Даследуецца на Беларусі з 1920-х г. у Горацкім с.-г. ін-це (з 1948 БСГА). У 1926 у Мінску арганізавана машынавыпрабавальная станцыя, дзе выпрабоўвалі конныя прылады і машыны. У 1930 створаны Бел. філіял Усесаюзнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, на базе якога ў 1933 узнікла Бел.н.-д. станцыя механізацыі сельскай гаспадаркі.
У 1947 у АН Беларусі створаны Ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі, у склад якога ўвайшла н.-д. станцыя. Вучоныя ін-та (кіраўнік М.Я.Мацапура) праводзілі даследаванні па механізацыі розных галін сельскай гаспадаркі, рацыянальнай эксплуатацыі і тэхн. абслугоўванню машынна-трактарнага парка, па механізацыі асушэння і асваення балот і забалочаных зямель. У 1961 ін-ту нададзены статус Цэнтральнага НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР. У ім распрацоўвалі навук. асновы мабільнай энергетыкі, вялі абгрунтаванне сістэм машын, вызначэнне параметраў энерганасычаных трактароў, аптымальнага складу машынна-трактарнага парку (В.В.Кацыгін). Даследаваліся шляхі павышэння якасці, надзейнасці і тэрмінаў службы с.-г. машын, аптымізацыя іх тэхн. абслугоўвання і рамонту (М.М.Севярнёў); механізацыя проціэразійнай апрацоўкі глебы (А.Ц.Вагін); аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў с.-г. вытв-сці (І.С.Нагорскі); ствараліся тэхн. сродкі для работы з арган. і мінер. ўгнаеннямі, вапнавымі матэрыяламі і ядахімікатамі (С.І.Назараў), апрацоўкі і ўборкі збожжавых і зернебабовых культур, бульбы, кармавых караняплодаў, лёну; механізацыя меліярацыйных і культуртэхнічных работ, паляпшэнне лугоў і пашы; механізацыя працэсаў кормавытворчасці і кормапрыгатавання; электрамеханізацыя і аўтаматызацыя жывёлагадоўчых комплексаў. Створаныя вучонымі ін-та машыны выпускаліся прам-сцю СССРвял. серыямі. Так, здрабняльнік-змяшальнік кармоў ІСК-3 (выраблена больш за 200 тыс.шт.) адзначаны залатым медалём Міжнар. выстаўкі ў г. Брно (Чэхія). У ін-це распрацоўваліся асновы тэорыі навясных с.-г. агрэгатаў (Д.А.Чудакоў), арганізацыя рамонту с.-г. тэхнікі (В.П.Суслаў), паўправадніковыя плёначныя электранагравальнікі для абагрэву маладняку жывёл і птушак (І.Ф.Кудраўцаў). У 1984 ін-т стаў галаўной арганізацыяй навук.-вытв. аб’яднання «Белсельгасмеханізацыя», а ў 2002 увайшоў у склад Нац.АН Беларусі як Ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі — навук. цэнтр па механізацыі і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці. Яму пастаўлена задача аснасціць сельскую гаспадарку краіны тэхнікай уласнай вытв-сці, стварыць рэсурсазберагальныя тэхн. сродкі новага пакалення для інтэнсіўных тэхналогій у раслінаводстве і жывёлагадоўлі, якія знізяць матэрыяльна-энергет. выдаткі і забяспечаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі; зацверджаны рэсп. праграмы стварэння с.-г. тэхнікі, машын і абсталявання для вытв-сці і перапрацоўкі с.-г. прадукцыі на 1998—2000 і 2002—05. Распрацавана Канцэпцыя развіцця механізацыі і аўтаматызацыі с.-г. вытв-сці Рэспублікі Беларусь. Вядуцца комплексныя работы па сумесных бел.-рас. праграмах «Лён», «Бульба», «Малако». У ін-це сфарміраваліся вядомыя навук. школы: па рэсурсазберажэнні (У.М.Дашкоў, М.М.Севярнёў), матэм. мадэліраванні с.-г. аб’ектаў (І.С.Нагорскі), механізацыі працэсаў хімізацыі (Л.Я.Сцяпук), механізацыі жывёлагадоўлі (У.І.Перадня), механізацыі кормавытворчасці (І.І.Півуноўскі), механізацыі вырошчвання і перапрацоўкі лёну.
Даследаванні ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі вяліся таксама ў БСГА (А.М.Конанаў) і Гродзенскім с.-г. ін-це. У Бел. аграрным тэхн. ун-це ў галіне энергазберагальных тэхналогій і энергет. абсталявання працуюць М.І.Бохан, Л.С.Герасімовіч, Л.У.Місун, М.А.Прышчэпаў, В.І.Русан, І.М.Шыла. У БСГА над абгрунтаваннем параметраў с.-г. агрэгатаў у тэхналогіях глебаапрацоўкі, нарыхтоўкі і прыгатавання кармоў працуюць А.М.Карташэвіч, А.В.Клачкоў, А.В.Кузьміцкі, У.Р.Петравец, В.А.Шарпуноў. Значны ўклад у стварэнне новай тэхнікі вучоных-канструктараў М.С.Высоцкага, М.Р.Мялешкі, В.А.Шурынава, а таксама вучоных, якія забяспечваюць развіццё трактарнага і с.-г. машынабудавання: П.А.Амельчанкі, У.П.Байкова, В.У.Гуськова, З.В.Лоўкіса.
Літ.:
Севернев М.М., Нагорский И.С. Механизация сельского хозяйства // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Дашков В.Н., Нагорский И.С., Севернев М.М. От сохи до программированного комбайна: становление и перспективы агроинженерной науки Беларуси // Изв. Нац.АН Беларуси. Сер агр. наук. 2003. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1920.
Слуцкі збройны чын 1920, адзін з актаў узбр. выступлення часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства Случчыны супраць палітыкі «ваеннага камунізму». Узначальваў выступленне Бел.нац.к-т у Слуцку. С.п. адбывалася ў канцы польска-сав. вайны 1919—20 (гл.Савецка-польская вайна 1920). У Бел.нац. к-це былі прыхільнікі ген. С.Н.Булак-Балаховіча, якія выступалі за саюз з Польшчай, і прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), што выступалі за поўную незалежнасць і ад Польшчы і ад Расіі; некат. былі схільныя да пагаднення з Сав. Расіяй. Па ініцыятыве прадстаўнікоў БПС-Р 14—15.11.1920 у Слуцку адбыўся бел. з’езд Случчыны (117 дэлегатаў). Кіравалі з’ездам бел. эсэры, якіх падтрымлівала большасць дэлегатаў. Актыўны ўдзел у рабоце з’езда прымаў П.Я.Жаўрыд, прызначаны Найвышэйшай радай БНР камісарам на Случчыне. 14 ліст. з’езд прыняў рэзалюцыю, у якой вітаў Найвышэйшую раду БНР і заявіў пратэст супраць сав. улады на Беларусі як «чужацкай». З’езд абраў Беларускую раду Случчыны (БРС) з 17 чал. на чале з У.М.Пракулевічам, даверыў ёй цывільную ўладу ў павеце і даручыў арганізацыю нац. войска. БРС лічылася часовым органам да ўтварэння выбарнага органа на ўсёй Беларусі. Рада складалася з 8 бел. эсэраў на чале з Пракулевічам і прадстаўнікоў інш.паліт. груповак. Першачараговай задачай было фарміраванне войска, для чаго з членаў рады створана тройка на чале з Жаўрыдам. Была сфарміравана І-я Слуцкая брыгада стральцоў у складзе 2 палкоў — І-га Слуцкага і 2-га Грозаўскага, Баявыя дзеянні пачаліся 27 лістапада Штодзённыя бесперапынныя атакі вяліся на ўчастку працягласцю 60 км; асабліва моцна атакавалі на лініі Капыль—Цімкавічы—Вызна. Баі ішлі каля вёсак Садавічы, Быстрыца, Лютавічы, Морач, мястэчка Капыль, Вызна. Камандаванне 16-й сав. арміі вырашыла ачысціць нейтральную зону ад паўстанцаў. Аднак дзеянні Чырв. Арміі не далі вынікаў, бо камандаванне Слуцкай брыгады вывела гал. сілы з-пад удару сав. войск. Толькі ў раёне Семежава частка паўстанцкіх атрадаў была разбіта і 7 снеж. адкінута да дэмаркацыйнай лініі (30 афіцэраў і 400 жаўнераў). Пасля вяртання сав. войск на дэмаркацыйную лінію паўстанцы зноў пачалі нападаць на атрады Чырв. Арміі. У ноч на 10 снеж. паўстанцы напалі на вёскі Крывасёлкі і Навасёлкі, 12 снеж. — на в. Старынь. 13 снеж. яны занялі Семежава, але пазней вымушаны былі з боем адысці. Штаб Слуцкай брыгады 15 снеж. пераехаў у в. Морач. У ноч на 18 снеж. паўстанцы зноў занялі Семежава, 19 снеж. — Вызну. Сав. камандаванне перакінула на фронт новыя сілы, якія ў выніку наступлення адбілі Вызну і Смолічы, 20 снеж. — Семежава. Штаб Слуцкай брыгады і атрады паўстанцаў перабазіраваліся ў в. Заастравечча (Клецкі р-н) каля р. Лань, за якой стаялі польскія войскі. БРС прыняла рашэнне перайсці раку ў раёне размяшчэння 41-га польскага палка. 28.12.1920 Слуцкая брыгада перайшла за р. Лань, 31.12.1920 на польскі бок перайшоў апошні атрад паўстанцаў. Афіцэры і жаўнеры брыгады былі раззброены і інтэрніраваны ў лагеры ў раёне в. Сіняўка (Клецкі р-н), потым пераведзены ў лагер у г. Беласток, а пазней — у лагер у Дарагуску. Вызвалены яны толькі ў маі 1921 пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 і абмену ратыфікацыйнымі граматамі. Адзін батальён (каля 400 чал.) брыгады адмовіўся здацца польскім вайскоўцам і застаўся на Случчыне для працягу ваен. дзеянняў партыз. характару. У асн. гэта былі прыхільнікі Булак-Балаховіча. Яны вялі барацьбу яшчэ доўгі час. У абставінах, што склаліся ў канцы грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22, С.п. шанцаў на перамогу не мела.
