пэўная колькасць збрашураваных аркушаў (аб’ём больш за 48 с.) з рукапісным або друкаваным тэкстам, злучаных у адно цэлае і прызначаных для распаўсюджвання ведаў; твор маст., навук., грамадскай л-ры як сродак масавай, навук. і тэхн. інфармацыі, адукацыі і фактар культуры. К. — прадукт кніжнай справы, якая ўключае яе стварэнне і размнажэнне (гл.Кнігадрукаванне, Выдавецкая справа), распаўсюджванне, захаванне і выкарыстанне (гл.Бібліятэка, Бібліяграфія), вывучэнне ў гіст. і сучасных аспектах (гл.Кнігазнаўства). Важную ролю ў афармленні К. адыгрывае мастацтва кнігі.
Узнікненне і развіццё К. звязана з развіццём пісьменнасці і мовы, л-ры і мастацтва, навукі і тэхнікі, з гісторыяй развіцця чалавечага грамадства. У старажытнасці для пісьма скарыстоўвалі каменныя і гліняныя пліты, дошчачкі, тканіну, папірус, бяросту, пергамент, паперу (вынайдзена ў 2 ст.н.э., у Еўропе як асн. пісчы матэрыял з 13 ст.). Вядомы 2 асн.тыпы канструкцыі К.: стужка-скрутак як адна з найб.стараж. яе форм (4—3 ст. да н.э.) і сукупнасць пласцін ці аркушаў, злучаных у блок (паліпціх, які развіўся ў т.зв. кодэкс, 2—4 ст.). Папярэднік друкаванай К. — рукапісная кніга. Найб.стараж. друкаванай К. лічыцца тэкст, узноўлены шляхам ксілаграфіі ў Карэі паміж 704—751. Першыя спробы кнігадрукавання зроблены ў сярэдзіне 11 ст. ў Кітаі. Першую друкаваную К. ў Еўропе выдаў І.Гутэнберг (15 ст.), першую бел. К. — Ф.Скарына (1517). К., выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, называюцца інкунабулы, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпы. На тэр. сучаснай Беларусі першыя К. на старабел. мове выдадзены С.Будным у 1562 у Нясвіжы.
Сучасная К. — звычайна неперыядычнае выданне, якое складаецца з шэрагу элементаў матэрыяльнай канструкцыі і паліграф. афармлення; уяўляе сабой блок знітаваных у карашку старонак з тэкстам і ілюстрацыямі і вонкавых ахоўных элементаў (пераплёт, вокладка, супервокладка). Першы загалоўны аркуш К. — тытульны ліст (тытул) змяшчае т. зв. выхадныя звесткі (прозвішча аўтара, назву К., выдавецтва, месца і год выдання і інш.). Тытул можа быць ардынарным (аднастаронкавым), з авантытулам і контртытулам (1-й і 2-й старонкамі). Упершыню тытульны ліст ужыў венецыянскі друкар Э.Ратдальт (1476), ва ўсх.-слав. друку — Скарына (1517). У рукапісных К. і старадруках у канцы К. змяшчалі калафон — пасляслоўе з выхаднымі звесткамі, часам з друкарскай або выдавецкай маркай. Першай бел. выдавецкай маркай з’яўляецца сыгнет Скарыны з выяваю сонца і месяца. На авантытуле змяшчаюць назву кніжнай серыі, выдавецтва, выдавецкую марку і інш., на яго адвароце можа быць фронтыспіс — ілюстрацыя, партрэт, карта або контртытул, які ўтрымлівае звесткі пра шматтомнае ці серыйнае выданне або з’яўляецца тытульным лістом на мове арыгінала ў перакладных выданнях. Тытульнаму лісту і раздзелам К. можа папярэднічаць шмуцтытул, які ў старадруках быў прызначаны для засцярогі К. ад забруджвання. На ім змяшчаюць кароткі загаловак К. або назву раздзела, эпіграф, прысвячэнне, выдавецкую марку, застаўку і інш. Для зручнасці карыстання ў верхняй частцы К. змяшчаюць калонтытулы — загалоўкі асобных раздзелаў. На старонках К. ставіцца парадкавы нумар — калонлічба, сукупнасць якіх называецца пагінацыяй. Упершыню калонлічбы выкарыстаў А.Мануцый (Венецыя, 1494). Сістэмай калонтытулаў і фаліяцыяй (нумарацыяй выдавецкіх аркушаў з дапамогай калонлічбаў) карыстаўся Скарына. У рукапісных К. і старадруках унізе старонак змяшчалі кустоды — першыя словы тэксту наступных старонак. Кожная К. мае свой фармат, які залежыць ад памеру старонкі. Памер старонкі К. і фармат выдання пазначаецца ў міліметрах (напр., 143 × 225) або фарматам аркуша паперы ў сантыметрах і долі, якую складае ад гэтага аркуша старонка пасля брашуроўкі кніжнага блоку (напр., 60 × 90 1/16). Фарматы выданняў склаліся ў 15 ст., у наш час яны стандартызаваныя (на Беларусі іх каля 40). У залежнасці ад таго, як у час друкавання складваўся аркуш паперы, фарматы мелі назву in folio (2°, складзены ўдвая), in guarto (4°, складзены ў чатыры столкі), in octavo (8°, складзены ў восем столак) і г.д. Даведачны апарат К. ўключае выхадныя звесткі, змест, анатацыю, рэферат, паказальнікі, заўвагі, каментарыі, бібліяграфічны спіс, дадаткі, зноскі, спасылкі, заўважаныя памылкі друку. Выпускае друкаваную прадукцыю, у т. л. К., паліграфічная прамысловасць. Рэдкія К. захоўваюцца ў спецыялізаваных аддзелах буйных бібліятэк. У 1990 адкрыты першы на Беларусі музей К. — Полацкі музей беларускага кнігадрукавання.
Літ.:
Баренбаум И.Е., Давыдова Т.Е. История книги. М., 1971;
Сидоров А.А. Книга и жизнь. М., 1972;
Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. Вып. 1—3. Мн., 1970—74 (вып. 3 наз.: Книга, библиотечное дело и библиография в Белоруссии);
Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1976. Гл. таксама пры арт.Выдавецкая справа, Кнігадрукаванне, Кнігазнаўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ТЫКА (італьян. gotico літар. гоцкі ад назвы герм. племя готаў),
гатычны стыль, мастацкі стыль, пашыраны ў краінах Зах., Цэнтр., часткова Усх. Еўропы паміж сярэдзінай 12 і 15—16 ст. Вылучаюць перыяды готыкі: ранняй (12 ст.), сталай (13—14 ст.) і позняй («палымянай») з моцнымі дэкар. тэндэнцыямі (15 ст.). Прыйшла на змену раманскаму стылю, ад якога ўнаследавала вяршэнства архітэктуры ў сістэме мастацтваў і традыц.тыпы культавых будынкаў. Развіццё мастацтва готыкі адлюстравала змены ў структуры сярэдневяковага грамадства: пачатак фарміравання цэнтралізаваных дзяржаў, рост і ўзмацненне гарадоў, якія сталі буйнымі заказчыкамі арх. твораў, больш высокі ўзровень развіцця рамёстваў і тэхнікі, аслабленне асноў сярэдневяковых рэліг.-дагматычных светапоглядаў і інш.
Стыль готыкі ўзнік на Пн Францыі. Найб. спецыфічная готыка ў Італіі (зберагліся моцныя ант. традыцыі) і Іспаніі. Канструкцыйны прынцып культавага дойлідства готыкі — каркас з каменю, які пазбавіў пабудовы грувасткасці раманскіх сабораў. Унутр. слупы гатычных сабораў накшталт пучка тонкіх калон пераходзілі ўверсе ў стральчатыя аркі нясучых рэбраў (нервюраў) вельмі тонкага крыжовага скляпення. Вонкавыя паўаркі — аркбутаны перадавалі распор скляпення на спец. апорныя вонкавыя слупы — контрфорсы. Гатычныя саборы вылучаліся вял. вышынёй і былі добра асветлены вокнамі з каляровымі вітражамі (Шартрскі сабор). Гал. фасады сабораў звычайна ўпрыгожвалі карункамі рознага разнога дэкору, ажурнымі вежамі, глыбокімі «перспектыўнымі» парталамі, у цэнтры часта рабілі вял. круглае акно (ружу). Гал. відам выяўл. мастацтва готыкі была скульптура, якой упрыгожвалі фасады сабораў і іх інтэр’еры (скульптура «Коннік» у кафедральным саборы ў г. Бамберг, 1235, Германія). Найб. значныя помнікі царк. готыкі: Парыжскай Божай Маці сабор, Рэймскі сабор, Кёльнскі сабор, саборы ў Ам’ене, Страсбуры (Францыя), Кентэрберы, Уэльсе, Вестмінстэрскім абацтве ў Лондане, капэла Каралеўскага каледжа ў Кембрыджы (Англія), саборы ў Фрайбургу, Ульме, Вене (Цэнтр. Еўропа), Мілане, Сіене (Італія), Бургасе (Іспанія), Кракаве, Гнезна, Познані, Гданьску (Польшча), Празе (Чэхія), касцёлы св. Ганны і бернардзінцаў у Вільнюсе, Рыжскі Домскі сабор і інш. Сярод грамадз. і абарончых збудаванняў: ратушы ў гарадах Арас і Камп’ень (Францыя), Бруге і Брусель (Бельгія), шэраг ісп.феад. замкаў, італьян. палацца, гар. умацаванні Таліна. У творах выяўл. мастацтва пабольшала цікавасць да складанага духоўнага свету чалавека, багацця яго перажыванняў, свету прыроды.
