наступальная аперацыя войскаў правага крыла 1-га Бел. фронту (ген. арміі К.К.Ракасоўскі) 24—29 чэрв.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял.Айч. вайну. Удзельнічалі 3-я, 28, 48, 65-я арміі, конна-механізаваная група, 16-я паветр. армія, Дняпроўская ваен. флатылія, злучэнні авіяцыі і бел. партызаны. Ім процістаяла 9-я і частка 4-й ням. арміі, якія мелі ўмацаваную глыбокаэшаланіраваную абарону. Задача аперацыі — акружыць і разграміць бабруйскую групоўку праціўніка. У ходзе аперацыі разбіты гал. сілы ням. 9-й арміі, на ПдУ ад Бабруйска акружана і ліквідавана 40-тысячная групоўка ворага (гл.Бабруйскі «кацёл»). ВойскіЧырв. Арміі прасунуліся на 100—110 км, былі створаны спрыяльныя ўмовы для наступлення на Мінск і Баранавічы.
Да арт.Бабруйская аперацыя 1944. Разбітая тэхніка ворага ў раёне Бабруйска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ «КАЦЁЛ»,
акружэнне пад Бабруйскам войскамі правага крыла 1-га Бел. фронту ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 6 дывізій 9-й ням. арміі ў Вял.Айч. вайну. Сав. 3-я і 48-я арміі, якія наступалі з раёна Рагачова, і 65-я армія, што наступала з раёна на Пд ад Парычаў, 27.6.1944 злучыліся на Пн ад Бабруйска, замкнулі акружэнне 40-тысячнай групоўкі ворага і пачалі яе ліквідацыю. 526 самалётаў 16-й паветр. арміі на працягу 1,5 гадзіны наносілі ўдары па праціўніку, які рыхтаваў прарыў. 28 чэрв.сав.войскі закончылі ліквідацыю акружанага праціўніка. 5-тысячнай групоўцы ворага ўдалося прарвацца з раёна Бабруйска ў напрамку Асіповіч, але і яна была ўзята ў палон. 29 чэрв. быў вызвалены Бабруйск.
Да арт.Бабруйскі «кацёл». Гітлераўцы, узятыя ў палон пад Бабруйскам. Чэрвень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНГА́МСКІ БОЙ 1720,
баявыя дзеянні ў Балтыйскім м. каля в-ва Грэнгам (паўд. група Аландскіх а-воў) паміж атрадамі рас. і швед.ВМФ 7.8.1720 у Паўночную вайну 1700—21. 6 жн. атрад рас. вёславых суднаў (52 галеры і 14 лодак з 11 тыс.чал. дэсанта; усяго 52 гарматы) пад камандаваннем ген. М.М.Галіцына паводле загаду Пятра I прыбыў да Аландскіх а-воў, каб знішчыць швед. эскадру віцэ-адм. К.Шэблата (лінейны карабель, 4 фрэгаты, 9 малых суднаў, 156 гармат). У ходзе бою рас. маракі ўзялі на абардаж 4 фрэгаты, астатнія швед. караблі адступілі; шведы страцілі 103 чал. забітымі і 407 палоннымі, расіяне — каля 300 забітымі і параненымі. У выніку перамогі ў Грэнгамскім баі рас.войскі замацаваліся ў раёне Аландскага архіпелага, што паскорыла заключэнне Ніштацкага мірнага дагавора 1721.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНІ́РАВАННЕ (ад лац. internus унутраны),
прымусовае выдаленне замежных грамадзян у асобыя месцы пасялення бакамі, што ваююць паміж сабой, або нейтральным бокам у сувязі з узбр. канфліктам. Паводле Гаагскай канвенцыі 1907 у выпадку вайны прадугледжваецца права і абавязак нейтральнай дзяржавы, якая прыняла на сваю тэрыторыю войскі, збеглых ваеннапалонных, хворых або параненых вайскоўцаў, якія належаць да ваюючых армій, размеркаваць іх у месцах, далёкіх ад тэатра ваен. дзеянняў. І. належаць таксама ваен. караблі ваюючых краін і экіпажы, што апынуліся ў партах нейтральных дзяржаў і адмовіліся іх пакінуць. Інтэрніраваным павінны прадастаўляцца сродкі існавання і неабходная мед. дапамога. Выдаткі на ўтрыманне інтэрніраваных кампенсуюцца ў сувязі з мірным урэгуляваннем узбр. канфлікту. Рэжым І. рэгулюецца Жэнеўскімі канвенцыямі 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і абыходжанне з ваеннапалоннымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІІ́ЎШЧЫНА,
сялянска-казацкае паўстанне на Правабярэжнай Украіне ў 1768 супраць сац. і нац. прыгнёту з боку Рэчы Паспалітай; найб. ўздым руху гайдамакаў. Пачалося ў маі на поўдні Кіеўскага ваяв., дзе пад кіраўніцтвам М.Залізняка сабраліся незадаволеныя сяляне, узброеныя каламі (адсюль назва) і халоднай зброяй. Яны занялі Смелу, Чаркасы, Канеў, Корсунь, Лысянку. 20—21 чэрв. атрады Залізняка і казакі на чале з Х.Гонтай авалодалі Уманню. Паўстанне ахапіла Кіеўшчыну, Брацлаўшчыну, Падолію, Валынь. Дзейнічалі атрады гайдамакаў пад кіраўніцтвам С.Нежывога, А.Журбы, І.Бандарэнкі і інш. Пад уплывам К. пачаліся сял. хваляванні ў Галіцыі і этнічнай Польшчы. Баючыся пашырэння паўстання на сваю тэр., урад Расіі дапамог уладам Рэчы Паспалітай задушыць яго (7 ліп.рас.войскі захапілі Залізняка, Гонту і інш. кіраўнікоў, раззброілі іх атрады). К. прысвечана паэма Т.Р.Шаўчэнкі «Гайдамакі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),
старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым.войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс.рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1915,
баявыя дзеянні паміж рас. арміямі Паўд.-Зах. фронту (40 пяхотных і 8,5 кав. дывізій, 2980 гармат) і аб’яднанымі герм. і аўстра-венг. войскамі (53,5 пяхотных і 9,5 кав. дывізій, 2440 гармат) у Карпацкіх і Бяскідскіх гарах на тэр.Галіцыі 22.1—24.4.1915 у 1-ю сусв. вайну. Праходзіла як сустрэчныя франтальныя сутыкненні бакоў на лініі да 200 км (першымі пачалі наступаць рас.войскі з мэтай уварвацца праз Карпаты на Венг. раўніну і вывесці з вайны Аўстра-Венгрыю). Ва ўпартых баях, у т. л. за крэпасць Перамышль (цяпер Пшэмысль, Польшча), рас. арміі страцілі каля 1 млн.чал., аўстра-венг. і герм. — 800 тыс.чал., у т. л. 100 тыс. забітымі. Адцягненне аўстра-венг. і герм. войск на К.а. палегчыла становішча на франтах саюзнікаў Расіі—Вялікабрытаніі і Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,
сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс.чал.) і малых (па 6—7 тыс.чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн.чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.
Літ.:
Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,
мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц.войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым з рус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». За паліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус.правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.