галіна энергетыкі, якая выкарыстоўвае ядзерную энергію для вытв-сці эл. і цеплавой энергіі; галіна навукі і тэхнікі, што распрацоўвае метады і сродкі пераўтварэння ядз. энергіі ў эл. і цеплавую. Аснова Я.э. — атамныя электрастанцыі (АЭС). Ядз. энергія пераўтвараецца ў карысную таксама на атамных цеплаэлектрацэнтралях, атамных станцыях цеплазабеспячэння і ядзерных сілавых устаноўках (на ледаколах, падводных лодках і інш.). Перспектыўныя (пры рэалізацыі кіроўнага тэрмаядз. сінтэзу) тэрмаядз. электрастанцыі.
Крыніцай энергіі на АЭС з’яўляецца ядзерны рэактар, у якім ажыццяўляецца кіравальная ланцуговая ядзерная рэакцыя дзялення некаторых цяжкіх ядраў урану, плутонію, торыю. У гэтым працэсе вылучаецца вял. колькасць цяпла, у асноўным (больш за 90%) пры тармажэнні асколкаў дзялення ядраў у матэрыяле ядзернага паліва. Адвод атрыманага цяпла і ператварэнне яго ў карысную энергію ажыццяўляецца метадамі прамысл. цеплаэнергетыкі (для атрымання электраэнергіі выкарыстоўваецца паратурбінны спосаб). У адрозненне ад звычайнай ЦЭС на АЭС замест топкі паравога катла для атрымання рабочага цела (вадзяной пары) выкарыстоўваецца ядз. рэактар.
Развіццё Я.э. пачалося з пуску ў 1954 у СССР першай АЭС магутнасцю 5000 кВт (г. Обнінск Калужскай вобл.). Аснову сусветнай Я.э. склалі АЭС з рэактарамі на цеплавых нейтронах. З цеплавых рэактараў найб. пашырэнне атрымалі корпусныя рэактары пад ціскам тыпу PWR (ВВЭР у Расіі) і кіпячыя рэактары BWR. Асн. недахоп цеплавых рэактараў — нізкая эфектыўнасць выкарыстання прыроднага урану. Больш перспектыўныя рэактары на хуткіх нейтронах (хуткія рэактары), у якіх разам з выпрацоўкай электраэнергіі атрымліваецца новае ядз. паліва — плутоній (каэф. узнаўлення 1,4 і вышэй). Аднак з-за больш высокага кошту іх буд-ва абмежавалася доследнымі блокамі. Энергетычны крызіс пач. 1970-х г. прывёў да масавага буд-ваАЭС. Яго тэндэнцыямі былі павелічэнне магутнасці энергаблокаў да 1—1,5 млн.кВт, магутнасці АЭС да 4—6 млн.кВт. павышэнне параметраў ядз. рэактараў і інш. абсталявання. У пач. 1980-х г. з-за паніжэння і стабілізацыі цэн на арган. паліва тэмпы буд-ваАЭС запаволіліся. хаця ў некат. краінах (Францыя. Германія. Японія. СССР) Я.э. працягвала развівацца апераджальнымі тэмпамі. Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 некаторыя краіны прынялі мараторый на далейшае развіццё Я.э., інш. закансервавалі буд-ваАЭС. Новыя АЭС будавалі пераважна ў краінах Азіі. З цягам часу былі прыняты меры па павышэнні бяспекі і надзейнасці працуючых АЭС. распрацаваны ўдасканаленыя і больш бяспечныя ядз. рэактары. Удасканаленыя праекты энергаблокаў 3-га пакалення адпавядаюць сучасным патрабаванням па бяспецы і практычна выключаюць цяжкія аварыі з выкідам радыенуклідаў у навакольнае асяроддзе. Аднак шэраг праблем, звязаных з бяспекай, рэсурсамі ядз. паліва. пахаваннем радыеактыўных адходаў і інш., стрымліваюць развіццё Я.э. На пач. 2003 у свеце эксплуатаваўся 441 ядз. энергаблок эл. магутнасцю больш за 377 ГВт. будаваліся 32 блокі. У Еўропе Я.э. склала 34% ад усёй энергетыкі, у вядучых ядз. краінах — ад 40 да 80%. На бліжэйшую перспектыву (2010—15) развіццё Я.э. звязана з павышэннем канкурэнтаздольнасці АЭС, павелічэннем тэрміну службы, надзейнасці 1 бяспекі дзейных энергаблокаў, буд-вам удасканаленых АЭС. Буйнамаштабныя праграмы развіцця Я.э. ажыццяўляюцца ў Японіі, Францыі. Паўд. Карэі, Кітаі, Індыі. на Тайвані; аднавіў буд-ваАЭС Іран. Энергет. стратэгіяй Расіі на перыяд да 2020 прадугледжана апераджальнае развіццё Я.э. У шэрагу інш. краін Еўропы (Аўстрыя. Данія, Італія, Галандыя. Швецыя. Германія) прынята палітыка адмовы ад выкарыстання Я.э. Прагназуецца, што макс. ўклад Я.э. ў сусв.вытв-сць электраэнергіі чакаецца на мяжы 2010, потым у выніку вываду з эксплуатацыі энергаблокаў I і II пакаленняў да 2020 яе доля можа панізіцца. Сярэднетэрміновая перспектыва (2025—30) будзе характарызавацца масавым вывадам з эксплуатацыі энергаблокаў, якія вычарпалі свой рэсурс, буд-вам удасканаленых энергаблокаў 3-га пакалення, распрацоўкай і ўкараненнем рэактараў 4-га пакалення. Буйнамаштабная Я.э. будучага можа развівацца толькі на аснове хуткіх рэактараў. Для энергетычнага забеспячэння ўстойлівага развіцця чалавецтва ў доўгатэрміновай перспектыве неабходна стварыць новую ядз. тэхналогію натуральнай бяспекі, якая будзе гарантаваць: неабмежаваную забяспечанасць паліўнымі рэсурсамі (прыродным уранам. у далейшым — торыем); выключэнне цяжкіх аварый з радыяцыйнымі выкідамі пры любых адказах абсталявання, памылках персаналу і знешніх уздзеяннях; экалагічна бяспечную утылізацыю радыеактыўных адходаў; ліквідацыю канала распаўсюджвання ядз. зброі выключэннем тэхналогій здабывання плутонію з адпрацаванага паліва; канкурэнтаздольную эканамічнасць.