Літ.:
Историко-стратегический очерк XVI армии. Могилев, 1921;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ГІСТО́РЫІ,
гуманітарная дысцыпліна, якая даследуе гіст. рэальнасць і праблемы гіст. пазнання. Вывучае аб’ектыўныя заканамернасці і духоўна-маральны сэнс гіст. працэсу, прызначэнне і шляхі рэалізацыі сутнасных сіл чалавека ў гісторыі. У адрозненне ад гістарыяграфіі, Ф.г. выконвае ролю тэарэт. асэнсавання гісторыі.
Некат. даследчыкі лічаць, што Ф.г. ўзнікла ў Стараж. Грэцыі, дзе былі распрацаваны важныя для разумення гісторыі і пабудовы гіст. ведаў катэгорыі (рух, развіццё, узаемадзеянне асобы і грамадства). Але стараж.грэч. ўяўленні, паняцці і катэгорыі не склаліся ў закончаную сістэму філас. поглядаў на гіст. рэальнасць. У перыяд ранняга хрысціянства ўзнікла перыядызацыя гістарычная, сфармулявана ідэя гіст. прагрэсу (Аўгусцін), гіст. падзеі пачалі асэнсоўвацца з хрысц.-тэалагічных пазіцый: гісторыя ствараецца людзьмі, але ў яе аснове ляжыць Божая задума. Перадумовы стварэння ўласна Ф.г. ўзніклі ў 16—18 ст. (Ж.Бадэн, Ф.Бэкан, Т.Гобс і інш.). Вальтэр упершыню ўжыў тэрмін «Ф.г.», пад якім разумеў універсальны агляд чалавечай культуры; у сваёй працы «Філасофія гісторыі» (1765) ён адмаўляў правідэнцыялізм і разглядаў гісторыю як творчасць людзей, а не выяўленне волі Бога. Дж.Віка прапанаваў ідэю аб’ектыўнага характару гіст. развіцця і распрацаваў гістарычнага кругавароту тэорыю. У 18—19 ст. Ф.г. развівалася пераважна ў выглядзе агульнай тэорыі гіст. развіцця.
І.Г.Гердэр разглядаў Ф.г. як спец. дысцыпліну, якая вывучае агульныя праблемы гісторыі і заклікана адказаць на пытанні, ці існуюць станоўчыя і нязменныя законы развіцця чалавечага грамадства і якія яны. Найвышэйшым дасягненнем традыц. Ф.г. стала тэорыя Г.Гегеля, які лічыў гал. крыніцай грамадскага развіцця аб’ектыўны розум, сусв. дух, абсалютную ідэю, што праходзілі розныя ступені свайго самаразвіцця. У 2-й пал. 19 ст. прадстаўнікі пазітывізму крытыкавалі традыц. Ф.г. і прапаноўвалі замяніць яе сацыялогіяй. Г.Рыкерт вылучыў 3 значэнні тэрміна «Ф.г.»: усеагульная гісторыя (абагульненне гіст. працэсу і звядзенне «асобных» гісторый у адзіную сусветную); вучэнне аб прынцыпах гіст. быцця і пошуку сэнсу гісторыі; логіка гіст. пазнання. Яго трактоўку Ф.г. развівалі ў сваіх працах зах.-еўрап. і амер. філосафы, але зводзілі яе да гіст. тэорыі пазнання ці логікі і метадалогіі гісторыі (Р.Дж.Колінгвуд, аналітычная філасофія і інш.).
У працэсе станаўлення як асобнай дысцыпліны Ф.г. набыла канцэптуальнае афармленне ў 3 асн.тэарэт. мадэлях. Метафізічная мадэль Ф.г. ўключае анталагічную праблематыку: вучэнне пра гіст. рэальнасць і гістарычны працэс, праблемы логікі гіст. развіцця, гіст. законаў і заканамернасцей, гіст. прагрэсу і рэгрэсу, свабоды і неабходнасці, сэнсу гісторыі (Гердэр, Гегель, М.А.Бярдзяеў, Ф.Франк, М.Хайдэгер, К.Ясперс і інш.). Ідэя адзінства і разнастайнасці сусв.гіст. працэсу, пакладзеная ў аснову гэтай мадэлі, стала сістэмаўтваральнай для ўзнікнення фармацыйнай тэорыі марксізму, канцэпцыі лакальных цывілізацый (М.Я.Данілеўскі, О.Шпенглер, А.Дж.Тойнбі), тэорый мадэрнізацый (Х.Парсанс, С.М.Ліпсет і інш.) і пасіянарных цыклаў (Л.М.Гумілёў) і інш.Эпістэмалагічная мадэль разглядае праблемы гіст. пазнання і ведаў, лагічнай структуры гіст. думкі, гіст. разумення і тлумачэння, метадалогіі і інтэрпрэтацыі гіст. крыніц, гіст. ісціны і навук. мадэліравання гіст. падзей (бадэнская шкала неакантыянства, неапазітывізм, К.Г.Гемпель, У.Дрэй, А.С.Лапа-Данілеўскі, У.М.Хвастоў, Р.Ю.Біпер, М.М.Кавалеўскі, Г.Г.Шпет і інш.). Антрапалагічная мадэль сінтэзуе анталагічны і эпістэмалагічны падыходы ў Ф.г., акцэнтуе ўвагу на праблемах чалавечага быцця і свядомасці, выступае за міждысцыплінарнае даследаванне гісторыі (Г.П.Фядотаў, А.Я.Гурэвіч і інш.). Спалучэнне метафіз., эпістэмалагічнай і антрапал. мадэлей характэрна для тэорыі «ўсеадзінства» Л.Л.Карсавіна і тэорыі «культурнага сінтэзу» Э.Трольча.
У сав.гуманіт. думцы Ф.г. не лічылася самаст. дысцыплінай. Філас.-гіст. праблематыка распрацоўвалася ў межах гістарычнага матэрыялізму (М.А.Барг, У.Ж.Келе, В.І.Мішын, Дз.І.Часнакоў і інш.). Да 1980-х г. у межах марксісцкай тэорыі вызначылася тэндэнцыя да абгрунтавання ўласнага статуса Ф.г. як гнасеалогіі, метадалогіі і логікі гісторыі (А.І.Ракітаў і інш.). У 1990-я г. на Беларусі тэарэт. праблемы Ф.г. і новыя метады гіст. даследаванняў распрацоўваюць У.С.Кошалеў, А.М.Нечухрын, У.Н.Сідарцоў і інш.