На Беларусі готыка адлюстравана пераважна ў архітэктуры 15—16 ст. Але тут сфарміраваўся своеасаблівы стыль, характэрны гарманічным спалучэннем рыс готыкі і рэнесансу, традыцый стараж.-рус.манум. дойлідства і ўплываў рус.-візант. стылю, што ўзбагаціла бел. готыку, надало яе помнікам непаўторны каларыт і маст. каштоўнасць. Аб’ёмы пабудоў тут вырашаны скульптурна, з мяккай прарысоўкай ліній, арх. дэкор адыгрывае другарадную ролю (Ішкалдскі Троіцкі касцёл). Асн.дэкар. элементы — абрамленні парталаў і аконных праёмаў, разнастайныя па малюнку нішы і аркатура (Навагрудская Барысаглебская царква). Нярэдка завяршэнні праёмаў і парталаў мелі не спецыфічную для готыкі спічастую, а паўцыркульную форму. Маляўнічасць будынкам надавала 2-колернае вырашэнне фасадаў: заглыбленыя часткі бялілі, а выступы не атынкоўвалі, пакідалі натуральны колер чырв. цэглы (Мураванкаўская царква-крэпасць). Тэндэнцыю развіцця культавых абарончых збудаванняў у 16 ст. яскрава адлюстроўвае Сынковіцкая царква-крэпасць, якая мае стройную і гарманічную арх. кампазіцыю, створаную з гатычных, рэнесансавых і стараж.-рус. формаў. Інш. кампазіцыйныя прыёмы развіваліся ў 1-нефавых храмах з вежай-званіцай на гал. фасадзе. Манум.-кампактныя аб’ёмы, умацаваныя контрфорсамі, кантраставалі з высокімі яруснымі верт. вежамі, якія надавалі будынкам рысы дынамічнай асіметрыі (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела, Дзераўноўскі касцёл Благавешчання). Арх. формы, канструкцыі і буд. тэхніка готыкі найб. характэрны для замкавага дойлідства 16—17 ст. (Гродзенскі Стары замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замкава-паркавы комплекс). У драўляным дойлідстве асобныя элементы готыкі захоўваліся да 18 ст. У канцы 18 — пач. 20 ст. канструкцыйныя прыёмы, формы і элементы готыкі сталі аб’ектам пераймання і стылізацыі, што выявілася ў архітэктуры неаготыкі.
Літ.:
Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;
М., 1966;
Всеобщая история искусств. Т. 2, кн. 1. М., 1960;
Лясковская О.А. Французская готика, XII—XIV вв. М., 1973;
Кушнярэвіч А.М. Культавае дойлідства Беларусі XIII—XVI стст. Мн., 1993;
Svoboda K.M. Die Spätgolik. Wien, 1978;
Rüdiger W. Die gotische Kathedrale: Architektur und Bedeutung. Köln, 1979.
Ю.А.Якімовіч.
Да арт.Готыка. Сабор Нотр-Дам у Парыжы. 1163—1257. Бакавы фасад.Да арт.Готыка. Партал сабора ў Шартры (Францыя). 1145—70.Да арт.Готыка. Нервюрныя скляпенні трансепта сабора ў Ам’ене (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Джэнтыле да Фабрыяна. Пакланенне вешчуноў. 1423.Да арт.Готыка. Міланскі сабор. 1386—1856.Да арт.Готыка. Скульптура конніка ў кафедральным саборы ў Бамбергу (Германія). 1235.Да арт.Готыка. Скульптура партала сабора ў Страсбуры (Францыя). 1220.Да арт.Готыка. Сабор у Сіене (Італія). Будаўніцтва пачата ў 12 ст., завершана ў 1284—99. Праект Дж. і Н.Пізана.Да арт.Готыка. Дэталь вітража сабора ў Шартры (Францыя). 13 ст.Да арт.Готыка. Троіцкі касцёл у вёсцы Ішкалдзь Баранавіцкага раёна 1472.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТРУКТЫВІ́ЗМ (ад лац. constructio пабудова),
кірунак у еўрап. авангардным мастацтве і архітэктуры 1920—30-х г., заснаваны на сцвярджэнні адзінства эстэт. вартасці і сац. функцыянальнасці твора, атаясамліванні яго вобразнай сістэмы, структуры і будовы (канструкцыі). Асн. канцэпцыі К.: стварэнне «мастацтва для ўсяго народа», уключэнне ў яго фактараў часу і прасторы для дасягнення «сінтэзу пластычных мастацтваў»; «канструяванне» навакольнага асяроддзя, якое актыўна накіроўвае жыццёвыя працэсы; асэнсаванне формаўтваральных магчымасцей новай тэхнікі, яе лагічных, мэтазгодных канструкцый, эстэт. якасцей металу, дрэва, шкла, прастаты і падкрэсленай утылітарнасці новых прадметных форм.
Узнік у 1920 у сав. авангардным мастацтве («Рэалістычны маніфест» Н.Габа і А.Пеўзнера). Існавалі 2 плыні К.: прыхільнікі «чыстага мастацтва» (Габа, Пеўзнер, К.Малевіч, В.Кандзінскі), што адхілялі падпарадкаванне утылітарнасці, даследавалі чыстыя форму і колер, сцвярджалі «Рытмічную дынаміку» як аснову мастацтва, і прыхільнікі «вытворчага мастацтва», ці «прадуктывісты» (У.Татлін, А.Родчанка, Эль Лісіцкі), якія адхілялі чыстае мастацтва як маскіроўку чалавечай бездапаможнасці, лічылі, што мастацтва павінна фарміраваць новы сучасны лад жыцця, аддавалі прыярытэт адзінству мастацтва і тэхнікі. У пошуку сувязі паміж мастацтвам і прам-сцю вял. ролю адыгралі мастачкі Л.Папова і В.Сцяпанава. у канструктывісцкай графіцы — Лісіцкі. У тэатр. і кінамастацтве К. праявіўся пераважна ў маст. афармленні: да пастановак А.Таірава, У.Меерхольда, С.Эйзенштэйна замест традыц. дэкарацый ствараліся падпарадкаваныя мэтам сцэн. дзеяння «станкі» для работы акцёраў, апранутых у рабочую вопратку (работы Паловай, А.Весніна і інш.). У музыцы ўзнік у пач. 20 ст. ў Францыі, пераважна ў творчасці кампазітараў «Шасцёркі». Асн. прынцып К. як «мастацтва паўсядзённасці» выкладзены яе літ. натхняльнікам Ж.Както ў яго зб. «Певень і арлекін» (1918). У Расіі адна з найб. яркіх фігур, звязаных з эстэтыкай К., — А.Масалоў. Яго сімф. эпізод «Завод. Музыка машын» з балета «Сталь» (1928, незак.) — сімвал канструктывісцкіх памкненняў у музыцы і ўзор засяроджання муз. тэхнікі новага тыпу, народжанай ідэямі К. Ярка выяўленыя рысы К. маюць таксама хор «Дваццаць чацвёрты год» Масалова, опера «Лёд і сталь» У.Дзешавова, балет «Стальны скок» С.Пракоф’ева, 2-я сімф. «Кастрычніку» Дз.Шастаковіча, «Жалобная ода» А.Крэйна, «Пасіфік 231» для сімф.арк. А.Анегера і інш. У сав. л-ры як самастойная, пераважна паэтычная плынь К. быў абвешчаны К.Зялінскім, І.Сельвінскім і А.Чычэрыным у 1923 (маніфест у зб-ках «Мена ўсіх», 1924, «Дзяржплан літаратуры», 1925, «Бізнес», 1929). Асн.эстэт. прынцыпы літ. К.: у прозе — арыентацыя на «канструкцыю матэрыялаў» замест інтуітыўна знойдзенага стылю, мантаж ці кінематаграфічнасць; у паэзіі — засваенне прыёмаў прозы, асобных пластоў лексікі (прафес. мова, жаргоны і інш.) адмаўленне ад «слоты лірычных эмоцый», імкненне да фабульнасці, эпічных жанраў. У 1924—30 існаваў Літ. цэнтр канструктывістаў (Сельвінскі, Зялінскі, Б.Агапаў, А.Квяткоўскі і інш.). Выдаваліся канструктывісцкія час. «ЛЕФ», «Вещь», «Современная архитектура».
