МА́РЫКС Аскар Пятровіч (20.12.1890, г. Львоў, Украіна — 24.6.1976),
бел. мастак тэатра, графік, педагог; адзін з заснавальнікаў бел.прафес. дэкарацыйнага мастацтва. Нар. мастак Беларусі (1961). Скончыў Пражскую акадэмію выяўл. мастацтваў (1912), вучыўся ў Варшаўскай школе прыгожых мастацтваў (1912—14), у Вене і Львове. З 1920 у Мінску. У 1921 мастак, у 1922—29 і 1934—39 гал. мастак БДТ-1, у 1929—34 мастак т-раў Смаленска, Ноўгарада, Ташкента, у 1940—46 — Бел.т-ра імя Я.Коласа. Выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це (1949—62), афармляў спектаклі ў бел. т-рах. Дэкарацыі вызначаліся вобразнасцю, кампазіц. выразнасцю, стылёвай своеасаблівасцю, глыбокім веданнем эпохі, таленавітай інтэрпрэтацыяй бел.фалькл.-этнагр. матываў. Асн. работы: у БДТ-1 — «Раскіданае гняздо» Я.Купалы (1921), «Машэка», «Кастусь Каліноўскі» (абедзве 1923), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Каваль-ваявода» (1925) Е.Міровіча, «Мост» Я.Рамановіча (1929), «Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага (1936), «Салавей» З.Бядулі (1937); у Бел. т-ры юнага гледача імя Крупскай — «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1939); у т-ры імя Я.Коласа — «Здані» Г.Ібсена, «Лекар паняволі» Мальера (1940), «Проба агнём» К.Крапівы і «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Заложнікі» А.Кучара (1944, з Я.Нікалаевым), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1946), «Шторм» У.Біль-Белацаркоўскага (1953); у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі — «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі (1940) і «Дзядзька Ваня» Чэхава (1949); у Пінскім абл.драм. т-ры — «Несцерка» Вольскага (1946); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — опера «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1936), балет «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1947) і інш., эскізаў дэкарацый («Разбойнікі» Шылера, 1956, і інш.). Аўтар графічных серый «Помнікі дойлідства Беларусі» (1944—61), «Беларускае адзенне» (1950-я г.), «Беларусь старажытная» (1972—76), пано «Уладзімір Полацкі» (1944), «Пераправа Уладзіміра Полацкага цераз Дзвіну» (1945), вітражоў «Папараць-кветка», «Клён», Бярозка» (усе 1966), «Восень» (1967), чаканак «Лірнік», «Сказ пра Машэку» (абедзве 1967), «На Купалле», «Лясная песня» (абедзве 1970), дэкар. пано «Восень» (1968), «Макі», «Нацюрморт» (абодва 1970), вышытага пано «Лявоніха» (1940, з В.Волкавым; не збераглося) і інш. Пісаў партрэты, пейзажы, нацюрморты.
Літ.:
Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1958;
Мастацтва беларускіх дэкаратараў [Альбом]. Мн., 1989;
Часнова Р. Марыкс // Тэатр. Беларусь. 1992. № 6.
Л.А.Марыкс.
А.П.Марыкс.А.Марыкс. Эскіз дэкарацыі да п’есы «Разбойнікі» Ф.Шылера. 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУ́ЗДАЛЬ,
горад, раённы цэнтр ва Уладзімірскай вобл. Расіі, на р. Каменка. 12,1 тыс.ж. (1996). Прам-сць: харч. (малочны з-д, хлебакамбінат), лёгкая (швейная ф-ка). Адзін з цэнтраў турызму. НДІ сельскай гаспадаркі.
Узнік у 9—10 ст. на месцы паселішча фіна-угорскага племя мера. Упершыню ўпамінаецца ў Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1024; як горад-крэпасць вядомы з 1096. У 1-й пал. 12 ст. сталіца Растова-Суздалькага княства, потым у складзе Уладзіміра-Суздальскага княства. З 13 ст. сталіца Суздальскага княства. У 1238 спалены мангола-татарамі, супраць якіх у 1262 паўсталі жыхары С. У 1392 падпарадкаваны Маскве. У 1565 горад уключаны Іванам IV Грозным у апрычніну. У 14—15 ст. адзін з цэнтраў Суздальска-Ніжагародскага княства. У 1608 горад 8 мес. знаходзіўся ў руках прыхільнікаў Ілжэдзмітрыя II. У 1634 спалены крымскімі татарамі. Адзін з рэліг. цэнтраў (у канцы 17 — пач. 18 ст. тут знаходзілася мітраполія, да 19 ст. — епархія). З 1708 у складзе Маскоўскай правінцыі, з 1778 павятовы горад, з 1796 ва Уладзімірскай губ.