Літ.:
Гердер И.Г. Идеи к философии истории человечества: Пер. с нем. М., 1977;
Коллингвуд Р.Дж. Идея истории: Автобиогр.: Пер. с англ.М., 1980;
Лооне Э.Н. Современная философия истории. Таллинн, 1980;
Бердяев Н.А. Смысл истории. М., 1990;
Гегель Г.В.Ф. Лекции по истории философии: Пер. с нем. Кн. 1—3. СПб., 1993;
Гобозов И.А. Введение в философию истории. М., 1993;
Карсавин Л.П. Философия истории. СПб., 1993;
Философия истории: Антология. М., 1995;
Арон Р. Избранное: Введение в философию истории: Пер. с фр. М.; СПб., 2000;
Русанова О.Ф. Философия и методология истории в XX в. Екатеринбург, 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАМАСТА́ЦТВА,
від сучаснага выяўл. мастацтва. Уключае маст.фатаграфію, фотаграфіку, фотамантаж, фотагравюру і інш. Валодае многімі выразнымі сродкамі жывапісу і графікі, а таксама спецыфічнымі: святло (градацыі святлаценю), аптычныя сродкі (каротка- і даўгафокусныя аб’ектывы), лічбавы фотаапарат, камп’ютэрная графіка і інш. Творы Ф. выкарыстоўваюцца як дадатковы ці зыходны матэрыял у інш. відах мастацтва, а таксама ў плакаце, кніжнай і часопіснай графіцы, рэкламе.
Першым фатаграфічным дакументам лічаць здымак Н.Ньепса «Від з майго рабочага пакоя на Шалонсюр-Саон» (1826). З таго часу Ф. развіваецца як «мастацтва спыненага моманту». Напачатку фатаграфія развівалася пад уплывам кірункаў у выяўл. мастацтве, якія прытрымліваліся дакумент. адлюстравання рэчаіснасці (пераважна партрэты). Таму фатографы запазычвалі і прыёмы партрэтнага жывапісу Э.Баярд, Э.Корж, Г.Ф.Надар, К.Сільві (Францыя), Дж.М.Камеран (Вялікабрытанія). З удасканальваннем фотатэхнікі акрэсліваліся новыя шляхі ў развіцці фатаграфіі. Фатографы, якіх не задавальняла простае капіраванне прыроды, імкнуліся падкрэсліць яе прыгажосць праз унутр. дынамізм, маст. пераасэнсаванне; здымак набываў самаст.эстэт. сэнс. У пач. 20 ст. Ф. развівалася пад уплывам стылю мадэрн: Я.Булгак (Беларусь, Літва, Польшча), М.Напельбаўм (Расія), Ё.Судэк (Чэхія). У галіне Ф. працавалі еўрап. графікі і жывапісцы А.М.Муха, П.Пікасо, Ц.Ульрыхс, Г.Цыле, Л.Лісіцкі. Сувязь фатаграфіі з традыц.выяўл. мастацтвамі выявілася ў пераасэнсаванні маст. традыцый жывапісу і графікі. Адзін з заснавальнікаў сучаснага Ф. — А.Стыгліц (ЗША); яго развіццю садзейнічалі сав. авангард і еўрап. мадэрнізм. Як від мастацтва Ф. сфарміравалася ў 1920-я г. У Ф. адбыўся рэв. ўздым, абумоўлены выкарыстаннем вопыту кінематаграфістаў, оптыкі і новых канструкцыйных асаблівасцей фотакамеры. Сярод вядучых фотамастакоў: М.Рэй (ЗША), М.Альперт, Д.Дэмуцкі, Б.Ігнатовіч, Г.Клуцыс, А.Родчанка (Расія), А.Зандэр, Л.Мохай-Надзь, А.Штанкоўскі (Германія). Ф. 1930—50-х г. уласціва імкненне да адлюстравання сац. праблем, стварэння маштабнага партрэта грамадства: К.Х.Маі, Э.Саламон (Германія), А.Карцье-Брэсон, А.Кертэш, Э.Стэйхен (Францыя), Л.Мілер (ЗША). У 1950—70-я г. ўзмацніліся ўзаемасувязі новых эстэт. кірункаў мастацтва: М.Франк (Бельгія), Б.Бранд (Вялікабрытанія), А.Адамс (ЗША), А.Суткус (Літва), А.Ньюмен (ЗША). Сучасны этап Ф. характарызуецца шматграннасцю жанравых форм, творчых метадаў, канцэптуальных падыходаў, высокімі эстэт. патрабаваннямі, тэхн. разнастайнасцю і дасканаласцю. У жанры фотапартрэта працуюць Т.Руф, К.Северынг (Германія); арх. і ландшафтны мінімалізм адлюстроўваюць Б. і Х.Бехеры, А.Гурскі, О.Мартэнс (Германія), В.Вендэрс (Германія, ЗША), Б.Канопка (Францыя); жанравую фатаграфію з драматургічнай вобразнай структурай распрацоўваюць Н.Аракі (Японія), Дж.П.Віткін (Францыя, Германія, ЗША).
На Беларусі фатаграфія вядома з 1860-х г. Уклад у еўрап. Ф. пач. 20 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі Булгак, Л.Дашкевіч, Напельбаўм, С.Юркоўскі, А.Прушынскі і інш. У 1920-я г. вядомы творы Ф. ў плакатах навучэнцаў Віцебскага маст. тэхнікума; фотамантаж выкарыстоўваўся ў кніжнай графіцы 1930-х г. Як самаст.маст. з’ява Ф. пашырылася з 1970-х г. Жанр архітэктурна-эпічнага пейзажа знайшоў увасабленне ў творах В.Бараноўскага, Г.Ліхтаровіча, Дз.Раманюка, У.Суцягіна, П.Цішкоўскага, псіхал. партрэта — В.Федарэнкі, У.Шубы, М.Раманюка, Я.Казюлі. З 2-й пал. 1970-х г. у Бел.АМ уведзены курс фотаграфікі, кіраўнік якога У.Цярэнцьеў займаўся эксперым. пошукамі, развіваў арыгінальныя методыкі. Ф. дасягнула росквіту ў 1980-я г., калі пачалі складвацца адметныя прынцыпы бел.маст. школы. У галіне эксперым.маст. фатаграфіі, фотаграфіцы працавалі і працуюць А.Адамчык, М.Баразна, В.Ганчарэнка, А.Дудкін, М.Жылінскі, В.Лабко, Г.Маскалёва, У.Парфянок, В.Шчукін. Сац. бок грамадскага жыцця адлюстраваў у сваіх серыях А.Кляшчук (напр., «Зона журбы», 1986—96, прысвечана чарнобыльскай тэматыцы). Да асн. плыні фотамастакоў далучыліся С.Кажамякін, У.Парфянок, І.Саўчанка і інш. Іх творчасці ўласцівы падкрэсленая графічная своеасаблівасць здымка, пазбаўленая штампаў кампазіцыйнага мыслення рэпартажнай фатаграфіі. За творамі гэтага асяродка замацавалася назва жанру «мінская канцэптуальная фатаграфія». Магілёўская творчая суполка развівае класічныя якасці маст. фатаграфіі і традыцыі Міжнар. асацыяцыі фотамастакоў FIAP: П.Цішкоўскі, З.Шэгельман, Г.Карчэўскі, В.Цітоў, А.Сувораў і інш.
М.Р.Баразна.
