савецкі матэматык і механік, адзін з стваральнікаў выліч. матэматыкі, выліч. тэхнікі і некат. раздзелаў аўтам. кіравання. Акад.АНСССР (1946, чл.-кар. 1943) і шэрагу замежных АН, прэзідэнт АНСССР (1961—75). Тройчы Герой Сац. Працы (1956, 1961, 1971). Брат Г.У.Келдыша. Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це, Маскоўскім ун-це, Матэм. ін-це АНСССР; з 1953 дырэктар Ін-та прыкладной матэматыкі АНСССР. У галіне матэматыкі фундаментальныя даследаванні па тэорыі функцый сапраўднай і камплекснай пераменнай, тэорыі патэнцыялаў, набліжаных метадах інтэгравання дыферэнцыяльных ураўн., функцыян. аналізе і інш. У галіне механікі працы па тэорыі неўсталяванага руху цел у вадкасці, уплыве сціскальнасці на абцякальнасць цел, тэорыі хвалевых рухаў і пругкіх ваганняў у паветр. патоку, дынамічнай трываласці і вібрацыі самалёта, ваганнях і аўтаваганнях авіяц. канструкцый. Кіраваў шэрагам сав.касм. праграм, у т. л. палётамі чалавека ў космас. Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэміі СССР 1942, 1946. Залатыя медалі імя М.В.Ламаносава АНСССР (1976) і імя К.Э.Цыялкоўскага АНСССР (1972).
Тв.:
Избр. труды: Математика. М., 1985;
Избр. труды: Механика. М., 1985;
Избр. труды: Ракетная техника и космонавтика. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́РЫЯ (Аляксандр Раманавіч) (16.7.1902, г. Казань, Татарстан — 14.8.1977),
расійскі псіхолаг, заснавальнік нейрапсіхалогіі ў СССР. Акад.АПН Расіі (1947) і АПНСССР (1968). Член Нац.АН ЗША (1968), Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Казанскі ун-т (1921) і 1-ы Маскоўскі мед.ін-т (1937).
У 1922 арганізаваў Казанскую псіхааналіт. асацыяцыю. З 1945 у Маскоўскім ун-це (з 1968 заг. кафедры). Разам з Л.С.Выгоцкім, А.М.Лявонцьевым і інш. распрацоўваў тэорыю культ.-гіст. развіцця і функцыянавання псіхікі. Сфармуляваў шэраг новых канцэптуальных палажэнняў па агульных метадалагічных і тэарэт. праблемах псіхалогіі: аб сац. (грамадска-гіст.) і біял. (генетычнай) дэтэрмінацыі, сістэмнай арганізацыі псіхічных функцый і свядомасці, суадносінах мозга і псіхікі і інш. Прапанаваў метады даследавання псіхафункцый (сіндромнага аналізу), нейрапсіхалогіі мовы, успрымання, памяці, мыслення, распрацаваў новыя класіфікацыі парушэнняў мовы, рухаў, памяці. Зрабіў уклад у развіццё агульнай, гіст. і дзіцячай псіхалогіі, дэфекталогіі, нейралінгвістыкі, псіхафізіялогіі, гнасеалогіі і інш.