На практыцы К. найб. пашырыўся ў архітэктуры, што абумоўлена патрэбай стварэння новых тыпаў будынкаў, зменамі ў тэхніцы буд-ва; быў блізкі да функцыяналізму. Гал. прынцыпы: макс. мэтазгоднасць планіровачных і канстр. вырашэнняў, дакладная адпаведнасць будынка яго прызначэнню, эканамічнасць буд-ва. Маст. выразнасць выяўлялася праз лаканізм форм. Будынкам характэрны геаметрычнасць аб’ёмаў, кантраст глухіх паверхняў сцен з вял. плошчамі зашклення, плоскія дахі, гарыз. вокны, адкрытыя апоры ў ніжніх паверхах, закругленыя вуглы і інш. У сярэдзіне 1920-х г. К. быў асн. творчым кірункам; распрацаваны т.зв.функцыян. метад праектавання, новыя прыёмы планіроўкі населеных месцаў, тыпы грамадскіх будынкаў (рабочыя клубы, дамы саветаў, фабрыкі-кухні і інш.). Сярод архітэктараў-канструктывістаў: браты Весніны, М.Гінзбург, І.Голасаў (гл.Голасавы), К.Мельнікаў і інш.
У краінах Зах. Еўропы К. праявіўся ў дзейнасці групы «Дэ Стыль» (Галандыя), «Баўгауза», творчасці Г.Рыхтэра (Германія), Т. ван Дусбурга, Л.Мохай-Надзя (Венгрыя) і інш На Беларусі рысы К. выявіліся ў пач. 1920-х г. у Віцебску ў праграме аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, у архітэктуры Мінска — будынкі клуба харчавікоў (арх. А.Бураў) і Дзяржбанка (арх. Г.Гальц, М.Паруснікаў, абодва 1929, не захаваліся), комплексу БДУ (1928—31, арх. І.Запарожац, Г.Лаўроў, часткова перабудаваны), Нац. б-кі Беларусі (1932, арх. Лаўроў, пры кансультацыі А.Весніна), гідраметэаралагічнай абсерваторыі (1934, арх. І.Валадзько), а таксама Дома культуры ў Бабруйску (1927—30, арх. А.Оль), дома-камуны ў Гомелі (1931, інж. С.Шабунеўскі), клуба металістаў у Віцебску (1932, арх. А.Васільеў) і інш.
Літ.:
Гинзбург М.Я. Стиль и эпоха: Пробл. современной архитектуры. М., 1924;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Хазанова В.Э. Советская архитектура первых лет Октября, 1917—1925 гг.М., 1970;
Воинов А.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 2. 2 изд. Мн., 1987;
Да арт.Канструктывізм. Праект будынка аддзялення газеты «Ленинградская правда» ў Маскве. Арх. Весніны. 1924 (злева). Будынак гідраметэаралагічнай абсерваторыі ў Мінску. Арх. І.Валадзько. 1934.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ц,
манументальны парадны будынак з вял. колькасцю разнастайных памяшканняў. У першапачатковым значэнні — жыллё знаці, месца афіц. прыёмаў.
У стараж.-ўсх., антычных, феад. дзяржавах П. складалі цэлыя комплексы з жылых, культавых і дапаможных памяшканняў (Рамесеум у Стараж. Егіпце, 13 ст. да н.э.; П. Дыяклетыяна ў Спліце, Харватыя, канец 3 — пач. 4 ст.; Альгамбра каля Гранады ў Іспаніі; П.Тайхэдзянь у Пекіне, 1697). У сярэдневяковай Еўропе П. феадалаў былі замкі. У эпоху Адраджэння ў Італіі сфарміраваўся новы тып П.-асабняка — палацца. У 16—18 ст., у эпоху абсалютызму, ствараліся вял. П. (Луўр у Парыжы, Эскарыял каля Мадрыда, П. Келуш каля Лісабона) і палацава-паркавыя ансамблі (Версаль каля Парыжа). У 17—18 ст. каля Масквы пабудаваны Каломенскі П., П. ў Архангельскім, Астанкіне, Кускове, у 18—19 ст. шэраг выдатных П. у Пецярбургу (Зімні палац, Таўрычаскі палац) і яго прыгарадах (Петрадварэц, Паўлаўск).
У 14—16 ст. на Беларусі мураваныя П. будавалі ўнутры замкаў, іх архітэктура мела рысы готыкі і рэнесансу (Гродзенскі Стары замак, Мірскі замкава-паркавы комплекс). Палацава-паркавым пабудовам 16—17 ст. характэрна спалучэнне рыс абарончага і грамадз. дойлідства (Гальшанскі палац, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс). У 18 ст. склаўся тып развітага барочнага палацава-паркавага ансамбля, якому ўласцівы маштабнасць, паўадкрытыя парадныя двары, рэгулярныя паркі з вадаёмамі і малымі арх. формамі, шэраг службова-гасп. пабудоў (Гродзенскі палац Тызенгаўза, П. у в. Ганута Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл.). У іх буд-ве ўдзельнічалі арх. І.К.Глаўбіц, М.Д.Пёпельман, Дж.Сака, К.Спампані і інш. П. канца 18 ст. маюць рысы стылю ракако (П. Дзятлаўскай сядзібы, Чацвярцінскіх у Гродне) ці пераходныя да стылю класіцызму (Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс, Свяцкі палацава-паркавы ансамбль, Дзярэчынскі палац). У дэкоры выкарыстоўвалі ордэрную пластыку, арнаментальную і геральдычную лепку. Пераважала сім. восевая анфіладная планіроўка, у якой вылучаліся парадныя памяшканні — вестыбюль з лесвіцай, цэнтрычная зала (круглая ці квадратная, часта перакрытая купалам). У канцы 18—1-й пал. 19 ст.маст.-стылявое вырашэнне П. грунтавалася на прынцыпах стылю класіцызму (Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль). У планіроўцы пераважала калідорная сістэма з цэнтр. групай парадных памяшканняў. Палацава-паркавыя ансамблі найчасцей мелі пейзажную арг-цыю навакольнага асяроддзя (гл.Садова-паркавае мастацтва). У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. стылявое адзінства ў палацавым буд-ве парушана. Пашырыліся П. накшталт сярэдневяковых замкаў (Косаўскі палац, П. у б. маёнтку Дзевяткавічы пад Слонімам, Гродзенская вобл.), рэнесансавыя (Лынтупская сядзіба), у стылі неакласіцызму (П. у Жамыслаўскай сядзібе, у б. маёнтку Обрын, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.), несапраўднай готыкі (у б. фальварку Над-Нёман каля в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл.) і інш.
У 16 — пач. 20 ст. на Беларусі П. будавалі пераважна з дрэва. Драўляныя звычайна 1- ці 2-павярховыя П. канца 16—1-й пал. 17 ст. мелі рысы стылю рэнесансу. Фасады аздаблялі аркаднымі галерэямі, дахі з вежамі, купаламі, каванымі метал. пазалочанымі флюгерамі мелі складаную форму (П. ў вёсках Лоск Валожынскага р-на Мінскай вобл., Беліца Лідскага і Дзяляцічы Навагрудскага р-наў Гродзенскай вобл.). Замкавыя П. (у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. і інш.) мелі абарончыя прыстасаванні ў выглядзе абломаў. Пакоі аздаблялі скуранымі або палатнянымі размаляванымі шпалерамі, грубкі і каміны — узорыстай кафляй. Дзверы ўпрыгожвалі разьбой, часам інтарсіяй. У 2-й пал. 17—18 ст. драўляныя барочныя П. з флігелямі-крыламі нярэдка ўтваралі замкнёны парадны двор — курданёр (П у в. Дудзічы Калінкавіцкага р-на Гомельскай вобл.). Многія П. былі значнымі па памерах манум. збудаваннямі з мезанінамі, складанымі яруснымі або ламанымі дахамі. У канцы 18—19 ст. некат. буйныя П. будаваліся пад уплывам класіцызму (у в. Лунін Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл., у г. Паставы Віцебскай вобл., Радзівілімонтаўскі палацава-паркавы комплекс), у пач. 20 ст. — стыляў мадэрн, неабарока.
