вытворныя кіслародазмяшчальных кіслот, у малекуле якіх гідраксільная група ОН замешчана амінагрупай NH2. Нейтральныя рэчывы. Аміды кіслот неарганічныя: сульфамінавая к-та H2NSO2OH, трыамідафосфарная к-та OP(NH2)3. Да амідаў кіслот арган. належаць: фармамід, ацэтамід CH3CONH2, мачавіна, акрыламід і інш. Вядомы аміды сульфакіслот (напр., бензолсульфамід C6H5SO2NH2). Аміды кіслот атрымліваюць дэгідратацыяй амоніевых соляў ці ўзаемадзеяннем аміяку або амінаў з вытворнымі адпаведных кіслот. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сульфмідных прэпаратаў і поліамідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІБАЛІ́Т,
масіўная або сланцаватая метамарфічная горная парода. Складаецца пераважна з амфіболу (рагавой падманкі), плагіяклазу і мінералаў-прымесяў. Колер ад цёмна-зялёнага да чорнага. Шчыльн. 2700—3200 кг/м³. Можа ўтварацца за кошт асн. вывергнутых парод (габра, дыябазаў, базальтаў, туфаў і інш.), ультраасноўных парод, асадкаў мергелістага саставу. Трапляецца ў раёнах развіцця метамарфічных парод, найчасцей дакембрыйскага ўзросту. Выкарыстоўваецца як буд. камень (сыравіна на друз); чорныя разнавіднасці — вырабныя і абліцовачныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),
адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:
Зноў навіслі цёмны хмары, Зноў туманы неба крыюць, Зноў па свеце ходзяць мары, Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГА́Р (франц. hangar),
закрытае збудаванне для трымання, тэхн. абслугоўвання і рамонту лятальных апаратаў. Бываюць наземныя (найчасцей), падземныя і на вадзе; стацыянарныя (на аэрадромах, будуюцца з метал.або жалезабетонных нясучых канструкцый), часовыя (звычайна драўляныя) і зборна-разборныя для палявых аэрадромаў (канструкцыі са сталі, лёгкіх сплаваў і пластмас). Аснашчаюцца пад’ёмна-трансп. абсталяваннем, сродкамі сувязі, аўтам. пажаратушэння і інш. Пралёты ангараў да 150 м, выш. да 40 м. Вял. ангары складаюцца з некалькіх секцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІЯСПА́ЗМА (ад ангія... + спазма),
перыядычнае спазматычнае звужэнне прасвету артэрый, што прыводзіць да абмежаванага кровазабеспячэння (ішэмія) адпаведнага органа або тканкі. Узнікненню спрыяюць інтаксікацыя (алкаголь, нікацін), прафесійныя шкоднасці (вібрацыя, серавуглярод, свінец і інш.), пераахаладжэнне, ачагі факальнай інфекцыі, псіхатраўмы. Часта бывае ў паталагічна змененых сасудах, асабліва пры атэрасклерозе і гіпертанічнай хваробе. Працяглая спазма сасудаў сэрца можа выклікаць стэнакардыю і быць прычынай інфаркту міякарда. Пры ангіяспазме назначаюць спазмалітычныя прэпараты, лечаць асн. хваробу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́ЎСКАЯ (сапр.Шульц) Вольга Мікалаеўна
(21.7.1898, Масква — 31.3.1975),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1948). З 1924 у трупе МХАТа. Выконвала пераважна камедыйныя ролі, вызначалася ўменнем ствараць складаныя характары. Сярод лепшых роляў: Сюзанна («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ), лэдзі Тызл («Школа зласлоўя» Р.Шэрыдана), пані Конці («Сола для гадзінніка з боем» О.Заградніка). Здымалася на бел. кінастудыі ў фільмах «Мядзведзь» (1938) і «Чалавек у футарале» (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕМАФІЛІ́Я (ад анема... + ...філія),
анемагамія, ветраапыленне, прыстасаванасць раслін да перакрыжаванага апылення з дапамогай ветру. Адзіны спосаб апылення ў хвойных. Характэрна таксама для многіх кветкавых раслін — злакаў, асаковых, многіх дрэвавых двухдольных раслін (бяроза, асіна, дуб, граб, ляшчына і інш.). У ветраапыляльных раслін звычайна адсутнічае або значна рэдукаваны калякветнік, шматлікія непрыкметныя кветкі сабраны ў суквецці, пазбаўлены афарбоўкі і паху, утвараюць шмат лёгкага сыпкага пылку і інш. Цвіценне часта адбываецца да разгортвання лісця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НКЕР (ням. Anker літар. якар),
1) дэталь гадзіннікавага механізма (вагальная вілка) — прамежкавае звяно паміж маятнікам ці балансірам (у залежнасці ад тыпу гадзінніка) і спускавым колам. Забяспечвае раўнамерны ход гадзіннікавага механізма.
2) Дэталь для змацавання частак збудаванняў або машын (напр., анкерная пліта, анкерны болт і інш.).
Да арт.Анкер. Анкерны ход гадзінніка: 1 — імпульсны камень; 2 — падвойны ролік; 3 — анкер, ці анкерная вілка; 4 — палеты, ці штыфты, анкера; 5 — анкернае кола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТАМЕ́НТЫ (ад франц. appartement кватэра),
група жылых і дапаможных пакояў, вылучаных у адзін комплекс для пражывання пэўнай асобы; уключалі прыхожую, спальню, гардэроб, кабінет абобудуар, парадную залу і інш. Пашыраны з 16 ст. ў палацах Італіі і Францыі. На Беларусі апартаменты былі ў магнацкіх рэзідэнцыях 17—18 ст. У 19 — пач. 20 ст. апартаменты ствараліся ў дамах секцыйнага і блакіраванага тыпаў. У наш час апартаментамі называюць і вял. багатае памяшканне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),
род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.