КАГАНЕ́Ц Карусь (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫ́ЛА ТУ́РАЎСКІ (каля 1113, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — пасля 1190),
бел. і ўсх.-слав. царкоўны дзеяч, пісьменнік, багаслоў. Паходзіў з заможнай сям’і. Атрымаў класічную для таго часу адукацыю. Прыблізна з 1123 у Нікольскім манастыры: манах, іераманах, у 1144—48 настаяцель. Потым стаў пустэльнікам. З 1161 тураўскі епіскап. Займаўся ўладкаваннем епархіі, прапаведніцкай, экзегетычнай і царк., паліт. і літ. дзейнасцю. Магчыма, ужо ў пач. 13 ст. К.Т. ўшаноўваўся як святы (звесткі пра яго афіц. кананізацыю не выяўлены). Вывучаў грэчаскую мову і візантыйскую л-ру. Стаўшы тураўскім епіскапам, праславіўся як майстар аратарскай прозы, прапаведнік, галоўны клопат якога — духоўнасць суайчыннікаў адпаведна этычных і эст. ідэалаў эпохі. Аўтар пропаведзей, малітваў, павучанняў, прытчаў, канонаў (захавалася каля 70 твораў), створаных на ўзор антычнай і візант. аратарскай прозы. Сярод іх «Сказанне пра чын чарнарызца», «Слова пра паходжанне манаскага жыцця», малітоўны сядмічны цыкл (32 малітвы-споведзі), урачыстыя і дыдактычныя пропаведзі (10 казанняў на святы Велікоднага цыкла, «Слова на Богаяўленне», «Слова на Пяцідзесятніцу», «Слова пра тое, каб не забываць сваіх настаўнікаў» і інш.), павучанні (аб зыходзе душы, аб страху Божым, аб мудрасці, аб карыснасці чытання кніг), прытчы аб чалавечай душы і целе (аб кульгавым і сляпым), пасланні-прытчы да кіева-пячэрскага ігумена Васіля (пра нямудрага цара і пра схіму), 3 Вял. каноны (На ўспенне княгіні Вольгі, Малітоўны, Пакаяльны) і інш. У асобных творах закранаў надзённыя маральна-этычныя праблемы, важныя пытанні грамадска-паліт. жыцця Стараж. Русі. Арыгінальны, выключнай вобразна-выяўленчай сілы талент К.Т. найб. выявіўся ў «словах» з нагоды розных свят, дзе праз традыц. біблейскі змест выяўляецца захапленне чалавека прыгажосцю прыроды, радасцю жыцця, яго імкненне да духоўнай дасканаласці і ідэалу. Дзякуючы багатай паэт. фразеалогіі, сінтаксічнаму паралелізму, агульнаму рытмічнаму ладу некаторыя творы нагадваюць вершы ў прозе. Алегорыі, сімвалы, рытарычныя звароты, разгорнутыя параўнанні надаюць ім глыбокі лірызм, эмацыянальнасць, узнёсласць. Вытанчаная царк.-слав. мова, спалучаная з жывым нар.-паэт. словам, сведчыць пра высокую кніжную культуру, літ. майстэрства і смеласць аўтара. На працягу многіх стагоддзяў творы К.Т. карысталіся вял. папулярнасцю на ўсх.-слав. землях. Яны перапісваліся да 19 ст., змяшчаліся ў розных зборніках-анталогіях. Першая грунтоўная публікацыя яго твораў зроблена рус. вучоным К.Калайдовічам у 1821. Найб. поўнае выданне твораў К.Т. на Беларусі ажыццявіў А.Мельнікаў у сваёй кн. «Кірыл, епіскап Тураўскі» (1997). У 1984 К.Т. ўключаны ў Сабор бел. святых, 28 крас. (с. ст.) — Дзень яго памяці. У Тураве пастаўлены помнік К.Т.
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
Яго ж. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ЗА́МАК,
старажытная крэпасць, на аснове якой узнік г.Мінск. У стараж.-рус. летапісах вядомы пад назвай «град», «горад», у актах 15—17 ст. — замак, пазней — Стары горад, Старое места, Стары замак, Замкавая гара, Замчышча. Пабудаваны ў 2-й пал. 11 ст. на правым беразе р. Свіслач пры ўпадзенні ў яе Нямігі для абароны паўд. межаў Полацкага княства. Быў абнесены валам выш. каля 8 м, на грэбені якога пастаўлены драўляныя сцены, з паўд. боку — брама тыпу вежы. Замак меў форму няправільнага прамавугольніка (даўж. ад Свіслачы да процілеглага зах. краю 300 м, шыр. 120—150 м, пл. 3 га). Абкружаны з усіх бакоў вадой, меў выгляд умацаванага вострава. Гал. вуліца замка шыр. 4 м перасякала дзядзінец з У на З, ад яе адыходзілі вузкія завулкі. Шырыня астатніх вуліц была 3 м, праезная іх частка масцілася драўлянымі насціламі. Паміж вуліцамі размяшчаліся двары гараджан. Яны ўключалі 1—2 жылыя пабудовы, хлявы, клеці, майстэрні. Двор абгароджваўся парканам з бярвён, свабодная ад забудовы плошча масцілася насцілам. У 12—13 ст. у замку было 80—82 двары і 400—500 жыхароў. Умацаванні М.з. паспяхова вытрымалі асаду войска паўд.-рус. князёў і іх саюзнікаў у 1105 (у летапісе недакладна 1104) і 1116, няўдалымі былі спробы полацкага кн. Рагвалода Барысавіча ўзяць М.з. прыступам у 1159 і 1160 у час княжацкіх міжусобіц. Доўгі час замак быў паліт., ваенным і культ. цэнтрам, рэзідэнцыяй князёў, пазней велікакняжацкіх і каралеўскіх намеснікаў. У 1506 войскі крымскага хана Махмет-Гірэя, захапіўшы горад, не здолелі авалодаць крэпасцю. У замку былі ваенны гарнізон (залога), правіянцкія крамы, дом кіеўскага мітрапаліта, уладанні кн. Астрожскага. У вежы каля замкавай брамы размяшчалася турма. У М.з. знаходзіліся цэрквы Мікалаеўская і Раства Багародзіцы. З канца 17 ст. замак стаў паступова занепадаць, да канца 18 ст. асталіся земляныя валы, зафіксаваныя на планах Мінска канца 18 — пач. 19 ст.Археал. даследаванні М.з. праводзілі ў 1945—51, 1957 В.Р.Тарасенка, у 1958—61 Э.М.Загарульскі, у 1976 Г.В.Штыхаў, у 1981—82 В.Е.Собаль і Штыхаў, у 1983—87 Штыхаў.
Заяц Ю.А. Оборонительные сооружения Менска XI—XIII вв. Мн., 1996.
Г.В.Штыхаў.
Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца. Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Забудова заходняй часткі Мінскага замка. 13 ст. Рэканструкцыя П.А.Русава. Мастак А.Зарх.Мінскі замак. Брама 12—1-й пал. 13 ст. Рэканструкцыя Ю.А.Зайца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАВЕ́ЦКІ МАНАСТЫ́Р.
На Салавецкіх а-вах у Белым м. ў Архангельскай вобл. Расіі. Засн. ў 1429—36 манахамі Германам і Саваціем. З 15—16 ст. меў вял. зямельныя ўладанні па берагах Белага м., вёў развітую сельскую гаспадарку, саляны, рыбалавецкі, зверабойны, жалезны і інш. промыслы. Неаднаразова адбіваў напады шведаў (1571, 1582, 1611), у 1613 манастырскі атрад выцесніў з Карэліі войскі Рэчы Паспалітай і б. прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У сувязі з непрызнаннем манахамі царк. рэформы патрыярха Нікана адбылося Салавецкае паўстанне 1668—76. З 1765 стаўрапігіяльны, г.зн. непасрэдна падначалены Сіноду манастыр. У крымскую вайну 1853—56 С.м. летам 18 5 4 вытрымаў абстрэл брыт. эскадры. З 16 ст. выкарыстоўваўся як месца зняволення. Сярод вязняў былі пісьменнікі-публіцысты Максім Грэк і Аўрамій Паліцын, касімаўскі царэвіч Сімяон Бекбулатавіч, дыпламат П.А.Талстой і інш. У 1903 салавецкая турма скасавана, у 1920 адноўлена. У 1923 манастыр скасаваны, у 1923—37 на яго тэр. існавалі Салавецкія лагеры асобага прызначэння, у 1937—39 — Салавецкая турма асобага прызначэння. Сярод вязняў сав. часу бел. пісьменнік Ф.Аляхновіч, рус. філосаф П.А.Фларэнскі, даследчык стараж.рус. л-ры Дз.С.Ліхачоў і інш. У 1942—45 тут размяшчалася Школа юнгаў Паўн. флоту. З 1974 на астравах дзейнічае Салавецкі дзярж.гіст.-арх. і прыродны музей-запаведнік. У 1991 манастыр вернуты царкве.