Пасля 1917 былыя П. магнатаў прыстасоўваліся пад грамадскія ўстановы. Узніклі новыя тыпы П. — агульнадаступныя будынкі грамадскага прызначэння: П. культуры, спорту (гл. ў арт.Спартыўныя збудаванні), мастацтва, шлюбу і інш. Да сярэдзіны 1950-х г. аблічча П. фарміравалася на аснове класічнай спадчыны (П. культуры Белсаўпрофа, цяпер Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў), пазней пашырылася тыпавое палацавае буд-ва. Асаблівасць сучасных П. — сінтэз архітэктуры і выяўл. мастацтва. Яны маюць адну ці некалькі залаў, фае, кулуары, майстэрні і пакоі для заняткаў гурткоў, чытальні і інш. (П. дзяцей і моладзі на беразе Камсамольскага возера ў парку Перамогі ў Мінску, 1986, арх. В.Бялянкін, Т.Розава, І.Селівончык і інш.).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в. Мн., 1981;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
А.М.Кулагін, Ю.А.Якімовіч.
Палац Келуш каля Лісабона. Арх. М.В. ды Алівейра. 1747—52.Палац у вёсцы Ганута Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. З малюнка Н.Орды. 1870-я г.Палац каля г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобл. Сярэдзіна 19 ст.Палац дзяцей і моладзі ў Мінску. 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ (ад лац. memorialis памятны),
творы архітэктуры, выяўл. і дэкар. мастацтва, якія ствараюцца для ўвекавечання памяці адной ці групы асоб, знамянальных дат у гісторыі краіны, пэўнай мясцовасці, для ўслаўлення баявых, рэв., працоўных і інш. подзвігаў; належаць да твораў манументальнага мастацтва. Да М.з. належаць: абеліскі, помнікі, піраміды, маўзалеі, пахавальні, надмагіллі, брамы, аркі трыумфальныя, калоны, курганы, грабніцы, капліцы, кенатафы і інш.
Першапачатковыя формы М.з. набліжаліся да прыродных утварэнняў, арганічна ўключаліся ў наваколле (курганы, мегаліты), уздзейнічалі грандыёзнасцю памераў і магутнай масай (піраміды). У ант. эпоху склаліся арх.-скульпт. комплексы маўзалеяў, мэтай іх стварэння было ўслаўленне ваен. правадыроў, манархаў, мужных герояў. У сярэднія вякі будавалі пахавальні, маўзалеі, помнікі ў гонар святых, прарокаў, пакутнікаў. У 18—19 ст. узводзілі арх. манументы, часцей звязаныя з прыродным наваколлем ці пейзажным паркам, яны ўшаноўвалі памяць герояў, што загінулі. У 20 ст. ў памяць рэвалюцый і войнаў створаны мемар. ансамблі: Марсава пале (1917—23) і Піскароўскія могілкі (1956—60) у Пецярбургу, Брацкія могілкі ў Рызе (1924—36, арх. А.Бірзеніек, скульпт. К.Зале), у Бухенвальдзе (Германія; 1952—58, скульпт. Ф.Крэмер), Ясенавацы (Сербія, 1960—66, арх. Б.Багдановіч), на в-ве Сітэ ў Парыжы (1961, арх, А.Пенлосон), у Саласпілсе (Латвія; 1961—67, скульпт. Л.Букоўскі і інш.), на Мамаевым кургане ў г. Валгаград (Расія; 1963—67, скульпт. Я.Вучэціч і інш., арх. Я.Белалольскі і інш.) і інш.
На Беларусі ў 18—19 ст. будаваліся часовыя драўляныя трыумфальныя аркі (Нясвіж, Магілёў, Шклоў) і мемар. калоны. У 2-й пал. 19 ст. пабудаваны Гомельская капліца, капліца-пахавальня ў в. Закозель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., у 1898 у гонар перамогі ў рус.-турэцкай вайне 1877—78 — Мінская царква Аляксандра Неўскага. У 1908—12 каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. пастаўлена мемар. капліца (гл.Ляснянскі мемарыяльны комплекс). У 1912 з нагоды 100-годдзя перамогі рас. войск у вайне 1812 пастаўлены помнік-абеліск у Віцебску (арх. І.Фамін), Полацку, помнік у г. Кобрын (арх. Д.Маркаў), Салтанаўская мемарыяльная капліца. У 1920-я г. ствараліся помнікі-бюсты на ўшанаванне памяці дзеячаў рэв. руху. У 1930—33 на месцы бітвы ўдзельнікаў паўстання 1863—64 пастаўлена Мілавідская мемарыяльная капліца. Пасля 1945 створаны шэраг М.з., прысвечаных падзеям Вял.Айч. вайны. Найб. пашыраныя іх тыпы: абеліскі (Манумент Перамогі, арх.-скульпт. комплекс «Мінск — горад-герой» ў Мінску, на месцы лагера смерці каля в.Вял. Трасцянец Мінскага р-на, 1963, арх. Л.Каджар), стэлы (на месцы лагера смерці ў в. Масюкоўшчына Мінскага р-на, 1959, арх. В.Волчак), на брацкіх вайсковых могілках (Рыленкі, гарнізонныя могілкі ў Брэсце), помнікі на ўшанаванне памяці землякоў, што загінулі ў Вял.Айч. вайну — курганы Славы, помнікі-танкі (у Барысаве, Мінску, Гомелі і інш.), помнік-катэр у Пінску (1964, арх. М.Заржэцкі, інж. М.Круглік), помнік-самалёт у Пружанах (1971); «Кацюша» ў Оршы; мемар. комплексы — на месцы спаленых вёсак (Хатынь, Дальва; Шунеўка Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., гл.«Праклён фашызму»), знішчэння ням.-фаш. захопнікамі бел. і замежных грамадзян (ахвярам фашызму каля в. Брыцалавічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл., 1975, скульпт. М.Андрэеў, А.Крохалеў, А.Салятыцкі; Урочышча Гай на ўскраіне г. Баранавічы; мінскага гета на пл. Юбілейнай у Мінску, 1998—99, арх. Л.Левін, скульпт. Э.Полак, А.Фінскі), партыз. стаянак (на в-ве Зыслаў Любанскага р-на Мінскай вобл.) і прарыву варожай блакады (гл.«Прарыў»), гераічнай абароны (Брэсцкая крэпасць-герой) і інш. Многія М.з. 1960—80-х г. створаны ў выглядзе арх. (Помнік вызваліцелям у Віцебску) і скульпт. (Манумент у гонар маці-патрыёткі ў Жодзіне) манументаў. М.з. 1970-х г. у выглядзе складаных комплексаў архітэктуры і арганізаванага ландшафту, пластыкі і манум.дэкар. мастацтва са складанай прасторавай структурай, спалучаюцца з асвятленнем, гукам, надпісамі. Сярод прыкладаў выкарыстання сінтэзу мастацтваў у сучасных М.з. — храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т.зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску (1996, аўтары Ю.Паўлаў, М.Каралёў, Т.Каралёва-Паўлава, В.Лапцэвіч, Г.Паўлава, А.Паўлаў, Д.Хамякоў). Ідэйна-маст. цэнтрам плошчаў і паркаў у гарадах з’яўляюцца помнікі: Я.Коласу (1972, скульпт. З.Азгур, арх. А.Градаў, Г.Заборскі, Левін), Я.Купалу (1972, скульпт. А.Анікейчык, Л.Гумілеўскі, А.Заспіцкі; Дзярж. прэмія Беларусі 1974) у Мінску, Ф.Скарыну ў Полацку (1974, скульпт. А.Глебаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1976) і інш.Іл.гл. да арт.Манументальнае мастацтва, Манументальна-дэкаратыўная скульптура, Помнікі гісторыі і культуры.
Л.Г.Лапцэвіч.
