раптоўныя, натуральныя або выкліканыя штучна спадчынныя змены генетычнага матэрыялу, якія прыводзяць да змены прыкмет арганізма. Уласцівы ўсім формам жыцця. Бываюць прамыя (іх праяўленне прыводзіцьда адхілення прыкмет дзікага тыпу) і зваротныя (поўнасцю або часткова аднаўляецца дзікі тып); генератыўныя (адбываюцца ў палавых клетках і перадаюцца наступным пакаленням), саматычныя (адбываюцца ў інш. клетках арганізма і перадаюцца ў спадчыну пры вегетатыўным размнажэнні), ядзерныя (закранаюць храмасомы ядра), цытаплазматычныя (закранаюць генет. матэрыял у арганоідах клеткі — мітахондрыях, пластыдах і інш.). У залежнасці ад характару змен у генет. матэрыяле адрозніваюць М.: кропкавыя, інсерцыі, храмасомныя перабудовы (аберацыі) і М. са зменай колькасці храмасом. Кропкавыя М. — устаўкі ці выпадзенні і змены пары нуклеатыдаў ДНК (або нуклеатыду РНК); яны зменьваюць функцыю некат. генаў. Інсерцыі — устаўкі малекул ДНК у ген, прыводзяць да яго інактывацыі або да моцнага палярнага эфекту. Храмасомныя перабудовы ўзнікаюць у выніку рэкамбінацыі негамалагічных участкаў генет. матэрыялу. Змены колькасці храмасом у клетках арганізма бываюць кратныя (поліплаідыя, гаплаідыя) і не кратныя гаплоіднаму набору (анеўплаідыя). Часта М. таксама падзяляюць на генныя (усе кропкавыя М.), храмасомныя і геномныя (змена колькасці храмасом). У залежнасці ад фенатыпічных праяўленняў адрозніваюць М. марфал., біяхім., лятальныя, дамінантныя, рэцэсіўныя і інш. Індуцыраваныя М. ўзнікаюць ад выкліканага ўздзеяннем мутагенаў парушэння нармальных працэсаў рэдуплікацыі, рэкамбінацыі, рэпарацыі або разыходжання носьбітаў генет. інфармацыі. Спантанныя М. ўзнікаюць як памылкі пры ўзнаўленні генет. матэрыялу (рэдуплікацыя не адбываецца з абс. дакладнасцю, а працэсы рэпарацыі не бываюць абс. эфектыўныя). Іх частата генетычна абумоўлена ў кожнага віду і падтрымліваецца на аптымальным узроўні. Большасць М. шкодныя — мутантны ген можа выклікаць спадчыннае захворванне, выродлівасць або гібель арганізма, што развіваецца. Генныя М., якія паляпшаюць уласцівасці, узнікаюць рэдка. Яны Даюць матэрыял Для натуральнага і штучнага адбору і з’яўляюцца неабходнай умовай эвалюцыі ў прыродзе і селекцыі карысных форм раслін, жывёл і мікраарганізмаў.
Літ.:
Щербаков В.К. Мутации в эволюции и селекции растений. М., 1982;
Бочков Н.П., Чеботарев А.Н. Наследственность человека и мутагены внешней среды. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВА́ННЫЯ ЗО́НЫ, саваннаў і рэдкалессяў зоны,
прыродныя зоны нізкіх шырот у субэкватарыяльным і трапічным (радзей — у субтрапічным) паясах Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Займаюць каля 40% тэр. Афрыкі (на Пд ад Сахары), пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Паўд. і Паўд.-Усходняй Азіі, Аўстраліі. С.з. уласціва пасатна-мусонная цыркуляцыя паветраных мас з выразным падзелам на сухі зімовы і вільготны летні сезоны. Працягласць дажджлівага сезону скарачаецца па меры аддалення ад экватарыяльнага пояса з 8—9 месяцаў да 2—3 месяцаў, колькасць ападкаў ад 2000 да 250 мм за год. Радыяцыйны баланс складае 250—335 кДж/см² (60—80 ккал/см²). Т-ра самага халоднага месяца 4—20 °C, самага цёплага — 20—35 °C. Сутачныя ваганні т-ры паветра да 25 °C. Рачная сетка рэдкая. Рэкі мялеюць у сухі сезон, у дажджлівы — расход вады павялічваецца ў 15—20 разоў, узрастае цвёрды сцёк, схілавы і плоскасны змыў.
