злачынствы, якія пасягаюць на дзейнасць органаў дзярж. кіравання, супраць прадстаўнікоў улады, невыкананні спец. правіл або ў інш. дзеяннях, якія парушаюць работу дзярж. устаноў. Паводле КК Рэспублікі Беларусь да такіх злачынстваў належаць: здзекаванне над дзярж. сімваламі, арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак, прымус да ўдзелу ў забастоўках, супраціўленне работнікам міліцыі, нар. дружыннікам пры выкананні імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку, інш. супрацьпраўныя дзеянні ў адносінах да гэтых асоб, а таксама ваеннаслужачых і інш. службоўцаў пры выкананні імі сваіх абавязкаў; замах на іх жыццё ці жыццё іх блізкіх сваякоў; самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы, парушэнне парадку арганізацый і правядзення вулічных шэсцяў, дэманстрацый і інш. За парушэнні, якія не ўяўляюць вял. грамадскай небяспекі, у шэрагу выпадкаў ужываецца адм. адказнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НАў музыцы,
колькасная характарыстыка ступеневых якасцей музычных гукаў. Вызначае адносіны паміж элементамі муз. гуку як фіз. з’явы (частата, інтэнсіўнасць, склад гуку, працягласць) і яго муз. якасцямі (вышыня, гучнасць, тэмбр, працягласць) як адбіткамі ў свядомасці чалавека гэтых фіз. уласцівасцей гуку. Ступеневая якасць, напр., гуку а1 не пераходзіць у суседнія якасці ў дастаткова шырокай зоне — прыкладна ад 430 да 450 герц; З. абсалютнага слыху прыблізна 80 цэнтаў; інтэрвальнага, адноснага слыху — каля 60—70 цэнтаў. Унутры З. музыканты адрозніваюць вял. колькасць інтанацыйных адценняў. Паняцце З. пашыраецца і на ўспрыняцце тэмпу і рытму, дынамічны і тэмбравы слых. Вучэнне пра З. (распрацавана муз. акустыкам М.Гарбузавым) адкрыла новыя магчымасці для вывучэння маст. інтэрпрэтацыі муз. твораў.
Літ.:
Н.А.Гарбузов — музыкант, исследователь, педагог. М., 1980. С. 11—48, 80—270.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛІЯ́ («бог мой Яхве»),
у Старым запавеце (3-я і 4-я кн. Царстваў) прарок. Прыхільнік бога Яхве, змагар за ўмацаванне яго культу як адзінага ў Ізраільскім царстве, смела ўступае ў змаганне са жрацамі і ізраільскімі царамі — абаронцамі культу бога Ваала. Адораны амаль боскай уладай цудатворац, вуснамі якога гаворыць сам Бог, прапаведнік, які прадказвае будучыню ад імя Бога. Паводле падання, меў аблічча жабрака-аскета. Пасля заканчэння яго місіі Бог узнёс І. на неба на вогненнай калясніцы. У розных народаў пра І. існуе вял. паслястаразапаветная міфалагічная традыцыя. Напр., у слав. традыцыях І.-прарок выступае як персанаж, звязаны з громам, дажджом і ўрадлівасцю. Менавіта ў гэтым кантэксце 20 ліп. па ст.с. праваслаўныя адзначаюць свята «Ільін дзень», ці Ілья (Ілля).
Ілія Прарок. Абраз наўгародскай школы. Канец 14 — пач. 15 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНЕТРО́Н [ад грэч. magnētis магніт + (элек)трон],
электравакуумная прылада для генерыравання звышвысокачастотных ваганняў, у якой электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях.
Найб. пашыраны шматрэзанансныя М., з дапамогай якіх атрымліваюць вял. магутнасці ЗВЧ ваганняў. Яны маюць высокі ккдз і даволі простую канструкцыю. Магутнасць М. ў бесперапынным рэжыме складае дзесяткі кілават у дэцыметровым і дзесяткі ват у міліметровым дыяпазонах; у імпульсным рэжыме магутнасць М. дасягае 5 МВт у дзесяцісантыметровым дыяпазоне. Ккдз М. найб. высокі сярод ЗВЧ прылад і дасягае 83% у дэцыметровым дыяпазоне. Шырока выкарыстоўваецца ў радыётэхн. і прамысл. устаноўках (напр., у перадатчыках радыёлакацыйных станцый, генератарах ЗВЧ награвання). Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
А.А.Кураеў.
Многарэзанатарны магнетрон: 1 — анодны блок з рэзанатарамі 2 тыпу «шчыліна—адтуліна»; 3 — вывады падагравальніка катода 4; 5 — прыстасаванне вываду ЗВЧ-энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЙСЕ́ЕНКА (Яўсей Яўсеевіч) (28.8.1916, г.п. Уваравічы Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.11.1988),
расійскі жывапісец. Нар. мастак СССР (1970). Правадз.чл.АМСССР (1973). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1936—47). З 1958 выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна (з 1963 праф.). Працаваў пераважна ў батальным, пейзажным, партрэтным жанрах. Найб. значныя работы прысвечаны грамадз. і Вял.Айч. войнам: «Чырвоныя прыйшлі» (1961), «Таварышы» (1964), «Чарэшня», «Камісар» (абедзве 1969), «Перамога» (1972). Жывапіс адметны шырокай, экспрэсіўнай манерай пісьма, дынамікай кампазіцыйных рытмаў. Беларусі прысвяціў карціны «З дзяцінства» (1977), «У вайну», «Жанчына ў чорным» (абедзве 1978). Дзярж. прэмія Расіі імя Рэпіна 1966. Ленінская прэмія 1974. Дзярж. прэмія СССР 1983.
