ЗАКАРПА́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

На З Украіны. Утворана 22.1.1946. Пл. 12,8 тыс. км². Нас. 1,3 млн. чал., гарадскога 41% (1996). Цэнтр — г. Ужгарад. Найб. гарады: Мукачава, Берагава, Вінаградаў, Хуст, Чоп.

Прырода. Размешчана на паўд.зах. схілах Усх. Карпат і на паўд.-ўсх. ускраіне Сярэднедунайскай нізіны. Горы займаюць каля 80% тэр. Хрыбты Водападзельны (выш. да 1693 м), Паланінскі (да 1881 м), Вулканічны (да 1081 м) выцягнуты з ПнЗ на ПдУ. Ва ўсх. ч. знаходзяцца масівы Рахаўскі і Чарнагора (г. Гаверла, 2061 м) з альпійскімі формамі рэльефу. Карысныя выкапні: буры вугаль (Закарпацкі буравугальны раён), каменная соль, ртутныя і поліметал. руды, мармур, туф, андэзіт, мінер. вада. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. складае -1,7 °C на раўніне і -7,8 °C у гарах, ліп. адпаведна 19,2 °C і 13,8 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на раўніне да 1400 мм у гарах. Гал. рака: Ціса (бас. р. Дунай) з вытокамі Чорная Ціса і Белая Ціса і прытокамі Цярэсва, Цярэбля, Рыка, Баржава, Уж, Латарыца. Глебы на нізінах пераважна дзярновыя і алювіяльныя, у перадгор’ях буразёмна-падзолістыя, у гарах бурыя горна-лясныя і горна-лугавыя. Лясы займаюць больш як 50% тэр. У перадгор’ях дубовыя і дубова-букавыя лясы, у гарах да 1100 м букавыя і мяшаныя, да 1600 м хвойныя, вышэй альпійскія лугі (паланіны), якія выкарыстоўваюцца як паша. На тэр. З.в. Карпацкі запаведнік.

Гаспадарка індустрыяльна-агр. тыпу з развітой сферай турызму і санаторна-курортнага лячэння. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (прыборы, станкі, электрарухавікі), лясныя і дрэваапр. (мэблевая, фанерная, цэлюлозна-папяровая, лесахім.), харчасмакавая (вінаробчая, агароднінакансервавая, мясная, масласыраробчая, мукамольна-крупяная, тытунёвая), лёгкая (трыкатажная, футравая, абутковая, швейная). Вытв-сць буд. матэрыялаў (цагельна-чарапічная, каменедрабільная, кар’еры па здабычы туфу, мармуру). Здабыча бурага вугалю, каменнай солі. Народныя маст. промыслы (вырабы з дрэва, саломы, лазы, маёлікі). Ужгарадская і Рахаўская ЦЭС, Цярэбле-Рыкская ГЭС. На раўніне пасевы пшаніцы, кукурузы. Вінаградарства, пладаводства. Вырошчваюць агародніну, бульбу, з тэхн. культур — тытунь, сланечнік. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. У перадгор’ях авечкагадоўля. Пчалярства. Па тэр. вобл. праходзяць чыгункі Чоп—Мукачава—Львоў, Чоп—Ужгарад—Львоў, Чоп—Рахаў—Івана-Франкоўск, аўтадарогі Ужгарад—Мукачава—Львоў, Ужгарад—Перачын—Львоў, Ужгарад—Рахаў—Івана-Франкоўск; нафтаправод «Дружба» і 3 газаправоды. Турызм. Закарпацкая і Сваляўская групы курортаў, курорт Сіняк.

П.​І.​Рогач.

Горны ландшафт у Закарпацкай вобласці.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́СЫ КАРЫ́СНЫХ ВЫ́КАПНЯЎ,

колькасць мінеральнай сыравіны ў нетрах Зямлі ці на яе паверхні, вызначаная геал. разведкай або ў працэсе распрацоўкі радовішчаў. Па кожнаму віду карысных выкапняў падлічваюцца асобна для радовішчаў, рудных палёў, раёнаў, басейнаў, краін, кантынентаў і Зямлі. На комплексных радовішчах падлічваюць запасы асноўнага карыснага выкапня і таго, які залягае разам з ім, а таксама спадарожныя кампаненты, прамысл. выкарыстанне якіх мэтазгодна. Вымяраюць у адзінках аб’ёму ці масы, падзяляюць на балансавыя, распрацоўка якіх эканамічна мэтазгодная, і пазабалансавыя. Паводле ступені вывучанасці З.к.в. адрозніваюць разведаныя, якія служаць асновай праектавання і буд-ва гарнарудных прадпрыемстваў; папярэдне ацэненыя, якія з’яўляюцца рэзервам радовішча, і прагнозныя (геалагічныя), якія паказваюць перспектывы выяўлення прамысл. запасаў і вызначаюць мэтазгоднасць арганізацыі геолагаразведачных і пошукавых работ.

