хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць літый. Найб. пашыраныя — солі мінер. кіслот, бінарныя неарган. злучэнні і літыйарганічныя злучэнні.
Літыю аксід Li2O — асноўны тугаплаўкі аксід (tпл 1453 °C). Утвараецца пры награванні металу ў паветры. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. шкла (напр., з невялікім тэмпературным каэф. лінейнага расшырэння), палівы і эмалей (павышае іх хім. і тэрмічную ўстойлівасць). Літыю алюмагідрыд LiAlH4 — крышт. парашок, які бурна ўзаемадзейнічае з вадой, спіртамі і к-тамі з вылучэннем вадароду. Выкарыстоўваюць як селектыўны аднаўляльнік у арган. сінтэзе, асушальнік растваральнікаў, для атрымання гідрыдаў. Літыю гідраксід LiOH — моцная аснова (шчолач). Вельмі гіграскапічнае рэчыва. Выкарыстоўваюць як кампанент электралітаў у шчолачных акумулятарах, паглынальнік вуглякіслага газу ў процівагазах, падводных лодках, самалётах. LiOH і яго водныя растворы выклікаюць апёкі скуры і слізістых абалонак. Літыю гідрыд LiH раскладаецца вадой з утварэннем LiOH і вадароду. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем расплаву Li з вадародам пры 630—730 °C. Выкарыстоўваюць як крыніцу вадароду для напаўнення аэрастатаў, аднаўляльнік у арган. сінтэзе, для атрымання боравадародаў, літыйарган. злучэнняў, трытыю. Солі літыю (фтарыд LiF, карбанат Li2CO3, сульфат Li2SO4 і інш.) выкарыстоўваюць як кампаненты спец. шкла, тэрмаўстойлівай керамікі, палівы, эмалей, люмінафораў, лек. сродкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРТЭ́НАЎСКАЯ ПЕЧ (ад прозвішча франц. металурга П.Э.Мартэна),
полымная рэгенератыўная печ для вытв-сці сталі з чыгуну і стальнога лому. Выкарыстоўваюцца таксама ў дуплекс-працэсе. Бываюць стацыянарныя (найб. пашыраны) і хістальныя.
Верхняя ч. стацыянарнай М.п. складаецца з рабочай прасторы, дзе вядуць плаўку пры т-ры да 1800 °C і вышэй, левай і правай галовак, па якіх паступае вадкае або газападобнае паліва і паветра (гл.Мартэнаўскі працэс). Чыгун, стальны лом, флюсы і інш. зыходныя матэрыялы загружаюць у рабочую прастору праз спец. вокны завалачнымі машынамі. Ў ніжняй ч. печы ёсць рэгенератары для падагрэву паветра і газападобнага паліва, шлакавікі для збірання пылу і шлакаў. У хістальных М.п. рабочая прастора спец. механізмамі нахіляецца ў бок рабочай пляцоўкі (для спуску шлаку) і разлівачнага пралёту (для выпуску металу). Умяшчальнасць М.п. да 900 т. Першая М.п. пабудавана ў 1864 у Францыі, у Расіі — у 1870 на Сормаўскім з-дзе. У 1970-я г. з пераходам на кіслародна-канвертарны працэсбуд-ва М.п. фактычна спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЯРЫ́ХА (Уладзімір Сцяпанавіч) (н. 15.11.1937, в. Горкі Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны-геабатанік. Канд.біял. н. (1971). Скончыў Бел. лесатэхнічны ін-т (1960). З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі. Навук. працы па біягеацэналогіі, лесазнаўстве (аднаўленне, ахова і рацыянальнае выкарыстанне лясоў), адзін са стваральнікаў серыі спец. геабат. картаў расліннасці Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.
Тв.:
Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979 (разам з І.Д.Юркевічам, Д.С.Голадам);
Липняки Белоруссии. Мн., 1988 (разам з І.Д.Юркевічам, В.Л.Дольскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІНААЛЬДЭГІ́ДНЫЯ СМО́ЛЫ, амінасмолы,
тэрмарэактыўныя алігамерныя прадукты полікандэнсацыі амінаў ці амідаў з альдэгідамі. Ператвараюцца ў сеткавыя палімеры. Найб. шырока выкарыстоўваюцца меламінафармальдэгідныя і мачавіна-фармальдэгідныя смолы.