Рэльеф прадстаўлены згладжанымі паверхнямі, над якімі ўзвышаюцца эразійныя астанцы, захаваныя ад разбурэння шчыльнымі фералітнымі корамі. Бяссцёкавыя ўпадзіны ў вільготны перыяд забалочваюцца. У сухі сезон зніжаецца ўзровень грунтавых вод, актыўна праяўляюцца працэсы фіз. выветрывання, у больш засушлівых раёнах — дэфляцыі. Глебы чырвоныя, чырвона-карычневыя, чырвона-бурыя. чорныя, шэра-карычневыя; з вял. колькасцю аксідаў жалеза, марганцу, алюмінію; характарызуюцца прамыўным рэжымам у дажджлівы сезон. Расліннасць: розныя тыпы саваннаў, саванныя лясы, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі, уздоўж рэк галерэйныя лясы. Жывёльны свет: буйныя капытныя, драпежнікі, грызуны, бегаючыя птушкі, паўзуны і насякомыя Вышынная пояснасць у гарах С.з. прадстаўлена знізу — рэдкалессямі або саваннамі, вышэй — сухімі і мезафітнымі лістападна-вечназялёнымі лясамі, яшчэ вышэй — хмызнякамі і горным стэпам. У С.з. субэкватарыяльных паясоў вылучаюцца падзоны вільготных высакатраўных саваннаў і саванных лясоў, тыповых саваннаў, апустыненых саваннаў і рэдкалессяў. Вырошчваюцца збожжавыя і клубневыя культуры, бавоўнік, джут, арахіс, сізаль, цукровы трыснёг і інш. Жывёлагадоўля (пераважна ў больш засушлівых абласцях). Ландшафты С.з. моцна зменены антрапагенным уздзеяннем (звядзенне лясоў, разворванне, выпальванне траў і інш.), што прыводзіцьда іх апустыньвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́НЦЫЙ (лац. Strontium),
Sr, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 38, ат. м. 87,62, адносіцца дашчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 4 стабільных нуклідаў, найб. пашыраны 88Sr (82,56%). У зямной кары 3,4∙10−2% па масе. Трапляецца выключна ў выглядзе злучэнняў; вядома каля 40 мінералаў С., найб. важныя — цэлесцін і странцыяніт, ёсць С. ў прыродных мінералізаваных водах (прыблізна 24% агульных запасаў). Адкрыты ў 1790 англ. хімікам А.Крофардам, які вылучыў аксід С. са странцыяніту (адсюль назва). Метал. С. атрыманы ў 1808 Г.Дэві.