На Беларусі (на 1.1.1996) выяўлена і разведана каля 5 тыс. радовішчаў мінер. сыравіны, якія змяшчаюць каля 30 розных відаў карысных выкапняў. Магчымыя для здабычы запасы нафты вызначаны ў 338,3 млн. т; прагнозныя запасы бурага вугалю ўсіх геал. узростаў (неагенавы, юрскі, каменнавугальны) — 1350,8 млн. т; запасы торфу — 5,7 млрд. т; з іх даступныя для распрацоўкі — 558 млн. т; прагнозныя запасы гаручых сланцаў — 11 млрд. т; запасы калійных солей — больш за 6,4 млрд. т; кухоннай солі — каля 22 млрд. т; сапрапеляў — больш за 3 млрд. т; даламітаў — 768 млн. т (па Рубаўскім радовішчы даламітаў). Агульныя прамысл. запасы сыравіны для вытв-сці цэменту (мел, даламіт) складаюць 940,9 млн. т; вапны (мел) — 136,9 млн. т, буд. і абліцовачнага каменю — 588,1 млн. м³, кварцавых шкловых пяскоў — 15,2 млн. т, буд. і сілікатных пяскоў — 434,6 млн. м³, фармовачных пяскоў — 43 млн. т, пясчана-жвіровых матэрыялаў — 688,2 млн. м³, глін для вырабу цэглы — 251,6 млн. м³, тугаплаўкіх глін — 53,2 млн. м³, гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту і керамзіту — 81,3 млн. м³. Прагнозныя запасы жал. руд Аколаўскага радовішча ацэньваюцца па ўдакладненых звестках у 500 млн. т, Навасёлкаўскага — 76,3 млн. т. Па стану на 1.1.1993 запасы фасфарытаў Сожскага басейна складаюць 30 млн. т, Прыпяцкага басейна — 52,9 млн. т. Прагнозныя запасы гіпсу складаюць 1026,9 млн. т, кааліну — 26,9 млн. т, пірафіліту — 4500 млн. м³, цэалітазмяшчальных трэпелаў — 214,4 млн. т (радовішчы Дружба і Стальное). Запасы глаўканітавых пяскоў у раёне г. Лоеў ацэньваюцца ў 15—18 млн. т.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДАКІТА́Й,

паўвостраў на ПдУ Азіі. Абмываецца на З Бенгальскім зал., Андаманскім м. і Малакскім пралівам; на У — Паўд.-Кітайскім м. Паўн. граніца — ад дэльты рэк Ганг і Брахмапутра да дэльты р. Хангха. Пл. каля 2 млн. км². Берагі слаба парэзаныя, прыродных бухтаў мала. Рэльеф вельмі складаны, уяўляе сабой чаргаванне гор субмерыдыянальнага напрамку і шырокіх нізін і плато. На З Араканскія горы (г. Вікторыя 3053 м), на Пн Шанскае нагор’е, у цэнтр. частцы хр. Танентаўнджы, на У горы Чыянгшон (Анамскія). Найб. нізіны Іравадзійская, Менамская, Камбаджыйская; найб. плато Карат. Тэр. І. адносіцца да ўсх. геасінклінальнай вобласці Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, унутры якой вылучаюць Індасінійскі сярэдзінны масіў і познадакембрыйскія, палеазойскія, мезазойскія і кайназойскія складкавыя сістэмы, што акаймоўваюць яго. Ва ўсх. ч. масіву — дакембрыйскі фундамент. Б.ч. масіву перакрыта палеазойскімі і мезазойскімі кантынентальнымі і марскімі адкладамі чахла. Геасінклінальная стадыя развіцця рэгіёна завяршылася ў канцы трыясу — пач. юры падняццямі і гранітоідным магматызмам. З гэтага ж часу пачалося фарміраванне юрскіх і мелавых кантынентальных упадзін, грабенаў. Грабен Іравадзі запоўнены палеагенплейстацэнавымі кантынентальнымі (рачнымі і азёрнымі) і марскімі адкладамі магутнасцю да 11 км, змяшчае радовішчы нафты, газу і каменнага вугалю. У І. сканцэнтраваны буйнейшыя ў свеце радовішчы волава і вальфраму, а таксама медзі, цынку, жалеза і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны, на п-ве Малака экватарыяльны. На нізінах т-ра студз. больш за 20 °C, ліп. да 28 °C, крас. 29 °C. У гарах т-ры зніжаюцца да 15 °C у студз. і 25 °C у ліпені. Ападкі ў асноўным летнія: на З 2500—5000 мм, у цэнтр. ч. 1300—2000 мм, на У 2000 мм (пераважна зімой), на Пд (п-аў Малака) больш за 2000 мм за год. Буйнейшыя рэкі Меконг, Салуін, Іравадзі, Менам-Чао-Прая і воз. Танлесап. Вечназялёныя вільготныя лясы рознага відавога складу ў больш вільготных раёнах, мангравыя — на ўзбярэжжы, лістападныя, якія пераходзяць ў саванну на Пн і ва ўнутр. раёнах. На нізінах і ў перадгор’ях земляробства (рыс, цукр. трыснёг, бавоўна, чай, кава, бананы і інш.). Багаты жывёльны свет: арангутангі, макакі, сланы, насарогі, тыгры, мядзведзі, алені і інш. Птушкі: фазаны, дзікія куры, паўліны, папугаі і інш. Шматлікія паўзуны (у т. л. кракадзілы) і насякомыя. На тэр. І. дзяржавы Тайланд, Камбоджа, б.ч. М’янмы, Малайзіі, Лаоса, В’етнама і невял. ч. Бангладэш.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННАВУ́ГАЛЬНАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), карбон,

геалагічная сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры). Адпавядае 5-му перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі пермскай сістэмы (перыяду). Пачалася каля 350 млн. гадоў назад і доўжылася больш за 65 млн. гадоў. Падзяляецца на ніжні, сярэдні і верхні аддзелы; у ніжнім вылучаюць турнейскі, візейскі і серпухаўскі ярусы, у сярэднім — башкірскі і маскоўскі, у верхнім — касімаўскі і гжэльскі. У рэгіянальнай стратыграфічнай схеме кам.-вуг. адкладаў Беларусі на падставе вывучэння выкапнёвых фарамініфераў, брахіяпод, астракод і рэшткаў раслін (спораў) вылучаны (1981) больш дробныя стратыграфічныя адзінкі — світы і слаі.

Арганічны свет у кам.-вуг. перыяд, як і ў дэвонскі, заставаўся багатым і разнастайным. У морах пераважалі фарамініферы, ганіятыты, брахіяподы, каралы, крынаідэі, астракоды, імшанкі, канадонтаносьбіты і інш., у прэсных вадаёмах — рыбы, малюскі, філаподы. На сушы з наземных пазваночных жылі стэгацэфалы, актыўна рассяляліся насякомыя і павукападобныя, з’явіліся прымітыўныя паўзуны. На сушы пераважалі споравыя, асабліва дзеразовыя, членістасцябловыя, папарацевыя расліны. Гіганцкія наземныя дрэвы (лепідадэндраны, каламіты, сігілярыі і інш.) у прыбярэжных азёрах і балотах ва ўмовах вільготнага цёплага клімату ўтваралі буйныя радовішчы каменнага вугалю, зялёныя водарасці прэсных вадаёмаў — паклады сапрапелевых вуглёў і гаручых сланцаў. З адкладамі К.с.(п.) на Зямлі звязаны радовішчы нафты і газу, жалеза, баксітаў, поліметалаў і інш. Адклады К.с.(п.) вядомы на ўсіх кантынентах.

На тэр. Беларусі кам.-вуг. адклады пашыраны на ПдУ (Прыпяцкі прагін) і на крайнім ПдЗ (Валынская манакліналь). Іх фарміраванне адбывалася пераважна ў марскіх умовах. Змена марскіх і кантынентальных умоў звязана з тэктанічнымі рухамі ў эпоху герцынскай складкавасці. Найб. поўны разрэз адкладаў К.с.(п.) ускрыты свідравінамі ў Прыпяцкім прагіне, дзе іх магутнасць вагаецца ад некалькіх метраў (на саляных купалах) да 1000 м і больш (у міжкупальных паглыбленнях). Прадстаўлены ў асноўным пясчана-гліністымі і глініста-карбанатнымі пародамі турнейскага, візейскага, серпухаўскага, башкірскага і маскоўскага ярусаў ніжняга і сярэдняга аддзелаў. Адклады верхняга аддзела (пераважна гліны, аднесеныя да ніжняй ч. касімаўскага яруса) маюць лакальнае пашырэнне і нязначную магутнасць. На крайнім ПдЗ адклады К.с.(п.) прадстаўлены глініста-карбанатнымі пародамі (магутнасцю да 90 м) верхняй ч. візейскага яруса. З тоўшчамі карбону звязаны паклады баксітавадаўсанітавых руд, каменных і бурых вуглёў, анамаліі рэдкіх элементаў.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;

Решение Межведомственного регионального стратиграфического совещания по среднему и верхнему палеозою Русской платформы: Каменноугольная система. Л., 1990.

С.​А.​Кручак.

т. 7, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс. км². Нас. 1224,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.

Прырода. К.в. займае паўд. ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс. га.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім. прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч. прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сць буд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАН,

1) адкрытая печ для плаўкі, пераплаўкі і награвання металаў. Адрозніваюць горны сырадутныя, тыгельныя, крычныя, кавальскія, а таксама для выплаўкі свінцу з рудных канцэнтратаў.

Сырадутныя горны вядомы з 2-га тыс. да н.э. (Сірыя), на тэр. Беларусі — з 1-га тыс. да н.э. Ужываліся для вырабу жалеза з балотнай руды. Гэта былі глінабітныя збудаванні шахтавага тыпу (домніцы) або каменныя печы, у якіх скуранымі мяхамі напампоўвалася непадагрэтае («сырое») паветра (адсюль назва). Палівам служыў драўняны вугаль, флюсам — вапна. Награваннем руда даводзілася да цестападобнага стану, утваралася запечаная порыстая маса з шлакавымі і інш. ўключэннямі (крыца), з якой кавалі (а не адлівалі) прылады працы, прадметы ўжытку, зброю і г.д. Тыгельныя горны — печы для плаўкі, варкі або награвання металаў, шкла і інш. у пасудзінах з тугаплаўкіх або вогнетрывалых матэрыялаў (тыглях). Вядомы з часоў бронзавага веку (у краінах Стараж. Усходу), пашырыліся ў Еўропе ў 18 ст. (у пач. 20 ст. заменены электраплавільнымі печамі). На тэр. Беларусі выкарыстоўваліся з 7—6 ст. да н.э. для выплаўкі бронзы, волава і інш. Уяўлялі сабой гліняныя пасудзіны, звужаныя ў бок донца і расшыраныя ў верхняй частцы. Крычныя горны прызначаліся для перапрацоўкі чыгуну ў крыцу. З’явіліся ў 14 ст. адначасова з развіццём вытв-сці чыгуну, існавалі да пач. 19 ст. Кавальскія горны служылі для нагрэву металаў перад каваннем, загартоўкай, кавальскай зваркай (гл. Кавальства). Прамавугольны ў плане апечак рабілі з дрэва, муравалі з камянёў ці цэглы і запаўнялі глінай. Часам над ім мацавалі бляшаны або драўляны каптур для выхаду дыму. Інтэнсіўнасць гарэння (драўнянага вугалю, коксу) забяспечвалася прадзіманнем паветра мяхамі з нажным, ручным, пазней механічным (вадзяным і інш.) прыводам. Партатыўны кавальскі горан — метал. столік з агнішчам і вентылятарам. Горан у сучасным значэнні — прамысл. печ са сталі, выкладзеная знутры цэглай, з адтулінамі (фурмамі) у бакавых сценках для падачы паветра. Прадукты згарання выдаляюцца праз адкрыты верх або выцяжную трубу. Паліва — драўняны вугаль, кокс, нафта, газ. 2) Ніжняя частка шахтавых печаў (ватэржакетнай печы, вагранкі, доменнай печы), дзе адбываецца гарэнне паліва, плавіцца і назапашваецца перад выпускам метал. 3) Печ для абпальвання ганчарных вырабаў (гл. Ганчарны горан).

4) Вогнішча на плыце для прыгатавання ежы. Насціл на бярвёнах або скрынку (клетку) рабілі з дошак і засыпалі пяском, на якім распальвалі вогнішча. Часам пясок насыпалі на дзёран, укладзены травой уніз.

У.​М.​Сацута.

Старадаўні кавальскі горан.
Схема прамысловага кавальскага горна: 1 — трубаправод ад вентылятара; 2 — фурма; 3 — выцяжная труба з каўпаком; 4 — каробка горна.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ННЫ ВУ́ГАЛЬ,

цвёрды гаручы карысны выкапень расліннага паходжання, разнавіднасць вуглёў выкапнёвых, прамежкавая паміж бурым вугалем і антрацытам. Мае ў гаручай масе 75—92% вугляроду, 2,5—5,7 вадароду, 1,5—15% кіслароду, мінер. прымесей (крэменязём, гліністае рэчыва і інш.) ад 1—2% і больш. Прымесі пры згаранні вызначаюць яго попельнасць. Колер чорны, радзей шэра-чорны. Адрозніваюць К.в. бліскучы, паўбліскучы, паўматавы, матавы. Шчыльн. 1220—1340 кг/м³. Найб. цеплыня згарання (у пераліку на сухое бяспопельнае рэчыва) 39,5—36,8 МДж/кг. Утвараецца з прадуктаў разлажэння арган. рэшткаў вышэй шых раслін, змененых працэсамі метамарфізму ва ўмовах павышаных т-р і ціску. Вылучаюць 5 генет. груп К.в., кожная з якіх паводле тыпу рэчыва падзяляецца на класы. Вядомы практычна ва ўсіх геал. сістэмах — ад дэвону да неагену, але найб. пашыраны ў карбоне, пермі і юры. Залягае ў выглядзе лінзападобных пакладаў і пластоў, магутнасцю да дзесяткаў і соцень метраў на глыбінях ад паверхні да 2,5 км і глыбей.

Важнай характарыстыкай К.в. з’яўляецца ступень яго рэгіянальнага метамарфізму, або узровень пераўтварэння арган. ч. пры павышэнні ціску і т-ры з пагружэннем вугляноснай тоўшчы на глыбіню. Адбываецца паступовая змена хім. саставу вуглёў, іх фіз. уласцівасцей і ўнутрымалекулярнай будовы. На вышэйшай (канчатковай) стадыі метамарфізму К.в. ператвараецца ў антрацыты, а пры яўна выражанай крышт. структуры — у графіты. Узрастанне ступені метамарфізму ў арган. рэчыве К.в. выклікаецца паслядоўным павелічэннем адноснай колькасці вугляроду і змяншэннем колькасці кіслароду і вадароду, лятучых рэчываў; змяняюцца таксама цеплыня згарання, здольнасць спякацца і фіз. ўласцівасці вугалю. Гал. тэхнал. ўласцівасці, якія вызначаюць каштоўнасць К.в., — спякальнасць і каксаванне. Прамысл. класіфікацыі К.в. заснаваны на розных параметрах якасцей і саставу вуглёў — на цеплыні згарання, колькасці звязанага вугляроду і лятучых кампанентаў, на цеплыні згарання і здольнасці да каксавання (Японія); на генет. асаблівасцях і цеплыні згарання (Расія, Украіна) і г.д. Па велічыні выхаду лятучых рэчываў і характарыстыцы негаручых рэшткаў К.в. падзяляюцца на 10 марак: даўгаполымныя, газавыя, газаватлустыя, тлустыя, коксавыя тлустыя, коксавыя, коксавыя іншыя, слабаспякальныя, збедненыя спякальныя і бедныя. Сусв. рэсурсы К.в. па розных ацэнках вагаюцца ад 8 да 16 трыльёнаў т. Найб. разведаныя запасы сканцэнтраваны ў Расіі, Казахстане, ЗША, Германіі, Польшчы, на Украіне. Выкарыстоўваецца К.в. як тэхнал. і энергет. сыравіна, для атрымання вадкага паліва. Пры вытв-сці коксу атрымліваюць многія хім. рэчывы, на аснове якіх выпускаюць угнаенні, пластмасы, сінт. валокны, лакі, фарбы і інш. З К.в. ў прамысл. маштабах атрымліваюць многія каштоўныя элементы: ванадый, германій, галій, серу і інш. Гл. таксама Вугальная прамысловасць.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНАЯ́РСКІ КРАЙ.

У складзе Рас. Федэрацыі. Утвораны 7.12.1934. Размешчаны пераважна ў межах Усх. Сібіры, у бас. р. Енісей; уключае таксама архіпелаг Паўн. Зямля і прылеглыя астравы. Пл. 2339,7 тыс. км². Нас. 3107 тыс. чал. (1997), гарадскога 74%. Сярэдняя шчыльн. 1,3 чал. на 1 км² (0,01 чал. на 1 км² на Пн, 25 чал. на 1 км² у паласе каля Транссібірскай магістралі). Жывуць рускія (87,6%), украінцы (3,5), татары (1,6), немцы (1,4), беларусы (1), чувашы (0,8), народы Поўначы (эвенкі, даўганы, ненцы, якуты, нганасаны, кеты — 0,5%) і інш. У складзе К.К. Таймырская (Даўгана-Ненецкая) аўтаномная акруга, Эвенкійская аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Краснаярск. Найб. гарады: Нарыльск, Ачынск, Канск, Жалезнагорск, Мінусінск, Лесасібірск, Назарава.

Прырода. Край прасціраецца ад берагоў Паўн. Ледавітага ак. да гор Паўд. Сібіры амаль на 3 тыс. км. На Пн п-аў Таймыр з гарамі Быранга (выш. да 1146 м), якія абрываюцца на Пд да забалочанай Паўн.-Сіб. нізіны. На З — усх. частка Зах.-Сіб. раўніны. У цэнтры Сярэднесібірскае пласкагор’е (выш. 500—700 м), з найб. вышынямі на Енісейскім кражы (да 1104 м) і плато Путарана (да 1701 м). Паўд. ч. занята адгор’ямі Усх. Саяна (выш. да 2922 м) і Зах. Саяна (выш. да 2456 м) і Мінусінскай катлавінай. Край багаты карыснымі выкапнямі. Геал. запасы вугалю больш за 3 трлн. т. Распрацоўваецца Канска-Ачынскі вугальны басейн (638 млрд. т), перспектыўныя Тунгускі (2299 млрд. т) і Таймырскі (235 млрд. т) басейны. Буйныя радовішчы жал. (Ніжнеангарскае, Тагарскае), медна-нікелевых і спадарожных руд (малібдэн, кобальт, вальфрам, плаціна), металаў, баксітаў, золата, графіту, фасфарытаў, слюды, нафты і газу, кухоннай солі, паўкаштоўных камянёў. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -36 °C на Пн да -18 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 13 да 20 °C. Ападкаў ад 200—300 мм на Пн да 800—1200 мм за год у гарах Паўд. Сібіры. На Пн ад р. Ніжняя Тунгуска шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Паўн. Ледавітага ак. Найбольшая р. Енісей з прытокамі Ангара, Падкаменная і Ніжняя Тунгуска, Сым, Елагуй; рэкі Хатанга, Пясіна, Таймыра і прытокі Обі — Чулым і Кець. Рэкі багатыя гідраэнергіяй, суднаходныя. Азёры — Таймыр, Пясіна, Лама, Кета і інш. Краснаярскае вадасховішча. Глебы на Пн забалочаныя, тарфяныя, на Пд мярзлотна-таежныя, шэрыя лясныя, чарназёмныя і каштанавыя. На п-ве Таймыр пашырана мохава-лішайнікавая тундра. Пад лесам каля 150 млн. га. Пераважае тайга з лістоўніцы, піхты, хвоі, кедра. На Пд ад зоны тайгі паласа мяшаных і драбналістых лясоў. Астраўныя лесастэпы (Ачынскі, Краснаярскі, Канскі) пераходзяць у стэпы Мінусінскай катлавіны. Жывёльны свет разнастайны. У тундры водзяцца лемінг, пясец, заяц-бяляк, алень, у тайзе — лось, кабарга, вавёрка, бурундук, буры мядзведзь, расамаха, гарнастай, собаль, ліс і інш. Запаведнікі «Сталбы» і Таймырскі.