Да арт.Мемарыяльныя збудаванні. Храм-помнік «Сынам Айчыны, што загінулі за яе межамі» на т. зв. Востраве мужнасці і смутку ў Мінску. 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ АМЕ́РЫКІ У Амерыцы жыве каля 820 млн.чал.
(ацэнка на пач. 1998),
у т. л. ў Паўн. Амерыцы каля 470 млн., у Паўд. каля 350 млн. У расавых адносінах насельніцтва разнастайнае, змяшаліся тыпы і падтыпы ўсіх 3 вялікіх рас.
Да еўрапеоіднай расы (каля 440 млн.чал.) належыць каля 90% насельніцтва Паўн. і каля 30% Паўд. Амерыкі. Метысы — нашчадкі ад індзейска-еўрап. шлюбаў (больш за 180 млн.) — асн. насельніцтва Мексікі, цэнтр.-амер. краін, Венесуэлы, Калумбіі, Парагвая; мяшаная еўрап.-афр. група (мулаты), да якой належыць 6. ч. неграў ЗША, складае прыкметную долю насельніцтва Бразіліі, краін Вест-Індыі (каля 100 млн.чал.). Да метысаў і мулатаў адносяцца таксама групы мяшанага індзейска-негрыцянскага і індзейска-негрыцянска-еўрап. паходжання. Да негроіднай расы (каля 50 млн. — нашчадкі неграў-рабоў) належаць асн. насельніцтва Гаіці, Ямайкі і некаторых інш. краін Вест-Індыі, а таксама ч. насельніцтва Бразіліі і ЗША. Абарыгены-індзейцы (каля 45 млн., разам з асобнымі групамі, якія перайшлі на англ. або ісп. мову) адносяцца да асобнага адгалінавання мангалоіднай расы. Да гэтай расы належаць таксама эскімосы і алеуты (разам 116 тыс.), групы эмігрантаў з краін Азіі (кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш.). Кансалідацыя многіх нацый і народнасцей Амерыкі яшчэ не закончана. Большасць краін, у т. л. самыя вялікія — ЗША, Бразілія, Мексіка, Калумбія, Канада, Аргенціна — шматнацыянальныя. У некаторых краінах з нядаўніх імігрантаў (англічан, ірландцаў, немцаў, італьянцаў, рускіх, украінцаў, беларусаў, палякаў і інш.) склаліся т. зв. пераходныя групы, якія не асіміляваны асн. народамі, але ўжо парвалі сувязі з радзімай. Амаль у кожнай краіне ў розных прапорцыях ёсць асобныя этн. групы: асн. народ (у Канадзе, Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале гэта 2 народы, у Канадзе — англа- і франка-канадцы, у Перу, Балівіі, Эквадоры і Гватэмале — іспанамоўныя перуанцы, балівійцы, эквадорцы, гватэмальцы і блізкія да іх па колькасці індзейскія народы кечуа, аймара, майя і інш.; на мове індзейцаў гуарані і ісп. мове гавораць парагвайцы); карэнныя народы (індзейцы, эскімосы); пераходныя групы; нац. меншасці (выхадцы ў апошнія дзесяцігоддзі з Еўропы і Азіі). 61 народ налічвае больш за 500 тыс.чал. кожны і складае больш за 706 млн.чал. (86% усяго насельніцтва), з іх 2 народы маюць больш чым па 100 млн.чал. (амерыканцы ЗША 194,2, бразільцы 149,4) і 21 народ больш чым па 5 млн.чал. (мексіканцы 91,1, калумбійцы 34,5, аргенцінцы 30, венесуэльцы 17,4, кечуа 14,9, чылійцы 11,8, кубінцы 11,7, англа-канадцы 10,8, перуанцы 10,4, італьянцы 8,1, дамініканцы 7,4, немцы 7,3, франка-канадцы 7,2, эквадорцы 6,7, яўрэі 6,6, палякі 6,2, гаіційцы 6, гватэмальцы 5,7, пуэртарыканцы 5,6, гандурасцы 5,2, сальвадорцы 5,1). У ЗША, Канадзе, Аргенціне, Уругваі жывуць каля 30 тыс. беларусаў. Колькасць нашчадкаў беларусаў у Амерыцы, відаць, перавышае 1 млн. Большасць насельніцтва Амерыкі гаворыць на індаеўрапейскіх мовах (пераважна германскай і раманскай груп). На раманскіх мовах гаворыць каля 500 млн.чал., з іх 323 млн. — на ісп. (мексіканцы, калумбійцы, аргенцінцы, венесуэльцы, чылійцы, кубінцы, перуанцы, дамініканцы, эквадорцы і інш.), 152 млн. — на партуг. (бразільцы і партугальцы), 15 млн. — на франц. (франка-канадцы, гаіційцы, французы, гвадэлупцы і інш.), 10 млн. — на італьян. і інш. раманскіх мовах. На германскіх мовах гавораць каля 240 млн., з іх каля 225 млн. — на англійскай (амерыканцы, англа-канадцы, яўрэі, ямайцы і многія народы Вест-Індыі, англічане), 15 млн. — на ням., галандскай, нарв., швед., дац., шатландскай. Каля 10 млн. гавораць на мовах інш. груп індаеўрап. сям’і: слав. (палякі, рускія, украінцы, чэхі, славакі, сербы, харваты, славенцы, македонцы, беларусы і інш.), балт. (літоўцы і латышы), кельцкай (частка ірландцаў), інд. (выхадцы з Індыі і Пакістана), іранскай (пераважна іранцы і курды), а таксама грэч. і армянскай. Жывуць прадстаўнікі інш. моўных сем’яў Еўропы і Азіі — венгры, фіны, арабы, японцы, кітайцы, карэйцы, в’етнамцы, філіпінцы і інш. На мовах індзейцаў Амерыкі гавораць каля 32—45 млн.чал. Многія дробныя плямёны страцілі свае мовы, перайшлі на ісп., партуг. або англ. мовы. На 11 найб. індзейскіх мовах размаўляе каля 25 млн.чал., у т. л. на мове кечуа — 14,9 млн. (Перу, Балівія, Эквадор і горныя раёны суседніх краін), гуарані — 3,9 млн. (Парагвай), аймара — 2,2 млн. (Балівія і Перу), ацтэкскай — 1,1 млн. (Мексіка), араўканскай або мапучэ — 0,9 млн. (Чылі). Да моў карэннага насельніцтва адносяцца таксама эскімоская (узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. і Грэнландыі) і алеуцкая (Алеуцкія а-вы). Ва ўсіх лацінаамерыканскіх краінах пашырана каталіцтва; некаторыя індзейскія плямёны ўнутр. раёнаў прытрымліваюцца сваіх племянных вераванняў. У Паўн. Амерыцы каля 60% вернікаў належаць да шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і сектаў (баптысцкай, метадысцкай, лютэранскай, прэс-вітэрыянскай і інш.); больш за 30% — католікі. Ёсць мусульмане, іудаісты, будысты, праваслаўныя, канфуцыянцы, сінтаісты, прадстаўнікі новых рэлігій і сектаў. У Вест-Індыі пераважае каталіцтва, на Ямайцы і Барбадасе асн. масы жыхароў — пратэстанты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́ЛЬНЫ ЖАНР (ад франц. bataille бітва),
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае ваенныя сцэны і баявыя дзеянні. Яму ўласцівае імкненне паказаць найб. важныя ці характэрныя моманты бітваў, перадаць іх пафас, героіку, часам раскрыць і гіст. сэнс ваен. падзей. Батальныя сцэны могуць быць пабудаваны на гіст., дакументальна пацверджаных фактах, што збліжае батальны жанр з гістарычным жанрам, і на фалькл. матэрыяле (легенды, паданні, прытчы і гэтак далей). Батальны жанр уключае таксама паказ паўсядзённага жыцця арміі і флоту (у паходах, казармах, лагерах), што набліжае яго да бытавога жанру. Значная роля ў батальным жанры адводзіцца пейзажу. У працэсе развіцця ў станковых формах жывапісу і графікі батальны жанр наблізіўся да алегорыі, прытчы, набыў акцэнтаваны філас. падтэкст. Ён значна змяніўся, захаваўшы першапачатковую паэтыку і стылістыку ў панараме і дыяраме.
