ДУ́РАВЫ,
сям’я рускіх цыркавых артыстаў — клоунаў і дрэсіроўшчыкаў.
Анатоль Леанідавіч (6.12.1865, Масква —21.1.1916). Артыстычную дзейнасць пачаў як клоун, з 1880 гастраліраваў па Расіі, Еўропе, у 1915 выступаў у Мінску. Стварыў сатырычна-публіцыстычную клаунаду з дрэсіраванымі жывёламі.
Уладзімір Леанідавіч (6.7.1863, Масква — 3.8.1934), засл. арт. Рэспублікі (1927). Брат А.Л.Дурава. На арэне з 1885. Выступаў як клоун-сатырык і дрэсіроўшчык. Распрацаваў навук. метад дрэсіроўкі, заснаваны на гуманных адносінах да жывёл. У 1912 стварыў у Маскве звярынец (цяпер Куток імя У.Дурава).
Уладзімір Рыгоравіч (16.4.1909, г. Варонеж — 14.3.1972), нар. арт. СССР (1967). Унук А.Л.Дурава. У выступленнях спалучаў сатыр. клаунаду з паказам дрэсіраваных жывёл.
Юрый Уладзіміравіч (12.1.1910, Масква — 22.2.1971), нар. арт. СССР (1971). Унук У.Л.Дурава. У цырку з 1937. Выступаў з вялікай групай розных жывёл, спалучаў дрэсіроўку з сатыр. нумарамі.
Наталля Юр’еўна (н. 13.4.1934, Масква), нар. арт. СССР (1989). Дачка Ю.У.Дурава. Скончыла Літ. ін-т імя Горкага (1956). У 1956—59 дрэсіроўшчык Кутка У.Дурава, у 1963—73 — «Саюздзяржцырка». З 1978 маст. кіраўнік Тэатра звяроў імя У.Дурава. Аўтар аповесцей і апавяданняў на тэмы цырка. Дзярж. прэмія СССР 1987.
У цырку працуюць і інш. прадстаўнікі сям’і Д.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКАЯ ЭКАНО́МІЯ,
феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю, «сталовы маёнтак» у ВКЛ у 16—18 ст. Фактычна ўзнікла ў 1519 як староства, аддадзенае ў дзяржаву. Юрыдычна аформлена ў 1532. У адм. адносінах уваходзіла спачатку ў Падляшскае, з 1566 — у Брэсцкае ваяв. Канчаткова К.э. як «сталовае ўпаданне» выдзелілася паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 у выніку падзелу паміж дзярж. і каралеўскім скарбам. У 16—17 ст. К.э. валодалі каралевы Бона Сфорца, Ганна Ягелонка, Канстанцыя Аўстрыйская. На 1563 у К.э. было каля 77 тыс. дзес. зямлі, у т. л. 89 валок фальварковай ворнай зямлі і 612 валок, замацаваных за цяглымі сялянамі. Уключала гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мяст. Гарадзец. З пач. 18 ст. К.э. збліжаецца з Брэсцкай, яны разам выступаюць у інвентарах, рэвізіях, кантрактах, маюць агульную адміністрацыю і рахункі. Пасля 1757 узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў: Кобрынскага, Вежыцкага, Гарадзецкага, Закросніцкага, Ліцвінкаўскага, Іласкага, Тэвельскага і Чаравачыцкага. Ваен. дзеянні, агульны гасп. заняпад прывялі да скасавання ў 1766 самакіравання. Рэарганізацыя К.э. ў 1768 станоўчых вынікаў не дала. У 1795 К.э. ўвайшла ў склад Рас. імперыі. Яе землі з сялянамі былі падараваны, часткова прададзены прыватным асобам.
Л.Р.Казлоў.
т. 8, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛІ́НЫ, рачныя даліны,
адмоўныя, лінейна выцягнутыя формы рэльефу з агульным нахілам ад вярхоўяў да нізоўяў, утвораныя ў выніку размыўнай (эразійнай) дзейнасці цякучай вады; многія маюць тэктанічнае паходжанне. Папярочны профіль рачных Д. у залежнасці ад стадыі развіцця геал. будовы мясцовасці і інш. фактараў можа мець V-, U-, скрыне-, карытападобную і інш. формы; пачатковая форма Д. — яры і лагчыны. Д. звычайна ўключаюць рэчышча, пойму, тэрасы, схілы, каля вусця часам фарміруюцца дэльты або конусы вынасу.