Тв.:
Мозг человека и психические процессы. Т. 1—2. М., 1963—70;
Основы нейропсихологии. М., 1973;
Об историческом развитии познавательных процессов. М., 1974;
Язык и сознание. М., 1979;
Этапы пройденного пути: Науч. автобиогр. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕТЫНГ (англ. marketing ад market рынак),
сістэма арганізацыі і кіравання вытворча-збытавой дзейнасцю прадпрыемства (фірмы), заснаваная на комплексным аналізе рынку. Аснову М. складае: вывучэнне і прагназаванне попыту на прадукцыю і паслугі прадпрыемства; ажыццяўленне мер па павышэнні іх якасці і спажывецкіх уласцівасцей; наладжванне камунікацый, ажыццяўленне рэкламных мерапрыемстваў; арг-цыя даступнага пасляпродажнага і сервіснага абслугоўвання пакупнікоў; фарміраванне попыту спажыўцоў шляхам стымулявання ў іх патрэбы ў новых таварах і інш. Для ажыццяўлення функцый М. на прадпрыемствах (фірмах) ствараюцца спец. падраздзяленні (аддзелы, службы) М. Першапачаткова М. быў звязаны з продажам фізічных прадуктаў (спажывецкіх тавараў, прадукцыі вытв. прызначэння); цяпер М. называецца ўсё, што можна прапанаваць на рынку для набыцця, выкарыстання або спажывання, з мэтаю задавальнення пэўных патрэб — фізічныя прадметы, паслугі, арганізацыі, віды дзейнасці, ідэі і інш. (напр., М. паслуг, М. арганізацый, М. месцаў, персанальны М., М. ідэй). Адрозніваюць таксама М. дыферэнцыраваны — стратэгія дзейнасці на рынку, калі прадпрыемства імкнецца асвойваць адразу некалькі сегментаў рынку са спецыяльна для іх распрацаванай прадукцыяй, канцэнтраваны — стратэгія дзейнасці, калі прадпрыемства мае вял. долю рынку на адным або некалькіх невял. сегментах рынку, масавы — масавая вытв-сць аднаго прадукту, прызначанага адразу для некалькіх катэгорый пакупнікоў, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЎНЫ́ МОЗГ,
пярэдні аддзел цэнтральнай нервовай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека, размешчаны ў поласці чэрапа; матэрыяльная аснова вышэйшай нервовай дзейнасці, галоўны рэгулятар усіх жыццёвых функцый арганізма і яго ўзаемаадносін з навакольным асяроддзем.
Філагенетычна галаўны мозг фарміраваўся па шляху ўскладнення будовы і функцый пярэдняга канца нервовай трубкі ў цеснай сувязі з развіццём органаў пачуццяў (гл. ў арт.Цэфалізацыя). У беспазваночных яго ролю выконвае галаўны ганглій, асабліва развіты ў вышэйшых насякомых і малюскаў. Прымітыўны галаўны мозг вылучаецца ў папярэдніка пазваночных — ланцэтніка. У пазваночных жывёл ён ускладняўся з дыферэнцыяцыяй на аддзелы. Сапраўдны галаўны мозг упершыню выявіўся ў кругларотых з падзелам яго на слабадыферэнцыраваны пярэдні мозг (забяспечвае функцыю нюху), сярэдні мозг (уключае вышэйшыя зрокавыя цэнтры), задні мозг (з пачатковай дыферэнцыяцыяй на прадаўгаваты мозг і мазжачок). У рыб інтэнсіўна развіваецца і мазжачок. Выхад пазваночных на сушу абумовіў пераразмеркаванне ролі асобных аддзелаў галаўнога мозга: у земнаводных і рэптылій аб’ёмная доля задняга мозга невялікая, у павялічаным сярэднім мозгу з’яўляюцца адпаведна двух- і чатырохбугор’е; у рэптылій пярэдні мозг дыферэнцыруецца на прамежкавы мозг і 2 паўшар’і канцавога мозга. У птушак развіваюцца глыбокія аддзелы пярэдняга мозга і мазжачок; у млекакормячых — кара вялікіх паўшар’яў (пярэдні і задні мозг дыферэнцыруецца). Антагенетычна галаўны мозг — вытворнае мазгавых пузыроў, поласці якіх развіваюцца ў жалудачкі мозга;эвалюцыйнае ўскладненне будовы галаўнога мозга прасочваецца ў працэсе эмбрыянальнага развіцця жывёл.
