АРХІ́ЎНЫЯ КАМІ́СІІ, Губернскія вучоныя архіўныя камісіі,
губернскія ўстановы па зборы гіст. крыніц у Расіі ў 1884—1918. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археал. ін-та М.В.Калачова. Дзейнічалі ў 41 губ. Рас. імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13.4.1884 іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гіст. архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. У.І.Пічэта), пісьменнікі (М.Горкі, У.Г.Караленка). Камісіі арганізоўвалі б-кі, музеі, збіралі этнагр. матэрыял, праводзілі археал. раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; усяго выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археал. ін-ту, пасля — Рускаму гіст. т-ву.
Літ.:
Самошенко В.Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138;
Макарихин В.П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.
У.Я.Калаткоў.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
...АРХІЯ
(ад грэч. archē улада, вяршэнства),
частка складаных слоў, якая абазначае форму ўлады, кіравання, напр., алігархія, манархія.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НА-ЕНІСЕ́ЙСКІЯ НА́ДПІСЫ,
пісьмовыя помнікі цюркамоўных народаў 7—11 ст. Адкрыты ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў вярхоўях Енісея і на р. Архон (Манголія). Дэшыфраваны і прачытаны ў канцы 19 ст. Зроблены т.зв. рунічным пісьмом на скалах, камянях, збудаваннях, асобных рэчах (эпітафіі, гіст.-біягр. тэксты, памятныя надпісы), захаваліся тэксты на паперы (юрыд. дакументы, рэліг. тэксты). Вядомы 7 груп архона-енісейскіх надпісаў: ленска-прыбайкальская (плямёны курыкан), енісейская (Кыргызскі каганат), мангольская (Усх.-цюркскі каганат), алтайская (Зах.-цюркскі каганат), усх.-туркестанская (Уйгурскі каганат у Манголіі), сярэднеазіяцкая (Уйгурская дзяржава ва Усх. Туркестане) і ўсх.-еўрап. (хазары і печанегі).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХО́НТ, архант (грэч. archōn),
вышэйшая службовая асоба ў стараж.-грэч. полісах. У Афінах гэтая пасада з’явілася ў 11 ст. да н.э., калі замест басілея (цара) тут пачалі правіць пажыццёвыя архонты. З 8 ст. да н.э. іх улада скарацілася да 10 гадоў, з 7 ст. да н.э. — да 1 года. Кандыдатаў у архонты вызначаў арэапаг. З 487—486 да н.э. архонта выбіралі па жэрабю. З 7 ст. да н.э. ўлада належала 9 архонтам: эпанім кіраваў выканаўчай уладай, басілей выконваў рэліг. функцыі, палемарх быў военачальнікам, 6 фесмафетаў займаліся суд. справамі. Усе разам складалі калегію архонта. У 5 ст. да н.э. пасада архонта страціла паліт. значэнне.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́М’ЕЎ Аляксандр Сяргеевіч
(н. 5.7.1928, в. Залацькова Вярэйскага р-на Маскоўскай вобл.),
бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1979), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1953). У 1953—58 у мін-вах гандлю і дзярж. кантролю БССР. З 1961 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1962 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Навук. працы па сац.-эканам. праблемах грамадскага харчавання.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́М’ЕЎ Эдуард Мікалаевіч
(н. 30.11.1937, г. Новасібірск),
рускі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1985). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1960). У творчасці шырока выкарыстоўвае серыйную тэхніку, алеаторыку, электронную музыку. Сярод твораў: араторыя «Я забіты пад Ржэвам» на сл. А.Твардоўскага (1963), кантата «Рытуал» (1980), сімфонія «Пілігрымы» (1985); электронная музыка — «Мазаіка Венецыі», «Варыяцыі на адзін тэмбр», «Сем варот у свет Саторый»; вак.-інстр. Цыкл «Цяпло зямлі»; музыка да кінафільмаў (больш за 80). Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1988.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЕ́МІЙ, Троіцкі (? — пач. 1570-х г.),
рускі царк. дзеяч і публіцыст, адзін з ідэолагаў несцяжацеляў. Прыняўшы манаства, жыў у Пскоўскім Пячэрскім манастыры, потым у заволжскай пустыні, быў ігуменам Троіцкага манастыра. Асуджаў царк. землеўладанне, абраднасць, прывілеі духавенства, прапаведаваў маральнае самаўдасканаленне. За свае погляды адлучаны ад царквы і сасланы ў Салавецкі манастыр (1553). Каля 1554—55 уцёк на Беларусь, жыў у Віцебску, потым у князя Юрыя Алелькі. Перакладаў рэліг. кнігі на царкоўнаслав. мову, выкладаў багаслоўе пры двары князя. Захавалася 14 яго пасланняў. Быў знаёмы і вёў палеміку з С.Будным, сярод яго карэспандэнтаў Іван IV, Андрэй Курбскі.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМ
(сапр. Арцем’еў Аляксандр Радзівонавіч; 1842, с. Столпава Разанскай вобл. — 29.5.1914),
рускі акцёр. Скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878). Працаваў настаўнікам малявання і чыстапісання. З 1880-х г. іграў у аматарскіх спектаклях, з 1888 — у Т-ве мастацтва і л-ры, з 1898 — у Маскоўскім маст. т-ры (МХТ). Найб. поўна талент Арцём раскрыўся ў п’есах А.Чэхава. Сярод інш. роляў: Пярчыхін («Мяшчане» М.Горкага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.Тургенева).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМАЎ Павел Якаўлевіч
(20.10.1907, С.-Пецярбург — 25.3.1994),
бел. вучоны ў галіне механікі. Канд. тэхн. н. (1949), праф. (1971). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1932), дзе і працаваў. З 1945 у Бел. лесатэхн. ін-це. У 1961—83 у Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па супраціўленні матэрыялаў, тэорыі трываласці матэрыялаў і канструкцый.
Тв.:
Таблицы для расчёта на прочность и жёсткость балок и стержней. Мн., 1959;
Справочное пособие по сопротивлению материалов. 3 изд. Мн., 1970 (разам з М.М.Рудзіцыным, М.І.Любошыцам).
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМАЎ Пётр Сяргеевіч
(н. 4.7.1941, в. Воткіна Хвастовіцкага р-на Калужскай вобл.),
бел. мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1969). Працуе гал. мастаком Барысаўскага хрусталёвага з-да. У галіне маст. шкла распрацаваў асартымент масавых вырабаў з бясколернага хрусталю, каляровага і бясколернага шкла (пітны прыбор «Дзьмухавец», сталовыя сервізы, вазы «Кольцы» і інш.).
Літ.:
Беларускае мастацкае шкло: [Альбом]. Мн., 1978.
М.М.Яніцкая.
т. 1, с. 534
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)