стан фіз. сістэмы, пры якім значэнні асн. яе характарыстык (параметраў стану) не мяняюцца з цягам часу. Напр., вагальная сістэма знаходзіцца ў С.с., калі амплітуда і частата ваганняў застаюцца пастаяннымі. С.с. квантавамеханічнай сістэмы характарызуецца пастаянным значэннем яе энергіі, адкрытай тэрмадынамічнай сістэмы — пастаянствам скарасцей хім. рэакцый, пераносу рэчыва і энергіі, а таксама мінім. прыростам энтрапіі. Стан сістэмы наз. квазістацыянарным, калі велічыні, пры пастаянстве якіх ён быў бы стацыянарным, павольна мяняюцца; пры гэтым суадносіны паміж рознымі параметрамі сістэмы застаюцца прыблізна такімі ж, як і ў С.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЭ́ВАЛА Гай Муцый (Gaius Mucius Scaevola, літаральна ляўша),
у Стараж. Рыме легендарны герой часоў барацьбы рымлян супраць этрускаў (канец 6 — пач. 5 ст. да н.э.). Паводле падання, юнак Гай Муцый павінен быў прабрацца ў лагер этрускаў і забіць цара Парсену, але быў схоплены. Парсена патрабаваў назваць імёны саўдзельнікаў, пагражаючы юнаку жорсткімі катаваннямі. Жадаючы паказаць, як ён мала баіцца болю і смерці, Муцый сам апусціў правую руку ў агонь і не выдаў ніводнага гуку, пакуль тлела рука. Магчыма, гэта паданне ўзнікла як тлумачэнне прозвішча Сцэвала (Ляўша), замацаванага за галіною роду Муцыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМАГА́ЎК, тамагік, тамахаак,
ударная кідальная і сякучая халодная зброя ў некат. плямён паўн.-амер. індзейцаў (шліфаваная каменная сякера з драўляным дзяржаннем, паліца з шарападобным навершам). У 16—18 ст. еўрапейцамі былі завезены медныя і жалезныя Т. (у форме сякерак). Дзяржанні Т. часта ўпрыгожваліся пёрамі і малюнкамі або піктаграфічнымі знакамі. У ваен. абрадах індзейцаў Т. меў сімвалічнае значэнне: пафарбаваны ў чырв. колер, ён служыў знакам абвяшчэння вайны або прапановай для ваен. саюза. Выраз «пахаваць Т.» азначаў «заключыць мір».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЯ́НАВЫ ВАЛЫ́,
старажытныя абарончыя збудаванні на Пд лесастэпавай часткі Усх. Еўропы. Назва ад імя рым. імператара Траяна, заваёўніка Дакіі. Частка Т.в. захавалася да нашага часу на тэр. Украіны (Вінніцкая, Хмяльніцкая, Цярнопальская вобл.) і Малдовы. Археал. даследаванні Ніжняга Малдаўскага вала паказалі, што ён насыпаны рымлянамі на мяжы 1 і 2 ст.н.э. У 3—4 ст.мясц. плямёны выкарыстоўвалі гэты вал супраць рымлян, для чаго з паўн. боку вала роў засыпаны, а з паўд. боку выкапаны. У Падняпроўі валы, падобныя да Т.в., наз. Зміевымі валамі.
