КАРА́НА (Khorana) Хар Гобінд (н. 9.1.1922, г. Райпур, Індыя) амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1966). Замежны чл. АН СССР (1971). Скончыў Пенджабскі ун-т (1945, г. Лахор),

Ліверпульскі ун-т (1948). З 1950 у Кембрыджскім ун-це, з 1952 ва ун-це Брытанскай Калумбіі ў г. Ванкувер (Канада), з 1960 у Ін-це даследавання ферментаў Вісконсінскага ун-та ў г. Мадысан (ЗША, з 1962 праф.), з 1970 у Масачусецкім тэхнал. ін-це. Навук. працы па сінтэзе каферментаў, нуклеатыдаў і нуклеінавых кіслот. Зрабіў значны ўклад у расшыфроўванне генет. кода. Сінтэзаваў ген транспартнай РНК. Нобелеўская прэмія 1968 (разам з Р.У.Холі і М.У.Нірэнбергам).

Х.Г.Карана.

т. 8, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РТЫЦ, Кёртыс (Curtiz) Майкл

[сапр. Кертэс (Kertész) Міхай; 24.12.1888, Будапешт — 10.4.1962],

амерыканскі рэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў. Быў акцёрам венг. Нац. т-ра. У 1912—19 ставіў фільмы ў Венгрыі. З 1922 у краінах Зах. Еўропы, з 1926 у ЗША. Здымаў вестэрны («Вірджынія сіці», 1940; «Каманчэрас», 1961), гіст. драмы («Сцежка на Санта-Фе», 1940), экранізацыі гіст. твораў («Марскі воўк» паводле Дж.​Лондана, 1941), сац. драмы («Хаціна ў бавоўніку», 1932, у сав. пракаце «Здрада Марвіна Блейка»; «Анёлы з бруднымі тварамі», 1938), героіка-прыгодніцкія фільмы («Капітан Блад», 1935, у сав. пракаце «Адысея капітана Блада»; «Прыгоды Робін Гуда», 1938; «Касабланка», 1943, прэмія «Оскар»).

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАН (Compton) Артур Холі (10.9. 1892, г. Вустэр, штат Агайо, ЗША — 15.3.1962),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1927) і шэрагу замежных АН. Скончыў Прынстанскі ун-т (1914). У 1920—23 і 1953—61 праф. ун-та Вашынгтона ў г. Сент-Луіс (у 1945—53 рэктар); у 1923—45 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы рэнтгенаўскіх і касм. прамянёў. Адкрыў эфект змены даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення з прычыны рассеяння яго электронамі рэчыва (Комптана эфект). Выявіў поўнае ўнутранае адбіццё рэнтгенаўскіх прамянёў. Адкрыў шыротны эфект касм. прамянёў, які сведчыць пра іх карпускулярную прыроду. Удзельнік стварэння атамнай бомбы. Нобелеўская прэмія 1927.

А.Комптан.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕР (Cooper) Леон Нейл (н. 28.2.1930, г. Нью-Йорк, ЗША),

амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл. Нац. АН ЗША (1975). Скончыў Калумбійскі ун-т (1951). З 1958 ва ун-це Браўна ў г. Провідэнс (з 1962 праф.), дырэктар Ін-та мозга і нейронных сістэм гэтага ун-та. Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, звышправоднасці, нейронных сетках, біял. асновах памяці і навучання. У 1956 адкрыў з’яву ўтварэння электронных пар у металах (Купера эфект). У 1957 разам з Дж.​Бардзіным і Дж.Р.Шрыферам стварыў мікраскапічную тэорыю звышправоднасці (тэорыя Бардзіна—Купера—Шрыфера). Нобелеўская прэмія 1972.

Тв.:

Рус. пер. — Физика для всех. Т. 1—2. М., 1973—74.

М.​М.​Касцюковіч.

Л.Купер.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НКАСТЭР (Lancaster) Бёрт (сапр. імя Бёртан Стывен; 2.11.1913, Нью-Йорк — 1994),

амерыканскі кінаакцёр. У кіно з 1946. Ствараў вобразы валявых, моцных духам людзей, здольных супрацьстаяць неспрыяльным абставінам. Сярод яго работ вострахарактарныя («Элмер Гантры», 1960, прэмія Оскар 1961; «Буфала Біл і індзейцы», 1976), тонкапсіхал. («Леапард», 1962; «Сямейны партрэт у інтэр’еры», 1975) і трагічныя («Нюрнбергскі працэс», 1961) ролі. Зняўся ў фільмах: «Птушкалоў з Алькатраса» (1962; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Сем дзён у маі» (1964), «Дваццатае стагоддзе» (1976), «Шкура» (1980), «Мясцовы герой» (1983) і інш. Вядучы каментатар створанай сав. дакументалістамі кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979), у пракаце ЗША наз. «Невядомая вайна».