Батальныя сюжэты вядомыя з глыбокай старажытнасці: сцэны перамог над ворагам, алегарычныя і сімвалічныя вобразы ў рэльефах, размалёўках і дробнай пластыцы Стараж. Егіпта, Двухрэчча, Ірана; у расфарбоўцы вазаў, скульпт. кампазіцыях франтонаў храмаў, кампазіцыях рэльефаў і жывапісе Стараж. Грэцыі; у эліністычным мастацтве (рэльефы Пергамскага алтара); рэльефах і карцінах з адлюстраваннем бітваў і трыумфаў Стараж. Рыма; у мастацтве скіфаў, стараж. цывілізацый Амерыкі. У сярэднявеччы батальна-гіст. сюжэты пашыраны ў еўрап. і ўсх. кніжнай мініяцюры, у абразах (найб. выразна пасля 15 ст.), дэкар.-прыкладным мастацтве, рэльефах Кітая і Камбоджы, інд. размалёўках, японскім жывапісе. У эпоху Адраджэння мемар. кампазіцыі ў гонар ваен. перамог стваралі Джота, Паала Учэла, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Тыцыян, Я.Тынтарэта. У 17 ст. значную ролю ў станаўленні батальнага жанру адыгралі творы Д.Веласкеса, П.П.Рубенса, графіка Ж.Кало. У гэты час сфарміраваліся асн.тыпы кампазіцыйнай будовы твораў батальнага жанру: умоўна-алегарычная кампазіцыя з выявай палкаводца на фоне бітвы (Ш.Лебрэн, Францыя), невял. батальная карціна з эфектнай дакументальна-хранікальнай выявай кавалерыйскага бою ці эпізодамі ваен. побыту (С.Роза, Італія; Ф.Ваўэрман, Галандыя), сцэны марскіх баёў (В. Ван дэ Велдэ, Галандыя). У 18 ст. батальны жанр пашыраны ў мастацтве Францыі (А.Вато), Расіі (І.Нікіцін, А.Зубаў, Р.Угрумаў), Амерыкі (Б.Уэст, Дж.С.Коплі, Дж.Трамбал). У 19 ст. ў батальным жанры працавалі А.Гро, Т.Шарле, А.Рафэ, А.Вернэ (Францыя), А.Адам (Германія), Ф.Гоя (Іспанія), П.Міхалоўскі, Я.Матэйка, А.Арлоўскі (Польшча), Г.Ваперс (Бельгія), М.Алеш, Я.Чэрмак (Чэхія), В.Машкоў, Б.Вілевальдэ, А.Кацэбу (Расія). З канца 19 ст. ў батальным жанры ўсё большая ўвага аддаецца адлюстраванню складаных псіхал. і філас. праблем: творы А.Менцэля (Германія), Дж.Фаторы (Італія), У.Хомера (ЗША), М.Герымскага (Польшча), М.Грыгарэску (Румынія), Я.Вешына (Балгарыя), Э.Дэтая, А.Нёвіля (Францыя), І.Айвазоўскага, А.Багалюбава, В.Паленава, В.Верашчагіна, А.Кіўшэнкі, В.Сурыкава (Расія). У 20 ст., насычаным войнамі і рэвалюцыямі, карэнныя змены адбываюцца і ў батальным жанры: пашыраюцца яго межы і тэматычны дыяпазон, узмацняецца гісторыка-філас. падтэкст. У батальным жанры працуюць О.Дзікс і К.Кольвіц (Германія), Ф.Мазерэль (Бельгія), М.Грамер і Т.Стэйнлен (Францыя), Ф.Ходлер (Швейцарыя), Л.Бабіч, І.Мештравіч (Харватыя), Н.Петравіч (Сербія), Ф.Брэнгвін (Англія), О.Какошка (Аўстрыя), Р.Гутуза (Італія), Марукі Іры, Марукі Тасіка (Японія), К.Пятроў-Водкін, М.Грэкаў, А.Дайнека, А.Бубнаў (Расія).
У бел. мастацтве батальныя кампазіцыі вядомыя ў творах дробнай пластыкі (пач. 12 ст.), мініяцюрах Радзівілаўскага летапісу (15 ст.), абразках (15—16 ст.), стылізаваных выявах бел. воінаў на кафлі 16 ст., гравюрах Ф.Скарыны, М.Цюнта (16 ст.), Л.Хршчановіча, Г.Келера, В.Хондыуса, ілюстрацыях М.Вашчанкі (17 ст.), манум. жывапісе 17—18 ст. У жывапісе найб. ранні з вядомых твораў батальнага жанру — «Бітва пад Оршай» (каля 1515), блізкі па стылістыцы да твораў еўрап. Адраджэння (дакладнасць у паказе адзення, панарамы бітвы, тыпажу). У 17 ст. серыю малюнкаў і карцін на тэмы ваен. паходаў кн. Я.Радзівіла стварыў А. ван Вестэрфельд. Батальныя сцэны адлюстраваны на шпалерах Карэліцкай мануфактуры (18 ст.). У 19 ст. батальныя кампазіцыі ў жывапісе стваралі В.Ваньковіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі, В.Дмахоўскі, у графіцы — М.Кулеша, К.Кукевіч, Я.Дамель, Э.Андрыёлі, Ю.Фалат, А.Гротгер. У жывапісе, графіцы і скульптуры 1-й трэці 20 ст. да батальнага жанру звярталіся В.Волкаў, Я.Зайцаў, П.Гаўрыленка, М.Манасзон, І.Гембіцкі, А.Жораў. Вобразы і падзеі нац. гісторыі адлюстраваны ў творах М.Філіповіча, П.Сергіевіча. Героіка-рамантычны апавядальны характар уласцівы кампазіцыям у жывапісе, графіцы і скульптуры 1940 — пач. 1960-х г. (творы І.Ахрэмчыка, Г.Бржазоўскага, М.Гуціева, І.Давідовіча, Я.Зайцава, С.Раманава, У.Сухаверхава, У.Хрусталёва, Я.Ціхановіча, А.Шыбнёва; скульптуры З.Азгура, А.Бембеля, А.Глебава, С.Селіханава). Пошукі новых стылістычных рашэнняў у 1970-я г. вылучаюць творы батальнага жанру М.Савіцкага, В.Грамыкі, Г.Вашчанкі, А.Анікейчыка. У 1980-я г. — пач. 1990-х г. у батальным жанры павялічваецца колькасць сімволіка-алегарычных элементаў, прытчавых вобразаў (жывапіс Б.Аракчэева, Ф.Бараноўскага, І.Белановіча, М.Глушко, А.Марачкіна, У.Мінейкі, П.Свентахоўскага, І.Стасевіча, І.Ціханава, Г.Ціхановіча, М.Якуніна; графіка Л.Асецкага, У.Басалыгі, С.Геруса, А.Дзямарына, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, А.Паслядовіч, М.Селешчука; скульптурныя кампазіцыі А.Бацвінёнка, А.Заспіцкага, А.Курачкіна, В.Палійчука; манум. жывапіс Л.Асядоўскага, У.Крываблоцкага, Савіцкага).
Літ.:
Садовень В.В. Русские художники-баталисты XVIII—XIX веков. М., 1955;
Бродский В. Советская батальная живопись. М.; Л., 1950;
Орлова М. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Батальны жанр. Б.Аракчэеў. Гродзенскія гусары. Атака ў Клясціцах. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕСЦІ́НА,
гістарычная вобласць у Зах. (Пярэдняй) Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора.
Тэр. П. заселена чалавекам з палеаліту і з’яўляецца адным з асяродкаў стараж. земляробства. Першым дакладна вядомым насельніцтвам П. былі ханаанеі (3—2-е тыс. да н.э.), якія стварылі шэраг гарадоў-дзяржаў, у т. л.Іерыхон. Рэлігія ханаанеяў зрабіла моцны ўплыў на іудаізм, а праз яго — на хрысціянства і іслам. У розныя часы П. ўваходзіла ў склад вял. дзяржаў стараж. свету. З канца 3-га тыс. да н.э. яна апынулася пад кантролем Егіпта. У 2-м тыс. да н.э. сюды ўрываліся амарэі, хеты, хурыты. У 13 ст. да н.э. значная ч.тэр. П. заваявана плямёнамі яўрэяў, частка — філістымлянамі (адсюль назва краіны). Каля 1000 да н.э. цар яўрэяў Давід перамог філістымлян і заснаваў Ізраільска-Іудзейскае царства, якое дасягнула найб. магутнасці пры яго сыне Саламоне. Пасля смерці Саламона ў 922 да н.э. адзіная дзяржава распалася на Ізраільскае царства на Пн і Іудзейскае царства на Пд П. У 722 да н.э. Асірыя знішчыла Ізраільскае царства, у 586 Вавілон — Іудзейскае. У 539—333 да н.э. П. ўваходзіла ў склад Ахеменідаў дзяржавы, у 4—2 ст. да н.э. — дзяржаў Аляксандра Македонскага, Пталамеяў і Селеўкідаў.
