неядавітая змяя сям. вужовых атр. лускаватых. Пашырана ў Еўразіі. Жыве на ўзлесках, высечках, у хмызняках, зрэдку на лугах; у гарах — да выш. 2500 м. На Беларусі рэдкая, часцей трапляецца ў паўд. і зах. раёнах, у т. л. ў Белавежскай пушчы. Занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 80 см, у т. л. хваста да 12 см. Спіна шэрая, шэра-бурая або (асабліва ў самцоў) медна-чырв., чырв. (адсюль назва), з 2—4 радамі буйных папярочных цёмных плямак. Брушка шэра-бурае, аранжавае або чырвонае. На шыі 2 кароткія бурыя палосы, злучаюцца на патыліцы. Характэрны цёмная паласа ад ноздры праз вока да кутка рота, круглая зрэнка. Корміцца насякомымі, яшчаркамі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Яйцажывародная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«О́КНА РО́СТА»,
«Окна сатиры РОСТА», агітацыйна-палітычныя сатырычныя плакаты, што ствараліся ў 1919—22 сав. мастакамі і паэтамі, якія працавалі ў сістэме Рас. тэлеграфнага агенцтва (РОСТА). Вызначаліся прастатой і лаканізмам маст. сродкаў, заснаваных пераважна на выразнасці сілуэтаў, яркай расфарбоўцы ў 2—3 колеры, выкарыстанні традыцый лубка, спалучэнні выявы з кароткім, часцей вершаваным тэкстам. Выконваліся і тыражаваліся ў трафарэтнай тэхніцы (да 150 экз.) у Маскве (І.Малюцін, Дз.Маор, У.Маякоўскі, М.Чарамных), Петраградзе (Л.Брадаты, У.Лебедзеў, А.Радакоў) і інш. гарадах Расіі, на Украіне (Б.Яфімаў), у Баку і інш. На Беларусі «О.Р.» выпускалі ў Віцебску і Гомелі.
Да арт.«Окна РОСТА». У.Маякоўскі. Вораг апошні гатовы. 1920.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКАЗА́ЛЬНЫЯ ТЭА́ТРЫ,
чырвонаармейскія т-ры і тэатр. калектывы, што існавалі ў час грамадз. вайны пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту для культ. абслугоўвання вайск.часцей франтавых і прыфрантавых зон, шпіталяў і мясц. насельніцтва 3 восені 1919 да ліп. 1920 існавалі Першы паказальны тэатр, Другі паказальны тэатр, Трэці паказальны тэатр. У ліп. 1920 яны аб’яднаны ў адзіны калектыў з базай у Смаленску, пазней у Мінску. У трупе выступалі прафес. акцёры і чырвонаармейцы, маст. кіраўнік — М.Дняпроў. Рэпертуар складаўся пераважна з твораў рус. і замежнай класікі, сав. драматургіі. Спыніў дзейнасць у канцы 1920. Апошні спектакль аб’яднанай трупы — «На дне» М.Горкага (рэж. і мастак К.Елісееў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ ПО́ЛЬСКАЯ ПЯХО́ТНАЯ ДЫВІ́ЗІЯ ІМЯ́ Т.КАСЦЮ́ШКІ, Першая Варшаўская пяхотная дывізія імя Т.Касцюшкі. Сфарміравана па ініцыятыве Саюза польскіх патрыётаў у СССР у маі 1943 на тэр.Сав. Саюза (в. Сяльцы, каля г. Разань, Расія) і з яго дапамогай. Першы бой дывізія на чале з ген. З.Берлінгам правяла разам з сав. войскамі 12—13.10.1943 каля в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. З сак. 1944 у складзе 1-й Польскай арміі, якая 21.7.1944 аб’яднана з Арміяй Людовай у Войска Польскае. Назву «Варшаўская» атрымала за ўдзел у вызваленні сталіцы Польшчы. У гонар першага сумеснага бою часцейЧырв. Арміі і гэтай дывізіі ў в. Леніна адкрыты Музей савецка-польскай баявой садружнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАГРА́МАў інфарматыцы,
дакладнае апісанне на фармальнай мове паслядоўнасці дзеянняў аўтаматычнай прылады (часцейЭВМ); рэалізуе распрацаваны алгарытм.