Помнікі на тэр. крамля: сабор Раства Багародзіцы (1222—25, не раз перабудаваны, фрэскі 13,15, 17 ст., іканастас 17 ст.; узор Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства), архірэйскія палаты (15—18 ст.), шатровая званіца (1635). У цэнтры і на ўскраінах С. манастыры: Суздальскі Спаса-Яўфім’еў манастыр, Рызапаложанскі (16—19 ст., сабор 16 ст., галерэя; цвінтар і 2-шатровыя «Святыя вароты», 1688) і Пакроўскі (16—19 ст., сабор 1510—18, надбрамная Дабравешчанская царква 1518); прыходскія цэрквы: Лазараўская (1667), Барысаглебская (17—18 ст.), Цараканстанцінаўская (1707), Косьмадзям’янская (1725) і інш. Захаваліся каменныя і драўляныя дамы 18—19 ст. з ажурнай разьбой, гандл. рады (пач. 19 ст.). У 1950—80-я г. праведзены рэстаўрацыйныя работы, у С. перавезена некалькі драўляных цэркваў 18—19 ст. Многія помнікі і ўсе музеі С. ўваходзяць у склад Уладзіміра-Суздальскага гіст.-маст. і арх. музея-запаведніка. За 4 км ад С. — с. Кідзекша з арх.-маст. помнікамі 12—18 ст. Помнікі архітэктуры С. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Варганов А.Д. Суздаль: Очерки по истории и архитектуре. Ярославль, 1971;
Суздаль: Путеводитель. М., 1985.
Суздаль. Комплекс Пакроўскага манастыра.Суздаль. Сабор Раства Багародзіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШЧО́РСАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Шчорсы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. Сфарміраваўся ў б. маёнтку Храптовічаў (вядомы з 16 ст.), з канца 19 ст. належаў графу К.А.Буцянёву. Створаны падканцлерам ВКЛ І.Л.Храптовічам. Уключаў палац, павільён б-кі, 2 флігелі, службовыя і гасп. пабудовы, парк. Палац пабудаваны ў 1770—76 арх. Я.Габрыэлем паводле праекта Дж.Сака з удзелам К.Спампані. Будынак мураваны, 1-павярховы, П-падобны ў плане, з парадным дваром; накрыты вальмавым дахам з мансардавай ч. і купальным завяршэннем у цэнтры. Гал. фасад вылучаны 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам, паркавы фасад — паўкруглым эркерам з радам авальных люкарнаў. У афармленні інтэр’ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А.Смуглевіч, выкарыстаны карціны Ю.Карчэўскага. Больш спрошчаную арх. трактоўку мелі 1-павярховыя крылы (1777), рытмічна расчлянёныя на франтальных фасадах прамавугольнымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. У пач. 19 ст. да палаца прыбудаваны 2 сіметрычна размешчаныя 1-павярховыя прамавугольныя ў плане флігелі (захаваўся заходні). Флігелі агароджай са слупоў аб’ядноўваліся з манум. брамай у стылі барока. Цэнтр. корпус палаца разбураны ў Вял.Айч. вайну (захаваліся скляпеністыя падвалы). У канцы 18 ст. спецыяльна для бібліятэкі (каля 10 тыс. тамоў кніг, стараж. рукапісы, архіў) пастаўлены 2-павярховы будынак у стылі класіцызму. У б-цы працавалі гісторыкі, паэты, у т. л. І.Лялевель, М.Пачобут-Адляніцкі, М.Вольскі, У.Сыракомля, Я.Чачот (як бібліятэкар), у 1819 і 1820 у Шчорсах жыў А.Міцкевіч. У 1915 граф Буцянёў ч. б-кі (4,5 тыс. тамоў) перадаў Кіеўскаму ун-ту, астатняя ч. трапіла ў г. Кракаў (Польшча). Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрня, карэтная і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні (канец 19 — пач. 20 ст.) — круглая вежападобная пабудова пад высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. Парк (пл. каля 40 га) пейзажнага тыпу, закладзены ў канцы 18 ст. У парку помнік прыроды — т.зв. дуб Міцкевіча. За 1 км на З ад комплексу ў рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства пабудаваны гасп. двор, т.зв. мураванка Храптовічаў (карпусы стайняў, вуглавыя круглыя вежы).
Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс. З гравюры 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р,
помнік архітэктуры 11—18 ст. у г. Полацк Віцебскай вобл. Пабудаваны ў сярэдзіне 11 ст. пры кн. Усяславе Брачыславічу як правасл. храм. Будынак 5-нефавы крыжова-купальны (7 купалаў, паводле інш. звестак 5) з 3 гранёнымі апсідамі. На кожным фасадзе (акрамя ўсходняга) было 6 прамавугольных плоскіх лапатак, якія адпавядалі ўнутр. падзелу памяшкання 16 слупамі на нефы, 3 сярэднія нефы заканчваліся апсідамі. Над сяродкрыжжам сабора быў цэнтр. купал на барабане. Сцены складзены з прыроднага каменю і плінфы ў тэхніцы паласатай муроўкі (муроўка са «схаваным радам», што стварала 2-колерную гаму паверхні), характэрнай для Полацкай школы дойлідства. У канцы 15 — пач. 16 ст. перабудаваны ў 5-вежавы храм абарончага тыпу. Неаднаразова быў разбураны (у 1607 і 1643 спалены, у 1710 пашкоджаны выбухам). Паміж 1738—50 перабудаваны (арх. І.К.Глаўбіц, каменшчык Б.Касінскі) у стылі позняга барока. Храм арыентаваны з Пд на Пн. У 18 ст. сабор — 3-нефавая мураваная базіліка з 2 шмат’яруснымі вежамі на гал. фасадзе. З усх. боку ў кампазіцыю сабора ўключаны рэшткі сцен і гранёныя апсіды храма сярэдзіны 11 ст. (даўжыня старой пабудовы вызначыла шырыню новай). Стараж. апсіды і сіметрычная прыбудова да зах. фасада ўтвараюць своеасаблівы трансепт, гранёныя крылы якога завершаны ў цэнтры купалам з ліхтарыкамі. Цэнтр. неф на гал. фасадзе і з боку алтарнай апсіды завершаны фігурнымі атыкавымі франтонамі. Гал. фасад дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі на пілястрах, авальнымі нішамі на гранёных крылах, пінаклямі на вуглах ярусаў вежаў і франтонаў. Бакавыя фасады аздоблены спаранымі пілястрамі і ляпнымі гірляндамі. У інтэр’еры 3-ярусная каменная алтарная перагародка, на якой захаваліся маляўнічыя кампазіцыі 18—19 ст., у т. л. «Тайная вячэра», «Спас нерукатворны» і скульпт. кампазіцыя «Тройца новазапаветная». У стараж. частцы храма (усх. апсіда) захаваліся рэшткі фрэсак 11 ст. У будынку сабора пасля рэстаўрацыі (1985, арх. В.Слюнчанка) размешчана канцэртная зала з арганам і Музей гісторыі і архітэктуры Сафійскага сабора. П.С.с. уваходзіць у Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік.
