МАЛЬЦІ́НСКІ (Хаім Ізраілевіч) (7.8.1910. г. Паневяжыс, Літва — 8.2.1986),
яўрэйскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. адукацыі (1932). Да 1946 працаваў у друку на Беларусі, потым у Бірабіджане. У 1948 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. Жыў у Мінску, з 1975 у Ізраілі. Друкаваўся з 1929. Пісаў на ідыш. Першы зб. вершаў «Якое жыццё дарагое» (1931). Аўтар кніг апавяданняў і вершаў для дзяцей «Дзеці», «Наш хор» (абедзве 1933), «Бадзёрым крокам», «Без ценю», «Каб лёгка ісці» (усе 1936), «Брацікам і сястрычкам» (1939), п’ес «На вышцы» (1934), «Ёсць фарпост» (1935). У зб-ку паэзіі «Гады, гады мае...» (1973) філас. асэнсаванне грамадска-паліт. падзей у краіне. На бел. мове выйшлі зб-кі твораў М. «Навагодняя елка» (1939), «Поплеч з сынамі ўсімі» (1963), «Родны дом» (1965), «На сонечным баку» (1967) у перакладзе Э.Агняцвет, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, З.Бядулі, А.Бялевіча, А.Вольскага, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, П.Глебкі, Х.Жычкі, А.Зарыцкага, Г.Кляўко, Е.Лось, П.Макаля, Я.Семяжона, М.Стральцова, П.Прыходзькі, В.Ціхановіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чорная Натапа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПнЗ ад Крычава, 129 км ад Магілёва, 2 км ад чыг. раз’езда Маляцічы. 416 ж., 178 двароў (1999).
Вядома з 1639 як сяло Малецічы ў ВКЛ, 28 чал. мужчынскага полу, 13 двароў, касцёл. З 1684 цэнтр маёнтка і воласці. З 1706 мястэчка ў Мсціслаўскім ваяводстве. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ. Належала мітрапаліту С.І.Богушу-Сестранцэвічу, потым удаве ген.-маёра Багушэўскага. З 1811 уласнасць царквы. У 1880 у М. 327 ж., 62 двары, вадзяны млын, сукнавальня, лячэбніца, нар. вучылішча, царква, малітоўная школа, 10 крам. З 1919 у Чэрыкаўскім пав. Гомельскай губ. РСФСР, з 1924 цэнтр сельсавета ў Крычаўскім р-не БССР. У Вял.Айч. вайну ў 1942 ням.-фаш. захопнікі знішчылі 75 жыхароў, у вер. 1943 спалілі вёску, знішчылі 210 жыхароў. Пасля вайны адбудавана. У 1972—308 ж., 94 двары.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп.парт. школу пры ЦККП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА (франц. masque ад сярэднелац. mascus),
1) спецыяльная накладка з проразямі для вачэй, якая формай і малюнкам нагадвае твар чалавека, мысу жывёлы, галаву міфалагічнай істоты і інш. Паводле прызначэння падзяляюцца на рытуальна-абрадавыя і тэатр., у т. л. паўмаскі (закрываюць толькі верхнюю частку твару). Бываюць таксама парныя (2 выканаўцы паказваюць адну істоту), калектыўныя (пад адной М. хаваюцца некалькі выканаўцаў), М.-касцюмы, М., якія трымаюць у руках або надзяваюць на пальцы. Ужываецца і як элемент акцёрскага грыму (пластычная наклейка). Вядома са старажытнасці як паляўнічая маскіроўка, рытуальны атрыбут татэмічных і інш. язычніцкіх культаў, у якіх мела магічнае значэнне. Як элемент тэатр. грыму ўжывалася ў ант. т-ры, пазней у італьян. камедыі дэль артэ, паказах скамарохаў і інш.Найб. пашырана ў традыц. культуры народаў Азіі і Афрыкі. На Беларусі М. карысталіся скамарохі («мядзведзь», «каза», дзед і інш.), асобныя персанажы ў паказах нар. драм («Цар Максімілян»), акцёры т-раў Радзівілаў у алегарычных балетах. Як адзін са сродкаў сцэн. выразнасці сустракаецца ў пастаноўках сучасных т-раў, асабліва ў т-ры лялек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),
бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-рслав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел.к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).
Літ.:
Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВІ́Н (Іван Міхайлавіч) (18.6.1874, Масква — 16.2.1946),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1936). Скончыў Муз.-драм. вучылішча Маскоўскага філарманічнага т-ва (1896). З 1896 у Яраслаўскім т-ры, т-ры Корша ў Маскве. З 1898 у МХТ (з 1943 дырэктар). Творчасць М. вызначалася мастацтвам пераўвасаблення, жыццёвай дакладнасцю вобразаў, імкненнем да раскрыцця іх унутр. сутнасці, ярка выражаным нац. характарам. Сярод роляў: цар Фёдар («Цар Фёдар Іаанавіч» А.Талстога), Федзя Пратасаў («Жывы труп» Л.Талстога), Фама Апіскін («Сяло Сцяпанчыкава» паводле Ф.Дастаеўскага), Наздроў («Мёртвыя душы» паводле М.Гогаля), Епіходаў («Вішнёвы сад» А.Чэхава), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.Астроўскага), Лука («На дне» М.Горкага), Пугачоў («Пугачоўшчына» К.Транёва) і інш. Выступаў як рэжысёр: «Сіняя птушка» М.Метэрлінка і «Рэвізор» Гогаля (1908), «Месяц на вёсцы» І.Тургенева (1909) і інш. Здымаўся ў кіно: «Палікушка» (1919, вып. 1922), «Калежскі рэгістратар» (1925) і інш. У 1941 з т-рам гастраліраваў у Мінску. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХФУ́З (Нагіб) (н. 24.12.1911, Каір),
егіпецкі пісьменнік. Скончыў Каірскі ун-т (1934). У 1930—40-я г. выступіў з рамант.гіст. раманамі на «фараонскую тэму» («Гульня лёсаў», «Радабіс», «Барацьба Фіў»). У рэаліст. раманах «Новы Каір» (1945), «Завулак аль-Мідак» (1947), «Пачатак і канец» (1949, экранізацыя 1960), трылогіі «Бейн аль-Касрэйн», «Каср аш-Шаук» (Дзярж. прэмія АРЕ 1957), «Ас-Сукарыя» (1956—57) шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Жыццё краіны пасля нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 адлюстравана ў раманах «Жабрак» (1963), «Шлях» (1964), «Балбатня над Нілам» (1966, экранізацыя 1972), «Пансіён «Мірамар» (1967) і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Люстэркі» (1971—72), зб-каў навел «Пад навесам» (1969), «Апавяданні пра наш квартал» (1975), п’ес і інш. Для яго твораў характэрна спалучэнне традыцый араб.нар. апавядальнай л-ры і еўрап. раманістыкі. Нобелеўская прэмія 1988.
