Створаны ў 1984 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як спец. канструктарскае тэхнал. бюро (СКТБ) з доследнай вытв-сцю «Нёман» НДІ сродкаў аўтаматызацыі. У 1988 пачала працаваць першая чарга прадпрыемства, СКТБ рэарганізавана ў доследны з-д «Нёман» па зборцы, рэгуліроўцы і здачы доследных узораў спецтэхнікі. З 1993 галаўное прадпрыемства па асваенні і выпуску аўтобусаў маркі ЛіАЗ-5256. Асн. прадукцыя (1999): аўтобусы гарадскія і прыгарадныя вял. умяшчальнасці, газагарэлачныя блокі Л-1Н для газавых катлоў тыпу «Факел», тавары нар. спажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПАВАЯ СТА́НЦЫЯ,
комплекс збудаванняў, машын, прыстасаванняў для напорнага перамяшчэння вадкасцей. Звычайна ўключаюць прыёмныя збудаванні (водазабор), усмоктвальныя і напорныя трубаправоды, помпы, рухавікі, пускавое, ачышчальнае і размеркавальнае абсталяванне, сродкі аўтаматыкі і тэлекіравання. Бываюць наземныя, заглыбленыя (ніжэй узроўню зямлі), глыбокія (шахтавага тыпу) і плывучыя (на пантонах, баржах); стацыянарныя і перасоўныя (самаходныя, прычапныя, навясныя), якія выкарыстоўваюцца пераважна для падачы вады ў дажджавальныя машыны і ўстаноўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ БУДЫ́НКІ,
будынкі для размяшчэння тэхнал., трансп., энергет. і інш. абсталявання, ажыццяўлення тэхнал. працэсаў і выпуску гатовай прадукцыі. Падзяляюцца на асноўныя вытв. і падсобна-вытв. ці дапаможныя цэхі; энергет. аддзяленні, што служаць для размяшчэння абсталявання, якое вырабляе сціснутае паветра, пар, электраэнергію і інш. Для выканання тэхнал. цыклаў П.б. аснашчаны грузападымальным і падымальна-трансп. абсталяваннем, сродкамі прамысл. транспарту, сродкамі сувязі і інш.Гл. таксама Прамысловыя збудаванні.
Тыпы прамысловых будынкаў: 1 — аднапавярховыя; 2 — павільённага тыпу; 3 — шматпралётны з папярочным зборачным пралётам; 4 — шматпавярховы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ЖАВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка, за 8 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,51 км², даўж. 1,1 км, найб.шыр. 730 м, найб.глыб. 9,4 м, даўж. берагавой лініі 3,15 км. Пл. вадазбору 3,3 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. да 8 м, на З, Пн і У абразійныя. Берагі зліваюцца са схіламі, на Пд і ПдУ нізкія. Дно ў прыбярэжнай зоне пясчанае, глыбей ілістае. Зарастае слаба. Выцякае ручай у воз. Рака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
тып грамадскага будынка гандл. прызначэння, які ўключае гандл. і складскія будынкі, жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу.
У гарадах Зах. Еўропы былі пашыраны з 14 ст. (Брэмен, Кракаў, Прага). У Расіі гасціныя двары будавалі ў 13—17 ст. для іншаземных купцоў (гасцей) у Маскве, Ноўгарадзе і інш. у выглядзе прамавугольных у плане плошчаў, абнесеных мураванымі або драўлянымі сценамі крапаснога тыпу з вежамі і праязнымі варотамі. Па ўнутр. перыметры да сцен прыбудоўвалі гандл. і складскія памяшканні (звычайна 2-павярховыя), аб’яднаныя адкрытымі галерэямі. У 18—19 ст. з развіццём унутр. рынку будавалі ў выглядзе будынкаў прамавугольнага плана з адкрытымі на вуліцу або гандл. плошчу аркадамі ці каланадамі (Кастрама, С.-Пецярбург) у стылі класіцызму.
На Беларусі пашыраны ў 16—19 ст. (Полацк, Гродна, Віцебск). Драўляны гасціны двор у 18 ст. пабудаваны ў Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). На аснове гасцінага двара вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі. Сучасныя гандл. ўстановы маюць шырокую наменклатуру паводле зместу і тыпаў збудаванняў (крамы харч. і прамысл. тавараў, універмагі, універсамы, супермаркеты, гастраномы, спецыялізаваныя крамы, рынкі, гандлёвыя цэнтры, а таксама разнастайныя павільёны, кіёскі, ларкі і інш.). Гандл. ўстановы найчасцей размяшчаюць на 1-х паверхах жылых дамоў на гал. вуліцах гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,
беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл.Ракета).
