ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),
органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВЫЯ МАСТЫ́,
вёска ў Мастоўскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман, на скрыжаванні аўтадарог на Шчучын, Ваўкавыск, Масты. Цэнтр Мастоўскага с/с і саўгаса. За 6 км на У ад горада і чыг. ст. Масты, 66 км ад г. Гродна. 1195 ж., 414 двароў (2000). Мастоўскае райсельэнерга, пчалярскае прадпрыемства. Сярэдняя школа, спецшкола-інтэрнат, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэчны пункт, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Касцёл св. Іаана Хрысціцеля. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФІЛАКТЫ́ЧНАЕ НАЗІРА́ННЕў крымінальным праве,
знаходжанне пад кантролем на працягу тэрміну судзімасці асоб, якія здзейснілі цяжкае або асабліва цяжкае злачынства, а таксама асуджаных з адтэрміноўкай пакарання, з умоўным пакараннем, без прызначэння пакарання, непаўналетніх асуджаных з выкарыстаннем прымусовага выхавання. Ажыццяўляецца адпаведнымі службамі органаў унутр. спраў. Паводле крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (1999) гэтыя асобы абавязаны папярэдне паведамляць органам унутр. спраў пра змену жыхарства, выезд па асабістых справах у інш. мясцовасць, з’яўляцца па выкліку гэтых органаў, пры неабходнасці даваць тлумачэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭСБІЯПІ́Я [ад грэч. presbys стары + ōps (ōpos) вока],
старэчая дальназоркасць, парушэнне выразнага бачання блізка размешчаных аб’ектаў. Узнікае пасля 40 гадоў у выніку аслаблення праламляльнай здольнасці вока. Прычына П. — зніжэнне эластычных уласцівасцей хрусталіка пры ўшчыльненні яго цэнтр.ч. — ядра. Пры гэтым парушаецца акамадацыя вока, кропка яснага бачання факусіруецца па-за сятчаткай і прадметы здаюцца расплыўчатымі. Для карэкцыі П. выкарыстоўваюць акуляры са збіральнымі (выпуклымі) лінзамі, якія ўзмацняюць праламляльную здольнасць вока і забяспечваюць выразнае адлюстраванне блізка размешчаных аб’ектаў на сятчатцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХРАФІ́ТЫ [ад грэч. psychros халодны + ...фіт(ы)],
расліны, што растуць на вільготных і халодных глебах (высокія шыроты, высакагор’і). Прыстасаваныя да працяглай зімы, нізкай т-ры паветра і глебы, кароткага вегетац. перыяду, паніжанага забеспячэння раслін пажыўнымі рэчывамі, невял. колькасці ападкаў, адносна высокай вільготнасці паветра, моцных вятроў, якія высушваюць глебу летам і ўшчыльняюць снежнае покрыва зімой, і інш. Да П. адносяцца некат. водарасці і лішайнікі, з вышэйшых раслін — дрыяда, кедравы сланік, рададэндран камчацкі і інш. Размнажаюцца пераважна вегетатыўна (для выспявання насення вегетац. перыяд вельмі кароткі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПФЛЮ́ГЕР ((Pflüger) Эдуард Фрыдрых Вільгельм) (7.6.1829, г. Ганаў, Германія — 16.3.1910),
нямецкі фізіёлаг. Вучыўся ў Магдэбургскім і Берлінскім ун-тах. З 1859 праф. Бонскага ун-та, арганізатар і кіраўнік Ін-та фізіялогіі пры ім. Навук. працы па рэфлекторнай дзейнасці спіннога мозга, дзеянні пастаяннага эл. току на нерв і мышцу, агульным абмене рэчываў, праблемах кровазвароту і інш. Адкрыў тармазны ўплыў сімпатычных валокнаў чэраўнага нерва на рух кішэчніка. Сфармуляваў закон электратону і палярны закон, якія ляглі ў аснову развіцця электратэрапіі і электрадыягностыкі захворванняў нерв. сістэмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯСЧА́НЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія развіваюцца на пясках і маюць не больш за 10% часцінак фіз. гліны. Развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, водна-ледавіковых, старажытнаалювіяльных, поймавых і эолавых пясках. Маюць значную водапранікальнасць, аэрацыю, цеплаёмістасць. Прыродная ўрадлівасць нізкая — колькасць арган. і мінер. рэчываў невялікая. Падзяляюць на рыхла- і звязнапясчаныя глебы. На Беларусі займаюць больш 25% тэр. (большасць пад хваёвымі лясамі). Складаюць каля 19% с.-г. угоддзяў. Акультурваюцца П.г. ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, пасевамі бабовых, вапнаваннем, глінаваннем, арашэннем і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ ТЭАТРА́ЛЬНАЯ ЗАДУ́МА,
спроба гуртка беларусаў-інтэлігентаў мяст. Радашковічы (цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) і ваколіц паставіць у 1892 на бел. мове п’есу «Злодзей» Ядвігіна Ш. (А.Лявіцкі) без цэнзурнага дазволу. Спектакль пры ўдзеле аўтара меркавалася паказаць на платнай маёўцы, а на выручаныя грошы адкрыць бальніцу. Даведзеная да генеральнай рэпетыцыі пастаноўка была забаронена мясц. ўладамі, якія ўбачылі ў гэтай акцыі «палітычную справу». Спроба паказу спектакля на «забароненай» мове засталася няздзейсненай і ўвайшла як Р.т.з. ў гісторыю бел.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К (Stratiotes),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.
Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́НЫЯ СІСТЭ́МЫ, сістэмы з размеркаванымі параметрамі,
фізічныя сістэмы, якія складаюцца з элементаў, неперарыўна размеркаваных у канечнай вобласці прасторы. Рухі і змены, што ў іх адбываюцца, перадаюцца ад аднаго элемента да другога і не могуць ідэалізавацца як змены стану асобных аб’ектаў (мас, палёў і інш.) з фіксаванай унутр. структурай. Усе рэальныя сістэмы можна разглядаць як Р.с., параметры якіх (шчыльнасць, пругкасць, эл. супраціўленне, індукцыйнасць і інш.) мяняюцца ад пункта да пункта неперарыўна. Напр., мех. Р.с. — струна, мембрана, эл. Р.с. — антэна, рэзанатар, лінія электраперадач, хвалявод.