АБАНДО́Н (франц. abandon) у марскім праве, права страхавальніка адмовіцца ад сваіх правоў на застрахаваную маёмасць на карысць страхоўшчыка і атрымаць поўную страхавую суму. Як правіла, робіцца ў выпадку прапажы, гібелі маёмасці, немэтазгоднасці аднаўлення ці рамонту судна. Заява аб абандоне павінна паступіць ад страхавальніка на працягу 6 месяцаў з моманту ўзнікнення для гэтага падстаў. Можа быць зроблена і ў аднабаковым парадку без пацвярджэння страхоўшчыка. У выніку абандона да страхоўшчыка пераходзяць усе правы на застрахаваную маёмасць.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́РЭ (Apure),

рака ў Венесуэле, левы прыток р. Арынока. Даўж. 1580 км, пл. бас. 147 тыс. км². Пачынаецца з Кардыльеры-дэ-Мерыда, цячэ з З на У па раўнінах Льянас-Арынока, упадае ў Арынока некалькімі рукавамі. Паўнаводная ў перыяд дажджоў (з мая да лістапада). Бурныя паводкі. Сярэдні расход вады каля 2 тыс. м³/с. Суднаходная на 600 км, у перыяд дажджоў — на ўсім працягу. На Апурэ гарады Брусуаль, Сан-Фернанда-да-Апурэ.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГУ́Л,

няяўка работніка на работу або адсутнасць яго на рабоце без уважлівых прычын больш за 3 гадз на працягу прац. дня. Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — адна з падстаў для скасавання прац. дагавора (кантракта) да заканчэння тэрміну яго дзеяння па ініцыятыве наймальніка. Існуе таксама паняцце т.зв. вымушанага П., які адбываецца з прычыны незаконнага звальнення работніка. Пры аднаўленні яго на рабоце па рашэнні органа, які разглядаў прац. спрэчку, работніку выплачваецца сярэдні заработак за час вымушанага П.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПА́НАЎКА, Шпанаўка,

рака ў Брэсцкім р-не, правы прыток р. Зах. Буг. У верхнім цячэнні наз. Прырва. Даўж. 25 км. Пл. вадазбору 200 км². Пачынаецца са старога прыроднага рэчышча каля левага берага канала Прырва за 200 м ад моста на аўтадарозе Рагозна—Брадзяцін, за 3 км на У ад в. Рагозна. Цячэ па паўд.-зах. ч. Брэсцкага Палесся. Вусце за 2 км на Пн ад в. Страдзеч. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯТРА́НКА,

рака ў Навагрудскім і Дзятлаўскім р-нах Гродзенскай вобл., правы прыток р. Моўчадзь (бас. р. Нёман). Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 208 км². Пачынаецца каля в. Ярошычы Навагрудскага р-на, цячэ па паўд.-зах. схілах Навагрудскага ўзвышша, упадае ў Моўчадзь на Пд ад г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на. Прытокі — Мутніца, Лапушанка. Рэчышча на працягу 4,7 км ад вытоку каналізаванае. Каля вёсак Круцілавічы і Стараельня створаны сажалкі (пл. па 0,01 км² кожная).

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ПУЦЬ,

рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал. снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.

Рака Іпуць каля Добруша.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУБЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Лубянка. Утворана плацінай у верхнім цячэнні р. Лубянка ў 1978. Пл. 0,74 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2,8 м, аб’ём вады 1,04 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці асушаных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, добраўпарадкавання прыбярэжнай зоны.

т. 9, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБА́ШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Любашава. Створана ў 1974. Наліўное. Пл. 0,7 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 3,6 м, аб’ём вады 2,04 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,9 км. Напаўняецца вадой з р. Цна па падвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,3 м.

Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАВА, Чырвонагвардзейскае,

вадасховішча ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., каля в. Міхайлава. Створана ў 1989. Пл. 0,7 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 3,1 млн. м³. Напаўняецца вадой з р. Цітаўка пры дапамозе помпавай станцыі. Ваганні ўзроўню на працягу года да 4,4 м. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі і воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЧКІ,

вадасховішча ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Кублік. Створана ў 1981. Пл. 0,5 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 640 м, найб. глыб. 4,5 м, аб’ём вады 1,4 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,1 км. Напаўняецца вадой з Ляхавіцкага канала мех. водапад’ёмам. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 3,4 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення зямель, рыбагадоўлі і адпачынку.

т. 13, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)