Асн. працэсы ў развіцці Д. — глыбінная і бакавая эрозія, акумуляцыя адкладаў. Профіль Д. амаль заўсёды асіметрычны, што абумоўлена геал. будовай, нахілам паверхні, Карыяліса сіламі, дзеяннем грунтавых вод і інш. У плане Д. маюць клінападобную, меандрычную, пацеркападобную, прамалінейную, каленчатую форму. У вярхоўі Д. звычайна замыкаюцца схіламі, утвараючы вадазборную варонку, ледавіковы цырк (у гарах) або застаюцца адкрытымі і пераходзяць у вярхоўе суседніх Д. У адносінах да распасцірання структур і горных хрыбтоў вылучаюць падоўжныя (сінклінальныя, антыклінальныя, монаклінальныя, скідавыя Д. і Д.-грабены), папярочныя і дыяганальныя. Калі Д. праразае горны хрыбет ці ўзвышша, на ўсю шырыню ўтвараецца скразная даліна, або Д. прарыву. Паводле марфалогіі адрозніваюць горныя Д. (глыбокія і нешырокія са стромкімі схіламі) і раўнінныя Д. (звычайна шырокія, з нязначнымі нахіламі, глыбінёй і стромкасцю схілаў). Памеры залежаць ад мінулай ці сучаснай дзейнасці цякучай вады. Найб. значныя Д. пашыраны ў раёнах з вял. колькасцю ападкаў.
На Беларусі Д. займаюць каля 10% тэр. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і с.-г. культуры, да іх прымеркаваны шматлікія меліярац. сістэмы.
Л.У.Мар’іна.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ГА АРА́БСКІХ ДЗЯРЖА́Ў (ЛАД),
міжнар. арганізацыя, засн. ў 1945 на канферэнцыі ў Каіры (Егіпет) прадстаўнікамі Ірака, Саудаўскай Аравіі, Лівана, Егіпта, Сірыі, Трансіарданіі (з 1950 Іарданія), Йемена (з 1962 Йеменская Араб. Рэспубліка; з 1990 у складзе Йеменскай Рэспублікі, ЙР). Пазней да Лігі далучыліся Лівія (1953), Судан (1956), Марока (1958), Туніс (1958), Кувейт (1971), Алжыр (1962), Нар.-Дэмакр. Рэспубліка Йемен (з 1990 у складзе ЙР), Аман (1971), Аб’яднаныя Араб. Эміраты (1971), Бахрэйн (1971), Катар (1971), Маўрытанія (1973), Самалі (1974), Джыбуці (1977). З 1964 права дарадчага голасу маюць прадстаўнікі Палесціны. Мэта арг-цыі — садзейнічаць умацаванню эканам., паліт. і культ. адносін паміж арабскімі краінамі. Вышэйшы орган — Савет Лігі, складаецца з кіраўнікоў і прэм’ер-міністраў араб. краін ці упаўнаважаных. Штаб-кватэра ў Каіры. Ліга прызнана ААН як рэгіянальная арг-цыя і мае пастаяннае прадстаўніцтва пры ААН у Нью-Йорку. Эфектыўнасць рашэнняў Савета Лігі зніжаецца абавязковасцю іх выканання толькі тымі краінамі, якія за іх галасавалі. У ходзе Блізкаўсходняга канфлікту Ліга заняла крайне адмоўную пазіцыю ў адносінах да Ізраіля, каардынуючы палітыку супрацьстаяння яўр. дзяржаве. У 1979 за заключэнне Кэмп-Дэвідскіх пагадненняў Егіпет быў выключаны з Лігі (адноўлены ў 1989), а штаб-кватэра Лігі перанесена ў Туніс (да 1990). Сур’ёзны раскол у Лізе адбыўся ў час Кувейцкага крызісу 1990—91, калі адны араб. краіны падтрымалі Кувейт, другія — Ірак. У галіне навук.-тэхн. супрацоўніцтва створана сумесная сістэма сувязі — АРАБСАТ. Дзейнічаюць спецыялізаваныя ўстановы: Араб. фонд эканам. і сац. развіцця, Араб. арг-цыя па пытаннях асветы, культуры і навукі і інш.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКАЕ ЎЗВЫ́ШША.
