Гісторыя рэлігіі і рэлігійных устаноў на Беларусі. Канфесіянальная гісторыя і структура Беларусі абумоўлена яе геапалітычным становішчам на стыку зах. і ўсх. цывілізацый, існаваннем і пачарговым дамінаваннем усх. ці зах. хрысціянскіх традыцый. Для бел. грамадства характэрна поліканфесіянальнасць. Тут пашыраны розныя хрысціянскія канфесіі: праваслаўная, рымска-каталіцкая, грэка-каталіцкая, пратэстантызм; а таксама рэліг. аб’яднанні іудзеяў, мусульман, стараабраднікаў і інш.
Стараж. рэлігіяй беларусаў, якая ахоплівала ўсю сферу духоўнай і матэрыяльнай культуры, было язычніцтва. Яно існавала не адасоблена ад вераванняў суседніх слав. народаў, у ім старыя вераванні пастаянна дапаўняліся новымі. Звесткі аб поўным пантэоне стараж.-слав. багоў вельмі абмежаваныя. Вядомы вышэйшыя праслав. божаствы: Сварог (бог неба), Пярун (бог грому і маланкі), Вялес (бог жывёлагадоўлі), Дажбог (бог сонца і агню, земляробства), Хорс (бог сонца), Ярыла (бог плоднасці, прыбытку); больш ніжэйшыя божаствы (Род, Чур), божаствы, звязаныя з гасп. цыкламі і сезоннымі абрадамі (Зюзя, Цаца, Ляля, Цёця, Жыжаль, Жыцень), жаночыя божаствы (Макош і інш.). Існавалі божаствы, якія мелі абстрагаваныя функцыі: Доля, Ліха, Праўда, Крыўда, Трасца, Смерць і інш.; а таксама персанажы, якія знайшлі ўвасабленне ў казках і фальклоры (баба Яга, Кашчэй, Цмок, Цуда-Юда, лясны цар, вадзяны цар), розныя міфалагічныя істоты — персанажы нячыстай сілы, духаў, жывёл, звязаныя з міфалагічнай прасторай ад дома да лесу, балота, поля і г.д. (дамавікі, злыдні, лесуны, вадзянікі, палевікі, русалкі, ліхаманкі, мары і інш.).
Пасля прыходу на ўсходнеслав. землі хрысціянства ў 10 ст. шэраг язычніцкіх свят і абрадаў нар. календара зліліся з пэўнымі хрысц. святамі (суадноснымі па часе), атрымалі новыя назвы, да іх зместу дадалі хрысц. дагматыку. Так, стараж.-бел. калядны цыкл быў зліты з Раством Хрыста; веснавыя язычніцкія святы ўвайшлі ў склад Вялікадня; летнія — у склад Тройцы, нараджэння Іаана Хрысціцеля, Пятрова і Ільіна дня; восеньскія, у т. л. Дзяды, зліліся са Спасам, Пакровам Багародзіцы. Культы язычніцкіх слав. багоў былі выцеснены святамі ў гонар розных хрысціянскіх святых. Вышэйшыя персанажы слав. міфалогіі сталі разглядацца як адмоўныя ці атаясамлівацца з хрысц. святымі (Пярун са святым Ільёй, Вялес са святым Уласам, Ярыла са святым Юрыем і г.д.). Ніжэйшыя ўзроўні язычніцкай міфалогіі, як больш устойлівыя, стварылі складаныя спалучэнні з хрысціянствам. У нар. вераваннях і магічна-абрадавай практыцы захаваліся дэманалогія (вера ў лесуна, дамавіка, шматлікіх злых духаў — нячысцікаў); культ продкаў (дзядоў). Рэшткі язычніцтва дайшлі да нашага часу ва ўяўленнях, вераваннях, абрадах, звычаях, вуснай нар. творчасці беларусаў. Многія язычніцкія элементы трывала ўвайшлі ў хрысціянства, ствараючы вельмі складаныя спалучэнні. Стараж. традыцыі знайшлі ўвасабленне ў духоўных вершах (кантычкі, песні з «Богагласніка»), якія выконваліся на Беларусі старцамі-жабракамі і па форме і музычным выкананні працягвалі агульнаслав. традыцыю выканання эпічных песень на славянскія міфалагічныя сюжэты. Стараж. ўсходнеслав. абрады ўвайшлі ў праваслаўныя і уніяцкія святочныя і агульныя чынапаследаванні, якія ўжываліся бел. святарамі ў 16—18 ст. (напр., «чин врачевания болезнующих», малітвы «аб трасавіцах»). Даты нар. календара сталі залежнымі ад хрысціянскага, але ў значнай ступені захавалі язычніцкае паходжанне. Змест гэтых трансфармаваных хрысц. свят у нар. свядомасці заставаўся пераважна ранейшым — язычніцкім, бо іх дастасаванне да хрысціянскіх адбывалася па форме, а не па сутнасці і структуры. Народ па-свойму асэнсоўваў значную частку царк. свят, што адбілася на існаванні і захаванні язычніцкіх абрадавых элементаў і нават назваў свят у хрысц. календары, аж да нашага часу. Так, у большасці рэгіёнаў Беларусі ў праваслаўнага насельніцтва дванадзесятыя і вял. святы маюць наступныя назвы: Стрэчанне — Грамніцы, Пяцідзесятніца — Клечанне, Фаміны тыдзень — Провады, Прапалавінне Пяцідзесятніцы — Сёмушная серада, Узнясенне Гасподняе — Ушэсце, Усекнавенне галавы Іаана Прадцечы — Галавасек, Раство Багародзіцы — Прачыстая ці Малая Прачыстая, Вялікі Чацвер — Жальнік, пярэдадзень Раства — Каляды ці Куцця, пярэдадзень Богаяўлення — Водная Каляда, а пярэдадзень Новага года — Шчадруха, Пераўтварэнне — Спас, Успенне — Зельная, ці Вялікая Прачыстая, ці Спажа і г.д. Ва ўсіх вялікіх святах хрысц. календара захавалася сувязь з сезонамі года (як, напр., упрыгожанне інтэр’ераў храмаў у час суадносных свят зелянінай: галінкамі дрэў і лісцем — на Тройцу; асвячэнне першых квітнеючых дрэў (вярбы) — на Вербную Нядзелю; асвячэнне садавіны, гародніны, мёду і збожжа — на тры Спасы; асвячэнне і ўдзячнасць Богу за сабраны ураджай на каталіцкія і праваслаўныя восеньскія святы, пратэстанцкія Дні Жніва і інш.). Абавязковае памінанне памерлых, што паходзіць ад усходнеславянскага культу продкаў, прымеркавана да большасці вялікіх свят хрысц. календара, такіх, як Вялікдзень (Радаўніца), Тройца (Траецкая-Сёмушная бацькоўская субота), восеньскіх свят (Дзяды, Асяніны, ці Змітраўская бацькоўская субота, і каталіцкі Дзень Задушны). Большасць язычніцкіх па паходжанні абрадаў маюць на мэце забеспячэнне дабрабыту сям’і і добрага ўраджаю, прыплоду жывёлы і пазбаўленне ад хвароб, сурокаў, нячыстай сілы і варажбы. Тая ж іх сутнасць захавалася і ў хрысц. па форме і язычніцкіх па сутнасці абрадах.
Працэс хрысціянізацыі ўсх. славян быў даволі складаны і доўгі. У выніку адаптацыі хрысціянства да славянска-язычніцкіх духоўных традыцый і культурных каштоўнасцей склаўся рэліг. сінкрэтызм (зліццё царк. і нар. язычніцкай традыцыі), які захоўваецца на працягу многіх стагоддзяў ва ўсх.-слав. народаў, у т. л. ў беларусаў. Увядзенне хрысціянства ва ўсходнеслав. землях палажыла канец афіц. існаванню язычніцтва. Хрысц. місіянерская праграма прадугледжвала барацьбу з язычніцтвам — знішчэнне язычніцкіх капішчаў і ідалаў і будаўніцтва на іх месцы хрысц. храмаў.
Гісторыя праваслаўнай царквы на бел. землях пачалася з запазычання царк. традыцыі Усх. (Візантыйскай) царквы, разам з догматамі, клірам, святамі і абрадамі. Ужо ў канцы 10—11 ст. на бел. землях стварыліся епіскапскія кафедры, сфарміраваліся пэўныя элементы богаслужэння, якія ў агульных рысах дайшлі да нашых часоў (пераняты ад Візантыі каляндар асноўных і дванадзесятых свят з іх канонам, літургіяй, царк. паданнем і спевамі на царк.-славянскай і грэчаскай мовах).
Калыскай хрысціянства на Беларусі лічыцца стараж. Полацк. Полацкая епархія ўзнікла ў 992 і знаходзілася ў юрысдыкцыі Кіеўскіх мітрапалітаў. Першы вядомы полацкі епіскап Міна (згадваецца ў летапісах пад 1105) доўгі час быў манахам Кіева-Пячэрскага манастыра. У 10—11 ст. у Полацку пабудаваны храмы. У ліку найб. старажытных храмаў на бел. землях лічыцца царква Багародзіцы, пабудаваная ў 1001 у Друцку (горад Полацкага княства). У Лаўрэнцьеўскім летапісе пад 1007 згадваецца царква Багародзіцы ў Полацку. У сярэдзіне 11 ст. пры Усяславе Брачыславічу ў Полацку пабудаваны Сафійскі сабор, які на працягу некалькіх стагоддзяў заставаўся кафедральным храмам полацкіх епіскапаў і духоўным сімвалам горада. На бел. землях аформілася манастырская арг-цыя. Паводле сведчання летапісных крыніц, першы манастыр заснаваны ў час праўлення кіеўскага вял. князя Уладзіміра яго жонкай полацкай княжной Рагнедай (у манастве Анастасія) у стараж. Ізяслаўлі (сучасны г. Заслаўе). Самы стараж. з манастыроў Міншчыны — Спаса-Вазнясенскі заснаваны ў канцы 10 — пач. 11 ст. У Полацкім княстве перыядам росквіту манаскага жыцця лічыцца 12 ст., якое звязана з дзейнасцю Ефрасінні Полацкай. У 11—13 ст. фарміраваліся новыя айч. святы, звязаныя з ушанаваннем гіст. асоб (напр., прападобнай Ефрасінні Полацкай і епіскапа Кірылы Тураўскага), складаліся замест грэчаскіх свае царк. песнапенні, каноны і стыхіры, з суайчыннікаў фарміраваўся і праваслаўны клір, які ў паўсядзённым жыцці і ў час богаслужэння карыстаўся зразумелай для народа мовай. Разам з хрысціянствам на бел. землях пачала распаўсюджвацца богаслужэбная літаратура. Хрысціянізацыя паводле праваслаўнага абраду мела тую перавагу, што ўсх. царква не звязвала богаслужэнне моўным канонам. Візантыйская царква дапускала выкананне ў богаслужэнні любой некананічнай мовы. Богаслужэбная літаратура, якая прыйшла з Візантыі, перакладалася на слав. мову. Яна была даволі разнастайнай і складалася з царк. песнапенняў (канонаў, стыхіраў, кандакоў, ікасаў патрыярха Сафронія, Іаана Дамаскіна, Грыгорыя Назіянзіна), твораў Афанасія Александрыйскага, Васіля Вялікага, Іаана Златавуста, Яфрэма Сірына, «Златаструя», складзенага ў Балгарыі пры цару Сімяоне ў 10 ст.; розных мінеяў, пралогаў, палеяў, апокрыфаў і інш. Неабходныя для богаслужэння кнігі (Евангелле, Апостал, Служэбнік, Часаслоў, Псалтыр, Актоіх), перакладзеныя на царкоўнаславянскую мову яшчэ Кірылам і Мяфодзіем, перайшлі ад паўд. славян.
Праваслаўе было дамінуючай рэлігіяй у Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) на працягу 13—16 ст. Першапачаткова праваслаўная царква ў ВКЛ падпарадкоўвалася Кіеўскай, потым Маскоўскай мітраполіі. У 1415 пры вялікім князю Вітаўце створана самастойная Літоўская (Кіеўская) мітраполія на чале з мітрапалітам Грыгорыем Цамблакам. Да 1686 яна падпарадкоўвалася канстанцінопальскаму патрыярху. У яе ўваходзілі 8 епархій ВКЛ. У 16—17 ст.бел. праваслаўная царква імкнулася да незалежнасці ад Маскоўскай мітраполіі. Сфарміраваліся некаторыя спецыфічныя рысы бел. праваслаўных свят і святочныя дні, прысвечаныя новым славянскім святым, існавалі братчыны, ушаноўваліся пятніцы. У гэты перыяд складзены вельмі пашыраныя пазней на Беларусі песні да свят Гасподніх і Багародзічных, якія сабраны ў зб-кі «Багагласнік» і «Песні благагавейныя». Яны выконваліся ў час царк. службаў (пры хрэсных шэсцях, літургіі) і маглі нават замяняць сабой богаслужэнні (напр., песні на Раство Хрыстова). Значнае месца займалі выданні кніг Свяшчэннага Пісання і катэхізацыйных тэкстаў на старабел. мове. Гэта найперш выданні Францыска Скарыны: «Апостал» (Вільня, 1525), «Малая падарожная кніжка» (Вільня, каля 1525), «Біблія» (Прага, 1517—19). Сярод інш. беларускамоўных выданняў «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568); пераклад Евангелля (1556—61), выкананы па даручэнні княгіні Анастасіі Гальшанскай; «Катэхізіс», падрыхтаваны Лаўрэнціем Зізаніем (Масква, 1627); «Праваслаўнае спавяданне веры» Кіеўскага мітрапаліта Пятра Магілы (Кіеў, 1640); «Псалтыр рыфматворная», выдадзеная Сімяонам Полацкім (Масква, 1680); «Катэхізіс» Феафана Пракаповіча, перакладзены ў 1757 свяціцелем Георгіем (Каніскім); «Катэхізіс», падрыхтаваны святаром Міхалам Баброўскім; шматлікія багаслоўскія працы накшталт «Веры праваслаўнай» (Вільня), «Кантычка» (Полацк) і інш. Аформіўся культ цудатворных абразоў Божай Маці (Жыровіцкі, Бялыніцкі, Віленскі, Пачаеўскі і інш.), якія напачатку ўшаноўваліся праваслаўнымі вернікамі, потым таксама уніятамі і католікамі. Да гэтых святынь адбываліся паломніцтвы, з імі праводзіліся ўрачыстыя шэсці, яны пакінулі значны след у бел. праваслаўным календары.
У 13—14 ст. на тэр. Беларусі пачала пашырацца і рымска-каталіцкая царква. Паводле сведчанняў летапісцаў, пачатак фарміравання бел. каталіцкай традыцыі — час княжання ў ВКЛ Міндоўга (сярэдзіна 13 ст.). Трывала рымска-каталіцкая царква замацавалася ў ВКЛ пры вял.кн. Ягайле, калі ён сам прыняў каталіцтва і заснаваў Віленскае біскупства. Да 1500 на Беларусі (паводле падлікаў гісторыкаў) існавала 90 каталіцкіх парафій. Каталіцтва атрымала большае пашырэнне сярод літоўцаў, палякаў, латышоў, яцвягаў і прусаў, якія ў сярэдневякоўі аселі ў паўн.-зах. раёнах Беларусі; меншае — сярод беларусаў, дзе каталіцтва распаўсюджвалася ў гэты перыяд (за выключэннем вышэйшага саслоўя) шляхам змешаных шлюбаў. У 1-й пал. 16 ст. пабудавана шмат касцёлаў, у 1550 дзейнічалі 152 парафіі. Адначасова складваўся культ каталіцкіх бел. святых, шануемых абразоў, падзей нац. гісторыі, сваіх свят, асаблівасцей календара. Атрымала распаўсюджанне богаслужэбная літаратура на лацінскай мове, на якой у каталіцкіх храмах таксама праводзілася літургія. У паўсядзённым жыцці каталіцкі клір на тэр.ВКЛ, які складаўся з палякаў, беларусаў і літоўцаў, карыстаўся дзярж. мовай ВКЛ — старабеларускай. Пасля Крэўскай уніі 1385 праваслаўная царква ў ВКЛ была пазбаўлена ранейшых правоў і прывілеяў (вернуты вял. князем Казімірам). У 16 ст. большасць насельніцтва ВКЛ спавядала праваслаўную веру, у т. л. сярод эліты праваслаўнымі лічылася каля 70%. Пасля Люблінскай уніі 1569 пачалося актыўнае і масавае распаўсюджанне каталіцкай царквы на бел. землях. Барацьба паміж зах. і ўсх. хрысціянскімі традыцыямі ў 1-й пал. 17 ст. скончылася перамогай заходняй. Каталіцкая царква здолела вярнуць сабе парафіі і храмы, страчаныя ў выніку рэфармацыйнага руху. Паводле даных Віленскага сінода, у 1669 у 13 дэканатах паўн.-зах. Беларусі і ў зах. частцы Полацкага дэканата існавала 165 парафій. Акаталічванне насельніцтва суправаджалася паланізацыяй, якая ў большай ступені закранула магнацка-шляхецкае саслоўе ВКЛ. У 1696 прынята пастанова, якая канчаткова выцесніла бел. мову са справаводства, замяніўшы яе на польскую. Паланізацыя закранула і каталіцкую богаслужэбную літаратуру, і клір. На тэр.ВКЛ акрамя кананічнай асновы і прыкладнай аднастайнасці абраднасць набыла мясц. рысы, звязаныя са з’яўленнем культу асабістых святых (напрыклад, св. Казіміра, св. Станіслава Косткі, св. Андрэя Баболі і інш.), сваіх парафіяльных свят і іх рэгіянальных асаблівасцей; асабістага культу і гісторыі цудатворных абразоў Божай Маці. У ВКЛ большасць цудатворных абразоў аднолькава шанавалася католікамі, праваслаўнымі і уніятамі.
У 1-й пал. 16 ст. з Зах. Еўропы на бел. землі пашырылася буйное адгалінаванне хрысціянства — пратэстантызм, яго кірункі — кальвінізм, лютэранства, арыянства — атрымалі даволі шырокае распаўсюджанне сярод усіх слаёў насельніцтва. Найб. пашырэнне атрымала рэфармацтва (кальвінізм), прапагандыстам і патронам якога быў першы саноўнік дзяржавы, рэгент каралеўства, князь Мікалай Радзівіл Чорны. Яго намаганнямі ў 1553 у Вільні заснавана 1-я пратэстанцкая абшчына, а ў канцы 1550-х г. такія абшчыны ўзніклі ў Нясвіжы, Брэсце, Клецку, Койданаве, Мордах і інш. Крыніцы сведчаць, што рэфармацкі рух меў вялікі размах. На тэр. Рэчы Паспалітай ён спынены толькі ў 17 ст. ў выніку моцнага процідзеяння каталіцкай царквы, асабліва ордэна езуітаў. Да пач. 17 ст. з 180 рэфармацкіх збораў 6 акруг Беларусі і Літвы засталіся 93 цэрквы, да пач. 18 ст. — 48, а з 32 цэркваў Беларускай акругі — толькі 2, таму бел. дыстрыкцыя была скасавана. Рэфармацыя на Беларусі мела нац. рысы і зрабіла значны ўклад у яе гісторыю і культуру. Сведчанне таму і богаслужэнні на бел. мове, і пратэстанцкія пераклады Свяшчэннага Пісання («Евангелле» Васіля Цяпінскага, «Катэхізіс» Сымона Буднага і інш.).
У 16—17 ст. на Беларусі пачала распаўсюджвацца уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. На Брэсцкім саборы 1596 заключана царкоўная унія, і большая частка праваслаўнага епіскапату ВКЛ была падпарадкавана вярх. ўладзе папскага прастола. У час станаўлення уніі і яе пацвярджэння ў Рыме папам замацаваны за уніятамі ўсе ранейшыя богаслужэбныя кнігі, з усімі таінствамі, службай, абрадамі і цырымоніямі ўсх. царквы ў тым выглядзе, у якім яны былі да уніі, а таксама царкоўнаслав. і бел. мовы набажэнства і казанняў. Пачаліся прыцясненні і праследаванні праваслаўнага насельніцтва, звязаныя з прымусовым распаўсюджаннем уніяцкай царквы на тэр.ВКЛ. Нягледзячы на процістаянне праваслаўных вернікаў, уніяцтва даволі хутка пашырылася ў ВКЛ. У 17—18 ст. унія стала найбольш распаўсюджанай сярод насельніцтва ВКЛ. На 1790 на бел. землях Рэчы Паспалітай католікі складалі 15% ад усяго насельніцтва, уніяты — 70%, праваслаўныя — 6%. На бел. мове выдавалася уніяцкая рэлігійная літаратура, развіваліся бел. іканаграфія, музыка, архітэктура. Пасля Замойскага сабора 1720 пачаўся працэс паланізацыі і пранікнення каталіцкіх элементаў ва уніяцкую абраднасць і богаслужэнне. Адбыліся змены і ва уніяцкім календары: з’явіліся каталіцкія святы, пад уплывам базыльян у богаслужэнне стала ўводзіцца польская мова.
У сувязі з пераходам большасці насельніцтва ва уніяцтва, а большасці магнатаў і шляхты ў каталіцтва ў праваслаўнай царкве таксама адбыліся значныя змены. У 1686 са згоды канстанцінопальскага патрыярха Кіеўская мітраполія падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Кіеўскія мітрапаліты сталі прызначацца маскоўскімі патрыярхамі (з 1723 Свяцейшым Сінодам). 17—18 ст. адметныя з’яўленнем вялікай колькасці славутых асоб, прадстаўнікоў праваслаўнай царквы ВКЛ — братоў Зізаніяў, архімандрыта Лявонція Карповіча, Мялеція Сматрыцкага, ігумена Афанасія Філіповіча, Сімяона Полацкага і інш., многія з якіх пазней кананізаваны і ўвайшлі ў Сабор бел. святых.
З 14 ст. на Беларусі існавалі і інш. этнаканфесіянальныя групы: яўрэі-іудзеі, татары-мусульмане. Першыя групы яўрэяў эмігрыравалі на бел. землі з Германіі, Польшчы і Украіны. У канцы 18 ст. на землях ВКЛ было больш за 300 тыс. яўрэяў-іудзеяў. У асобных гарадах і мястэчках Беларусі іх колькасць дасягала 40 і нават 80%. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі для яўрэяў была вызначана т. зв. «мяжа аселасці», якая ахоплівала і бел. землі. Да 1897 колькасць яўрэйскага насельніцтва ў бел. губернях павялічылася да 1202 тыс.чал. У асноўным гэта былі прадстаўнікі артадаксальнага іудаізму, частка спавядала хасідызм. У канцы 19 — пач. 20 ст. каля 60% яўрэяў пражывала ў гарадах, што паўплывала на гарадскую культуру на Беларусі.
У канцы 14 ст. на тэр.ВКЛ з’явілася этнаканфесіянальная група татараў-мусульман. Асн. цэнтрамі іх рассялення былі раёны Клецка, Мінска, Слуцка, Койданава, Гродна, Іўя, Давыд-Гарадка, Навагрудка, Ашмян і інш. Колькасць бел. татараў па розных звестках складала ад 30 да 60 тыс. чалавек. Яны спавядалі іслам суніцкага кірунку Абу Ханіфа (ханіфіты).
З сярэдзіны 17 ст. на тэр. Беларусі перасяліліся прадстаўнікі этнаканфесіянальнай групы рус. стараабраднікаў (папоўцы і беспапоўцы), якія знайшлі тут прытулак ад ганенняў пасля царк. рэформы ў Расіі патрыярха Нікана.
Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі канфесіянальная структура стала мяняцца. Напярэдадні 3 падзелаў Рэчы Паспалітай на Беларусі заставалася толькі 1 праваслаўная епархія з епіскапскай кафедрай у Магілёве. У 1793 створана Мінская праваслаўная епархія. Пазней адноўлена дзейнасць старых епіскапскіх кафедраў і створаны новыя. У адпаведнасці з указам 1795 Кацярыны II пачаўся працэс пераходу уніятаў у праваслаўе. Да праваслаўнай царквы быў далучаны 721 прыход з 463 святарамі і прыхаджанамі. Паводле афіц. даных у пач. 19 ст. да праваслаўнай царквы далучылася больш за 2 мільёны былых уніятаў. У 1839 Полацкі царк. сабор абвясціў «уз’яднанне» уніятаў з праваслаўнай царквой. Уніяцтва фактычна было забаронена. У выніку да праваслаўнай царквы далучана каля 1607 прыходаў і 1600 тыс. вернікаў. Былым уніятам пакінуты толькі абрады і звычаі, якія «не супярэчылі сутнасці праваслаўя». Каб дасягнуць аднастайнасці ў царк. абраднасці бел. і рус. праваслаўных вернікаў, распаўсюджваліся рас. богаслужэбныя выданні, якія павінны былі замяніць старыя, часоў ВКЛ. Пачалося распаўсюджванне святынь, звязаных з імёнамі рас. святых і дзеячаў царквы. У іх гонар будаваліся цэрквы, асвячаліся прастолы, многія рас. абразы пачалі шанавацца як цудатворныя. Адначасова праводзілася афіц. палітыка русіфікацыі, для чаго павінна была прычыніцца і царква. Паводле сведчанняў рас. святароў, якія служылі ў бел. прыходах, праваслаўная абраднасць мела тут яўныя сляды ўплыву каталіцкай і уніяцкай абраднасці, старыя богаслужэбныя кнігі нярэдка былі таксама уніяцкага паходжання, па якіх да 1880-х г. служылі «тысячы праваслаўных святароў Заходняга Краю Расіі». На далучанай да Рас. імперыі ў 1772 тэр. Беларусі ў 1773 створана Беларуская рымска-каталіцкая епархія (з 1782/83 — Магілёўская архіепархія), якой былі падпарадкаваны кляштары і касцёлы. У Расіі апынуліся каля 100 тыс. католікаў лацінскага і 800 тыс. грэка-каталіцкага абрадаў: першыя падлягалі юрысдыкцыі архібіскупа магілёўскага, другія — свайго мітрапаліта кіеўскага. Каталіцкае насельніцтва лацінскага абраду ў тагачаснай канфесіянальнай структуры Беларусі складала 14—15% (ад агульнай колькасці насельніцтва ў 1795 каля 3 млн.). У 2-й пал. 19 ст. ў прылеглых да літоўскай мяжы Браслаўскім, Лідскім, Ашмянскім, Радунскім і Свірскім дэканатах католікі складалі пераважную большасць насельніцтва, іх колькасць ва ўсх. і паўд. напрамку паступова змяншалася да некалькіх працэнтаў. Паводле статыст. звестак у 1781 на Беларусі католікаў было 428,9 тыс.чал. У 1801 для кіравання лацінскай царквой у Рас. імперыі ўтворана Рымска-каталіцкая духоўная калегія. У 19 ст. сярод насельніцтва Беларусі было каля 4/5 праваслаўных вернікаў (з далучанымі уніятамі) і 1/5 католікаў; каталіцтва, як і раней, было найб. распаўсюджана сярод магнатаў і шляхты. На абмежаванне дзейнасці каталіцкай царквы ў Рас. імперыі паўплывала паўстанне 1830—31, у якім актыўны ўдзел прынялі каталіцкае духавенства і манаства. Указам ад 19.7.1832 у зах. губернях скасавана 199 кляштараў, уведзена цэнзура на царкоўныя казанні.
З прычыны пераходу уніятаў у каталіцтва 31.12.1839 выдадзена распараджэнне дэпартамента духоўных спраў замежных веравызнанняў віцебскаму, смаленскаму і магілёўскаму ген.-губернатару князю Далгарукаму «аб мерах па спыненні пераходу з праваслаўя ў каталіцтва». У 1864 пры Мін-ве ўнутр. спраў Рас. імперыі былі распрацаваны статыстычныя матэрыялы аб канфесіянальнай структуры Беларусі: у 5 губернях (Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай) было 2502,1 тыс. праваслаўных, 1333,7 тыс. католікаў, 19 951 пратэстант, 37 121 старавер і 463 217 іудзеяў. Найб. падрабязныя звесткі па веравызнанні былі атрыманы ў выніку ўсеагульнага перапісу насельніцтва Рас. імперыі ў 1897. У 40 паветах з большасцю бел. насельніцтва 66,6% адносілі сябе да праваслаўнага веравызнання (у т. л. 62,3% беларусаў), 18,1 % — да каталіцтва (12,4% беларусаў), 13,5% — да іудаізму, 1,8% — да астатніх рэлігій. Найбольш праваслаўных было сярод жыхароў Магілёўскай губ. (83,1%, у т. л. 80,6% беларусы); католікаў — у Віленскай губ. (58,8%; 32,8% беларусы). У 5 бел. губернях пражывала 5114,7 тыс. праваслаўных, 1947,6 тыс. католікаў, 83 022 стараверы (у Віцебскай губ.), 1209, 8 тыс. іудзеяў, 13 877 мусульман (разам з Валынскай і Ковенскай губ.). Спробы царскіх улад прымусіць ксяндзоў весці набажэнствы на рус. мове не мелі поспеху. У канцы 19 — пач. 20 ст. пачаўся працэс нац. абуджэння, фарміравання нац. самасвядомасці, з’явіліся пераклады Свяшчэннага Пісання і каталіцкай рэліг. літаратуры на бел. мову (катэхізісы, малітоўнікі, кантычкі і г.д.). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі з’явіліся новыя пратэстанцкія кірункі: баптызм (з 1880-х г.), евангельскае хрысціянства, ці пашкоўшчына, містычнае вучэнне Кандрація Маляванага, адвентызм сёмага дня (з 1910). Іх пашырэнне на Беларусі было вынікам дзейнасці нямецкіх і англійскіх прапаведнікаў, міграцыі сялян і гараджан. У пач. 20 ст. на тэр. Беларусі налічвалася каля 1 тыс. паслядоўнікаў баптызму і евангельскага хрысціянства (часткова сярод ням. каланістаў, у асн. сярод беларусаў), а таксама некалькі дзесяткаў адвентыстаў (у асн. сярод немцаў, якія перайшлі ў адвентызм з лютэранства). У 1920—30-я г. канфесіянальная гісторыя ўсх. і зах. Беларусі набыла адрозненні, звязаныя з іх рознымі гіст. лёсамі.
Аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы ад царквы. Пасля ўстанаўлення сав. улады СНК РСФСР выдаў дэкрэт «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы», у якім былі абвешчаны дэмакратычныя рэліг. свабоды і правы ўсіх рэліг. аб’яднанняў перад законам, а таксама гарантаваны правы кожнага грамадзяніна спавядаць любую рэлігію ці не спавядаць ніякай. Аднак паступова ўмовы для рэліг. дзейнасці на тэр.БССР рэзка пагоршыліся.
8.4.1929 ВЦВК РСФСР выдаў пастанову «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якая замацавала абавязковую рэгістрацыю рэліг. т-ваў; дзейнасць рэліг. арг-цый абмежавана задавальненнем рэліг. запатрабаванняў вернікаў у межах малітоўных дамоў; забараняліся місіянерская дзейнасць, рэліг. прапаганда, матэрыяльная падтрымка цэркваў і інш. Адзначаюць 3 хвалі ганенняў на ўсе канфесіі: 1929—30, 1932—34, 1936—38. У гэтыя гады ў сав. Беларусі вялася жорсткая барацьба з рэлігіяй: зачыняліся цэрквы і манастыры (пазней іх перабудавалі ў сховішчы, клубы, школы і інш. ўстановы); падвергнуты ганенням духавенства, манахі, вернікі (незалежна ад веравызнання). Канфесіі страцілі значную частку сваіх малітоўных будынкаў, цэркваў, касцёлаў; храмы былі разрабаваны, знікла шмат культавых рэчаў, сярод якіх былі і свяшчэнныя (у 1921 у вернікаў адабрана сярэбраная рака і крыж прападобнай Ефрасінні — аб’екты пакланення і паломніцтваў). Паводле звестак камісіі па аддзяленні царквы ад дзяржавы на 1.1.1930 на тэр. Беларусі яшчэ дзейнічала 1766 рэліг. аб’яднанняў: 1022 праваслаўныя, 111 рымска-каталіцкіх, 547 іудзейскіх, 86 пратэстанцкіх; у 1930—31 пад культурныя і гасп. ўстановы былі перададзены 573 праваслаўныя цэрквы, 29 касцёлаў, 366 сінагог, 2 капліцы, 52 малітоўныя дамы. Да канца 1936 на тэр.БССР засталося толькі 11% культавых будынкаў. 23.7.1922 абвешчана Бел. праваслаўная мітраполія на чале з епіскапам мінскім Мелхіседэкам (Паеўскім). Аднак яе дзейнасць хутка заняпала (у 1925 мітрапаліт быў выкліканы ў Маскву, зняволены ў турму, а потым высланы ў Краснаярск). Пры сав. уладзе ў праваслаўнай царкве было справакавана ўзнікненне т. зв. абнаўленства, якое павінна было аслабіць царк. арг-цыю — разбурыць яе знутры, знізіць аўтарытэт царквы і яе ўплыў на вернікаў. Да 1923 большасць праваслаўных іерархаў вымушана была прыняць абнаўленскае кіраўніцтва, абнаўленцам перададзена большасць дзеючых цэркваў (да 1924—500 храмаў). У ліст. 1917 адрадзіла дзейнасць Мінская рымска-каталіцкая дыяцэзія. Аднак пасля ад’езду з Расіі біскупа Дэрбіньі, які ў 1925 афіцыйна прыязджаў з Рыма ў Маскву для ўрэгулявання духоўных спраў каталіцкага касцёла, пачалася хваля арыштаў і рэпрэсій каталіцкага духавенства. Мінскі каталіцкі епіскап Зыгмунд Лазінскі ў 1925 пад пагрозай арышту выехаў у Польшчу і заснаваў сваю кафедру ў Пінску. Услед за епіскапам з БССР у Польшчу выехалі многія каталіцкія святары. Царк.-рэлігійнае жыццё епархіі хутка сціхла, касцёлы перададзены пад культ.-гасп. ўстановы. Культавыя рэчы вернікі хавалі ў дамах, у лепшым выпадку перадавалі ў музеі. Дэклараваныя гарантыі рэліг. свабод і магчымасць законным шляхам рэгістраваць абшчыны і малітоўныя дамы ў 1 -я гады існавання сав. улады выклікалі ажыўленне рэліг. дзейнасці пратэстантаў: былі заснаваны новыя абшчыны, пабудаваны малітоўныя дамы, пачалі дзейнічаць заснаваныя евангельскімі хрысціянамі і баптыстамі калектыўныя гаспадаркі і камуны, выдавалася шмат рэліг. літаратуры. Актыўнасць пратэстанцкіх арг-цый у краіне сустрэла процідзеянне з боку антырэліг. арганізацый, асабліва створанага ў 1925 Саюза ваяўнічых бязбожнікаў СССР (у 1926 створаны яго бел. філіял). У крас. 1929 на II Усесаюзным з’ездзе Саюза ваяўнічых бязбожнікаў прынята рэзалюцыя, у якой абвяшчалася праграма барацьбы з сектанцтвам і канстатавалася, што «рэлігійныя арганізацыі ў асобе іх вярхоў, прапаведнікаў, актывістаў з’яўляюцца палітычнай агентурай і ваенна-шпіёнскімі арганізацыямі міжнароднай буржуазіі». З 1937 усе абшчыны перайшлі на нелегальнае становішча, шмат вернікаў і прэсвітэраў рэпрэсіравана. У гэты перыяд абраднасць вымушана набыла сямейны, хатні характар і перамясцілася з храмаў ці малітоўных дамоў у дамы вернікаў. Сама сям’я павінна была як бы ператварыцца ў царк. абшчыну, дзе ролю святара з прычыны яго адсутнасці выконваў галава сям’і. Веравызнанне захавалася на ўзроўні ўшанавання найб. вялікіх рэліг. свят і выканання самых неабходных рытуальных дзействаў — малітваў, спеваў, пастоў, рытуальных страў, выканання гал. таінстваў — хрышчэння, вянчання, адпявання.
У Польшчы, у складзе якой з 1921 знаходзілася Зах. Беларусь, у 1922 абвешчана (у 1924 кананічна прызнана канстанцінопальскім патрыярхам) Польская аўтакефальная праваслаўная царква на чале з варшаўскім мітрапалітам Дыянісіем. У 1939 у ёй існавала 5 епархій, у т. л. Віленская, Гродзенска-Навагрудская і Палеская. Дзярж. ўлады Польшчы праводзілі актыўную палітыку акаталічвання і паланізацыі праваслаўнага насельніцтва. Шмат цэркваў было зачынена або перададзена католікам (больш як 1300 былых праваслаўных храмаў ператворана ў касцёлы). З 1921 да 1931 доля праваслаўнага насельніцтва зменшылася з 57,3 да 56,6%.
Каталіцкі касцёл у Зах. Беларусі меў прывілеяванае становішча. Канкардат польскай дзяржавы з Папскай курыяй гарантаваў ёй правы і прывілеі. З 1921 тут існавалі 2 рымска-каталіцкія епархіі: Віленскае архібіскупства-мітраполія і Пінскае біскупства, кожная з іх мела сваю духоўную семінарыю, у Вільні пры ун-це дзейнічаў багаслоўскі факультэт. Паводле перапісу насельніцтва 1931 у Віленскім, Навагрудскім, Палескім ваяводствах з 3465 тыс. жыхароў 1202 тыс. чалавек (34,6%) аднеслі сябе да каталіцкага веравызнання і прызналі польскую мову роднай. Гэта было вынікам таго, што духавенства было польскае і праводзіла актыўную паланізацыю сваіх прыхаджан. Дзярж. ўлады Польшчы актыўна процідзейнічалі аднаўленчаму руху сярод бел. ксяндзоў, пашырэнню беларускамоўнай рэліг. літаратуры і ўжыванню бел. мовы ў набажэнстве. Спроба ксяндзоў Казіміра Сваяка, Язэпа Германовіча, Вінцэнта Гадлеўскага, Адама Станкевіча і інш. ўвесці бел. мову ў набажэнства сустрэла актыўнае процідзеянне іерархаў царквы і нават мясц. шляхты. Была таксама спроба адрадзіць бел. грэка-каталіцкую царкву. У 1920-я г. езуіты заснавалі місіянерскія базы ў Альбярціне, Вільні, Любліне, Дубне і Пінску. Пасля дзесяцігадовай місіянерскай працы ў 1935 уніяты мелі: у Віленскім архібіскупстве 4 прыходы, 7 святароў і каля 3 тыс. прыхаджан; у Пінскім біскупстве 12 святароў і каля 6 тыс. прыхаджан; у Падляшшы 9 святароў і каля 3200 прыхаджан; у Альбярціне (каля Слоніма) 50 місіянераў і каля 300 прыхаджан. Але спробы аднаўлення уніяцтва на Беларусі не спраўдзіліся ў поўнай меры (да 1941 засталіся толькі 3 грэка-каталіцкія абшчыны); ва ўмовах канспірацыі дзейнічаў створаны ў маі 1940 экзархат Беларусі на чале з А.Неманцэвічам. У 1920—30-я г. на тэр.Зах. Беларусі (пераважна на Палессі) у выніку дзейнасці рээмігрантаў і місіянераў з Амерыкі, замежных (нямецкіх, амерыканскіх, англійскіх) місій пашыраліся пратэстанцкія веравучэнні (пяцідзесятніцтва, евангельскае хрысціянства, баптызм, іегавізм, адвентызм). Заснаваныя на Палессі абшчыны існуюць і ў наш час.
Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР кіраўніцтва СССР вымушана было лічыцца з вял. колькасцю вернікаў на далучаных землях. Праваслаўнае і каталіцкае духавенства Зах. Беларусі стала асновай для аднаўлення і развіцця духоўнага і царк. жыцця насельніцтва Беларусі. Быў прадоўжаны працэс фарміравання бел. хрысціянскай традыцыі са сваімі рэгіянальнымі асаблівасцямі. Архіепіскап Панцеляймон (Ражноўскі) прызначаны экзархам Зах. Беларусі і Зах. Украіны і архіепіскапам пінскім і навагрудскім, з ліп. 1940 — правячым архірэем Гродзенска-Вілейскай епархіі.
У 2-ю сусв. вайну са згоды ням. акупацыйных улад на тэр. Беларусі адчынены праваслаўныя і каталіцкія храмы, дзейнічалі пратэстанцкія абшчыны (у асн. ва ўсх. абласцях Беларусі, бо ў заходніх рэлігійныя арг-цыі не спынялі свайго існавання з даваенных часоў). Ням. ўлады, нягледзячы на сваё неадназначнае стаўленне да хрысціянства, разглядалі рэлігію як адзін з ідэалагічных сродкаў барацьбы з бальшавікамі і таму спрыялі дзейнасці рэліг. арг-цый. Усе абшчыны знаходзіліся пад пільным кантролем акупац. улад, якія рэгламентавалі іх дзейнасць, парадак правядзення набажэнстваў і колькасць удзельнікаў. На тэр. акупіраванай Беларусі было ўтворана 6 праваслаўных епархій. У аснову яе дзейнасці былі пакладзены ідэі богаслужэнняў на бел. мове, звароту да старых традыцый (напр., да старога календара), аднаўлення аўтакефаліі Бел. праваслаўнай царквы. У сак. 1942 сабор бел. епіскапаў выбраў мітрапалітам Беларусі епіскапа Панцеляймона, які насуперак жаданню ням. улад і часткі бел. духавенства, не абвясціў Бел. царкву аўтакефальнай. Пад прымусам акупац. улад Панцеляймон быў адлучаны ад кіраўніцтва царквой і зняволены ў манастыр, а кіраванне перададзена яго памочніку архіепіскапу Філафею (Нарко), які 30.8.1942 склікаў Бел.царк. сабор, дзе была прынята заява аб аўтакефаліі Бел. царквы (у маі 1944 сабор бел. епіскапаў абвясціў пастановы сабора 1942 несапраўднымі па той прычыне, што на ім адсутнічалі 2 старэйшыя бел. епіскапы, якіх акупац. ўлады не дапусцілі на сабор; аўтакефалія не атрымала кананічнаяга прызнання і канстанцінопальскім патрыярхам). У гады вайны адноўлена дзейнасць і каталіцкай царквы ва ўсх. абласцях Беларусі, дзе ў перадваенны час не засталося ніводнага дзеючага касцёла. 15 ксяндзоў аднавілі касцельную дзейнасць у Мінску, Слуцку, Бабруйску, Магілёве і інш. гарадах. Пры актыўным садзейнічанні ксяндзоў В.Казлоўскага, А.Адамовіча, Н.Кушаля пачаты працэс беларусізацыі касцёла. Разам з тым акупанты жорстка распраўляліся з прадстаўнікамі духавенства — праваслаўнага і каталіцкага (бел. і польскага) — па абвінавачанні ў дапамозе сав. партызанам ці польскаму падполлю. Спробы аднавіць уніяцкую царкву ням. ўлады спынілі (экзарх грэка-уніяцкай царквы на Беларусі Неманцэвіч быў арыштаваны, Альбярцінскі манастыр разагнаны, парафія ліквідавана). У час акупацыі значна актывізавалася царк. жыццё пратэстантаў. Пачалі дзейнасць абшчыны, якія існавалі раней, адкрыліся малітоўныя дамы і баптысцкія школы.
У гады 2-й сусв. вайны адносіны сав. улады да рэліг. арг-цый значна змяніліся. Гэта выявілася ў легалізацыі дзярж.-царк. адносін, падтрымцы праваслаўнай царквы, якая садзейнічала агульнанар. патрыятычнаму ўздыму. У 1943—44 створаны Савет па справах Рус. праваслаўнай царквы і Савет па справах рэліг. культаў, адноўлена дзейнасць Маскоўскага патрыярхата Рус. праваслаўнай царквы (у 1943 пасля доўгага перапынку абраны патрыярх), пачалі выпускаць на волю рэпрэсіраваных раней архірэяў, стаў выдавацца «Журнал Московской патриархии». Пасля вайны рост амаль усіх канфесій на Беларусі працягваўся. Духавенства і царк. саветы імкнуліся ўтрымаць тое, што было да гэтага часу набыта. Гэты перыяд адметны павышэннем рэлігійнасці, што звычайна тлумачылася ваен. і пасляваен. цяжкасцямі жыцця, аслабленнем антырэліг. палітыкі сав. улады ў першыя пасляваенныя гады. З узмацненнем рэлігійнасці павялічвалася колькасць абрадаў хрышчэння, шлюбу, пахаванняў, актывізавалася дзейнасць святарства; расла колькасць вернікаў. Найб. пашырэнне мела праваслаўная царква, якая была падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. У 2-й пал. 1940-х г. на вышэйшых іерархічных святарскіх пасадах у Беларусі знаходзіліся прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхата: у Мінску архіепіскап мінскі і беларускі Піцірым, у Пінску архіепіскап пінскі і лунінецкі Данііл, у Брэсце і Гродне епіскап брэсцкі (потым гродзенскі) Паісій. У 1949 на Беларусі зарэгістравана 1060 праваслаўных абшчын, найбольш іх было ў Брэсцкай (188) і Баранавіцкай (180), найменш у Віцебскай (26) і Палескай (24) абласцях; дзейнічала 757 праваслаўных святароў, 56 дыяканаў і 564 псаломшчыкі. Рыхтавалі святароў у Мінскай духоўнай семінарыі (у 1949 было 112 навучэнцаў). Праваслаўнае духавенства зах. і ўсх. Беларусі адрознівалася па ўзроўні адукацыі, прафесійнай падрыхтоўцы і ўплыве на вернікаў. Ва ўсх. толькі адзінкі мелі адпаведную падрыхтоўку, адукацыю і маглі чытаць пропаведзі (большасць з іх была рукапакладзена ў час ням. акупацыі), у зах. Беларусі большасць святароў мела не толькі семінарскую адукацыю, але і універсітэцкую. З 1948 аблвыканкомы пачалі вяртаць малітоўныя будынкі грамадскім арг-цыям, якія іх займалі ў даваенны час. У 1950-я г. пасляваенная хваля развіцця праваслаўных арг-цый на Беларусі часткова спала, хоць рэлігійнасць сярод праваслаўнага насельніцтва заставалася ранейшай.
Другой па колькасці абшчын, вернікаў і распаўсюджванні была рымска-каталіцкая царква (РКЦ). Найбольш вернікаў яна мела ў зах. Беларусі. У 1945 тут дзейнічала 325 касцёлаў і налічвалася 692 120 вернікаў, у 1946—309 касцёлаў, якія наведвалі 300—350 тыс. католікаў. Паводле дагавора паміж сав. і польскім урадамі ад 9.9.1944 у Польшчу перасялілася (1944—48) 274 тыс. жыхароў Беларусі, у т. л. 154 ксяндзы. Пасля гэтага на Беларусі засталося каля 264 тыс. палякаў-католікаў і каля 287 тыс. беларусаў-католікаў. Адносіны сав. улады да касцёла былі адмоўныя. Сав. ўлады абвінавачвалі РКЦ у сувязі з польскай падп. арг-цыяй Арміі Краёвай. Ксяндзоў абвінавачвалі ў антысав. дзейнасці, уплыве на вернікаў з мэтай сабатажу такіх акцый дзяржавы, як калектывізацыя, дзяржпазыка, дзяржпастаўкі, падпіска на дзяржвыданні і інш. Адразу пасля вайны пачалася новая хваля скасавання парафій і абмежавання дзейнасці каталіцкага духавенства і самой царквы. Хваля рэпрэсій ахапіла да 70% каталіцкага кліру. З 1946 па 1949 колькасць касцёлаў скарацілася на 185, на пач. 1950 засталося 248 каталіцкіх абшчын.
Рост пратэстантызму працягваўся. У кастр. 1944 створаны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), да якога ў жн. 1945 далучыліся хрысціяне веры евангельскай (пяцідзесятнікі). Усесаюзны Савет ЕХБ выконваў свае функцыі праз абласных упаўнаважаных (пазней старшых прэсвітэраў). У 1949 на Беларусі зарэгістравана 200 пратэстанцкіх абшчын і 16 095 вернікаў, большасць якіх знаходзілася ў зах. абласцях (70%). У 1946 зарэгістравана 9 абшчын (357 чал.) адвентыстаў сёмага дня (АСД), у 1949 зарэгістраваны 4 іх абшчыны (амаль столькі ж было незарэгістраваных).
У 1946 дзейнічалі 79 стараабрадніцкіх абшчын: 4 белакрыніцкага кірунку, 1 беспапоўскага, 2 беспапоўцаў-федасееўцаў, астатнія — беспапоўцы паморскага сагласу. Бел. стараабраднікі ў даваенны перыяд страцілі вял. колькасць цэркваў і малітоўных дамоў. І хоць у час акупацыі стараверы вярнулі сабе свае цэрквы, аднак у 1946—50 колькасць стараверскіх абшчын скарацілася да 32.
Пасля вайны на Беларусь пачалі вяртацца яўрэйскія сем’і, якія былі эвакуіраваны на ўсход СССР. Яўрэі-вернікі адразу пачалі хадайнічаць аб стварэнні рэліг. аб’яднанняў і аднаўленні дзейнасці сінагог, таму што ў перадваенны час большасць з іх перададзена пад культ.-асв. ўстановы, а астатнія разбураны і спалены ў гады вайны. Дазвол на рэгістрацыю атрымалі толькі 2 абшчыны — у Мінску і Бабруйску (дзе пазней мясц. ўлады адабралі памяшканне). Яўрэі Беларусі мелі сувязь з Маскоўскай сінагогай, адкуль атрымлівалі рытуальна-культавыя рэчы (напрыклад, «эсрыг» — пальмавую галінку з плодам для свята «Кушчы», мацу для пасхальных святкаванняў і інш.).
У 1946 на Беларусі існавала некалькі мусульманскіх абшчын (падпарадкаваных Духоўнаму ўпраўленню мусульман еўрапейскай часткі СССР і Сібіры, якое знаходзілася ў Уфе), 9 мячэцяў (напалову менш за перадваенную колькасць), якія наведвалі каля 600 вернікаў. У 1953 засталіся толькі 2 мячэці і 370 вернікаў.
Гісторыя дзяржаўна-царк. адносін з сярэдзіны 1950-х г. да сярэдзіны 1980-х г. была вельмі складанай і хутка мянялася. Дэклараваны М.С.Хрушчовым кірунак на будаўніцтва камунізму ў 20-гадовы тэрмін патрабаваў і фарсіраваных дзеянняў у дачыненні да рэлігіі. Асаблівая ўвага засяроджвалася на поўнай забароне рэліг. адукацыі і выхавання непаўналетніх. Выпадкі знаходжання непаўналетніх на рэліг. службах, малітоўных сходах разглядаліся як парушэнне заканадаўства аб культах. Адбыліся змены ў статусе і арганізацыі прыходаў: духавенства праваслаўнай, рымска-каталіцкай царквы і духоўныя настаўнікі старавераў пераведзены на цвёрдыя аклады; кіраванне ў прыходах перададзена выканкомам, якія павінны былі вырашаць усе фінансавыя і гасп. пытанні; святароў фактычна ператварылі ў наёмных асоб, якія маглі быць звольнены і адхілены ад службы ў прыходзе. Пад любымі прычынамі і без іх пачалося масавае закрыццё малітоўных будынкаў. У 1950—64 у СССР штогод зачынялася ў сярэднім па 420 цэркваў. З 1959 па 1962 колькасць праваслаўных цэркваў на Беларусі скарацілася з 944 да 732. Некаторыя рэліг. цэнтры пад адм. націскам спынілі сваю дзейнасць (у 1960 Усесаюзны савет адвентыстаў сёмага дня). Пастаяннае ўмяшанне ўлад ва ўнутр. справы царквы выклікала ўнутраныя разлады, нават расколы. Праваслаўная царква спрабавала прыстасавацца да новых складаных умоў існавання. Святары пачалі спраўляць замест адной абедні дзве (раннюю і познюю), практыкаваць завочнае адпяванне памерлых. За 20 гадоў (1966—86) праваслаўная царква прайшла шлях ад зніжэння яе вагі ў грамадстве (змяншэнне колькасці яе будынкаў і абшчын, ганенняў і ідэалаг. ўціску) да адноснай стабілізацыі і адаптацыі ў новых умовах існавання. У 1970 на Беларусі засталося 380, а ў 1975—373 праваслаўныя абшчыны. Гэтыя лічбы заставаліся амаль што нязменнымі да 1988.
З 1959 узмацніліся меры па абмежаванні дзейнасці каталіцкага духавенства. За 1959—66 колькасць абшчын рымска-каталіцкай царквы рэзка зменшылася, зняты з рэгістрацыі 80 касцёлаў, на пач. 1967 дзейнічалі 104 касцёлы і 65 ксяндзоў. Каталіцкая царква на Беларусі знаходзілася пад моцным уплывам Ватыкана, які дзейнічаў праз польскі і літоўскі епіскапаты. Пасля рашэнняў II Ватыканскага Сабора аб перакладзе літургіі з латыні на нац. мовы набажэнствы ў бел. касцёлах сталі праводзіць на польскай мове, пацяплелі адносіны паміж каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Ад кіраўніцтва ЕХБ улады патрабавалі актыўнага ўключэння вернікаў у грамадскае жыццё (чытання вернікамі прэсы, наведвання імі лекцый, кіно, тэатраў, клубаў). Сталі больш жорсткімі адносіны да абшчын ЕХБ, змешаных з пяцідзесятнікамі: у 1960—64 «за іншамоўе, прароцтвы, адмаўленне ад службы ў арміі» была знята з рэгістрацыі 31 абшчына. У 1966 дзейнічала 149 зарэгістраваных і 22 незарэгістраваныя абшчыны ЕХБ. Існавалі і стараабрадніцкія абшчыны. У Гомельскай вобл. на пач. 1961 дзейнічала 31 абшчына беспапоўскага сагласу і адна — белакрыніцкага. У 1975 колькасць стараабрадніцкіх абшчын знізілася да 24, у 1989 — да 22. Працягвалі сваю дзейнасць групы іудзеяў і мусульман (існавала адзінае мусульманскае аб’яднанне; 250 чал.). Да 1960 існавалі 2 зарэгістраваныя іудзейскія аб’яднанні ў Мінску і Калінкавічах (апошняе знята з рэгістрацыі «за парушэнне заканадаўства аб культах», а сінагога перададзена пад клуб пенсіянераў). Мінская абшчына доўгі час існавала без рабіна і ў 1960—70-я г. сінагогу наведвала каля 150 чал. У 1975—77 у саюзных рэспубліках СССР прыняты акты «Аб рэлігійных аб’яднаннях», якія пашырылі магчымасці рэліг. арг-цый і пазбавілі іх ад дробнай апекі з боку ўлад; прыняты меры па пашырэнні правоў Савета па справах рэлігій пры СМСССР. У 1986—87 у краіне створаны спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэліг. арг-цый, што прывяло да значнага павышэння іх колькасці: дзейнічалі 370 праваслаўных цэркваў, адзін манастыр (у Жыровіцах), 103 касцёлы (66 з іх у Гродзенскай вобл.), больш за 200 пратэстанцкіх, 23 стараабрадніцкія, 1 іудзейская абшчына ў Мінску і мячэць у Іўі. У крас. 1988 напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000-годдзя хрышчэння Русі, адбылася сустрэча патрыярха РПЦ Пімена і членаў Сінода з Генеральным сакратаром ЦККПСС М.С.Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, у навуч. ўстановы. На працягу 1988 на Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія новыя абшчыны. У 1989 у Беларусі дзейнічала 399 праваслаўных прыходаў. Адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. На Архірэйскім саборы РПЦ (кастр. 1989) у Маскве прынята рашэнне аб утварэнні Бел. экзархата Маскоўскага патрыярхата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэр. Беларусі. Рашэннем Свяшчэннага сінода Рус. праваслаўная царква на Беларусі атрымала статус Бел. экзархата, а мітрапаліт мінскі і беларускі Філарэт — патрыяршага экзарха Беларусі. У 1989 на базе Жыровіцкага манастыра пачала дзейнічаць праваслаўная духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости» (тыраж 700 экз.). Пачалося ажыўленне рэліг. дзейнасці і рымска-каталіцкай царквы. Адчыняліся старыя і будаваліся новыя касцёлы, аднаўлялася дзейнасць манаскіх ордэнаў, місіянерская дзейнасць, выданне рэліг. л-ры. Усталяванню спрыяльных адносін паміж кіраўніцтвам сав. дзяржавы і рымска-каталіцкай царквой садзейнічала сустрэча М.С.Гарбачова з папам рымскім Іаанам Паўлам П. У 1989 створана Мінская епархія, у якую апостальскім адміністратарам прызначаны ксёндз Тадэвуш Кандрусевіч. У 1989 з Саюза ЕХБ (на Беларусі аб’ядноўваў 187 абшчын) выйшлі пяцідзесятніцкія абшчыны і, па ўзгадненні з Саветам па справах рэлігій, стварылі сваю рэсп. арг-цыю, якая аб’яднала 114 абшчын. У пратэстанцкіх арг-цыях было 21 805 вернікаў, у т. л. 9201 евангельскіх хрысціян-баптыстаў, 11 973 пяцідзесятнікаў і 1631 адвентыст. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі ў 1990 доля вернікаў сярод насельніцтва вырасла да 30%; павялічылася колькасць абрадаў: хрышчэння дзяцей у 1,5 раза, вянчання ў 3 разы. Праваслаўная царква на Беларусі налічвала 6 епархій, 603 абшчыны, у т. л. 126 новых; ёй вярнулі будынак жаночага манастыра ў Полацку, дзе пасялілася 20 манашак, а пазней сюды пераехалі яшчэ 35 манашак з Жыровіч. Праваслаўныя святары сталі выконваць абрады, якія раней забараняліся ўладамі: асвячэнне жылля, гасп. пабудоў, калодзежаў, аўтамабіляў; адпраўлялі трэбы ў дамах і кватэрах вернікаў.
Каталіцкая царква адкрывала новыя прыходы, запрашала святароў з-за мяжы (на 222 зарэгістраваныя абшчыны заставалася толькі 59 мясц. ксяндзоў, 109 запрошаны пераважна з Польшчы); заснавана Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя. У 1991 утвораны новыя царк.-адм. адзінкі — Гродзенская рымска-каталіцкая епархія (у межах Гродзенскай вобл.) і Мінска-Магілёўская архіепархія-мітраполія (архідыяцэзія, у межах Мінскай і Магілёўскай абл.) з падпарадкаваннем апошняй Пінскай рымска-каталіцкай епархіі (у межах Брэсцкай і Гомельскай абл.), у 1999 — Віцебская дыяцэзія (у межах Віцебскай вобл.). Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, прызначаны К.Свёнтак.
З пач. 1990-х г. на Беларусі адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй пра царкву, у якой набажэнства і культ былі б звязаны з бел.нац. традыцыямі, мовай, сімволікай. Рэліг. абшчыны грэка-католікаў былі нешматлікія; толькі ў Мінску і Полацку вернікі-уніяты звярнуліся ў гарвыканком з просьбай аб рэгістрацыі. Актывізавалі сваю дзейнасць і этнаканфесіянальныя групы стараабраднікаў (зарэгістраваны 2 новыя абшчыны), мусульмане (зарэгістравана абшчына ў Мінску, да 70 чал.), пачалі дзейнічаць 3 іудзейскія абшчыны (акрамя Мінска, зарэгістраваны арг-цыі ў Віцебску і Бабруйску). Працэс канфесіяналізацыі грамадства працягваецца. З 1988 да 2003 колькасць рэліг. арг-цый павялічылася ў 2,5, а рэліг. кірункаў — у 3 разы. Паводле даных Інстытута сацыялогіі Нац.АН Беларусі доля вернікаў у краіне вырасла да 47—49 %.
Сучасны стан рэлігійных устаноў і рэлігійнасці ў Рэспубліцы Беларусь. Талерантнае прыняцце Беларускай дзяржавай поліканфесіянальнай мадэлі забяспечвае роўныя правы зах. і ўсх. традыцыям, дае магчымасць захавання міру і стабільнасці на бел. зямлі. Статус рэлігіі ў грамадстве павышаецца, фарміруецца новы сацыяльны светапогляд на аснове агульначалавечых каштоўнасцей. На афіц. рэспубліканскіх мерапрыемствах заўсёды прысутнічаюць лідэры і праваслаўнай, і каталіцкай цэркваў. Дзейнасць рэліг. абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статутамі і дзярж. заканадаўчымі актамі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі 1996) забяспечвае роўнасць перад законам усіх рэлігій і веравызнанняў. У 1992 Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (прайшоў міжнар. экспертызу і прызнаны адпаведным міжнар. стандартам; у 2002 у яго ўнесены змены і дапаўненні) абвясціў свабоду рэліг. аб’яднанняў, гарантаваў усім грамадзянам аднолькавыя правы незалежна ад рэліг. прыналежнасці. У Законе акрэслена магчымасць супрацоўніцтва дзяржавы з шэрагам канфесій (у т. л. праваслаўнай, каталіцкай, лютэранскай, іудзейскай і мусульманскай), якія зрабілі істотны ўклад у гіст. развіццё і станаўленне духоўных, культ. і дзярж. традыцый бел. народа. Міжканфесіянальнай згодзе садзейнічае створаны ў студз. 1997 на базе Савета па справах рэлігій пры Кабінеце Міністраў Рэспублікі Беларусь Дзяржкамітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які выконвае функцыі не толькі органа кантролю, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. У Рэспубліцы Беларусь існуе 27 канфесій, на 1.1.2004 зарэгістравана 2863 рэліг. абшчыны. Паводле даследаванняў бел. сацыёлагаў 1994 і 1997 абсалютная большасць рэспандэнтаў-вернікаў лічаць сябе: праваслаўнымі (каля 80 % у 1994 і каля 77,4% у 1997), католікамі (адпаведна 9,9 і 10,4; паводле інш. звестак 14,8%), пратэстантамі (0,7 і 0,4%), іудзеямі (0,3% і 0,4%). У выкананні рэлігійных абрадаў і таінстваў рэгулярна прымаюць удзел 5,5%, зрэдку 37%. Асноўная перадача рэліг. традыцый у бел. грамадстве адбываецца праз удзел у святочных набажэнствах. Носьбітамі традыцый з’яўляецца не толькі святарства, але і старэйшае пакаленне, якое ў сям’і выконвае ролю ахоўніка сакральных ведаў. Пашырэнне рэліг. абшчын на Беларусі мае выразна акрэсленую ўнутраную мяжу, якая падзяляе Беларусь на 2 часткі: усх. і заходнюю. Гэтая мяжа супадае з дзярж. граніцай СССР да 1939. Пры гэтым у зах. Беларусі захоўваецца традыцыйны для перад- і пасляваеннага перыяду больш высокі ўзровень рэлігійнасці (каля 70—80% насельніцтва — веруючыя) і значна большая колькасць абшчын, чым ва ўсходніх абласцях. Праваслаўная царква з’яўляецца самай вял. канфесіяй на тэр. Беларусі. Па колькасці абшчын і вернікаў сярод інш.рэліг. аб’яднанняў яна займае першае месца. На 1.1.2004 Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) аб’ядноўвае 1290 абшчын, 10 епархій, 21 манастыр, 17 брацтваў, 9 сястрынстваў (у 2003 дзейнічала 1040 і будаваліся 144 праваслаўныя храмы). Найб. колькасць праваслаўных абшчын у Брэсцкай (322) і Мінскай (292), найменшая ў Магілёўскай вобл. (91). У рэліг. арг-цыях працуе больш за 1250 праваслаўных святароў. У Жыровічах дзейнічае духоўная семінарыя га падрыхтоўцы святароў, духоўная акадэмія, школа рэгентаў і званароў, вучылішча па падрыхтоўцы псаломшчыкаў. Бел. праваслаўная царква мае 8 перыяд. выданняў і штотыднёвую праваслаўную радыёпраграму «Дабравест». БПЦ арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму патрыярхату. Узначальвае яе мітрапаліт Філарэт (К.В.Вахрамееў), мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі. БПЦ актыўна падтрымала і ўключылася ў працэс нац. адраджэння. У 1999 Біблейскай камісіяй на бел. мове выдадзены богаслужэбныя тэксты Божай літургіі. У «Беларускім праваслаўным календары», які выдаецца штогод Мінскім Святапетрапаўлаўскім саборам і Брацтвам святых віленскіх пакутнікаў змяшчаюцца трапары і кандакі дванадзесятым святам і святым зямлі беларускай, перакладзеныя на бел. мову. У праваслаўныя святцы месяцаслова і ў «Звод імёнаў святых» унесены 23 бел. новапакутнікі; кананізаваныя у 1999, і 1000 новапакутнікаў зямлі рускай, кананізаваных у 2000. Бел. святым прысвячаюцца новыя святы, песнапенні, абразы. Спіс бел. святых з кожным годам папаўняецца. Так, 31.1.2001 святы Сінод БПЦ прылічыў да мясцовашанаваных святых архідыякана, экзарха Усяленскага патрыярхата Нікіфара Кантакузена, кіеўскага мітрапаліта свяшчэннапакутніка Макарыя, архіепіскапа астраханскага свяшчэннапакутніка Мітрафана, архіепіскапа рыжскага свяшчэннапакутніка Гаўрыіла, князёў Барыса Тураўскага і Фёдара Астрожскага і інш. У Гродне і Мінску створаны прыходы ў гонар Усіх Святых зямлі Беларускай. У сучаснай бел. праваслаўнай традыцыі ў богаслужэнне паступова ўводзіцца бел. мова (напр., у Святапетрапаўлаўскім саборы Мінска літургія ў першую суботу кожнага месяца і малебен за бел. народ з акафістам святым пакутнікам Антонію, Іаану і Яўстафію віленскім кожную сераду ў 17 гадзін перад абразом з часткамі мошчаў святых віленскіх пакутнікаў). Абсалютная большасць праваслаўных святароў — этнічныя беларусы. З улікам спецыфікі Беларусі, патрабаванняў і патрэб прыхаджан, царк. выданні ў краіне друкуюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. На дзвюх мовах рыхтуюцца кадры святароў у царк. навучальных установах. Пасланні мітрапаліта Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі з нагоды свят і ўрачыстых дат, як правіла, агучваюцца ў Святадухаўскім кафедральным саборы на бел. мове, друкуюцца паралельна на рус. і бел. мовах.
Рымска-каталіцкая царква на Беларусі таксама адносіцца да традыцыйных і з’яўляецца адной з буйнейшых па колькасці вернікаў і абшчын. У 1999 на Беларусі створана Канферэнцыя каталіцкіх епіскапаў (епіскапат), у якую ўвайшлі 4 епіскапы на чале з кардыналам К.Свёнтакам. На 1.1.2004 у Рэспубліцы Беларусь былі 4 епархіі, 432 прыходы, 9 місій, 8 манаскіх абшчын (кляштараў), 3 добраахвотныя т-вы «Карытас» і 2 вышэйшыя духоўныя семінарыі. Самай вялікай этнаканфесіянальнай групай з’яўляецца група католікаў-палякаў, якая ў асноўным пражывае на тэр.зах. Беларусі. З усіх каталіцкіх абшчын (432) значная частка (170) знаходзіцца на тэр. Гродзенскай вобл. Каталіцкая царква знаходзіцца пад уплывам Ватыкана (якому яна падпарадкавана), польскага епіскапату (з якім цесна звязана) і культурна-асв. устаноў. Гістарычна склалася, што каталіцкі клір на Беларусі меў пераважна прапольскую арыентацыю, што адыграла пэўную ролю ў фарміраванні пашыранай канцэпцыі атаясамлення этнічнай і рэліг. прыналежнасці: католік — значыць паляк. Уплыў польскага касцёла на беларускі захоўваецца і ў сучасных умовах. З 332 святароў, якія абслугоўваюць прыходы, 192 з’яўляюцца замежнымі грамадзянамі, пераважна Рэспублікі Польшча. У большасці выпадкаў у касцёле справаводства вядзецца на польскай мове, літаратура паступае з Польшчы. Каталіцкая царква пачала працэс беларусізацыі царк. жыцця: вядзенне набажэнства, выпуск л-ры на бел. мове. Беларусізацыя касцёла адбываецца паступова, нярэдка праз дзейнасць новых рэліг. груп і аб’яднанняў пры касцёлах. Ідзе падрыхтоўка бел. каталіцкіх святароў: у 1996 4 першыя выпускнікі Гродзенскай духоўнай семінарыі (адчынена ў 1990 намаганнямі тагачаснага біскупа Т.Кандрусевіча) атрымалі свой святарскі сан; у 2002 пачала дзейнічаць Пінская вышэйшая каталіцкая духоўная семінарыя імя св. Фамы (Тамаша) Аквінскага. На Беларусі зарэгістраваны і 2 традыцыяналісцкія абшчыны католікаў, якія прытрымліваюцца старога, дасаборавага (II Ватыканскага сабора, 1962—65) вучэння і адмаўляюць правядзенне імшы на нац. мовах (лічаць латынь адзінай сапраўднай літургічнай мовай), празмерны экуменізм, некаторыя новаўвядзенні ў дачыненні да паводзін асобных афіц. святароў і г.д. Традыцыяналісты ў набажэнстве ўжываюць старую касцельную музыку, грыгарыянскі харал і г.д.
З пач. 1990-х г. адноўлена дзейнасць грэка-каталіцкай царквы, зарэгістраваны 13 грэка-каталіцкіх абшчын. Найбольшая з іх у Мінску, астатнія даволі малалікія — у іх па 10—30 чалавек, у асноўным ва ўзросце 25—50 гадоў, паводле сацыяльнага складу пераважна інтэлігенцыя. Святароў-прафесіяналаў маюць толькі абшчыны Мінска і Гродна. Уніяцкія абшчыны накіравалі некалькі чалавек у духоўныя навуч. ўстановы Ватыкана і ў г. Люблін (Польшча). У 1996 з нагоды 400-годдзя Брэсцкай царк. уніі адбыліся канферэнцыі, семінары і ўрачыстыя набажэнствы уніятаў.
У апошнія гады павялічылася колькасць пратэстанцкіх аб’яднанняў як традыцыйных для Беларусі, так і новых (у большасці заснаваных місіянерамі з ЗША і зах. краін). Аднак большасць з іх налічваюць ад 10 да 50 вернікаў. На 1.1.2004 зарэгістравана 1005 пратэстанцкіх абшчын, з якіх 494 хрысціян веры евангельскай (ХВЕ), каля 270 евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ). Найбольш абшчын ЕХБ і ХВЕ у Брэсцкай і Мінскай абласцях. Існуюць таксама 29 аўтаномных абшчын ЕХБ і абшчын, якія ўваходзяць у Савет цэркваў ЕХБ; 9 аўтаномных абшчын пяцідзесятнікаў, а таксама пяцідзесятніцкіх па накіраванасці абшчын евангельскіх хрысціян у духу апостальскім. Зарэгістраваны Беларуская канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (63 абшчыны), рэліг. аб’яднанне абшчын поўнага Евангелля (62 абшчыны), кальвінская хрысціянская рэлігійная кангрэгацыя «Беларускі евангелічны рэфарматарскі збор» (2 абшчыны), 19 лютэранскіх абшчын. Існуюць неапратэстанцкія аб’яднанні: Новаапостальскай царквы (20 абшчын), Царква Хрыстова (6), абшчыны месіянскага служэння (3), Царква Ісуса Хрыста святых апошніх дзён (мармоны; 3 абшчыны). Большасць неапратэстанцкіх абшчын знаходзіцца ў Мінску і абл. гарадах. Налічваецца 26 місій пратэстанцкага веравучэння і каля 70 тыс. вернікаў. Кадры прэсвітэраў, прапаведнікаў і рэгентаў рыхтуюць 2 вышэйшыя і 2 сярэднія навуч. установы ЕХБ і ХВЕ. Выдаецца некалькі часопісаў і газет, дзейнічае 561 малітоўны дом, столькі ж будуецца. У 2003 пратэстанцкія арг-цыі з нагоды 450-годдзя Рэфармацыі на Беларусі правялі юбілейныя канферэнцыі, сумесныя малітвы, тэатралізаваныя прадстаўленні, тэалагічныя дыспуты, канцэрты.
На 1.1.2004 на Беларусі былі 34 стараабрадніцкія абшчыны, з якіх 18 знаходзяцца ў Віцебскай вобл. Існуе 29 іудзейскіх абшчын, якія ўваходзяць у 2 іудзейскія рэліг. аб’яднанні Рэспублікі Беларусь, па 6 з іх у Брэсцкай і Гомельскай абл. Самыя вял. абшчыны ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічаюць 2 вышэйшыя духоўныя вучылішчы (ешыботы). З-за адсутнасці мясцовых рабінаў святары запрашаюцца з ЗША і Ізраіля. У бел. іудаізме сучасныя кірункі прадстаўлены 14 прагрэсісцкімі абшчынамі. Існуюць 3 месіянскія абшчыны, у якія ўваходзяць у асн. маладыя іудзеі.
На тэр. Беларусі пражывае каля 12,5 тыс. татараў і дзейнічаюць 27 мусульманскіх абшчын (10 з іх у Гродзенскай вобл.), якія ўтварылі 2 незалежныя рэліг. аб’яднанні. У 1994 у Мінску на 1-м Усебел. з’ездзе мусульман абвешчана ўтварэнне Мусульманскага рэліг. аб’яднання (муфтыяту) Рэспублікі Беларусь.
У канцы 20 ст. ў свеце актывізаваўся працэс фарміравання новых рэлігій, якія можна разглядаць як інстытут адаптацыі грамадства да хуткіх змен. Навукова-тэхнічная рэвалюцыя, урбанізацыя, пашырэнне інфарм. прасторы, фарміраванне тэхналогій уздзеяння на масавую свядомасць і г.д. паўплывалі і ўплываюць на ўзнікненне і пашырэнне новых рэлігій. Іх масавае з’яўленне на Беларусі звязана з паліт. працэсамі канца 1980 — пач. 1990-х г. Атэістычная сістэма выхавання ў часы існавання СССР істотна дыскрэдытавала ў вачах насельніцтва класічныя рэлігіі, місіянерскія магчымасці якіх былі абмежаванымі. Таму новыя рэлігіі пашыраліся амаль без канкурэнцыі. У канцы 1980-х г. атрымалі распаўсюджанне агні-ёга, тэасофія і крышнаізм, з пач. 1990-х г. — Вера Бахаі, Цэнтр Свету Шры Чын Моя, «Брахма Кумарыс» і інш. У сярэдзіне 1990-х г. класічныя рэлігіі значна аднавілі свае структуры на Беларусі і знайшлі падтрымку ўлады. Гэта заклапочанасць грамадства, звязаная з дэструктыўнымі праявамі ў свеце з боку шэрагу новых рэлігій — АУМ Сінрыкё, Белага брацтва, Храма Сонца і інш., значна абмежавалі магчымасці далейшага распаўсюджвання новых рэлігій. На 1.1.2004 у Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 6 абшчын бахаеў, 6 абшчын Міжнароднага т-ва Свядомасці Крышны, 1 абшчына Аамота. Частка рэліг. груп дзейнічае без рэгістрацыі.
Літ.:
Куроедов В.А. Религия и церковь в советском государстве. М., 1981;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). М., 1971;
Яго ж. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII. Мн., 1974;
Яго ж. Политика Ватикана и католической церкви в Западной Белоруссии (1918—1939). Мн., 1983;
История евангельских христиан-баптистов в СССР. М., 1989;
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Мн., 1990;
Канфесіі на Беларусі (канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Пучков П.И., Казьмина О.Е. Религии современного мира. М., 1998;
Верашчагіна А.У., Гурко А.В. Гісторыя канфесій на Беларусі ў другой палове XX ст.Мн., 1999;
Гарбацкі А.А. Стараабрадніцтва на Беларусі ў канцы XVII — пачатку XX ст. Брэст, 1999;
Черепица В.Н. Очерки истории православной церкви на Гродненщине. Гродно, 2000;
Гурко А.В. Новые религии в Республике Беларусь: Этнологич. исслед. Мн., 2003.
А.У.Верашчагіна, А.В.Гурко.
Мінскае капішча. Рэканструкцыя В.Сташчанюка па матэрыялах Э.Ляўкова.Ефрасіння, князёўна Полацкая. Гравюра 19 ст. са старажытнага абраза ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры.Полацкая Спаса-Ефрасіннеўская царква 12 ст.Тытульны ліст «Бібліі» Ф.Скарыны. 1519.Жыровіцкі абраз Маці Божай.Праваслаўны царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай Пётр Магіла.Хрышчэнне Міндоўга. Гравюра 19 ст.Выява св. Казіміра на абразе Тракельскай Маці Божай. 17 ст. З в. Тракелі Гродзенскай вобл.Кальвінісцкі дзеяч ВКЛ М.Радзівіл (Чорны).Кальвінскі збор (рэфармацкая царква) у в Асташын Карэліцкага раёна Фота пач. 20 ст.Сінагога ў Слоніме. 17 ст.Мячэць у Іўі.Рымска-каталіцкі царкоўны дзеяч З.Лазінскі.Мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.Архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архіепархіі-мітраполіі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі Казімір Свёнтак.Вялікдзень у Пакроўскім саборы. Гродна. 1990-я г.Памятны знак у гонар тысячагоддзя праваслаўнай царквы на Беларусі. Заслаўе. 1992.Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр. 2000.Царква Раства Багародзіцы ў Салігорску. 2000.Абрад хлебапраламлення на малітоўным сходзе ў царкве ЕХБ. Кобрын. 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁВЯШЧАННЕ
Гісторыя развіцця. У адпаведнасці з сацыяльна-паліт. і творчым характарам вылучаюць наступныя асноўныя перыяды развіцця і дзейнасці радыёвяшчання на Беларусі: 1925—32 — стварэнне тэхнічных сродкаў, фарміраванне арганізацыйных і ідэйна-творчых прынцыпаў вяшчання; 1932—41 — развіццё масавага радыёвяшчання; 1941—45 — радыёвяшчанне ў Вял.Айч. вайну; 1945—60 — этап пасляваеннага аднаўлення; 1961—75 — развіццё тэхнічнай аснашчанасці радыёвяшчання, яго форм і жанраў; 1975—85 — радыёвяшчанне ва ўмовах застою ў сац. жыцці і эканоміцы; 1985—91 — радыёвяшчанне ў перыяд перабудовы; з 1991 — развіццё на сучасным этапе.
Развіццё радыёвяшчання на Беларусі непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём яго на ўсесаюзным узроўні. Першыя пробныя радыёвяшчальныя перадачы ў СССР адбыліся ў 1919 (г. Ніжні Ноўгарад). У 1921 у Маскве пачала працаваць цэнтр. радыётэлефонная станцыя вялікага радыуса. Адначасова расла і ўдасканальвалася радыёпрымальная і радыётрансляцыйная сетка, канструяваліся радыёвяшчальныя прыёмнікі, гучнагаварыцелі, будаваліся радыёвузлы. На Беларусі стварэнне радыёперадавальнай сеткі пачалося ў 1925. У Мінску і Гомелі былі ўстаноўлены радыёперадатчыкі тыпу «Малы Камінтэрн» магутнасцю 1,2 кВт. Першай уступіла ў строй радыёстанцыя ў Гомелі, якая трансліравала перадачы, што прымаліся па правадах з Масквы. Для мясц. вяшчання абсталявана невялікая студыя, для аб’яў выкарыстоўваліся тэлефонныя трубкі гар. тэлефона і вугальныя мікрафоны. Першая перадача Бел. радыё ў Мінску адбылася 15.11.1925 на радыёстанцыі РВ-10 імя Саўнаркома БССР; трансліраваліся перадачы ў радыусе да 300 км, іх працягласць 30 мін у суткі. Адкрыццё радыёстанцыі спрыяла шырокаму развіццю прымальнай радыёсеткі. У 25 раёнах Беларусі ўстанаўліваліся радыёпрыёмнікі калектыўнага карыстання «Радыёліна». Пабудавана 75-метровая драўляная мачта, побач з якой абсталявалі і студыю. У сак. 1926 ЦКВКП(б) прыняў пастанову аб выпуску 2 радыёгазет: рабочай (штодзённай) і сялянскай (3—4 разы на тыдзень). Пачаўся выхад у эфір «Беларускай радыёгазеты», якая мела рубрыкі «Перадавы артыкул», «Жыццё вёскі», «Рабочае жыццё», «Хроніка Мінска» і інш. У ліп. 1926 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР перайшла ў распараджэнне акцыянернага таварыства «Радыёперадача». Выходзілі спецыялізаваныя перадачы для розных груп насельніцтва: радыёгазеты «Беларуская вёска», «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі» і інш., перадаваліся выступленні членаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У 1927 Мінскі радыёперадатчык «Малы Камінтэрн» заменены на больш магутны (4 кВт). З дапамогай узмацняльніка ТБ-3/0, які па паветраных правадных лініях сілкаваў рупарныя гучнагаварыцелі тыпу «Акорд», радыёфікавана каля 25 месцаў калектыўнага радыёслухання. У жніўні 1927 Таварыства сяброў радыё правяло першы Усебел. дзень радыё. З 1928 пачало развівацца правадное вяшчанне. Трансляцыйны вузел быў абсталяваны магутным узмацняльнікам на базе перадатчыка «Малы Камінтэрн»; падвешана каля 45 км трансляцыйных ліній і ўстаноўлена каля 4 тыс. радыёкропак. Побач з перадачамі са студыі Белрадыёцэнтра пачаліся трансляцыі перадач з тэатраў і клубаў. Створаны сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра, які забяспечваў муз. праграмы, і першы радыёуніверсітэт з тэхн., сельскагаспадарчым і агульнапаліт. факультэтамі. У ліст. 1928 уведзена тыпавая тыднёвая сетка вяшчання, закладзена адраснасць перадач паводле прафесійнай і ўзроставай прыналежнасці слухачоў, праведзена першая ў краіне радыёпераклічка гарадоў СССР з удзелам Мінска. У 1929 работнікі Белрадыёцэнтра распрацавалі 10-ватны ўзмацняльнік БРЦ-10 для радыёфікацыі раёнаў Беларусі. Першы радыёвузел абсталяваны на шклозаводзе «Кастрычнік» Бабруйскага раёна. У ліст. 1931 пабудавана радыёстанцыя магутнасцю 30 кВт у Калодзішчах пад Мінскам. Выходзілі радыёгазеты «За бальшавіцкія тэмпы», «У рабочы поўдзень», «Калгасны заклік», «Камсамолец Беларусі», «Чырвонаармейская радыёгазета» і інш.
У 1932 створаны Усебел. камітэт радыёвяшчання пры Наркамаце поштаў і тэлеграфаў, які арганізоўваў радыёвяшчальныя праграмы па ўсіх радыёстанцыях і радыёвузлах Беларусі. Замест ліквідаваных некаторых радыёгазет створаны новыя формы вяшчання, адкрыты сектары: «Апошнія паведамленні», грамадска-палітычны, мастацкі, дзіцячы, нізавога вяшчання, «У дапамогу самаадукацыі» і інш. З 1933 шырока практыкаваліся прамыя эфірныя перадачы: «Нестудыйная перадача з Аршанскага льнокамбіната», «Нестудыйная перадача з калгаса імя Леніна» і інш., рэпартажы з сустрэч, мітынгаў, сходаў, дэманстрацый. У 1936 на Бел. радыё ўпершыню выкарыстаны апараты гуказапісу тыпу «Шорынафон». У якасці носьбіта гуку выкарыстоўвалася звычайная кінастужка. Большасць драматычных і муз. перадач ішлі пад рубрыкай «Радыётэатр», маст. перадачы вяліся на бел., рус., польскай і яўр. мовах. У 1938 у Белрадыёцэнтры абсталяваны 3 новыя студыі, цэх механічнага вяшчання і гуказапісу, пры будаўніцтве якіх упершыню выкарыстаны акустычныя гукапаглынальныя матэрыялы. У 1939 Радыёкамітэт наладзіў выпуск штодэкаднай газеты «Радыёпраграмы». Пасля вызвалення Зах. Беларусі пачала работу радыёстанцыя РБ-95 у г. Баранавічы магутнасцю 50 кВт; у абл. і раённых цэнтрах будаваліся трансляцыйныя радыёвузлы, стваралася мясц. вяшчанне на фабрыках і заводах, саўгасах і калгасах. У 1940 у Белрадыёцэнтры ўведзены ў дзеянне 100-кілаватны лямпавы перадатчык, вялося будаўніцтва радыёпрымальнага цэнтра ў Прылуках (Мінскі раён).
У сувязі з акупацыяй Беларусі ням. фашыстамі ў чэрвені 1941 радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР спыніла сваю работу. У Маскве на радыёстанцыі імя Камінтэрна працягвала працаваць даваенная рэдакцыя вяшчання на бел. мове. У снежні 1941 кіраўніцтва Усесаюзнага радыё выдзеліла для радыёстанцыі «Савецкая Беларусь» радыёстанцыю на кароткіх хвалях, якая выйшла ў эфір 1.1.1942. Перадачы вяліся на бел. і рус. мовах напачатку 3 разы ў суткі (аб’ём вяшчання 2 гадз 30 мін), потым 5 разоў. Пазыўнымі служылі бел. музыка (апрацоўка М.Жальвінскага) і верш Я.Купалы «Беларускім партызанам». Аснову вяшчання складалі інфарм. перадачы, якія пачыналіся са зводак Саўінфармбюро, выпускі «Апошніх паведамленняў» для партызан і падпольшчыкаў з аглядам газеты «Савецкая Беларусь» і газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», спецыяльныя перадачы важнейшых паведамленняў для рэдакцый падп. газет, штодзённыя агляды цэнтр. газет, інфарм. праграмы «Партызанскія навіны» і «Дапамога фронту». Аснову контрпрапагандысцкіх праграм складалі выступленні вядомых парт. кіраўнікоў, дзеячаў навукі і культуры. Радыёстанцыя правяла 15 трансляцый антыфаш. мітынгаў, у т. л. радыёмітынгу з Казані ў студз. 1942 прадстаўнікоў бел. народа. Вядучае месца ў прапагандысцкіх перадачах займалі выступленні перад мікрафонам, публіцыстычныя радыёпрамовы, нарысы, паліт. памфлеты і фельетоны бел. пісьменнікаў і паэтаў. Бел. літаратары рыхтавалі перадачы для сатырычнай рубрыкі «Партызанская сатыра»: «Сатырычныя хвілінкі партызанскага гумару», «Зарадка», «Саветы бывалага партызана» і інш. У эфіры гучалі штодзённыя 30-мінутныя канцэрты з удзелам бел. артыстаў, радыёп’есы. Са снежня 1942 радыёстанцыя пачала рэгулярныя перадачы для камсамольцаў і моладзі акупіраванай тэр. Беларусі. Пастаяннымі рубрыкамі маладзёжных праграм былі «Беларускі народ змагаецца», «Лісты з партызанскіх атрадаў», «Партызанскія аперацыі», рэгулярна перадаваліся агляды пошты. У 1943 сутачны аб’ём вяшчання радыёстанцыі складаў 7 гадз. За перыяд яе існавання (да 20.9.1944) адбылося 3270 перадач, у т. л. 505 маладзёжных. У 1944 у вызваленым ад фашыстаў Гомелі, а потым у Мінску аднавіла свае перадачы радыёстанцыя РБ-10 імя Саўнаркома БССР. У «Апошніх паведамленнях» (выйшла больш за 1200), рубрыках «На франтах Айчыннай вайны», «Па гарадах нашай рэспублікі», «На вызваленай беларускай зямлі» і інш. шырока асвятляліся падзеі на франтах, аднаўленне нар. гаспадаркі, адраджэнне навукі і культуры, работа 6-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, трансліраваліся з Мінска сход бел. інтэлігенцыі, свята маст. самадзейнасці ў адноўленым Доме радыё. Пасля вызвалення Беларусі ўведзены ў дзеянне радыёвузлы ва ўсіх абл. цэнтрах, наладжвалася іх радыёсувязь з раённымі цэнтрамі, у дамах устаноўлена 40 тыс. радыёкропак (27% ад даваеннага ўзроўню).
У 1945 Бел. радыё атрымала адноўленыя студыі Дома радыё і новае абсталяванне, што дазволіла пашырыць дыяпазон перадач. У праграмах значнае месца аддавалася прапагандзе нар. мастацтва, твораў тэатральнай і муз. класікі, часцей гучалі бел.нар. песні і песні інш. народаў у выкананні аматарскіх хароў і спевакоў. Падзеяй стала трансляцыя свята нар. мастацтва ў Мінску (ад Беларусі выступілі 1300 чал.). З 1946 на Бел. радыё пачалося тэхн. пераабсталяванне студыі гуказапісу, перасоўных рэпарцёрскіх станцый, удасканальваліся апараты для запісу студыйных і пазастудыйных перадач. Спецыяльныя выпускі «Апошніх паведамленняў» прысвячаліся новабудоўлям: аўтамабільнаму і трактарнаму заводам, тонкасуконнаму камбінату; павялічылася ўвага да праблем выхавання дзяцей і моладзі. Са студз. 1949 рэдакцыя літ.-драм. вяшчання сумесна з праўленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі выпускала штомесячны радыёальманах «Беларусь літаратурная». З пашырэннем у 1951 у Доме радыё аддзела гуказапісу т.зв. жывыя выступленні сталі выключэннем. Вядучае месца заняў магнітны запіс з дапамогай айч. магнітафонаў «МЭЗ-2». Пераабсталявана мантажная апаратная, для запісу пазастудыйных перадач выкарыстоўвалі айч. рэпартажныя магнітафоны тыпу «Рэпарцёр». Устарэлае абсталяванне Дома радыё ў 1952—59 заменена на больш дасканалае, што дазволіла палепшыць якасць запісу муз. твораў і моўных перадач, рабіць запісы пазастудыйных перадач з выкарыстаннем 5 мікрафонных і 2 лінейных уваходаў або 6 мікрафонаў з індывідуальным рэгуляваннем узроўню. З пачаткам дзейнасці ў 1955 Мінскага тэлевізійнага цэнтра на Беларусі пачала працаваць 2-праграмная радыёвяшчальная станцыя на ультракароткіх хвалях. Паляпшэнне тэхн. базы дазволіла адкрыць новыя рубрыкі, весці прамыя эфірныя трансляцыі з тэатраў і клубаў, спарт. пляцовак. Са студзеня 1956 пачалі выходзіць у эфір аналітычная праграма «На прамысловыя тэмы», маладзёжная перадача «Беларусь фізкультурная», «Радыёчасопіс для жанчын». Склаліся спецыфічныя для радыёжурналістыкі жанры: радыёнарыс, радыёрэпартаж, радыёкаментарый. Да 1959 на Беларусі дзейнічалі каля 1,2 тыс. радыёвузлоў, 212 тыс. радыёпрыёмнікаў, больш за 1 млн. радыётрансляцыйных кропак, працягласць ліній радыёфікацыі дасягнула 55 тыс.км.
З 1963 перадачы Бел. радыё вяліся з новага будынка Дома радыё, дзе былі абсталяваны вялікая і малая канцэртныя студыі, блок літ.-драм. вяшчання, цэнтр. апаратная на 10 каналаў, 7 моўных студый з апаратнымі, 5 мантажных апаратных, пакой рэха і інш., што дало магчымасць ствараць новыя праграмы. У лютым 1963 распачалі дзейнасць радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» з яе папулярнымі перадачамі «Зорная эстафета», «Твой замежны равеснік», «Шчырая размова», «Я вам пішу», дыскусійны клуб «Субяседнік». Папулярнасцю карысталіся пастаянныя цыклы перадач «У абедзенны перапынак» і «Для веруючых і няверуючых». Пра людзей цікавага лёсу, таленавітых кіраўнікоў вытворчасці інфармавала «Рабочая радыёгазета». У красавіку 1964 выйшлі ў эфір радыёстанцыя «Сельскае жыццё» з яе праграмамі «Сельская раніца» і «Вячэрнія зарніцы», інфарм. праграма «Дзень нашага жыцця» і перадача для старшакласнікаў «Рамантыкі». У 1967 завершана поўная радыёфікацыя Беларусі. Бел. радыё вяло перадачы па 2 нац. праграмах. Трансліраваліся таксама праграмы маскоўскіх радыёстанцый «Маяк» і «Юнацтва». З мэтай паляпшэння падрыхтоўкі кадраў для радыё і тэлебачання на факультэце журналістыкі БДУ створана кафедра тэорыі і практыкі радыёвяшчання і тэлебачання. У 1970 у Доме радыё ўстаноўлена 20 рэжысёрскіх пультаў з шырокімі тэхн. магчымасцямі і больш за 100 навейшых стацыянарных магнітафонаў. Група пазастудыйных запісаў мела некалькі аўтамашын з гуказапісвальнай і перадавальнай апаратурай, больш за 150 партатыўных рэпартажных магнітафонаў. У 1972 пачалося стэрэавяшчанне на ультракароткіх хвалях. Сведчаннем творчай сталасці Бел. радыё стала адкрыццё арыгінальных праграм. У кастрычніку 1972 выйшла ў эфір інфармацыйна-паліт. і муз. праграма «Крыніца». Яна вылучалася надзённасцю тэм і аператыўнасцю. Асноўныя перадачы: «Навука — вытворчасці», «Любімыя мелодыі», «Спектр», «Для тых, хто ў дарозе», «Маладыя галасы» і інш. Асабліва папулярнымі былі інфарм. выпускі «Навіны рэспублікі» і «Мінскія навіны». У 1970-я г. на Беларусі працавалі 22 радыёвяшчальныя станцыі, укаранялася 3-праграмнае правадное вяшчанне. У 1975 налічвалася больш за 2,2 млн. радыёкропак, 2 млн. радыёпрыёмнікаў. Бел. радыё вяло перадачы па 4 праграмах: 1-я (9 гадз у суткі), 2-я (8 гадз, з іх 6 займалі перадачы праграмы «Крыніца»), 3-я (5 гадз, рэтрансляцыя 1-, 3-, 4-, 5-, 6-й праграм радыё «Маяк», Масква), 4-я (1 гадз, на замежжа). У яго структуру ўваходзілі: дырэкцыя праграм, 6 вяшчальных рэдакцый, інфарм. служба, дырэкцыя вяшчання на 2-й праграме і рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць. У Доме радыё размяшчалася 13 студый, з іх 5 вяшчальных, 10 мантажных апаратных, цэнтр. апаратная. У выніку канцэптуальных змен у падрыхтоўцы і праграмнай сістэматызацыі перадач палепшылася змястоўнасць праграм. Адбылася прэм’ера публіцыстычнай праграмы «Спытаем сябе, таварышы!», якая выклікала палемічную размову па праблеме навукова-тэхн. прагрэсу. Цыкл перадач «Наватар» дапамагаў распаўсюджваць вопыт лепшых вынаходнікаў, канструктараў і інжынераў. Перадача «Актуальны мікрафон» асвятляла складаныя пытанні жыцця, узнятыя радыёслухачамі. Развівалася мясц. радыёвяшчанне Беларусі. У 1980 працавалі 6 рэдакцый абласнога, 115 раённага, 12 гарадскога і 32 фабрычна-завадскога радыё. З 1982 вялося рэгулярнае вяшчанне на кароткіх хвалях на замежныя краіны. Радыёстанцыю «Беларусь» слухалі на бел., рус., англ. і ням. мовах у ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Індыі, а таксама ў 20 краінах Зах. Еўропы і Паўн.-Зах. Афрыкі.
У 1985—91 з’яўленне галоснасці і плюралізму выклікала працэс глыбокага рэфармавання ўсіх бакоў дзейнасці бел. радыёвяшчання: арганізацыйнай структуры, праграмнай, ідэалагічнай і творчай установак, адносін да аўдыторыі. Значнае месца ў інфарм. і аналітычных перадачах заняла Чарнобыльская трагедыя 1986, якую адлюстроўвалі ў радыёрэпартажах, выступленнях вучоных і палітыкаў, праблемных радыёсходах і пераклічках. З’явіліся радыёнарысы новага зместу: «Аднаўленне», «Круглянскі вузел», «Высокае званне — настаўнік», «Дарога ў заўтра», «Голас дэмакратыі». У аналітычным вяшчанні сталае месца занялі палемічныя выступленні па пытаннях нац. гісторыі, адраджэння бел. мовы і культуры, стану навакольнага асяроддзя, маральна-этычная тэматыка, праблемы маральнага аблічча людзей.
Сучасны стан радыёвяшчання. Пасля распаду СССР у пач. 1990-х г. перастала існаваць сістэма Усесаюзнага радыёвяшчання. У новых сац.-паліт. умовах Бел. радыё захавала сваё традыцыйнае месца ў сістэме Белдзяржтэлерадыё, а яго развіццё насіла паступовы характар. Асноўнымі яго рысамі заставаліся высокі ўзровень цэнтралізацыі, кантроль за трансляцыйнай сеткай і інфарм. патокам. Значна знізілася колькасць праграм раённага (рэгіянальнага) радыё (у 1991 засталося 40 радыёпраграм). Распрацаваная ў пач. 1990-х г. доўгатэрміновая творчая праграма дазваляла аператыўна інфармаваць радыёслухачоў пра актуальныя і надзённыя пытанні, якія цікавілі грамадзян Беларусі. Цэнтр. тэмамі сталі пытанні сац.-эканам. развіцця краіны, дзярж. будаўніцтва, праблемы Чарнобыльскай катастрофы, мед. абслугоўвання насельніцтва, сац. абароны ўсіх катэгорый грамадзян, найперш ветэранаў вайны, пенсіянераў, інвалідаў і інш. У 1991 у эфір выйшлі інфармацыйна-аналітычныя перадачы «Радыёфакт» і «Пастфактум». Шырэй выкарыстоўваліся магчымасці прамога эфіру. З кастр. 1992 радыёстанцыя «Беларуская маладзёжная» на 2-й праграме атрымала 2 гадз прамога эфіру. Загучалі маладзёжныя выпускі «Музыка тоўстых», «Квадракола», «Сусветная служба «Беларускай маладзёжнай». Рэарганізавана Мінскае абл. радыё. Рэдакцыя вяшчання на Мінск і Мінскую вобласць атрымала назву радыёстанцыя «Сталіца». У маі 1994 радыёстанцыі «Крыніца» і «Беларуская маладзёжная» аб’яднаны ў новую праграму «Радыё-2» (вяшчанне на сярэдніх хвалях 5 гадз у будныя дні і 2 — у выхадныя). Папулярнымі былі яе рубрыкі «Жыццяпіс» (пра гісторыю краіны), «Мястэчка» (расказы пра малыя гарады Беларусі), «Сто пытанняў і адказаў, як стаць здаровым і шчаслівым», «Эдэльвейс» (турыстычная праграма), «Слова для душы» (перадача для вернікаў).
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.9.1994 зацверджана Палажэнне аб Нацыянальнай дзярж. тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, якая пачала ажыццяўляць кіраўніцтва ўсім працэсам ад стварэння да выхаду ў эфір тэлерадыёпраграм. Распрацавана новая структура і канцэпцыя эвалюцыйнага рэфармавання нац. тэлебачання і радыё. З прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» ад 13.1.1995 і Указа Прэзідэнта «Аб дзяржаўнай камісіі па радыёчастотах» ад 17.11.1995 на Беларусі пачало развівацца і камерцыйнае радыёвяшчанне.
Аснова вяшчальнай палітыкі Бел. радыё ў пач. 2000-х г. — масавасць, даступнасць, вялікі аб’ём інфармацыі, аператыўнасць і актуальнасць. У 2003 яно перайшло на лічбавае вяшчанне. Праведзена камп’ютэрызацыя рабочых месцаў журналістаў. Эфір стаў больш дынамічным і «жывым». Скарацілася колькасць запісаных праграм. Створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі праграм на конкурснай аснове. У радыёэфіры дамінуюць прамыя кантакты са слухачамі, інтэрактыўныя перадачы, кароткія жанравыя формы: рэпартажы, апытанні насельніцтва, каментарыі экспертаў і інш.
У 2004 Бел. радыё вядзе перадачы па 2 агульнанац. каналах: «Першы нацыянальны канал» і «Культура», 3 радыёстанцыях: «Радыус-FM», «Беларусь» і «Сталіца». Агульны аб’ём вяшчання — 80 гадз у суткі.
Адзін з галоўных прыярытэтаў «Першага нацыянальнага канала» (аб’ём вяшчання 19 гадз у суткі) — аператыўнае асвятленне найважнейшых падзей у краіне і за яе межамі. У 2 разы павялічана інфарм. вяшчанне: выпускі «Навін» выходзяць у рэжыме рэальнага часу ў пачатку кожнай гадзіны. Аналіз асноўных навін, інфармацыю для дзелавых людзей, агляды газет і інш. дае ранішні «Радыёфакт», а вынікі дня падводзіць «Пастфактум-радыё». Аналітычныя праекты «Тэма дня», «Тэма тыдня», «Дыялог», «Палітычны вектар», «Без бар’ераў», «Прававы канал» закранаюць актуальныя праблемы грамадска-паліт. жыцця Беларусі. У эфір выходзяць публіцыстычныя праграмы «Беларусь—Расія», «Супольнасць», «Мая краіна — Беларусь», «Час і моладзь». Жыццё і духоўнае адраджэнне вёскі, аграрныя праблемы асвятляюць тэматычныя блокі «Сельская раніца», «Падворак», «Аграрнае пытанне». Культурнае і муз. жыццё краіны адлюстравана ў інфармацыйна-асветным, культуралагічным праекце «Культурная прастора». Праграма ўключае аўтарскія праекты асветнага характару, сустрэчы з пісьменнікамі, кампазітарамі, выкарыстоўваюцца новыя формы вяшчання з забаўляльнымі элементамі і інш. У ранішнім блоку — скразны канцэптуальны праект «Будзем разам», у вячэрнім — самая рэйтынгавая праграма «Вітаем, віншуем, жадаем!», сац. перадача «Зваротная сувязь». Сваю пастаянную слухацкую аўдыторыю маюць аўтарскія праграмы «Музычны сшытак», «Брама», «Палітра», «Сентыментальнае паляванне» (новыя імёны ў літаратуры, навамодныя літ. пошукі), «Авансцэна» (тэатральнае жыццё). Муз. гадзінныя праекты «Новае рэтра», «Варыяцыі на тэму», «Класіка-экспрэс» ахопліваюць усе стылі і кірункі сучаснай музыкі. Духоўна-адукацыйны характар мае асветніцкая праграма «Святло душы». З багаццем нац. культуры знаёміць слухачоў «Беларускі альбом». Папулярнымі сталі суботні «Музычны партал» (прамая эфірная інтэлектуальная гульня), нядзельны забаўляльна-пазнавальны «Радыёпарк» (сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі), «Экалагічны маніторынг», вячэрні нядзельны праект «Канцэртная зала» (для аматараў класічнай музыкі), «Адкрытая пляцоўка» (праграма для моладзі), эксперыментальны праект «Кароткія гісторыі» і інш.
Канал «Культура» вядзе перадачы са студз. 2002 (аб’ём вяшчання 17 гадз у суткі). Яго ідэя сфармулявана ў слогане «Мы выбіраем вечныя каштоўнасці». На канале створана свая інфарм. служба, якая асвятляе падзеі культурнага жыцця Беларусі, творчыя пошукі бел. інтэлігенцыі і дасягненні сусв. літаратуры і мастацтва. Класічную музыку, літ. і публіцыст. матэрыялы, сабраныя за паўстагоддзя, прадстаўляе рубрыка «З фондаў радыё». Перадачы «Падарожжа творчага чалавека», «Гасцінец» «Бестселер», «Летапіс», «Гаспода», «Дыялогі пра культуру», «Тэатральны пад’езд», «Беларускія музычныя сезоны», «Гадзіна з крытыкам» складаюць 3 блокі эфіру: ранішні — «Дэбют», дзённы — «Імпрэза» і вячэрні — «Бенефіс». Сярод творчых удач канала — удзел у Дні еўрап. культуры (па ініцыятыве Еўрапейскага вяшчальнага саюза) і стварэнне цыкла перадач «Сучаснае беларускае апавяданне», які папаўняе фонд Бел. радыё.
