Колкер. Захоўваецца ў б-цы Англіканскага ун-та ў Дубліне (Ірландыя). Бел. пераклад апублікаваны ў час. «Спадчына» (1993, № 6).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.​Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.​Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.​Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда

(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),

італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.

т. 6, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)