На З Беларусі, у паўд. ч. Гродзенскай і паўн. ч. Брэсцкай абласцей; у складзе Паўднёва-Заходняга адгалінавання Беларускай грады. Мяжуе з Верхнянёманскай нізінай на Пн, Ваўкавыскім і Навагрудскім узвышшамі на З і У (аддзелена ад іх далінамі рэк Зальвянка і Шчара), Баранавіцкай раўнінай на Пд. Найб. выш. 228 м. Працягнулася з ПнЗ на ПдУ на 65 км, шыр. да 42 км. Пл. каля 2 тыс. км².
У тэктанічных адносінах прымеркавана да Цэнтральнабеларускага масіву Беларускай антэклізы. У рэльефе фундамента вылучаюцца Слонімскі купал і Зальвянская брахіантыкліналь. Найб. магутнасці платформавага чахла (300—350 м) прымеркаваны да паўд. і зах. схілаў Бел. антэклізы, найменшыя (150 м) — да купалападобных падняццяў. Чахол складзены з адкладаў верхняга пратэразою, мелавога, палеагенавага і неагенавага ўзросту. Даантрапагенавая паверхня моцна парэзаная (амплітуда расчлянення да 100 м). Трапляюцца ледавіковыя лагчыны з адзнакамі днішча да -20 м. У антрапагенавай тоўшчы (магутнасць да 160 м) вылучаны 4 гарызонты (нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі). Фарміраванне С.ў. адбылося пад уплывам дняпроўскага ледавіка (перапрацоўка глыбокіх адорвеняў мелавых, палеагенавых і раннеантрапагенавых адкладаў), сучасны рэльеф створаны сожскім зледзяненнем.
Рэльеф С.ў. буйнаўзгорысты і градава-ўзгорысты. У цэнтры спадзістая слабахвалістая раўніна. Грады выцягнуты з ПнЗ на ПдУ, сярод іх вылучаны Залацееўскі пояс град і Косаўская града. Рэльеф моцна тэхнагенна пераўтвораны. Карысныя выкапні: гліны лёгкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі. На З С.ў. дрэніруецца правымі прытокамі р. Зальвянка (Трасцянка, Іванаўка), на Пд і У — левымі прытокамі р. Шчара (Грыўда, Шэя, Валобрынка, Бяроза, Луконіца, Сіпа). У межах узвышша воз. Бяздоннае. Частка былых азёрных катлавін ператварылася ў нізінныя балоты. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, слаба- і сярэднеападзоленыя, алювіяльныя поймавыя, па паніжэннях і лагчынах намыўныя пераўвільготненыя. Пад лесам каля 28% тэрыторыі. Лясы захаваліся асобнымі масівамі. Найб. пашыраны лясы шыракаліста-яловыя, ялова-грабавыя, дубровы з ясенем, вязам і клёнам, ельнікі з дамешкам дубу, грабу і ліпы, хвойнікі баравыя і субаравыя з дамешкам елкі, дубу.
В.М.Фядзеня.
т. 15, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ, акцэлерацыя,
1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.
2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.
т. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКАЯ ГРАДА́.
На крайнім ПнУ Гродзенскай і крайнім ПнЗ Мінскай абласцей. Уваходзіць у склад Нарачана-Вілейскай нізіны. Цягнецца з ПнЗ на ПдУ уздоўж паўд.-зах. берага воз. Свір. Даўж. каля 70 км, шыр. 0,5—4,5 км, выш. 165—185 м, найб. 210 м (на паўд.-ўсх. і ўсх. краі грады). Над прылеглымі ўчасткамі водна-ледавіковай.і марэннай раўніны прыўзнята на 10—35 м, часам 50—60 м.
У тэктанічных адносінах С.г. прымеркавана да Вілейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Крышт. фундамент перакрыты чахлом магутнасцю каля 370 м, які складзены з парод верхняга пратэразою, кембрыю, ардовіку, сілуру, сярэдняга дэвону. У антрапагенавай тоўшчы пашыраны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Града створана паазерскім ледавіком.
Рэльеф узгорыста-западзінны. У аснове С.г. масіўны цокаль з марэнных супескаў з лінзамі і праслоямі пяскоў, на якім размешчаны збліжаныя адзін да аднаго марэнныя і камавыя ўзгоркі (адносная выш. 1—12, часам да 14—16 м), нярэдка падоўжаныя, выцягнутыя ў ланцугі. Паміж узгоркамі акруглыя западзіны, а паміж ланцугамі ўздоўж грады лагчынападобныя паглыбленні і водна-ледавіковыя лагчыны, па якіх цякуць р. Тушчанка і Струна. Абапал лагчын озы. Даліны р. Страча і яе прытока Свірыцы ў месцах перасячэння грады — вузкія, часта з абрывістымі схіламі. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя, у паніжэннях дзярнова-перагнойна-глеевыя і тарфяна-балотныя. Невял. ўчасткі хваёвых лясоў на паўн. і паўн.-ўсх. схілах. Па ўскраінах балот ельнікі, па берагах рэк чорнаалешнікі. Пад ворывам 30% тэрыторыі. На С.г. помнік прыроды рэсп. значэння — геал. агаленне «Камарышкі».