Літ.:
Ткачоў М.А. Новае пра Сафійскі сабор // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1972. №2;
Трусов О.А. Археологическое изучение Полоцкой Софии // Древности Белоруссии и Литвы. Мн., 1982;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАДЫ́ЦЫЯ І НАВА́ТАРСТВА,
супрацьлеглыя і адначасова ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі ў развіцці маст. творчасці і культуры наогул. Традыцыя (ад лац. traditio перадача, паданне) у шырокім сэнсе — культ. спадчына народаў, сусв. і рэгіянальных цывілізацый, якія актуалізуюцца ў кантэксце сучаснасці, служаць асновай для развіцця нац. культуры і надаюць ёй цэласнасць і самабытнасць; У культуралогіі традыцыя — сукупнасць архетыпаў аўтэнтычнай нац. культуры, выяўленых у міфалогіі, рэлігіі, абрадах, фальклоры і інш., якія выступаюць у якасці ўзораў, норм паводзін і маральных імператываў. Наватарства (ад лац. novator абнавіцель, вынаходнік) характарызуе адкрытасць культуры для канструктыўных навацый і міжнац. культ. ўзаемадзеяння, змену яе парадыгмаў і сэнсавых значэнняў. Пераемнасць у развіцці культуры адбываецца праз дыялектычна супярэчлівае адзінства і ўзаемапераходы Т. і н. Канструктыўныя навацыі актуалізуюць традыцыю, уключаюць яе ў дынаміку сучаснага творча-культ. працэсу і паступова самі набываюць статус традыцыі. Суадносіны паміж Т. і н. — велічыня пераменная, неаднолькавая на розных этапах развіцця грамадства. Першую універсальную традыцыю маст. культуры стварыла ант. цывілізацыя. Сярэдневяковая культура, арыентаваная на сакральныя каштоўнасці, выступала ў якасці антытэзы да ант. традыцыі, але разам з тым дапасавала да хрысц. ідэалогіі развітыя формы ант. філасофіі, навукі, выяўл. мастацтва. Гэты «селекцыйны» працэс адмаўлення ўстарэлых форм традыцыі і трансфармацыі яе лепшых дасягненняў працягваўся ў эпоху Адраджэння, новага часу, рэалізаваўся ў культ. творчасці 20—пач. 21 ст.
Архетыпы бел.культ. традыцыі сфарміраваліся на стыку шматвяковай нар. культуры і хрысц. цывілізацыі. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. рэалізм і эстэтызм з напружанай хрысц. духоўнасцю (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, М.Сматрыцкі, гатычны і рэнесансавы стылі ў архітэктуры і выяўл. мастацтве). Барока як стыль эпохі выступіла ў якасці антытэзы да эпігонскай стылізацыі ў мастацтве і адначасова дапасавала да новага культ. кантэксту папярэднія адкрыцці ў галінах эстэтыкі, красамоўства, тэатр. і выяўл. мастацтва, стварыла бел. варыянт еўрап. мураванай архітэктуры, самабытны стыль драўлянага дойлідства 17—18 ст. Нарматыўная эстэтыка класіцызму вярнулася да ант. і рэнесансавых традыцый; сінтэз класічных і барочных традыцый выявіўся ў л-ры (М.К.Сарбеўскі, Сімяон Полацкі), выяўл. і тэатр. мастацтве. Станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст., развіццё інш. відаў прафес. мастацтва на Беларусі ў 20 ст. адбываліся на аснове нац. традыцый і наватарскіх адкрыццяў польскай, рус. і агульнаеўрап. маст. культуры.
Літ.:
Бушмин А.С. Преемственность в развитии литературы. 2 изд. Л., 1978;
Ладыгина А.Б., Гринин В.В. О преемственности в искусстве. М., 1982;
Степанцевич К.И. Новые тенденции в развитии белорусского музыкального искусства: (Конец 1950-х — первая половина 1970-х гг.). Мн., 1981;
На грани тысячелетий: Судьба традиций в искусстве XX в.: [Сб. ст.]. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНО́Й (Ha Noi),
горад, сталіца В’етнама, на р. Хангха, за 175 км ад яе ўпадзення ў зал. Бакбо Паўд.-Кітайскага мора. 1,3 млн.ж. (1996); марскі аванпорт Хайфон. Разам з прыгарадамі ўтварае асобную адм. адзінку. Трансп. вузел (трансв’етн. чыг. магістраль і 5 шашэйных дарог). Міжнар. аэрапорт Найбай. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (у т. л. станкабудаванне, трансп., эл.-тэхн.) і металаапрацоўка, хім., дрэваапрацоўка, тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч., тытунёвая, керамічная, гумавая, абутковая, піваварная, рысаачышчальная. Саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. вырабаў. Ун-т.
