галіна навукі і тэхнікі, якая аб’ядноўвае дасягненні механікі, мікраэлектронікі, інфарматыкі і найноўшых тэхналогій для пабудавання складаных аўтам.сістэм. Узнікла ў 1980-я г. ў Японіі. Асн. мэта — камп’ютэрызацыя вытв-сці. Механізмы М. спалучаюць хуткадзеянне логіка-выліч. аперацый камп’ютэра з сілавымі характарыстыкамі мех. выканаўчых органаў машын і механізмаў. Машына (напр., аўтамабіль, робат, гібкі вытворчы модуль), прылада ці інш.тэхн. сістэма пры аснашчэнні мікракамп’ютэрам набывае «інтэлект».
Адзін з асн. прыкладных аспектаў М. — робататэхніка. У М. атрымалі далейшае развіццё ідэі кібернетыкі аб запазычанні ў жывой прыроды кіроўных рухальных і лагічных функцый пры стварэнні складаных тэхн.сістэм. Мехатронныя сістэмы ўтвараюць непадзельнае адзінства мех. і электронных вузлоў, дзе ажыццяўляецца абмен энергіяй і інфармацыяй, а праграмнае забеспячэнне мікра-ЭВМ рэалізуе арыгінальныя алгарытмы кіравання, адаптацыі, сачэння і інш. Тыповыя прадукты М. — механізмы прыводу (драйверы) дыскаводаў ЭВМ, прыводу кампакт-дыскаў, счытвальных прылад, відэатэхнікі.
На Беларусі работы па праблемах М. вядуцца ў Нац.АН (НДА «Кібернетыка», Навук. цэнтр праблем механікі машын), БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (, , , , , K+, Ca2+, Mg2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш.Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ПСЕЛ (Michaēl Psellos; свецкае Канстанцін; 1018, г. Стамбул, Турцыя — каля 1097),
візантыйскі паліт. дзеяч, пісьменнік, вучоны. Вывучаў філасофію ў школе вядомага рытара і паэта Іаана Маўрапода. У 1041 сакратар імператара. Пры Канстанціне IX [1042—55] кіраўнік Вышэйшай філас. школы. Удзельнік гуртка сталічных інтэлектуалаў, які рабіў вял. ўплыў на ўрад Канстанціна IX. Каля 1050 трапіў у апалу, у 2-й пал. 1054 пастрыгся ў манахі, але хутка зноў быў вернуты на двор. Пры Канстанціне X [1059—67] выхавацель наследніка (будучы імператар Міхаіл VII). Пасля 1075 пакінуў двор; апошнія гады жыцця правёў, верагодна, у манастыры. М.П. — вучоны новага тыпу, энцыклапедыст. Адзін з першых сярод візант. філосафаў абараняў ідэі рацыяналізму, адстойваў права чалавека на навук. пазнанне свету. «Хранаграфія» М.П. (асн.паліт. ідэя якой — асуджэнне дэспатызму) — найважнейшая крыніца па гісторыі Візантыі 976—1078, помнік перадрэнесансавай л-ры. Сярод інш. прац багаслоўскія і філас. творы, трактаты па матэматыцы, медыцыне, музыцы, праве. У яго пісьмах адлюстравана інтэлектуальнае жыццё тагачаснай Візантыі.
Тв.:
Рус.пер. — Хронография. М., 1978.
Літ.:
Любарский Я.Н. Михаил Пселл: Личность и творчество: К истории византийского предгуманизма. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́ЖАННЕ,
аперацыя ўтварэння па двух дадзеных аб’ектах a і b (сумножніках) трэцяга аб’екта с (здабытку). Абазначаецца c = a x b=a∙b=ab. Уласцівасці М. вывучаюцца ў агульнай алгебры, тэорыях груп і кольцаў.