італьянскі кінаакцёр і рэжысёр, эстрадны спявак. У кіно з 1959. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы гумар, эксцэнтрычнасць, вострая пластыка: «Серафіна» (1968), «Блеф» (1976), «Утаймаванне свавольніка» (1981), «Ён горшы, чым я» (1985) і інш. Як рэжысёр дэбютаваў парадыйнай камедыяй «Супераграбленне ў Мілане» (1965). У сваіх фільмах выступае адначасова як выканаўца гал. роляў, аўтар музыкі і песень (мюзіклы «Юпі-Ду», 1975; «Джаан Он», 1986). У творчасці спалучае традыцыі неарэаліст. камедыі і італьян. фальклору з сучаснымі эстр. і танц. рытмамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАД (Murad) Ферыд (н. 14.9.1936, г. Уайтынг, ЗША),
амерыканскі вучоны ў галіне фармакалогіі. Д-р філасофіі (1965). Скончыў Кліўлендскі ун-т (1965). З 1971 дырэктар Цэнтра навук. даследаванняў, адначасова праф. (з 1975) Віргінскага ун-та (г. Шарлатсвіл). У 1981—89 праф. Станфардскага, з 1988 Чыкагскага ун-таў. Навук. працы па вывучэнні ролі аксіду азоту ў кардыяваскулярнай сістэме. Выявіў, што ў арганізме аксід азоту выдзяляецца пры распадзе нітрагліцэрыны, і дапусціў, што менавіта ён расшырае крывяносныя сасуды. Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Фурхгатам і Л.Ігнарай; гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНФУЦЫЯ́НСТВА,
кірунак у кітайскай філасофіі. Узнік у перыяд панавання дынастыі Сун (960—1279) на глебе аднаўлення традыц.канфуцыянства і яго тэарэт. абгрунтавання дуалістычнай касмагоніяй і філас. антрапалогіяй. Сфарміраваўся ў працэсе барацьбы з будыйскімі філас. школамі, значны ўплыў на яго зрабілі касмаганічныя тэорыі даасізму і погляды школы чань (японская дзэн). З 10 ст. ў канфуцыянстве, якое з канца эпохі Хань (206 да н.э. — 220 н.э.) абмяжоўвалася выключна тлумачэннем і каменціраваннем стараж. канфуцыянскіх тэкстаў, вырасла цікавасць да пытанняў анталогіі, натурфіласофіі і касмагоніі. Мысліцелі Чжоў Дуньі і Чжан Цзай пры разглядзе праблемы ўзнікнення сусвету схіляліся да матэрыяліст. іх вырашэння (вучэнне пра «ці» як першаматэрыю). Адначасова інш. мысліцелі (Чэн Хао і Чэн І) спрабавалі даць тэарэт. абгрунтаванне традыц. канфуцыянскай этыцы, заснаванае на прынцыпах дуалізму з выразнымі ідэаліст. тэндэнцыямі («лі» — розум, зразумелы як «агульны прынцып» рэчы, яе форма; «ці» — матэрыя, зразумелая як субстанцыя рэчы). Погляды папярэднікаў абагульніў і развіў Чжу Сі. Ён прызнаваў «лі» першасным, а «ці» другасным пачаткам, стварыў дуалістычную касмагонію панпсіхічнага толку (гл.Панпсіхізм) і заснаваў на ёй філас. антрапалогію, паводле якой спалучэнне «лі» і «ці» знаходзіць у чалавеку сваё поўнае ўвасабленне. Гэтую канцэпцыю ён зрабіў зыходным пунктам інтэрпрэтацыі канфуцыянскіх тэкстаў і стаў стваральнікам Н., якое было прынята як афіц. ідэалогія Кітайскай імперыі і захавала пануючае становішча ў філас. і грамадска-паліт. думцы Кітая да пач. 20 ст.
Літ.:
Древнекитайская философия: Собр. текстов. Т. 1—2. М., 1972—73;
Поршнева Е.Б. Религиозные движения позднесредневекового Китая: Пробл. идеологии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ УСЕБЕЛАРУ́СКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, Першая Усебеларуская палітычная канферэнцыя, Нацыянальна-палітычная нарада,
сход прадстаўнікоў бел. арг-цый і партый Зах. Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. Адбылася 25—28 (паводле інш. крыніц 26—29). 9.1921 у Празе. У яе рабоце ўдзельнічалі 37 чал.Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў прадстаўлялі С.Баран, К.Душэўскі (Дуж-Душэўскі), Л.Заяц, А.Карабач, В.Ластоўскі, Я.Мамонька, М.Шыла; Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў — В.Захарка, К.Езавітаў, П.Крачэўскі, А.Цвікевіч; Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю — Б.Тарашкевіч. Канферэнцыя прыняла рэзалюцыю аб Слуцкім паўстанні 1920, у якой перасцерагала бел. народ ад непажаданага праліцця крыві. У рэзалюцыі аб дзейнасці Б.Савінкава адзначалася, што ён «Беларускім Нацыянальным Штандарам прыкрывае авантуры польскай і расійскай рэакцыі», «не мае ніякай сувязі з беларускімі палітычнымі і нацыянальнымі арганізацыямі і з’яўляецца правакатарам беларускай дзяржаўнасці і ворагам беларускага народа». У рэзалюцыі аб дзейнасці С.Булак-Балаховіча сцвярджалася, што ён не мае ніякай падтрымкі з боку бел.нац.паліт. арг-цый і з’яўляецца «узурпатарам і авантурнікам». Асобная рэзалюцыя датычылася Рыжскага мірнага дагавора 1921. У ёй канферэнцыя пацвярджала вернасць Трэцяй Устаўнай грамаце Рады БНР. У рэзалюцыі аб дзярж. будаўніцтве Беларусі канферэнцыя абвяшчала, што Беларусь — край працоўнага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, а таму павінна быць «дзяржавай працоўнага народа»; пацвярджаўся прынцып незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. Канферэнцыя заявіла, што адзіным заканадаўчым органам Беларусі з’яўляецца Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Супярэчнасці ва ўрадзе БНР па пытанні аб стаўленні да БССР прывялі да правядзення Другой Усебеларускай канферэнцыі (Берлін, 1925).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЛЬС (Wales),
адм.-паліт. частка Вялікабрытаніі. Займае п-аўУэльс і в-аў Англсі. Пл. 20,8 тыс.км². Нас. 2,9 млн.чал. (1999), пераважна валійцы (уэльсцы). Падзяляецца на 6 графстваў. Гал. горад-порт — Кардыф. Вылучаюцца прамысл. поўдзень і сельскія цэнтр і поўнач. Гал. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, нафтаперапр., хім. і нафтахім., машынабудаванне, у т. л. эл.-тэхн., лёгкая. Здабыча каменнага вугалю. У горнай ч. развіты авечкагадоўля, мясная і малочная жывёлагадоўля, на ўзбярэжнай нізіне — раслінаводства. Рыбалоўства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Турызм.