Тэр. С.м. абкружана магутнымі сценамі (выш. 8—11 м, таўшчыня 4—6 м) з 7 варотамі і 8 вежамі (1584—94, майстар Трыфан), складзенымі пераважна з вял. неапрацаваных камянёў-валуноў. Больш за 100 гадоў пабудовы манастыра былі драўляныя, у 1485 і 1538 знішчаны пажарам. Пры перабудове каменныя храмы захавалі рысы папярэдніх драўляных. Ініцыятар перабудовы ігумен П.Колычаў для ўзвядзення манум. храмаў прывёз у 1552 майстроў Салку і Сталыпу. Будынкі комплексу пастаўлены на адной восі, злучаны крытымі арачнымі пераходамі і абкружаны шматлікімі гасп. і жылымі пабудовамі. Сярод помнікаў: Успенскі сабор (1552—57) з трапезнай (1-стаўповая палата пл. 500 м²), Спаса-Праабражэнскі сабор (1558—66, 3-ярусны, з выразнай пірамідальнасцю асн. аб’ёму і 4 вежападобнымі прыдзеламі па вуглах), царква Дабравешчання (1596—1601), іканапісная палата (1615), вадзяны млын (пач. 17 ст.), званіца (1777), цэрквы Філіпаўская (1797—98, перабудавана ў 19 ст.) і Мікалая (1834), Троіцкі сабор (1856—59). У 1930-я г. комплекс пашкоджаны, цяпер у стане рэстаўрацыі. С.м. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Фруменков Г.Г. Соловецкий монастырь и оборона Беломорья в XVI—XIX вв. Архангельск, 1975;
Скопин В.В. На Соловецких островах. М., 1990;
Солженицын А.И. Архипелаг ГУЛАГ. М.; Мн., 1990. Т. 2. С. 28—68;
Архитектурно-художественные памятники Соловецких островов. М., 1980;
Скопин В.В., Щенникова Л.А. Архитектурно-художественный ансамбль Соловецкого монастыря. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́ЧНАЯ НАВУ́КА, правазнаўства, юрыспрудэнцыя,
грамадская навука, якая вывучае права як сістэму сацыяльных норм, а таксама асобныя галіны права, гісторыю дзяржавы і права, функцыянаванне дзяржавы і паліт. сістэмы грамадства ў цэлым; адна з найб.стараж. навук, якая гістарычна звязана з узнікненнем і развіццём права. Найважн.тэарэт. праблемы Ю.н. пастаўлены ўжо ў стараж.-грэч. філасофіі. Рымскія юрысты выпрацавалі прававыя паняцці і канструкцыі, якія захавалі сваё значэнне і ў нашу эпоху. Сучасная Ю.н. дыферэнцыравана на шэраг галін: цывільнае права, крымінальнае права, тэорыя дзяржавы і права, гісторыя права і прававых вучэнняў і інш. Прыкладнымі Ю.н. з’яўляюцца судовая медыцына, крыміналістыка, крыміналогія, юрыд. і суд. псіхіятрыя.
На Беларусі навук. і публіцыст. працы, у якіх асвятляліся пытанні дзяржавы і права, вядомы з пач. 16 ст. Створаны першыя ў Еўропе зборы дзеючага права — Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588). Грамадскі і дзярж. лад ВКЛ аналізавалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны і інш. дзеячы 16—17 ст. Значны ўклад у развіццё Ю.н. зрабілі М.В.Доўнар-Запольскі, М.В.Каяловіч, І.І.Лапо, Ф.І.Леантовіч, М.К.Любаўскі, У.Д.Спасовіч і інш. Першымі нарматыўнымі канстытуцыйнымі актамі Беларусі былі ўстаўныя граматы БНР (1918), Маніфест Часовага ўрада, які 1.1.1919 абвясціў утварэнне Беларускай ССР, Канстытуцыя Рэспублікі і Дэкларацыя, прынятыя на 1-м з’ездзе Саветаў Беларусі. З 1921 цэнтрам Ю.н. і гал.навуч. установай Беларусі, дзе рыхтаваліся юрыд. кадры, быў Белдзяржуніверсітэт. З заснаваннем АНБССР (1929) у яе складзе як структурнае падраздзяленне створана кафедра сав. будаўніцтва і права, дзе даследаваліся пытанні арганізацыі і дзейнасці дзярж. апарату, развіцця заканадаўства краіны, прычыны злачыннасці, абагульняўся вопыт прымянення дзеючага заканадаўства. Створаны ў 1931 Мінскі юрыд.ін-т рыхтаваў кадры юрыстаў і распрацоўваў асобныя пытанні Ю.н. У 1931 у складзе АН Беларусі створаны Ін-тсав. будаўніцтва і права. Пазней пры ім існаваў сектар, аддзел, а ў 1965 арганізаваны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. На яго базе створаны 2 сектары — тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; сацыялогіі права. Пазней у складзе ін-та ўтвораны: аддзел тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; аддзел дзярж. права і кіравання; аддзел прац. і гасп. права; аддзел с.-г. і экалагічнага права. У 1999 арганізаваны самаст.Ін-т дзяржавы і права Нац.АН Беларусі.
Вучоныя-юрысты Беларусі праводзяць даследаванні амаль па ўсіх прававых праблемах. Вынікам іх даследчай работы з’явіўся шэраг навук. прац (манаграфій і калектыўных зборнікаў) па розных галінах права, каментарыяў па іх практычным выкарыстанні. Навук. даследаванні вядуцца таксама на ф-тах ун-таў, Акадэміі МУС Беларусі і інш.навуч. устаноў. Н.-д. работай па актуальных праблемах дзяржавы і права займаюцца таксама практычныя работнікі праваахоўных органаў краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІНО
Першыя сеансы кінематографа на Беларусі адбыліся ў Віцебску ў 1898. Да 1925 уласнай кінавытворчасці не было. У 1910—12 адкрыты кінатэатры ў Віцебску, Мінску, Гомелі, Гродне, Баранавічах, Бабруйску. У 1914 на Беларусі мелася 56 стацыянарных кінаўстановак. Кіназдымкі на тэр. Беларусі праводзілі пераважна кінааператары-хранікёры Масквы і Петраграда. У ліку першых створаны хранікальныя стужкі ў Брэсце (перагаворы ў лістападзе—снежні 1917 паміж сав. дэлегацыяй і германскім камандаваннем), Оршы (вяртанне бежанцаў у горад, вітанне ням. салдат у сувязі з рэв. падзеямі ў Германіі), Мінску (сав.-польскія перагаворы), Віцебску (аднаўленчыя работы на чыгунцы). Кінакадры, знятыя на Беларусі, увайшлі ў агітфільм Л.Куляшова «На чырвоным фронце» (1920). У 1922 заснавана Упраўленне па справах кінематаграфіі Кінорэсбел (Кіно рэспублікі Беларусі), у 1924 — арганізацыя «Беларускае пралеткіно», якія займаліся кінапракатам. Паводле пастановы Саўнаркома БССР ад 17.12.1924 створана Дзярж. ўпраўленне па справах кінематаграфіі і фатаграфіі (Белдзяржкіно), якое ажыццяўляла камерцыйна-гандлёвую і паліт.-асветную дзейнасць і атрымала правы на манаполію кінапракату на Беларусі. Уласная кінавытворчасць пачалася ў 1925 з кінахронікі: зняты першамайскія святочныя ўрачыстасці. З гэтага часу ствараліся хранікальныя кінавыпускі, якія адлюстроўвалі грамадска-паліт. жыццё рэспублікі (аператары М.Лявонцьеў, Я.Глас). Першыя фільмы Белдзяржкіно (кінанарысы «Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва 1925) — т. зв. культурфільмы. Сярод першых дакумент. стужак — «Такая наша Беларусь» (1927), «Беларуская вёска», «Гомельшчына» (абодва 1929), «Уздымайся, Беларусь!» (1930) і інш. У мультыплікацыйнай майстэрні пры Белдзяржкіно пастаўлены фільмы «Кастрычнік і буржуазны свет» (1927), «Жывыя дамы» (1928, рэж. абодвух А.Найдзіч), «Бунт зубоў» (1928, рэж. В.Астроўскі). Анімацыя выкарыстана ў маст. фільме «Прастытутка» (1926, рэж. А.Фрэліх) і рэкламнай стужцы «Спажывецкая кааперацыя БССР» (1930). У 1926 рэж. Ю.Тарыч зняў першы маст. фільм «Лясная быль» паводле аповесці М.Чарота «Свінапас». Значнае месца ў бел. кінамастацтве занялі фільмы гіст.-рэвалюцыйнай тэматыкі, заснаваныя на рэальных фактах: «Кастусь Каліноўскі» (рэж. У.Гардзін), «Яго яснавяльможнасць» (рэж. Р.Рашаль; абодва 1927), «Хвоі гамоняць» (рэж. Л.Малчанаў), «Атэль «Савой» (рэж. А.Файнцымер), «У агні народжаная» (рэж. У.Корш-Саблін; усе 1929). У 1920—30-я г. створаны фільмы «Прастытутка», «У вялікім горадзе» (рэж. М.Авербах і М.Данской), «Песня вясны» паводле аповесці Я.Коласа «На прасторах жыцця» (рэж. У.Гардзін), «Саша» (рэж. А.Хахлова), «Сапраўднае жыццё» (рэж. А.Гаўронскі і В.Уліцкая), «Суд павінен працягвацца» (рэж. Я.Дзіган), дзіцячы фільм «Кульгаўка» (рэж. Ю.Вінакураў) і інш., у якіх узнімаліся праблемы маралі, сцвярджаўся сацыяліст.быт. Надзённая тэма падзелу Беларусі знайшла адлюстраванне ў сатыр. камедыі «Джэнтльмен і певень» (1928, рэж. У.Балюзек), фільме «Да заўтра» (1929, рэж. Ю.Тарыч). Фільм-памфлет «Нянавісць» (1930, рэж. Ю.Тарыч) паклаў пачатак звароту бел. кінематаграфіі да замежнай тэматыкі. На замежным матэрыяле створаны фільмы «Чатырыста мільёнаў» (1928, рэж. У.Гардзін), «Рубікон» (1930, рэж. У.Вайншток), «Слава свету» (1932, рэж. У.Вайншток), «Першае каханне» (1933, рэж. Б.Шрэйбер). У 1928 у Ленінградзе створана кінастудыя маст. фільмаў «Савецкая Беларусь» (з 1939 у Мінску). З 1931 дзейнічаў сектар кінахронікі (у 1935 ён пераўтвораны ў Мінскую студыю кінахронікі).