Мяккі серабрыста-белы (неачышчаны залаціста-жоўты) метал. Існуе ў 3 паліморфных мадыфікацыях; пры т-рах ад пакаёвай да 248 °C устойлівы α-Sr (шчыльн. 2630 кг/м³), tпл 768 °C. Хімічна вельмі актыўны (захоўваюць у закрытых шкляных пасудзінах пад слоем газы). На паветры пакрываецца плёнкай з аксіду SrO і пераксіду SrO2, пры награванні загараецца. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой [гідраксід Sr(OH)2 больш моцная аснова, чым кальцыю гідраксід] і разбаўленымі мінер. к-тамі, з галагенамі, пры 300—400 °C з вадародам, пры t>400 °C з азотам, вугляродам, фосфарам, халькагенамі. Атрымліваюць электролізам расплаву хларыдаў С. (SrCI2; 85%) і калію або амонію, алюматэрмічным аднаўленнем SrO пры 1000 °C у Вакууме. Выкарыстоўваюць для легіравання спец. сплаваў (пераважна алюмініевых), як гетэр у электравакуумнай тэхніцы, злучэнні С.: аксід і карбанат — кампаненты аксідных катодаў электронна-вакуумных прыбораў, шкла для кінескопаў каляровых тэлевізараў, эмалей, палівы; нітрат і хларыд — кампаненты піратэхн. саставаў (афарбоўваюць полымя ў кармінава-чырв. колер); фтарыд — люмінафор, лазерны і аптычны матэрыял; тытанат SrTiO3 — сегнетаэлектрык. Лішкі С. ў арганізме чалавека прыводзяць да пашкоджвання касцявой тканкі, печані і крыві, ГДК у вадзе 8 мг/л. Пры дзяленні ядраў урану ў ядз. рэактарах у значнай колькасці ўтвараюцца β-радыеактыўныя нукліды С.: 89Sr (перыяд паўраспаду T1/2 = 50,5 сут) і 90Sr (T1/2 = 29,12 года), якія трапляюць у навакольнае асяроддзе пры выпрабаваннях ядз. зброі, аварыях на АЭС (гл.Радыеактыўнае забруджванне). Найб. небяспечны 90Sr доўгі час знаходзіцца ў паверхневым слоі Зямлі, вызначаецца высокай міграцыйнай здольнасцю, назапашваецца ў касцявых тканках жывых арганізмаў (замяшчае кальцый), што прыводзіцьда ломкасці касцей і інш. шкодных уздзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХАВА́ННЯ ЗАКО́НЫ,
фізічныя заканамернасці, якія ўстанаўліваюць пастаянства ў часе пэўных велічынь, што характарызуюць фіз. сістэму ў працэсе змены яе стану; найб. фундаментальныя заканамернасці прыроды, якія вылучаюць самыя істотныя характарыстыкі фіз. сістэм і працэсаў. Асаблівае значэнне З.з. звязана з тым, што дакладныя дынамічныя законы, якія поўнасцю апісваюць фіз. сістэмы, часта вельмі складаныя ці невядомыя. У гэтых выпадках З.з. даюць магчымасць зрабіць істотныя вывады пра паводзіны і ўласцівасці сістэмы без рашэння ўраўненняў руху.
З.з. для энергіі, імпульсу, моманту імпульсу і эл. зараду выконваюцца ў кожнай ізаляванай сістэме (універсальныя законы прыроды). Пасля стварэння адноснасці тэорыі страціў сваё абсалютнае значэнне З.з. масы (гл.Дэфект мас)\ З.з. энергіі і імпульсу аб’яднаны ў агульны З.з. энергіі—імпульсу; удакладнена фармулёўка З.з. поўнага моманту імпульсу (з улікам спіна). Асабліва важная роля З.з. у тэорыі элементарных часціц, дзе ёсць шэраг абсалютных (для электрычнага, барыённага і лептоннага зарадаў) і прыблізных (для ізатапічнага спіна, дзіўнасці і інш.) З.з., якія выконваюць толькі пры некат. умовах. Напр., дзіўнасць захоўваецца ў моцных, але парушаецца ў слабых узаемадзеяннях (гл.Адроны, Барыёны, Лептоны, Узаемадзеянні элементарных часціц). З.з. ў тэорыі элементарных часціц — асн. сродак вызначэння магчымых рэакцый паміж часціцамі. Існуе глыбокая сувязь паміж З.з. і сіметрыяй фіз. сістэм (гл.Сіметрыя, Нётэр тэарэма). Наяўнасць характэрнай для кожнага тыпу фундаментальных узаемадзеянняў дынамічнай (калібровачнай) сіметрыі прыводзіцьда З.з. сілавых (дынамічных) зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да адпаведнага ўзаемадзеяння. З.з. эл. зараду, слабых ізатапічнага спіна і гіперзараду, каляровых (моцных) зарадаў выкарыстоўваюцца пры пабудове палявых (калібровачных) тэорый электрамагнітнага, электраслабага і моцнага ўзаемадзеянняў адпаведна. У квантавай тэорыі поля ўведзены спецыфічныя З.з. прасторавай, часавай і зарадавай цотнасцей, што вызначаюць уласцівасці тэорыі адносна пераўтварэнняў адпаведнай дыскрэтнай сіметрыі (гл.Людэрса—Паўлі тэарэма).
