МІФАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА,

кірунак у фалькларыстыцы і этнаграфіі 19 ст., прыхільнікі якога надавалі міфалогіі універсальнае значэнне як крыніцы культуры і прыцягвалі яе да тлумачэння паходжання і сэнсу фальклорных і этнагр. з’яў. Асн. палажэнні М.ш. распрацавалі браты Я. і В. Грым, А.​Кун (Германія), М.​Мюлер (Вялікабрытанія). Яны разглядалі вераванні, паданні, песні, казкі, легенды і інш. як рэшткі стараж., т.зв. міфалагічнага светапогляду, які нібыта быў заснаваны на ўвасабленні нябесных з’яў — Сонца, Месяца, хмар, грому і інш. На іх погляд, гэтыя ўвасабленні былі багамі, якім пакланяліся. Меркавалі, што з цягам часу такая рэлігійна-міфалаг. сістэма разбурылася і ранейшыя багі ператварыліся ў казачных персанажаў. На думку вучоных, рэшткі міфалаг. светапогляду захаваліся ў нар. звычаях і абрадах, сутнасць іх часта тлумачылі памылкова. Асновай нар. светапогляду М.ш. лічыла міф. Прыхільнікамі М.ш. ў Расіі былі А.​М.​Афанасьеў, Ф.​І.​Буслаеў, А.​Ф.​Мілер, А.​А.​Патабня і інш. На Беларусі М.ш. была пануючым кірункам 1-й пал. 19 ст. і ў 1860—70-я г. З яе пазіцый напісаны этнагр. працы П.М.Шпілеўскага, які адмаўляў эвалюцыю бел. нар. культуры. Падобныя погляды падзяляў і А.Кіркор. П.В.Шэйн на аснове прынцыпаў М.ш. склаў «Праграму для збірання помнікаў народнай творчасці» (выд. 1867), зб. «Беларускія народныя песні» (1874). П.​А.​Бяссонаў у зб. «Беларускія песні» (1871) частку стараж. бел. звычаяў і абрадаў выводзіў з хрысціянскай міфалогіі і тлумачыў іх яе матывамі. Метадалогія і высновы М.ш., заснаваныя на ідэалізацыі міфалогіі, перабольшванні яе ролі ў гісторыі мастацтва, падвяргаліся крытыцы. М.ш. адыграла важную ролю ў актывізацыі збірання і вывучэння фальклору, этнагр. матэрыялаў, росце цікавасці да нар. культуры, абуджэнні нац. свядомасці.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 10, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ТАЛЬ,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пн ад г. Іванава, 161 км ад Брэста, 23 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 4413 ж., 1247 двароў (1999). Спажывецкае т-ва, камбінат каап. прам-сці, кааператыў «Моталь». 2 сярэднія школы, навуч.-вытв. камбінат, дзіцячая школа мастацтваў, Дом культуры, Мотальскі музей народнай творчасці, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Малітоўны дом хрысціян веры евангельскай. Традыцыйны цэнтр вырабу мотальскіх ручнікоў і мотальскіх кажухоў. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік архітэктуры — Праабражэнская царква (1888). Каля вёскі група археал. помнікаў Моталь.

Упершыню ўпамінаецца пад 1422 у актах Літоўскай метрыкі як прыватнае ўладанне. Пазней уваходзіла ў Пінскае княства. У 1520 сяло пінскага кн. Фёдара Іванавіча Яраславіча, пасля смерці якога перайшло да караля польскага і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта I Старога. У сярэдзіне 16 ст. мястэчка. Паводле рэвізіі 1555 М. аднесены да гарадоў з самакіраваннем, г.зн. меў магдэбургскае права. З 1795 у Рас. імперыі. У 1886—2294 ж., 239 двароў, 2 царквы, капліца, яўр. малітоўны дом, школа, 13 крам, 7 корчмаў, праводзіўся кірмаш. З 1921 у складзе Польшчы, у Драгічынскім пав. Палескага ваяв. Дзейнічалі мясц. арг-цыі БСРГ, КПЗБ, КСМЗБ. З 1939 у БССР, з 12.19.1940 гар. пасёлак у Іванаўскім раёне. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў М. каля 2 тыс. ж., спалілі каля 400 двароў. У М. дзейнічала Мотальскае камсамольска-маладзёжнае падполле. З 1954 вёска, цэнтр сельсавета. У 1962—65 у Драгічынскім р-не.

Літ.:

Стасевіч П.С. Вёска над Ясельдай. Мн., 1991.

