МЕ́ЛАН (Mellon) Эндру Уільям (24.3.1855, г. Пітсбург, ЗША — 26.8.1937),
амерыканскі дзярж. дзеяч, прадпрымальнік, банкір. Узначальваў заснаваны ў 1869 яго бацькам прыватны «Мелан нэшанал банк», лічыўся вядучым банкірам ЗША. У 1921—32 міністр фінансаў ЗША, удзельнічаў у распрацоўцы Даўэса плана і Юнга плана для Германіі. У 1932—33 пасол у Вялікабрытаніі. Яго карцінная галерэя ўвайшла ў Нац. галерэю мастацтва ў Вашынгтоне. Адыграў найб. значную ролю ў стварэнні багацця сям’і Меланаў.
т. 10, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЗА́М АЛЬ-МУЛЬК.
Нізам ал-Мулк (тытул Абу Алі аль-Хасана ібн Алі ібн Ісхака ат-Тусі; 1017, каля г. Тус, Іран — 14.10.1092), дзяржаўны дзеяч Сельджукскай дзяржавы. Везір сельджукскіх шахаў Алп-Арслана (з 1063) і Мелік-шаха (з 1072). Прыхільнік моцнай цэнтралізаванай улады, аўтар кнігі пра майстэрства дзярж. кіравання «Сіясет-намэ». Забіты ісмаілітамі.
Тв.:
Рус. пер. — Сиасет-намэ: Книга о правлении вазира XI столетия Низам ал-Мулька. М.; Л., 1949.
т. 11, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КАН (?—1088),
царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».
т. 11, с. 335
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й Даніла (? — 2.3.1651),
дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.
т. 11, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТУ́НДУС (Мялецкі Аўгусцін; ? — 1582),
прававед, грамадскі і дзярж. дзеяч ВКЛ. Звесткі пра час і месца нараджэння не захаваліся. У 1538 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, у 1542 упамінаецца як д-р кананічнага і свецкага права ў гэтым ун-це. Пры вял. князю Жыгімонце I Старым займаў пасаду сакратара дзярж. канцылярыі. Займаўся сістэматызацыяй магдэбургскага права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праектаў Статутаў ВКЛ 1566 і 1588. Апошнія гады жыцця быў сакратаром у Стафана Баторыя.
т. 13, с. 372
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНГІНЕ́ЦІ КАЙРО́ЛА (Sanguinetti Coirolo) Хуліо Марыя (н. 6.1.1936, Мантэвідэо),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Уругвая. Скончыў ун-т Рэспублікі (г. Мантэвідэо). Працаваў адвакатам і журналістам. З 1962 чл. уругвайскага парламента ад партыі «Каларада»; з 1981 лідэр, з 1983 ген. сакратар партыі «Каларада». У 1969—71 міністр прам-сці і гандлю, у 1972 — культуры і асветы Уругвая. У 1985—90 першы цывільны прэзідэнт Усх. Рэспублікі Уругвай пасля перыяду ваен. рэжыму.
т. 14, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАЦЦЯКО́Ў Павел Міхайлавіч (27.12.1832, Масква — 16.12.1898),
рускі прадпрымальнік, мецэнат, маст. дзеяч. Правадз. чл. Пецярбургскай АМ (1893). Чл. маскоўскага аддзялення Савета гандлю і мануфактур (1868—89), выбарны Маскоўскага біржавога т-ва (з 1870), Рус. муз. т-ва (1860—98), савета Маскоўскага маст. т-ва (1872—94). З 1854 пачаў збіраць маст. калекцыю, з 1856 творы рус. мастацтва, якія паклалі пачатак заснаванню Траццякоўскай галерэі. У 1892 перадаў свой збор у дар Маскве.
т. 15, с. 523
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК (Franck) Себасцьян (20.1.1499, Донаўвёрт, Германія — 1542 ці 1543),
нямецкі пісьменнік, філосаф, дзеяч Рэфармацыі. Каталіцкі святар, потым пратэстанцкі прапаведнік, але адмаўляў догматы лютэранства і ў 1528 далучыўся да анабаптыстаў. З 1539 жыў у г. Базель (Швейцарыя). Аўтар твораў «Хроніка, аналы і гістарычная біблія» (1531), «Парадоксы» (1533), «Касмаграфія» (1533), «Нямецкая хроніка» (1538), «Прымаўкі» (1541) і інш., у якіх выступаў з пазіцый гуманізму, містыкі, супраць царк. дагматыкі і іерархіі, прыватнай уласнасці і інш.
т. 16, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМЕ́Т (Chaumette) П’ер Гаспар (у час рэвалюцыі прыняў імя Анаксагор; 24.5.1763, г. Невер, Францыя — 13.4.1794),
дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, левы якабінец. Са снеж. 1792 пракурор Парыжскай камуны 1789—94. Дамагаўся ўвядзення ўзмоцненага падаткаабкладання багацеяў, ліквідацыі беспрацоўя, павышэння зарплаты рабочым. Узначаліў выступленне парыжскай беднаты 4—5.9.1793, якое падштурхнула Канвент увесці цвёрдыя цэны (максімумы) на прадукты першай неабходнасці. Абвінавачаны М.Рабесп’ерам у імкненні супрацьпаставіць Камуну Канвенту і пакараны смерцю (гільяцінаваны).
т. 17, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАКО́Ў Яўген Віктаравіч (н. 28.9.1952, г. Тула, Расія),
бел. дзеяч тэатра лялек. Засл. дз. культуры Беларусі (1998). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (у 1980 тэатр. ф-т, у 1990 аддз. планавання і арганізацыі тэатр. справы). Працаваў у Мін-ве культуры Беларусі (1979—85). З 1985 дырэктар (у 1995—98 і маст. кіраўнік) Бел. дзярж. т-ра лялек у Мінску. Віцэ-прэзідэнт Бел. цэнтра УНІМА (з 1997).
т. 18, кн. 1, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)