Паселішча на тэр. Х. існавала з 3 ст. Горад узнік у 5 ст. (паводле інш. крыніц — у 8 ст.). У 9—11 ст.наз. Дайла, з 11 ст. — Тханглаўнг (Горад дракона. які лунае), ці Дангкінь (Усх. сталіца). У 1804. калі сталіца была пераведзена ў г. Хюэ, Х. стаў гал. горадам паўн.ч. В’етнама. У 1839 атрымаў назву Х. (Міжрэчча). З 1882 адм. цэнтр франц. пратэктарата Танкін, з 1902 — сталіца Франц. Індакітая. У 1920-я г. Х. — адзін з цэнтраў нац.-вызв. і рабочага рухаў. У 2-ю сусв. вайну 1939—45 акупіраваны (канец 1940) яп. войскамі. У выніку Жнівеньскай рэвалюцыі 1945 у Х. абвешчана Дэмакр. Рэспубліка В’етнам. У вайну Супраціўлення в’етнамскага народа 1945—54 Х. акупіраваны франц. войскамі (выведзены паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954, гл.Жэнеўскія нарады 1954—59). Падвяргаўся бамбардзіроўкам амер. авіяцыі ў час В’етнамскай вайны 1964—73 (найб. моцныя налёты ў снеж. 1972). Адбудаваны. З 1976 сталіца Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам.
Стары горад пераважна з традыц. 2-павярховымі дамамі (на 1-м паверсе крамы, майстэрні) сканцэнтраваны ў раёне воз. Вернутага мяча. Новы горад з 2—3-павярховымі дамамі еўрап. тыпу, садамі, паркамі абкружае Стары горад з 3 і Пд. Помнікі сярэдневяковага дойлідства: пагада Мот-Кот на адным слупе (1049, адноўлена ў 1956) — сімвал горада; Храм дзвюх сясцёр Чынг (у стылі кіт. пагады, быў аздоблены залатымі статуэткамі Буды, на сценах захаваліся барэльефы); пагада Нефрытавай гары на воз. Вернутага мяча, Храм чарапахі, Храм л-ры ў гонар Канфуцыя (1070; вакол яго каменныя чарапахі падтрымліваюць 84 пліты з імёнамі пераможцаў у літ. спаборніцтвах). Вылучаюцца будынак Політэхн. ін-та (1960-я г., арх. Е.Буднік і інш.), маўзалей Хо Шы Міна (1975). У 1970-я г.сав. архітэктары на чале з С.Сакаловым распрацавалі генплан горада. Музеі: гіст., в’етн., маст. Т-ры: оперы і балета, драм.; сімф. аркестры.
Н.К.Мазоўка (архітэктура).
Ханой. Храм літаратуры ў гонар Канфуцыя 1070.Ханой. Будынак Вялікага тэатра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАТЫ́НЬ,
мемарыяльны арх.-скульпт. комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў в. Хатынь Лагойскага р-на Мінскай вобл. і інш.бел. вёсак, знішчаных ням.-фаш. захопнікамі разам з насельніцтвам у Вял.Айч. вайну. На 54-м км ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск—Віцебск, на месцы б.в. Хатынь, спаленай карным батальёнам 22.3.1943 разам з жыхарамі (26 двароў, 149 чал., у т. л. 75 дзяцей). Комплекс адкрыты 5.7.1969. Аўтары: арх. Ю.Градаў, В.Занковіч, Л.Левін, скульпт. С.Селіханаў (Ленінская прэмія 1970). Мемарыял (пл. 32 га) захоўвае планіровачную структуру б. вёскі і ўключае асобныя элементы: Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сцяну Жалобы, Дрэва жыцця. Ён пачынаецца паказальнікам ад павароту з Віцебскай шашы. Дарога Жалобы вядзе да сімвалічнага тыну на ўскраіне вёскі з інфарм. надпісам. У цэнтры комплексу ўзвышаецца бронз. скульптура няскоранага чалавека (выш. 6 м) з мёртвым хлопчыкам на руках. Побач, на месцы гумна, дзе фашысты спалілі дзяцей, чорная плітадах; сімвалізуе апошні дах тых, хто загінуў. На брацкай магіле Вянок памяці з