У сярэдзіне 2 ст. да н.э. ў выніку паўстання яўрэяў на чале з Макавеямі створана Нова-Ізраільскае царства. З канца 1 ст. да н.э. П. ў складзе Рымскай, з 4 ст.н.э. — Візантыйскай імперый. У 7 ст. заваявана арабамі, у 11 ст. — крыжакамі, у канцы 12 ст. — егіпецкімі султанамі. З 1516 у складзе Асманскай імперыі. У 1-ю сусв. вайну акупіравана брыт. войскамі (1917). У 1922—48 падмандатная тэр. Вялікабрытаніі, у гэты час адбывалася масавая іміграцыя ў П. яўрэяў з дыяспары, якія ставілі мэтай стварэнне яўр. дзяржавы. 29.11.1947 Ген. асамблея ААН прыняла рэзалюцыю пра скасаванне брыт. мандата на П. і стварэнне там 2 дзяржаў: арабскай і яўрэйскай. 14.5.1948 створана дзяржава Ізраіль. У выніку араба-ізраільскай вайны 1948—49 Ізраіль далучыў да сваёй тэрыторыі б.ч. зямель, прызначаных для араб. дзяржавы, адтуль выгнана каля 800 тыс. арабаў. Заходні бераг ракі Іардан быў уключаны ў склад Іарданіі, а сектар Газы апынуўся пад кантролем Егіпта. У 1967 Ізраіль акупіраваў Зах. бераг р. Іардан і сектар Газы. Барацьбу супраць ізраільскай акупацыі ўзначаліла Арганізацыя вызвалення Палесціны (АВП), якая была прызнана ААН як адзіны прадстаўнік інтарэсаў палесцінскага араб. народа. 31.7.1988 Іарданія адмовілася ад прэтэнзій на Зах. бераг р. Іардан. 15.11.1988 Нац. савет П. (палесцінскі парламент у выгнанні) абвясціў пра стварэнне на акупіраваных у 1967 Ізраілем тэр. дзяржавы П., прэзідэнтам якой у сак. 1989 абраны Я.Арафат. У вер. 1993 прадстаўнікі АВП і Ізраіля падпісалі сумесную Дэкларацыю аб прынцыпах самакіравання палесцінцаў. Паводле Каірскага пагаднення ў маі 1994 створана Палесцінская аўтаномія. У ліст.—снежні 1995 Ізраіль вывеў свае войскі з б.ч.араб. населеных пунктаў, але дагэтуль працягвае акупацыю 3/4тэр.Зах. берага. У студз. 1996 адбыліся выбары ў Палесцінскі заканад. савет, кіраўніком Палесцінскай адміністрацыі абраны Арафат. Вядуцца перагаворы пра далейшае палесціна-ізраільскае ўрэгуляванне.
Першыя помнікі мастацтва П. вядомы з эпохі мезаліту. У 7—6-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Іерыхона. Ад 5-га тыс. да н.э. захавалася кераміка з гравіраваным або размаляваным геам. арнаментам. Да 4-га тыс. да н.э. адносяцца рэшткі т.зв. апсідальных жытлаў гарадзішчаў у Бейсане, Мегіда (Тэль-эль-Мутэселім), падземных жытлаў у раёне Беершэбы, размаляваная і глянцаваная (чырвоная і шэрая) кераміка, статуэткі са слановай косці, ювелірныя вырабы, насценныя размалёўкі ў будынках Тэлейлат-Гасула. У 3—2-м тыс. да н.э. развіваліся паселішчы гар. тыпу з абарончымі пабудовамі з каменю ці цэглы-сырцу (планіроўкай блізкія да сірыйскіх і фінікійскіх каменных храмаў), з водаправоднымі тунэлямі: Іерусалім, Іерыхон, Бейсан, Мегіда, Лахіш (Тэль-эд-Дувейр). Захаваліся рэльефы, скульптура, дробная пластыка, зааморфныя керамічныя пасудзіны. У 2-й пал. 10—6 ст. да н.э. пашырыліся культавае буд-ва (храм Саламона ў Іерусаліме, 10 ст. да н.э., не захаваўся), гліптыка (пячаткі з зааморфнымі выявамі і інш.). З эліністычнага і рым. перыяду вядомы грабніцы з размалёўкамі ў пахавальных памяшканнях (у Марысе і інш.), рэшткі храмаў (Дыяніса ў Бейсане і інш.), т-раў (у Бейсане, Цэзарэі), акведукаў, жылых дамоў, часта ўпрыгожаных мазаікамі і скульптурай, мармуровыя саркафагі з надмагільнымі бюстамі і рэльефамі. У 2—4 ст.н.э. будавалі сінагогі, якія спалучалі рысы мясцовай, рым. і сірыйскай архітэктуры [сінагога ў Капернауме (Кфар-Нахуме) і інш.]. Ад візант. часу захаваліся базілікі, манастыры, храмы, умацаванні. З 7 ст. арабы прыўнеслі новыя тыпы будынкаў: мячэці, медрэсэ і інш. (мячэці Кубат ас-Сахра і аль-Акса ў Іерусаліме, замак-рэзідэнцыя Хірбет аль-Мафджар). У 11—13 ст. будаваліся пераважна замкі і крэпасці крыжаносцаў (у Цэзарэі і інш.). З арх. помнікаў 16—19 ст. вылучаюцца сінагога ў Сафедзе (сярэдзіна 16 ст.) і мячэць у Яфе (1810). З канца 19 ст.яўр. перасяленцы прынеслі ў культуру П. маст. традыцыі розных краін. Архітэктура развівалася ў духу эклектызму, пазней у рэчышчы зах.-еўрап. стыляў. У мастацтве пашырыўся т.зв.яўр. стыль (сюжэты з яўр. гісторыі і л-ры). У 1-й пал. 20 ст. прыток архітэктараў і мастакоў, якія атрымалі адукацыю ў розных краінах свету, абумовіў суіснаванне самых розных плыняў і кірункаў. У 2-й пал. 20 ст. пашырылася тэматыка нац. самавызначэння арабаў П. (Т. Абд аль-Аль, Т. аль-Акхаль, С.Мансур, Н.Сумі, У.Тамары, І.Шамут, М.Хаграс і інш.). У традыц.нар. мастацтве пашыраны выраб касцюмаў з даматканай тканіны з вышыўкай і аплікацыяй, муз. інструментаў, твораў з керамікі, металу, шкла, перламутру, аліўкавага дрэва, ювелірныя вырабы. Гл. таксама ў арт.Іарданія, Ізраіль.
Літ.:
Бердников А.Ф., Сердюк Е.А. Современное искусство арабского народа Палестины. М., 1982.
У.С.Кошалеў (гісторыя).
