ВАЕ́ННЫ АРКЕ́СТР МІНІСТЭ́РСТВА АБАРО́НЫ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Створаны ў 1950, да 1992 наз. Аркестр штаба БВА. У рэпертуары арыгінальныя п’есы і аранжыроўкі твораў бел. кампазітараў М.Аладава, У.Алоўнікава, А.Багатырова, Я.Глебава, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, В.Іванова, І.Лучанка, Ю.Семянякі, Дз.Смольскага, Э.Ханка і інш., арыгінальныя творы для духавога аркестра М.Іпалітава-Іванава, С.Чарнецкага, Б.Дзіева, пералажэнні сусв. сімф. класікі. Сярод салістаў У.Яскевіч. З аркестрам выступалі спевакі З.Бабій, М.Ворвулеў, В.Вуячыч, С.Данілюк, Т.Ніжнікава і інш. У розны час калектывам аркестра кіравалі У.Падчупрын, І.Мірановіч, У.Мартынаў, А.Майзлер, Б.Пянчук, П.Чабаненка, Б.Чудакоў; з 1989 маст. кіраўнік і гал. дырыжор М.Берсан. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАМА́Т-ЗАДЭ́ Гафар Рустамавіч
(н. 9.5.1916, г. Худжанд, Таджыкістан),
таджыкскі артыст балета, балетмайстар, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва ў Маскве (1947—51). З 1934 артыст, у 1951—63 і гал. балетмайстар Таджыкскага т-ра оперы і балета імя Айні. Сярод пастановак: балеты «Лейлі і Меджнун» С.Баласаняна (1947), «Эсмеральда» Ц.Пуні (1953), «Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева (1954), «Дзільбар» А.Ленскага (1954, 1957), «Карсар» А.Адана (1960), оперы «Паўстанне Васэ» Баласаняна (1958), «Хітрыкі Майсары» С.Юдакова (1962). Арганізатар (1965) і маст. кіраўнік тадж. ансамбля «Лола». Дзярж. прэмія СССР 1949.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДНІКІ,
катэгорыя работнікаў на Беларусі ў 15 — сярэдзіне 19 ст., якія працавалі гал. чынам на будах. Набіраліся пераважна са збяднелых сялян. Некваліфікаваныя буднікі звычайна выпальвалі попел з драўніны пэўных парод і нарыхтоўвалі дровы, клёпку для будных печаў. Кваліфікаваныя буднікі выварвалі з попелу паташ (палівачы і карытнікі), выпальвалі вугаль для кузняў, рабілі бочкі пад паташ, выконвалі дапаможныя работы (кавалі, бондары, цагельнікі і інш.). За сваю працу буднікі атрымлівалі ардынарый (харчы), адзенне і грашовую плату. Большасць буднікаў мела свае хаты, бяздомныя жылі па месцы працы ў спец. памяшканнях.
В.І.Мялешка.
т. 3, с. 315
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1967. Сярод першых творчых калектываў лектарска-камерная група і эстрадныя брыгады. У 1974—92 працаваў вак.-інстр. ансамбль «Сябры». На 1.1.1997 працуюць: камерны хор (маст. кіраўнік і дырыжор А.Сакалова), канцэртны аркестр (гал. дырыжор Ю.Васілеўскі), струнны квартэт, інстр. група, для дзяцей — «Тэатр гульняў і забаў», літ.-муз. лекторый. Сярод салістаў спявачкі Г.Паўлёнак, Т.Сапегіна, артыст-лялечнік М.Манец, ілюзіяніст Л.Грыцанюк. Філармонія арганізоўвае і праводзіць фестывалі «Музычнае Палессе», «Гомельская вясна», «Калядны фестываль», «Рэнесанс гітары», удзельнічае ў міжнар. фестывалі «Беларуская музычная восень». З 1980 пры філармоніі працуе Мазырскі філіял.
т. 5, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́РЫЧ Соф’я Якаўлеўна
(н. 29.12.1919, Мінск),
бел. актрыса, рэжысёр т-ра і радыё. Засл. работнік культуры Беларусі (1985). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Т-ры юнага гледача БССР (1937—41). Дыктар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь», у Брэсцкім і Гомельскім абл. драм. т-рах. У 1967—86 гал. рэжысёр літ.-драм. вяшчання Бел. рэсп. радыё. Ажыццявіла больш за 200 радыёпастановак, пераважна твораў бел. пісьменнікаў (у большасці была і аўтарам інсцэніровак). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за радыёпастаноўкі «Хамуціус» паводле А.Куляшова і «Рыбакова хата» паводле Я.Коласа.
