у старажытнагрэчаскай міфалогіі сын Эола — родапачынальніка племя эалійцаў, будаўнік і цар стараж.Карынфа. Праславіўся сваёй хітрасцю. С. падмануў нават багіню смерці Танатас і закаваў яе ў кайданы (вызвалена Арэсам праз некалькі гадоў, на працягу якіх людзі не паміралі), потым быў адзіным з памерлых, каму ўдалося ўцячы з царства мёртвых — аіда. Калі С. зноў, ужо назаўсёды, трапіў у аід, то быў жорстка пакараны багамі за свае хітрыкі і злачынствы: яго прымусілі бясконца каціць на высокую гару вялізны камень, які, дасягнуўшы вяршыні, кожны раз скочваўся ўніз. Адсюль выразы «сізіфава праца», «сізіфаў камень» — цяжкая, марная, бясконцая праца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́ПШЧЫК,
прадстаўнік гандл. капіталу, які займаўся скупкай у вытворцаў або перакупкай у контрагентаў вырабаў гарадскіх і дробных сял. промыслаў, прадуктаў сял. і памешчыцкай гаспадаркі для іх перапродажу. Найб. вядомы ў 17—1-й пал. 19 ст., калі развіццё таварнага абароту паглыбілася, а сам вытворца тавараў не меў часу гандляваць на рынку На мануфактурнай стадыі развіцця прам-сці роля С. паменшала, бо С. часта сам станавіўся гаспадаром мануфактуры. На Беларусі функцыі С. выконвалі таксама прасолы, булыні, самавозы-гандляры, «ліцвінкі», шынкары, карчмары. Скупка тавараў з мэтаю перапродажу была адной з крыніц фарміравання купецкіх капіталаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА 1113,
законы вял. кіеўскага кн.Уладзіміра Манамаха 11113—25], змешчаныя ў пашыранай рэдакцыі Рускай праўды. Прыняты прадстаўнікамі вышэйшай феад. знаці ў с. Берастова каля Кіева пасля ўступлення Уладзіміра Манамаха на велікакняжацкі прастол. Статут складаецца з 69 артыкулаў, якія змяшчаюць нормы крымін., цывільнага і суд. права. Пад уплывам Кіеўскага паўстання 1113 статут рабіў некат. ўступкі гар. нізам: вызначаліся крыніцы халопства (гл.Халопы), некалькі абмяжоўвалася ўлада гаспадара над закупамі, ліхвярскі працэнт не мог перавышаць 25% гадавых, забаранялася ператвараць у раба неплацежаздольнага купца-даўжніка, калі ён стаў такім з-за няшчаснага выпадку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УМО́ЎНА-ДАТЭРМІНО́ВАЕ ВЫЗВАЛЕ́ННЕ АД АДБЫЦЦЯ́ ПАКАРА́ННЯ,
інстытут крымінальнага і крымінальна-выканаўчага права Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае вызваленне асобы ад адбыцця пакарання да сканчэння яго тэрміну. Паводле нормы закона асоба, якая адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, папраўчых работ, абмежаванняў па ваен. службе, арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную вайсковую часць або пазбаўлення волі, можа быць умоўна-датэрмінова вызвалена ад пакарання, калі судом будзе прызнана, што яна для свайго выпраўлення не адчувае патрэбы ў поўным адбыцці назначанага пакарання. Ўмовы для ўжывання такой меры рэгламентаваны заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУР’Е́ ІНТЭГРА́Л,
формула раскладання неперыядычных функцый на гарманічныя кампаненты, частоты якіх прабягаюць неперарыўную сукупнасць значэнняў. Прыведзена ў працах Ж.Б.Ж.Фур’е па цеплаправоднасці (1811; пазней даказана інш. матэматыкамі). У камплекснай форме для інтэгравальнай функцыі 𝑓(x) мае выгляд:
, дзе функцыя
наз. Фур’е пераўтварэннем, частотнай характарыстыкай ці фур’е-спектрам функцыі 𝑓(x). Ф.і. можна разглядаць таксама як лімітную форму Фур’е шэрагу для функцый з перыядам 2T, каліT→∞. Для неінтэгравальных функцый Ф.і. не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЖЫРО́ЎКА,
1) выпрабавальны тэрмін, на які прымаецца работнік для праверкі адпаведнасці яго даручанай рабоце і набыцця неабходных навыкаў. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. звычайна не павінна перавышаць 6 месяцаў, а пры прыёме на некваліфікаваную работу — двух тыдняў. Умовы аб выпрабаванні павінны быць пазначаны ў загадзе (распараджэнні) аб прыёме на работу. Калі тэрмін С. скончыўся, а работнік працягвае працаваць, лічыцца, што ён вытрымаў выпрабаванне і залічаны ў штат. С. не ўстанаўліваецца пры прыёме на работу інвалідаў і асоб, якія не дасягнулі 18 гадоў, а таксама маладых рабочых пасля заканчэння прафес.-тэхн.навуч. устаноў і маладых спецыялістаў пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх спец.навуч. устаноў і ў некаторых інш. выпадках, прадугледжаных заканадаўствам.
