Будаўніцтва вялося ў пач. 12 ст. (паводле меркавання Э.М.Загарульскага, паміж 1069 і 1073) на правым беразе р. Свіслач у раёне сучаснай пл. 8 Сакавіка ў Мінску (тэр.Мінскага замка); па невядомых прычынах не было скончана. Помнік даследавалі В.Р.Тарасенка (1949—51), Г.В.Штыхаў (1976). Мураваны храм пачалі будаваць з бутавага каменю пасля моцнага пажару, які знішчыў забудову дзядзінца горада і, верагодна, драўляную царкву, якая тут была раней. На яе месцы былі зроблены падмуркі, ніжнія ч. апсід, паўд. і зах. сцен. Паводле плана падмуркаў меркавалася паставіць кампактны 4-слуповы крыжова-купальны храм, амаль квадратны ў плане, з 3 паўавальнымі апсідамі. На ўнутр. сценах храма захавалася абліцоўка з добра апрацаваных плітак, вырабленых з наздраватага даламіту. На ПнУ ад царквы выяўлены яма для прыгатавання вапны (пл. 25 м²) і пляцоўка майстэрні, дзе абчэсвалі пліткі. Царква не мае аналагаў у стараж.-рус.манум. буд-ве. Амаль праз стагоддзе пасля спынення буд-ва царквы на яе месцы ўзнік хрысц. могільнік знатных гараджан. Выяўлена 21 пахаванне 13 ст. ў дамавінах скрынкавага тыпу з вял. хваёвых дошак на шыпах без цвікоў. Некат. векі дамавін абкладзены бяростай. У 1967 за 30 м ад падмуркаў М.з.ц. пабудаваны яе муляж. Самі падмуркі знаходзяцца ў некранутым выглядзе на глыбіні 0,5—2,1 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РЫ ГО́ДА,
перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33′). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51°паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.
Да арт.Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ВА НА ЖЫЦЦЁ,
адно з асноўных асабістых правоў чалавека, якое абараняецца міжнар. правам і канстытуцыямі большасці дэмакр. краін. Змест П. на ж. шматгранны і адрозніваецца ў розных дзяржавах. Там, дзе смяротная кара адменена (Аўстралія, Аўстрыя, ФРГ, Францыя і яшчэ больш як 40 дзяржаў), П. на ж. азначае, што ні адзін чалавек ні за якія дзеянні не можа быць пазбаўлены жыцця. У краінах, дзе існуюць розныя рэжымы захавання смяротнай кары(прымяненне смяротнай кары, выкарыстанне яе ў выключных выпадках, адмаўленне ад яе прымянення на практыцы), пад П. на ж. разумеецца, што ніхто не можа быць пазбаўлены жыцця без неабходнай прававой працэдуры. У шэрагу канстытуцый П. на ж. канкрэтызуецца пералікам пэўных злачынстваў, за якія можа быць устаноўлена законам смяротная кара, а таксама кола асоб, да якіх яна не можа прымяняцца (напр., жанчыны, непаўналетнія). Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, разам з абвяшчэннем П. на ж. робіць агаворку, што «смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна з прыгаворам суда», і ўдакладняе, што да гэтай меры пакарання не могуць быць асуджаны асобы, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, жанчыны, а таксама мужчыны, якія дасягнулі на дзень вынясення прыгавору 65 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Мацей (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел.пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАЎСІО́ДЖВАННЕ РАДЫЁХВА́ЛЬ,
працэс перадачы эл.-магн. хваль радыёдыяпазону ў розных асяроддзях. У натуральных умовах адбываецца ў атмасферы і тоўшчы Зямлі, а таксама ў касм. прасторы. Радыёхвалі могуць распаўсюджвацца прамалінейна, агінаць выпуклую паверхню Зямлі, адбівацца ад іанасферы і інш.