На Беларусі ў 1983 было пачата буд-ва Мінскай атамнай цеплаэлектрацэнтралі магутнасцю 2000 МВт, распрацаваны праект Беларускай АЭС магутнасцю 6000 МВт. Пасля Чарнобыльскай катастрофы праграма развіцця Я.э. на Беларусі спынена. У апошні час выкананы даследаванні магчымасці і мэтазгоднасці развіцця Я.э. ў краіне. Яны паказалі эканам. мэтазгоднасць буд-ваАЭС, магчымасць яе размяшчэння на тэр. рэспублікі, наяўнасць бяспечных і эканамічных праектаў энергаблокаў.
М.М.Груша.
Адзін з асноўных аб’ектаў (крыніц энергіі) сучаснай ядзернай энергетыкі — двухблочная АЭС з рэактарамі ВВЭР-440. А — знешні выгляд. Б — блочны шчыт кіравання з дысплеямі, прыладамі, сігнальнымі табло, індыкатарамі, мнемасхемамі, друкавальнымі прыстасаваннямі. В — схема станцыі: 1,2 — рэактарныя будынкі; 3 — стальная ахоўная абалонка; 4 — лядовы кандэнсатар; 5 — корпус рэактара; 6 — парагенератар; 7 — вылічальная машына; 8 — блочны шчыт кіравання; 9 — турбагенератары; 10 — адкрытае размеркавальнае ўстройства; 11 — вентыляцыйная труба; 12 і 13 — дапаможныя будынкі контураў; 14 — адміністрацыйны будынак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАХІМІЯ
Першыя доследы з угнаеннямі (вывучэнне эфектыўнасці гною, вапны, попелу) праводзіліся на доследным полі, арганізаваным пры Горы-Горацкай земляробчай школе (1840); па выкарыстанні лубіну на зялёнае ўгнаенне — на Беняконскай доследнай станцыі Гродзенскай губ. (В.М.Ластоўскі, 1910); па вывучэнні дзейнасці ўгнаенняў на тарфяных глебах — на Мінскай балотнай станцыі (А.Т.Кірсанаў, 1911).
Планамерныя аграхім. даследаванні пачаліся ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це (1919), на Горацкай і Мінскай (з 1920), Турскай і Віцебскай (з 1921) с.-г. доследных станцыях. Тэарэтычныя даследаванні і падрыхтоўка кадраў вяліся на кафедры арганічнай і агранамічнай хіміі Бел. сельскагаспадарчай акадэміі (загадчык у 1921—31 А.К.Кедраў-Зіхман). У 1926 створаны Бел.НДІ сельскай і лясной гаспадаркі, у складзе якога арганізавана Цэнтр. аграхім. лабараторыя. У 1933 заснаваны Ін-т аграглебазнаўства і ўгнаенняў АН Беларусі (з 1937 Ін-тсацыяліст. сельскай гаспадаркі, з 1956 Бел.НДІ земляробства). У 1958 арганізаваны Ін-т глебазнаўства (з 1969 Бел.НДІ глебазнаўства і аграхіміі), які з’яўляецца метадычным цэнтрам па кіраўніцтве Дзярж. аграхім. службай у складзе 6 абласных праектна-пошукавых станцый хімізацыі.
У 1920—33 праводзіліся даследаванні ўплыву вапны на фізічныя і біялагічныя якасці глебы, адносін асобных раслін да глебавай кіслотнасці; ролі магнію ў вапнавых угнаеннях, па ацэнцы розных вапнавых матэрыялаў (М.П.Булгакаў, Р.Т.Вільдфлуш, З.П.Ганчарова, А.К.Кедраў-Зіхман, І.Х.Рызаў, В.І.Шэмпель і інш.). У пач. 1930-х г. Г.І.Пратасенем упершыню складзены карты кіслотнасці і вапнавання кіслых глеб краіны. У 1920—30-я г. праводзіліся масавыя доследы з мінеральнымі ўгнаеннямі ў межах праграмы па хімізацыі сельскай гаспадаркі СССР (У.М.Пілько, І.Р.Уласенка, В.І.Шэмпель і інш.).