Гісторыя. Тэр. У. ў старажытнасці насялялі кельцкія плямёны кімраў, у 1—5 ст. яна часткова пад уладай рымлян. У выніку англасаксонскага заваявання (5—6 ст.) і нармандскага заваявання Англіі 1066 кельты У. разам з адцесненай сюды ч. брытаў апынуліся адрэзанымі ад інш. кельцкамоўных рэгіёнаў. У 1282—84 У. канчаткова заваяваны англамі, у 1301 ён перададзены як леннае ўладанне сыну англ. караля Эдуарда I (з гэтага часу нашчадкі англ. прастола носяць тытул «прынц Уэльскі»); да 1536 аўтаномнае княства. Нац.-вызв. паўстанні валійцаў (карэнныя жыхары У.), у т. л. буйное ў пач. 15 ст., пацярпелі няўдачу, але рух за нац.-культ. аўтаномію У. не спыняўся да 20 ст. У выніку актаў уніі 1536 і 1542 У. аб’яднаны з Англіяй. Адсюль паходзіла дынастыя Цюдараў. У пач. 20 ст.брыт. ўрад надаў У. ўнутр.культ. аўтаномію. У 1997 на мясц. плебісцыце большасць уэльсцаў (валійцаў) выказалася за ўтварэнне ўласнага парламента, у 1999 ён выбраны ўпершыню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІО́РКСКІ КАГАНА́Т,
дзяржава племяннога саюза цюркаў у 552—745 на тэр.Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Паўн. Кітая. На чале дзяржавы стаяў каган. У 545 цюркі разграмілі уйгурскія плямёны, у 551 — жужан. У 555 пад уладай цюркаў былі ўсе народы Цэнтр. Азіі, у т. л. кідані ў Зах. Маньчжурыі і енісейскія кіргізы. У 560-я г. яны перамаглі Эфталітаў дзяржаву, у 570-я г. ў залежнасць ад Ц.к. трапілі паўн.-кіт. дзяржавы Чжоў і Цы. У саюзе з Візантыяй Ц.к. пачаў вайну супраць Ірана за кантроль над Вялікім шаўковым шляхам; у 571 мяжа паміж імі праходзіла па р. Амудар’я, а ў 588—589 да Ц.к. далучаны і некаторыя вобласці на зах. беразе Амудар’і. У 576 цюркі захапілі Баспор (Керч), у 581 узялі ў аблогу Херсанес Таўрычаскі. У канцы 6 ст. з-за міжусобіц і паліт. крызісу Ц.к. распаўся на ўсх. (цэнтр.-азіяцкую) і зах. (сярэднеазіяцкую) часткі. Асн. землі Зах. Ц.к. ў 658—659 акупіраваны кіт. войскамі. У 704 Зах. Ц.к. вызваліўся ад кіт. залежнасці, але напады суседзяў і ўнутр. супярэчнасці прывялі яго да гібелі ў 740. Усх. Ц.к. у 609—619 аднавіў свой уплыў у Цэнтр. Азіі, але пасля паражэння ў 630 у вайне трапіў у залежнасць ад Кітая. У 691—716 на кароткі час ён пашырыў сваю тэр. ад Маньчжурыі да Сырдар’і; цюркскія атрады дайшлі да Самарканда. У 712—713 ён пацярпеў паражэнне ў бітвах з арабамі. Усх. Ц.к. распаўся на ўдзельныя княствы, а на яго месцы ўзнік Уйгурскі каганат (745—840).