У аднародным асяроддзі Р.р. прамалінейнае з пастаяннай для дадзенага асяроддзя скорасцю (свабоднае Р.р.). Блізкім да свабоднага з’яўляецца Р.р. у касм. прасторы. На Р.р. у атмасферы і тоўшчы Зямлі істотна ўплываюць іх электрадынамічныя ўласцівасці, крывізна зямной паверхні і няроўнасці яе рэльефу. Крывізна зямной паверхні і яе няроўнасці абумоўліваюць дыфракцыю радыёхваль, істотную для звышдоўгіх і доўгіх радыёхваль (гл.Радыёчастоты). Уплыў атмасферы абумоўлены наяўнасцю ў яе верхніх слаях плазмы і паглынальных рэчываў, напр., вадзяной пары і кіслароду. Кароткія радыёхвалі мнагакратна адбіваюцца ад іанасферы і могуць дасягаць любога пункта Зямлі. З такім адбіццём радыёхваль звязана таксама заміранне радыёсігналаў, абумоўленае нестацыянарнасцю шчыльнасці эл. зарадаў і іанасферы. Для метровых і дэцыметровых хваль іанасфера практычна празрыстая і яны выкарыстоўваюцца для радыёсувязі з лятальнымі апаратамі па-за межамі іанасферы. На гэтых хвалях выяўлена таксама радыёвыпрамяненне ад пазаземных крыніц (гл.Радыёастраномія).
Літ.:
Долуханов М.П. Распространение радиоволн. 4 изд. М., 1972;
Черный Ф.Б. Распространение радиоволн 2 изд. М., 1972;
Черенкова Е.Л., Чернышев О.В. Распространение радиоволн. М., 1984.
дамоўленасці паміж урадамі Расіі і Вялікабрытаніі аб узгодненай калан. палітыцы на Сярэднім Усходзе. Пагадненне 1872—73 заключана ў выніку абмену нотамі паміж рас. і брыт. урадамі (29.10.1872—31.1.1873). Устанавіла мяжу паміж залежным ад Вялікабрытаніі Афганістанам і падвасальным Расіі Бухарскім эміратам па рэках Пяндж і Памір. Так Вялікабрытанія атрымала сферу ўплыву на Пд ад гэтай мяжы, а Расія — на Пн. Пагадненне 1885 падпісана ў Лондане 10 верасня. Урэгулявала рус.-афг. канфлікт, выкліканы далучэннем да Расіі Туркменіі, вызначыла (у асн. паводле рас. патрабаванняў) лінію рас.-афг. мяжы (туркменскі участак) і склад брыт.-рас. камісіі для яе ўдакладнення і правядзення. Пагадненне 1907 падпісана ў Пецярбургу 31 жн. Расія і Вялікабрытанія прызналі тэр. недатыкальнасць Тыбета. Вялікабрытанія пагадзілася вывесці свае войскі са сталіцы Тыбета г.Лхаса і дазволіць наведванне яерэліг. паломнікам з Расіі (буратам). Іран быў падзелены на зоны паліт.-эканам. ўплыву: рас. (паўн. і ч.цэнтр. раёнаў краіны з Тэгеранам), брытанскую (прылеглыя да брыт. Індыі і Афганістана вобласці) і нейтральную. Расія прызнала, што Афганістан знаходзіцца па-за сферай яе ўплыву, Вялікабрытанія абавязалася ўстрымацца ад анексій у Афганістане. Пагадненне 1907 было важным этапам у стварэнні Антанты.