У пасляваенны перыяд вывучаліся эфектыўнасць арганічных і мінеральных угнаенняў, сістэм угнаенняў у севазваротах на глебах Беларусі (Я.К.Аляксееў, А.М.Брагін, Т.І.Зянкевіч, В.І.Шэмпель і інш.); праводзіліся даследаванні па акультурванні лёгкіх пясчаных глеб з выкарыстаннем лубіну, торфу і мінеральных угнаенняў (І.П.Астравы, І.Г.Стралкоў, І.А.Юшкевіч); па вывучэнні ўплыву вапнавання і ўгнаенняў на біяхім. працэсы ў раслін, уплыў кальцыю і магнію на азотны абмен у раслін пры розных крыніцах азотнага жыўлення (Р.Т.Вільдфлуш). З дапамогай радыеактыўнага ізатопа фосфару вывучана адсарбцыйная прырода паглынання фасфат-іонаў глебамі (С.Н.Іваноў), баланс азоту ўгнаенняў (М.М.Бязлюдны). Распрацаваны метадычныя ўказанні па абгрунтаванні доз угнаенняў, вывучаны ўзаемасувязі паміж якасцямі глеб, ураджаем культур і эфектыўнасцю ўгнаенняў (І.М.Багдзевіч, Л.П.Дзяткоўская, Т.Н.Кулакоўская, І.С.Лупіновіч). Даследаваны лакальны метад унясення мінеральных угнаенняў (І.Р.Вільдфлуш, Р.Т.Вільдфлуш, Г.І.Гарбылёва, А.А.Калікінскі, Т.П.Персікава і інш.).
У 1980—2000-я г. вывучаўся баланс пажыўных рэчываў у сістэме севазваротаў у земляробстве краіны (Л.П.Дзяткоўская, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.І.Туранкоў і інш.), утрыманне і формы азоту, фосфару, калію ў глебах краіны і іх змяненні пад уплывам угнаенняў (І.Р.Вільдфлуш, І.М.Багдзевіч, Т.Н.Кулакоўская, В.В.Лапа, М.М.Семяненка); распрацаваны методыкі дыягностыкі азотнага жыўлення збожжавых культур і бульбы (М.М.Бязлюдны, А.Р.Корзун, М.М.Семяненка); рацыянальныя сістэмы ўгнаення с.-г. культур на аснове аптымізацыі мінеральнага жыўлення, комплекснага выкарыстання ўгнаенняў і рэгулятараў росту, біяпрэпаратаў, удасканальвання асартыменту угнаенняў (І.М.Багдзевіч, І.Р.Вільдфлуш, М.П.Кукраш, С.П.Кукраш, І.А.Кунцэвіч, В.В.Лапа, Г.В.Пірагоўская і інш.); даследаваны праблемы выкарыстання мікраэлементаў у земляробстве (Г.П.Дубікоўскі, В.І.Мацвеева, М.В.Рак) і інш. Вывучаны эфектыўнасць гною, птушынага памёту, зялёнага ўгнаення (Н.Р.Бачыла, К.І.Доўбан, П.П.Ціва, В.А.Цікавы). Распрацоўваюцца мерапрыемствы па ліквідацыі наступстваў радыеактыўнага забруджвання ў сельскай гаспадарцы (У.Ю.Агеец, І.М.Багдзевіч); аграхім. прыёмы зніжэння назапашвання нітратаў і цяжкіх металаў у раслінаводчай прадукцыі (І.Р.Вільдфлуш, С.Я.Галаваты, П.П.Ціва, А.Р.Цыганоў і інш.). Вядуцца распрацоўкі новага кірунку — генетыкі мінеральнага жыўлення, што дазволіць стварыць сарты с.-г. культур, здольныя расці на кіслых глебах, засвойваць цяжкарастваральныя злучэнні фосфару, не назапашваць нітраты і цяжкія металы і інш.
Літ.:
Детковская Л.П., Лимантова Е.М. Влияние удобрений на урожай и качество зерна. Мн., 1987;
Довбан К.И. Зеленое удобрение. М., 1990;
Кулаковская Т.Н. Оптимизация агрохимической системы почвенного питания растений. М., 1990;
Богдевич И.М., Лапа В.В. Влияние удобрений на качество урожая. Мн., 1995;
Семененко Н.Н., Невмержицкий Н.В. Азот в земледелии Беларуси. Мн., 1997;
Вильдфлуш И.Р., Лапа В.В., Цыганов А.Р. Фосфор в почвах и земледелии Беларуси. Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАЛО́ГІЯ (ад грэч. onkos пухліна + ...логія),
галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення, механізм развіцця і клінічныя праяўленні новаўтварэнняў, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі.
Найб. ранняе ўпамінанне пра пухліны знаходзяць у егіпецкіх папірусах (3—2,5 тыс. гадоў да н.э.), у працах Гіпакрата, Галена. Як асобная галіна медыцыны анкалогія пачала фарміравацца ў 19 ст. (рус. вучоныя М.А.Навінскі, М.М.Руднеў, ням. Р.Вірхаў, П.Эрліх і інш.). Хуткае развіццё анкалогіі ў Расіі звязана з заснаваннем у пач. 20 ст. анкалагічнай школы (М.М.Пятроў, П.А.Герцэн і інш.). У анкалогіі склаліся 3 асн. кірункі: вірусны (франц. вучоны А.Барэль, 1903), хім. (яп. вучоныя (К.Ямагіва і К.Ітыкава, 1915) і радыяцыйны (франц. вучоны А.Лакасань, 1932). У 1960-я г. Л.А.Зільбер прапанаваў вірусна-генет. тэорыю пухлін.
