геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць паліт. падзел і палітыка-адм. ўладкаванне якой-небудзь тэрыторыі. Асн. элементы карты: паліт. і адм. граніцы, сталіцы, адм. цэнтры, населеныя пункты, шляхі зносін. Выкарыстоўваюцца для даведачных, арганізацыйна-гасп., навуч. мэт і ў якасці асновы для складання карт інш. тэматыкі. Маштабы П.-а.к. розныя, напр., у СССР выдаваліся карты краіны маштабаў 1:4 000 000, 1:5 000 000, 1:8 000 000, у Беларусі выдаюцца — 1:400 000, 1:600 000, 1:2 500 000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),
1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл.Рымскі пантэон).
2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.Ж.Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.
3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРААМІНАБЕНЗО́ЙНАЯ КІСЛАТА́, вітамін H1,
роставы фактар многіх мікраарганізмаў, у т. л. насельнікаў кішэчніка жывёл і чалавека, якія сінтэзуюць з яе фоліевую кіслату.
Бясколернае крышт. рэчыва, дрэнна раствараецца ў вадзе, добра ў спірце. Спрыяе сінтэзу РНК і ДНК, уплывае на абмен некат. біягенных амінаў. Антымікробнае ўздзеянне сульфаніламідных прэпаратаў заснавана на іх здольнасці (з-за структурнага падабенства з П.к.) парушаць сінтэз фоліевай к-ты. Этылавы (анестэзін) і дыэтыламінаэтылавы (навакаін) эфіры П.к. выкарыстоўваюць у медыцыне. На П.к. багатыя печань, ныркі, сэрца, дрожджы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РЫ ((Parry) Уільям Эдуард) (19.12.1790, г. Бат, Вялікабрытанія — 8.7.1855),
англійскі даследчык Арктыкі. У 1819—24 кіраваў 3 экспедыцыямі на 2 караблях, якія былі пасланы на пошукі Паўн.-Зах. праходу. У час экспедыцыі адкрыў і даследаваў шэраг а-воў (Сомерсет, Мелвіл, Банкс, Карнуоліс і інш.) і праліваў (Ланкастэр, Прынс-Рыджэнт, Бараў, Мелвіл, Уэлінгтан і інш.) Канадскага Арктычнага архіпелага. У 1827 спрабаваў дасягнуць Паўн. полюса (ад Шпіцбергена), дайшоў да 82°45′паўн. ш. Яго імем названы архіпелаг арктычных астравоў, заліў, паўвостраў, 3 мысы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ГВІНЕ́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША У Зах. Афрыцы. Цягнецца паралельна ўзбярэжжу Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал. ад вытокаў рэк Нігер, Сенегал, Гамбія на З да ніжняга цячэння Нігера на У. Складаецца з гор і пласкагор’яў, якія з’яўляюцца выступамі Афрыканскай платформы. Выш. ад 300—500 м на У да 500—1000 м на З (г. Бінтымані, 1948 м). Паўд. паветраныя схілы больш стромкія, моцна расчлянёныя шматлікімі рэкамі, укрытыя гал.ч. вільготнымі вечназялёнымі лясамі; на больш засушлівых паўн. схілах пераважаюць лістападныя саванныя лясы і высакатраўныя саванны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),
род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.
П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТНЫЯ ПТУ́ШКІ,
птушкі, якія штогод робяць пералёты ад месцаў гнездавання на зімоўкі (у вырай) і назад. Для іх характэрны: высокі ўзровень метабалізму, здольнасць да хуткага перамяшчэння ў паветры, арыентацыя ў прасторы, назапашванне пажыўных рэчываў і тлушчу, строгая цыклічнасць размнажэння і лінькі, хуткая перабудова фізіял. функцый і іх сінхранізацыя з сезоннымі зменамі асяроддзя. На Беларусі 162 віды П.п., большасць з іх — лясныя і вадаплаўныя, у т. л. буслы, дразды, івалгі, качкі, крачкі, кулікі, ластаўкі, мухалоўкі, чайкі, шпакі. Гл. таксама Пералёты птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ,
хімічная рэакцыя, што прыводзіць да замены аднаго спіртавога ці кіслотнага астатку ў малекуле складанага эфіру на другі; адзін са спосабаў атрымання складаных эфіраў. Адбываецца пры ўзаемадзеянні эфіру са спіртам (алкалоліз), карбонавай к-той (ацыдоліз) ці інш. складаным эфірам (падвойны абмен) у прысутнасці каталізатара (алкагаляты, шчолачы, саляная к-та і інш.). Выкарыстоўваюць у прам-сці для атрымання полікарбанатаў, тэрэфталатаў, метылавага і бутылавага эфіраў вышэйшых тлустых кіслот, а таксама для сінтэзу складаных эфіраў, якія нельга атрымаць этэрыфікацыяй (напр., вінілавыя эфіры вышэйшых кіслот).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРФУ́ЗІЯ (ад лац. perfusio абліванне, уліванне),
метад прапускання фізіял. раствораў, крыві, кровазаменных і інш. вадкасцей праз крывяносныя сасуды органа, ч. цела або ўсяго арганізма. Адрозніваюць П. органаў, цалкам вынятых з арганізма, і П. органаў, якія знаходзяцца ў арганізме, але ізаляваны ад яго сасудзістага рэчышча. Пашырана ў эксперым. фізіялогіі, дазваляе захоўваць пэўны час жыццядзейнасць органаў. Выкарыстоўваюць пры трансплантацыі; пры аперацыях на сэрцы робяць П. ўсяго арганізма. П. наз. таксама кровазабеспячэнне органаў цела ў натуральных умовах (напр., П. нырак, галаўнога мозга і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,
комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.