Да арт.Палесціна. У.Тамары. Жывыя карані. 1974.Да арт.Палесціна. Н.Сумі. Ліст з серыі «Сведчыць Тэль аз-Заатар». 1977.Да арт.Палесціна. С.Мансур. З палесцінскай спадчыны. 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж, асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст.тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДНЯПРО́ЎЕ,
гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае Магілёўскую, ч. Віцебскай і Гомельскай абласцей. На Пн па водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны мяжуе з Паазер’ем, на З па левабярэжжы Бярэзіны і Дняпра — з Цэнтральнай Беларуссю і Усходнім Палессем. У стараж.-рус. перыяд (9—12 ст.) ішоў інтэнсіўны працэс сцірання племянных этнакульт. адрозненняў, зліццё слав. плямён у адзіную народнасць. Гэтаму ў значнай ступені садзейнічалі раўнінны рэльеф і дняпроўская сістэма суднаходных рэк, якія адыгрывалі важную ролю ва ўнутр. і знешніх культ.-эканам. сувязях. Гіст. лёс П. быў звязаны са стараж. Кіевам і з гісторыяй інш.усх.-слав. зямель. Этнакульт. комплекс, фальклорныя традыцыі і нар. гаворкі П. маюць шмат агульных рыс з суседняй Смаленшчынай і зах. Браншчынай (у 12 ст. значная ч. П. ўваходзіла ў Смаленскае, паўд. — у Чарнігаўскае княствы). У той час у П. важныя адм. і эканам. цэнтры — Копысь, Орша, Друцк, Мсціслаў, Прапошаск (Слаўгарад), Крычаў, Лучын, Гомель, Рагачоў, Чачэрск і інш. У канцы 12 ст. са Смаленскага вылучылася Мсціслаўскае княства, якое да сярэдзіны 14 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ, але захоўвала ў ім пэўную аўтаномію. На ранніх сярэдневяковых картах Еўропы (карты Н.Кузана — канец 15 — пач. 16 ст., С.Мюнстэра — 1540) левабярэжная ч. П. пазначана пад назвай Белая Русь. На больш позніх картах (Г. дэ Баплана, Я.Сандарта — 2-я пал. 17 ст., Т.Кітхіна — 1740, і інш.) Белая Русь лакалізавана ўжо ў верхнім П. і Паазер’і. Такое вызначэнне Белай Русі захавалася да сярэдзіны 19 ст., калі канчаткова было пашырана (з-за агульнасці гіст. лёсу і этнічнай культуры) на ўсю тэр. сучаснай Беларусі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) П. далучана да Расіі, на яго тэр. ўтворана Магілёўская губ., якая ў асн. супадала з межамі рэгіёна. Пасля 1917 і ўтварэння БССР П. з 1924 у складзе БССР (Гомельскі і Рэчыцкі пав. далучаны ў 1926). Сельскія пасяленні звычайна размяшчаліся па берагах невял. рэк і ў міжрэччах. На характар рассялення ўплывала суседства з воднымі шляхамі, урадлівасць мясц. глеб. Найб. густа заселенай і аграрна развітой была левабярэжная ч. П., у прыватнасці Аршанска-Магілёўская раўніна. Змешаныя хваёва-лісцевыя лясы і дубровы, што ўкрывалі гэтую тэрыторыю, у 18 — пач. 20 ст. на значных плошчах былі высечаны, і на іх месцы ўтварыліся масівы акультураных зямель. Адносна спрыяльныя глебава-кліматычныя ўмовы садзейнічалі пашырэнню хлебаробства. З тэхн. культур сеялі лён і каноплі. Агракультура П. мела рэгіянальныя рысы, што выяўлялася ў спосабах і прыёмах апрацоўкі глебы, мясц. варыянтах земляробчых прылад (сох, ільнамялак, барон), формах феад. рэнты і інш. У лясных краях прыкметнай падмогай у гаспадарцы былі здабыўныя промыслы. Частка насельніцтва ішла ў адыходныя промыслы ў суседнія губерні Расіі. У Гомельскім пав. (пераважна ў сучасным Веткаўскім р-не) было шмат пасяленцаў-старавераў, якія сяліліся тут з 1685. Многія з іх займаліся рамізніцтвам, ваджэннем суднаў, будаўніцтвам, ткацтвам, пчалярствам. Частка — гандлем і камерцыяй (бралі ў арэнду сады, скуплялі ў мясц. сялян сушаныя грыбы, ягады, мёд, воск, гандлявалі лесам, хлебам, соллю). Сельскія пасяленні ў параўнанні з суседнім Паазер’ем вызначаліся большымі памерамі (15—30 сядзіб) і выразнай вулічнай планіроўкай. Замкнутыя ці Г-падобныя сядзібныя забудовы размяшчаліся абапал вуліцы, якая мела акрэсленую цэнтр. частку і канцы. Вуліца агароджвалася па баках і заканчвалася нярэдка з абодвух канцоў шырокімі варотамі, якія зачыняліся на ноч. З маладворных пасяленняў былі пашыраны засценкі. Пасля адмены прыгоннага права назіраўся міграцыйны рух насельніцтва на З, у лясныя раёны Бярэзінскага басейна, дзе ўзнікалі новыя пасяленні. Мігранты прыносілі з сабою вытворчы вопыт і этнакульт. традыцыі, прыстасоўваючы іх да мясц. умоў; ставілі дабротныя дамы і гасп. пабудовы, абносілі іх трывалым парканам з брамамі на вуліцу. Распаўсюджаныя тыпы планіроўкі традыц. жылля: хата + сенцы + клець, хата + сенцы + хата, хата + трысцен. Апошні выконваў ролю сянец, нярэдка (калі ў ім ставілі печ) ператвараўся ў жылое памяшканне. Свіран (амбар, інбар) для збожжа ставілі насупраць хаты. Хлявы (хлеў, пуня) прымыкалі да жылля праз павець ці размяшчаліся ў глыбіні двара. Сярод дапаможных памяшканняў стопкі сустракаліся рэдка, замест іх у П. былі распаўсюджаны функцыянальна блізкія скляпы (паграбы). Прасторныя гумны са стрэхамі на сохах мелі сушню — звычайную ёўню ці двух’ярусную асець з ямнай печчу. Больш прыкметная кантынентальнасць клімату, наяўнасць сушняў пры гумнах, як і добрая вентыляцыйнасць апошніх, рабілі непатрэбнымі азяроды, якія тут былі рэдкай з’явай. Для сушкі лёну часцей выкарыстоўвалі лазні, якія мелі падоўжную страху, што абапіралася з аднаго боку на 2 слупы, утвараючы навес. Канстр. аснова жыллёвых пабудоў — зруб з круглых бярвён, звязаных у просты вугал з астаткам, на штандарнай аснове. Стрэхі на лемягах (закотам) і стаянках (пазней — на кроквах) крылі саломай «пад колас», радзей — камлём уніз («пад грабёнку»), У раёнах, багатых лесам (Рагачоўскі, Быхаўскі, Клімавіцкі, Чэрыкаўскі пав.), пашыраны стрэхі, крытыя дошкамі, дорам, дранкай (шчапа). Пэўным арх. абліччам і арганізацыяй інтэр’ера адрознівалася нар. жыллё на Пд рэгіёна. Маляўнічай дэкаратыўнасцю вызначалася веткаўская разьба, якой аздаблялі франтоны, ліштвы, карнізы, ганкі, брамы і весніцы. Нар. адзенне П. ўвасобіла стараж. рысы, уласцівыя традыц. касцюму слав. народаў, зазнаўшы пэўны ўплыў усх. і еўрап. строяў. Тыповае верхняе адзенне — злёгку прыталеныя кажухі і шыракаполыя світкі светла-шэрага колеру са стаячым каўняром без гузікаў (падвязваліся вакол таліі шарсцяным плеценым поясам), а таксама кафтан-армяк тыпу бурноса, укарочаная паўсвітка і кажушок (паўшубак). У традыц. жаночым адзенні яшчэ ў пач. 20 ст. бытавалі стараж. панёвы, узорныя андаракі, сшытыя з безрукаўкай-гарсэтам (ліф, кабат), і саяны, аналагічныя рус. сарафанам. Жаночыя кашулі шылі з плечавымі ўстаўкамі (полікамі), нагрудная ч. якіх з больш тонкага кужэльнага палатна. Іх упрыгожвалі вышыўкай і тканым арнаментам чырвонага ці камбінаванага (чырвонага з чорным) колераў (магілёўскі строй, краснапольскі строй); аздаблялі сакаленнем, маршчэннем (буда-кашалёўскі строй). Самабытным узорна-дэкар. стылем упрыгожвання вылучаецца адзенне паўд. раёнаў (неглюбскі строй). У арнаменце святочнага адзення і тканін дамінавалі адносна буйныя геам. ўзоры, у Пасожжы часцей сустракаліся расл. матывы. Ва ўзорным ткацтве ўжывалася браная тэхніка, у вытв-сці андараковай тканіны пераважала 2-нітавае ткацтва. Своеасаблівымі прыёмамі аздаблення вылучаюцца традыц. тканыя неглюбскія ручнікі і буда-кашалёўскія ручнікі. Рэгіянальнай асаблівасцю вызначалася кераміка. Посуд з чырвонай гліны з тонкімі сценкамі аздаблялі на гарлавінах ці плечыках хвалістымі паяскамі, што наносіліся завостраным прутком па сырой гліне. Ён быў лёгкі і грацыёзны. Лінгвістычная карта Беларусі адзначае дыялект. асаблівасці гаворак П., якія вылучаны ва ўсх.-магілёўскую групу паўн.-ўсх. дыялекту. Неаднароднасць культ. ландшафтаў дазваляе вылучыць у П. некалькі лакальных раёнаў (падраёнаў) — левабярэжжа і правабярэжжа Дняпра, Пасожжа і Бярэзінскі раён — з уласцівым кожнаму з іх комплексам мясц. этнакульт. прыкмет.