Сярод найб. значных дакумент. фільмаў 1-й пал. 1930-х г. «Знойдзеная зямля» (рэж. У.Вайншток), «На ўздыме» (рэж. Л.Эпельбаўм). У 1930 выйшла першая гукавая кінапраграма «Пераварот» (рэж. Ю.Тарыч), паказаная ў дзень адкрыцця ў Мінску першага ў БССР гукавога кінатэатра «Чырвоная зорка». Значнае месца ў пач. 1930-х г. занялі т. зв. агітпрапфільмы — ігравыя кінаілюстрацыі агітацыйна-прапагандысцкага характару «Хто лепш?», «Гонар», «Ураган». Карціна пра калектывізацыю на вёсцы — «Сонечны паход» (1931, рэж. У.Корш-Саблін). Цікавай спробай разгледзець жаночы лёс ва ўмовах сацыяліст. пераўтварэнняў на вёсцы быў фільм «Жанчына» (1932, рэж. Я.Дзіган). На «агітпрапаўскім» фоне вылучаліся гіст.-рэвалюцыйны фільм «Першы ўзвод» (1932, рэж. У.Корш-Саблін) і кінатвор пра сучаснасць «Двойчы народжаны» (1933, рэж. Э.Аршанскі, муз. да абодвух напісаў І.Дунаеўскі), стваральнікі якіх імкнуліся адысці ад вобразаў-тэзісаў і лозунгавага мыслення. У гэтых фільмах упершыню гук выкарыстоўваўся як паўнацэнны сродак маст. вырашэння. У значнай ступені эксперым. была сатыр. камедыя «Паручнік Кіжэ» (1933, рэж. А.Файнцымер, сцэн. Ю.Тынянава, муз. С.Пракоф’ева). Сярод лепшых фільмаў для дзяцей — экранізацыя аповесці Я.Маўра «Палескія рабінзоны» (1934, рэж. І.Бахар і Л.Малчанаў). Фільмы «Шлях карабля» (1935, рэж. Ю.Тарыч), «Шукальнікі шчасця» (1936, рэж. У.Корш-Саблін) прысвечаны фарміраванню чалавека ва ўмовах сацыяліст. рэчаіснасці (муз. І.Дунаеўскага дадавала ім папулярнасці). На гіст.-рэвалюцыйныя тэмы пастаўлены фільмы: «Балтыйцы» (1937, рэж. А.Файнцымер), «Адзінаццатага ліпеня» (1938, рэж. Ю.Тарыч), «Вогненныя гады» (1939, рэж. У.Корш-Саблін). Сярод фільмаў 1930-х г. значнае месца належала экранізацыям літаратурных твораў: «Салавей» паводле аднайм. аповесці З.Бядулі (рэж. Э.Аршанскі), «Маска», «Мянтуз» (рэж. абодвух С.Сплашноў), «Мядзведзь», «Чалавек у футарале» (рэж. абодвух І.Анненскі) паводле твораў А.Чэхава. Самы папулярны кінатвор таго часу — кінакамедыя «Маё каханне» (1940, рэж. У.Корш-Саблін, муз. І.Дунаеўскага).
У Вял.Айч. вайну бел. дакументалісты М.Бераў, І.Вейняровіч, У.Цяслюк здымалі хроніку на фронце і ў партыз. атрадах. З 1942 у Маскве на Цэнтр. студыі дакумент. фільмаў выпускаліся кіначасопісы «Савецкая Беларусь», у якія ўваходзілі сюжэты пра беларусаў-франтавікоў, працу эвакуіраваных прадпрыемстваў, творчасць майстроў нац. мастацтва. У 1942 на Цэнтр. аб’яднанай кінастудыі ў Алма-Аце Ю.Тарыч і У.Корш-Саблін стварылі кіназборнік «Беларускія навелы», прысвечаны барацьбе з ням.-фаш. акупантамі на бел. зямлі. У 1944 выйшлі фільм-канцэрт «Жыві, родная Беларусь!» (аўтары — У.Корш-Саблін і М.Садковіч), поўнаметражны дакумент. фільм «Вызваленне Савецкай Беларусі» (рэж. У.Корш-Саблін, М.Садковіч, аператары 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў).
У першыя пасляваен. гады кінематограф асвойваў 3 асноўныя тэматычныя пласты: падзеі мінулай вайны, адраджэнне жыцця ў разбураных вайной вёсках і гарадах, культ. спадчына. З 1945 здымаліся кінанарысы, выйшла 12 нумароў кіначасопісаў. У кастр. 1946 кінастудыя «Савецкая Беларусь» перайменавана ў кінастудыю маст. і дакумент. фільмаў «Беларусьфільм». Аднавіўся выпуск маст. («Новы дом», 1947, рэж. У.Корш-Саблін) і дакумент. («Наваселле», 1947, рэж. І.Вейняровіч; «Савецкая Беларусь», 1948, рэж. Л.Голуб; 1951, рэж. У.Корш-Саблін, М.Краўчуноўскі і інш.) фільмаў. Найбольш значны фільм пасляваенных гадоў — «Канстанцін Заслонаў» (1949, рэж. У.Корш-Саблін і А.Файнцымер). Тэма Вял.Айч. вайны атрымала працяг у фільме пра Мінскае падполле «Гадзіннік спыніўся апоўначы» (1958, рэж. М.Фігуроўскі). Экранізаваны п’есы бел. драматургаў: «Паўлінка» Я.Купалы (1952, рэж. А.Зархі), «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1954, рэж. абодвух У.Корш-Саблін) К.Крапівы, «Несцерка» В.Вольскага (1955, рэж. А.Зархі). У 1950-я г. выйшлі фільмы пра сучаснасць: «Зялёныя агні» (1955, рэж. С.Сплашноў і І.Шульман), «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956, рэж. У.Корш-Саблін), «Нашы суседзі» (1957), «Каханнем трэба даражыць» (1959, рэж. абодвух С.Сплашноў), «Шчасце трэба берагчы» (1958, рэж. І.Шульман). Л.Голуб зняў дзіцячыя фільмы «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1956), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959). Рэв. падзеям у Зах. Беларусі прысвечаны фільм «Чырвонае лісце» (1958, рэж. У.Корш-Саблін). З пабудовай у 1960 новага памяшкання студыі значна выраслі яе вытворчыя магчымасці. Створаны 3 творчыя аб’яднанні: маст., дакумент. і тэлевізійных (з 1968) фільмаў. У 1962 створаны Саюз кінематаграфістаў Беларусі. Творчы калектыў кінастудыі папоўніўся маладымі кінематаграфістамі: рэжысёры У.Бычкоў, В.Вінаградаў, І.Дабралюбаў, Б.Сцяпанаў, В.Тураў, аператары А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, мастакі У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў. Дзейнічала маладзёжнае творчае аб’яднанне пад кіраўніцтвам С.Скварцова. У пач. 1960-х г. пачалі стварацца кінаальманахі «Апавяданні пра юнацтва», «Маленькія летуценнікі». Пастаўлены фільмы: «Дзень, калі мінае 30 год» (1961, рэж. В.Вінаградаў), «Апошні хлеб» (1963, рэж. Б.Сцяпанаў), «Увага! У горадзе чараўнік!» (1963, рэж. У.Бычкоў). Вырашаныя ў. героіка-рамант. плане эпапея «Першыя выпрабаванні» паводле трылогіі Я.Коласа «На ростанях» (1960—61), фільмы пра падзеі Кастр. рэвалюцыі «Запомнім гэты дзень» (1967), «Крушэнне імперыі» (1970, рэж. усіх У.Корш-Саблін) не пазбаўлены стандартных рашэнняў. На рэальных гіст. фактах першых крокаў сав. дыпламатыі на міжнар. арэне заснавана карціна «Масква — Генуя» (1964, рэж. А.Спешнеў пры ўдзеле У.Корш-Сабліна і П.Арманда). Найб. значныя творы бел. кінамастацтва 1960-х г. прысвечаны Вял.Айч. вайне: экранізацыі аповесцей В.Быкава «Трэцяя ракета» (1963, рэж. Р.Віктараў), «Альпійская балада» (1965, рэж. Б.Сцяпанаў); фільмы рэжысёраў В.Турава «Праз могілкі» (1964), «Я родам з дзяцінства» (1966), «Вайна пад стрэхамі» (1967), «Сыны ідуць у бой» (1969); В.Вінаградава «Лісты да жывых» (1964), «Усходні калідор» (1966), «Чакай мяне, Ганна!» (1969); І.Шульмана «Чалавек не здаецца» (1960); І.Дабралюбава «Іван Макаравіч» (1968); Л.Голуба «Вуліца малодшага сына» (1962). З’явай у кінематографе стаў фільм-казка У.Бычкова «Горад майстроў» (1965).