2) Работа па спецыяльнасці на працягу пэўнага тэрміну (выпрабавальны стаж) для вызначэння магчымасці залічэння на штатную пасаду ў некаторых праваахоўных органах (пракуратуры, адвакатуры, судзе) і ў інш. арг-цыях, мастацкіх калектывах; С. маладых спецыялістаў і работнікаў НДІ і ВНУ для падрыхтоўкі іх да навук. або пед. дзейнасці, выкладчыкаў вышэйшай школы з мэтай павышэння іх кваліфікацыі (з магчымай камандзіроўкай іх за мяжу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСТРЭ́МУМ (лац. extremum крайняе),
значэнне функцыі, якое адпавядае яе максімуму ці мінімуму (гл.Максімум і мінімум). Адрозніваюць Э. лакальны (у некаторым дастаткова малым наваколлі пункта) і глабальны, які з’яўляецца найбольшым ці найменшым значэннем функцыі ў вобласці вызначэння. Функцыя мае лакальны максімум (мінімум) у некаторым пункце, калі яна вызначана ў некаторым наваколлі гэтага пункта і значэнні ва ўсіх дастаткова блізкіх да яе пунктах не большыя (не меншыя) за значэнне функцыі ў гэтым пункце. Напр., лакальны максімум функцыі y = x3/3 − x2 + 1/3 роўны 1/3 у пункце x = 0, лакальны мінімум -1 у пункце x = 2. Глабальнага Э. гэта функцыя на (−∞, ∞) не мае. Неабходнай умовай існавання лакальнага Э. дыферэнцавальнай функцыі ў некаторым пункце з’яўляецца роўнасць нулю вытворнай (для функцыі некалькіх пераменных — усіх частковых вытворных першага парадку ў гэтым пункце); дастатковая ўмова існавання лакальнага Э. функцыі адной пераменнай — змена знака вытворнай пры пераходзе праз гэты пункт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЕ́МНАСЦЬ,
паслядоўнасць пераходу ад адной з’явы (этапа, ступені) у працэсе развіцця да другой, калі ўзнікшае новае захоўвае ў сабе некаторыя рысы і асаблівасці старога. Мае аб’ектыўны і ўсеагульны характар, праяўляецца ва ўсіх працэсах развіцця прыроды, грамадства, народа, культуры, асобы і г.д. У галіне нежывой прыроды яна ўвасабляецца ў адпаведнасці прынцыпе, паводле якога квантавая механіка асімптатычна пераходзіць у класічную механіку ва ўмовах, калі можна не ўлічваць велічыню кванта дзеяння h, прымаючы, што h прыбліжаецца да нуля (h → 0). У вобласці жывой прыроды праяўляецца ў пераемным паходжанні і развіцці відаў жывёл і раслін, ва ўзнікненні іх разнавіднасцей. Асабліва важнае значэнне П. набывае ў грамадскім развіцці, дзе яна праяўляецца ў змене гіст. эпох, тыпаў грамадства, дзяржаў, культур, рэлігій, сістэм адукацыі і г.д.Напр., культура ўзнікае на аснове традыцый, але ў працэсе гіст. развіцця яе змест, тыпы, формы, стылі і інш. непазбежна ўключаюць у сябе адхіленні ад агульнай традыцыі, узнікненне новых тыпаў, стыляў, форм выражэння, якія пры ўсіх сваіх навацыях захоўваюць істотныя рысы традыц. каштоўнасцей, вобразаў, сюжэтаў. Ва ўмовах сучаснага постсав. грамадства, у т. л. на Беларусі, адкідаюцца многія каштоўнасці, уласцівыя сав. эпосе, адбываецца змена каштоўнасных арыентацый многіх людзей, у першую чаргу моладзі, але т.зв. «вечныя», агульначалавечыя каштоўнасці — любоў, годнасць, сумленне і інш. — захоўваюць сваё прыярытэтнае значэнне. Найб. выразна П. праяўляецца ў змене пакаленняў, калі моладзь узнаўляе і ўзбагачае вопыт былых генерацый людзей у новых эканам., паліт., культ. умовах, захоўвае П. з імі ў асн. паняццях сэнсу жыцця, увасобленых у Бібліі, у класічнай л-ры, філасофіі і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1440,