На Беларусі анкалагічныя даследаванні пачалі развівацца ў 1920-я г., інтэнсіўна — пасля стварэння НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў 1960 пад кіраўніцтвам М.М.Аляксандрава. Распрацаваны метады камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін з выкарыстаннем вадкіх радыеактыўных ізатопаў (Аляксандраў, Л.С.Сукаватых), гарманальных уздзеянняў (Ц.А.Панцюшэнка), гіпертэрміі (С.З.Фрадкін), прамянёвай тэрапіі (І.Р.Жакаў, Г.У.Мураўская), хіміятэрапіі (Э.А.Жаўрыд). Праводзяцца даследаванні па лячэнні пухлін шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык), арганізацыі анкалагічнай дапамогі насельніцтву (Я.А.Караткевіч), лабараторнай дыягностыцы (А.А.Машэўскі), анкагінекалогіі (К.Я.Вішнеўская), анкауралогіі (А.С.Маўрычаў), анкаабдамінальнай хірургіі (У.М.Сукалінскі), анкатаракальнай хірургіі (У.В.Жаркоў), анкапатамарфалогіі і цыталогіі (Г.М.Мураўёў, Л.Б.Клюкіна), пластычнай анкахірургіі (І.В.Залуцкі). Сістэма анкалагічнай дапамогі насельніцтву ўключае НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі, кафедры анкалогіі Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў і мед. ін-таў, 12 абл. і гар. (міжраённых) дыспансераў, шырокую сетку анкалагічных кабінетаў. Створана аўтаматызаваная сістэма ўліку інфармацыі пра анкалагічных хворых. Як вынік катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) у рэспубліцы адзначаны пастаянны рост захворванняў на злаякасныя пухліны, у 1994 зарэгістравана амаль 30 тыс. новых выпадкаў, выяўлены значны рост рака шчытападобнай залозы сярод дзяцей, што жывуць у забруджаных радыенуклідамі раёнах. На дыспансерным уліку больш за 125 тыс. чалавек, якія атрымалі спец. лячэнне ад рака (1994).
Літ.:
Клиническая онкология. 2 изд. Т. 1—2. М., 1979;
Шабад Л.М. Эволюция концепций бластомогенеза. М., 1979;
Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии. Мн., 1993. С. 3—9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
сукупнасць філасофскіх вучэнняў старажытнагрэчаскага і старажытнарымскага грамадстваў у 7 ст. да н.э. — 6 ст.н.э. У сваім развіцці прайшла 4 перыяды: узнікненне і фарміраванне (канец 7—6 ст. да н.э.), росквіт (5—4 ст. да н.э.), пачатак заняпаду (3—1 ст. да н.э.), заняпад (1—5 ст.н.э.). Узнікла ў іанійскіх калоніях Стараж. Грэцыі ў выглядзе натурфіласофіі і адлюстроўвала светапогляд прамыслова-гандлёвага класа. Адной з першых філас. школ была мілецкая (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен), для якой характэрны стыхійны матэрыялізм, наіўная дыялектыка, наяўнасць элементаў міфалогіі, антрапамарфізму і пантэізму. Са стараж.-грэч. філосафам Гераклітам звязваюць першыя спробы выявіць адзіную аб’ектыўна-лагічную заканамернасць (дыялектыку) у любым працэсе. У перыяд яе росквіту сфарміраваліся Акадэмія Платона, Лікей Арыстоцеля. Філасофія стала навукова арыентаванай дысцыплінай са строга акрэсленымі прадметамі, логіка-гнасеалагічнымі прынцыпамі, катэгарыяльным апаратам, мэтамі і задачамі. Усебакова распрацаваны найважнейшыя часткі філасофіі — анталогія, гнасеалогія, вучэнне пра грамадства і дзяржаву, логіка, этыка, эстэтыка, псіхалогія, а таксама касмалогія, матэматыка і інш. прыродазнаўчыя дысцыпліны. У філасофіі аформіліся 2 асн. кірункі — матэрыялістычная лінія Дэмакрыта і ідэалістычная лінія Платона, дыялектычны (Геракліт) і метафізічны (элеяты) падыходы ў трактоўцы быцця. Страта грэч. гарадамі самастойнасці негатыўна паўплывала на культуру і філасофію. У 3—1 ст. да н.э. ў філасофіі прасочваюцца 3 гал. плыні — скептыцызм, эпікурэізм і стаіцызм. З агульнатэарэт. пытанняў (праблем быцця, гнасеалогіі, дзярж. ладу) акцэнт у іх перамясціўся ў бок пошукаў канкрэтных прынцыпаў асабістых паводзін, якія дазволілі б дасягнуць шчасця асобнаму чалавеку. Сац.-эканам. і паліт. супярэчнасці Рымскай імперыі на пач.н.э. садзейнічалі пашырэнню рэліг. вучэнняў, пад уплыў якіх трапіла і філасофія. Рэліг. скіраванасцю характарызаваліся школы неапіфагарэізму і неаплатанізму, хоць у цэлым яны не прытрымліваліся афіц. ідэалогіі хрысціянства. У пач. 6 ст.н.э. дэкрэтам імператара Юсцініяна філас. школа платанізму ў Афінах закрыта. Антычная філасофія — адзін з важнейшых этапаў развіцця філасофіі і філас. культуры. Яе заслуга ва ўсеабдымным і сістэматычным абгрунтаванні філасофіі як навук. тэорыі, развіцці сістэмы паняццяў, у распрацоўцы ці пастаноўцы ўсіх асн.філас. праблем.
Літ.:
Антология мировой философии. Т. 1, ч. 1. М., 1969;
Асмус В.Ф. Античная философия. 2 изд. М., 1976;
Вернан Ж.-П. Происхождение древнегреческой мысли: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТА́НІКА (грэч. botanikē ад botanē трава, расліна),
навука пра расліны; адзін з асн. раздзелаў біялогіі. Вывучае відавую разнастайнасць раслін (сістэматыка), іх будову (марфалогія і анатомія), асаблівасці жыццядзейнасці (фізіялогія раслін, біяхімія), заканамернасці індывід. і гіст. развіцця (эмбрыялогія, эвалюцыя), роднасныя сувязі (філагенія), пашырэнне (геаграфія раслін), узаемаадносіны з навакольным асяроддзем (экалогія), структуру расліннага покрыва (геабатаніка).
