ВЫ́ДРЫЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж аб’яднанымі сіламі партыз. атрадаў 128-га, Г.​Я.​Сарокі, узвода 277-га атрада, групы партызан падпалк. Чырв. Арміі А.​К.​Спрогіса і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў 11 вер. ў в. Выдрыца Крупскага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Выдрыцкі гарнізон уваходзіў у сістэму абароны праціўніка па забеспячэнні сплаву лесу па р. Бобр і бяспекі транспарту на чыг. участку Барысаў—Крупкі. Партызаны засадамі перакрылі дарогі на в. Вяляцічы і г.п. Крупкі, перайшлі ўброд раку за 2 км ад Выдрыцы і пад прыкрыццём шчыльнага агню атакавалі гарнізон. У час бою каля аднаго з дзотаў па-геройску загінула камандзір дыверсійнай групы А.Ф.Колесава.

т. 4, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫНАХО́ДНІЦТВА,

творчы працэс, які прыводзіць да новага вырашэння задачы ў любой галіне тэхнікі, культуры, аховы здароўя, абароны і дае станоўчы эфект. Вынаходніцкае права Рэспублікі Беларусь забяспечвае спрыяльныя ўмовы для развіцця масавага В., непасрэднага ўдзелу ў тэхнал. прагрэсе і ўдасканаленні вытв-сці. Шляхам матэрыяльнай і маральнай падтрымкі, наданнем пэўных ільгот дзяржава заахвочвае вынаходнікаў і рацыяналізатараў вытв-сці. У 1932 на 1-м Усебел. з’ездзе вынаходнікаў арганізацыйна аформлена т-ва вынаходнікаў Беларусі. З 1956 дзейнічаў Камітэт па справах вынаходстваў і адкрыццяў СМ СССР, з 1958 — Бел. рэсп. савет Усесаюзнага т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў, з 1990 — Бел. т-ва вынаходнікаў і рацыяналізатараў.

т. 4, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН (Паліна Уладзіміраўна) (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),

Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен. ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.

П.У.Гельман.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬТМАН ((Heltman) Віктар) (23.12.1796, в. Вярховічы Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.7.1874),

польскі рэвалюцыянер, публіцыст. Скончыў Свіслацкую гімназію. У 1819 заснаваў у Варшаве рэв. студэнцкую арг-цыю «Саюз вольных палякаў», рэдактар яе органа «Dekada Polska» («Польская дэкада»). Адзін са стваральнікаў у 1819 тайнай арг-цыі ў Свіслацкай гімназіі. Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, падрыхтоўкі Кракаўскага паўстання 1846, рэв. падзей у Галіцыі 1848, кіраўнік абароны Дрэздэна ў час рэвалюцыі 1848—49 у Германіі. Адзін з аўтараў маніфеста польскага дэмакратычнага таварыства. Лічыў неабходным аб’яднаць барацьбу за незалежнасць Польшчы з барацьбой за ліквідацыю феад.-прыгонніцкіх адносін рэв. шляхам. Памёр у эміграцыі ў Бруселі.

т. 5, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗАРЭ́НКА (Іван Сідаравіч) (8.10.1895, г.п. Валаконаўка Белгародскай вобл., Расія — 25.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1940), Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз., сав.-фінл. 1939—40 войнаў. З 1941 на Зах., Бранскім, 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. дывізіі Л. вызначыўся ў 1944 у час прарыву абароны праціўніка ў Магілёўскай вобл. Дывізія з баямі 23—25 чэрв. фарсіравала рэкі Проня і Бася, адбіла некалькі контратак каля в. Халмы Чавускага р-на; Л. з гарматы падбіў некалькі варожых танкаў, загінуў у гэтым баі. Пахаваны ў Магілёве. Яго імем названы вуліца і сквер у Магілёве, плошча ў Крычаве.

т. 9, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ПЧЫЦКІ БОЙ 1794.

бой паміж паўстанцамі і рас. войскам у час паўстання 1794. Адбыўся 17.9.1794 каля в. Крупчыцы Кобрынскага пав. (цяпер Жабінкаўскі р-н). З абодвух бакоў удзельнічала каля 20 тыс. чал. Паўстанцы пад камандаваннем К.​Серакоўскага дзякуючы выгаднай стратэгічнай пазіцыі з дапамогай артылерыі (28 гармат) паспяхова стрымлівалі атакі кавалерыі і пяхоты праціўніка. Аднак пасля абходнага манеўра А.​В.​Суворава і вываду ім часткі войска цераз р. Трасцяніца ў фланг абароны паўстанцаў апошнія пачалі адыходзіць у напрамку Брэста. У час бою абодва бакі страцілі каля 300 чал. забітымі і параненымі. 19 вер. каля в. Цярэспаль Брэсцкага пав. рас. войскі разбілі паўстанцаў.

У.​П.​Емяльянчык.

т. 8, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Васіль Іванавіч) (15.1.1894, г. Усолле Пермскай вобл., Расія — 20.6.1964),

удзельнік абарончых баёў і вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1926) і ўдасканалення каманднага саставу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У пач. Вял. Айч. вайны камандуючы 3-й арміяй Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі пад Мінскам, у раёне Гродна, Ліды, Навагрудка. Са жн. 1941 камандуючы арміяй, са снеж. 1943 нам. камандуючага 1-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, 1954—58.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯ́Р (Іван Іванавіч) (н. 15.6.1941, в. Балотца Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. філосаф і палітолаг. Канд. філас. н. (1984), праф. (1997). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1964), Мінскую вышэйшую парт. школу (1973). Настаўнічаў, быў на камсамольскай і парт. рабоце. З 1978 нам. упаўнаважанага Савета па справах рэлігій пры СМ БССР па Брэсцкай вобл. З 1985 у Брэсцкім ун-це. Даследуе праблемы фарміравання грамадскай думкі, развіцця паліт. працэсу, станаўлення прававой дзяржавы, рэалізацыі і абароны правоў чалавека. Аўтар навуч. дапаможнікаў для ВНУ па паліталогіі і правах чалавека.

Тв.:

Взгляд изнутри: Обществ.-полит. процесс на Беларуси. Лунинец, 1993;

Права человека: Современные представления и механизмы защиты. 3 изд. Брест, 1997.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн. ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж. к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.

Р.С.Качаран.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІМ ЧЭН ІР (н. 16.2.1942, паводле афіц. звестак лагер кар. партызан каля гары Пэктусан на Пн Карэі),

дзяржаўны, парт. і ваен. дзеяч Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (КНДР). Сын Кім Ір Сена. Скончыў Пхеньянскі ун-т (1964). Працаваў у апараце ЦК Прац. партыі Карэі (ППК).З 1973 сакратар ЦК, з 1974 чл. Паліткамітэта ЦК, з 1980 чл.

Прэзідыума Палітбюро ЦК ППК і чл. Цэнтр. ваен. к-та ППК. У 1980 афіцыйна абвешчаны пераемнікам Кім Ір Сена. З крас. 1993 старшыня К-та абароны КНДР. Пасля смерці Кім Ір Сена (ліп. 1994) фактычны кіраўнік КНДР, у т. л. вярх. галоўнакамандуючы. Ген. сакратар ЦК ППК з 1997.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)