БЕРНУ́ЛІ ЎРАЎНЕ́ННЕ ў гідрааэрамеханіцы, ураўненне, што звязвае скорасць і ціск у патоку несціскальнай ідэальнай вадкасці пры ўстойлівым цячэнні. Выражае энергіі захавання закон для адзінкі аб’ёму рухомай вадкасці. Мае выгляд: ρv2 2 + p + ρ gh = const , дзе v — скорасць вадкасці са шчыльнасцю ρ, p — ціск у ёй на вышыні h ад нулявога ўзроўню, g — паскарэнне свабоднага падзення. Выведзена Д.​Бернулі ў 1738. Абагульненае Бернулі ўраўненне выкарыстоўваецца ў гідраўліцы пры разліках цячэння вадкасцяў і газаў у трубаправодах; у машынабудаванні — пры разліках кампрэсараў, турбін і інш.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,

на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр. Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДСКАЕ МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. паміж а-вамі Вялікабрытанія і Ірландыя. Пл. 47 тыс. км². Найб. глыб. 197 м. З акіянам злучаецца пралівамі Паўночны і Св. Георга. Найб. а-вы Мэн і Англсі. Размешчана на мацерыковай водмелі, якая перасечана вузкім жолабам, выцягнутым паралельна берагу Ірландыі. Берагі парэзаны невял. залівамі і бухтамі. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот. Т-ра вады зімой 5 °C, летам да 16 °C. Салёнасць 34—34,5‰. Прылівы правільныя, паўсутачныя (да 8,4 м). Рыбалоўства (селядзец, кілька, траска, анчоўсы). Найб. парты: Ліверпул (Вялікабрытанія) і Дублін (Ірландыя).

т. 7, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГУРО́,

адно са стараж. карэйскіх плямён, пазней назва адной з трох карэйскіх раннефеад. дзяржаў (К., Пэкчэ, Сіла). Племя К. да пач. 1 ст. н.э. займала тэр. па сярэднім цячэнні р. Амнакан. Сталіца — г. Хвандо (сучасны Цзіань у паўн.-ўсх. Кітаі), з пач. 5 ст. — Пхеньян. Найб. магутнасці дзяржава К. дасягнула ў канцы 4 ст. У 668 яна разгромлена войскамі кіт. дынастыі Тан, якая выступіла ў саюзе з дзярж. Сіла: дынастыя Тан захапіла землі на Пн ад р. Тэданган, а паўд. ч. адышла да Сіла.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКАРУ́М (манг. Хара-Хорын),

горад, сталіца стараж.-манг. дзяржавы ў верхнім цячэнні р. Орхан. Засн. Чынгісханам у 1220. Існаваў да 16 ст. Звесткі пра К. ёсць у кіт. летапісах і запісках еўрап. падарожнікаў 13 ст.: Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і В.​Рубрука. У выніку раскопак, праведзеных у 1948—49 у паўд.-зах. частцы горада, адкрыты рэшткі палаца Угедэя, пад палацам знойдзены рэшткі будыйскай кумірні канца 12 — пач. 13 ст. з насценнай размалёўкай. У цэнтр. частцы горада вывучаны гандл.-рамесніцкія кварталы і інш. аб’екты.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ЙСКІ АРХІПЕЛА́Г,

аб’ядноўвае прыблізна 3,5 тыс. астравоў і скал у Жоўтым м. і пралівах Карэйскім і Чэджу, каля паўд. і паўд.-зах. берагоў Карэйскага п-ва. Найб. а-вы Каджэдо, Намхэдо, Чындо (Рэспубліка Карэя); пл. 300 км² і больш. Берагі моцна парэзаныя, шмат бухтаў. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і. Выш. да 786 м (на в-ве Намхэдо). Клімат субтрапічны мусонны. Вечназялёныя лясы і хмызнякі. Прылівы (да 3 м) ствараюць паміж астравамі магутныя прыліўна-адліўныя цячэнні (да 17 км/гадз), што перашкаджае мараплаванню. Рыбалоўства, лоў малюскаў.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭМЕНЕЗДАБЫЎНЫ́Я ША́ХТЫ,

выпрацоўкі ў тоўшчы вапняковых або мелавых адкладаў, у якіх першабытныя людзі ў неаліце і бронзавым веку здабывалі крэмень — асн. сыравіну для вырабу прылад працы. К.ш. — пераважна вертыкальныя калодзежы дыяметрам 1,5 м, глыбінёй 2,5—3 м, асобныя да 5 м і больш. Па ходзе залягання крамянёвых канкрэцый ад калодзежа адыходзілі падбоі даўжынёй 1—2 м. Суседнія выпрацоўкі часам злучаліся пралазамі-штрэкамі. У Беларусі вядомы ў сярэднім цячэнні р. Рось каля г.п. Краснасельскі (гл. Краснасельскі археалагічны комплекс) і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМА́,

рака на Паўн. Каўказе ў Расіі. Даўж. 802 км, пл. басейна 33,5 тыс. км². Вытокі на паўн. схілах Скалістага хр. У вярхоўі цячэ ў высокіх і стромкіх берагах, сярэдняе цячэнне ў шырокай даліне. Пасля выхаду на Прыкаспійскую нізіну рэчышча падзяляецца на рукавы, воды якіх звычайна не дасягаюць Каспійскага м. Гал. прыток — Падкумак. Высокія веснавыя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады ў сярэднім цячэнні 11,9 м³/с. Воды вызначаюцца высокай мутнасцю. Выкарыстоўваецца для арашэння (Церска-Кумскі і Кума-Маныцкі каналы). Адказненскае вадасховішча. На К. гарады Мінеральныя Воды, Зеленакумск, Будзёнаўск.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ВАЯ ЛЯСНА́Я,

рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл. (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 50 км. Пл. вадазбору 750 км. Пачынаецца на ПдЗ ад в. Мыльніск Пружанскага р-на. Зліўшыся з р. Правая Лясная, утварае р. Лясная. Цячэ па Прыбугскай раўніне. Асн. прыток — р. Вішня (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 1,6—2,5 км, у сярэднім цячэнні месцамі невыразная. Пойма шыр. 300—500 м, нізкая, забалочаная, перасечаная старыцамі і меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 6—20 м. Берагі нізкія, параслі хмызняком. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,6 м³/с.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)