Развіццё батанікі як навукі ішло адначасова з ростам практычных патрэбнасцяў чалавека і непасрэдна звязана з агульнай гісторыяй чалавецтва. Шмат звестак пра расліны было вядома людзям з глыбокай старажытнасці. Бацькам батанікі лічаць стараж.-грэч. прыродазнаўца і філосафа Тэафраста. Як стройная сістэма навук. ведаў батаніка аформілася ў 18 ст. дзякуючы ў асноўным працам швед. прыродазнаўца К.Лінея. Франц. вучоныя М.Адансон, Ж.Б.Ламарк, А.Жусьё і інш. распрацавалі натуральную класіфікацыю раслін, паводле якой расліны аб’ядноўваліся па сукупнасці гал. прыкмет (кветка, плод, семя) у парадкі, якія ўпершыню размешчаны ў адзіны рад — ад водарасцяў да кветкавых. У 19—20 ст. інтэнсіўна развівалася батаніка, як і інш.біял. навукі, пад уплывам эвалюцыйнай тэорыі Ч.Дарвіна. У Расіі першыя бат. даследаванні звязаны са стварэннем АН (1724) і арганізацыяй шэрагу экспедыцый для вывучэння расліннасці краіны (І.Г.Гмелін, П.С.Палас, С.П.Крашаніннікаў). У канцы 19 — пач. 20 ст.рус. батанікі І.Н.Гаражанкін, М.С Варонін, У.І.Паладзін, С.Г.Навашын, К.А.Ціміразеў і інш. зрабілі буйныя адкрыцці (двайное апладненне ў кветкавых раслін, раскрыццё энергетычных заканамернасцяў фотасінтэзу і інш.), якія паўплывалі на развіццё бат. навукі ў свеце.
На Беларусі фарміраванне батанікі як навукі пачалося ў канцы 18 — пач. 19 ст. Першыя бат. даследаванні пераважна апісальнага характару зрабілі І.І.Ляпёхін, В.М.Севяргін, В.Г.Бесэр. Сучасны этап развіцця батанікі звязаны з працамі Ц.М.Годнева, В.Ф.Купрэвіча, М.А.Дарожкіна, М.Дз.Несцяровіча, М.У.Смольскага, А.А.Шлыка, А.С.Вечара, В.М.Цярэнцьева, І.Д.Юркевіча, В.С.Гельтмана, В.І.Парфёнава, Н.В.Казлоўскай і інш.Навук. праца па батаніцы вядзецца ў Ін-це эксперым. батанікі і Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі, БДУ, Бел.с.-г. акадэміі, Гомельскім ун-це, пед. і с.-г. ін-тах, запаведніках. Вызначаны заканамернасці фарміравання, дынамікі флоры і расліннасці, распрацаванынавук. асновы выкарыстання і аховы раслінных рэсурсаў, антрапагеннага ўплыву на расліннае покрыва. Шэраг даследаванняў звязаны з выкананнем міжнар.біял. праграмы.
Літ.:
Базилевская Н.А., Белоконь И.П., Щербакова А.А. Краткая история ботаники. М., 1968;
Жизнь растений. Т. 1—6. М., 1974—82;
Хржановский В.Г. Курс общей ботаники. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́НІС, лаун-тэніс (ад англ. lawn лужок, газон + tennis, магчыма, ад франц. tenez вось вам, бярыце),
спартыўная гульня, мэта якой — пасыланне мяча ўдарамі ракеткі праз сетку на корце такім чынам, каб сапернік не змог правільна адбіць яго ў межы чужой паловы пляцоўкі. Спаборніцтвы праводзяцца адзіночныя і парныя (мужчынскія, жаночыя і змешаныя пары). Інвентар: ракетка (маса да 400 г, драўляная, метал. або пластмасавая), гумавы мяч, абклеены тканінай з ворсам (маса 57 г, дыяметр да 6,7 см).
Правобраз Т. — гульня з мячом, які перабівалі праз сетку далонню, што існавала ў 12—14 ст. у Англіі, Італіі, Францыі. Ракеткі выкарыстоўваюцца з пач. 16 ст. Сучасны Т. узнік у Вялікабрытаніі ў канцы 19 ст. Першыя правілы распрацаваны англічанінам У.Уінгфілдам (1874). Назва лаун-Т. з’явілася ў 1875. Міжнар. федэрацыя Т. створана ў 1912 (Парыж). У 1896—1924 уваходзіў у праграму Алімп. гульняў. Чэмпіянатам свету сярод мужчынскіх каманд лічыцца штогодні розыгрыш Кубка Дэвіса (засн. ў 1900 амерыканцам Д.Дэвісам). Чэмпіянатамі свету ў асабістым заліку (у мужчын і жанчын) лічацца: на травяных кортах — Уімблданскі турнір у Лондане (з 1877), на грунтавых — адкрыты чэмпіянат Францыі (Ралан Гарос) у Парыжы (з 1891). З 1970 праводзіцца неафіц. чэмпіянат свету, які складаецца з 12 папярэдніх турніраў у розных краінах (96 удзельнікаў) і фінальнага (для 8 лепшых удзельнікаў). Чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1968. Штогод праводзяцца спаборніцтвы (асабісты залік) на Кубак «Вял. шлема» — апошні ў сезоне турнір для 16 мацнейшых тэнісістаў па выніках 4 буйнейшых турніраў года (адкрытыя чэмпіянаты Аўстраліі, Францыі, ЗША і Уімблданскі турнір). Т. развіты ў большасці краін, найб. — у Аўстраліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Францыі, Швецыі і інш.
На Беларусі Т. развіваецца з 1921 (г. Віцебск, Мінск, Магілёў і інш.). 1-ы чэмпіянат Беларусі быў уключаны ў праграму I Усебел. свята фіз. культуры (1924). Шырокае развіццё набыў з 2-й пал. 1940-х г. У розыгрышы Кубка Дэвіса нац. каманда ўдзельнічае з 1994. У 1978 у Мінску здадзены ў эксплуатацыю Палац тэніса (з 1996 — Нацыянальны цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па тэнісе і настольным тэнісе Рэспублікі Беларусь). Сярод трэнераў найб. вызначыліся М.Звераў, Г.Краўкоў, Г.Пятроў, А.Эйдэльмян і інш., спартсменаў-тэнісістаў — Н.Барадзіна, Н.Зверава, С.Леанюк, В.Барабаншчыкава, У.Валчкоў, В.Казакевіч, М.Мірны, С.Цяцерын і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЦВЯРЦІ́ЧНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ, геалогія антрапагену,
галіна геалогіі, якая вывучае ўтварэнні і геалагічныя падзеі антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду Зямлі [гл.Антрапагенавая сістэма (перыяд)]. Цесна звязана з геамарфалогіяй, вучэннем пра генет. тыпы кантынент. адкладаў, неатэктонікай, актуатэктонікай (вучэннем пра сучасныя тэктанічныя рухі), гляцыялогіяй, палеакліматалогіяй, палеанталогіяй, глебазнаўствам, біялогіяй, антрапалогіяй, археалогіяй, інжынернай геалогіяй, геал. карціраваннем і інш. Ч.г. выкарыстоўвае агульныя геал. метады: палеантолага-стратыграфічныя, мінералага-петраграфічныя, літалагічныя, тэктанічныя, геахім., геафіз., палеагеагр.; спец. метады: радыевугляродны, тэрмалюмінесцэнтны, крыяліталагічны, палеамагнітны, храналагічны метад даследавання стужачных глін, паліналагічны, дыятомавы аналіз, палеаантрапалагічны і археалагічны.
Асновы Ч.г. закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. працамі рас. вучоных Р.П.Гельмерсена, П.А.Крапоткіна, С.М.Нікіціна, А.П.Паўлава; бел. вучоных А.Э.Гедройца, Г.Ф.Мірчынка, Г.Б.Місуны, П.А.Туткоўскага і інш. У самаст. павуку вылучана ў 1920—30-я г. У 1932 створана Міжнар. асацыяцыя па вывучэнні чацвярцічнага перыяду (International Union for Quaternary research — INQUA, IHKBA). Гал. кірункі даследаванняў па Ч.г.: біястратыграфічны, кліматастратыграфічны, літагенетычны, геамарфалагічны, палеагеаграфічны, палеапатамалагічны, а таксама па пытаннях неатэктонікі, маладога вулканізму і картаграфавання антрапагенавых адкладаў. Уклад у развіццё Ч.г. рабілі вучоныя: ням. П.Вольштэт; аўстр. А.Пенк, Э.Брыкнер, амер. Р.Флінт, Ф.Цэйнер; рус. А.А.Асееў, Г.С.Ганешын, І.П.Герасімаў, К.К.Маркаў, А.І.Масквіцін, Я.Я.Міланоўскі, М.І.Нікалаеў, У.М.Сукачоў, Я.В.Шанцар, М.М.Якаўлеў; бел. Л.М.Вазнячук, Ф.Ю.Велічкевіч, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, В.А.Дзяменцьеў, А.К.Карабанаў, У.А.Кузняцоў, К.І.Лукашоў, Э.А.Ляўкоў, Н.А.Махнач, А.В.Мацвееў, Мірчынк, В.І.Пасюкееіч, А.П.Підоплічка, А.Ф.Санько, Г.К.Хурсевіч, М.М.Цапенка, В.П.Якушка, Я.К.Яловічава і інш.
На Беларусі распрацаваны дэталёвыя стратыграфічныя шкалы, вылучаны ўтварэнні 4—6 зледзяненняў і 3—5 міжледавікоўяў, праведзена рэканструкцыя ўмоў асадканамнажэння і геал. этапаў развіцця расл. і жывёльнага свету, дэталёва ахарактарызаваны літагенетычныя комплексы адкладаў, даказана вядучая роля ледавіковых працэсаў у фарміраванні антрапагенавага покрыва краіны. Даследаванні выконваліся пераважна ў Ін-це геал. навук і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН, ВА «Беларусьгеалогія», у т. л.Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це; БДУ і інш.ВНУ і навук. установах.