У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў, пераўтвораная ў 1968 у аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» «Беларусьфільма», дзе больш выразна пачалі выяўляцца новыя прынцыпы аўтарскага падыходу да жыццёвага матэрыялу. Сярод маладых яе рэжысёраў і аператараў П.Аліфярэнка, В.Дашук, С.Прошын, У.Скітовіч, В.Сукманаў, М.Хубаў, В.Шаталаў і інш. Значны ўклад у творчыя пошукі зрабіў паэт і сцэнарыст А.Вялюгін. Рэгулярна пачалі выходзіць на экраны кіначасопісы «Мастацтва», «Спартыўныя навіны». Створаны фільмы пра людзей яркіх біяграфій — «Дарога без прывалу» (1965, рэж. І.Вейняровіч), «Арліная крыніца» (1966, рэж. В.Сукманаў), пра падлетка-падпольшчыка Валодзю Шчарбацэвіча — «Пакараны смерцю ў 41-м» (1967, рэж. В.Чацверыкоў), аб асноўных этапах партыз. руху на Беларусі — «Генерал Пушча» (1967, рэж. І.Вейняровіч), галоўных этапах гісторыі рэспублікі — «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. І.Пікман, У.Цяслюк і Р.Ясінскі). Пры звароце да сучаснасці выкарыстоўваўся метад працяглага назірання: «Урок даўжынёю ў год» (1963, рэж. С.Фрыд і Р.Ясінскі), «Першыя ноты» (1967, рэж. В.Шаталаў). Зняты стужкі праблемнага характару — «Шчырая размова» (1966), «Гродзенскі кашалёк» (1967, рэж. абодвух М.Хубаў). У 1965 пачаўся выпуск тэлевізійных фільмаў у творчым аб’яднанні «Тэлефільм» Бел. тэлебачання («Матухны благаславенне», 1958, рэж. У.Кухта; «Снежны конь», 1962, рэж. Ю.Дубровін; «Зімовы дуб», 1963, рэж. М.Кожын; «Камлючок», 1968, рэж. М.Калінін). У 1960—70-я г. ў тэлекіно працавалі рэжысёры А.Гутковіч, Ю.Дубровін, І.Калоўскі, В.Карпілаў, У.Станкевіч, Ю.Сцяпанаў, Я.Шабан. Пазней ставілі фільмы С.Агеенка, У.Арлоў, В.Басаў, У.Бокун, А.Войніч, Н.Гаркунова, Л.Гедравічус, В.Жыгалка, А.Кашэўнікаў, У.Траццякоў, В.Шавялевіч, А.Шклярэўскі. З 1966 здымаліся тэлефільмы ў тэлевізійным аб’яднанні «Беларусьфільм». Ствараліся тэленавелы, экранныя мініяцюры: «Крокі па зямлі» (1968, рэж. І.Дабралюбаў), «Страказіныя крылы» (1968, рэж. К.Красніцкі), «Бераг прынцэсы Люські» (1969, рэж. В.Нікіфараў), «Вясковыя канікулы» (1969, рэж. В.Жарыкаў і В.Рыбараў), «Чырвоны агітатар Трафім Глушкоў» (1969, рэж. В.Рубінчык), «Сачыненне» (1970, рэж. І.Калоўскі). Сярод першых тэлесерыялаў: «Белая зямля» (1970, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Вашынгтонскі карэспандэнт» (1972, рэж. Ю.Дубровін), «Тыя, што ідуць за гарызонт» (1972, рэж. М.Калінін), «Парашуты на дрэвах» (1973, рэж. І.Шульман); у т. л. для дзяцей — «Корцік» (1973), «Бронзавая птушка» (1974, рэж. абодвух М.Калінін), «Апошняе лета дзяцінства» (1974, рэж. В.Рубінчык). Найб. значны тэлефільм — «Руіны страляюць...» (1971—72, рэж. В.Чацверыкоў) — пра Мінскае антыфаш. падполле.
У 1970—80-я г.пастаўлены кінафільмы пра сучаснасць: «Неспадзяванае каханне» (1970, рэж. І.Шульман), «Міравы хлопец» (1971, рэж. Ю.Дубровін), «Залаты ганак» (1972, рэж. І.Шышоў), «Вуліца без канца» (1972), «Расклад на паслязаўтра» (1978), «Белыя Росы» (1983, рэж. усіх І.Дабралюбаў), «Час яе сыноў» (1974), «Нядзельная ноч» (1976, рэж. абодвух В.Тураў), «Сын старшыні» (1976), «Узбочына» (1978, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Паводка» (1980, рэж. В.Чацверыкоў). Маладыя кінематаграфісты М.Лук’янаў, С.Сычоў і А.Яфрэмаў у 1977 зрабілі кінаальманах паводле апавяданняў В.Шукшына «У профіль і анфас». Рэж. Л.Нячаеў паставіў дзіцячыя тэлефільмы-казкі ў жанры мюзікла «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоную Шапачку» (1977), «Прададзены смех» (1981), «Казка пра Зорнага Хлопчыка» (1983), «Рыжы, сумленны, закаханы...» (1984), «Пітэр Пэн» (1987). Кінематаграфісты звярталіся і да гіст. мінулага. Пра жыццё і дзейнасць бел. асветніка зняты фільм «Я, Францыск Скарына...» (1969, рэж. Б.Сцяпанаў); В.Рубінчык стварыў карціны «Магіла льва» (1971), «Дзікае паляванне караля Стаха» (1979). Рэв. падзеям на Беларусі прысвечаны фільмы «Рудабельская рэспубліка» (1971, рэж. М.Калінін), «Хлеб пахне порахам» (1973, рэж. В.Нікіфараў). Эпізоды гісторыі пагранічнай службы адлюстраваны ў шматсерыйным тэлефільме «Дзяржаўная граніца» (1980—88, рэж. В.Нікіфараў і Б.Сцяпанаў). Тэма Вял.Айч. вайны мела працяг у фільмах пра бел. партызан М.Шмырова — «Бацька» (1971, рэж. Б.Сцяпанаў), пра В.Каржа «Трэцяга не дадзена» (1980, рэж. І.Дабралюбаў), славака Яна Налепку «Заўтра будзе позна...» (1972, рэж. А.Карпаў і М.Цяпак). Біяграфія легендарнага К.Арлоўскага адлюстравана ў дакумент. фільме «У агні жыцця» (1970, рэж. І.Вейняровіч). Падзеі партыз. руху на Беларусі абагульнены В.Чацверыковым у фільме-эпапеі «Полымя» (1974), яго фільм «Чорная бяроза» (1977) пра ваенныя лёсы будучых будаўнікоў Мінскага аўтазавода. Вял.Айч. вайне прысвечаны фільмы для дзяцей «Пяцёрка адважных» (1970, рэж. Л.Мартынюк), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975, рэж. абодвух Л.Голуб), «Зімародак» (1972, рэж. В.Нікіфараў). У жанры кінапаэмы вырашаны фільм «Вянок санетаў» (1976, рэж. В.Рубінчык). У дакумент. кіно падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваны ў фільмах «Бронзавы салдат» (1970, рэж. Б.Сарахатунаў), «Балада пра мужнасць і любоў» (1972, рэж. І.Вейняровіч), «Абпаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Навальнічная далеч памяці» (1983, рэж. В.Сукманаў, Р.Ясінскі). З’явай ва ўсёй сав. кінадакументалістыцы сталі 2 цыклы фільмаў В.Дашука: пра зверствы гітлераўцаў на бел. зямлі — «Жанчына з забітай вёскі», «Жменя пяску», «Немы крык» (усе 1975), «Суд памяці» (1976); пра дзяўчат, удзельніц вайны — «Гэта была не я» (1981), «Страляць хацела», «Раніца туманная, раніца сівая...», «Я вас сустрэў...» (усе 1982), «Калі народзіцца дзяўчынка» (1983), «Тады я не плакала», «Міласэрнасць» (абодва 1984). Экранізаваліся творы бел. і рускай літаратуры. Да твораў Я.Купалы звярнуліся ў маст. кіно Б.Луцэнка («Раскіданае гняздо», 1981), у тэлекіно — В.Раеўскі («Па шчасце, па сонца», 1971, з В.Акімушкіным), Б.Бахціяраў («Гусляр», 1982, паводле паэмы «Курган»), Н.Арцімовіч («На Куццю», 1982), у кінадакументалістыцы — В.Дашук («А зязюля кукавала...», 1972). Вобразы твораў Я.Коласа ўвасоблены ў маст. тэлефільмах «І смех, і бяда» (1973, рэж. Я.Шабан), «Сымон-музыка» (1977) і «Новая зямля» (1982, рэж. абодвух У.Траццякоў). Паводле трылогіі І.Мележа «Палеская хроніка» рэж. А.Гутковіч зняў тэлефільм «Людзі на балоце» (1965), рэж. В.Тураў стварыў кінаэпапею з 2 стужак «Людзі на балоце» (1981), «Подых навальніцы» (1982) і 8-серыйны тэлефільм «Людзі на балоце» (1984). Аповесць І.Шамякіна «Вазьму твой боль» (1980) і раман У.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (1983) экранізаваў М.Пташук. Паводле твораў В.Быкава пастаўленымаст. фільм «Воўчая зграя» (1975, рэж. Б.Сцяпанаў), тэлефільмы «Доўгія вёрсты вайны» (1975, А.Карпаў), «Фруза» (1981, рэж. В.Нікіфараў). Фільмы рэж. В.Рыбарава «Чужая Бацькаўшчына» (1982) паводле рамана В.Адамчыка, «Сведка» (1985) паводле аповесці В.Казько «Суд у Слабадзе», Э.Клімава «Ідзі і глядзі» (з «Масфільмам», 1985) паводле «Хатынскай аповесці» і «Карнікаў» А.Адамовіча сведчылі аб новым этапе асэнсавання гіст. мінулага. Пастаўлены тэлефільмы паводле твораў І.Тургенева «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава» (1971, рэж. В.Тураў), «Гамлет Шчыгроўскага павета» (1975, рэж. В.Рубінчык), «Зацішша» (1981, рэж. В.Чацверыкоў), «Бацькі і дзеці» (1984, рэж. В.Нікіфараў).