Літ.:

Карцева Е.Н. Берт Ланкастер. М., 1983.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ФЛІН (Laughlin) Роберт Бэтс (н. 1.11.1950, г. Вісейлія, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990), Нац. АН ЗША (1994). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1972). З 1982 у Ліверморскай нац. лабараторыі імя Лоўрэнса, адначасова з 1985 у Стэнфардскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па тэорыі квантавага эфекту Хола, тэорыі квантавых вадкасцей, высокатэмпературнай звышправоднасці. Прапанаваў тлумачэнне (1983) эксперыментальна адкрытага ў 1982 Р.Штормерам і Д.Цуем дробавага квантавага эфекту Хола, заснаванае на пераносе эл. зараду квазічасціцамі з дробавым (​1/3 ад зараду электрона) эл. зарадам, які эксперыментальна зарэгістраваны (1997). Нобелеўская прэмія 1998 (разам з Г.​Штормерам і Д.​Цуем).

М.​М.​Касцюковіч.

Р.Лафлін.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Miller) Глен (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),

амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.​Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.​Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙТРА, Нёйтра (Neutra) Рыхард Іозеф (8.4.1892, Вена — 16.4.1970), амерыканскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Скончыў Вышэйшыя тэхн. школы ў Вене (1917), вучыўся ў Цюрыху (1918—23). У 1921—22 супрацоўнічаў з Э.Мендэльзонам у Берліне. З 1923 жыў у ЗША, працаваў з Ф.Л.Райтам. Асэнсоўваючы вопыт еўрап. функцыяналізму і амер. арганічнай архітэктуры, вял. значэнне надаваў сувязі збудаванняў з наваколлем, будаваў свабодныя паводле аб’ёмнай кампазіцыі дамы з выкарыстаннем жалезабетону, шкла і стальнога каркаса. Асн. работы: Жардынет-апартментс (1927), Лоўэл-хаўс (1927—29) у Лос-Анджэлесе, дом Каўфлана, т.зв. асабняк у пустыні (1946—47) у Палм-Спрынгсе; школы павільённага тыпу, пасёлкі з ізаляванымі трансп. патокамі.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РКЕР (Parker) Чарлі (Чарлз Крыстафер; псеўд. Бёрд; Bird; 29.8.1920, г. Канзас-Сіці, штат Місуры, ЗША — 12.3.1955),

амерыканскі джазавы музыкант, выканаўца на альт-саксафоне, кампазітар. Па паходжанні афраамерыканец. З 1935 выступаў з рознымі джазавымі калектывамі, адначасова ў квінтэце Дж.Гілеспі, з 1947 са створаным ім квінтэтам; іграў і са стр. аркестрам. Яго імправізацыі вызначаліся віртуознасцю, развітым рытмавым і дынамічным мысленнем, асаблівасцямі гуказдабывання і фразіроўкі, што надавала яго выкананню асіметрычнасць і неардынарнасць. Стварыў (разам з Гілеспі) джазавы стыль бібоп («Салёны арахіс», «Звычайная вышыня», 1945). Сярод інш. найб. вядомых кампазіцый: «Цяпер пара», «Канфірмацыя», «Сюіта хатняй птушкі», «Арніталогія»; канцэртны альбом «Квінтэт года» (разам з Гілеспі, 1953) і інш.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЁРСЕЛ (Purcell) Эдуард Мілс (30.8.1912, г. Тэйларвіл, ЗША — 7.3.1997),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1951), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1950). Скончыў Перд’ю ун-т (1933). У 1938—40 і з 1946 у Гарвардскім ун-це (з 1949 праф.). Навук. працы па атамнай, малекулярнай і ядз. фізіцы, біяфізіцы, астрафізіцы. Адкрыў ядзерны магнітны рэзананс (1946; незалежна ад Ф.Блоха). Прапанаваў тэорыю ядз. магн. рэлаксацыі (1948; разам з Н.​Бломбергенам, Р.​Паўндам). Выявіў выпрамяненне нейтральнага міжзоркавага вадароду на даўж. хвалі 21 см (1951). Нобелеўская прэмія 1952 (разам з Блохам).

Тв.:

Рус. пер. — Электричество и магнетизм. 2 изд. М., 1975.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Пёрсел.

т. 12, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)