Тв.:
Рус.пер. — Дети нашего квартала. М., 1959;
Вор и собаки. М., 1965;
Осенние перепела. М., 1965;
Пансион «Мирамар». Любовь под дождем. М., 1975;
Зеркала. М., 1979.
Літ.:
Кирпиченко В.Н. Нагиб Махфуз — эмир арабского романа. М., 1992.
грузінскі і расійскі дырыжор. Нар.арт.СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930, клас А.Гаўка). З 1923 у Тбіліскім оперным т-ры, з 1931 дырыжор, у 1953—62 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве. Яго творчасці ўласцівы тонкае разуменне вак. спецыфікі, уменне па-майстэрску раскрываць муз. драматургію твораў розных эпох і стыляў. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены оперы «Атэла» Дж.Вердзі (1932), «Абесалом і Этэры» З.Паліяшвілі (1939), «Чаравічкі» (1941) і «Пікавая дама» (1944) П.Чайкоўскага, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1946), «Руслан і Людміла» М.Глінкі (1948), «Аіда» (1951) і «Фальстаф» (1962) Вердзі, «Дзекабрысты» Ю.Шапорына (1953), «Фідэліо» Л.Бетховена (1954), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1959) і інш. Удзельнічаў у оперных пастаноўках шэрагу т-раў еўрап. краін. Выступаў і як сімф. дырыжор. Аўтар муз. твораў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу дырыжораў (1938). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1943.
Літ.:
А.Ш.Мелик-Пашаев: Воспоминания, статьи, материалы. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГА́Й (Сяргей Іванавіч) (30.5.1888, г. Магілёў — 8.12.1959),
расійскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт. Расіі (1939). Скончыў Адэскае муз. вучылішча (1911), вучыўся ў М.Батыстыні (1911—13), у Опернай студыі пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага (1918—20). З 1911 саліст Вял.т-ра, з 1924 у Ленінградскім т-ры оперы і балета. У 1927—41 выступаў у Маскве і Ленінградзе, з 1941 саліст і кіраўнік вак. групы Усесаюзнага радыёкамітэта. З 1948 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1952 праф.). Меў насычаны галас цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), дасканала валодаў вак. тэхнікай. Сярод лепшых партый: Анегін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Мізгір, Гразной («Снягурачка», «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Дэман («Дэман» А.Рубінштэйна), Рыгалета, Жэрмон, граф ды Луна («Рыгалета», «Травіята», «Трубадур» Дж.Вердзі) і інш. Актыўна ўдзельнічаў у рабоце Магілёўскага літаратурна-музычна-драматычнага гуртка. У 1920-я г. часта спяваў з Л.Собінавым. Сярод яго вучняў Ю.Мазурок, А.Саўчанка. Аўтар метадычных прац па пытаннях вак. выканальніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛА́ШКІНА (Тамара Андрэеўна) (н. 13.9.1934, г. Астрахань, Расія),
расійская спявачка (лірыка-драм. сапрана). Нар.арт.СССР (1973). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959, клас А.Катульскай). У 1958—89 салістка Вял.т-ра. Валодае голасам прыгожага цёплага тэмбру вял. дыяпазону (больш за 2 актавы), роўным ва ўсіх рэгістрах, сцэн. абаяльнасцю. Выкананню ўласцівы шчырасць у перадачы пачуццяў, глыбокі псіхалагізм. Сярод партый: Ліза, Таццяна, Марыя, Іаланта («Пікавая дама», «Яўген Анегін», «Мазепа», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Аіда, Лізавета, Леанора, Дэздэмона («Аіда», «Дон Карлас», «Трубадур», «Атэла» Дж.Вердзі), Валхава, Фяўроння («Садко», «Казанне пра нябачны горад Кіцеж...» М.Рымскага-Корсакава), Яраслаўна («Князь Ігар» А.Барадзіна), Донна Анна («Каменны госць» А.Даргамыжскага), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Тоска («Тоска» Дж.Пучыні), Наташа Растова, Любка («Вайна і мір», «Сямён Катко» С.Пракоф’ева), Катарына («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна). Выступала ў «Ла Скала» і інш. замежных т-рах, выконвала партыю драм. сапрана ў «Рэквіеме» Вердзі. Яе творчасці прысвечаны фільм «Чараўніца з горада Кіцежа» (1966). Дзярж. прэмія Расіі 1978.
Літ.:
Грошева Е. Тамара Милашкина // Певцы Большого театра СССР. М., 1978.