Літ.:
Фейнман Р. Характер физических законов: Пер. с англ.М., 1968;
Богуш А.А. Очерки по истории физики микромира. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖМАЛЕКУЛЯ́РНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне паміж малекуламі з насычанымі хім. сувязямі. Існаванне М.ў. ўпершыню ўлічыў Я.Д.Ван дэр Ваальс пры тлумачэнні ўласцівасцей рэальных газаў і вадкасцей (гл.Ван-дэр-Ваальса ўраўненне). Асобны выпадак М.ў. — вадародная сувязь.
Характар М.ў. залежыць ад адлегласці паміж малекуламі (r). Пры вялікіх r (r≫l, дзе l — лінейныя памеры малекул, што ўзаемадзейнічаюць) электронныя абалонкі малекул не перакрываюцца, паміж малекуламі пераважаюць сілы прыцягнення (далёкадзейныя сілы), якія маюць эл. прыроду. Далёкадзейныя сілы падзяляюць на арыентацыйныя (сілы ўзаемадзеяння паміж палярнымі малекуламі), індукцыйныя (паміж палярнымі і непалярнымі малекуламі), дысперсійныя (паміж любымі малекуламі). Пры малых r (r∼l), калі электронныя абалонкі малекул перакрываюцца, пераважаюць сілы адштурхоўвання, якія з’яўляюцца кароткадзейнымі сіламі. Энергія адштурхоўвання залежыць ад r так, як у выпадку абменнага ўзаемадзеяння, што прыводзіцьда ўтварэння хім. сувязі. М.ў. звычайна апісваецца патэнцыяльнай энергіяй узаемадзеяння U(r) (патэнцыялам М.ў.), а сіла ўзаемадзеяння 𝑓 — функцыяй 𝑓 = −dU(r)/dr. Тэарэт. вызначэнне залежнасці U(r) ці эксперым. вымярэнне 𝑓 практычна немагчымыя з-за вельмі вял. колькасці малекул, што ўзаемадзейнічаюць, і малых значэнняў r. Звычайна залежнасць U(r) падбіраюць эмпірычна так, каб праведзеныя з яе дапамогай разлікі розных характарыстык рэчыва адпавядалі эксперым. даным. М.ў. вывучаюць рознымі фіз. метадамі, асн. з іх: метад малекулярных пучкоў і дыфракцыйныя метады. Пры даследаванні М.ў. усё часцей выкарыстоўваюць разліковыя метады квантавай хіміі.
Літ.:
Межмолекулярные взаимодействия: От двухатомных молекул до биополимеров: Пер. с англ.М., 1981.
Крывая залежнасці патэнцыяльнай энергіі U(r) міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ад адлегласці r паміж малекуламі; r = σ — найменшая магчымая адлегласць паміж нерухомымі малекуламі; ε — глыбіня патэнцыяльнай ямы (вызначае энергію сувязі малекул).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРФЯНЫ́ ФОНД,
усе выяўленыя і разведаныя радовішчы торфу. У Рэспубліцы Беларусь у Т.ф. ўлічваюцца радовішчы плошчай не менш як 1 га (у межах прамысл. глыбіні тарфяных пакладаў). У адпаведнасці са «Схемай рацыянальнага выкарыстання і аховы тарфяных рэсурсаў Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2010 года» (1988) Т.ф. Беларусі складаўся з 9191 радовішча з запасам 4,4 млрд.т. Усе радовішчы падзелены на мэтавыя фонды: прыродаахоўны — радовішчы на ахоўных прыродных тэрыторыях; зямельны выкарыстоўваецца толькі ў с.-г. мэтах; запасны ўключае зарэзерваваныя радовішчы гідролізнай, бітумінознай, лячэбнай сыравіны; фонд, які распрацоўваецца — радовішчы, адведзеныя для здабычы торфу; фонд, які не выкарыстоўваецца — радовішчы на землях ляснога фонду і інш.
