ДЭКАПІТА́ЦЫЯ [ад дэ... + лац. caput (capitis) галава] у біялогіі, абезгалоўліванне жывёл у доследах пры фізіял. і біяхім. даследаваннях; выдаленне месца росту сцябла ў раслін. У акушэрстве — плодаразбуральная аперацыя пры запушчаным папярочным становішчы плода, якая мае на мэце аддзяленне галоўкі плода ад тулава ў вобласці шыі.
т. 6, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСО́РБЦЫЯ (ад дэ... + сорбцыя),
выдаленне з вадкасцей ці цвёрдых цел рэчываў, якія яны паглынулі пры абсорбцыі і адсорбцыі; працэс, адваротны адсорбцыі. Д. робяць награваннем адсарбенту, зніжэннем ціску над ім, апрацоўкай яго растваральнікамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці для рэгенерацыі гетэрагенных каталізатараў, атрымання розных рэчываў (пры рэкуперацыі).
т. 6, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВА́Я ХАЛО́ДНАСЦЬ, фрыгіднасць,
слабая палавая цяга ці палавая ўзбуджальнасць у жанчын. Дзетанараджальная функцыя пры П.х. захоўваецца. Бывае ад затрымкі развіцця палавога пачуцця (знікае, напр., пасля родаў). Выклікаецца таксама псіхічнымі фактарамі (пры неўрозах), эндакрыннымі парушэннямі, хваробамі палавых органаў і інш. Лячэнне: гарманальныя прэпараты, псіха- і фізіятэрапія.
т. 11, с. 532
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІМЕ́ТР ВАДЗЯНО́ГА СЛУПА́ устарэлая пазасістэмная адзінка ціску, роўная гідрастатычнаму ціску слупа вады вышынёй 1 мм на плоскую аснову пры т-ры 0 °C. Пазначаецца мм вадз. сл. 1 мм вадз. сл. = 9,80665 Па = 7,3556 10−2 мм рт. сл. Выкарыстоўвалася пры вымярэнні ціску вадзянымі манометрамі.
т. 10, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАТЭРМІ́Я [ад мез(а)... + тэрма...],
часовае павышэнне т-ры вады ў вадаёме на глыб. 0,5—1,5 м. Працягваецца ад некалькіх гадзін да некалькіх сутак. На вадаёмах Беларусі адзначаецца вясной пры награванні вады праз лёд, летам пры рэзкім начным ахаладжэнні паверхні вады і восенню ў пач. разбурэння прамой тэмпературнай стратыфікацыі.
т. 10, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНУ́ЛІ ЎРАЎНЕ́ННЕ ў гідрааэрамеханіцы, ураўненне, што звязвае скорасць і ціск у патоку несціскальнай ідэальнай вадкасці пры ўстойлівым цячэнні. Выражае энергіі захавання закон для адзінкі аб’ёму рухомай вадкасці. Мае выгляд:
, дзе v — скорасць вадкасці са шчыльнасцю ρ, p — ціск у ёй на вышыні h ад нулявога ўзроўню, g — паскарэнне свабоднага падзення. Выведзена Д.Бернулі ў 1738. Абагульненае Бернулі ўраўненне выкарыстоўваецца ў гідраўліцы пры разліках цячэння вадкасцяў і газаў у трубаправодах; у машынабудаванні — пры разліках кампрэсараў, турбін і інш.
т. 3, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАМІКО́ЗЫ (ад бласта... + мікозы),
група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш. ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.
т. 3, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА РАЗМЕРКАВА́ННЕ,
функцыя размеркавання на ўзроўнях энергіі тоесных часціц з нулявым ці цэлалікавым спінам (базонаў) пры ўмове, што ўзаемадзеянне паміж часціцамі можна не ўлічваць. Вызначае ўласцівасці ідэальнага квантавага газу, які падпарадкоўваецца Бозе — Эйнштэйна статыстыцы.
Паводле Бозе-Эйнштэйна размеркавання ni = [exp((εi-μ)/kT)−1]−1, дзе ni — сярэдні лік часціц у стане з энергіяй εi, i — набор квантавых лікаў, якія характарызуюць стан часціцы, μ — хім. патэнцыял, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Бозе—Эйнштэйна размеркаванне выкарыстоўваецца пры разліках тэрмадынамічных характарыстык эл.-магн. выпрамянення і кандэнсаваных асяроддзяў пры нізкіх т-рах.
т. 3, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛАГЕНЕ́З (ад ала... + ...генез),
кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў на іншыя, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым. Выяўляецца гэта ў адаптыўных ператварэннях (напр., пры змене асяроддзя наземнага на воднае) — аламарфозах, або ідыяадаптацыях.
Адзначаецца на ўсіх стадыях індывід. развіцця жывёлы — ад зародка, лічынкі і маляўкі да дарослай асобіны. Пры гэтым адны органы прагрэсіўна развіваюцца, іншыя — трацяць функцыян. значэнне і рэдукуюцца. Прыкладам прыстасавання арганізмаў да спецыфічных умоў эмбрыянальнага або лічынкавага развіцця (цэнагенез) з’яўляюцца якасныя новаўтварэнні: амніён, харыён, плацэнта і інш.
т. 1, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫ ГРУНТ,
зямельныя ўчасткі без укрыццяў для вырошчвання агародніны або дэкар. раслін. У адкрытым грунце насенне холадаўстойлівых раслін (з сям. парасонавых, крыжакветных, а таксама буракоў, салаты, шпінату, гароху) высяваюць ранняй вясной, як толькі паспее глеба, пры сярэднясутачнай т-ры 1—5 °C, насенне цеплалюбівых раслін (з сям. гарбузовых, паслёнавых, а таксама фасолі, кукурузы) — пры т-ры 10—15 °C; расаду высаджваюць пры сярэднясутачнай т-ры адпаведна 5—10 і 15 °C, пасля заканчэння веснавых замаразкаў. На Беларусі ў адкрытым грунце вырошчваюць каля 98% агародніны і кветак. Гл. таксама Ахаваны грунт.
т. 1, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)