старажытнагрэчаскі паэт-лірык 2-й пал. 7 ст. да н.э. Нарадзіўся на в-ве Парос. Вёў вандроўніцкае жыццё, быў воінам-наёмнікам. Браў за ўзор паэзію Гамера, але супрацьпастаўляў эпічнаму ідэалу вобраз індывідуалізаванага чалавека. У яго сатыр. ямбах, элегіях, эпіграмах, гімнах (захаваліся ва ўрыўках) — роздум пра зменлівасць лёсу, гонар, доблесць, пасмяротную славу. Творчасць Архілоха адметная разнастайнасцю жанраў і рытмаў (упершыню выкарыстаў ямб). На радзіме ў гонар Архілоха было пабудавана свяцілішча (уцалелі рэшткі з надпісамі — біяграфічныя звесткі пра Архілоха і ўрыўкі з яго вершаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЦІ́НА ((Aretino) П’етра) (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Павел Восіпавіч) (2.4.1832, б. маёнтак Вака каля Вільні — 16.2.1905),
ваенны дзеяч, гісторык і этнограф. Генерал ад інфантэрыі. Пляменнік М.К.Баброўскага. Скончыў Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Дваранскі полк, 1851) і Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1857). У 1875—97 нач. Ваенна-юрыд. акадэміі. З 1859 кіраваў групай афіцэраў Генштаба, якая падрыхтавала і выдала «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба. Гродзенская губерня» (ч. 1—2 і дадаткі ў 2 т., 1863). У працы прыведзены звесткі па гаспадарцы, этнаграфіі, асвеце, пра гарады і найб. значныя мястэчкі губерні. Вывучаў гісторыю летапісаў, уніяцкай царквы, жыццё і навук. дзейнасць М.К.Баброўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЦЬКАЎШЧЫНА»,
бел. эміграцыйная газета. Выдавалася з 31.10.1947 да снеж. 1966 у Мюнхене на бел. мове. З 1955 бел. тыднёвік палітыкі, культуры і грамадскага жыцця. Выдавец У.Бортнік (з 1955). Асн. задачай лічыла развіццё і паглыбленне патрыятызму ў эмігранцкім асяроддзі. Друкавала інфармацыю пра міжнар.жыццё, навіны, карэспандэнцыі пра паліт. становішча на Беларусі, матэрыялы па гісторыі, культуры, мастацтве. Выдавала дадаткі: дзіцячы «Каласкі», літ., жаночы. Пры «Бацькаўшчыне» дзейнічала выдавецтва, якое выпусціла творы Я.Купалы, Я.Коласа, Л.Калюгі, К.Чорнага і інш. Мела прадстаўніцтвы і распаўсюджвалася ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Францыі, Аўстраліі, Аргенціне і інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГЕМО́Т, гіпапатам (Hippopotamus amphibius),
род млекакормячых жывёл атр. парнакапытных. 1 від. Пашыраны ў Цэнтр. і Усх. Афрыцы пераважна ў нац. парках. Жыве ў неглыбокіх (каля 1,2 м) вадаёмах са спадзістымі берагамі і пышнай каляводнай расліннасцю.
Даўж. цела да 4,5 м, маса 3—4,5 т. Тулава падоўжанае, грузнае. Скура амаль голая, медна-бурага колеру, багатая залозамі, якія ахоўваюць яе ад высыхання. Рот шырокі, сківіцы з вял. зубамі. Іклы (да 64 см) растуць усё жыццё. Палавой спеласці дасягае ў 7—9 гадоў. Нараджае 1 дзіцяня. Корміцца каляводнай і наземнай расліннасцю. Жыве да 50 гадоў. Выкарыстоўваюцца мяса, тлушч, скура і зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,
газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.Купалы, У.Жылкі, Л.Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ СПРА́ВА»,
газета Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). Выдавалася ў Вільні з 9.4 да 31.7.1926 на бел. мове два разы на тыдзень. Замяніла забароненую ўладамі газету «Беларуская ніва». Была разлічана на сялян і рабочых Зах. Беларусі, на актыў БСРГ. Прапагандавала ідэі нац.-вызв. барацьбы, арганізац. формы грамадскага руху, асвятляла развіццё бел. культуры і асветы ў Зах. Беларусі і БССР, расказвала пра эканам. і паліт. становішча ў БССР, міжнар.жыццё. Змяшчала матэрыялы пра дзейнасць ТБШ, творы зах.-бел. пісьменнікаў. Выйшла 29 нумароў, 11 канфіскаваны. Забаронена ўладамі. З чэрв. 1926 БСРГ выдавала газету «Народная справа».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЮ́К ((Beniuc) Міхай) (н. 20.11.1907, в. Себіш, павет Арад, Румынія),
румынскі пісьменнік. Акад. Румынскай АН (з 1955). У духу рэв. рамантызму напісаны зб-кі «Песні пагібелі» (1938), «Новыя песні» (1940), «Згублены горад» (1943). Філас. роздум пра новы час, гісторыю чалавецтва і яго культуру, месца чалавека ў Сусвеце, жыццё і смерць у кн. «Яблыня пры дарозе» (1954), «Матэрыя і мары» (1961), «Мазаіка» (1968), «Светачы на сутонні», «Этапы» (абедзве 1970), «Краіна ўспамінаў» (1976). Аўтар раманаў «На вастрыі нажа» (1959), «Прыглушаны выбух» (1971), п’ес, публіцыст. артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БОБРУ́ЙСКАЯ ЖИЗНЬ»,
грамадска-палітычная і літаратурная газета бурж.-ліберальнага кірунку. Выдавалася з 7(20).2.1913 да 1(14).8.1914 у Бабруйску на рус. мове тры разы на тыдзень. З 16(29).5.1913 да 26.3(8.4).1914 не выходзіла. Апошнія выпускі (№ 85—92) выходзілі штодзённа. З 27.7.1914 змяшчала 1—2 разы на дзень «Тэлеграмы газеты «Бобруйская жизнь». Друкавала мясц. хроніку, паведамленні пра дзейнасць Дзярж. думы, фельетоны з крытыкай мясц. улад за непаладкі гар. гаспадаркі і побыту, міжнар. інфармацыю і інш. Публікавала вершы мясц. паэтаў, асвятляла тэатр. і муз.жыццё Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЙНІКАЎ (Сяргей Яўгенавіч) (н. 7.11.1961, Мінск),
бел. спартсмен (футбол). Скончыў Бел.ін-тфіз. Культуры (1983). З 1981 у складзе мінскага «Дынама». Чэмпіён (1982) і бронзавы прызёр (1983) першынства СССР. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1988). З 1989 у італьян.прафес. футбольных клубах «Ювентус» (у складзе яго — уладальнік Кубкаў Італіі і УЕФА, 1990), «Леча», з 1993 у яп. клубе «Гамба». Удзельнік чэмпіянатаў свету (1986, 1990), Еўропы (1988, 1992) у складзе зборных СССР і СНД, правёў за іх (з 1984) 77 гульняў. Выступаў за зборную свету (1990). Аўтар кн. «І жыццё, і слёзы, і футбол...» (1992, разам з Дз.Беленькім).