У чалавека галаўны мозг дасягнуў найвышэйшай ступені развіцця за кошт павелічэння масы, ускладнення будовы і функцыйвял. паўшар’яў, марфал. і функцыян. злучаных пучком нерв. валокнаў — мазолістым целам. Ніжнія аддзелы галаўнога мозга ўтвараюць ствол мозга, які пераходзіць у спінны мозг. Вялікія паўшар’і, падзеленыя глыбокай шчылінай на правае і левае, утвараюць вялікі, або канцавы мозг — аддзел галаўнога мозга, большы за ўсе астатнія. Паверхня яго ў чалавека і буйных жывёл мае звіліны і барозны (у чалавека самыя глыбокія падзяляюць паўшар’і на долі — лобную, цемянную, скроневую, патылічную), у дробных — гладкая. Верхні слой вял. мозга складаецца з шэрага рэчыва (у чалавека таўшчыня слоя 1—5 мм, пераважна нерв. клеткі), ніжэй знаходзіцца белае рэчыва (пераважна нерв. валокны), у тоўшчы якога вылучаюцца падкоркавыя вузлы, або базальныя гангліі (важнейшыя — паласатае цела, бледны шар), утвораныя шэрым рэчывам. У склад усіх структур галаўнога мозга ўваходзіць нейраглія. Да функцыянальна важных утварэнняў галаўнога мозга належаць таламус, гіпаталамус, эпіталамус, лімбічная сістэма і інш. Зверху галаўны мозг пакрыты цвёрдай павуціннай і мяккай мазгавымі абалонкамі, прастора паміж якімі запоўнена цэрэбраспінальнай вадкасцю. Кровазабеспячэнне галаўнога мозга адбываецца праз пазваночныя і ўнутр.сонныя артэрыі. Адзін з асн. прынцыпаў работы галаўнога мозга — безумоўныя і ўмоўныя рэфлексы, якія рэалізуюцца з удзелам экстрапіраміднай сістэмы і піраміднай сістэмы (ёсць толькі ў млекакормячых, найб. развітая ў малпаў і чалавека). Паміж часткамі галаўнога мозга назіраецца двух- і шматбаковая сувязь. Аналіз і сінтэз, перапрацоўка, захоўванне і выдача атрыманай ад рэцэптараў інфармацыі ажыццяўляюцца ў канцавым мозгу (кара вял. паўшар’яў, падкоркавыя структуры). Ацэнка інфармацыі магчыма дзякуючы працэсам памяці. Праз зыходныя ўплывы галаўны мозг кантралюе ўзбуджальнасць рэфлекторных аддзелаў спіннога мозга (гл.Вегетатыўная нервовая сістэма). У кары галаўнога мозга знаходзяцца цэнтры кіравання складанымі рухальнымі актамі, у прадаўгаватым — дыхання, сардэчнай дзейнасці, сасударасшыральны, глытання, жавання, сакрэцыі стрававальных залоз, потавыдзялення, рэгуляцыі мышачнага тонусу, кашлю і інш.Нерв. цэнтры шэрага рэчыва экраннага тыпу працуюць па прынцыпе дывергенцыі, нерв. цэнтры стваловай часткі ядзернага тыпу — па прынцыпе канвергенцыі. Гіпаталамус — вышэйшы цэнтр рэгуляцыі вегетатыўных функцый, месца ўзаемадзеяння нерв. і эндакрыннай сістэм, эпіталамус — цыркадных рытмаў. Нармальная работа галаўнога мозга магчыма пры пэўным узроўні ўзбуджальнасці яго асн. аддзелаў, які падтрымліваецца праз рэтыкулярную фармацыю, сімпатычную нервовую сістэму, мазжачок і спецыфічныя шляхі, што ідуць ад органаў пачуццяў, праз механізмы самарэгуляцыі тонусу кары вял. паўшар’яў. Здольнасць галаўнога мозга перапрацоўваць інфармацыю і ўвасабляць яе ў пэўныя рэакцыі арганізма забяспечвае ўсе віды вышэйшай нерв. дзейнасці, у т. л.мысленне, свядомасць. Функцыі галаўнога мозга могуць парушацца пры шкодных уздзеяннях (мех., фіз., хім., радыяцыйных) на яго ў цэлым або на пэўны ўчастак. Значную ролю ва ўзнікненні паталогіі галаўнога мозга маюць заганы развіцця ці пашкоджанні нерв. сістэмы ў перыяд эмбрыягенезу, расстройствы мазгавога кровазвароту (пры інсультах, атэрасклерозе, гіпертанічнай хваробе, анеўрызмах), запаленчыя працэсы (пры абсцэсах, арахнаідыце, менінгіце, менінгаэнцэфаліце, энцэфаліце), інфекц. і паразітарныя фактары (пры цыстыцэркозе, сіфілісе, эхінакакозе і інш.), чэрапна-мазгавыя траўмы, функцыян. расстройствы, парушэнні працэсаў самарэгуляцыі галаўнога мозга (неўрозы, псіхічныя хваробы і расстройствы) і інш.