надпісам-наказам мёртвых жывым і адказам жывых загінуўшым. Дарога скіроўвае да помнікаў-зрубаў (выш. да 6 м), пастаўленых на месцы кожнай спаленай хаты. Бетонныя брусы ўтвараюць вянок зруба. Абеліскі ў выглядзе комінаў са званамі, што вечна гудуць па ахвярах фашызму. На кожным абеліску дошка з прозвішчамі, імёнамі спаленых жыхароў дома. Вобраз спаленай вёскі дапаўняюць б. вуліцы, адзначаныя шэрымі плітамі, на месцы 4 калодзежаў — мемар. знакі ў выглядзе мармуровых зрубаў. За хатамі-помнікамі па гал. восі кампазіцыі мемарыяла Могілкі вёсак — 185 урнаў з зямлёй вёсак, спаленых разам з жыхарамі і не адноўленых. Сцяна Жалобы — манум. кампазіцыя з нішамі, якія асацыіруюцца з казематамі канцлагераў, са сценамі крэматорыяў лагераў смерці. У нішы ўмацаваны мемар. пліты з назвамі 66 лагераў смерці і месцаў масавай загубы мірных грамадзян і ваеннапалонных на тэр. Беларусі і лічбамі, якія інфармуюць пра колькасць загубленых там людзей. Важны фрагмент Х. — пл. Памяці, у цэнтры якой 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай — Вечны агонь, сімвал кожнага чацвёртага жыхара Беларусі, што загінуў у Вял.Айч. вайну. Завяршае мемарыяльны комплекс Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны. У мемарыяле зліліся ў гарманічным сінтэзе скульптура, дойлідства, ландшафт, маст. слова, гучанне званоў, каляровае асвятленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́СТАН (Boston),
горад на ПнУ ЗША. Адм. ц. штата Масачусетс. 551,7 тыс.ж.; у агламерацыі (Вялікі Бостан) — 4,17 млн.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны порт пры ўпадзенні р. Чарлз у зал. Масачусетс Атлантычнага ак.Міжнар. аэрапорт. Адзін з гал.прамысл. цэнтраў ЗША, буйны гандл.-фін., навук. і культ.цэнтр. У Бостане — праўленні буйных страхавых кампаній, банкаў і прамысл. карпарацый. Прамысловасць: прыладабудаванне, у т. л.вытв-сць кантрольна-вымяральных і навук. прылад, мед. інструментаў, фотатэхнікі (фірма «Паляроід»); радыёэлектронная (вытв-сцьЭВМ, сродкаў сувязі, мед. апаратуры, электронных кампанентаў), эл.-тэхн., аўтазборачная; вытв-сцьпрамысл. абсталявання, авіяц. дэталяў і вузлоў, авіяц. і суднавых рухавікоў; суднабудаванне і суднарамонт. Паліграф., гарбарна-абутковая, хім. (пераважна вытв-сцьбыт. хімікатаў), гумавая, лёгкая, харч.прам-сць. Метрапалітэн. Ун-ты, у т. л. Гарвардскі (з 1636). Масачусецкі тэхнал.ін-т. Акадэмія мастацтваў і навук. Марскі акварыум.
Засн. ў 1630 пурытанамі — выхадцамі з Англіі. З 1632 сталіца калоніі Масачусетс, гал. порт і горад Новай Англіі, важны гандл., навук. і культ. асяродак. У 2-й пал. 18 ст. ў Бостане распачалася барацьба супраць каланіяльнай палітыкі Вялікабрытаніі (паўстанне гараджан супраць гербавага збору ў 1765, іх узбр. сутычка з англ. войскамі ў 1770, т.зв. «Бостанскае чаяпіцце» 1773), якая стала пралогам Вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. Гар. правы з 1822. З 1831 адзін з цэнтраў абаліцыянізму, страціў пазіцыі ў гандлі, але стаў значным асяродкам банкаўскай справы, тут утварыўся саюз капіталістаў-ранцье, т.зв. Бостанская фін. група. У 19—20 ст. адзін з партоў масавага прыбыцця імігрантаў, у т. л. беларусаў.