Атрымліваюць у выглядзе водных раствораў ці парашкоў. Ацвярджаюцца пры награванні ці пры пакаёвай т-ры з кіслотнымі каталізатарамі. Зашытыя і мадыфікаваныя смолы — высокатрывалыя, цепла-, вода-, зносаўстойлівыя матэрыялы. Выкарыстоўваюць у вытв-сці драўнінна-стружкавых пліт, амінапластаў, клеяў, пенапластаў, сінт. шпону; мадыфікаваныя — у вытв-сці спец. алкідных лакаў і эмаляў, формаў і стрыжняў для алюмініевага і чыгуннага ліцця, пластыфікатараў бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-ГЕРМА́НСКАЕ МАРСКО́Е ПАГАДНЕ́ННЕ 1935.
Заключана 18 чэрв. ў выглядзе абмену нотамі паміж англ. міністрам замежных спраў С.Хорам і спец. упаўнаважаным А.Гітлера І.Рыбетропам. Паводле пагаднення Германія атрымала права мець флот, роўны 35% танажу агульнага водазмяшчэння флоту Брыг. імперыі, падводны флот — у межах 45% танажу падводных лодак краін Брыт. імперыі і ў далейшым магла давесці свой падводны флот да ўзроўню брытанскага. Пагадненне парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дэнансавана фаш. Германіяй у крас. 1939 ва ўмовах падрыхтоўкі Германіі да 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫПЛА́Н (ад грэч. bathys глыбокі + план),
апарат для падводных назіранняў. Буксіруецца за караблём спец. кабель-тросам і кіруецца назіральнікам з дапамогай рулявога прыстасавання. Паводле прынцыпу дзеяння — «падводны планёр» з пастаяннай лішкавай плывучасцю (спушчаны на ваду плавае на паверхні, пры буксіроўцы апускаецца ў ваду пад дзеяннем гідрадынамічных сіл). Батыплан забяспечваецца сістэмай узнаўлення паветра, ілюмінатарамі, пражэктарамі, фота- і кіназдымачнай апаратурай і інш. Выкарыстоўваецца для падводнай фота- і кіназдымкі, назірання за паводзінамі рыбы ў касяках і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСЦЯ́НКА,
1) лёгкі адна- або двухвёславы човен. Аснова — драўляны каркас, абцягнуты спец. апрацаванай бяростай. Здаўна бытавалі на Палессі, а таксама ў народаў Амурскага басейна (нанайцаў, ульчаў, эвенкаў).
2) Невялікая бочачка з вечкам для захоўвання мёду, круп, прыпраў і інш. прадуктаў у беларусаў. Рабілі з берасцянага скрутка, канцы якога замацоўвалі фігурным злучэннем у «замок». Сценкі берасцянкі аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі ці хваёвых лапак; трубачкай ці цвіком наносілі ланцужкі ўзораў з кружочкаў і кропак. У наш час выйшлі з ужытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЭЛЕКТРАМЕХАНІ́ЧНЫ ЗАВО́Д.
Створаны ў 1963—65 у г. Брэст як з-д электравымяральных прылад. З 1970 Брэсцкі электрамеханічны завод. З 1993 галаўное прадпрыемства Брэсцкага электрамех. канцэрна. Выпускаў ЭВМ агульнага прызначэння (ЕС), перфакарткавае і перфастужкавае абсталяванне, устройствы аптычнага счытвання знакаў і сістэм тэлеапрацоўкі даных для ЭВМ, стацыянарныя і рухомыя выліч. камплекты для АСКспец. прызначэння, бартавыя ЭВМ, персанальныя камп’ютэры. Асн. прадукцыя (з 1993): прылады для кантролю за расходам газу і электраэнергіі, мед. тэхніка, персанальныя камп’ютэры, быт. электра- і радыёапаратура, с.-г. тэхніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).