Упершыню паняцце «Т.ф.» з’явілася ў пастанове СНКБССР (9.6.1922), паводле якой усе рэсурсы торфу перадаваліся. ва ўласнасць дзяржаве, а кіраванне імі ўскладалася на Наркамзем БССР. У 1940 выдадзены першы на Беларусі тарфяны кадастр, у 1953 — даведнік «Тарфяны фонд Беларускай ССР». З 1952 кіраванне Т.ф. ажыццяўляла Гал. ўпраўленне тарфянога фонду пры Савеце Міністраў БССР, з 1988 — Дзярж.к-тБССР па ахове прыроды (Дзяржкамэкалогіі), Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя (Мінпрыроды).
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб нетрах (1997) Т.ф. можа выкарыстоўвацца з дазволу мясц. Саветаў дэпутатаў (у межах іх кампетэнцыі) пры наяўнасці ліцэнзіі Мінпрыроды. Адпрацаваныя ўчасткі тарфяных радовішчаў карыстальнік павінен прыводзіць у стан, прыдатны для далейшага іх мэтавага выкарыстання (с.-г. ўгоддзі, лясныя пасадкі, рыбаводства і інш.), пакідаючы прыродны (абаронены) пласт торфу не менш за 0,15—0,5 м у залежнасці ад прызначэння ўчастка. З мэтай аднаўлення ландшафтнай і біял. разнастайнасці выпрацаваныя тарфяныя радовішчы ў некаторых месцах зноў забалочваюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЕ ВЫЗНАЧЭ́ННЕ ПО́ЛУ,
фарміраванне арганізмаў пэўнага полу ў залежнасці ад камбінацый генетычных фактараў, лакалізаваных у храмасомах. Пры гэтым мае значэнне і пэўны набор палавых храмасом, і дзеянне генаў, размешчаных у іх, а таксама ў аўтасомах. Палавыя храмасомы XX і XY, якія генетычна вызначаюць пол, фарміруюцца ў невял. колькасці двухдомных раслін (эладэя, смолка, некаторыя імхі), яны ёсць у чалавека і вышэйшых пазваночных жывёл (трапляюцца як выключэнне ў рыб і земнаводных) і ў многіх членістаногіх, павукападобных, насякомых і інш.