П. ЭВМ складаецца з сукупнасці каманд (інструкцый), якія выкарыстоўваюцца для кіравання яе работай. Каманды выконваюць арыфметыка-лагічныя аперацыі над данымі ці аналізуюць вынікі такіх аперацый. Аўтаматызм выканання дасягаецца тым, што за бягучай камандай (акрамя апошняй) абавязкова называецца чарговая або тая, якая вызначаецца камандай умоўнага ці безумоўнага пераходу. Выбар напрамку ў камандах галінавання залежыць ад выніку аперацый над данымі. Некат. каманды ці іх групы могуць выконвацца шматразова, таму працягласць работы П. залежыць ад уваходных даных (П. рэагуе на разнастайнасць даных і іх пераўтварэнні). Распрацоўка П. — адна з асноўных задач прыкладной матэматыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУГАЧЫ́ (Bubo),
род птушак сям. савіных атр. совападобных. 12 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Аўстраліі і Антарктыды. Жывуць у лясах, стэпах, пустынях, у гарах да выш. 4700 м. Актыўныя ўначы. На Беларусі 1 від — П. звычайны (B. bubo), рэдкая аселая і вандроўная птушка. Трапляецца часцей на Палессі ў лясах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. да 75 см, размах крылаў да 180 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне рыхлае, рыжавата-жаўтаватае ці белаватае з падоўжнымі і папярочнымі плямкамі, зверху цёмнае, знізу светла-жоўтае, пёравыя «вушкі» чорныя ці з папярочным малюнкам. Радужына вачэй чырванавата-аранжавая або карая. Дзюба і кіпцюры чорныя. Ногі моцныя, пальцы апераныя. Драпежнікі. Адкладваюць да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел.часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел.часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАТЫ́ЎНАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,
утварэнне новага арганізма з часткі мацярынскага, адзін са спосабаў бясполага размнажэння. У жывёльных арганізмаў ажыццяўляецца пачкаваннем (губкі, кішачнаполасцевыя, некат. чэрві, імшанкі, абалоннікі) або дзяленнем (прасцейшыя, плоскія і кольчатыя чэрві), у ніжэйшых раслін (напр., у водарасцей) — часцей дзяленнем, радзей пачкаваннем (некат. сумчатыя грыбы, напр., дрожджы, некат. базідыяльныя грыбы), у ніжэйшых шматклетачных раслін — распаданнем цела на часткі, здольныя да рэгенерацыі. Вышэйшыя расліны могуць размнажацца карэнішчамі (шматгадовыя травы), чаранкамі (сцябловымі — агрэст, вярба, ружа, таполя; лісцевымі — бягонія, седум; каранёвымі — ажына, вішня, маліна, сліва), адводкамі (яблыня, груша, ягадныя культуры), цыбулінамі (цыбуля, часнок), клубнямі (бульба, тапінамбур) і інш. Вегетатыўнае размнажэнне мае шэраг пераваг перад палавым: лёгкасць размнажэння, хуткае развіццё і ранні пачатак плоданашэння, захаванне ў патомстве прыкмет і ўласцівасцей мацярынскай расліны. Выкарыстоўваецца ў пладаводстве, агародніцтве, лесаводстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРТУНЫ́ (Gyrinidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 1600 відаў, пашыраных пераважна ў тропіках. Жывуць у прэсных вадаёмах, круцяцца на паверхні вады ў пошуках здабычы (адсюль назва). На Беларусі 7 відаў з 2 родаў. Найб. пашыраны вяртун-паплавок (Gyrinidae natator) і вяртун змрочны (Gyrinidae villosus).
Даўж. да 8 мм. Цела цёмнае, бліскучае. Пярэднія ногі хапальныя, падоўжаныя, сярэднія і заднія плавальныя (плоскія, падобныя да вёслаў). Вочы падзелены на 2 палавіны, адна з якіх здольная бачыць над вадой, другая — пад вадой. Удзень плаваюць часцей чародамі, пры небяспецы ныраюць; у цёмны час лётаюць. Драпежныя: кормяцца дробнымі вадзянымі насякомымі (у т. л. лічынкамі малярыйных камароў) і інш. Лічынкі жывуць у глеі, акукліваюцца на беразе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́НКІ (Pieridae),
сямейства насякомых атр. матылёў. Больш за 500 відаў. На Беларусі 12. Пашыраны на ўсіх мацерыках, найб. вядомыя бялянкі капусная, або капусніца (Pieris brassicae), рэпніца (P. rapae), бручніца (P. napi).
Дзённыя матылі, крылы ў размаху да 8 см. Афарбоўка часцей белая, жоўтая або аранжавая, з чорным малюнкам. Вусені зялёныя або стракатыя, звычайна ўкрытыя кароткімі валаскамі. Кукалкі жаўтаватыя або шаравата-белыя з чорнымі кропкамі і плямамі прымацоўваюцца да субстрату паяском з шаўкавістай павуцінкі галавой уверх. Развіваюцца пераважна на крыжакветных і бабовых раслінах, некат. жывуць на крушынавых, ружавых і інш. Шэраг бялянак шкоднікі с.-г. культур, вусені аб’ядаюць лісце. Жаўтушкі, зоркі, лімонніцы — дэкар. матылі лугоў, палёў, лясоў. Некат. віды ахоўваюцца, жаўтушка тарфянікавая (Colias palaeno) занесена ў Чырв. кнігу Беларусі.