Гаспадарка. К.к. мае магутны эканам. патэнцыял. На долю прам-сці прыпадае 70% усёй прадукцыі, на сельскую гаспадарку — 12%. Асн. галіны: горназдабыўная, электраэнергет., металургічная, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., лясная. Паліўна-энергет. комплекс фарміруецца на гідраэнергіі Енісея (Краснаярская, Усць-Хантайская ГЭС) і вугалі Канска-Ачынскага вугальнага басейна. Дзейнічаюць Бярозаўскі, Назараўскі і Ірша-Барадзінскі вугальны разрэзы. У 1996 здабыта 38,5 млн. т вугалю. Вытв-сць электраэнергіі 49 млрд. кВт гадз (1996). Вядзецца здабыча жал. руды (1,7 млн. т), каляровых і рэдкіх металаў, графіту, слюды, барыту, кааліну. Каляровая металургія спецыялізуецца на вытв-сці нікелю, медзі, кобальту, селену, золата, серабра, плаціны, паладыю, ірыдыю (Нарыльск), гліназёму (Ачынск), алюмінію (Краснаярск). Якасную сталь выплаўляе металургічны з-д «Сібэлектрасталь» у Краснаярску. Машынабудаванне і металаапрацоўка: з-ды па вытв-сці збожжаўборачных камбайнаў, электрарухавікоў, радыётэхнікі, тэлевізараў, халадзільнікаў, абсталявання для лясной і алюмініевай прам-сці (Краснаярск), аўтамаб. і трактарных прычэпаў (Сасноваборск), абсталявання для папяровай прам-сці (Канск), нізкавольтнай апаратуры (Дзіўнагорск), комплекс электратэхн. вытв-сці (кабель, высакавольтная апаратура, электранагравальныя прылады, Мінусінск). Суднабудаванне ў Краснаярску, суднаверф у Енісейску. Развіта лясная і дрэваапр. прам-сць. Лесапілаванне і дрэваапрацоўка ў Лесасібірску, Ачынску, Енісейску, Багучанах, Ігарцы; цэлюлозна-папяровая вытв-сць у Краснаярску; мэблевая ў Мінусінску, Назараве, Заазерным. Вытв-сць (1996): дзелавой драўніны 5.4 млн. м³, піламатэрыялаў 1,6 млн. м³, паперы 50,3 тыс. т, кардону 58,4 тыс. т. На аснове хім. перапрацоўкі драўніны развіта вытв-сць сінт. каўчуку, хім. валакна, шын, гумава-тэхн. вырабаў (Краснаярск). У Ачынску нафтаперапр. з-д. Прам-сць буд. матэрыялаў у Краснаярску, Ачынску, Канску, Дзіўнагорску, Назараве. Лёгкая прам-сць: баваўняны камбінат у Канску, шаўковы ў Краснаярску, гарбарна-абутковыя ф-кі ў Краснаярску і Канску, швейныя ф-кі. Харч. прам-сць працуе на мясцовай с.-г. сыравіне. Рыбазаводы ў Дудзінцы і Ігарцы. Пл. с.-г. угоддзяў больш за 5 млн. га, у т. л. пад ворывам 3,3 млн. га, пад пашай 1,3 млн. га. Асн. ворныя землі ў лесастэпавых і стэпавых раёнах Мінусінскай катлавіны. Сеюць яравую пшаніцу, жыта, авёс, проса, грэчку. Вырошчваюць бульбу, лён, сланечнік, цукр. буракі, агародніну. Збор (млн. т, 1995): збожжа — 2,2, бульбы — 1,1, агародніны — 0,2. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна-, коне- і авечкагадоўля, на Пн — аленегадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995): буйн. раг. жывёлы — 944, 7, свіней — 655,2. Вял. значэнне маюць зверагадоўля і пушны промысел (Эвенкійская аўт. акруга). Пчалярства, збор кедравых арэхаў. Даўж. чыгункі 2,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 19,6 тыс. км. Гал. чыгунка — Транссібірская магістраль, самая паўн. чыгунка — Нарыльск—Дудзінка. Даўж. суднаходных шляхоў 6,2 тыс. км. Суднаходства па р. Енісей з выхадам да Паўн. марскога шляху. Парты — Дудзінка, Дыксан, Хатанга, Ігарка. Курорты Учум і Шыра.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на ПдЗ Расійскай Федэрацыі, у Перадкаўказзі. Абмываецца Таганрогскім зал. Азоўскага м. Утворана 13.9.1937. Пл. 100,8 тыс. км². Нас. 4341 тыс. чал. (2000), гарадскога 68%. Цэнтр — г. Растоў-на-Доне. Найб. гарады: Таганрог, Шахты, Валгадонск, Новачаркаск, Навашахцінск, Батайск, Каменск-Шахцінскі, Сальск.

Рэльеф пераважна раўнінны. На З — усх. адгор’і Данецкага кража (выш. 253 м), на Пн — Данская града, на ПдУ — узв. Ергені, на Пд — Кума-Маныцкая ўпадзіна і Сальска-Маныцкая града. Паверхня парэзаная далінамі рэк, ярамі, лагчынамі. Карысныя выкапні: кам. вугаль (ч. Данецкага вугальнага басейна; запасы 6576,8 млн. т), флюсавыя вапнякі, тугаплаўкія гліны, кухонная соль, прыродны газ і інш. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -9 °C на Пн да -5 °C на Пд, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Гал. рака Дон з прытокамі Северскі Данец, Чыр (справа), Сал, Маныч (злева), выкарыстоўваецца для арашэння. Найб. воз. Маныч-Гудзіла. Буйныя вадасховішчы Цымлянскае, Вясёлаўскае, Пралетарскае. Глебы чарназёмныя, на У цёмна-каштанавыя, месцамі саланцы, у поймах рэк алювіяльна-лугавыя. Амаль усе прыдатныя для сельскай гаспадаркі землі разараны, лясы захаваліся ў ярах і лагчынах (дуб, клён, ясень, вяз). Лясістасць 2,4%. Растоўскі запаведнік.