Літ.:
Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973;
Горецкий Г.И. Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛОГІЯ
Асобныя звесткі пра мінеральны састаў асадкавых парод Беларусі, што выходзяць на паверхню, прыведзены ў працах канца 19 — пач. 20 ст. А.Э.Гедройца, А.П.Карпінскага, П.А.Туткоўскага. Больш шырока мінералагічныя даследаванні на Беларусі сталі праводзіцца ў 1920—30-я г. паралельна з літалагічнымі, петраграфічнымі даследаваннямі, вывучэннем карысных выкапняў і стратыграфіі. У апошні час асн. кірункі даследаванняў: мінералагічны састаў антрапагенавых парод (С.Д.Астапава, С.Р.Драмашка, Н.В.Зайцава, Я.А.Ільін, У.А.Кузняцоў, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, А.В.Мацвееў, С.Л.Шымановіч і інш.); глеб (У.Д.Лісіца, П.С.Самадураў, С.А.Ціханаў); парод крышталічнага фундаменту (Ю.С.Булкін, В.Ф.Красоўскі, М.М.Лявых, І.В.Найдзянкоў, А.М.Пап і інш.); асаблівасці гліністых мінералаў (В.П.Курачка, У.П.Самадураў і інш.); сучаснага мінералаўтварэння (А.Л.Жухавіцкая, В.А.Кавалёў); постседыментацыйных змен карбанатных парод (А.А.Махнач). Вызначаны невядомыя раней на тэр. Беларусі мінералы: у асадкавай тоўшчы — даўсаніт, піроп, дыяспор, нордстрандыт, лейкафіліт, кізерыт і інш.; у пародах крышт. фундаменту — тайніяліт, пер’ерыт, бастнезіт, гентгельвін, гадалініт, чаўкініт, тарыт, кінавар і інш.; у корах выветрывання — гібсіт; пры даследаванні Лагойскай астраблемы — каэсіт і сцішавіт.
Для дыягностыкі мінералаў, вызначэння мінер. складу тонкадысперсных парод прымяняюцца рэнтгенаструктурны аналіз, электронная мікраскапія, дыферэнцыяльна-тэрмічны і тэрмавагавы аналізы, метады электрамагнітнай сепарацыі, аптычнай мікраскапіі, экспрэс-аналіз на карбанатнасць, хім. аналізы парод і мінералаў і інш. метады. Для вызначэння ўзросту парод крышт. фундаменту, вулканагенных парод платформавага чахла, антрапагенавых адкладаў, для высвятлення пытанняў генезісу нафтаносных тоўшчаў, другаснай мінералізацыі выкарыстоўваюцца ізатопныя даследаванні. У выніку даследаванняў устаноўлены тэрыгенна-мінералагічныя правінцыі для шэрагу геал. сістэм платформавага чахла, праведзены фацыяльна-палеагеагр. рэканструкцыі, вывучаны ўмовы фарміравання парод, атрыманы даныя аб удзеле касмагеннага рэчыва ў фарміраванні зямной кары на тэр. Беларусі, вызначана роля рыфтаўтваральных арганізмаў у складзе карбанатных парод нафтаносных тоўшчаў дэвону Прыпяцкага прагіну, распрацаваны і ўдакладнены стратыграфічныя схемы асобных геал.сістэм. Мінералагічныя даследаванні праводзяцца ў Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Белгеалогія», у т. л. ў Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це; Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі і інш.
Літ.:
Ярцев В.И., Аношко Я.И. Минералогия. Изучение и определение обломочных минералов антропогеновых пород Беларуси. Мн., 1998;
История геологических наук в Белорусской ССР. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛОГІЯ
Даследаванні па вірусалогіі на Беларусі вядуцца з 1920—30-х г., калі пачаўся выраб і выкарыстанне імунных лячэбных сываратак, вакцын супраць воспы і шаленства. Цэнтрам вірусалагічных даследаванняў стаў створаны ў 1924 НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі Мін-ва аховы здароўя. Пасляваенныя гады адзначаны дасягненнямі бел. вучоных у вывучэнні этыялогіі поліяміэліту, воспы, адру, шаленства, вірусных гепатытаў, грыпу, энтэра- і адэнавірусных інфекцый і інш. (В.Т.Андрэева, В.І.Вацякоў, А.В.Давыдаў, Л.І.Нікановіч, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман і інш.). Вірусалагічныя даследаванні інтэнсіўна развіваліся ў выніку стварэння масавай вытворчасці клетачных культур. Вял. значэнне мела імунізацыя насельніцтва супраць поліяміэліту жывой вакцынай, што стала асновай для пазбаўлення ад гэтай інфекцыі на Беларусі (Вацякоў, Фельдман). З 1968 распрацоўваецца новы кірунак — хіміятэрапія вірусных інфекцый. Створаны банк з 3 тыс. антывірусных злучэнняў, прапанаваны антывірусныя рэчывы для лячэння грыпу, герпесу, клешчавога і зах.-нільскага энцэфалітаў, шаленства (Андрэева, Я.І.Барэка, Вацякоў, Л.В.Каробчанка, Н.П.Мішаева, Г.В.Уладыка і інш.). З 1970-х г. даследуюцца асабліва небяспечныя інфекцыі, ствараюцца дыягнастычныя і хіміятэрапеўтычныя прэпараты (І.С.Лукашэвіч, А.С.Пяткевіч, А.С.Уладыка і інш.). Дасягнуты поспехі ў вырашэнні праблемы павольных вірусных інфекцый. Упершыню ў свеце апісана новая хвароба — аміатрафічны лейкаспангіёз (Вацякоў, Н.Дз.Каламіец, І.І.Протас і інш.). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана гіпотэза аб вірусных інфекцыях як фактарах рызыкі атэрасклерозу чалавека, вывучаецца значэнне энтэравіруснай інфекцыі сэрца ў развіцці міякардытаў і кардыяміяпатый (Т.В.Амвросьева, Вацякоў). На сучасным этапе на аснове фундаментальных даследаванняў, развіцця малекулярна-генетычных і біятэхналагічных работ распрацоўваюцца і ўкараняюцца ў практыку новыя высокатэхналагічныя метады кантролю за актуальнымі ў наш час віруснымі інфекцыямі (СНІД, герпес, вірусныя гепатыты, рота- і энтэравірусныя інфекцыі і інш.). Распрацаваны эфектыўныя падыходы, метады і сродкі спецыфічнай дыягностыкі вірусных інфекцый, створана больш за 30 айч. дыягнастычных прэпаратаў, наладжана іх эксперыментальная вытворчасць. Практычнай мед. вірусалогіяй займаюцца мінскі гар. і абл. цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.
