МАДАГАСКА́РСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне Індыйскага ак. каля ўсх. і паўд. берагоў в-ва Мадагаскар; галіна Паўд. Пасатнага цячэння. Накіравана на Пд і ПдЗ са скорасцю 2—3 км/гадз. Сярэдняя т-ра вады на паверхні за год да 26 °C. Салёнасць вады больш за 35‰. На ПдЗ часткова злучаецца з цёплым цячэннем Ігольнага мыса.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́ЧНІЦА,

захворванне слізістай абалонкі поласці рота і языка. Выклікаецца дрожджападобнымі грыбамі роду Candida. Узнікае найчасцей у нованароджаных і дзяцей груднога ўзросту; у дарослых — у час хвароб са знясіленнем (дызентэрыя, тыф і інш.). Праяўляецца малочна-белымі налётамі на слізістай абалонцы рота, якія зліваюцца ў плеўкі. Пры зняцці налётаў застаецца чырвань ці эрозія. Лячэнне тэрапеўт., вітамінатэрапія.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХЛЯ́РСТВА,

завалоданне чужой маёмасцю ці набыццё права на маёмасць шляхам падману або злоўжывання даверам; у бел. крымінальным праве адно са злачынстваў супраць уласнасці. Кваліфікаваным з’яўляецца М., учыненае паўторна, па папярэдняй змове групай асоб, а таксама ўчыненае ў асабліва буйных памерах, асабліва небяспечным рэцыдывістам, якое нанесла асабліва вял. страты. Караецца доўгатэрміновым пазбаўленнем волі і канфіскацыяй маёмасці.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФЕЛІ́НАВЫ СІЕНІ́Т,

поўнакрышталічная магматычная шчолачная горная парода. Складаецца са шчолачнага палявога шпату (65—70%), нефеліну (каля 20%) і каляровых мінералаў (10—15%). Утварае інтрузіўныя масівы або ўваходзіць зонамі ў шчолачныя і шчолачна-ультрабазітавыя комплексы. Выкарыстоўваецца ў шкляной прам-сці. Масівы Н.с. на Украіне, у Расіі, Сярэдняй Азіі, Нарвегіі, Паўд. Грэнландыі, Канадзе, Паўд. Афрыцы і інш.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКНО́МЕТР (ад грэч. pyknos шчыльны + ...метр),

прылада для вызначэння шчыльнасці рэчыва (часам т-ры) у газападобным, вадкім ці цвёрдым стане. Складаецца са шкляной пасудзіны (колба- або шарападобнай) з капілярнай трубкай, часам і з тэрмометрам. Прынцып дзеяння заснаваны на ўзважванні яго з даследаваным рэчывам, аб’ём якога вызначаецца па шкале або па метках.

Капілярны U-падобны пікнометр.

т. 12, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РАЗАЎСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60. Утвораны 15.1.1940 у Брэсцкай, з 20.9.1944 у Гродзенскай абл. Цэнтр — г.п. Поразава. Падзяляўся на 7 сельсаветаў: Крапіўніцкі (утвораны 16.7.1954 са скасаваных Дашкавіцкага, Нізянскага, Лескаўскага, Хрустаўскага, Шчурыцкага с/с), Кукліцкі, Лаўрынавіцкі, Міхайлаўскі, Навадворскі, Падароскі, Поразаўскі. 20.1.1960 скасаваны, яго тэрыторыя перададзена ў Свіслацкі раён.

т. 12, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНЫХ РЭСУ́РСАЎ АБМЕЖАВА́НАСЦЬ,

асноўны закон рэсурсазнаўства, згодна з якім планета Зямля — абмежаванае цэлае і ўсе яе рэсурсы і ўмовы канчатковыя. Антрапагеннае ўздзеянне на энергетыку планеты звыш дапушчальнай нормы выводзіць прыродную сістэму са стану раўнавагі, таму ідэя пра «невычарпальныя» прыродныя рэсурсы памылковая. Устанаўленне збалансаванага антрапагеннага абмену рэчываў — адна з гал. задач чалавецтва.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЧО́ЎСКІ МАНЕ́ТНЫ СКАРБ Знойдзены ў г. Рагачоў у 19-71. Найб. верагодны час ухавання — 1832. Змяшчаў каля 1000 манет, з іх 462 медныя са слядамі серабрэння: падробкі пад 712 талера Прусіі 1766 (127 экз.), 10-грашовікі Польшчы 1831 (72 экз.), 10-грашовікі абложанай Варшавы 1831 (263 экз.). Захоўваецца ў нумізматычным кабінеце БДУ.

т. 13, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКО́ВІЧ (Даніла Іванавіч) (18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.​М.​Міхнюк.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)