асобная словаформа назоўніка, якая служыць для выражэння звароту, закліку і выконвае эмацыянальна-валявую функцыю маўлення. Захавалася ва ўкр. мове, у рус. мове сустракаецца толькі ў асобных гаворках. З інш.слав. моў захавалася ў польскай, чэш., балг., сербскахарвацкай, бел. і некат. інш.
У сучаснай бел. мове ў залежнасці ад значэння назоўніка і характару яго асновы можа заканчвацца на галосныя «-е» («браце»), «-у» («ве́тру»), «-о» («дзяўчо»), «-а» («дружа»), «-ю» («чаю») і інш. Выкарыстанне абмежавана пераважна эмацыянальна-валявой сферай. Ужываецца ў размоўным стылі («пап», «Мань»), часткова ў публіцыстычным стылі, у эпісталярным жанры і найб. шырока ў маст. л-ры («Смялей, беларусе-араты!»). К.ф. распаўсюджана таксама ў бел. фальклоры і бел. дыялектах («мамо», «Галё»). У маўленні характарызуецца спецыфічнай інтанацыяй звароту, закліку часта ў спалучэнні з часціцамі («Гэй, хлебаробе мазольны!»). Пры выкарыстанні з залежнымі словамі ўтвараюцца клічныя словазлучэнні («Краю мой родны, як выкляты богам!»). Пры інтанацыйнай і сэнсавай завершанасці К.ф. і клічныя словазлучэнні ўтвараюць клічныя сказы.
Літ.:
Наркевіч А.І. Назоўнік: Граматычныя катэгорыі і формы. Мн., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІ́ЖНЫЯ СТЫ́ЛІ,
функцыянальныя стылі літаратурнай мовы, звязаныя з пісьмовай формай выражэння і проціпастаўленыя размоўнаму стылю прыкметамі маналагічнасці, папярэдняй падрыхтаванасці, стандартызаванасці, разнастайнасці і складанасці моўных сродкаў. Сярод К.с. вылучаюць навуковы стыль, афіцыйна-дзелавы стыль, публіцыстычны стыль і стыль маст. л-ры (гл.Мастацкі стыль).
Станаўленне К.с. звязана з узнікненнем пісьменнасці. Напачатку яны існавалі пераважна ў пісьмовай форме. На сучасным этапе развіцця мовы з пашырэннем сродкаў масавай камунікацыі К.с. функцыянуюць і ў вуснай форме (лекцыі, даклады, радыё, тэлебачанне). Пры вуснай форме функцыянавання ў іх пранікаюць элементы размоўнага стылю, якія, аднак, не аказваюць істотнага ўплыву на структуру стылю, на яго моўныя сродкі; пры гэтым размоўны стыль адчувае на сабе ўздзеянне К.с. (напр., вусны навук. даклад амаль не адрозніваецца ад фіксацыі яго ў пісьмовай форме). Сістэму стыляў, моўныя нормы і спосабы ўжывання літ. мовы вывучае стылістыка.
Літ.:
Розенталь Д.Э. Практическая стилистика русского языка. 5 изд. М., 1987;
Каўрус А.А. Стылістыка беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНЦУГО́ВАЯ Я́ДЗЕРНАЯ РЭА́КЦЫЯ,
ядзерная рэакцыя, у якой часціцы, што выклікаюць яе, утвараюцца як прадукты гэтай рэакцыі. Звязана з вял. энергавыдзяленнем (каля 200 МэВ на кожны акт дзялення ядра урану ці плутонію) і праходзіць з удзелам павольных ці хуткіх нейтронаў. Выкарыстоўваецца як крыніца энергіі (гл.Ядзерны рэактар), на ёй заснаваны прынцып работы ядзернай зброі.
Адзіная вядомая Л.я.р. — рэакцыя дзялення урану і некаторых трансуранавых элементаў пад уздзеяннем нейтронаў — здзейснена Э.Фермі (1942) з дапамогай уран-графітавага рэактара. Суправаджаецца выдзяленнем некалькіх нейтронаў, якія ў сваю чаргу могуць захоплівацца нераздзеленымі ядрамі і выклікаць іх дзяленне. Характарыстычная велічыня Л.я.р — каэфіцыент размнажэння k, які вызначаецца ўсярэдненымі лікамі актаў дзялення ў паслядоўных звёнах ланцуга. Самападтрымная рэакцыя магчыма толькі прык>1; маса дзялільнага рэчыва для здзяйснення такой рэакцыі наз. крытычнай; яе велічыня залежыць ад формы і ізатопнага складу гэтага рэчыва і вагаецца ад соцень грамаў да соцень тон. Рухомыя стрыжні з матэрыялу, які добра паглынае павольныя нейтроны, дазваляюць зрабіць Л.я.р. кіравальнай.
Э.А.Рудак.
Першыя пакаленні нейтронаў, якія ўтвараюцца прыланцуговай ядзернай рэакцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕГІ́РАВАННЕ (ням. legieren сплаўляць ад лац. ligare звязваць, злучаць),
увядзенне ў метал. сплавы спец. элементаў-дамешкаў для надання ім патрэбных фіз., хім., мех. і тэхнал. уласцівасцей.