Р.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавога прадукту на долю прам-сці прыпадае 24,3%, сельскай гаспадаркі — 14,8%, буд-ва — 8,5%, транспарту — 8,6%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 1998): электраэнергетыка (Новачаркаская ДРЭС, Цымлянская ГЭС, Растоўская АЗС) — 25,4%; машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. с.-г. (збожжаўборачныя камбайны, культыватары і інш.), энергет., вытв-сць электравозаў, экскаватараў, верталётаў, кавальска-прэсавага, металург., нафтавага і гандл. абсталявання, металаапр. станкоў, інструментаў, оптыка-мех., бытавых электрапрылад і інш. — 20,2%; харч. (мясная, алейна-тлушчавая, кансервавая, вінаробная) — 17,5%; паліўная (здабыча кам. вугалю, прыроднага газу) — 12,6%. Развіта чорная і каляровая металургія (ліставы пракат, сталь, трубы для нафтавай і газавай прам-сці), хім. і нафтахім. (тэрмапластмасы, лакі, фарбы, гумава-тэхн. вырабы, мыйныя сродкі), лёгкая (швейная, гарбарна-абугковая, трыкат.), дрэваапр., вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. С.-г. ўгоддзі займаюць 8,3 млн. га, у т. л. ворныя землі 6 млн. га (1998). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, рыс, кукуруза, проса), тэхн. (сланечнік, клешчавіна, каляндра, гарчыца), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва, вінаградарства. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, коней, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак, 1935 км. Асн. чыгункі: Масква—Харкаў—Баку, Масква—Растоў-на-Доне—Новарасійск, Валгаград—Сальск—Ціхарэцк. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс. км. Суднаходства па рэках Дон, Северскі Данец, Зах. Маныч, Азоўскім моры. Марскі порт — Таганрог, рачныя парты — Растоў-на-Доне, Усць-Данецкі, Курорты — Маныч, Вёшанскі.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 13, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́ЗІЛЕНД (свазі Swatini, англ. Swaziland),

Каралеўства Свазіленд (свазі Umbuso we Swatini, англ. Kingdom of Swaziland), дзяржава ва ўнутр. частцы Паўд. Афрыкі. Мяжуе на Пн, З і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР), на У — з Мазамбікам. Пл. 17,4 тыс. км². Нас. 1083,3 тыс. чал. (2000). Дзярж. мовы свазі і англійская. Сталіца — г. Мбабане, рэзідэнцыя караля і парламента — г. Лобамба. Краіна падзяляецца на 4 раёны. Нац. свята — Дзень незалежнасці (6 вер.).

Дзяржаўны лад. С. — канстытуцыйная манархія. Чл. Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1978. Кіраўнік дзяржавы — кароль, які ўзначальвае заканад. і выканаўчую ўлады. Вышэйшы заканад. орган краіны — двухпалатны парламент (лібандла), які складаецца з Нац. сходу (65 месц) і Сената (30 месц). Тэрмін дзейнасці парламента 5 гадоў. Выбары ў Нац. сход — двухступенныя (у 2-м туры 55 дэпутатаў выбіраюцца выбаршчыкамі, 10 назначаюцца каралём). 10 сенатараў выбіраюцца палатай сходу, 20 — назначаюцца каралём. Урад фарміруецца каралём.

Прырода. Паверхня — плато, якое паніжаецца на У да ўзбярэжжа Індыйскага ак. З прыступкамі шырынёй ад 20 да 80 км: Высокі Велд (выш. 1500—1000 м), Сярэдні Велд (800—400 м) і Нізкі Велд (300—150 м). Найвыш. пункт — г. Эмлембе (1862 м). На крайнім У горы Лебомба (выш. да 770 м). Ёсць радовішчы азбесту, жал. руды, каменнага вугалю і інш. Клімат субтрапічны. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 °C на Высокім Велдзе да 15 °C на Нізкім, лют. ад 23 да 25 °C. Ападкаў за год ад 500—700 мм на Нізкім Велдзе да 1400 мм на Высокім; выпадаюць пераважна летам. Рэкі горныя. Пераважае саванная расліннасць з акацыямі і баабабамі, на У — ксерафітныя хмызнякі. Пад лесам менш за 7% тэр., на схілах узгоркаў на Высокім Велдзе — хваёвыя лясы. Праводзяцца лесапасадкі. Жывёльны свет тыповы для саваннаў. З млекакормячых сустракаюцца буйвалы, антылопы, зебры, бегемоты. На У распаўсюджана муха цэцэ. Ёсць некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва. Афрыканцы складаюць 97% насельніцтва, у т. л. народы свазі — больш за 80% і зулу — каля 13%; 3% — англічане, афрыканеры, выхадцы з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў 60% хрысціян (пераважна католікі), 40% захоўваюць мясц. традыц. вераванні. Сярэднегадавы прырост 1,9% (1999). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 62 чал. на 1 км², больш шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены Сярэдні Велд. Гар. насельніцтва 26%. У г. Мбабане 47 тыс. ж. (2000), у астатніх гарадах каля 10 тыс. ж. У сельскай гаспадарцы занята 60% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці —10%, у абслуговых галінах — 30%. Значная ч. (да 30%) мужчынскага насельніцтва працуе ў ПАР (сезонна або пастаянна).