Да арт.Фотамастацтва. Г.Ф.Надар. Сара Бернар. 1860.Да арт.Фотамастацтва. Л.Лісіцкі. Канструкцыя. 1924.Да арт.Фотамастацтва. М.Рэй. Мэры Опенхайм. 1933.Да арт.Фотамастацтва. П.Пікасо, А.Віе. Жанчына на кані. 1962.Да арт.Фотамастацтва. А.Кляшчук. Перад невядомай наступнасцю. З серыі «Зона журбы». 1994.Да арт.Фотамастацтва. М.Раманюк. Жанчына ў старадаўнім касцюме з наміткай.Да арт.Фотамастацтва. Б. і Х. Бехеры. Газавы рэзервуар. 1992.Да арт.Фотамастацтва. Г.Ліхтаровіч. Замак 16 ст.Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Фотамастацтва. П.Цішкоўскі. Гарадскія навіны. 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНЫ Кузьма (сапр.Раманоўскі Мікалай Карлавіч; 24.6.1900, в. Жабчава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 22.11.1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916—19), БДУ (1923—25). У 1920—22 сакратар валаснога рэўкома, настаўнік у в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), справавод Слуцкага пав. ваенкамата. У 1924—28 у газ. «Беларуская вёска». Чл.літ. аб’яднання «Маладняк» (1923—26), старшыня літ. аб’яднання «Узвышша» (1926—31), гал. рэдактар час. «Узвышша» (1927—31). У 1934—38 заг. кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. 14.10.1938 беспадстаўна арыштаваны, 8.6.1939 вызвалены з астрогу. З 1941 у эвакуацыі ў Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 вярнуўся ў Мінск, працаваў у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптанімам М.Р.). З 1921 выступаў як празаік. Першыя зб-кі апавяданняў «Апавяданні», «Срэбра жыцця» (абодва 1925). У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэт. замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство бел. прыроды, услаўляецца абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях «узвышаўскага» перыяду (зб-кі «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць», усе 1926; «Вераснёвыя ночы», 1929) — паглыблены псіхал. аналіз, сцвярджэнне гуманіст. думкі пра вял. сіпу чалавека на зямлі, стварэнне каларытных вобразаў «палявых людзей», якія ўвасабляюць лепшае ў бел. характары, вобразаў прадстаўнікоў маладога пакалення, схільных да філас. разваг і актыўных грамадскіх учынкаў. У апавяданнях 1930-х г. (зб. «Брыгадзіравы апавяданні», 1932) спроба авалодаць вытв. тэмай, паказаць працэс нараджэння калектывіста, ударніка сацыяліст. працы, выявіць у ім прыкметы класавай прыналежнасці, што вяло да схематызму і збедненасці вобразаў. У апавяданнях 1940-х г. (зб. «Вялікае сэрца», 1945) узнаўленне драм. эпізодаў перыяду Вял.Айч. вайны, малюнкаў спусташэння бел. зямлі, воля беларусаў да супраціўлення. У рамане «Сястра» (1927—28) вострае драм. сутыкненне супрацьлеглых поглядаў на ролю асобы ў працэсе рэв. абнаўлення свету, адмаўленне непаважлівага стаўлення да чалавека, сцвярджэнне хрысц. каштоўнасцей. У рамане-паэме «Зямля» (1928) пераважае паказ «плыні свядомасці» герояў з простанароддзя, хараства простых людзей, бел.нар. звычаяў і прыроды. У аповесці «Лявон Бушмар» (1929) класічны тып чалавека-ўласніка, вобразам якога сцвярджаецца роля псіхал. і біял. спадчыннасці ў станаўленні асобы. У незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930) праз шэраг яркіх вобразаў і псіхал. тыпаў зроблена спроба ўзнавіць драм. атмасферу ідэалаг. спрэчак пра шляхі абнаўлення свету перыяду рэвалюцыі, грамадз. вайны, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны. У пач. 1930-х г. Ч. прыйшоў да задумы папісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён»: раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні Вял.Айч. вайны. У рамане «Бацькаўшчына» — праблема Радзімы, якая на працягу стагоддзяў хвалявала беларусаў. У «Трэцім пакаленні» Ч. цікавіць паняцце ўласнасці, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. У аповесці «Люба Лук’янская» — паэтызацыя духоўнага хараства бел. жанчыны, драматызм яе жыцця ў «эпоху войнаў і рэвалюцый». Задуманы Ч. празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’еўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (нап. 1941—44, апубл. 1975), «Смага» (нап. 1944, апубл. 1975) і інш., у якіх паказаны лёс беларусаў у час вял. выпрабаванняў, адносіны герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш. Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайм. рамана, паст. 1932, БДТ-1; 1966, Бел.т-р імя Я.Коласа), «Ірынка» (паст. 1941, БДТ-1 і БДТ-2), аповесці для дзяцей «Насцечка» (1940) і інш. Пераклаў на бел. мову аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» А.Пушкіна, п’есы «Рэвізор» М.Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А.Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М.Горкага і інш. Асобныя творы Ч. інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А.Гутковіча і Ф.Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе. пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Бел. тэлебачанне; паводле аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1972—75;
Выбр. творы. Мн., 2000.
Літ.:
Кузьма Чорны: Зб. матэрыялаў аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Мн., 1959;
Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага. Мн., 1972;
Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;
Тычына М.А. Кузьма Чорны // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.Мн., 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАД — САВЕТ МІНІСТРАЎ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
Савет Міністраў з’яўляецца цэнтральным органам дзярж. кіравання, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. улады і інш. органаў выканаўчай улады. У сваёй дзейнасці падпарадкаваны Прэзідэнту і адказны перад Парламентам. Урад складаецца з Прэм’ер-міністра, намеснікаў Прэм’ер-міністра і міністраў; у яго склад могуць уваходзіць кіраўнікі інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў; ён у 2-месячны тэрмін пасля свайго прызначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада. У выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду Прэм’ер-міністр заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы. у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (прыняты 24.6.1998, у рэдакцыі закона ад 31.1.2003) Урад распрацоўвае праект рэсп. бюджэту, прагнозы, дзярж. праграмы сац.-эканам. развіцця; арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; рэгулюе знешнегандл. дзейнасць, стварае ўмовы для свабоднага прадпрымальніцтва на аснове раўнапраўя ўсіх форм уласнасці; ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць, адзіную дзярж. палітыку ў галіне рэгулявання зямельных адносін, выкарыстання і эканоміі энергет. і матэрыяльных рэсурсаў; забяспечвае развіццё агульнадзярж. інфраструктуры (аўтамабільныя, паветраныя, водныя і чыг.шляхі зносін, сеткі сувязі, лініі электраперадач і інш.); правядзенне адзінай дзярж. палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прыняцце эфектыўных мер па сац. абароне грамадзян, ахове гісторыка-культ. спадчыны, развіцці прафес. мастацтва, л-ры, нац. кнігавыдання і перыяд. друку; забеспячэнні права грамадзян на свабоду веравызнанняў. Савет Міністраў забяспечвае гарантаваныя Канстытуцыяй, законамі і прадугледжаныя міжнар. абавязацельствамі дзяржавы правы і свабоды грамадзян, а таксама абарону грамадзян Рэспублікі Беларусь як на тэр. краіны, так і па-за яе межамі, прымае меры па абароне нац. бяспекі і абараназдольнасці, незалежнасці і тэр. цэласнасці Рэспублікі Беларусь, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю. У межах Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта Урад распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі, ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці ў галіне адносін Беларусі з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі. Як калегіяльны орган дзярж. кіравання Урад выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь, а Прэм’ер-міністр у межах сваёй кампетэнцыі мае права выдаваць распараджэнні. Савет Міністраў валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Па даручэнні Прэзідэнта, па ўласнай ініцыятыве або ў прадугледжаным законам парадку ён арганізуе распрацоўку праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, уносіць іх на разгляд Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прадстаўляе ў палаты Нац. сходу і іх органы дакументы і матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю Урада.
Дзярж. кіраванне ў пэўных галінах (сферах дзейнасці) і каардынацыю работы ў гэтых галінах (сферах дзейнасці) інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання ажыццяўляюць міністэрствы, дзярж. камітэты, камітэты пры Савеце Міністраў і дзярж. арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў. У сістэму гэтых органаў дзярж. кіравання ўваходзяць міністэрствы: архітэктуры і будаўніцтва, унутр. спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, замежных спраў, інфармацыі, культуры, лясной гаспадаркі, абароны, адукацыі, па падатках і зборах, па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі, юстыцыі; Камітэт дзярж. бяспекі; дзярж. камітэты: ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях, пагранічных войск, мытны; камітэты пры Савеце Міністраў: па архівах і справаводстве, па справах рэлігій і нацыянальнасцях, па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці. Да дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў, адносяцца Бел.дзярж. канцэрны: харчовай прамысловасці («Белдзяржхарчпрам»), па нафце і хіміі («Белнафтахім»), па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці («Беллегпрам»), на вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»), па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»); Бел.вытв.-гандл. канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»), Бел. чыгунка і Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), якія знаходзяцца ў веданні Урада па пытаннях, вызначаных заканадаўствам. Мін-вы, дзярж. к-ты па асобных пытаннях дзейнасці, прадугледжаных заканад. актамі, могуць падпарадкоўвацца выключна Прэзідэнту. Рэсп. органы дзярж. кіравання, падпарадкаваныя Савету Міністраў, іх тэр. органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць (выдаюць) прававыя акты на аснове і з мэтай выканання Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта, пастаноў Урада, ажыццяўляюць кантроль за іх выкананнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОНЗАВЫ ВЕК
Самыя раннія культуры эпохі бронзы на тэр. Еўропы ўзніклі ў 3-м тыс. да н.э. Новыя тэхналогіі, у т. л. бронзаліцейная, былі адной з праяў шэрагу змен, што адбываліся ў гасп., сац. і духоўнай сферах. У межах Беларусі першыя метал. вырабы, у т. л. з бронзы, знойдзены на Верхнім Падняпроўі ў пахаваннях сярэднедняпроўскай культуры канца 3 — пач. 2-га тыс. да н.э. На працягу 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. культурныя змены, характэрныя для эпохі бронзы, адзначаюцца на ўсёй тэр. Беларусі. Вылучаюць ранні, сярэдні і позні перыяды бронзавага веку Беларусі.
