ГАРАДО́ЦКІ ЗА́МАК.

Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст. на правым беразе р. Гаражанка, на процілеглым баку ад г. Гарадок Віцебскай вобл. Меў форму пяцівугольніка, быў умацаваны ровам і валам, паўн.-зах. ўчастак замчышча прыкрывала балота, адкуль выцякаў і ўпадаў у абарончы роў ручай. Праз кожныя 20 м крапасной агароджы размяшчаліся бастыёны, сляды якіх выяўлены з паўн. і ўсх. бакоў. Знойдзены нязначныя фрагменты посуду і інш. рэчаў 17—18 ст.

т. 5, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,

перыяды гісторыі Зямлі, калі значна расшыралася плошча сушы. Адбываліся ў 2-й пал. тэктанічных цыклаў, калі агульнае падняцце зямной кары ператварала ў сушу затопленыя морам часткі кантынентаў. Геакратычныя перыяды былі ў канцы сілурыйскага і на працягу значнай часткі дэвонскага перыядаў, у канцы каменнавугальнага, у пермскім і часткова ў трыясавым, у неагенавым і антрапагенавым перыядах, уключаючы сучасную эпоху, якая адносіцца да адной з найб. геакратычных. Гл. таксама Таласакратычныя перыяды.

т. 5, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАРАЗКІ,

часовае паніжэнне т-ры паветра ніжэй за 0 °C у начны час, калі сярэднясутачная т-ра вышэй за 0 °C. Адрозніваюць З. адвектыўныя (пры ўварванні халоднага арктычнага паветра), радыяцыйныя (начное ахаладжэнне глебы і расліннага покрыва) і мяшаныя (адвектыўна-радыяцыйныя). На тэр. Беларусі познія З. магчымы ў канцы мая — 1-й пал. чэрвеня, а раннія ў канцы жн. — пач. верасня. З., асабліва позняй вясной, прычыняюць вял. шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЭ́ЛЬВЕНСКАЯ КА́ФЛЯ,

вырабы мясцовых цаніннікаў 17—18 ст. з вёсак Навасёлкі і Росцевічы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Выраблялі тэракотавыя сценавыя, паясныя і вуглавыя кафлі, якія аздаблялі манаграмамі, выявамі гербаў мясц. уладароў, раслінным арнаментам. З 2-й пал. 17 ст. найб. пашыраны зялёныя паліваныя кафлі з такім самым аздабленнем.

Да арт. Зэльвенская кафля. Кафлі: злева — з выявамі гербаў 17 ст. і 1603; справа — паясная 17 ст.; вуглавая пач. 17 ст.

т. 7, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ПА (ад швед. klippe рэзаць нажніцамі),

назва манет квадратнай формы. Выраблялі з мэтай паменшыць затраты працы. Вядомы з пач. 16 ст. ў Даніі, Швецыі. Арыгінальную кампаноўку мелі талеры караля Рэчы Паспалітай Аўгуста П (1697—1709, 1709—33). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў форме К. выпускалі манеты прыватныя асобы ці прадпрыемствы з-за недахопу дзярж. плацежных сродкаў. Часам К. называюць манеты на 6- або 8-гранных пласцінках.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАХА́Р (Leochares),

старажытнагрэчаскі скульптар сярэдзіны 4 ст. да н.э.; прадстаўнік позняй класікі. Працаваў у Афінах, Алімпіі, Дэльфах, Галікарнасе (са Скопасам), пры двары Аляксандра Македонскага. Сярод вядомых твораў: скульпт. група «Аляксандр на львіным паляванні», статуі цароў македонскай дынастыі, выкананыя ў тэхніцы хрыса-элефантнай скульптуры (золата са слановай косцю). Яму прыпісваюць статуі «Артэміда Версальская», «Апалон Бельведэрскі», «Ганімед» (захаваліся ў рым. копіях).

Леахар. Апалон Бельведэрскі. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 9, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКІ́Ф (грэч. lērythos),

старажытнагрэчаская керамічная пасудзіна для алею. Мела вузкае горла, якое пераходзіць у раструб, нізкую ножку і верт. ручку. Форма Л. эвалюцыяніравала ад пасудзін з конусападобным тулавам (чорнафігурныя, 2-я пал. 6 ст. да н.э.) да пасудзін з цыліндрычным тулавам (чорнафігурныя і чырвонафігурныя, 5 ст. да н.э.). Л. з размалёўкай па белым фоне (пашыраны з сярэдзіны 5 ст.) былі звязаны з памінальным культам.

Лекіф. Каля 420 г. да н.э.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІЙ,

старажытнагрэчаскі жывапісец 4 ст. да н.э. Прадстаўнік афінскай школы. Выконваў паліхроміі мармуровых скульптур Праксіцеля. Аўтар насценных размалёвак, надмагільных стэл, карцін на дошках. Работы Н. не захаваліся, некат. вядомы паводле апісанняў у літ. крыніцах: «Іо і Аргус», «Персей і Андрамеда», «Каліпса», партрэт Аляксандра Вялікага. Мяркуецца, што копіямі яго прац з’яўляюцца некат. размалёўкі ў Пампеях.

Нікій. Персей і Андрамеда. Рымская копія з арыгінала. 2-я пал. 4 ст. да н.э.

т. 11, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬЧА́ТКА,

буйнапамерная цэгла з падоўжнымі барознамі на паверхні, якія зроблены пальцамі майстра ці спец. інструментам. Вядома на Беларусі ў 13—18 ст., куды трапіла з Валыні (Украіна), таксама ў паўн.-ўсх. Германіі, Польшчы, Літве і некат. інш. раёнах Прыбалтыкі. Выраблялася розных памераў: для замкавага буд-ва таўшчынёй 8—10 см, у 2-й пал. 17 ст. існавала тонкая П. (4,5—6 см). На П. 14—16 см трапляюцца меткі і клеймы.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРШАДРУКАВА́НЫЯ КНІ́ГІ,

старадрукаваныя кнігі, умоўная назва кніг, выпушчаных у пэўнай краіне на працягу пэўнага перыяду пасля ўзнікнення кнігадрукавання. Найчасцей гэта кнігі, выдадзеныя ў першай друкарні краіны. У Еўропе з’явіліся ў 1440-я г., на Беларусі — у 1-й чвэрці 16 ст. Першыя кнігі, друкаваныя наборнымі літарамі ў перыяд ад 1440 да 1500 уключна, наз. інкунабуламі, а выданні 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. Гл. таксама ў арт. Выдавецкая справа.

т. 12, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)