Мае радыяльную сістэму планіроўкі, шматлікія паркі, паўкальцо бульвараў (з 1898, план Ч.Эліята). Сярод арх. помнікаў калан. перыяду: Дом сходаў (1729—30), Стары дом штата (1713; перабудаваны ў 1748), Фанейль-хол (1742—1805); пабудовы Ч.Булфінча ў стылі класіцызму — Дом штата (Капітолій; 1795—98, перабудовы да 1914), Масачусецкі гал. шпіталь (1818—20) і інш.; гандл. будынак Куінсі-маркет (1825—26, А.Парыс); Публічная б-ка (1888—95, неарэнесанс; размалёўкі П.Пюві дэ Шавана, Дж.С.Сарджэнта і інш.); пабудовы Г.Х.Рычардсана ў духу раманскага дойлідства — царква Трыніты-чэрч (1873—77) і інш. Сучасны адм. цэнтр уключае Новую ратушу (1969), будынкі «Дж.Ф.Кенэдзі», адм. службаў аховы здароўя, прафілактыкі і асветы (1971, П.Рудалф). Пабудаваны новы корпус гар. б-кі (1972, Ф.Джонсан), будынак Блакітнага Крыжа (1960, Рудалф), аэрапорт (1971), сфарміравана Рыначная пл. (1976, Б.Томпсан). Помнік-абеліск у гонар бітвы пры Банкер-Хіле (вып. 67 м, 1843) і інш.Бостанскі музей прыгожых мастацтваў.
Рака Чарлз у цэнтры Бостана.Да арт.Бостан. Рыначная плошча. Арх. Б.Томпсан. 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЗДО́ВІЧ Язэп Нарцызавіч (13.10.1888, б. засценак Пунькі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл. — 15.8.1954),
бел. мастак, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў нац.гіст. жывапісу. Скончыў Віленскую школу рысавання (1908). Выкладаў маляванне ў бел. школах. Заснавальнік маст. студыі пры Віленскай бел. гімназіі (1927). Прадстаўнік рамант. кірунку ў бел. мастацтве. У пейзажах (графічная серыя «Старажытная будоўля на Беларусі», 1910 — пач. 20-х г.), «Вёска Стадолішча», 1919), тэматычных кампазіцыях «Усяслаў Чарадзей у парубе пад палатамі кіеўскага князя» (1923), «Усяслаў Чарадзей пад Гародняй», «Песня Баяна» (1940-я г.), партрэтах Ф.Багушэвіча, Я.Пачопкі, полацкіх і смаленскіх князёў асн. ўвагу аддае адлюстраванню праз паэтызаваныя, сімвалічныя вобразы стараж.бел. гісторыі. Шэраг работ прысвечаны Ф.Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе» (1927—1-я пал. 40-х г.). У 2-й пал. 1920-х г. стварыў графічныя серыі, прысвечаныя стараж. замкавай архітэктуры Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда» і інш.). Этнаграфічнае і гіст.-краязнаўчае значэнне маюць замалёўкі сял. тыпажоў, узораў нар.дойлідства, прылад працы і прадметаў побыту, адзення. Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», 1935, «Пагоня», 1927, «Дух цемры», 1932, і інш.). Касмічная тэма прадстаўлена серыямі «Жыццё на Марсе» (1931), «Жыццё на Сатурне» і «Жыццё на Месяцы» (абедзве 1932), творамі «Пейзаж» (1930-я, г.), «Трывень» (1932—33), «Космас» (1940), «Артаполіс» (1934—35) і інш., у якіх спалучаецца гуманіст. зямны пачатак з наіўным бачаннем ірэальнага. Прымаў удзел у афармленні час. «Саха» (1912—15), «Рунь» (1920) і інш., кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К.Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А.Грыневіча (1920), «Лемантар» (1919), уласнай кнігі «Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка» (1923, псеўд. Я.Нарцызаў), брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Маляваў насценныя дываны. У аснову іх кампазіцыі паклаў раслінныя, зааморфныя, арх.-сюжэтныя матывы. Стварыў партрэты-барэльефы А.Грыневіча, Я.Пачопкі, М.Машары, маці (пач. 1930-х г.), бюст Ф.Скарыны, «Плач Гарыславы» (1920-я г.). Працаваў у галіне плаката. Запісваў фальклор і апрацоўваў для слоўнікаў нар. лексіку Дзісеншчыны і Піншчыны. Праводзіў археал. даследаванні, вёў археал. дзённікі «Дзісенская дагістарычная старына». У Мінску помнік Д., яго імем названы Германовіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі р-н Віцебскай вобл.).