Перыяд на мяжы 20—21 ст. у бел.маст. кіно — час змяншэння выпуску фільмаў, зніжэння крытэрыяў і арыенціраў. Дамінуе развіццё дакументалістыкі і анімацыі. З 1989 працуе «Белвідэацэнтр», у якім ствараюцца відэафільмы, прысвечаныя культурна-гіст. падзеям. Пастаўленымаст. фільмы пра сучасныя праблемы: у жанры меладрамы — «Гульня ўяўлення» (1995, рэж. М.Пташук), «Батанічны сад» (1997, рэж. У.Гасцюхін), «Павадыр» (2001, рэж. А.Яфрэмаў); у жанры дэтэктыва — «Гладыятар па найме» (1993), «Паміж жыццём і смерцю» (2002, рэж. абодвух Дз.Зайцаў), «Сын за бацьку» (1995, рэж. М.Яроменка-малодшы), «Уцёкі ад смерці» (1996, рэж. В.Дзяругін), «Забіць прытворшчыка» (1997, рэж. В.Марчанкова); у жанры фантастыкі — «Анамалія» (1993, рэж. Ю.Ялхоў), «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (1994, рэж. В.Тураў); у жанры камедыі — «Тры жанчыны і мужчына» (1998, рэж. В.Дудзін), «Армія Выратавання» (1999, рэж. Я.Краўцоў), «Свежына з салютам» (2001, рэж. І.Паўлаў). Спробы больш паглыблена акрэсліць персанажы стужак адчуваюцца ў псіхалагічных драмах «Мяне завуць Арлекіна» (1988), «Прыкаваны» (2002, рэж. абодвух В.Рыбараў), «Восеньскія сны» (1987, рэж. І.Дабралюбаў), «Кветкі правінцыі» (1994, рэж. Дз.Зайцаў). Экранізаваліся творы А.Пушкіна (2-серыйны кінафільм і 4-серыйны тэлефільм «Высакародны разбойнік Дуброўскі», 1988, рэж. В.Нікіфараў), М.Гогаля (дакумент.-маст. тэлефільм «Несыграная роля», 1999, рэж. Н.Гаркунова), І.Буніна («Няспешная вясна», 1990, рэж. У.Талкачыкаў), Ф.Дастаеўскага («Вечны муж», 1991, рэж. Я.Маркоўскі), М.Булгакава («Нататкі маладога доктара», 1991, рэж. М.Якжэн), Э.Ажэшкі (тэлефільм «Хам», 1990, рэж. Дз.Зайцаў і С.Шульга). Тэма рэпрэсій і падзеі вайны адлюстраваны ў фільмах М.Пташука «Знак бяды» (1986) — экранізацыя аповесці В.Быкава, «Наш бронецягнік» (1988), «Кааператыў «Палітбюро», ці Будзе доўгім развітанне» (1992). Пасля пэўнага перапынку бел. кінематаграфісты зноў звярнуліся да тэмы Вял.Айч. вайны. Экранізавана ваенная проза В.Быкава: «Яго батальён» (1988, рэж. А.Карпаў-старэйшы), «Круглянскі мост» (1989, рэж. А.Мароз). Зняты эпічныя тэлесерыялы: маст. фільм «Плач перапёлкі» паводле твораў І.Чыгрынава (1991, рэж. І.Дабралюбаў), дакумент. фільм «Пасля Перамогі» (1994—95, рэж. В.Жыгалка і С.Шчаглоў). Дакументалісты расказваюць пра духоўна-маральны вопыт ваеннага пакалення праз успаміны, дзённікі, дакументы ўдзельнікаў вайны («Мы марылі пра мір», 1995, рэж. С.Жыткевіч; «Зямля, зямлянкі, землякі», 1996, рэж. В.Жыгалка, С.Шчаглоў; «Адзін з многіх», 2000, рэж. Т.Вашчанка; «Ад зор чэрвеньскіх...», 2000, рэж. У.Цяслюк; «Апошнія сведкі», 2001, рэж. Ф.Кучар; «Салдаты Італіі», 2002, рэж. А.Алай). Вострадраматычныя падзеі канца вайны адлюстраваны ў фільме пра вызваленне Польшчы («З пекла ў пекла», 1996, рэж. Дз.Астрахан). Пра дзейнасць разведчыкаў у час вайны дакумент. фільмы «Эцьен. Вяртанне» (1998), «Кент, ці Вялікая гульня «маленькага шэфа» (2000, рэж. абодвух С.Агеенка), «Апошні з групы «Джэк» (2000, рэж. В.Жыгалка). У дынамічна-экспрэсіўным маст. фільме «У жніўні 44-га...» (2000, рэж. М.Пташук) у эпічна-манум. плане паказана карціна вызвалення Зах. Беларусі ад ням.-фашысцкіх захопнікаў. Абагульнены вобраз ваеннага пакалення створаны ў дакумент. тэлефільмах «Курган» (1995, рэж. В.Басаў), «Святыні беларускай зямлі. Брэст» і «Святыні беларускай зямлі. Хатынь» (2000, рэж. абодвух В.Купрыянаў). Узрасла цікавасць да шматвяковай гісторыі Беларусі, па-новаму асэнсоўваюцца падзеі мінулых дзесяцігоддзяў. Створаны дакумент.-маст. тэлецыкл В.Шавялевіча: «Да вас, сучаснікі мае» (1989—90), «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994), «Беларусь на крыжы стагоддзяў» (2000—2002) пра гісторыю Беларусі 9—16 ст. У маст. тэлекіно пастаўленыгіст. меладрамы «Раман імператара» (1994, рэж. Дз.Ніжнікоўская), тэлесерыял «Пракляты ўтульны дом» (1998, рэж. У.Арлоў). У жанры легенды вырашаны гіст.-прыгодніцкі фільм «Анастасія Слуцкая» (2003, рэж. Ю.Ялхоў) пра абарону Слуцка ад татарскага набегу ў пач. 16 ст.
Зняты дакумент. фільмы пра гіст.-культ. помнікі: «Чорная дама» (1992), «Брэст» (1993), «Куток Радзімы — Іўе» (1994) і «Нясвіжскі фарны» (1997, рэж. усіх Л.Гедравічус), «Мсціслаў. Жнівеньскія нататкі» (1994), «Гальшаны на мове вады» (1995) і «Заслаўе. Фрагменты стагоддзяў і жыццяў» (1997, рэж. усіх Т.Кіракозава), «Крэва» (рэж. М.Жданоўскі), «Каложская царква» (рэж.