У чалавека звычайна вылучаюць некалькі ўзроўняў палавой дыферэнцыяцыі. Адзін з іх звязаны з наяўнасцю Y-храмасомы, прысутнасць якой неабходна для дыферэнцыяцыі палавых залоз (ганад) паводле мужчынскага тыпу. У мужчын фарміруецца 2 тыпы сперміяў: з X-храмасомай (23,X) і Y-храмасомай (23,Y). У яйцаклетак набор храмасом у норме 23,X. Апладненне яйцаклеткі сперміем 23,X прыводзіцьда развіцця зародка жаночага полу (з наборам храмасом 46,XX), апладненне сперміем 23,Y вядзе да ўзнікнення зародка мужчынскага полу (46,XY). Фарміраванне полу плода першапачаткова залежыць ад тыпу спермія, які апладніў яйцаклетку (т.ч. за вызначэнне полу дзіцяці «адказвае» мужчына). Наяўнасць Y-храмасомы з’яўляецца першым фактарам, неабходным для фарміравання полу плода. Далейшае развіццё полу адбываецца пад кантролем H-Y антыгена, які кантралюецца Y-храмасомай. Калі H-Y антыген не ўтвараецца, ідзе развіццё паводле жаночага тыпу. Разам з тым і Y-храмасома, і H-Y антыген вызначаюць толькі генетычную дэтэрмінацыю полу, але не адказваюць за фарміраванне вонкавых палавых органаў, якія ў мужчын утвараюцца з вольфавых, а ў жанчын — з мюлеравых праток. Важная роля належыць гармонам, што выпрацоўваюцца клеткамі эмбрыянальных яечак. Парушэнні на храмасомным, антыгенным або гарманальным этапах вядуць да развіцця паводле жаночага тыпу. Зрэдку бываюць анамаліі псіхасексуальнай арыентацыі паводле полу (гл.Гомасексуалізм, Трансвестызм). Існуе мноства захворванняў (крыптархізм, манархізм, дысгенезія ганад і інш.), калі пад уплывам парушэнняў храмасом, генаў або знешніх фактараў развіццё палавых органаў індывіда адхіляецца ад звычайнага. Прагноз і лячэнне ў такіх выпадках залежаць ад характару захворвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНЫ АДБО́Р,
асноўны фактар, які рухае эвалюцыю арганізмаў. Вучэнне пра Н.а. створана Ч.Дарвінам. Незалежна ад яго да ідэі Н.а. прыйшоў А.Уалес. Паводле Дарвіна, Н.а. — вынік барацьбы за існаванне; выяўляецца ў пераважным выжыванні і пакіданні патомства найб. прыстасаванымі асобінамі кожнага віду арганізмаў і гібелі менш прыстасаваных. Неабходная перадумова, якая забяспечвае дзеянне Н.а. — спадчынная зменлівасць арганізмаў, яго непасрэдны вынік — фарміраванне ў арганізмаў прыстасаванняў да канкрэтных умоў знешняга асяроддзя. Больш аддаленыя вынікі Н.а. — павелічэнне разнастайнасці форм арганізмаў, паслядоўнае ўскладненне іх арганізацыі ў ходзе прагрэсіўнай эвалюцыі, выміранне менш прыстасаваных відаў. Дарвінаўская канцэпцыя Н.а. далей развіта ў працах А.М.Северцава, С.С.Чацверыкова, І.І.Шмальгаўзена, Р.Фішэра, Дж.Холдэйна і інш.Генет. сутнасць Н.а. грунтуецца на дыферэнцыраваным (невыпадковым) захаванні папуляцыі пэўных генатыпаў і выбіральным удзеле іх у перадачы генаў наступнаму пакаленню. Н.а. уздзейнічае на пэўны фенатып, што фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння генатыпу, які мае характэрную норму рэакцыі, з фактарамі навакольнага асяроддзя, а не на асобную фенатыпічную адзнаку (і не на асобны ген). Н.а. уяўляе сабой верагоднасны працэс. Непасрэдна ён не з’яўляецца прычынай зменлівасці арганізмаў, аднак можа ўздзейнічаць на частату і напрамкі тых мутацый, якія пераважаюць, робяць вызначальны ўплыў на тэмпы і напрамкі эвалюц. працэсу. Ступень уздзеяння Н.а. на папуляцыі арганізмаў наз. інтэнсіўнасцю ціску Н.а. Дзеянне Н.а. выразна выяўляецца ў вял. папуляцыях (сотні і больш асобін), таму што па меры скарачэння іх колькасці. павялічваецца роля выпадковых фактараў, якія змяншаюць яго эфектыўнасць. Адбор уздзейнічае на асобныя арганізмы (індывідуальны адбор) і на цэлыя групоўкі (т.зв. групавы адбор), пры гэтым ён можа спрыяць захаванню такіх прыкмет асобін, што з’яўляюцца карыснымі для групы ў цэлым, а не для саміх іх уладальнікаў. Н.а. дзейнічае ў розных кірунках і адпаведна прыводзіцьда розных вынікаў. У якасці асобных форм Н.а. адрозніваюць разрываючы (дызруптыўны), рухаючы, стабілізуючы адбор. Прыватны выпадак Н.а. — палавы адбор. Гл. таксама Дымарфізм, Штучны адбор.