Па агульнай сярэдняй масе галаўны мозг дарослага чалавека (прыкладна 1500 г пры аб’ёме каля 1500 см³ і плошчы паверхні 1600—2000 см²) саступае толькі галаўному мозгу слана (каля 5700 т) і кіта (6000—7000 г). Адносная яго сярэдняя маса ў дачыненні да агульнай масы цела, т.зв. паказчык Рагінскага, у галаўнога мозга чалавека найвышэйшая — 32; у дэльфінаў — 16, у сланоў — 10,4, у малпаў — 2—4. Прамой залежнасці паміж памерамі галаўнога мозга і яго здольнасцямі да ажыццяўлення вышэйшай нерв. дзейнасці не ўстаноўлена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ РЭЖЫ́М РАСЛІ́Н,
працэс водаабмену паміж раслінамі і навакольным асяроддзем, неабходны для падтрымання іх жыццядзейнасці; частка агульнага абмену рэчываў. Вызначаецца і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з генетычна замацаванымі асаблівасцямі ўнутр. будовы і функцыямі раслін (анатама-марфал. структура, відавая і сартавая спецыфіка фізіял.функцый) і знешнімі экалагічнымі ўмовамі (вільготнасць і т-ра глебы і паветра, рэльеф, уласцівасці глебы і інш.). Складаецца з паслядоўных і цесна звязаных працэсаў паступлення вады ў карані раслін з глебы, падымання яе па каранях і сцёблах у лісце і інш. органы, выпарэння лішняй вады лісцем у атмасферу (транспірацыі). Паступленне, перамяшчэнне і выпарэнне вады ў раслінным арганізме складаюць яго водны баланс (суадносіны паміж колькасцю вады, якую расліна атрымлівае і якую траціць за адзін прамежак часу). У розныя гадзіны сутак, а таксама перыяды вегетацыі гэтыя суадносіны неаднолькавыя. Нястача і лішак вады адмоўна адбіваюцца на росце і развіцці раслін. Нармальны стан вышэйшых раслін характарызуецца наяўнасцю невял. воднага дэфіцыту (5—6% ад поўнай вільгаценасычанасці клетак), якому адпавядае найб. высокая інтэнсіўнасць фотасінтэзу. Паводле ўмоў увільгатнення (напр., воднага рэжыму глебы) і прыстасаванняў да яго вылучаюць экалагічныя групы раслін: гідрафіты, гіграфіты, мезафіты, ксерафіты, сукуленты. Водны рэжым раслін уплывае на біял. прадукцыйнасць, колькасць і якасць ураджаю с.-г. раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,
сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн.функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналізгасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́ТАЎ ТЭО́РЫЯ,
раздзел тэарэтычнай кібернетыкі, які даследуе пераўтваральнікі дыскрэтнай інфармацыі. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў сувязі з развіццём тэорыі выліч. машын, тэорыі алгарытмаў. Асн. паняцці — абстрактны аўтамат і кампазіцыя аўтаматаў. Першае характарызуе алгарытм функцыянавання прыстасавання (алгарытм перапрацоўкі інфармацыі, які яно рэалізуе), складаецца з 3 непустых мностваў (станаў, уваходных і выхадных сігналаў) і 2 функцый (выхаду і пераходу). Другое характарызуе структуру прыстасавання, прынцыпы яго пабудовы з больш простых элементаў. Аўтаматаў тэорыя складаецца з абстрактна-алг., структурнай тэорыі і тэорыі імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм.