Ю.Ківалаў-Станкевіч, абодва 1996), «Бярэсце» (1997, рэж. В.Сюмакоў), «Замкі Беларусі» (1998, рэж. В.Шышоў), «Крэва» (1997), «Навагрудак» (1998), «Сцены старажытнага Гродна» (1999) і «Гродна. Фарны касцёл» (1999, рэж. усіх С.Пятроўскі). Тэма хрысц. каштоўнасцей увасоблена ў дакумент. тэлефільмах В.Шавялевіча «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Уладыка» (1993), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997), «Крыжу твайму» (1998), «Пісьмы пра добрае і прыгожае» (1998—99), В.Моракавай «Ефрасіння Полацкая» (1989), С.Гайдука «Запавет Ефрасінні» (1997). Рэліг. дзеячам, асветнікам прысвечаны дакумент. фільмы «Сімяон Полацкі» (1995, рэж. С.Гайдук), «Зорка Афанасія» (1997, рэж. М.Князеў) пра А.Філіповіча, «Слова да вас, Георгій Каніскі» (1998, рэж. Б.Калякін, В.Купрыянаў), «...3 забыцця і праху...» Іаан Грыгаровіч» (2000, рэж. М.Якжэн). Дзеячам гісторыі і культуры прысвечаны фільмы «Паланэз для касінераў» (1994) пра Т.Касцюшку, «І засталася музыка» (1998) пра М.К.Агінскага (рэж. абодвух Р.Ясінскі), «Ніколі я не паміраў» (1992), «Імша па Купале» (1993, рэж. абодвух У.Бокун) пра Я.Купалу, «Максім Багдановіч» (1992, рэж. В.Каралёў), «Максім Гарэцкі» (1993, рэж. Ю.Цвяткоў і В.Купрыянаў), «Што ў Пімене табе маім?» (1997, рэж. Г.Адамовіч) пра П.Панчанку, «За Кушлянамі снег» (1996, рэж. М.Жданоўскі) пра Ф.Багушэвіча, «Навагрудак. Чытаючы А.Міцкевіча» (1980, рэж. А.Рудэрман), «Балада пра Свіцязь» (1997, рэж. С.Шчаглоў) і «Два стагоддзі Адама Міцкевіча» (1998, рэж. М.Жданоўскі) пра А.Міцкевіча. Абуджэнне цікавасці да стараж. гісторыі праявілася ў экранізацыі п’есы У.Караткевіча «Маці ўрагану» (1990, рэж. Ю.Марухін). Факты біяграфіі пісьменніцы Л.Геніюш пакладзены ў аснову маст. фільма «Птушкі без гнёздаў» (1996, рэж. В.Дудзін). Дакумент. фільмы «Напалеон Орда» (1990, рэж. Л.Гедравічус), «Беларусь Напалеона Орды» (1994, рэж. М.Жданоўскі), «Летуценні Драздовіча» (1997, рэж. С.Агеенка) пра славутых мастакоў Беларусі. Вобразы бел. пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі ў маст. тэлефільме «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1992, рэж. В.Басаў), у дакумент. карцінах «Пасля пленэру. Час цішыні» (1996, рэж. Б.Берзнер), «Вяртанне ў вырай» (1999, рэж. В.Шышоў). Пра маст. школу Віцебска створаны фільмы «Калі Віцебск быў Парыжам» (1992, рэж. У.Бокун), «Дом Шагала» (1994, рэж. М.Дзінаў), «Засталася душа яго тут» (1997, рэж. Ю.Гарулёў), «Мой пачатак» (1998), «Зорнае неба Віцебска» (2000, рэж. абодвух Н.Гаркунова), «Малако без бутэлькі» (1999, рэж. М.Князеў).
Пастаўлены фільмы пра сучасных мастакоў: «Апаленая памяць» (1974, рэж. А.Канеўскі), «Доўг памяці» (1982, рэж. Б.Гарошка), «Міхаіл Савіцкі» (1992, рэж. С.Жыткевіч), «Крыж надзеі» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра М.Савіцкага, «Аляксандр Кішчанка. Гульні генія» (1995, рэж. Я.Росцікаў), «Мастак Леанід Шчамялёў» (1998, рэж. Ю.Марухін), «Іван Ахрэмчык у часе» (1998, рэж. С.Агеенка), «Маё Палессе» (1981, рэж. Ю.Марухін), «Адлучэнне. Смутак» (1993, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Мастак Гаўрыіл Вашчанка» (2002, рэж. А.Суханава) пра Г.Вашчанку, «Пад знакам любові» (1997, рэж. В.Шавялевіч) пра А.Кузьміча, «Мара» (1992, рэж. У.Арлоў) пра А.Марачкіна, «На зямлі і ў нябёсах. Павел Масленікаў» (2000, рэж. С.Агеенка), «Дагараючы вечар чалавечага жыцця» (2001, рэж. У.Траццякоў) пра Я.Чамадурава, «Дрэва за акном. Мастак Яўген Ігнацьеў» (1999, рэж. М.Якжэн), «Фауст Арлена» (1996, рэж. Г.Адамовіч) пра А.Кашкурэвіча і яго сына І.Кашкурэвіча, «Запрашэнне ў Мадрас» (1978, рэж. В.Шаталаў), «Як цяжка паўтарыць жывую прыгажосць» (1979, рэж. А.Чакмянёў), «Наталля і Георгій» (2001, рэж. В.Скварцова) пра Г. і Н. Паплаўскіх. Бел. скульптарам прысвечаны фільмы «З надзеяй і любоўю» пра З.Азгура (1995, рэж. Ф.Кучар), «Партрэт у рост» пра С.Гарбунову (1999, рэж. Л.Гедравічус), «Анатоль Аляксандравіч Анікейчык» (2000, рэж. Ю.Войніч), «Дотык да вечнасці» пра В.Занковіча (2000, рэж. А.Кашэўнікаў).
Шматколернае прафес. і нар. мастацтва адлюстравана ў карцінах «Жывая дрэва душа» (1985, рэж. Л.Гедравічус), «Агонь мігатлівы ў сасудзе» (рэж. Дз.Міхлееў), «Іосіф і яго брат Пётр» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Каб квітнела любоў» (рэж. М.Князеў), «Неглюбскі лістапад» (рэж. С.Гайдук, усе 1994), «Мастацтва зямлі і агню» (1995), «Падвор’е» (1996, рэж. абодвух А.Суханава), «Сямейны блюз пад гукі акарыны» (1996, рэж. Р.Грыцкова), «Штукар Ямеля з Хальча» (1996), «Ці застанецца спадчына?» (1999, рэж. абодвух В.Каралёў), «Нёманская вясёлка» (1998, рэж. С.Пятроўскі). Зняты дакумент. фільмы пра музеі Беларусі: «Імгненні музейнай цішыні» (1986, рэж. У.Бокун), «Дырэктар музея» (1998, рэж. І.Волах), «Ронда» (1998, рэж. С.Галавецкі), «Дом на былой Сялянскай» (1981, рэж. У.Бокун), «Дабрахожыя» (1991, рэж. В.Урагаў), «Веткаўская Атлантыда» (1994, рэж. С.Галавецкі), «Свой голас» (2000, рэж. С.Смірноў). Створаны дакумент. фільмы пра бел. акцёраў тэатра і кіно: «У юбілей — выхадны дзень» (1990, рэж. Б.Берзнер), «Прызнанне ў каханні» (1994, рэж. В.Моракава) пра акцёраў Нац.акад.драм.т-ра імя М.Горкага; «Маналог з адступленнямі» (1987, рэж. Л.Гедравічус) пра Р.Янкоўскага; «Гасцюхін» (1995, рэж. М.Князеў); «Брава, Браварская» (1997, рэж. С.Гайдук); «Фёдар Шмакаў. Фрагменты» (1998, рэж. В.Аслюк); «Маналогі за кадрам» (1991, рэж. У.Цяслюк) пра Г.Гарбука; «Артыст Генадзь Аўсяннікаў» (1990, рэж. Б.Берзнер); «У палоне сваіх роляў» (2002, рэж. А.Бугор) пра Г.Давыдзьку; «Такі вось лёс» (1994, рэж. А.Канеўскі) пра Т.Мархель; «Святлана» (1997, рэж. А.Трафіменка) пра С.Акружную; «Нясумны сад Фамы Варанецкага» (2001, рэж. С.Кацьер); «Нерастрачаны час» (1996, рэж. М.Князеў) і «Мікалай Яроменка-старэйшы. Пасляслоўе» (2001, рэж. В.Дудзін).