Літ.:
Дипломатический словарь. 4 изд. М., 1985. Т. 2. С. 481-482.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́Ф’Я СЛУ́ЦКАЯ (1.5.1585, г. Слуцк — 19.3.1612),
рэлігійная дзяячка, бел.правасл. святая. Дачка слуцкага кн. Юрыя Алелькавіча і Барбары Кішкі. Выхоўвалася ў праваслаўі. Рана асірацела і стала ўладальніцай вял. латыфундыі пад апекай сваякоў Хадкевічаў. Пасля смерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль, мяст. Раманава, Старобін, Любань, Пясочнае і Ленін, 32 фальваркі. Яе апекуны Хадкевічы завінаваціліся Радзівілам вял. суму грошай, і ў 1600 дамовіліся выдаць Соф’ю замуж за Я.Радзівіла (у будучым кашталян віленскі). Аднак спрэчкі паміж Хадкевічамі і Радзівіламі ледзь не выліліся ў баявыя дзеянні. Пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта III Вазы бакі паразумеліся. 1.10.1600 у Брэсце адбыўся шлюб Соф’і з Радзівілам. Хоць муж вызнаваў кальвінізм, Соф’я засталася праваслаўнай. Шмат увагі аддавала дабрачынным справам, падтрымлівала правасл. цэрквы і манастыры ў Слуцкім княстве, якое дзякуючы ёй захавала сваё правасл. аблічча. Пасля яе заўчаснай смерці Слуцкае княства, згодна з ранейшай дамоўленасцю, перайшло да Радзівілаў. Труна з астанкамі Соф’і знаходзілася ў царкве Слуцкага Троіцкага манастыра і шанавалася як цудатворная. Зараз мошчы зберагаюцца ў Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы, Соф’я ўваходзіць у Сабор бел. святых. Дзень яе памяці 1 красавіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЛІЗА́ЦЫЯ,
спосаб адлюстравання зместу пэўнай сукупнасці ведаў шляхам выкарыстання складанай сістэмы правіл, ідэалізацый, абстракцый, прыёмаў і аперацый. Забяспечвае абстрагаванне ад канкрэтнага значэння паняццяў і зместу навук.тэорыі з мэтай выяўлення яе лагічных асаблівасцей і дэдуктыўных магчымасцей, наяўнасці супярэчнасцей ці іх адсутнасці. У матэматыцы і фармальнай логіцы, дзе Ф. найб. развіта, уяўляе сабой адлюстраванне зместу ведаў у выглядзе фармалізаванай мовы. Неабходнай умовай для стварэння такой мовы з’яўляецца выкарыстанне аксіяматычнага метаду. Тэорыя можа разглядацца як фармальная сістэма, калі разам з аксіяматызацыяй і дакладным вызначэннем лагічных сродкаў яе паняцці замяняюцца сімвалічнымі абазначэннямі. Вылучаюць 2 тыпы фармалізаваных тэорый: цалкам фармалізаваная (з нескладанай лагічнай структурай і невял. колькасцю паняццяў) і часткова фармалізаваная (са складанай лагічнай структурай і вял. колькасцю паняццяў). Неабходнасць у Ф. ў пэўнай навуцы ўзнікае на дастаткова высокім узроўні яе развіцця, калі лагічная сістэматызацыя і арганізацыя ведаў становіцца першараднай задачай. Ф. стымулюе рух пазнання, адкрывае магчымасці для фармулёўкі і пастаноўкі новых праблем і пошуку іх вырашэння, служыць адным са сродкаў стварэння праграм для ЭВМ і мадэліравання мыслення.
Літ.:
Черч А. Введение в математическую логику: Пер. с англ.Т. 1. М., 1960;
Клини С.К. Математическая логика: Пер. с англ.М., 1973;
Бартон В.И. Логика. Мн., 2001;
Тарский А. Введение в логику и методологию дедуктивных наук: Пер. с англ.М., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНО́СНАЯ ВЫШЫНЯ́,
адлегласць па вертыкалі ад пункта на паверхні зямлі да якога-н. адвольна прынятага за нуль узроўню. Паказвае, наколькі адзін пункт зямной паверхні перавышае другі (напр., выш. горнай вяршыні над яе падэшвай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІ́МПІЙ (Аліпій; ? — 17.8.1114),
старажытнарускі жывапісец і ювелір. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1084 удзельнічаў у размалёўцы яе Успенскага сабора. Ёсць меркаванне, што Алімпій пісаў абразы, выканаў мазаікі для сабора Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра.