САРКІСЬЯ́Н (Віктар Уладзіміравіч) (н. 6.2.1947, г. Каменск-Шахцінскі Растоўскай вобл., Расія),

бел. артыст балета, балетмайстар. Нар. арт. Беларусі (1975). Скончыў Бел. харэагр. вучылішча (1967), Мінскі ін-т культуры (1982). У 1967—87 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова ў 1983—85 гал. балетмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі; з 1967 выкладчык (з перапынкамі) Бел. харэагр. каледжа, у 1993—95 — Бел. ун-та культуры. Танец С. адметны пластычнай выразнасцю. моцнай экспрэсіяй, віртуознай тэхнікай, вял. скачком. Шырокі творчы дыяпазон дазваляў ствараць рознахарактарныя вобразы. Сярод лепшых роляў у балетах бел. кампазітараў: Іван, Філіп («Альпійская балада», «Тыль Уленшпігель» Я.​Глебава), Юнак («Пасля балю» Г.​Вагнера), у спектаклях класічнага і сучаснага рэпертуару: Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Блазан і Ротбарт («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Крас («Спартак» А.​Хачатурана), Нуралі («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына), Чыпаліна («Чыпаліна» К.​Хачатурана), Блазан («Папялушка» С.​Пракоф’ева). Паставіў танцы: да опер «Казкі Гофмана» Ж.​Афенбаха і «Кавалер руж» Р.​Штрауса ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі; балета «Паненка і хуліган» Дз.​Шастаковіча, аперэт «Судны час» Р.​Суруса, «Фраскіта» Ф.​Легара, «Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані, мюзікла «Шклянка вады» У.​Кандусевіча, спектакля-бенефісу — «Зоркі тэатра ззяюць для Вас» у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі; спектакляў «Паўлінка» паводле Я.​Купалы, «Валенсіянскія вар’яты» паводле Лопэ дэ Вэгі, «Тэатр — маё каханне» паводле У.​С.​Моэма ў Нац. т-ры імя Я.​Купалы і «Сказ пра Гаўрылу з-пад Полацка» ў Нац. т-ры імя Я.​Коласа і інш. драм. т-рах Беларусі, а таксама ў кіно («Восеньскі падарунак фей», «Гульня ўяўлення») і інш. Лаўрэат 1-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1969, Масква).

А.​І.​Калядэнка.

В.У.Саркісьян.
В.Саркісьян ў ролі Івана.

т. 14, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІМАЦЫ́ЙНАЕ КІ́НО (ад лац. animatus адушаўлёны, жывы),

мультыплікацыя, від кінамастацтва, творы якога ствараюцца спосабам пакадравага малявання або інш. тэхнічнымі спосабамі.

Заснавана на пакадравай здымцы паслядоўных фазаў руху маляваных ці аб’ёмных персанажаў, пластычных кампазіцый. Праекцыя гэтых выяў на экран «ажыўляе» іх. Заснавальнік мультыплікацыі — франц. мастак і інжынер Э.​Рэйно, які вынайшаў праксінаскол (1877), з дапамогай якога з 1892 даваў сеансы маляванага кіно («Аптычны тэатр»). У залежнасці ад тэхнікі стварэння сучаснае анімацыйнае кіно падзяляецца на маляванае (найб. вядомыя майстры У.Дысней, І.Іваноў-Вано, В.Кацёначкін, Р.Качанаў, Ю.Нарштэйн, Б.Сцяпанаў, Ф.Хітрук, А.Хржаноўскі); аб’ёмнае («лялечнае»; заснавальнік У.Старэвіч, І.Трнка, А.Птушко); зробленае з дапамогай ігольчастага экрана (відовішча стварае рух тысяч металічных стрыжанькоў; вынаходнік — франц. гравёр А.​Аляксееў); ценявое (заснавана на прынцыпе тэатра ценяў; вынаходніца ням. рэж. Л.​Райнігер); бяскамернае (малюнак наносяць адразу на плёнку; першы ў гэтай тэхніцы зрабіў фільм канадскі рэж Н.​Мак-Ларэн); камп’ютэрнае.

Бел. анімацыйнае кіно першыя спробы зрабіла ў 1920-я г., выкарыстаўшы выяўл. традыцыі плакатаў і паліт. карыкатур. Мультыплікацыйныя навук.-папулярныя фільмы «Жывыя дамы́», «Бунт зубоў» (1928), «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930) былі першай экраннай рэкламай. У 1970—80-я г. ў ценявой тэхніцы зняты фільмы «Прытча пра зямлю», «Прытча пра паветра» і «Прытча пра ваду» (рэж. усіх І.​Пікман), у стылі рухомага жывапісу або пластычнай музыкі — «Капрычыо», «Канчэрта Гроса» (І.​Воўчак) і «Лафертаўская макоўніца» (А.​Марчанка), традыцыі Дыснея прадоўжаны ў фільме «Марафон» (М.​Тумеля), для дзяцей і дарослых зроблены маляваныя і лялечныя фільмы «Песня пра зубра» (А.​Белавусаў), «Дудка-весялушка», «Несцерка» (Я.​Ларчанка), «Ліса, Мужык і Мядзведзь», «Асцярожна, карасі!», «Гліняная Адоска», «Як Васіль гаспадарыў» (усе В.​Доўнар), у якіх адлюстраваны бел. фальклор, «Светлячок і Расінка», «Мілавіца» (рэж. Ю.​Батурын) на тэмы лірыкі М.​Танка і У.​Дубоўкі, «Цімка і Дзімка» (М.​Лубянікава), «Хлопчык і птушка» (У.​Піменаў), «Пра ката Васю і паляўнічую катавасію», «Пустэльнік і ружа», «Лістападнічак», «Пінчэр Боб і сем званочкаў» (усе К.​Красніцкі), «Не шамацець!», «Фантазіі Сідарава» (Т.​Жыткоўская) і інш.

В.​Ф.​Нячай.

т. 1, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н (Алесь) (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.​Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.​Купалы і Я.​Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.​Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.​В.​Рагойша.

А.Гарун.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).

К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.​Кароза, Ч.​Негры і інш), Францыі (П.​Башан, Р.​Фёе, Ж.​Ж.​Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.​Чайкоўскага і М.​Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл. Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел. муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,

помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн. гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.​Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.​Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.​Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.​Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал. гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял. Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.

Літ.:

Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.

У.​М.​Дзянісаў.

т. 10, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ВЕ́РХНІ ГО́РАД,

горадабудаўнічы ансамбль 16—19 ст. у Мінску. Пачаў фарміравацца ў пач. 16 ст. як новы цэнтр горада на тэр. сучаснай пл. Свабоды і прылеглых да яе кварталаў, абмежаваны р. Свіслач (У) і вуліцамі Рэспубліканскай (З), Нямігай (Пн) і Інтэрнацыянальнай (Пд). Быў абкружаны земляным валам (існаваў да канца 18 ст). У 17—18 ст. тут, пераважна на цэнтр. плошчы — Высокім рынку (з 1860-х г. Саборная, з 1917 пл. Свабоды) склаўся барочны ансамбль мураваных жылых, культавых і грамадскіх будынкаў. Да плошчы з З і У прымыкалі прамавугольныя кварталы мураванай забудовы. Захавалася першапачатковая прамавугольная сістэма планіроўкі і мураваная забудова на пл. Свабоды і прылеглых да яе вуліцах: з У — Кірылы і Мяфодзія (назва з 1990, б. Вял. Бернардзінская, з 19 ст. Манастырская, з 1922 Бакуніна), Гандлёвая (б. Зыбіцкая), Герцэна (назва з 1922, б. Малая Бернардзінская, пасля 1863 Стараманастырская), Дзям’яна Беднага (назва з 1933; б. Школьная, Козьмадзям’янская), Музычны зав. (б. Манастырскі зав.), Энгельса (б. Петрапаўлаўская); з З — вуліцы Рэвалюцыйная (назва з 1922, б. Койданаўская), Няміга, Камсамольская (назва з 1922, б. Феліцыянская, з 19 ст. Богаяўленская), Рэспубліканская (назва з 1922, былыя Раманаўскі зав., вуліцы Старараманаўская, Новараманаўская); з Пд — вул. Інтэрнацыянальная (з 1919 назва яе паўд.-зах. часткі — б. Зборавая, у 17 ст. Праабражэнская; з 1919 яе паўд.-ўсх. частка наз. Кастрычніцкай — б. Валоцкая, у 19 ст. Хрышчэнская). У ансамбль М.В.г. ўваходзілі: Мінская ратуша, Мінскі гасціны двор, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Мінскі касцёл і кляштар бернардзінак, Мінскі езуіцкі калегіум, Мінскі касцёл і кляштар францысканцаў, Мінскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Мінскі кляштар бенедыкцінак, адм. будынак. гар. сядзіба Ваньковіча (гл. ў арт. Мінскія сядзібы Ваньковічаў), Мінская царква Святога Духа і базыльянскія манастыры, Мінскага тэатра будынак, жылыя будынкі 17—19 ст. і інш. У 1979 зацверджана ахоўная зона М.В.г. У 1988 ён у межах вуліц Нямігі, Інтэрнацыянальная, Гарадскога вала, набярэжнай р. Свіслач абвешчаны помнікам археалогіі, горадабудаўніцтва і архітэктуры рэсп. значэння.

Літ.:

Денисов В.Н. Площадь Свободы в Минске. Мн., 1985.

Т.​Л.​Чарняўская.

Мінскі Верхні горад. Рэканструкцыя.
Мінскі Верхні горад. Выгляд Высокага рынку з Траецкай гары. Малюнак Я.​Драздовіча. 1919.

т. 10, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАШ КРАЙ»,

часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся з кастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.​Салаўёва, В.​Перахода, М.​Збіткоўскага, С.​Мельніка, В.​Палянскай, І.​Сяржаніна, А.​Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.​Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.​Азбукін, Дз.​Даўгяла, Я.​Крукоўскі, Д.​Васілеўскі, Я.​Сяргеенка, В.​Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.​Уладзіміраў, Я.​Троська, Ю.​Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.​Каспяровіч, А.​Немцаў, М.​Мялешка і інш., звычаёвае права — І.​Бонч-Асмалоўскі, Р.​Парэчын, нар. медыцыны — К.​Гурвіч, А.​Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.​Шашалевіч (А.​Мрый), Т.​Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.​Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.​Сосіса, Г.​Аляксандрава, В.​Скардзіса, К.​Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л. па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак па нар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л. па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час. наз. «Савецкая краіна».

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ДЧАНКА (Аляксандр Міхайлавіч) (5.12.1891, С.-Пецярбург — 3.12.1956),

расійскі дызайнер, жывапісец, графік, мастак тэатра і кіно, фотамастак. Вучыўся ў Казанскай маст. школе (1911—14), Строганаўскім маст.-прамысл. вучылішчы ў Маскве (1914—16). У 1918 у аддзеле выяўл. мастацтва Наркамасветы Расіі, заг. Музейнага бюро, дырэктар Музея жывапіснай культуры. Адзін з заснавальнікаў Ін-та маст. культуры (1920). У 1920—30 выкладаў у Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (праф.). Чл. маст. аб’яднанняў «Жывскульптарх» (1919—20), ЛЕФ (1922—29). «Кастрычнік» (1928—32). У 1910-я г. распрацоўваў ідэі канструктывізму ў жывапісе і графіцы, эксперыментаваў з плоскасцю, лініяй, колерам, фактурай: графічныя цыклы «Кампазіцыі рухаў праецыраваных і пафарбаваных плоскасцей», Канцэнтрацыя колеру і форм», «Лініі», «Лініізм», «Кампазіцыя і канструкцыя»; жывапісныя творы: «Жаночая фігура» (1915), «Беспрадметная кампазіцыя на жоўтым фоне», «Канструкцыя», «Чорнае на чорным», «Белы круг» (усе 1918), «Лініі на зялёным» (1919), «Кампазіцыя» (1920) і інш. Пазней адышоў ад жывапісу і прапагандаваў ідэі «вытворчага мастацтва». Працаваў у кніжнай (аформіў 13 кніг У.​Маякоўскага) і часопіснай (час. «ЛЕФ», «Новый ЛЕФ», «Журналист», «СССР на стройке») графіцы, рэкламе (плакаты з тэкстамі Маякоўскага, плакаты да фільмаў «Кінавока» Дз.​Вертава, 1924; «Браняносец «Пацёмкін» С.​Эйзенштэйна, 1929), тэатр. мастацтве (аформіў спектакль «Клоп» паводле Маякоўскага ў т-ры імя У.​Меерхольда ў Маскве, 1929), фотамастацтве (адзін з першых выкарыстаў фотамантаж). Аўтар шэрагу праектаў афармлення інтэр’ераў, у якіх пад уплывам У.​Татліна ствараў трохмерныя канструкцыі з дрэва, металу і кардону [кафэ «Пітарэск» у Маскве (з Татліным і Г.​Якулавым), рабочы клуб на Сусв. выстаўцы дэкар. мастацтва ў Парыжы, 1925]. У 1930-я г. працаваў пераважна ў кніжнай графіцы і фотамастацтве. Фотаработы спалучаюць строгую дакументальнасць, прадметнасць выявы з экспрэсіяй кампазіцыі і святлоценявога вырашэння, дынамічнасцю ракурсаў. Шэраг работ стварыў са сваёй жонкай В.​Сцяпанавай. У 1940—50-я г. фотарэпарцёр, мастак Музея рэвалюцыі СССР і Дома тэхнікі ў Маскве; вярнуўся да абстрактнага жывапісу.