Значныя набыткі бел. дакументалістыкі звязаны з т. зв. візуальнай антрапалогіяй. Створаны унікальны цыкл этнамузыкалагічных фільмаў паводле сцэнарыяў музыказнаўцы З.Мажэйкі: «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982, рэж. усіх Н.Сава), «Палескія вяселлі» (1986), «Крывыя вечары» (1993, рэж. абодвух Ю.Лысятаў), «Пранясі, Божа, хмару» (1990, рэж. А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. С.Гайдук). У фільмах цыкла ў вобразнай форме зафіксаваны гукаідэал народа, яго інтанацыйны эталон як праява нац. менталітэту. Значэнне нар.муз. культуры вобразна раскрыта ў 1970—90-я г. ў фільмах дакументалістаў Р.Грыцковай («Хутка летца мінецца», «Валянціна Каралёва — вясёлая ўдава»), І.Волах («Калядныя цары», «Хрэсьбіны»), С.Гайдука («Мужчынскі рой»), А.Шклярэўскага («Карагод»), У.Міхарскага («Іграюць вяселле гармонікі»), У.Арлова («Суботы з дзядзькам Монічам», «Тры тысячы песень», «Як пайду я дарогай»), Л.Гедравічуса («Сцісні ў жмені», «Песня на ўсё жыццё»), В.Скварцовай («Мая 80-я восень»), М.Жданоўскага («У хвіліны музыкі»). Муз. спадчына беларусаў адлюстравана ў фільме «Полацкі сшытак» (1988, рэж. Л.Гедравічус) — экраннай рэканструкцыі вобразаў свецкай музыкі бел. барока 17 ст. У 1970—90-я г. зняты фільмы-канцэрты з удзелам вядучых муз. калектываў рэспублікі, фільмы-спектаклі. Створаны фільмы-партрэты кампазітараў: «І песня ўзлятае сама» (1972, рэж. У.Арлоў) пра У.Алоўнікава, навела «Эцюд» у фільме «Тварам да вас» (1976, рэж. В.Шавялевіч) пра Л.Шлег, «Ты мне вясною прыснілася» (1980, рэж. Ю.Сцяпанаў) пра Ю.Семяняку, «Фантазіі на тэму» (1981), «Урыўкі з ненапісанага. Яўген Глебаў» (1999, рэж. абодвух У.Арлоў), «Яўген Глебаў. Васемнаццаць гадоў пазней» (1995, рэж. С.Лук’янчыкаў) і «Майстар» (2000, рэж. М.Жданоўскі) пра Я.Глебава, «Картэс» (1997, рэж. Я.Росцікаў) пра С.Картэса. З 1999 г. на «Белвідэацэнтры» ствараецца цыкл экалагічных фільмаў: «Жывыя сведкі ледавікоў», «Лясныя хованкі», «Жывая вада», «Жабы на дарогах», «У царстве бакланаў і чапляў», «Чаму ў бабра падрапаны нос», «Апошнія арлы» (рэж. усіх І.Бышнёў). У кіно 1990-х г. увасабляецца тэма Чарнобыля і яго наступстваў: маст. фільмы — «Чорны бусел» (1993, рэж. В.Тураў), «Душа мая, Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999, рэж. абодвух В.Нікіфараў), «Эпілог» (1994, рэж. І.Дабралюбаў); дакумент. — «Жылі-былі людзі» (1991, рэж. В.Жыгалка), «Бяда» (1992, рэж. У.Цяслюк), «Імгненні радасці» (1993, рэж. В.Басаў), «Зона адчужэння» (1994, рэж. С.Бондараў), «Чарнобыль. Попел» (рэж. С.Лук’янчыкаў), «Чарнобыльская восень» (рэж. А.Франскевіч, абодва 1996), «Жыццё пасля Чарнобыля» (1999, рэж. У.Цяслюк), «Жылі-былі...» (рэж. Г.Адамовіч), «Хойніцкія хронікі» (рэж. М.Князеў, абодва 2001). Створаны маст. фільмы для дзяцей у жанры кінафантастыкі («Вогненны стралок», 1994, рэж. М.Князеў; «Падзенне ўверх», 1998, рэж. А.Трафіменка), жорсткай сац. драмы («Шэльма», 1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў; «Маленькі баец», 1998, «Зорка Венера», 2000, рэж. абодвух М.Касымава), камедыі («Аб тым, як Колька і Пецька ляталі ў Бразілію», 1998, рэж. Р.Грыцкова), лірычнай аповесці з элементамі кінаказкі («Бальная сукенка», 2003, рэж. М.Касымава, І.Волах).
З 1970-х г. развіваецца анімацыя (маляваная, лялечная, перакладная і ў галіне змешанай тэхнікі). Пастаўлены фільмы-казкі рэжысёрамі Л.Шукалюковым («Аленчына кураня», 1974; «Касар-волат», 1976), Ю.Бутырыным («Мілавіца», 1977; «Светлячок і Расінка», 1978), К.Красніцкім («Лістападнічак», 1977; «Ціхае балота», 1979; «Пінчэр Боб і сем званочкаў», 1984; «Як дзед за дажджом хадзіў», 1986; «Хлопчык і праменьчык», 1987; «Мая маці — чараўніца», 1989), М.Лубянікавай («Цімка і Дзімка», 1975), Н.Лось («Гліняная Аўдотка», 1984), В.Доўнарам («Як Васіль гаспадарыў», 1983), Т.Жыткоўскай («Кацяня Філя і...», 1981; «Дыназаўрык», 1982; «Фантазіі Сідарава», 1991; «Гора горкае», 1997; «Фантазёрка», 1999), Я.Ларчанкам («Дудка-весялушка», 1978; «Дзед і Жораў», 1983; «Кацігарошак», 1990; «Шэры конік», 1992), І.Волчакам («Як ліса ваўка судзіла», 1989), У.Пяткевічам («Ёрш і Верабей», 1999), А.Туравай («Пра рыцара, які нічога не баяўся», 1991; «Балада пра тры апельсіны», 1995; «Казка пра Сінюю Світку», 1996; «Музыкант-чарадзей», 2000; А.Ленкіным («Зімоўе звяроў», 1999; «Яма, танцы, чатыры струны», 2000). Дарослым адрасаваны фільмы-прытчы, элегіі, экранныя медытацыі, якія насычаны паэт. метафарамі, сімваламі, прасякнуты аўтарскім роздумам пра чалавека ў сусвеце: «Лафертаўская макаўніца» (1986), «Жыло-было дрэва...» (1996), «Казкі лесу» (1996), «Сава» (1998, аўтары ўсіх У. і А. Пяткевічы), «Капрычыо» (1986), «Канчэрта гроса» (1988), «Скерца» (1994), «Пастараль» (1998; рэж. усіх І.Волчак), «Песня пра зубра» (1982, рэж. А.Белавусаў), «Меч» (1998, рэж. В.Доўнар). А.Ленкін звярнуўся да анімацыйных камед. серыялаў («Рэактыўны парсючок-1», 1994—2004). Распрацоўка жанравай палітры анімацыі, пошукі сінтэзу розных навейшых тэхнік адчуваюцца ў кінаальманахах, што аб’ядноўваюць асобныя навелы: «Крокі» (1998, рэж. В.Альковіч, В.Бакуновіч, М.Тумеля), «Лабірынт-1» (1990, рэж. М.Берэнштэйн, Н.Касцючэнка, Л.Крэсікаў, А.Ленкін), «Лабірынт-2» (1992, рэж. І.Волчак, В.Доўнар, А.Суслава). У жанры філас. прытчы на тэмы хрысц. каштоўнасцей вырашаны фільмы І.Кадзюковай («Прытча пра Гасана», 1987; «Калядныя апавяданні», 1994; «Дзяўчынка з запалкамі», 1996; «Дзіўная вячэра на Куццю», 1999; «Прытча пра Каляды», 2000; «Сястра і брат», 2002; «Легенда пра лэдзі Гадзіву», 2004). Бел. анімацыйныя фільмы адзначаны прызамі на міжнар. кінафестывалях у Расіі, Германіі, Францыі, Партугаліі, Канадзе, Японіі і інш. краінах. У бел.маст. кіно выразныя, яскравыя вобразы ў розныя гады стварылі акцёры: В.Арланава, Г.Аўсяннікаў, У. і З.Белахвосцік, З.Браварская, Г.Гарбук, У.Гасцюхін, Г.Глебаў, С.Зелянкоўская, М.Кірычэнка, А.Клімава, А.Кот, У.Крыловіч, Г.Макарава, В.Манаеў, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, С.Станюта, С.Сухавей, В.Тарасаў, Р.Янкоўскі, М.Яроменка. Плеяду майстроў экраннай пластыкі склалі аператары бел. кіно: Б.Аліфер, А.Аўдзееў, А.Забалоцкі, Ф.Кучар, Т.Логінава, Ю.Марухін, І.Рамішэўскі, У.Спарышкоў, А.Суханава, Ю.Ялхоў. Візуальны вобраз фільмаў бел. кіно ўзбагацілі мастакі: Я.Ганкін, У.Дзяменцьеў, Я.Ігнацьеў, В.Назараў, А.Чартовіч. Плённа працавалі ў кіно як драматургі бел. пісьменнікі: В.Быкаў, А.Адамовіч, А.Дудараў, У.Караткевіч, А.Макаёнак, Г.Марчук. Гуказрокавы вобраз карцін узбагацілі сваёй музыкай кампазітары Я.Глебаў, В.Капыцько, І.Лучанок, А.Янчанка. Кадры для бел. кіно рыхтуюцца ў Бел.АМ. Сярод іх: Г.Адамовіч, В.Аслюк, І.Волах, Р.Грыцкова, А.Кудзіненка, А.Трафіменка, І.Чацверыкоў. Кінадраматургаў рыхтуе Бел. універсітэт культуры. Пытанні бел. кіно і тэлебачання асвятляюцца ў часопісах «Мастацтва», «На экранах» і «Роднае слова». Навукова-даследчая работа праводзіцца ў аддзеле кіна- і тэлемастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі.