Тв.:
Дзённік // Маладосць. 1991. № 5—12.
Літ.:
Ліс А.С. Вечны вандроўнік. Мн., 1984;
Язэп Драздовіч: [Фотаальбом] // Аўтар тэксту Т.В.Габрусь. Мн., 1993;
Язэп Дроздович: «Меня еще поищут...» // Нёман. 1997. № 1.
М.Л.Цыбульскі.
Я.Н.Драздовіч.Я.Драздовіч. Пейзаж. 1930-я г.Я.Драздовіч. Космас. 1940.Я.Драздовіч. Вёска Стадолішча. 1919. Пяро, туш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАНЕ́Ц Карусь (сапр.Кастравіцкі Казімір Карлавіч; 10.2.1868, г. Табольск, Расія — 10.5.1918),
бел. пісьменнік, перакладчык, мастак, мовазнавец. Сын удзельніка паўстання 1863—64, сасланага ў Сібір. З 1874 на Беларусі, у в. Засулле каля Стоўбцаў і Прымагілле каля Койданава (цяпер г. Дзяржынск). Вучыўся ў Мінскім гар. вучылішчы, Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства. Працаваў у Мінску, Рызе, Лідзе, Вільні, фальварку Жортай на Барысаўшчыне. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. За рэв. агітацыю сярод сялян быў зняволены ў мінскую турму (1905—06, 1910—11). Друкаваўся з 1893. Паэзія К. агітацыйная, блізкая да нар. песні. Яна працягвала традыцыі нар. антыпрыгонніцкіх і рэкруцкіх песень, прасякнута нац. матывамі («Пра пана Ленскага», «Наша доля маладзецка», «На мабілізацыю», «Наш покліч», «Плач беларуса»), Цэнтр. герой яго лірыкі — кабзар, лірнік («Кабзар»), Проза К. — апрацоўкі мясц. легенд і паданняў («Прылукі», «Навасадскае замчышча», «Вітаўка»), Аўтар гіст. («Старажовы курган», апубл. 1919; «Сын Даніла», апубл. 1920) і бытавых («У іншым шчасці няшчасце схавана», нап. 1903, апубл. 1919; «Двойчы прапілі», нап. 1910, апубл. 1919) драм. Дасюль папулярная яго камедыя «Модны шляхцюк» (паст. 1910 у Вільні і Полацку Першай бел. трупай І.Буйніцкага), у якой высмеяў бел. выраджэнца, які адракаецца ад усяго роднага. Гэта модны шляхцюк Пранцішак Карчэўшчык — папярэднік Адольфа Быкоўскага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. Апрацоўваў нар. казкі, паданні; пісаў навук.-папулярныя нарысы для дзяцей. Выступаў як публіцыст. Адзін з аўтараў «Беларускага лемантара, або Першай навукі чытання» (Пб., 1906, выд. ананімна). На бел. мову пераклаў навук.-папулярную брашуру «Гутаркі аб небе і зямлі» (1907, з С.Шаўлоўскім). Шмат увагі аддаваў мове, навук. тэрміналогіі (працаваў над «Беларускай граматыкай», не закончана). З твораў выяўл. мастацтва зберагліся графічныя малюнкі «За сахою», «На ростаньках», паліт. карыкатуры; ляпіў з гліны, выразаў з дрэва і косці, афармляў кнігі (вокладка «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Я.Коласа, Пб., 1909). На магіле К. ў в. Навасёлкі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. пастаўлены помнік.
Тв.:
Творы. Мн., 1979.
Літ.:
Каспяровіч М. Карусь Каганец // Маладняк. 1928. № 10;
Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979;
Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984. С. 107—110, Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы Мн., 1985. С. 69—82;
Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986. № 1;
Біч М. Ад родных ніў. Грамад.-паліт. погляды Каруся Каганца // Полымя. 1988. № 3;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 375—379;
Станкевіч Л.І. Рукапісы Каруся Каганца ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР імя У.І.Леніна // Кніжная культура Беларусі: Да 500-годдзя з дня нараджэння Ф.Скарыны. Мн., 1991.