П.​С.​Стасевіч.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШАЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА да народаў Беларусі,

юрыдычны і паліт. акт, выдадзены Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда 21.2.1918 у Мінску. Імклівае наступленне ням. войск, якое пачалося 16.2.1918, прымусіла Аблвыкамзах і СНК Зах. вобласці і фронту ў ноч на 19.2.1918 эвакуіравацца з Мінска ў Смаленск. З падполля выйшаў Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда, з турмы вызвалены дзеячы Цэнтр. бел. вайск. рады (ЦБВР). Выканком Рады Усебел. з’езда ў сваім загадзе № 1 ад 19 лют. абвясціў, што ён «узяў уладу ў свае рукі», а навядзенне парадку ў Мінску, дзе пачала актыўна дзейнічаць Польская вайсковая арг-цыя (ПАВ), усклаў на каменданта горада, аднаго з кіраўнікоў ЦБВР К.​Езавітава. 21 лют. апублікавана П.У.г., у якой Выканком Рады Усебел. з’езда заклікаў народы Беларусі «ўзяць сваю долю ў свае ўласныя рукі». Выканаўчы к-т Рады Усебел. з’езда абвясціў сябе ўладай на Беларусі да склікання на дэмакр. пачатках Устаноўчага сходу. Быў створаны ўрад — Народны сакратарыят Беларусі, які 21 лют. пачаў выкананне сваіх абавязкаў. Хоць Нар. сакратарыят Беларусі заявіў пра лаяльнае стаўленне да акупантаў (уступілі ў Мінск 21.2.1918), ням. ўлады не спяшаліся прызнаваць яго. У літаратуры П.У.г. датуецца днём яе публікацыі, аднак, паводле ўспамінаў Я.​Варонкі, яна прынята 20.2.1918. У Грамаце нічога не гаварылася аб прававым статусе Беларусі. Здзяйсненне права бел. народа на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасцей на нац.-персанальную аўтаномію, абвяшчалася толькі як мэта. На заключэнне Брэсцкага міру 1918 паміж Германіяй і Расіяй Выканком Рады Усебел. з’езда адрэагаваў 9.3.1918 Другой Устаўнай граматай да народаў Беларусі, у якой Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 12, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ХАРАЎ Сяргей Пятровіч (29.9.1880 г. Полацк Віцебскай вобл. — 22.4.1954),

бел. фалькларыст і этнограф. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Юр’еўскі ун-т (г. Тарту, 1911) У 1911—13 выкладаў у гімназіях і Настаўніцкім ін-це ў Віцебску, адначасова сакратар Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. З 1913 інспектар нар. школ у Юр’еўскім пав., з 1917 дырэктар-арганізатар Люцынскай (цяпер г. Лудза, Латвія) рус. гар. гімназіі. У 1919 заг. дашкольнага пададдзела Люцынскага павятовага аддзела нар. асветы, узначальваў Бел. аддзел пры Мін-ве асветы Латвіі (1921—25). У 1925—32 дырэктар Дзвінскай бел. гімназіі. У 1945 арыштаваны, высланы ў Казахстан. Збіраць і публікаваць бел. фальклор пачаў у 1906. Выступаў у друку з навук.-папулярнымі нарысамі, прысвечанымі стараж. Полаччыне, князю Усяславу Брачыславічу, князёўне Ефрасінні Полацкай, а таксама бел. фалькларыстам М.​Нікіфароўскаму, Е.​Раманаву, П.​Шэйну, гісторыку А.​Сапунову. Выдаў некалькі календароў-кніжак. Апубл. арт. пра каменныя крыжы на Беларусі, стараж. нар. муз. інструменты, кнігадрукаванне. Падрыхтаваў 4 выпускі «Народнай творчасці латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў» (вып. 1, 1940; 414 песень і нотных запісаў). У вып. 2—4 (рукапіс) сабраны казкі, легенды, паданні, прыпеўкі, прыказкі, дзіцячы фальклор і інш. Рукапісы фалькл.-этнагр. матэрыялаў, пед., гіст.этнагр. і літ.-публіцыст. спадчына С. зберагаюцца ў архівах навук. б-к Нац. АН Беларусі, Латвіі і Літвы.

Тв.:

Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917;

Гістарычны нарыс пяцігоддзя Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі за 1922—1927 гг. Дзвінск, 1927;

Город Лудза в прошлом и настоящем. Рига, 1935;

Полацкі князь Усяслаў — нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939;

Православные церкви в Латгалии. Рига, 1939.

А.​С.​Ліс.

С.П.Сахараў.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКІЯ ГІМНА́ЗІІ.