Я.А.Ільін.
т. 14, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЎБЦО́ЎСКАЯ РАЎНІ́НА.
На ПдЗ Мінскай і У Гродзенскай абласцей, у бас. верхняга цячэння р. Нёман. Мяжуе з Мінскім узвышшам, Нёманскай нізінай, Цэнтральнабярэзінскай раўнінай. Капыльскай градой. Выш. 150—200 м.
У тэктанічных адносінах С.р. прымеркавана да цэнтр. ч. Беларускай антэклізы, дзе Цэнтральнабеларускі масіў сучляняецца з Валожынскім грабенам. Складзена з ніжнепратэразойскіх гнейсаў, кварцытаў, верхнемелавых мергельна-мелавых моцна апясчаненых парод, антрапагенавых чырвона-бурых марэнных супескаў і суглінкаў, месцам перакрытых водна-ледавіковымі розназярністымі пяскамі і супескамі. Магутнасць антрапагенавых асадкаў 100—150 м.
Раўніна фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступання якога значна перапрацавана эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Паверхня спадзіста-хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя выш. 3—7 м. Трапляюцца забалочаныя і затарфаваныя лагчыны, часам з вадацёкамі, на водападзелах — тэрмакарставыя западзіны, прыдалінныя ўчасткі парэзаны лагамі, зрэдку ярамі. Карысныя выкапні: мел, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, легкаплаўкія гліны. Раўніну перасякае р. Нёман з прытокамі Уса, Альхоўка, Тур’я, Гавязнянка. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях — дзярнова-падзолістыя забалочаныя, у далінах рэк — дзярнова-глеістыя (поймавыя) з участкамі тарфяна-балотных. Лясістасць 30%. Вял. масівы на Пн раўніны. Пераважаюць хвойнікі і ельнікі верасовыя і імшыстыя. Трапляюцца дубровы і другасныя бярэзнікі, у паніжэннях — чорнаалешнікі са сфагнавымі балотамі. Паверхня значна разараная. На тэр. раўніны Коласаўскі заказнік.
т. 15, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗМІ́ТРЫЙ РАСТО́ЎСКІ, Дзімітрый (свецкае Туптала Данііл Савіч; снежань 1651, мяст. Макарава каля Кіева — 8.11.1709),
украінскі і рус. царк. і культ. дзеяч, асветнік. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай калегіі (1662—65). У 1668 прыняў манаства, у 1675 пасвячоны ў іераманахі. Быў ігуменам у розных манастырах на Украіне. З 1702 мітрапаліт у Растове, заснаваў там семінарыю. Сярод яго шматлікіх маральна-павучальных, багаслоўскіх, драм. твораў найб. вядомыя 4-томны зб. «Чэцці-Мінеі» («Кніга жыцій святых»), выд. ў 1689, 1695, 1700, 1705. Філасофію разглядаў як неабходны элемент рэліг. вопыту. У духу містычнай плыні праваслаўя ісіхазму лічыў, што свет прасякнуты боскімі дзеяннямі, якія адкрываюцца чалавеку ў прыгажосці і гармоніі прыроды. На яго думку, узаемаадносіны душы і цела маюць характар антаганізму, бо ў адносінах да душы цела — турма; таму адной з жыццёвых мэт з’яўляецца ўстанаўленне панавання душы над целам. Выкрывальнік стараверства (кн. «Вышук пра раскольніцкую брынскую веру...», выд. 1745). Кананізаваны ў 1757.
Тв.:
Сочинения святителя Димитрия, митрополита Ростовского. Ч. 1—5. Киев, 1895—1905;
Жития святых на русском языке, изложенные по руководству Четий-Миней св. Димитрия Ростовского с дополнениями из Пролога. Т. 1—12. М., 1902—11.
т. 6, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНАЗО́ЎНІК,
службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).
Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).
Літ.:
Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)