У абстрактна-алг. аўтаматаў тэорыі даследуюцца ўласцівасці абстрактнага аўтамата і спосабы яго задання. У структурнай аўтаматаў тэорыі аўтамат выяўляецца ў выглядзе сеткі, элементы якой выбраны з папярэдне зададзенай сукупнасці элементарных аўтаматаў. Яны злучаны паміж сабой і ажыццяўляюць запамінанне і пераўтварэнне элементарных сігналаў. Тэорыя імавернасных аўтаматаў і самаарганізоўных сістэм выкарыстоўваецца пры праектаванні і аўтаматызацыі праектавання дыскрэтных канструкцый і выліч. машын. Мае важнае значэнне для тэорыі алгарытмаў, тэорыі фармальных машын сістэм, тэорыі праграмавання і інш.
На Беларусі даследаванні па аўтаматаў тэорыі праводзяцца з 1956 у Мінскім пед. ун-це, ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі АН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РНАЯфункцыі, ліміт адносін прырашчэння функцыі да прырашчэння аргумента; адно з асн. паняццяў дыферэнцыяльнага злічэння. Характарызуе хуткасць змены функцыі пры змене яе аргумента. Абазначаецца , ,
. Вытворная функцыі у пункце x0 роўная вуглавому каэфіцыенту датычнай да лініі у яе пункце Mo з абсцысай xo.
Паводле вызначэння
, дзе x0 — пункт, у некаторым наваколлі якога вызначана функцыя ;
— прырашчэнне аргумента;
— адпаведнае прырашчэнне функцыі. Калі гэты ліміт канечны, то функцыя наз. дыферэнцавальнай у пункце x0. Аперацыя знаходжання вытворнай наз. дыферэнцаваннем. Вытворнай ад y′ (першай вытворнай) ёсць другая вытворная (y″) і г.д. Для функцый некалькіх зменных вызначаюцца частковыя вытворныя — вытворныя па аднаму з аргументаў пры ўмове пастаянства ўсіх астатніх аргументаў.
Паняццем вытворнай карыстаюцца пры рашэнні многіх задач матэматыкі, фізікі, тэхнікі і інш.навук.
Літ.:
Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1994;
Гусак А.А. Высшая математика. Т. 1—2. 2 изд. Мн., 1983—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),
парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр.нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУ́ЛЬТ (ад лац. insulto ускакваю),
апаплексія, «мазгавы ўдар», хуткае мясцовае, зрэдку дыфузнае парушэнне функцый мозга, абумоўленае прычынамі сасудзістага характару. Узнікае раптоўна як цяжкае ўскладненне атэрасклерозу, гіпертанічнай хваробы, хвароб сэрца, артэрый, крыві і інш. Выяўляецца агульнамазгавымі (страта прытомнасці, галаўны боль, ірвота і інш.), ачаговымі (парэзы, парушэнне мовы і інш.), менінгіяльнымі сімптомамі.
Адрозніваюць І.: ішэмічны (інфаркт мозга), гемарагічны (кровазліццё ўнутрымазгавое), субарахнаідальны (частата выяўлення 4:1:0,1). Ішэмічны І., або інфаркт мозга — найб. частая форма І. Развіваецца востра (секунды—мінуты), падвостра (гадзіны—дні), вельмі рэдка хранічна. Прычына — закупорка склератызаваных артэрый у выніку трамбозу ці эмбаліі, або гемадынамічныя парушэнні, што памяншаюць крываток і размякчаюць мозг. Найчасцей лакалізуецца ў сярэдняй мазгавой артэрыі. Сімптомы: слабасць канечнасцей на процілеглым баку цела (лева-правабаковы гемапарэз), афазія (пры левай лакалізацыі інфаркту), пры вострым цячэнні — страта прытомнасці і інш. Пры І. настае смерць ад ацёку лёгкіх, лёгачных і сардэчна-сасудзістых ускладненняў. Гемарагічны І., або кровазліццё ўнутрымазгавое — найб. цяжкая форма І. Найчасцей бывае пры гіпертаніі; прычына — разрыў сасуда ці анеўрызмы, іншы раз — прасочванне крыві праз непашкоджаныя сасуды. Пры падвострым цячэнні — галаўны боль; іншыя сімптомы не выяўляюцца або ўзнікаюць пазней, ачаговыя закранаюць функцыі руху і мовы. Лячэнне медыкаментознае, зрэдку хірургічнае.