Ранні перыяд (канец 3 — пач. 2 — сярэдзіна 2-га тыс. да н.э.) ахоплівае час існавання культ. утварэнняў, што ўзніклі ў выніку сінтэзу традыцый культур шнуравой керамікі і шарападобных амфар і перажытачнага ляснога неаліту (сярэднедняпроўская, паўночна-бел. культуры, групы помнікаў са шнуравой керамікай Бел. Панямоння, Бел. Палесся). На ПдУ Беларусі адзначаны таксама прыкметы культуры шматвалікавай керамікі, асн. помнікі якой вядомы на тэр. стэпавай і лесастэпавай зон. Стаў распаўсюджвацца курганны абрад пахавання і звычай крэмацыі памерлых. З’яўленне ранніх метал. вырабаў сведчыла, у першую чаргу, пра складванне новай сац. сістэмы, якая ўзнікла ў выніку паглыблення сац. падзелу. Метал. вырабы ці сыравіна як рэдкія і дарагія рэчы, імпартаваныя з аддаленых тэрыторый, складалі аснову паказчыкаў прэстыжу пэўных груп насельніцтва. У комплекс высокапрэстыжных рэчаў уваходзілі таксама прывазныя ўпрыгожанні з бурштыну, фаянсу, шкла, зброя, вырабы з высакаякаснага крэменю, рэдкіх парод каменю і інш. Заўважаецца дыферэнцыяцыя пахаванняў паводле стану «багацця». Супольнасці структурызуюцца як кроўнароднасныя групы, у якіх асн. роля належала дарослым мужчынам. Разам з попытам на прэстыжныя вырабы складваліся шляхі абмену. Метал. вырабы, сыравіна для іх вытворчасці маглі трапляць праз пасрэднікаў з Каўказскага і Балкана-Карпацкага металург. цэнтраў. Назіраюцца прыкметы спецыялізацыі асобных прадстаўнікоў насельніцтва і рэгіёнаў (здабыча і апрацоўка высакаякаснага крэменю, атрыманне метал. вырабаў, зброі, бурштыну і інш.). Асн. крыніцай жыццезабеспячэння сталі жывёлагадоўля і земляробства, хоць па-ранейшаму шмат увагі аддавалася збіральніцтву, паляванню і рыбалоўству. У земляробстве пераважала матычная апрацоўка глебы, ужывалася падсечна-агнявая сістэма, культываваліся найб. пшаніца і жыта. У жывёлагадоўлі распаўсюджанымі былі сезонныя вандроўныя, а таксама прыдомныя выпасы. Гадавалі кароў, быкоў, коз, авечак, свіней. Сярод супольнасцей, якія засялялі тэр. Беларусі, у той час пераважалі носьбіты індаеўрап. моў. Вял. значэнне надавалася культам агню, сонца, вады, жывёл, мужч. і жан. божаствам хтанічнага паходжання, веры ў існаванне замагільнага жыцця і інш.Маст. творчасць рэалізоўвалася ў аздабленні керамікі, каменных вырабаў, вырэзванні касцяных скульптур, вырабе ўпрыгожанняў з рогу, косці, бурштыну, металу і інш.
У сярэдні перыяд (сярэдзіна 2-га тыс. — 1100—1000 да н.э.) тэр.Бел. Палесся, большая ч.Бел. Панямоння былі заселены супольнасцямі тшцінецкай і сосніцкай культур. Асобныя іх традыцыі прасочваюцца ў межах цэнтр. і некаторых паўн. рэгіёнаў Беларусі. Далейшае развіццё тшцінецкіх і сосніцкіх культ. традыцый, прыток новых культ. элементаў прывялі да ўзнікнення культур позняга перыяду (1100—1000—700 да н.э.) бронзавага веку. У гэты час у паўд.-ўсх. раёнах Беларусі сустракаюцца старажытнасці лебядоўскай культуры, у Бел. Панямонні і Бел. Паазер’і выяўлены сляды груп насельніцтва, якое карысталася штрыхаванай керамікай. Пачынаючы з 700-х г. да н.э. на Віцебшчыне ўзнікаюць слаба ўмацаваныя і неўмацаваныя паселішчы днепра-дзвінскай культуры. Супольнасці, якія фарміраваліся ў гэты час на тэр. Беларусі, патэнцыяльна маглі мець асобныя прыкметы протабалт. і протаслав. этнасаў. Людзі жылі на паселішчах, якія маглі быць і кароткачасовымі і доўгатэрміновымі, сталымі. На Пд Беларусі памерлых хавалі найчасцей паводле абраду крэмацыі ў бескурганных ці курганных могільніках. У цэнтр. і паўн. Беларусі для гэтых перыядаў не адзначаны якія-небудзь сляды пахаванняў. Развіццё сац. структуры грамадства сярэдняга і позняга перыядаў бронзавага веку эвалюцыяніравала ў кірунку складвання стратыфікаваных супольнасцей, у якіх фарміраваўся інстытут правадырства, утвараліся элітныя праслойкі насельніцтва. Пашыраліся ворыўныя прыёмы апрацоўкі глебы з выкарыстаннем драўляных рал. Асн. значэнне набывала практыка прыдомнага выпасу свойскіх жывёл. З сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. роля каўказскіх метал. традыцый змяншаецца, узрастае роля Карпата-Трансільванскага метал. цэнтра. Выключнае месца пачынае адводзіцца алавяністай бронзе. Фарміруюцца і мясц. металавытв. цэнтры, у т. л. ў асяроддзі насельніцтва тшцінецкай і сосніцкай культур. Сярод бронзавых вырабаў, знойдзеных на тэр. Беларусі, адзначаюцца сякеры (т.зв. кельты, з бакавымі закраінамі, з уступамі і інш.), упрыгожанні (бранзалеты, падвескі і інш.), наканечнікі стрэл, мячы і інш. Многія з іх траплялі з Цэнтр. і Паўн. Еўропы, Прыбалтыкі, з Усходу.
М.М.Крывальцэвіч.
Бронзавая сякера з закраінамі ўсходнебалтыйскага тыпу. Канец 2-га тыс. да н.э. Знойдзена каля вёскі Камень (Кобрынскі раён Брэсцкай вобл.).Посуд сярэднедняпроўскай культуры з Беларускага Падняпроўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТРАЗНАЎСТВА
Першыя звесткі пра з’явы паратэатральнай культуры, а таксама дзейнасць стваральніцы Нясвіжскага т-ра Ф.У.Радзівіл занатаваны ў «Дыярыушы князя Міхала Казіміра Радзівіла, ваяводы віленскага, гетмана Вялікага княства Літоўскага» (1720—61). Вядомы на Беларусі і рукапісныя працы 17—18 ст., прысвечаныя аналізу драматургіі і тэатра; найб. значная з іх — трактат «Паэтыка» М.К.Сарбеўскага, у раздзеле якога «Пра трагедыю і камедыю, або Сенека і Тэрэнцый» абагульнена паэтыка школьнага тэатра. Асобныя пытанні тэатр. мастацтва разглядаліся ў працах Ф.Галянскага, Г.Каніскага, Я.Фалькоўскага. Актывізацыя працэсаў станаўлення бел.нац. культуры ў 1-й пал. 19 ст. абумовіла развіццё і тэатразнаўчай думкі. У перыяд. друку А.Багдановіч, І.Гольц-Мілер (бацька), У.Сыракомля, П.Шпілеўскі разглядалі пытанні рэпертуару, выканальніцка-акцёрскага мастацтва, выступалі за дэмакратызацыю тэатра. Значным навук. падмуркам для развіцця тэатразнаўства з’явіліся запісы нар. форм тэатра, зробленыя ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. К.Гукоўскім, Дз.Даўгялам, Я.Карскім, А.Кіркорам, Е.Раманавым, К.Харламповічам, П.Шэйнам. У гіст. плане асвятлялася культурнае жыццё, у т. л.тэатр., Мінска, Віцебска, Гродна, Нясвіжа, Навагрудка і інш. У пач. 20 ст. дзеячы культуры востра ставілі пытанне пра бел.нац. тэатр; ідэю яго стварэння прапагандавала газета «Наша ніва» (1906—15). Па пытаннях тэатр. мастацтва на яе старонках выступалі Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч, Цётка (А.Пашкевіч), Ц.Гартны, А.Бульба, З.Бядуля. Своеасаблівую праграму развіцця бел. тэатра распрацаваў М.Гарэцкі ў артыкуле «Наш тэатр» («Калядная пісанка: 1913 год»), дзе вызначыў грамадскую функцыю тэатра, яго асветніцка-выхаваўчую ролю, эстэтычныя і маст. задачы. Паступова тэатразнаўства вылучылася ў самастойную галіну навукі. Яго прыярытэтным кірункам стала даследаванне гісторыі нац. сцэнічнай культуры. Апублікаваны працы: «Беларускі тэатр» Ф.Аляхновіча (1924), «Аб тэатры» С.Грынкевіча (1927), «Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930» А.Некрашэвіча (1930), «Тэатр Савецкай Беларусі» С.Геца (1931), «Тэатр юнага гледача БССР імя Н.К.Крупскай» (1940). Выдадзены метадычны падручнік для аматараў «Сялянскі тэатр» А.Ляжневіча (1928). Пачалася распрацоўка праблем бел. драматургіі. У кн. «Драматургія: Першы дыскусійны зборнік аўтаномнай секцыі драматургаў...» (1934) змешчаны выступленні Я.Коласа, К.Чорнага, В.Вольскага, У.Галубка, І.Гурскага, М.Клімковіча, Б.Мікуліча, Я.Рамановіча і інш. Драматургічная творчасць К.Чорнага, А.Александровіча, Р.Кобеца, Е.Міровіча, Я.Рамановіча аналізавалася ў працы «Сучасныя праблемы беларускай савецкай драматургіі» В.Вольскага (1934). Узаемасувязям тэатра і драматургіі прысвечана кніга «Тэатр і драматургія: Крытычныя артыкулы» М.Модэля (1935). У 1940 да Дэкады бел. мастацтва ў Маскве выдадзены зб. «Мастацтва Савецкай Беларусі» В.Вольскага, Я.Рамановіча і А.Сегедзі. У пасляваенны перыяд бел. тэатразнаўства паступова пераадольвала вульгарна-сацыялагізатарскія тэндэнцыі, выпрацоўвала метадалогію, гіст. падыход да з’яў мастацтва. У Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі арганізаваны сектар тэатра і кіно (з 1986 аддзел тэатра), дзе распрацоўваюцца пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі тэатра. У 1959 выдадзена абагульняльная праца па гісторыі драм. сцэнічнага мастацтва Беларусі «Беларускі тэатр: Нарыс гісторыі» У.Няфёда. Вывучэнне мінулага і сучаснай практыкі бел. тэатра пашырана ў яго даследаваннях «Тэатр у вогненныя гады» (1959), «Сучасны беларускі тэатр (1946—1959)» (1961), «Станаўленне беларускага савецкага тэатра» (1965). Шляхі развіцця бел. тэатра ад старажытнасці да сярэдзіны 1980-х г. прааналізаваны ў калектыўнай працы «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87). Далейшая распрацоўка гісторыі і сучасных праблем бел. тэатра ў манаграфіях «У тэатр іду як у храм» І.Ліснеўскага (1997), «На скрыжаванні» Р.Смольскага (1999), «На мяжы стагоддзяў: Сучасны беларускі драматычны тэатр» Т.Гаробчанкі (2002). Стварэнне навук. фундаменту ў вывучэнні гісторыі развіцця тэатр. справы на Беларусі дазволіла тэатразнаўцам засяродзіць увагу на даследаванні канкрэтных праблем. У шэрагу тэарэтычных прац разглядаюцца пытанні драматургічнага канфлікту (У.Няфёд), сцэнічнай інтэрпрэтацыі прозы (У.Халіп), узаемадзеяння і ўзбагачэння тэатр. культур розных народаў (П.Ахрыменка, А.Сабалеўскі, У.Стэльмах), эвалюцыі канцэпцыі гераічнага (Р.Смольскі), сучаснай бел. рэжысуры («Рэжысура Беларусі: Праблемы канцэптуальнасці спектакляў» Р.Баравіка, 2000), гісторыя бел.тэатр. ленініяны (А.Сабалеўскі). У тэатразнаўчых і літаратуразнаўчых манаграфіях даследуецца драматургія і шляхі яе развіцця (П.Васючэнка, С.Лаўшук, Л.Пятрова, А.Сабалеўскі, А.Саннікаў, А.Семяновіч, Я.Усікаў), аналізуецца драматургічная творчасць Я.Купалы (П.Васючэнка, У.Карпаў, А.Макарэвіч, М.Ярош), К.Крапівы (У.Карабан, С.Лаўшук, А.Макарэвіч, А.Сабалеўскі, Я.Усікаў), У.Галубка (Л.Карабанава), А.Макаёнка (Г.Колас, Я.Усікаў). Выдадзена «Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі» (т. 1—3, 2-е выд., 1997—2000; склад. А.Сабалеўскі), навучальныя дапаможнікі па гісторыі бел. тэатра (У.Няфёд), батлейкі, каляндарных і абрадавых гульняў (А.Лозка), школьнага тэатра (С.Міско), тэатра лялек (Ан.Ляляўскі). Вывучаецца сцэнічнае ўвасабленне твораў бел., рус. і зарубежных драматургаў, творчасць якіх паўплывала на фарміраванне нац. акцёрскай і рэжысёрскай школы, на станаўленне і развіццё бел. тэатра: Я.Купалы (Т.Гаробчанка, А.Есакоў), Я.Коласа (С.Пятровіч), А.Макаёнка (Ю.Сохар), А.Астроўскага (А.Лабовіч), У.Шэкспіра, Мальера (Т.Барысава). Выдадзены манаграфіі і брашуры, прысвечаныя асобным тэатр. калектывам Беларусі: тэатру імя Я.Купалы (А.Бутакоў, У.Няфёд, Я.Рамановіч), тэатру імя Я.Коласа (У.Няфёд, А.Сабалеўскі), тэатру юнага гледача (С.Пятровіч), Дзярж. яўрэйскаму тэатру Беларусі (А.Герштэйн), Дзярж.рус.драм. тэатру Беларусі (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), Магілёўскаму абл.драм. тэатру (В.Грыбайла), тэатру лялек (М.Каладзінскі). Працягваецца паглыбленае вывучэнне гіст. мінулага бел. тэатра ў працах «Рускі драматычны тэатр у Беларусі XIX стагоддзя» Ю.Пашкіна (1980), «Тэатральная культура Беларусі XVIII стагоддзя» (1992) і «Батлейка» (2000) Г.Барышава, аналізуюцца нар. формы бел. тэатра (У.Іскрык, М.Каладзінскі). Творчасць найб. буйных акцёраў, рэжысёраў, мастакоў асвятляецца ў манаграфіях «Глеб Глебаў: Жыццё і творчасць вялікага беларускага камедыйнага акцёра» (1994) і «Барыс Платонаў: Асоба і ролі» (2004) А.Сабалеўскага, у крытыка-біяграфічных нарысах пра Г.Глебава (С.Дуніна, У.Стэльмах), Ф.Аляхновіча, І.Буйніцкага, М.Кавязіна, П.Малчанава, У.Уладамірскага (У.Няфёд), Б.Платонава (Я.Рамановіч), А.Ільінскага (А.Скібнеўскі), У.Крыловіча (А.Есакоў), І.Ждановіч і Г.Грыгоніса (К.Кузняцова), В.Галіну і З.Канапельку (Т.Гаробчанка), А.Кістава (Б.Бур’ян, І.Ліснеўскі), А.Клімаву (Б.Бур’ян), С.Станюту (А.Станюта), Г.Макараву і З.Стому (А.Астапенка), В.Тарасава (В.Ярмалінская), М.Яроменку (Т.Арлова, Л.Екель), І.Ушакова (Г.Барышаў), В.Дуніна-Марцінкевіча (Г.Кісялёў, С.Майхровіч, І.Навуменка, Ф.Янушкевіч), Е.Міровіча (С.Пятровіч), У.Галубка і Ф.Ждановіча (А.Атрошчанка), К.Саннікава (К.Кандрашына); пра акцёраў купалаўскага тэатра (Т.Арлова), а таксама ў зборніках, прысвечаных тэатр. дзеячам. У гіст. і сучасных аспектах тэатразнаўства даследаваліся аматарскі тэатр Беларусі (А.Лабовіч, С.Пятровіч, Ю.Сохар і інш.), нар. тэатралізаваныя святы (Я.Адамовіч, М.Макарцоў). Выдадзены кнігі мемуарнага характару дзеячаў тэатра Г.Абуховіч, С.Акружной, Ф.Алер, З.Браварскай, Л.Валчэцкага, Н.Карнеевай, К.Кулакова, І.Ліснеўскага, П.Малчанава, П.Мядзёлкі, Я.Рамановіча, А.Слесарэнкі, У.Стэльмаха, Ц.Сяргейчыка, М.Шчансновіча. Сведчаннем сталасці навукі пра тэатр з’яўляецца нараджэнне новых раздзелаў тэатразнаўства. У працах «Тэатральны эксперымент: Праблемы, пошукі, рашэнні» В.Навуменкі, «Тэатральныя далягляды» Р.Бузука (абедзве 1990), «Тэатр і глядач» В.Навуменкі, А.Ракава, Р.Смольскага, С.Шавеля (1993), «Дзяржава, культура, рынак» (1996, сумесна з Ін-там імя Гётэ), «Сучасны беларускі тэатр: Сацыялагічны замер» Г.Юдчыц (1998), «Сучасная тэатральная адукацыя» (1999) разглядаюцца пытанні фінансавання тэатр. справы, аналізуюцца тэатр. рэформы, рэпертуар і спажывецкі рынак, вынікі сацыялаг. даследаванняў аўдыторыі. Каштоўнасць для распрацоўкі праблем развіцця нац.тэатр. культуры маюць публікацыі дакумент. матэрыялаў па гісторыі бел. мастацтва: «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), бібліяграфічныя даведнікі «Беларуская савецкая драматургія: 1917—1965» (1966) і «Беларуская савецкая драматургія: 1966—1986» (1993, склад. Н.Ватацы), «Станаўленне і развіццё рэжысуры ў беларускіх драматычных тэатрах, 1941—1970 гг.» (1989, склад. С.Кавязіна), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» А.Каляды (1995). З 1993 рэгулярна друкуюцца «Вынікі тэатральных сезонаў», у 1998—2000 — «Агляд тэатральнага года», а таксама «Лялечны куфэрак: Сезон 1998—99» (1999). Развіццё тэатра Беларусі ад старажытнасці да нашых дзён адлюстроўвае энцыклапедыя «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03). Бел. тэатразнаўства эвалюцыяніравала ад інфармацыйнай фіксацыі тэатр. з’яў да праблемнага аналізу драматургіі, рэжысуры і акцёрскага майстэрства, абагульнення і тэарэтычнага асэнсавання мінулага і сучасных працэсаў нац. сцэнічнага мастацтва, яго месца і значэння ў сістэме духоўнай культуры бел. народа, яго ролі ў фарміраванні беларусаў як нацыі. Вывучэнне гісторыі і тэорыі тэатра вядзецца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нац.АН Беларусі, Бел.АМ (з 1962 працуе тэатразнаўчае аддзяленне) і інш. установах.
Літ.:
Глебка П.Ф. Мастацтвазнаўства Савецкай Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
Дорошевич Э, Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Горобченко Т. Белорусский театр // История театроведения народов СССР: Очерки. 1917—1941 М., 1985;
Яе ж. Театральная критика // Очерки истории науки и культуры Беларуси IX — начала XX в. Мн., 1996;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1983;
Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка: Праблемы адаптацыі да новых рэальнасцей. Мн., 1998;
Клімовіч Л. Развіццё тэатральнай крытычнай думкі ў Беларусі 40—60-х гадоў XX ст. // Весці Нац.АН Беларусі. Сер грамад. навук. 2004. №2.
Т.Я.Гаробчанка.
Працы па гісторыі беларускага тэатра.Манаграфічныя выданні на тэатразнаўстве 1980—2000-х г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ ЗА НЕЗАЛЕ́ЖНАСЦЬ У ПАЎНО́ЧНАЙ АМЕ́РЫЦЫ 1775—83, Амерыканская рэвалюцыя,
рэвалюцыйная вызв. вайна 13 паўн.-амер. калоній супраць брыт. панавання, у ходзе якой утворана незалежная дзяржава — Злучаныя Штаты Амерыкі. Узмоцнены пасля Сямігадовай вайны 1756—63 прыгнёт з боку ўрада брыт. караля Георга III (забарона каланістам перасяляцца за Алеганскія горы, паводле закону 1765 абкладанне гербавым зборам камерцыйных і юрыд. дакументаў, паводле законаў Таўншэнда 1767 увядзенне ўвозных пошлін на англ. тавары і інш.) выклікаў супраціўленне ў калоніях. Дэманстранты знішчалі прывезеную з Англіі гербавую паперу, у канцы 1765 створаны першыя рэв. арг-цыі «Сыноў свабоды», у снеж. 1773 адбылося т.зв. «бостанскае чаяпіцце», калі каланісты прабраліся на англ. судны ў гавані і скінулі ў мора цюкі з чаем. 1-ы Кантынентальны кангрэс прадстаўнікоў калоній у Філадэльфіі (вер. 1774) вызначыў эканам. палітыку калоній (адмаўленне ад брыт. тавараў, падтрымка мясц. вытв-сці) і яе рэалізацыю праз стварэнне на месцах «к-таў па праверцы». Каланісты ўзбройваліся і стваралі атрады «мінітменаў» («людзей мінуты»), гатовых па трывозе сабрацца і ўступіць у бой. У пач. вайны суадносіны сіл былі на карысць Англіі, якая мела найб. моцны ў свеце ВМФ і добра падрыхтаваную рэгулярную армію. Першая бітва 19.4.1775 каля Лексінгтана і Конкарда паблізу ад Бостана, калі мінітмены не далі англ. войскам захапіць склад зброі, стала сігналам да ўзбр. паўстання ва ўсіх калоніях, пачалі партыз. вайну атрады валанцёраў. З-за немагчымасці стварыць неперарыўную лінію фронту ўздоўж 1500-мільнага ўзбярэжжа Атлантычнага ак. агульны стратэг. план англічан прадугледжваў захоп гал. партовых гарадоў, задушэнне паўстанняў у калоніях блакадай. У першых баях каланісты паспяхова выкарысталі супраць англ. лінейных баявых парадкаў рассыпны стралк. строй. 2-і Кантынентальны кангрэс 15.6.1775 абвясціў пра стварэнне адзінай арміі каланістаў і прызначыў яе галоўнакаманд. Дж.Вашынгтона; цэнтрам сканцэнтравання паўстанцкіх войск стаў Масачусетс. Страціўшы забітымі і параненымі каля 1,1 тыс.чал. з 2,5 тыс., 17.6.1775 англ. войскі захапілі вышыню над Бостанам Банкер-Хіл. У ходзе вайны каланісты падзяліліся на патрыётаў (дробныя рамеснікі, наёмныя рабочыя, закантрактаваныя слугі, фермеры, нац. буржуазія, паўд. плантатары; цэнтр руху — калоніі Новай Англіі) і лаялістаў — праціўнікаў незалежнасці (зямельная арыстакратыя, чыноўнікі англ.калан. адміністрацыі, частка купцоў, духавенства англіканскай царквы; апора — калоніі Нью-Йорк, Джорджыя, Паўд. Караліна). Апошнія ваявалі ў брыт. арміі (каля 30 тыс.чал.), перадавалі шпіёнскія весткі англічанам, стваралі ўзбр. банды. Ваен. дзеянні ў 1776—77 разгарнуліся гал. чынам на Пн краіны. Атрады каланістаў у сак. 1776 занялі Бостан. Англ. галоўнакаманд. У.Хоу перакінуў войскі на 300 суднах да Нью-Йорка і захапіў горад. Вясной 1776 большасць калоній абвясцілі сябе суверэннымі рэспублікамі (штатамі). 4 ліп. кангрэс прыняў Дэкларацыю незалежнасці 1776 аб утварэнні ЗША. Былі праведзены сац. і паліт. пераўтварэнні (скасавана забарона пасяленняў за Алеганамі, уведзены максімум рыначных цэн на прадметы першай неабходнасці, зніжаны маёмасны цэнз для выбаршчыкаў, устаноўлены кантроль выбарных заканад. органаў за выканаўчай уладай і інш.). Пазней кангрэс выкупіў некалькі тысяч неграў-рабоў для вярбоўкі ў армію, многія з іх вызначыліся ў баях. Пасля заняцця англічанамі Філадэльфіі (лета 1777) Кантынентальны кангрэс эвакуіраваўся ў Балтымар. Не здолеўшы прасунуцца ў глыб краіны ў цэнтр. штатах, англ. камандаванне вырашыла адсекчы Новую Англію ад астатніх калоній. Накіраваная з Канады ў раён Нью-Йорка на злучэнне з войскам Хоу 7-тысячная англ. армія пад камандаваннем ген. Дж.Бургойна трапіла ў акружэнне і 17.10.1777 капітулявала каля Саратогі. Гэтая перамога палепшыла міжнар. становішча ЗША, якія здолелі таксама выкарыстаць знешнепаліт. супярэчнасці Англіі з інш.еўрап. дзяржавамі. Паводле Амерыкана-французскага дагавора 1778 Францыя накіравала свае эскадры і сухап. войскі ў Амерыку. Вялікабрытаніі абвясцілі вайну Іспанія (1779) і Галандыя (1780), імператрыца Расіі Кацярына II восенню 1775 адмовіла Георгу III накіраваць у Амерыку 20 тыс.рас. салдат на задушэнне «мяцяжу» і 9.3.1780 абвясціла дэкларацыю аб «узбр. нейтралітэце». У 1778—81 англічане перанеслі ваен. дзеянні ў паўд. штаты, захапілі буйныя партовыя гарады, аднак не здолелі прасунуцца ў глыб краіны. Восенню 1781 рэгулярныя войскі Вашынгтона разам з франц. часцямі пры падтрымцы з мора франц. флоту акружылі каля віргінскага г. Йорктаўн 7-тысячную армію англ.ген. Ч.Карнуоліса, якая капітулявала 19.10.1781. На моры ўзбр. камерцыйныя судны-каперы каланістаў (да 1,5—2 тыс.) блакіравалі шляхі забеспячэння англічан. За гады вайны амерыканцы захапілі каля 2 тыс.англ.гандл. суднаў з 12 тыс. матросаў. Усяго за вайну Англія перакінула да атл. ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі палову ВМФ, 90 тыс. салдат (у т. л. 30 тыс. наёмнікаў-гесенцаў). У вайне на амер. баку ўдзельнічалі каля 7 тыс.еўрап. добраахвотнікаў, у т. л. ўраджэнец Беларусі Т.Касцюшка. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць ЗША.
Літ.:
Война за независимость и образование США М., 1976;
Зотов А.А. США негры и война за независимость, 1775—1783. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
адна з найбуйнейшых наступальных аперацый Сав. Арміі ў Вял.Айч. вайну (кодавая назва «Баграціён»). Праведзена 23.6—29.8.1944. Задача аперацыі — разграміць ням. групу армій «Цэнтр», вызваліць Беларусь, пачаць вызваленне Літвы і Польшчы. Мела на мэце прарваць абарону праціўніка на 6 участках Віцебскага, Аршанскага, Магілёўскага і Бабруйскага напрамкаў, расчляніць яго войскі і разбіць іх паасобку. На пач. аперацыі фронт на Беларусі праходзіў па лініі воз. Нешчарда, на У ад Полацка, Віцебска, Оршы, Магілёва, Жлобіна, далей па р. Прыпяць да Ковеля, утвараючы т.зв. Беларускі выступ, даўж. больш за 1100 км. На тэр. Беларусі вораг стварыў глыбокаэшаланіраваную абарону (умоўная назва «Фатэрлянд»), якую ўтрымлівала група армій «Цэнтр» (ген.-фельдмаршал Э.Буш, з 28 чэрв. В.Модэль) у складзе армій: 3-й танк., 2, 4, 9-й палявых, 16-й з групы армій «Поўнач»; злучэнняў 4-й танк. арміі з групы армій «Паўн. Украіна» — усяго 63 дывізіі, 3 брыгады (1,2 млн.чал., 9,5 тыс. гарматаў і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гарматаў), 6-ы, частка сіл 1-га і 2-га паветр. флотаў (1350 самалётаў). На разгром ворага Вярх. Галоўнакамандаванне вылучыла франты: 1-ы Прыбалт. (ген. Арміі І.Х.Баграмян), 1-ы (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі), 2-і (ген. арміі Г.Ф.Захараў), 3-і (ген. арміі І.Д.Чарняхоўскі) Бел. франты — усяго 17 армій, у т. л. 1 танк. і 3 паветр., 4 танк. і 2 кав. корпусы, конна-механіз. група, Дняпроўская ваенная флатылія; усяго 2,4 млн.чал., больш за 36 тыс. гарматаў і мінамётаў, 5200 танкаў і самаходных артыл. установак, каля 5,3 тыс. самалётаў, а таксама прыцягваліся авіяцыя далёкага дзеяння (маршал авіяцыі А.Я.Галаванаў) і авіяцыя проціпаветр. абароны. Дзеянні франтоў каардынавалі Маршалы Сав. Саюза А.М.Васілеўскі (1-ы Прыбалт. і 3-і Бел. франты), Г.К.Жукаў (2-і і 1-ы Бел. франты). З войскамі ўзаемадзейнічалі бел. партызаны і падпольшчыкі, якія напярэдадні Беларускай аперацыі пачалі масавае разбурэнне чыг. камунікацый ворага метадамі «рэйкавай вайны». Пры штабах франтоў былі створаны аператыўныя групы БШПР для каардынацыі партыз. сіл з войскамі. Аперацыя падзялялася на 2 этапы. На 1-м (23 чэрв. — 4 ліп. 1944) праведзены Віцебска-Аршанская, Магілёўская, Бабруйская, Полацкая, Мінская аперацыі (гл. адпаведныя арт.). З раніцы 23 чэрв.гал. сілы 2-га Прыбалт., 2-га і 3-га Бел. франтоў перайшлі ў наступленне на Віцебскім (гл.Віцебскі «кацёл»), Аршанскім і Магілёўскім напрамках. 24 чэрв. пачалі наступаць войскі 1-га Бел. фронту на Бабруйскім напрамку (гл.Бабруйскі «кацёл»). 29 чэрв. 1-ы Прыбалт. фронт пачаў наступленне на Полацк і Глыбокае, 1, 2 і 3-і бел. франты — на сустрэчных напрамках на Мінск (гл.Мінскі «кацёл»). У выніку 1-га этапу Беларускай аперацыі былі разбіты гал. сілы групы армій «Цэнтр», утварыўся 400-кіламетровы пралом у цэнтры сав.-герм. фронту і сав. войскі атрымалі магчымасць імкліва наступаць на З; вызвалены Віцебск, Талачын, Орша, Лепель, Магілёў, Бабруйск, Барысаў, Вілейка, Слуцк, Стоўбцы, Нясвіж, Мінск, Полацк. На 2-м этапе (5 ліп. — 29 жн.) праведзены Вільнюская, Беластоцкая, Люблін-Брэсцкая, Шаўляйская, Каўнаская аперацыі (гл. адпаведныя арт.); вызвалены Смаргонь, Маладзечна, Баранавічы, Навагрудак, Ліда, Слонім, Ваўкавыск, Пінск, Гродна. У ходзе аперацыі партызаны пераразалі шляхі адступлення праціўніку, захоплівалі і будавалі новыя масты і пераправы да падыходу Сав. Арміі, вызвалілі шэраг раённых цэнтраў, удзельнічалі ў ліквідацыі акружаных груповак праціўніка; падпольшчыкі перадавалі сав. камандаванню звесткі пра абарону праціўніка, паказвалі замініраваныя палі і будынкі, удзельнічалі ў баях. 28 ліп. вызваленнем Брэста закончана выгнанне ням. фашыстаў з тэр. Беларусі. У выніку Беларускай аперацыі поўнасцю вызвалена Беларусь, большая ч. Літвы, ч. Латвіі, усх. раёнаў Польшчы, разгромлены 17 дывізій і 3 брыгады праціўніка, сав. войскі страцілі 765 815 салдатаў і афіцэраў, з іх 178 507 загінулі. Стварыліся ўмовы для далейшага наступлення Чырв. Арміі на тэр. Германіі. За ўдзел у Белрускай аперацыі больш як 1500 генералам, афіцэрам і салдатам прысвоена званне Героя Сав. Саюза, больш за 600 вайск. часцей і злучэнняў атрымалі ганаровыя найменні па назвах нас. пунктаў, пры вызваленні якіх яны вызначыліся. У гонар аперацыі на 21-м км ад Мінска на шашы Мінск—Масква насыпаны курган Славы.
Літ.:
Акалович Н.М. Освобождение Белоруссии: Люди, подвиги. Мн., 1985;
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990;
Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной войны. Т. 3. Мн., 1985;
Освобождение Белоруссии, 1944. 2 изд. М., 1974;
Тимохович И.В. Битва за Белоруссию, 1941—1944. Мн., 1994;
Лемяшонак У.І. Вызваленне — без грыфа «Сакрэтна!». Мн., 1996.
У.І.Лемяшонак.
Да арт.Беларуская аперацыя 1944. Маршал Савецкага Саюза А.М.Васілеўскі і маршал бранятанкавых войскаў П.А.Ротмістраў на пераправе цераз Бярэзіну.