Існавалі ў 1906—18. Падпарадкоўваліся Віленскай навуч. акрузе. Жаночая гімназія засн. 24.9.1910. Мела падрыхтоўчы і 7 асн. класаў. У 6-м і 7-м класах былі паралельныя аддзяленні. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (80 руб. штогод з вучаніцы) і фін. дапамогі з казны. У 1911 вучылася 338 дзяўчат, у 1915—260. Гімназіяй кіраваў дырэктар, працавалі гал. наглядчыца і 9 класных наглядчыц, 4 законанастаўнікі, 11 выкладчыкаў, урач і дантыст. Сярод выкладчыкаў выхаванцы ун-таў Масквы, Пецярбурга, Кіева. Міргарадскай прамысл.-маст. школы, Беластоцкага Мікалаеўскага ін-та, гімназій Гродна, Гомеля і інш. Выкладаліся: Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, гісторыя, прыродазнаўства, матэматыка, фізіка, маляванне, гігіена, геаграфія, рукадзелле, спевы і танцы. У час 1-й сусв. вайны (восень 1915) пераведзена ў г. Калуга. Спыніла дзейнасць у 1918. Жаночая прыватная яўрэйская прагімназія Х.​Я.​Орман-Юдкоўскай пераўтворана 3.11.1906 з прыватнага вучылішча (дзейнічала з 1898). Мела падрыхтоўчы і 4 асн. класы. Утрымлівалася за кошт платы за навучанне (30—50 руб. штогод з вучаніцы) і дапамогі ў 200 руб. з сум мясц. карабейнага яўр. збору. У 1911 вучыліся 130 дзяўчат, у 1915—121. Працавала 13 чал., сярод іх выхаванцы Кіеўскага політэхн. ін-та, Віленскага яўр. настаўніцкага ін-та, гімназій Гродна, Дзвінска, Магілёва, Ваўкавыска і Віцебска. Выкладаліся: закон яўр. веры, гісторыя, рус., ням. і франц. мовы, прыродазнаўства, геаграфія, рукадзелле, арыфметыка, чыстапісанне. Спыніла дзейнасць у 1915.

Літ.:

Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г. Мн., 1985;

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 15, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЯПНЯ́К-КРАЎЧЫ́НСКІ (сапр. Краўчынскі) Сяргей Міхайлавіч

(13.7.1851, с. Новы Старадуб Пятроўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 23.12.1895),

рускі рэвалюцыянер-народнік, пісьменнік. Скончыў Міхайлаўскае артыл. вучылішча ў Пецярбургу (1870), вучыўся ў Лясным ін-це (1871—73). У 1872 чл. рэв. гуртка «чайкоўцаў». Увосень 1873 хадзіў у «народ». Быў арыштаваны, уцёк, у 1874 эмігрыраваў. Летам 1875 удзельнічаў у Герцагавінска-Баснійскім паўстанні 1875—78, супрацоўнічаў у газ. «Работник» (Жэнева). За ўдзел ва ўзбр. паўстанні ў італьян. правінцыі Беневента ў 1877 арыштаваны, амнісціраваны. З мая 1878 нелегальна жыў у Пецярбургу, быў чл. «Зямлі і волі», рэдагаваў 1-ы нумар час. «Земля и воля». 4.8.1878 забіў шэфа жандараў Н.​В.​Мезяннова. З 1878 у эміграцыі (Швейцарыя, Італія, з 1884 у Лондане). У пач. 1880-х г. далучыўся да «Народнай волі», але разыходзіўся з яе членамі па многіх пытаннях. У 1891 у Лондане заснаваў «Фонд вольнай рускай прэсы», арганізаваў англ. «Т-ва сяброў рускай свабоды» (1890), рэдагаваў яго орган — час. «Free Russia» («Свабодная Расія», вып. 1—3, 1890—92). У 1890-я г. адмаўляў тэрор як метад паліт. барацьбы. Аўтар гісторыка-публіцыст. кн. «Падпольная Расія» (1881—82 на італьян. мове; рус. пер. аўтара 1893), «Расія пад уладай цароў» (1885, на англ. мове, рус. пер. 1965), рамана «Андрэй Кожухаў» («Шлях нігіліста», 1889; рус. пер. 1898), аповесці «Домік на Волзе» (1889), драм. прапагандысцкіх казак, нарысаў і інш. Яго творчасці ўласцівы рамантычныя адносіны да рэчаіснасці, эмацыянальнасць, рэв. пафас.

Тв.:

Соч. 1—2. М., 1958;

Избранное. М., 1972.

Літ.:

Маевская Т.П. Слово и подвиг: Жизнь и творчество С.​М.​Степняка-Кравчинского. Киев, 1968.