Літ.:
Кривенко И.А. Е.Е.Моисеенко. Л., 1960;
Кекушева Г.В. Евсей Моисеенко: Живопись: [Альбом]. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСА́КАВА (Марыя Пятроўна) (8.4.1902, г. Астрахань, Расія — 11.8.1974),
расійская спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт.СССР (1971). Вучылася ў Астраханскім муз. вучылішчы, з 1921 у вак. педагога М.Максакава. У 1923—53 (з перапынкам) у Вял. т-ры ў Маскве. Валодала высокім, гнуткім голасам цёплага лірычнага тэмбру, яскравым тэмпераментам, майстэрствам фразіроўкі. Сярод партый: Марына Мнішак, Марфа («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Любаша, Ганна, Лель («Царская нявеста», «Майская ноч», «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Амнерыс, Азучэна («Аіда», «Трубадур» Дж.Вердзі), Даліла («Самсон і Даліла» К.Сен-Санса), Артруда («Лаэнгрын» Р.Вагнера), Кларычэ («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Алмаст («Алмаст» А.Спендыярава). Выступала таксама ў пастаноўках Дзярж. ансамбля оперы пад кіраўніцтвам І.Казлоўскага. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕЦ (Іван Васілевіч) (н. 13.1.1908, в. Мольнічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Засл. настаўнік Беларусі (1966). У 1928 сакратар Навагрудскага райкома КПЗБ. З 1928 у СССР, вучыўся на рабфаку пры Горацкай с.-г. акадэміі, у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага ў Маскве (1929—32). У маі 1932 вярнуўся ў Зах. Беларусь, у ліп.—снеж. 1932 сакратар ЦК КСМЗБ, у 1933 сакратар Беластоцкага, Віленскага акр. к-таў КПЗБ. У сак. 1933 арыштаваны і зняволены ўладамі Польшчы. Са жн. 1936 сакратар Слонімскага, Беластоцкага, Гродзенскага акр. к-таў КСМЗБ. У 1938—39 зноў зняволены ў турму. У Вял.Айч. вайну ў Чырв. Арміі. У 1944—62 на сав. і выкладчыцкай рабоце ў Ляхавіцкім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЧА́НАЎ (Кірыл Уладзіміравіч) (7.9. 1922, Масква — 14.3.1982),
расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1963). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1949, клас А.Аляксандрава). У 1951—56 сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. У 1973—75 дырэктар Вял.т-ра ў Маскве. Працаваў пераважна ў муз.-сцэн. жанрах, выкарыстоўваў мелодыку, інтанацыйна звязаную з рус. песеннасцю. Сярод твораў: оперы «Каменная кветка» (паст. 1950), «Вуліца дэль Карно» (паст. 1960), «Рамэо, Джульета і цемра» (паст. 1963), «Невядомы салдат» («Брэсцкая крэпасць», паст. 1967), «Руская жанчына» (паст. 1969), «Досвіткі тут ціхія» паводле Б.Васільева (паст. 1973), балет «Макбет» (паст. 1980), тэлебалет «Тры карты» паводле А.Пушкіна (паст. 1983), мюзікл «Адысей, Пенелопа і іншыя» паводле Гамера (1970); фп. і вак. цыклы; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Аўтар папулярных песень, лібрэта 4 уласных опер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАСТЫ́РСКІЯ СЯЛЯ́НЕ,
сяляне, якія жылі і працавалі на зямлі, што належала манастыру, былі ўласнасцю пэўнага манаскага ордэна або манастыра. Былі часткай царк. сялян. Уласнасцю манастыроў яны станавіліся ў выніку падараванняў манастырам вял. князямі, магнатамі і шляхтай зямельных надзелаў разам з сялянамі. На Беларусі М.с. з’явіліся, верагодна, у 12 ст. разам з заснаваннем першых правасл. манастыроў. Колькасць М.с. пачала рэзка павялічвацца з 15 ст., калі на тэр.ВКЛ стала адкрывацца шмат каталіцкіх манастыроў, пачаўся рост манастырскіх уладанняў. Адзінай сістэмы падаткаабкладання ў манастырах не існавала. У пэўных выпадках манастыр дапамагаў сялянам умацаваць сваю гаспадарку, але часам адбывалася рэзкае павелічэнне павіннаснага ўціску, каб выправіць цяжкае эканам. становішча манастыра або атрымаць прыбытак. У манастырах, дзе было ўведзена правіла складаць інвентары і ўставы, сяляне звычайна выконвалі толькі вызначаныя ў іх павіннасці.