выступленне жыхароў Смаленска супраць улады ВКЛ і за аднаўленне самастойнага Смаленскага княства. Пачалося вясной 1440, калі смаленскі ваявода А.Саковіч пачаў прыводзіць смалян да прысягі на вернасць новаму вял.кн.ВКЛ Казіміру IV Ягелончыку. У горадзе актывізавалася групоўка баяр і «чорных людзей», якая абапіралася на падтрымку ўшчэмленых у паліт. правах правасл. феадалаў усх. рэгіёнаў ВКЛ Карыстаючыся тым, што значная частка па-пралітоўску настроеных баяр выехала ў Вільню на выбранне новага вял. князя, частка жыхароў горада ўзняла паўстанне. Пасля перамогі над паўстанцамі Саковіч выехаў з горада, але смаляне не скарыліся і запрасілі да сябе ваяводам дарагабужскага кн. Андрэя Дзмітрыевіча, а потым «к собе оспадарем» мсціслаўскага кн. Юрыя Лугвенавіча (гл. ў арт.Мсціслаўскія). Ен вырашыў не падначальвацца Казіміру, арыштаваў у Смаленску баяр, што ездзілі да Казіміра, канфіскаваў іх маёмасць і раздаў яе сваім прыхільнікам. Як і ў 1432 (гл.Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), ВКЛ зноў апынулася на мяжы расколу на 2 дзяржавы. Казімір вырашыў задушыць мяцеж. Але пасланыя ім войскі прастаялі пад Смаленскам 3 тыдні, не наважыліся на штурм і вярнуліся назад. У ліст. 1440 сам Казімір з войскам пайшоў на Смаленск. Юрый, не маючы дастаткова сіл, уцёк у Маскву, а адтуль у Вял. Ноўгарад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАНАМЕ́ТРЫЯ (ад грэч. axōn вось + ...метрыя),
спосаб адлюстравання прасторавых фігур на чарцяжы пры дапамозе паралельных праекцый. Для пабудовы аксанаметрычнай праекцыі выбіраюць 3 узаемна перпендыкулярныя восі OX, OY, OZ і маштабы даўжыняў на гэтых восях; праецыруюць на плоскасць восі і дадзеную фігуру. Калі X, Y, Z — даўжыні 3 адрэзкаў у фігуры, то іх аксанаметрычныя праекцыі, паралельныя восям, будуць мець даўжыні x, y, z, пры гэтым x/X=lx, y/Y=ly, z/Z=lzназ. паказчыкамі скажэння. Найбольш выкарыстоўваецца аксанаметрыя, пры якой lx: ly : lz = 1 : 1 : 1 (ізаметрыя) і lx : ly: lz=1/2 : 1 : 1 (дыметрыя). У залежнасці ад вугла паміж напрамкам праецыравання і плоскасцю аксанаметрычных праекцый адрозніваюць прамавугольную і косавугольную аксанаметрыю. Гл. таксама Нарысоўная геаметрыя. Аксанаметрыя ў архітэктуры — адзін з відаў перспектыўнага адлюстравання. Выкарыстоўваецца ў арх. праектах і чарцяжах будынкаў, комплексаў, ансамбляў для нагляднага паказу іх структуры, асабліва ў выпадку, калі генпланы, планы, фасады і разрэзы не даюць поўнага ўяўлення пра іх арх.-прасторавую арганізацыю. Нярэдка аксанаметрыя агульнага выгляду пабудоў сумяшчаецца з іх арх. разрэзам, што ўдакладняе структуру ў цэлым.
Да арт.Аксанаметрыя: а — ізаметрыя; б — дыметрыя.Да арт.Аксанаметрыя. Праект Дома урада Беларусі. Архітэктар І.Лангбарп. 1931.