К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.
У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс.км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ КАРАБЕ́ЛЬ, лінкор,
1) у ветразевым ваен. флоце 17—1-й пал. 19 ст.вял. драўляны 3-мачтавы карабель з 2—3 палубамі (дэкамі), 60—130 гарматамі. Вёў бой у кільватэрнай калоне (лініі — адсюль назва). Меў водазмяшчэнне 1—5 тыс.т, экіпаж да 800 чал. (гл.іл. да арт.Карабель ваенны).
2) У паравым браняносным флоце 1-й пал. 20 ст.вял. карабель (меншы толькі за авіяносец), прызначаны для знішчэння ў марскім баі караблёў усіх класаў і нанясення артыл. удараў на берагавых аб’ектах праціўніка.
З’явіўся пасля рус.-яп. вайны 1904—05 (упершыню пабудаваны ў Вялікабрытаніі ў 1906, гл.Дрэдноўт). Меў водазмяшчэнне 20—65 тыс.т, 70—150 гармат, экіпаж 1500—2800 чал. Страціў значэнне пасля 2-й сусв. вайны з павелічэннем ролі падводнага флоту, авіяцыі і ракетнай зброі. У ВМС ЗША захаваліся 4 Л.к. пабудовы 1940-х г.тыпу «Аява», якія маюць артыл. і ракетнае ўзбраенне (у т. л. «Місуры», на якім 2.9.1945 падпісаны акт аб капітуляцыі Японіі ў 2-й сусв. вайне).
Літ.:
Михайлов М.А., Баскаков М.А. Фрегаты, крейсеры, линейные корабли. М., 1986;
Данилов А.М. Линейные корабли и фрегаты русского парусного флота. Мн., 1996.
У.Я.Калаткоў.
Адзін з лінейных караблёў ЗША тыпу «Аява» — лінкор «Місуры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НСКІ БЛАКІ́ТНЫ ТРУС,
парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Аўстрыі ў канцы 19 ст. метадам узнаўленчага скрыжавання жывёл пароды бельгійскі волат з дробнымі блакітна-шэрымі мясц. трусамі. Парода вельмі пашырана ў краінах Еўропы. На Беларусі гадуюць аматары.
Трусы сярэдняй велічыні з падоўжаным тулавам і моцным касцяком, даўж. цела 52—56 см і больш, ахоп грудзей 35—37 см, сярэдняя жывая маса 4,5 кг. Валасяное покрыва нармальнага шэрснага тыпу, бліскучае, з аднароднай шыза-блакітнай афарбоўкай. Шкуркі выкарыстоўваюць для імітацыі пад каштоўнае футра пушных звяроў і ў натуральным выглядзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗ,
сям’я легкавых аўтамабіляў, якія выпускаюцца Волжскім аўтамаб. з-дам з 1970 (г. Тальяці, Расія). Кузаў нясучы тыпу седан, універсал або комбі. Мадэлі 2101—2107 класічнай кампаноўкі маюць назву «Жыгулі», поўнапрывадная мадэль 2121 — «Ніва», пярэднепрывадныя 2108 — «Лада-Спадарожнік», 2109 і 21099 — «Лада-Самара» і асабліва малая мадэль — «Лада-Ака» (аб’ём цыліндраў 0,65 л; разам з КАМАЗам); мадэлі, што ідуць на экспарт, — «Лада». Рабочы аб’ём рухавіка да 1,6 л, магутнасць да 58 кВт, скорасць да 155 км/гадз.
Аўтамабілі ВАЗ: «Лада Ніва 4ВД» (уверсе); «Лада Самара 5д».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЫ́ЛЬНЫ СТАН,
машына для апрацоўкі металаў валачэннем. Складаецца з адной або некалькіх валокаў (маюць канал, які звужаецца ў напрамку валачэння) і прыстасавання для працягвання праз іх загатовак.
Адрозніваюць лінейныя валачыльныя станы з прамалінейным рухам металу, які працягваецца (маюць ланцуговыя, рэечныя, гідраўлічныя і інш. прыводы), і барабанныя з намотваннем металу на барабан. Для атрымання труб, профіляў і пруткоў выкарыстоўваюць абодва тыпы валачыльных станаў аднаразовага валачэння (праз адну валоку), для атрымання дроту — толькі барабанныя адна- і шматразовыя (з валачэннем праз шэраг паслядоўных валокаў).