Мае розны канкрэтны сэнс ў залежнасці ад канкрэтнага віду сумножнікаў і здабытку. Напр., у выніку М. цэлых дадатных лікаў a і b атрымліваецца лік с, роўны суме b складаемых, кожнае з якіх роўнае a: c = a + a + ... + a (b складаемых). М. лікаў адназначнае і мае ўласцівасці камутатыўнасці, асацыятыўнасці і дыстрыбутыўнасці. Абагульненні М. звязаныя з магчымасцю разглядаць лікі як аператары ў сукупнасці вектараў на плоскасці. Напр., камплекснаму ліку z = r (cosφ+ і sinφ) адпавядае аператар расцяжэння ўсіх вектараў у r разоў і павароту іх на плоскасці на вугал φ вакол пачатку каардынат. Пры гэтым М. камплексных лікаў адпавядае М. адпаведных аператараў. Такое вызначэнне аператараў пераносіцца на інш. іх віды, якія ўжо нельга выразіць з дапамогай лікаў, напр., лінейныя пераўтварэнні, М. вектараў, матрыц, кватэрніёнаў. Пры гэтым часта парушаюцца некаторыя ўласцівасці М. (звычайна камутатыўнасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДПАРА́ДКАВАННЕў граматыцы,
від сінтаксічнай сувязі слоў або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). П. (падпарадкавальная сувязь), у процілегласць злучэнню звязвае 2 нераўнапраўныя (неаднатыпныя і рознафункцыянальныя) моўныя адзінкі ў адно цэлае: словазлучэнне або складаназалежны сказ. П. рэалізуе толькі закрытыя сінтакс. канструкцыі. Пры П. адзін кампанент выступае як граматычна незалежны, галоўны, а другі — як залежны, падпарадкаваны галоўнаму. У бел. мове ў межах простага сказа П. рэалізуецца пераважна як дапасаванне («яснае неба»), кіраванне («будую дом», «ідуць па дарозе») ці прымыканне («хутка ехаць»), У межах складаназалежнага сказа П. перадае розныя сэнсавыя адносіны паміж гал. і даданай часткамі і выражаецца з дапамогай падпарадкавальных злучнікаў ці інш. слоў і спалучэнняў, што выступаюць у функцыі злучнікаў («бо», «каб», «калі», «дзе», «што», «які», «як толькі» і інш.). Падпарадкавальныя злучнікі заўсёды ўваходзяць у склад даданай часткі складаназалежнага сказа і з’яўляюцца паказчыкам яе грамат. формы. Дапаможным сродкам пры П. ў складаназалежным сказе могуць быць карэляты (суадносныя словы), якія знаходзяцца ў складзе гал. часткі («А дзе тая крынічанька, што голуб купаўся?» З нар.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб. актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́НІЯ (Pannonia),
рымская правінцыя, якая ўтварылася ў 8 н.э. пасля падзелу рым. правінцыі Ілірык на Верхні Ілірык (Далмацыя) і Ніжні Ілірык — П. Займала зах.ч. сучаснай Венгрыі, паўн.ч. сучасных Харватыі і Югаславіі і ўсх.ч. сучаснай Аўстрыі. Назву атрымала ад панонцаў — групы ілірыйскіх плямён (гл.Ілірыйцы). Захоп тэр. правінцыі пачаўся пры імператару Аўгусце (35—33 да н.э.) і працягваўся Тыберыем (6—9 н.э.). У пач. 1 ст.н.э. адбывалася ваен. каланізацыя П. Яе гарнізон складаўся з 5, пасля 101 — з 4 легіёнаў. Паступова лагеры легіёнаў ператвараліся ў буйныя гарады, цэнтры рамяства і гандлю, якія ў 2—3 ст. атрымалі ад рым. улад правы самакіравання. У пач. 2 ст. правінцыя падзелена на Ніжнюю і Верхнюю П. Пры імператару Дыяклетыяне П. падзелена на 4 часткі, г. Сірмій стаў рэзідэнцыяй імператара і прэфекта прэторыя. За валоданне П. рымляне вялі пастаянныя войны з суседнімі плямёнамі: у 167 з маркаманамі, у 427 з гунамі і гепідамі, у пач. 6 ст. з лангабардамі, у 568 з аварамі. Беспаспяховай была спроба рымлян адваяваць П. ў сярэдзіне 5 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТО́ННЫ ПАРК,
комплекс пераправачных сродкаў, прызначаных для зборкі перавозных паромаў, навядзення наплаўных мастоў і пабудовы паромных перапраў. Знаходзіцца на ўзбраенні інж., дарожных і чыг. войск шэрагу краін, у т. л. Беларусі. Падзяляецца на лёгкія, грузападымальнасцю да 25 т, і цяжкія — 40—80 т. П.п. уключае паромныя маставыя канструкцыі (пантоны, нясучыя і праезджыя часткі, элементы прыстаней), трансп. сродкі, сродкі матарызацыі на вадзе, дапаможнае абсталяванне і інш. У самаходных П.п. (амфібійных, штурмавых) асн. элементы аб’яднаны ў машыну-амфібію. Прататыпы П.п. вядомы з даўніх часоў, напр., у галандскай арміі з пач. 17 ст. У Расіі П.п. з парусінавымі пантонамі будаваліся ў 18—19 ст. На тэр. Беларусі ў вайну 1812 П.п. выкарыстоўваліся рускімі і французскімі войскамі, напр., арміяй Напалеона I пры пераправе цераз Нёман. У 1-ю і 2-ю сусв. войны значна пашыраны. На Беларусі выкарыстоўваюцца П.п. тыпу ПМП і інш.пры рамонце мастоў, стыхійных бедствах (веснавая паводка, ліўневыя дажджы) і інш. (гл. таксама Мост ваенны).