т. 15, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРО́НТА (Toronto),

горад на У Канады. Адм. цэнтр прав. Антарыо. Засн. ў 1749 як франц. гандл. пост. 4,7 млн. ж. разам з прыгарадамі і суседнімі гарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на воз. Антарыо. Міжнар. аэрапорт. Важнейшы гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр Канады; выпускаецца каля 25% прамысл. прадукцыі краіны. Прам-сць: агульнае машынабудаванне, металаапр., эл.-тэхн., радыёэлектронная, паліграф., хім., гумавая, фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, швейная. Метрапалітэн. Ун-ты. Каралеўскі музей Антарыо. Маст. галерэя. Арх. помнікі 19 ст. Паблізу АЭС.

Беларусы ў Таронта. На працягу 20 ст., асабліва пасля 2-й сусв. вайны, у Т. склаўся адзін з гал. асяродкаў бел. дыяспары ў Канадзе. Да 1940-х г. сярод выхадцаў з Беларусі тут не было трывалага нац.-культ. і рэліг. жыцця, яно актывізавалася пасля заснавання Згуртавання беларусаў Канады (ЗБК; 1948) і Беларускага нацыянальнага аб ’яднання ў Канадзе (1952). Тут выдаваліся газ. «Беларускі эмігрант» (1948—54) і час. «Баявая ўскалось» (1954—81), з 1952 выходзіць газ. «Беларускі голас». Дзейнічалі бел. правасл. прыходы св. Ефрасінні Полацкай (1951—52) і св. Кірылы Тураўскага (1954—55), у 1959 утвораны Беларускі рэліг.-грамадскі цэнтр. У 1965 пры ЗБК створана Згуртаванне беларускіх жанчын Канады. Грамадскую і культ.-асв. працу таксама праводзяць Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады з 1966), Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Т., Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня» (абодва з 1967). У 1970—83 у Т. знаходзілася Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. У горадзе прайшоў шэраг сустрэч беларусаў Паўн. Амерыкі. Дзейнічае бел. правасл. царква імя св. Ефрасінні Полацкай. Гл. таксама раздзел пра беларусаў у арт. Канада.

Горад Таронта на берагах возера Антарыо.

т. 15, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУХАРА́,

горад ва Узбекістане, цэнтр Бухарскай вобл., у даліне р. Зераўшан. 224 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Лёгкая (каракулевая, бавоўнаачышчальная, швейная, трыкат., шоўкаматальная), харчасмакавая (маслаэкстракцыйная, малочная, кандытарская і інш.), мэблевая прам-сць. Старадаўнія маст. промыслы (залаташвейны, шаўкаткацкі, чаканка па медзі і інш.). Пед. ін-т. Тэатр.

Засн. каля 1 ст. н. э. У 709 заваявана арабамі, значны гандлёва-рамесны і культ. цэнтр Сярэдняй Азіі. У 9—10 ст. сталіца Саманідаў дзяржавы, у канцы 10 ст. захоплена качэўнікамі, у 1220 Чынгісханам, у 1370 Цімурам, на пач. 16 ст. качэўнікамі-узбекамі, увайшла ў склад Шайбанідаў дзяржавы і стала яе сталіцай. З сярэдзіны 16 ст. сталіца Бухарскага ханства. З 1868 у складзе Расіі. У 1920—24 сталіца Бухарскай народнай савецкай рэспублікі, з 1925 ва Узбекістане, цэнтр Зераўшанскай акр., з 1938 Бухарскай вобл.

Бухара горад-музей, у якім захавалася каля 140 помнікаў архітэктуры. Найб. значныя: маўзалей Ісмаіла Самані (9—10 ст.), медрэсэ Улугбека (1417), ансамбль медрэсэ Міры-Араб (1535—36) і саборнай мячэці Калян (1514) з мінарэтам (1127), медрэсэ Абдулазіз-хана (1651—52). У 18—19 ст. маст. традыцыі захоўвала нар. дойлідства. Горад значна захаваў арх.-планіровачную структуру абкружанага сцяной Старога горада з магутнай цытадэллю (18—19 ст.) і традыц. жылымі дамамі з разьбой і размалёўкай у інтэр’ерах. Сучаснае буд-ва не закранае ансамбль Старога горада. Сярод помнікаў у наваколлі Бухары: мячэць-намазга (1119—20), ханакі Файзабад (1598—99) і Бехаўдзіна (1544—45), мемарыяльны ансамбль Чар-Бакр (мячэць, ханака і медрэсэ, 1560—63), палац эміраў Сітараі-махі-хаса (канец 19 ст. — 1918).

Да арт. Бухара. Медрэсэ Улугбека. 1417.
Да арт. Бухара. Керамічная абліцоўка медрэсэ Кукельташ.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»

(«БНГ»),

назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.—жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.​Астапенка, У.​Жылка, Л.​Калюга, М.​Лужанін, Ю.​Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.​Б.​Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.

Т.​С.​Процька.

т. 2, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)