т. 5, с. 540
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРАПО́ЛЬ
(Galeobdolon),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 3 віды. Пашыраны ў Еўропе і М.Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца дабраполь жоўты (G. luteum). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, у хмызняках.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучым галінастым карэнішчам. Гал. сцябло і неквітучыя парасткі сцелюцца, у вузлах укараняюцца, квітучыя парасткі прыўзнятыя. Лісце простае, супраціўнае, зімуе; ніжняе круглавата-яйцападобнае, верхняе яйцападобнае, завостранае. Кветкі залаціста-жоўтыя, двухгубыя, з прыкветкамі, па 3—10 у несапраўдных пазушных кальчаках. Плод — чатырохарэшак. Лек., меданосныя і дэкар. (ёсць формы з серабрыстым лісцем) расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 559
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНІ́СІМАЎ Аляксандр Міхайлавіч
(н. 8.10.1947, Масква),
дырыжор. Засл. дз. маст. Расіі (1988). Скончыў Ленінградскую (1975) і Маскоўскую (1980) кансерваторыі. Дырыжор Ленінградскага Малога (1975—80) і Пермскага (1984—89) т-раў оперы і балета. У 1980—84 і з 1989 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Пад яго муз. кіраўніцтвам паст. нац. балет «Курган» Я.Глебава (1982), оперы «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982) і «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. работ на бел. сцэне: «Рыгалета» Дж.Вердзі (1981), «Шчаўкунок» (1982) і «Іаланта» (1993) П.Чайкоўскага, «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Карсар» А.Адана (1991), «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча (1994).
Н.В.Кузняцова.
т. 1, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ
(ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНА́ГРАДАЎ Алег Міхайлавіч
(н. 1.8.1937, С.-Пецярбург),
расійскі танцоўшчык, балетмайстар, мастак. Нар. арт. Расіі (1976), нар. арт. СССР (1983). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1958). З 1958 у Новасібірскім т-ры оперы і балета, з 1973 гал. балетмайстар Ленінградскага Малога опернага, з 1977 — Марыінскага т-раў. Сярод пастановак: «Папялушка» (1964) і «Рамэо і Джульета» (1965) С.Пракоф’ева, «Ліза і Кален, або Марная засцярога» П.Л.Гертэля (1971), «Капелія» Л.Дэліба (1973), «Гаранка» М.Кажлаева (1968, і сцэнарыст), «Яраслаўна» Б.Цішчанкі (1974, і мастак), «Пятрушка» І.Стравінскага (1988) і інш. Вінаградаў. смела эксперыментуе ў галіне харэагр. лексікі, стварае арыг. версіі класічных балетаў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Прэмія імя М.Петыпа (Парыж, 1978).
т. 4, с. 180
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУТАКО́Ў Рыгор Іванавіч
(9.10.1820, Рыга — 12.6.1882),
расійскі флатаводзец, заснавальнік тактыкі паравога браняноснага флоту. Адмірал (1878). Чл. Дзярж. савета (1882). Брат А.І.Бутакова. Настаўнік С.В.Макарава. Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1836). Служыў на Балтыйскім (БФ) і Чарнаморскім (ЧФ) флатах. У 1847—50 разам з І.А.Шастаковым склаў першую сістэм. лоцыю Чорнага м. У Крымскую вайну 1853—56 на чале каманды парахода-фрэгата «Уладзімір» 17.11.1853 правёў першы ў гісторыі бой паравых караблёў, узяў у палон тур. параход «Перваз-Бахры»; камандаваў атрадам параходаў-фрэгатаў у час Севастопальскай абароны 1854—55. У 1856—60 гал. камандзір ЧФ, ваен. губернатар Мікалаева і Севастопаля. У 1867—77 камандзір эскадры браняносных караблёў БФ. З 1881 гал. камандзір Пецярбургскага порта. Аўтар працы «Новыя асновы параходнай тактыкі» (1863), «Правіл манеўру паравога карабля», якімі карысталіся на ўсіх флатах свету.
т. 3, с. 358
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)