Літ.:
Дарвин Ч. Происхождение видов путем естественного отбора // Соч.М.; Л., 1939. Т. 3;
Шмальгаузен И.И. Факторы эволюции: Теория стабилизирующего отбора 2 изд. М., 1968;
Шеппард Ф.М. Естественный отбор и наследственность: Пер. с англ.М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),
аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю дафотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіцьда павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл.Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнтыарган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл.Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРО́ННЫ ПАРАМАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЭПР),
рэзананснае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення электронным парамагнетыкам, які знаходзіцца ў знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. Абумоўлены індуцыраванымі эл.-магн. выпрамяненнем квантавымі пераходамі паміж двума станамі магнітнага моманту электрона. Прыводзіцьда пераарыентацыі магн. моманту электрона адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля, якое палярызуе парамагнетык. Ужываецца таксама назва «электронны спінавы рэзананс», таму што ЭПР звязаны са спінам электрона. Адкрыты ў 1944 Я.К.Завойскім.
ЭПР назіраецца ў рэчывах, якія ўтрымліваюць ненулявыя электронныя магн. моманты (абумоўленыя няспараным спінам ці камбінацыяй яго з арбітальным момантам). Велічыня расшчаплення ўзроўню энергіі электрона знешнім магн. полем прама прапарцыянальная індукцыі поля (гл.Зеемана з’ява). Стану электрона з меншай энергіяй адпавядае арыентацыя яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Калі энергія кванта эл.-магн. выпрамянення роўная велічыні расшчаплення энергет. узроўню электрона, то магчымы рэзанансны пераход — пераарыентацыя магн. моманту электрона. Пасля паглынання выпрамянення электронам рэлаксацыйныя працэсы (гл.Рэлаксацыя) імкнуцца аднавіць арыентацыю яго магн. моманту ўздоўж магн. поля. Пры рэгістрацыі ЭПР рэчыва звычайна змяшчаюць у пучнасць магн. кампаненты стаячай эл.-магн. хвалі (у сантыметровым дыяпазоне даўжынь хваль) і яе частата падтрымліваецца пастаяннай, а знешняе магн. поле мяняецца (ад дзесяткаў да соцень мілітэслаў). Пры гэтым напрамкі індукцый гэтых двух магн. палёў павінны быць узаемна перпендыкулярныя.
ЭПР выкарыстоўваецца для даследавання структуры цвёрдага цела (вызначэння колькасці магн. момантаў электронаў у аб’ектах рознай прыроды), для стварэння інверснай населенасці энергет. узроўняў у квантавых парамагн. узмацняльніках (гл.Мазер), а таксама ў хіміі, біялогіі (напр., для даследавання свабодных радыкалаў).
Літ.:
Вертц Дж., Болтон Дж. Теория и практические приложения метода ЭПР: Пер. с англ. М, 1975;
Александров Е.Б., Запасский В.С. Лазерная магнитная спектроскопия. М., 1986;
Экстром Ф., Вайнлэнд Д. Изолированный электрон: Пер. с англ. // Успехи физ. наук. 1981. Т. 134, вып. 4;
Федорук Г.Г. Нестационарная нутационная ЭПР — спектроскопия конденсированных сред // Журн. прикладной спектроскопии. 2002. Т. 69, № 2.
М.А.Паклонскі.
Даарт.Электронны парамагнітны рэзананс. Залежнасць энергіі электрона E ад велічыні індукцыі знешняга магнітнага поля для дзвюх магчымых арыентацый яго магнітнага моманту адносна : 1 — супраць поля; 2 — уздоўж поля.