Літ.:
История белорусского кино. Кн. 1—2. Мн., 1969—1970;
Кино Советской Белоруссии. М., 1975;
Современное белорусское кино. Мн., 1985;
Экран и культура: Бел. кино и телевидение в системе худож. культуры. Мн., 1988;
Гісторыя кінамастацгва Беларусі: У 4 т. Т. 1—3. Мн., 2001—04;
Белорусское кино: Молодые режиссёры. Мн., 1999;
Экран и культура (Белорусское документальное кино и культура Беларуси): К 75-летию бел. кино: Сб. материалов научно-практ. конф. Бел. союза кинематографистов, Мин-ва культуры Респ. Беларусь, НАН Беларуси, Минск, 27—30 сент. 1999. Мн., 1999;
Белорусское игровое кино на пороге XXI века: Реальность и перспектива. Мн., 2000;
Концепция развития белорусского кино. Мн., 2001;
Все белорусские фильмы: Кат.-справ. Т. 1—2. Мн., 1996—2000;
Белорусская культура и кино: Тематич. кат.бел. документ. фильмов. Мн., 2002.
А.В.Красінскі, В.Ф.Нячай.
Кадр з фільма «Лясная быль». 1926.Кадр з фільма «Рыжы, сумленны, закаханы...». 1984.Экранізацыя «Палескай хронікі» І.Мележа. 1981—82.Кадр з тэлефільма «Бацькі і дзеці». 1984.Кадр з фільма «Павадыр». 2001.Кадр з фільма «Паміж жыццём і смерцю». 2002.Кадр з тэлефільма «Хам». 1990.Кадр з фільма «Анастасія Слуцкая». 2003.Кадр з фільма «Знак бяды». 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ (Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ.
Дзейнічала з ліп. 1941 да чэрв. 1944 у Віцебску і прыгарадзе ў Вял.Айч. вайну. Аб’ядноўвала каля 1,5 тыс.чал., 66 падп. груп. Адным з першых узніклі групы ў мед. установах (кіраўнікі К.С.Акаловіч, М.Л.Мурашка, Р.Ф.Махноў), Стадыённым пасёлку (А.Я.Белахвосцікаў), Маркаўшчыне (В.А.Вярбіцкі), электрападстанцыі (У.А.Казлоўскі), на вузле сувязі (А.Г.Канаплёў, пазней Л.Дз.Бярозкіна), Чэпінскім лесаскладзе (М.А.Купалаў), чыг. вузле (Ф.К.Мехаў, А.А.Гагуля), торфапрадпрыемстве (Л.І.Хрыпач), таракамбінаце (В.Дз.Шалуха) і інш. Да канца 1941 у горадзе было больш за 20 груп, у 1942 — 56. З сак. 1942 падполле дзейнічала пад кіраўніцтвам падп. абкомаў КП(б)Б (1-ы сакратар І.А.Стулаў) і ЛКСМБ (В.І.Лузгін). Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё зводкі Саўінфармбюро, распаўсюджвалі лістоўкі, рабілі дыверсіі на ваен. аб’ектах, здабывалі зброю, узрыўчатку, боепрыпасы, вялі разведку, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных (зімой 1941—42 каля 3 тыс.чал.) і выводзілі іх з горада. У вер. 1942 для ўзмацнення кіраўніцтва падполлем у Віцебск паслана група з 17 чал. на чале з В.Харужай. Падпольшчыкі мелі больш за 50 канспіратыўных кватэр і явак, у некаторых з іх хавалі зброю, боепрыпасы, л-ру. З утварэннем у лютым 1942 Віцебскіх «варот» была наладжана сувязь з сав. тылам; падпольшчыкі дапамагалі закінутым на акупіраваную тэр.сав. спецгрупам выконваць іх заданні. У барацьбе з акупантамі дапамогу падполлю аказвалі ням. і чэшскія антыфашысты. З пач. 1942 актыўна дзейнічалі групы І.А.Бекішава, Г.К.Грабяньковай, М.Я.Нагібава, А.І.Ліпці, Т.А.Ламаносенка і інш. За 1942 падпольшчыкі зрабілі 102 дыверсіі, пусцілі пад адхон 14 эшалонаў, знішчылі 36 чыг. цыстэрнаў з гаручым, 32 аўтамаб. і 2 чыг. масты і інш. У канцы 1942 — пач. 1943 патрыёты правялі шэраг буйных дыверсій у горадзе і прылеглых раёнах, на чыгунцы і інш. аб’ектах праціўніка, у лют. — ліст. 1943 кожныя 3 дні ў горадзе адбываліся дыверсіі або тэрарыстычныя акты. Падпольшчыкі садзейнічалі пераходу да партызан у лютым 1943 волгататарскага батальёна, які прыбыў для ўдзелу ў карных аперацыях. Спрабуючы знішчыць падполле і разграміць партыз. рух, з канца 1942 гітлераўцы праводзілі буйныя карныя экспедыцыі супраць партызан і адначасова засылалі ў падполле правакатараў. У выніку іх дзейнасці разгромлены многія падп. групы. Але на працягу 1943 створана 10 новых груп пераважна з сав. ваеннапалонных. З набліжэннем лініі фронту з вер. 1943 гітлераўцы пачалі эвакуацыю. Па ўзгадненні з падп. кіраўніцтвам і партызанамі падпольшчыкі з кастр. паступова пакідалі горад і ўліваліся ў партыз. атрады. У барацьбе з гітлераўцамі загінуў кожны трэці віцебскі падпольшчык. У гонар падпольшчыкаў у Віцебску пастаўлены помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУНВА́ЛЬДСКАЯ БІ́ТВА 1410,
вырашальная бітва Вялікай вайны 1409—11 паміж Вялікім княствам Літоўскім і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. Адбылася 15.7.1410 каля населеных пунктаў Грунвальд і Таненберг (цяпер Альштынскае ваяв., Польшча). З’явілася гал. этапам вайны, план якой быў распрацаваны польск. каралём Ягайлам і вял.кн.ВКЛ Вітаўтам на Берасцейскай сустрэчы 1409. У ліп. 1410 войскі саюзнікаў (каля 30—40 тыс.чал.) злучыліся ў раёне Казініц і рушылі на сталіцу ордэна Марыенбург (Мальбарк). 15 ліп. яны былі вымушаны прыняць бой на адкрытай мясцовасці з крыжацкім войскам (каля 15—20 тыс.чал.). Войска крыжакоў (уваходзілі таксама рыцары з Германіі, Англіі, Францыі, Швейцарыі, Чэхіі і інш. краін) складалася з 51 харугвы, войска ВКЛ і Польшчы (уваходзілі таксама татары саюзнага Вітаўту хана Джэлал-ад-Дзіна і наёмнікі) — з 90 харугваў, 40 з іх належалі ВКЛ (Трокская, Гарадзенская, Ковенская, Лідская, Смаленская, Полацкая, Віцебская, Пінская, Новагародская, Берасцейская, Ваўкавыская, Драгічынская, Старадубская, Мсціслаўская і інш.). Крыжакі занялі больш выгадную для атакі пазіцыю на ўзвышшы. Перад баявымі парадкамі крыжакоў стаялі гарматы і арбалетчыкі. Войскі саюзнікаў размяшчаліся трыма лініямі на беразе р. Маршы. Бітва пачалася атакай 1-й лініі крыла Вітаўта і змешчаных на яе правым флангу татар. Атакуючых сустрэлі гарматным агнём, потым супраць іх рушыла левае крыло крыжацкага войска, сітуацыя схілілася на іх карысць. Верныя сваёй улюбёнай тактыцы, татары арганізавалі прытворныя ўцёкі. Услед за імі пабегла 1-я лінія войска ВКЛ, акрамя трох харугваў са Смаленскай зямлі (мсціслаўскай, смаленскай і няпэўнай прыналежнасці) на чале з мсціслаўскім кн. Лугвенам. Націск крыжакоў спынілі 2-я і 3-я лініі войск Вітаўта. Адначасова 1-я лінія палякаў атакавала правае крыло крыжакоў. Атака была няўдалая, крыжакі ледзь не захапілі вял. каралеўскі сцяг. Становішча выправілася з увядзеннем 2-й польск. лініі. Пасля 6 гадз напружанай бітвы сілы ордэна пачалі адкочвацца ад свайго лагера. Імкнучыся пераламіць ход бітвы, магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген павёў у наступленне апошнія 16 харугваў рэзерву. Яны прарвалі фронт і выйшлі ў тыл польск. войска, але былі акружаны і знішчаны, загінуў і сам магістр ордэна. У рукі саюзнікаў трапілі ўмацаваны лагер крыжакоў і ўсе іх сцягі. Паражэнне Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве абумовіла вынік вайны ў цэлым. Паводле Тарунскага міру 1411 ва ўладанне ВКЛ і Польшчы адышлі Добжынская і Жамойцкая землі. Магутнасць ордэна была падарвана. У 1960 на месцы бітвы пастаўлены помнік.
Літ.:
Длугош Я. Грюнвальдская битва: [Пер. с лат.]. М.; Л., 1962;
Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. Т. 1. Warszawa, 1846;
Ekdahl S. Die Schlacht bei Tannenberg 1410. Quellenkritische Untersuchungen. Bd. 1. Berlin, 1982;
Kuczyński S.M. Bitwa pod Grunwaldem. Katowice, 1987. Nadolski A. Grunwald;
Problemy wybrane. Olsztyn, 1990.
Ю.М.Бохан.
Грунвальдская бітва 1410. Літаграфія М.Басалыгі. 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свой т-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.