А́БЕРКРАМБІ (Abercrombie) Леслі Патрык (1879, г. Аштан-на-Мерсі, Вялікабрытанія — 23.3.1957),
англійскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Выкладаў у Ліверпульскім (1915—35) і Лонданскім ун-тах. Адзін з пачынальнікаў раённай планіроўкі гарадоў. У 1921—22 стварыў праект планіроўкі прамысл. раёна г. Донкастэр, які прадугледжваў буд-ва гарадоў-спадарожнікаў, функцыян. заніраванне тэрыторыі. У праекце развіцця «Вялікага Лондана» (1944) прапанаваў абмежаваць яго памеры «зялёным поясам» і пабудаваць 8 гарадоў-спадарожнікаў. Прэзідэнт Міжнар. саюза архітэктараў (1946—57).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБС (Gibbs) Джэймс (23.12.1682, г. Абердзін, Вялікабрытанія — 5.8.1754),
англійскі архітэктар і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Галандыі, у 1700—09 — у Італіі ў К.Фантана. Супрацоўнічаў з К.Рэнам. Яго пабудовы ў стылі класіцызму вызначаюцца прастатой і адзінствам кампазіцыі, вытанчанасцю дэталей: цэрквы Сент-Мэры-ле-Стрэнд (1714—17) і Сент-Марцін-ін-зе-Філдс (1722—26) у Лондане; парадна-велічны будынак б-кі Рэдкліфа (1737—49) у Оксфардзе і інш. Аўтар працы «Кніга пра архітэктуру» (1728).
англійскі архітэктар. Неаднаразова наведваў Італію, дзе вывучаў работы А.Паладыо (да яго трактата «Чатыры кнігі пра архітэктуру» выдаў каментарыі ў 1715) і Дж.Віньёлы. У 1615—43 гал. дазорац каралеўскіх будынкаў. Як адзін з буйнейшых прадстаўнікоў англ.паладыянства сцвярджаў у айч. архітэктуры прынцыпы класічнага дойлідства. Яго праект палаца Уайтхал у Лондане (1619—22; пабудавана Банкетная зала), віла каралевы («Куінсхаўс») у Грынвічы (1616—35) адметныя выразнасцю кампазіцыі і высакароднай прастатой формаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗА́РГ (Désargues) Жэрар (2.3.1593, г. Ліён, Францыя — 8.10.1662; паводле інш. звестак 1591—1661),
французскі матэматык, архітэктар і інжынер. Заснавальнік нарысоўнай і праектыўнай геаметрыі. Выкарыстоўваў перспектыўнае відарысаўтварэнне фігур. Увёў у геаметрыю паняцці бясконца аддаленых элементаў і палярнасці. Даказаў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (Дэзарга тэарэма). Адкрыў эпіцыклоіду і выкарыстаў яе для прафілявання зубоў зубчастых колаў.
Літ.:
Вилейтнер Г. История математики от Декарта до середины XIX столетая: Пер. с нем. 2 изд. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРУ́ДНЫ Іван Пятровіч (? — 1727),
расійскі архітэктар і мастак. Ураджэнец Украіны. З 1701 на царскай службе ў Маскве. У 1704—07 пабудаваў царкву архангела Гаўрыіла (т.зв. Меншыкаву вежу), у якой традыц. кампазіцыя рус. шмат’ярусных цэркваў спалучана з арх. элементамі і дэкар. дэталямі барока. Барочныя рысы маюць таксама царква Івана Воіна (1709—13, Масква; прыпісваецца З.), і асабліва складаныя шмат’ярусныя іканастасы Праабражэнскага сабора (1719, Талін) і сабора Петрапаўлаўскай крэпасці (1722—27, С.-Пецярбург), зробленыя па яго малюнках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧЭ́ЎСКІ Мікалай Фёдаравіч (1824—1900),
бел.архітэктар. Скончыў Пецярбургскае буд. вучылішча (1844). Працаваў губ. архітэктарам гарадоў Камянец-Падольскі (Украіна; 1848), Віцебск (1870—85), Разань (Расія; 1885—90). У Віцебску перабудаваў будынак б. паліцэйскага аддзялення пад гар.т-р (1870-я г.) і жылы дом — пад публічную б-ку (1883); паводле яго праектаў і пад яго кіраўніцтвам узведзены будынкі мужчынскай гімназіі (1880), бальніцы (1884), Віцебскага акруговага суда будынак, праведзена добраўпарадкаванне Замкавай гары (1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РАБАЎ Іван Кузьміч (1700 або 1701—1747),
рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус. барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус.арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.І.Чавакінскі, А.П.Какорынаў, Дз.В.Ухтамскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУФЛО́ (Soufflot) Жан Жэрмэн (22.7.1713, Ірансі, каля г. Асер, Францыя — 29.8.1780),
французскі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў Рыме (1734—37). З 1731 і ў 1750 вывучаў ант. помнікі Італіі і М.Азіі. Паводле яго праектаў узведзены фасад атэля Дзьё (бальніца; 1741—42) у Ліёне і інш. пабудовы. Асн. яго твор — царква Сент-Жэнеўеў у Парыжы (1755—89, у 1791 пераўтвораны ў Пантэон), вылучаецца строгай манументальнасцю форм, смеласцю канстр. вырашэнняў. Іл.гл. да арт.Пантэон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭРЭ́РА (Herrera) Хуан Баўтыста дэ (каля 1530, Мабельян, Іспанія — 15.1.1597),
іспанскі архітэктар; прадстаўнік Позняга Адраджэння. Архітэктуру вывучаў у Бруселі (1548—51). З 1559 працаваў (з 1567 узначаліў) на буд-ве комплексу кляштара-палаца Эскарыял. У сваіх творах (біржа ў Севільі, 1582—98) стварыў характэрны для ісп. дойлідства эпохі Філіпа II стыль «эрэрэска» (ці «дэсарнаментада»), адметны лаканізмам маст. мовы, аскетычнай суровасцю арх. форм, амаль пазбаўленых дэкору.