Звяно пантоннага парка ПМП: 1 — у складзеным становішчы на транспартным сродку; 2 — у рабочым становішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАГВА́ЙСКАЯ ВАЙНА́,
захопніцкая вайна Бразіліі, Аргенціны і Уругвая, якіх падтрымлівалі Вялікабрытанія, Францыя і ЗША, супраць Парагвая ў 1864—70. Гал. прычыны — незадаволенасць Вялікабрытаніі незалежным эканам. і знешнепаліт. курсам прэзідэнта Парагвая Ф.С.Лопеса, жаданне рабаўладальнікаў Бразіліі і бурж.-памешчыцкіх вярхоў Аргенціны пашырыць свае ўладанні за кошт Парагвая. Падставай для вайны стала няўдалая спроба Парагвая падтрымаць Уругвай у змаганні супраць браз.-арг. агрэсіі восенню 1864. Пры падтрымцы Вялікабрытаніі ўтварылася антыпарагвайская кааліцыя ў складзе Бразіліі і Аргенціны, да якіх далучыўся і пераможаны Уругвай. Ваен. дзеянні пачаліся ў снеж. 1864 прэвентыўным уварваннем парагвайскіх войск у Бразілію і да мая 1866 у асн. вяліся на тэр. Бразіліі і Аргенціны, потым парагвайцы абараняліся на сваёй тэрыторыі. Пераўзыходзячыя сілы кааліцыі нанеслі паражэнні парагвайскай арміі пры Умаіце (жн. 1868), на р. Пікісіры (снеж. 1868), занялі сталіцу краіны г. Асунсьён (студз. 1869). Парагвайцы перайшлі да партыз. вайны, якая спынілася пасля гібелі ў баі прэзідэнта Лопеса (1.3.1870). Спустошаны вайной Парагвай (загінула каля 80% насельніцтва) паводле дагавораў з Бразіліяй (1872) і Аргенцінай (1876) перадаў ім каля паловы сваёй тэрыторыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЙМА́ННЕў псіхалогіі,
узнаўленне індывідамі і сац. групамі паводзін інш. індывідаў і груп. Арыстоцель прыпісваў П. важную ролю ў фарміраванні чалавека. У біялагізатарска-інстынктывісцкіх канцэпцыях (У.Мак-Дугал і інш.) падкрэсліваецца прыроджаны характар П. У рамках асацыятыўнай псіхалогіі (гл.Асацыянізм) П. разглядаецца як асаблівы від уздзеяння, пры якім рэакцыя аб’екта П. становіцца ўмоўным стымулам для ўласнай рэакцыі суб’екта П. на стымул. У біхевіярызме П. тлумачыцца з пазіцый тэорыі навучання і разглядаецца як вынік падмацавання адпаведных паводзін з дапамогай прамых і ўскосных відаў заахвочвання і пакарання. Спалучэнне асацыянісцкіх і біхевіярысцкіх уплываў у даследаваннях П., заснаваных на канцэпцыях «замяшчальнага навучання» (А.Бандура і інш.). Прысац.-псіхал. вывучэнні П. даследуецца гал. чынам узаемадзеянне сац.-тыповых суб’ектаў і аб’ектаў П.; яно разглядаецца, з аднаго боку, як вынік сац. ўздзеяння (напр., уплыў рэферэнтных груп, канфармізм), з другога — як разнавіднасць і сродак сац. ўздзеяння, як адзін са шляхоў далучэння індывіда да сац. і культурнага вопыту. Узор, годны П., з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў выхавання. П. сустракаецца на розных узроставых этапах індывід. развіцця чалавека.