Легіруюць звычайна расплаўленыя сплавы, часам — цвёрдыя (т.зв. паверхневае Л. — дыфузійная металізацыя, напр., алітаванне, азатаванне, берылізацыя, цэментацыя). У якасці легіруючых элементаўпры Л. жалезавугляродзістых сплаваў (сталей, чыгуну) выкарыстоўваюць хром, нікель, малібдэн, марганец, крэмній, вальфрам, ванадый, тытан і інш.; пры Л. каляровых металаў і сплаваў — цынк, алюміній, крэмній, медзь, марганец, магній і інш. Легіруючыя элементы могуць утвараць з асн. металам (сплавам) эўтэктыкі, цвёрдыя растворы, хім. злучэнні (карбіды, аксіды, нітрыды), якія надаюць сплаву новыя ўласцівасці. На аснове Л. створаны легіраваная сталь, легіраваны чыгун, бронза, дуралюмін, сілумін і інш. Л. наз. таксама дазіраванае ўвядзенне пабочных атамаў, дамешак, структурных дэфектаў унутр цвёрдага цела (пераважна паўправаднікоў) бамбардзіроўкай іх паверхні іонамі (іоннае Л.) для змены эл. уласцівасцей. Л. вядома са старажытнасці (пра гэта сведчаць знойдзеныя ўзоры халоднай зброі). У Расіі з 1830-х г.прамысл. доследы Л. праводзіў П.П.Аносаў. Ён распрацаваў тэорыю і тэхналогію выплаўкі легіраванай сталі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГНІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць магній. Найб. пашыраныя М.з. — магнію аксід, солі магнію і магнійарганічныя злучэнні.
Солі магнію ў асн.крышт. рэчывы, многія добра раствараюцца ў вадзе, бязводныя вельмі гіграскапічныя, утвараюць крышталегідраты. Магнію карбанат MgCO3 у прыродзе мінерал магнезіт. Магнезіт і даламіт (змешаны карбанат CaCO3∙MgCO3) выкарыстоўваюць для атрымання магнезіі, магнію і яго злучэнняў, як магніевыя ўгнаенні (напр., даламітавая мука). Магнію перхларат Mg(ClO4)2 — вельмі гіграскапічнае рэчыва. Гідрат саставу Mg(ClO4)2∙2H2O вырабляюць пад назвай ангідрон, выкарыстоўваюць як асушальнік газаў. Магнію сульфат MgSO4 раскладаецца пры т-ры 1100—1200 °C. У прыродзе сустракаюцца мінералы кізерыт MgSO4∙H2O, эпсаміт MgSO4∙7H2O, каініт Ka∙MgSO4∙3H2O і інш. Выкарыстоўваюць як сыравіну для атрымання аксіду магнію, пратраву пры фарбаванні тканін, напаўняльнік паперы, у медыцыне (горкая соль). Магнію хларыд MgCl2 трапляецца ў выглядзе мінералаў бішафіту MgCl2∙6H2O, карналіту KCl∙MgCl2∙6H2O. Выкарыстоўваюць для атрымання магнію, у вытв-сці магнезіяльнага цэменту — сумесь напаленага MgO, MgCl2 і вады; водны раствор — як холадагент, антыфрыз, сродак супраць абледзянення лётных палёў, чыг. рэек, як антыпірэн для драўніны, дэфаліянт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),
бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-рслав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел.к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).
Літ.:
Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКО́ (Аляксандр Мікалаевіч) (н. 15.10.1924, в. Пагарэлка Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1968), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1980). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1951), Акадэмію грамадскіх навук прыЦККПСС (1962). З 1945 на камсам., парт. і журналісцкай рабоце. У 1962—89 ст.навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі партыі прыЦККПБ, заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі, заг. кафедры гісторыі КПСС Мінскага пед. ін-та, з 1989 праф. кафедры гісторыі Беларусі пед. ун-та імя М.Танка. Даследуе гісторыю нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, падп. і партыз. барацьбы ў Вял.Айч. вайну, праблемы гісторыі Беларусі сав. перыяду. Адзін з аўтараў і рэдактараў калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966), працы «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (т. 1—3, 1983—85).
Тв.:
Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;
Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 гг.Мн. 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЯТНІК,
цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.
Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл.Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АДУКА́ЦЫЯ,
сістэма падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі мед. кадраў. Падрыхтоўка мед. персаналу вышэйшай адукацыі праводзіцца ў медыцынскіх інстытутах, мед. акадэміях, на мед. ф-тах ун-таў; сярэдняй адукацыі — у медыцынскіх вучылішчах; павышэнне кваліфікацыі — у ін-тах удасканалення ўрачоў.
Звесткі пра М.а. вядомы з стараж. часоў (Стараж. Егіпет, Кітай, Грэцыя). У ант. Грэцыі існавалі «сямейныя» школы для падрыхтоўкі ўрачоў. Першая свецкая мед. школа заснавана ў г. Салерна (Італія) у 9 ст. У Расіі ў 1654 адкрыта першая школа для падрыхтоўкі лекараў. З 18 ст. ўрачоў рыхтавалі мед. школы пры шпіталях. У 1755 адкрыты мед.ф-тпры Маскоўскім ун-це, у 1798 у Пецярбургу — Медыка-хірург. акадэмія (з 1881 Ваенна-мед. акадэмія).
На Беларусі першая мед.навуч. ўстанова — Гродзенская медыцынская акадэмія (1775—81). У 1865 засн.Магілёўская цэнтральная школа павітух, у 1872—79 існавала Віцебская фельчарская школа. Працуюць (1999): Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі мед. ін-ты (гл. адпаведныя арт.), удасканалення ўрачоў Беларускі інстытут; мед. работнікаў сярэдняй адукацыі рыхтуюць у 17 мед. вучылішчах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП прыЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік прыЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.