Тв.:

Статьи. Воспоминания. Автобиографические записки. Письма. М., 1982.

Літ.:

Волков-Ланнит Л. Александр Родченко рисует, фотографирует, спорит. М., 1968;

Маца И.Л. Александр Родченко: Творческий путь художника // Искусство. 1972. №1.

М.​Л.​Цыбульскі.

А.Родчанка. Белы круг. 1918.

т. 13, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАМАРО́ХІ,

народныя акцёры, вядомыя ўсх.-слав. народам са старажытнасці да пач. 20 ст. Першыя прафес. акцёры, дзейнасць якіх грунтавалася на нар. творчасці, выступалі як музыкі, спевакі, выканаўцы сцэнак, дрэсіроўшчыкі, акрабаты, фокуснікі, лялечнікі і інш. на плошчах гарадоў, мястэчак, вёсак, у замках, корчмах. Тэрмін «С.» паявіўся ва ўсх. славян у балг. перакладах з грэч. мовы ў 8—9 ст. Першае летапіснае ўпамінанне ў 1068, выява прадстаўлення С. — на фрэсках Сафійскага сабора ў Кіеве (1039). На Беларусі першае ўпамінанне тэрміна «С.» ў пропаведзях Кірылы Тураўскага, а выявы зафіксаваны ў археал. знаходках 12 ст. з Навагрудка (вухавёртка з выявай музыкі) і Ваўкавыска (шахматная фігурка ў выглядзе барабаншчыка). Захаваліся выявы С. у Аршанскім (13 ст.) і Мсціжскім (14 ст.) евангеллях, на мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу 15 ст. Вядомы С. аселыя і вандроўныя. Аселыя жылі ў гарадах і мястэчках, часта мелі зямельныя надзелы і былі цесна звязаны з пэўнай гульнёвай нар. традыцыяй, удзельнічалі ў каляндарных і сямейных святах і абрадах, спрыялі развіццю тэатральна-гульнёвага пачатку. Вандроўныя С. не былі звязаны з якой-небудзь рэгіянальнай маст. традыцыяй. На Беларусі вядомы С.-музыкі, бахары (казачнікі, апавядальнікі баек і інш.), штукары (гімнасты, ілюзіяністы), мядзведнікі, лялечнікі і інш. Існавалі спец. вучэльні-школы, у т. л. Смаргонская акадэмія. У параўнанні з Маскоўскай дзяржавай, дзе С. зазналі ўціск з боку царк. і свецкіх улад і нават забарону дзейнасці (1648 і 1657), на Беларусі яны мелі адносна больш спрыяльныя ўмовы для свайго мастацтва і праіснавалі да пач. 20 ст. Апошні паказ С. «Велікодныя яйкі» зафіксаваны ў 1925 у в. Астроўна Віцебскай вобл. С. ўзбагачалі і плённа развівалі нар. тэатральнае мастацтва. Традыцыі мастацтва С. выразна адчуваюцца ў разнастайных формах нар. гульнёвай культуры.

Літ.:

Барщевский И. Несколько слов из истории искусства скоморохов. Ростов-Ярославский, 1914;

Белкин А.А. Русские скоморохи. М., 1975;

Каладзінскі М. Скамарохі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

Да арт. Скамарохі. Прадстаўленне скамарохамі русаллі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу. 15 ст.
Да арт. Скамарохі. Музыка іграе на псалтырыуме. Наверша вухавёрткі з раскопак у Навагрудку. 12 ст.

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)