Гісторыя. Плямёны свазі засялілі тэр. С. ў канцы 18 ст. У 1820—30-я г. іх правадыр Сабхуза I стварыў цэнтралізаваную дзяржаву свазі, якая ў сярэдзіне 19 ст. дасягнула пэўнага росквіту пры яго пераемніку Мсваці I. У 1894 яна далучана да Трансвааля. Пасля англа-бурскай вайны 1899—1902 у 1903 створаны асобны брыт. пратэктарат С. з 1964 краіна атрымала самакіраванне, 6.9.1968 абвешчана незалежнасць Каралеўства С. Паводле канстытуцыі 1968 усталяваны рэжым парламенцкай манархіі. Пасля парламенцкіх выбараў 1973, на якіх поспех мела апазіцыя, кароль Сабхуза II [1921—82] скасаваў канстытуцыю, распусціў парламент і забараніў паліт. партыі. Новая канстытуцыя 1979 сканцэнтравала дзярж. ўладу ў руках караля, абмежавала паўнамоцтвы парламента і забараніла дзейнасць партый.

У 1990-я г. актывізавалася дзейнасць дэмакр. апазіцыі, арганізаваныя ёю нар. выступленні прымусілі караля Мсваці III [з 1982] ажыццявіць пэўную дэмакратызацыю паліт. жыцця. С. — чл. ААН (з 1968), Арг-цыі афр. адзінства.

Гаспадарка. С. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна з вял. уплывам замежнага (пераважна паўд.-афр.) капіталу. Кіраўніцтва краіны праводзіць курс на стварэнне спрыяльных умоў для прыцягнення замежных інвестыцый. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) — 4 млрд. дол. (1998), па 4,2 тыс. дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца 42% ВУП, у сельскай гаспадарцы 10%, у абслуговых галінах — 48%. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 200 тыс. га, пад пашай каля 1,1 млн. га. Арашаецца каля 70 тыс. га зямлі. Вылучаюцца афр. і еўрап. сектары. Афрыканцы пераважна вядуць паўнатуральнае матычнае земляробства, памер іх гаспадарак каля 1 га, вырошчваюць кукурузу, сорга, пшаніцу, бабовыя, агародніну. Таварная экспартная прадукцыя вырошчваецца на плантацыях і буйных фермах: цукр. трыснёг (каля 500 тыс. т цукру штогод), бавоўнік, тытунь, рыс, цытрусавыя і ананасы. Жывёлагадоўля адгонна-пашавая. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы 652, коз 439. Асн. раёны жывёлагадоўлі Высокі і Сярэдні Велд. Птушкагадоўля (у 1997—980 тыс. курэй). У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (цукр., безалкагольных напіткаў, малочныя, мясныя, мукамольныя, алейныя і інш.), дрэваапрацоўчыя, тэкст., швейныя, хімічныя. У г. Мбабане — металаапр. прадпрыемствы, у г. Манзіні — зборка тэлевізараў з імпартаваных частак. Лесанарыхтоўкі. Пашыраны саматужная і паўсаматужная апрацоўка скур, вытв-сць тканін, адзення і абутку, ганчарных вырабаў, драўляных прадметаў хатняга побыту, сувеніраў. Вытв-сць электраэнергіі 420 млн. кВт∙гадз (1998), у т. л. 50,6% на ГЭС, 49,4% на цеплавых электрастанцыях, імпартавана з ПАР 571 млн. кВт∙гадз. Здабыча азбесту (у асобныя гады 4-е месца ў свеце), жал. руды, каменнага вугалю. Транспарт пераважна аўтамабільны і чыгуначны. У С. 3,8 тыс. км аўтадарог, 297 км чыгункі. Для знешнегандл. зносін вял. значэнне маюць парты Дурбан (ПАР) і Мапуту (Мазамбік). У краіне 18 аэрапортаў і пасадачных пляцовак, у т. л. міжнар. аэрапорт каля г. Манзіні. У 1998 экспарт склаў 972 млн. дол., імпарт — 1,2 млрд. дол. У экспарце пераважаюць цукар (40% па кошце), азбест, канцэнтраты безалкагольных напіткаў, драўніна, бавоўна, фрукты; у імпарце — прамысл. і спажывецкія тавары, збожжа, паліва, хімікаты. Асн. гандл. партнёры: ПАР (58% экспарту, 96% імпарту), краіны Еўропы, Японія. Турызм (каля 250 тыс. чал. штогод пераважна з ПАР, даход каля 40 млн. дол.). Важнае эканам. значэнне маюць грашовыя пераводы грамадзян С. з-за мяжы. С. атрымлівае эканам. дапамогу ад ПАР і Вялікабрытаніі. Грашовая адзінка — лілангені.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Свазіленда.

т. 14, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)