каменны, найчасцей крамянёвы абабіты жаўлак, ад якога ў каменным веку адбівалі або адціскалі пласціны ці адшчэпы для вырабу прылад працы. У сярэднім палеаліце былі пашыраны дыскападобныя адна- і двухбаковыя Н., якія аббівалі па акружнасці, у познім плеаліце — прызматычныя Н., у канцы палеаліту, у мезаліце і неаліце — пірамідальныя, клінападобныя і аморфныя Н. Часам сам Н. выкарыстоўвалі як ударную прыладу працы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУРА́ГА,
тып вежы, адметны цыклапічнай муроўкай. Пашыраны на в-ве Сардзінія з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. да захопу яго Рымам. Уяўляюць сабой умацаваныя жытлы і культавыя месцы. Н. расшыраюцца кнізу, звычайна маюць 2 паверхі. Кожны яе ярус — акруглы пакой, часам з бакавымі памяшканнямі, столь утвараецца ступеньчатым скляпеннем. Многія Н. былі абкружаны дамамі. Выкарыстоўваліся як абарончыя збудаванні, з імі таксама звязаны некропалі Сардзініі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВІ́ШАНЬ (Clitopilus prunulus),
шапкавы грыб сям. энталомавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лясах, на палянах, узлесках, садах. Нар. назва гладун.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая, пазней увагнутая з няроўным хвалістым краем, светла-ружавата-бялёсая, падсохлая — белая. Пласцінкі прырослыя. Ножка белая, кароткая, унізе звужаная. Мякаць белая, з пахам мукі. Споры эліпсападобныя, ружаватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРМЕЛІЁПСІС (Parmeliopsis),
род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 4 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 3 віды П.: бляднеючы (P. pallescens), няпэўны (P. ambiqua), цёмны (P. hyperopta). Трапляюцца ў лясах на дрэвах.
Слаявіна ліставатая. Зверху жаўтавата-зеленаватая ці шараватая са сподкападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі) або сарэдыямі. Знізу светла-карычневая, прымацоўваецца да субстрату. Сумкі булавападобныя з аднаклетачнымі спорамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Pastinaca),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. 15 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — П. дзікі, або лясны (P. sylvestris). Трапляецца на схілах, каля дарог, жылля. Культывуецца П. пасяўны (P. sativa).
Двух- або шматгадовыя травы з перыстым лісцем. Кветкі жоўтыя, у складаных парасоніках. Плод — сямянка. П. пасяўны здаўна вырошчваюць як прыпраўную, агароднінную і кармавую расліну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧКАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,
група бактэрый, якія размнажаюцца пачкаваннем. Уключае роды анкаламікробіум, гіфамікробіум, педамікробіум і інш.Пашыраны ў глебе, прэсных і салёных вадаёмах.
Клеткі пераважна няправільнай груша- або палачкападобнай формы. Спор не ўтвараюць, грамадмоўныя, гетэратрофы. Характэрная асаблівасць — наяўнасць гіфаў і размнажэнне почкамі, якія развіліся на гіфах. Почкі разрастаюцца, аддзяляюцца ад матчынай клеткі і фарміруюцца ў новыя асобіны. Пачкавальнае размнажэнне выяўлена таксама ў мікабактэрый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАМІ́ДЫ (Sarda),
род рыб сям. скумбрыевых атр. акунепадобных. 4 віды. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў; 2 віды, у т. л. П. атлантычная, або звычайная (S. sarda), заходзяць у воды ўмеранай зоны (трапляецца ў Чорным моры). Чародныя пелагічныя рыбы. Робяць сезонныя міграцыі.
Даўж да 100 (звычайна 60—65) см, маса да 7 (звычайна 3—4) кг. Знешне падобныя на тунцоў. Драпежнікі. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНЕПЛЕ́Н (англ. peneplain ад лац. paene амаль + англ. plain раўніна),
слабахвалістая, месцамі амаль роўная дэнудацыйна-акумулятыўная раўніна. Утвараецца ў выніку разбурэння горнай краіны экзагеннымі прыроднымі працэсамі (пераважна верт. дэнудацыі) ва ўмовах гуміднага клімату і адноснага тэктанічнага спакою. П. часта пакрыты карой выветрывання (таўшчыня часам больш за 100 м). Вельмі пашыраны ў межах Казахскага драбнасопачніка. Ва ўмовах арыднага клімату ўтвараецца разнавіднасць П. — педыплен (раўніна падножжаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТ (Anthyllis),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: буйнагалоўчаты (A. macrocephala), ранагаючы (A. vulneraria), шматлісты (A. polyphylla). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на сухіх лугах, пустках.
Пераважна шматгадовыя травы ці паўкусты. Лісце непарнаперыстае з прылісткамі. Кветкі жоўтыя, у галоўчатых суквеццях. Плод — скурысты струк. Лек., кармавыя, фарбавальныя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАХО́ДНАЕ БАЛО́ТА,
мезатрофнае балота, тып балота, паводле характару жыўлення і расліннасці прамежкавы паміж нізінным балотам і вярховым балотам; балота сярэдняга мінер. жыўлення. Расліны на купінах і павышэннях каля пнёў, дзе прырост торфу большы, жывяцца пераважна за кошт увільгатнення атм. ападкамі. У паніжэннях, дзе сувязь з грунтавымі водамі захавалася, пашыраны расліны нізінных балот. На Беларусі П.б. займаюць каля 105 тыс.га (4,2% ад усіх балот).