Літ.:
Бешенство и другие лиссавирусные инфекции человека: Проблема химиотерапии. Мн., 2002;
Клещевые энцефалиты Евразии. М., 2002;
Инфекционная заболеваемость на территории Беларуси в конце 19, в 20 в. и проблемы борьбы с инфекциями в 21 ст. // Роль антропогенных и природных патогенов в формировании инфекционных и неинфекционных болезней человека. Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМ,
горад, цэнтр Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск; вузел аўтадарог на Баранавічы, Івацэвічы, Ружаны, Зэльву, Дзятлава. За 143 км ад Гродна. 51,6 тыс.ж. (2001).
Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у 11 ст. на месцы невял. паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. У 1254 уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў ВКЛ. З канца 13 ст. ў С. быў умацаваны замак (гл.Слонімскія замкі), вакол якога рос горад. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 С. уключаны ў Трокскае ваяв. У 1531 С. атрымаў ад вял.кн. Жыгімонта 1 Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 Янам III Сабескім, у 1776 скасавана. З 1560 належаў маршалку Р.Валовічу, з 1586 — канцлеру ВКЛ Л.Сапегу, з 1655 — князям Агінскім. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад заняпаў. Яго эканам. ўздым звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вял. гетмана літ., які ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў Слонімскую друкарню, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, пры якім працавалі Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа, пабудаваў Слонімскія мануфактуры дываноў (гл. ў арт.Слонімскія мануфактуры), Агінскі канал і інш. З 1795 С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні, цэнтр Слонімскага павета. У вайну 1812 каля С. 20 кастр. адбыўся бой паміж рас. і франц. войскамі. У 1897 у С. 15 893 ж., 1312 жылых дамоў, у т. л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя з-ды, 2 канатныя ф-кі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае яўр. вучылішча, прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пач. 20 ст. адкрыты слонімскія гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча. Вял. ролю ў развіцці прам-сці горада ў 19 — пач. 20 ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе С. — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш. У 19 ст. створана Слонімская сядзіба «Альбярцін». У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Слонімскага раёна Баранавіцкай вобл. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 42 тыс.чал., у т. л. ў С. больш за 10 тыс.чал. Дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 10.7.1944 вызвалены войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку. З 8.1.1954 С. — цэнтр раёна Гродзенскай вобл., з 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1973—32,5 тыс.ж. З 1990 у С. працуе Слонімскі беларускі драматычны тэатр.
У 14—15 ст. фарміравалася забудова пасада, у С. было 9 цэркваў. У 16 ст. на месцы разбуранага замка пабудаваны драўляны палац, перад якім сфарміравалася гандл. плошча (цяпер вул. Першамайская), да якой сыходзіліся асн. вуліцы. У 17—18 ст. узведзены шэраг мураваных кляштараў, храмаў і інш. пабудоў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: касцёл дамініканцаў, калегіум езуітаў (не захаваліся), кляштар бенедыкцінак, Слонімскі кляштар канонікаў латэранскіх, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Слонімская сінагога, Слонімская капліца Дамініка, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, аўстэрыя і ратуша (барока). З 2-й пал. 18 ст. забудова горада фарміравалася вакол звязаных паміж сабою плошчаў: гал. гандлёвай, перад касцёлам дамініканцаў (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай. Вуліцы (пераважна брукаваныя) накіраваны да гандл. плошчы. У 19 ст.распрацаваны праекты перапланіроўкі С., якія прадугледжвалі захаванне гіст. планіровачнай структуры горада. Паводле іх пабудаваны 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры горада. Захаваліся фрагменты характэрнай для пач. 18 — пач. 20 ст. жылой забудовы, гар. асабнякі 19—20 ст. У стылі мадэрн — Слонімскага вакзала будынак, банк. У пас. Фабрычны (уключаны ў межы горада) — Слонімская сядзіба «Альбярцін». Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. Генпланы С. распрацаваны ў 1963 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Л.Васільеў, С.Мамаева, карэкціроўка 1966) і 1973 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. А.Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987, арх. Т.Татарынцава). У 1980 зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Татарынцава). Паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. У.Ісачанка, Татарынцава, Ю.Чантурыя, пры ўдзеле арх. А.Пархуты, У.Казырновіча) гар. тэрыторыі пашыраюцца на Пд і ПдЗ, ствараецца новы грамадскі цэнтр. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам, парк у пас. Фабрычны, воз. Лабазоўка.
Працуюць акц.т-ва «Слоніммэбля», Слонімскі кардонна-папяровы завод, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка, Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, ф-ка «Гасцінічная мэбля», вінзавод, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 10 сярэдніх і базавая (санаторна-лясная) школа, муз. школа, 7 б-к, раённы Дом культуры, Слонімскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік Вызваліцелям. У наваколлі горада 3 магілы і могілкі яўрэяў — ахвяр фашызму.
Літ.:
Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;
Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;