Радыёстанцыя «Радыус-FM» працуе з ліп. 2003 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Прыярытэтны кірунак — музычна-інфармацыйны, ахоплівае слухацкую аўдыторыю розных узроставых і сац. груп. Муз. вяшчанне фарміруецца на парытэтных суадносінах бел., расійскай і замежнай музыкі. Эфірная вяшчальная сетка радыёстанцыі ўключае музычна-забаўляльныя шоу — ранішняе «Максімальная раніца», дзённае «Гарачыя мінскія хлопцы» і вячэрняе «Шок і хваляванне», муз. праграму па заяўках слухачоў «Візітніца», аўтарскія праграмы «Ой, мамачкі» (для маладых мам), «Каробка перадач» (для аўтамабілістаў), «Усё ўключана» (для турыстаў), гумарыст. радыёсерыялы, выніковы муз. хіт-парад нядзелі (працягласць 3—4 гадз), запісаныя праграмы, муз. нон-стоп, выпускі навін (выходзяць у эфір у пачатку кожнай гадзіны).
Радыёстанцыя «Сталіца» вядзе перадачы з верасня 1998 (аб’ём вяшчання 20 гадз у суткі). Адзін з галоўных яе прыярытэтаў — музычнае вяшчанне. Штодзённа выходзіць інфармацыйна-аналітычная праграма «Сёння і заўтра», якая асвятляе жыццё Мінска, Мінскай вобласці і ўсёй рэспублікі. Найб. папулярная штодзённая праграма — «Свята кожны дзень», дзякуючы якой непасрэдна ў эфіры слухачы могуць адправіць прывітанне і найлепшыя пажаданні сваім блізкім, сябрам і знаёмым. У прамым эфіры выходзяць праграмы «Давайце пазнаёмімся», «Аднойчы з песняй» (падборка інфармацыі з музычнага жыцця, шоу-бізнесу і пра маладых выканаўцаў), нядзельны «Народны хіт» (слухачы могуць выканаць у эфіры сваю любімую песню), сямейная праграма «Шоу ў пясочніцы» (5—7-гадовыя дзеці разважаюць аб праблемах дарослых). Штотыднёвая тэматычная праграма «Краіна футбола» расказвае пра спарт. падзеі ў краіне і свеце.
Радыёстанцыя «Беларусь» — адзіны ў краіне радыёканал, які працуе на замежную аўдыторыю (70 краін свету) на бел., рус., ням., англ. мовах (аб’ём вяшчання 4 гадз у суткі). Кожныя паўгадзіны выходзяць выпускі «Навін». Інфарм. выпуск «Беларусь дзень за днём» і інфармацыйна-аналітычная праграма «Беларусь у люстэрку падзей» асвятляюць найбольш важныя падзеі ў жыцці краіны. Праграма ўключае радыёсустрэчы з дзярж. дзеячамі, вучонымі, пісьменнікамі, музыкантамі, спартсменамі і інш.Найбольш папулярныя перадачы прысвечаны адраджэнню нац. культуры, духоўным каштоўнасцям бел. народа: «Весткі з бацькаўшчыны», «Скарбы беларускай літаратуры», «Скарбы беларускай мовы», «Славутыя імёны бацькаўшчыны», «Беларусь у асобах», «Сябрына» і «Калейдаскоп» (абедзве на ням. мове), «Спадчына» (на англ. мове). Выходзіць праграма для моладзі «Беларусь маладая». Прыярытэтны кірунак муз. палітыкі радыёстанцыі — папулярызацыя лепшых узораў нар., класічнай і сучаснай бел. музыкі.
Агульны аб’ём вяшчання Бел. радыё складае каля 590 гадз у месяц, з іх арыгінальнага — 442 гадз. З 1998 у дыяпазоне сярэдніх і кароткіх хваль рэтрансліруюцца перадачы на рэгіёны Расіі. Праграмы Бел. радыё прымаюць таксама жыхары Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. Бел. радыё мае разгалінаваную карэспандэнцкую сетку. Яна сфарміравана з супрацоўнікаў Бел. радыё і абл. тэлерадыёкампаній, падтрымлівае сувязі з блізкім і далёкім замежжам. Штодзённа ўласныя карэспандэнты ва ўсіх абласцях і буйнейшых раёнах рыхтуюць каля 50 падзейных і тэматычных матэрыялаў.
У склад Бел. радыё ўваходзяць Генеральная дырэкцыя і падпарадкаваныя ёй 5 дырэкцый: каардынацыйная (ажыццяўляе тэматычнае перспектыўнае і бягучае планаванне вяшчання); дырэкцыя канала «Культура»; дырэкцыя маст. і музычна-забаўляльнага вяшчання; дырэкцыя інфарм. і грамадска-паліт. вяшчання; дырэкцыя эфірнага дня (ажыццяўляе аператыўнае планаванне і кантроль за вытворчасцю і выхадам праграм у эфір). У структуры Бел. радыё працуе «Аб’яднанне музычных калектываў»: акадэмічны хор, сімфанічны аркестр, дзіцячы хор «Галасы дзяцінства», ансамбль нар. музыкі «Бяседа», ансамбль камернай музыкі «Сімфаньета».
На Беларусі функцыянуюць абл. тэлерадыёкампаніі, якія вядуць перадачы ва УКВ- і FM-дыяпазонах 17 гадз у суткі і ахопліваюць радыёвяшчаннем 63,8% насельніцтва краіны. Існуе правадная сетка, якая трансліруе ўласныя перадачы і перадачы «Першага нацыянальнага канала». У раёнах пры райвыканкомах працуюць рэдакцыі радыёвяшчання. У буйных гарадах і на многіх прадпрыемствах краіны дзейнічае аўтаномнае радыёвяшчанне. Асноўная форма перадачы радыёвузлоў у гарадах, раёнах і на прадпрыемствах — выпускі апошніх навін і тэматычныя перадачы па найважнейшых пытаннях сац.-эканам. жыцця.
На інфарм. прасторы Беларусі прыкметнае месца займаюць недзярж. (камерцыйныя) радыёстанцыі. Бел. шкала дыяпазону FM-станцый мае 19 станцый, у т. л. «Радыё—Бі-Эй», «Альфа радыё», «Радыё Рокс-М», «Новы стыль», «Стыль», «Юністар-Радыё БДУ», «Радыёстанцыя «Аўтарадыё». Яны далі пачатак развіццю размоўна-муз. вяшчання ў музычна-забаўляльным жанры (напр., радыёінтэрмедыі з вядучым дзі-джэем) і складаюць канкурэнцыю 4 сеткавым каналам («Рускае радыё», «Мелодыі стагоддзя», «Еўропа плюс» і «Хіт-FM»), што рэтрансліруюцца з Масквы. Адметная рыса бел. FM-станцый — іх апалітычнасць. Функцыянуюць таксама камерцыйныя радыёстанцыі ў гарадах абл. падпарадкавання і раённых цэнтрах: «Арбіта плюс» (Гродна), «Вясёлка плюс» (Магілёў), «Буг ТВ» (Брэст), «Нелі-Інфа» (Мазыр), «Салтэк» (Салігорск), «Гефест» (Пружаны), «Нюанс» (Жлобін), «Сваё радыё» (Пінскі раён), «Наш час» (Маладзечанскі раён) і інш.
На 1.1.2004 на Беларусі 132 праграмы радыёвяшчання, у т. л. 113 дзярж. праграм, 19 радыёпраграм недзярж. формы ўласнасці.
Літ.:
Лебедзеў А.П. Бітва нябачнага фронту. Мн., 1972;
Гаворыць і паказвае Беларусь. Мн., 1975;
Радио в дни войны. М., 1975;
Радкевіч Я.Р. Беларускае радыё: Гісторыя, перспектывы развіцця. Мн., 1983;
Дубовік С.В. СМІ постсацыялістычнай Беларусі: пошук новай рацыянальнасці. Мн., 2003;
Шеин В.Н. Информационные и аналитические жанры радиожурналистики. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛІДСТВА.
Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж да пач. 20 ст. на Пдцэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).
З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».
Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, а таксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).
На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, а таксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел.дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).
С.А.Сергачоў.
Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася з БССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» з Пн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, з тэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, з чэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам з еўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. За вял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАО́С (Lao), Лаоская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (Сатхаланалат Пасатхіпатаі Пасасон Лао),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, у цэнтр. частцы п-ва Індакітай. Мяжуе на Пн з Кітаем, на У з В’етнамам, на Пд з Камбоджай, на З з Тайландам і М’янмай. Пл. 236,8 тыс.км². Нас. 5,1 млн.чал. (1997). Дзярж. мова — лаоская (лаацянская). Сталіца — г.В’енцьян. Краіна падзяляецца на 16 правінцый (кхуэнгаў) і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень абвяшчэння Рэспублікі (2 снежня).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на сесіі парламента на 5 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган — Нар. сход, дэпутаты якога выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам.
Прырода. Каля 90% тэрыторыі занята сярэдневышыннымі гарамі. У цэнтры — плато Сіянгкхуанг (выш. да 2820 м, г. Бія), на У — паўд.-зах. схілы хр. Чыангшон, на Пд — плато Балавен. Раўнінныя ўчасткі размешчаны на З уздоўж р. Меконг. Карысныя выкапні: алавяныя, жал., медныя руды, каштоўныя камяні, золата, каменная соль, буд. матэрыялы. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад 15 °C на Пн да 23 °C на Пд. У ліп.т-ра 28—30 °C. Ападкаў ад 1500—1700 мм на раўнінах да 3000 мм у гарах; дажджлівы сезон з чэрв. да кастрычніка. Рэкі мнагаводныя, парожыстыя. Найб. рака — Меконг. Лясы займаюць каля 60% тэрыторыі. Пераважаюць лістападныя і вечназялёныя трапічныя лясы з каштоўнымі відамі дрэў (цік, сал, палісандравае, эбенавае, сандалавае, ружовае, жалезнае); у верхнім поясе гор — дубовыя і хваёвыя лясы. Участкі саваннаў. Жывёльны свет: слон, алені, малпы, фазаны, шмат змей. Лясныя рэзерваты Донгсіенгтхонг, Донгхыасау і інш.
Насельніцтва. Жыве больш за 60 народнасцей. Большая ч. насельніцтва адносіцца да тайскай моўнай групы: лао (больш за 60%), тай, горныя тай і інш. Да аўстраазіяцкай моўнай групы (каля 25%) належаць кхмеры і горныя монкхмерскія народы. Жывуць таксама кітайцы, в’етнамцы, індыйцы і інш. Вернікі пераважна будысты (85%) і прыхільнікі розных рода-племянных вераванняў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 21,6 чал. на 1 км². У далінах шчыльн. дасягае 500 чал. на 1 км², у гарах месцамі каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 25% насельніцтва. Найб. горад — В’енцьян (каля 500 тыс.ж., 1995). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Луангпрабанг, Паксе і Саванакхет. У сельскай гаспадарцы занята каля 80% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — каля 5%. Адзначаецца часовая эміграцыя працоўных у Тайланд пераважна на с.-г. работы.
Гісторыя. Найбольшстараж. сляды чалавека на тэр. Л. адносяцца да верхняга палеаліту. З 9 ст. даліну р. Меконг засялілі лао, якія да 11—13 ст. стварылі тут некалькі княстваў. У 1353 кароль Фа Нгун аб’яднаў іх у дзяржаву Лансанг, якая дасягнула найб. росквіту ў 17 ст. Пануючай рэлігіяй стаў будызм. У пач. 18 ст. Лансанг распаўся на залежныя ад Сіяма (гл.Тайланд) і В’етнама княствы Луангпрабанг, В’енцьян і Цямпатсак. У 19 ст. ў выніку войнаў частка лаоскіх тэрыторый адышла да Сіяма і В’етнама. У 1893 Л. захоплены Францыяй і ў 1898 уключаны ў Франц. Індакітай (Луангпрабанг абвешчаны каралеўствам пад франц. пратэктаратам). У 2-ю сусв. вайну Л. акупіраваны Японіяй (1941—45). У гэты час узнік нац.-вызв. рух Лао Ісара (Вызваленне Лаоса) на чале з прынцамі Сувана Фумам і Суфанувонгам. Пасля капітуляцыі Японіі 12.10.1945 абвешчана незалежная Патэт-Лао (краіна Лао). Аднак Францыя прызнала незалежнасць Л. толькі 22.10.1953 у выніку нац.-вызв. барацьбы, якая вялася пад кіраўніцтвам Фронту вызвалення Л. (з 1956 Патрыятычны фронт Л., ПФЛ). Гал. ролю ў фронце адыгрывала Нар. партыя Л. (вылучылася ў 1955 з Камуніст. партыі Індакітая, з 1972 Нар.-рэв. партыя Л., НРПЛ).
Паводле Жэнеўскіх пагадненняў 1954 (гл.Жэнеўскія нарады 1954—59) Л. абвешчаны нейтральным каралеўствам, створаны ўрад на чале з Сувана Фумам (з 1957 — кааліцыйны з удзелам прадстаўнікоў ПФЛ, нейтралістаў і правых). Спробы правых сіл у 1958—62 захапіць усю ўладу ў Л. прывялі да грамадз. вайны. Пасля Жэнеўскай нарады па ўрэгуляванні лаоскага пытання ў 1962 створаны ўрад на чале з Сувана Фумам, які ўключаў усе паліт. сілы Л. У выніку моцных унутр. супярэчнасцей у крас. 1963 ПФЛ выйшаў з яго і разгарнуў на У Л. ўзбр. барацьбу. Ён атрымаў дапамогу ад Дэмакр. Рэспублікі В’етнам, якая ў час В’етнамскай вайны 1964—73 выкарыстоўвала тэр. Л. для забеспячэння сваіх войскаў у Паўд. В’етнаме ў абход дэмаркацыйнай лініі. Са жн. 1964 ЗША пачалі бамбардзіроўкі тэрыторыі, што кантраляваў ПФЛ. 21.2.1973 у В’енцьяне падпісана пагадненне аб аднаўленні міру і дасягненні нац. згоды ў Л. 5.4.1974 створаны Часовы ўрад нац. адзінства і Нац.паліт. савет з усіх паліт. сіл Л. Да лета 1975 войскі ПФЛ усталявалі свой кантроль над усёй тэр. Л. 29.11.1975 кароль Саванг Ватхана [1959—75] адрокся ад прастола. 2.12.1975 абвешчана Лаоская Нар.-Дэмакр. рэспубліка (ЛНДР) на чале з прэзідэнтам Суфанувонгам (1975—86) і прэм’ер-міністрам К.Фамвіханам (1975—91), узяты курс на пабудову ў Л. сацыялізму. 14.8.1991 прынята канстытуцыя ЛНДР, якая, захоўваючы кіруючую ролю НДПЛ, дазваляла прыватную маёмасць. Прэзідэнтам Л. быў выбраны Фамвіхан (да ліст. 1992, з 1992 Н.Фумсаван), прэм’ер-міністрам — ген. К.Сіфандон. Л. — чл.ААН (з 1955), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1998). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1994.
Дзейнічаюць Нар.-рэв. партыя Л., Фронт за нац. будаўніцтва Л.
Гаспадарка. Л. — слабаразвітая агр. краіна са шматукладнай эканомікай. Штогадовы даход на 1 чал. каля 200—300 дол. Дзяржаве належаць дзяржгасы, многія прамысл. прадпрыемствы, транспарт. У сельскай гаспадарцы пераважаюць кааператывы. С.-г. угоддзяў каля 2 млн.га, палавіна іх пад ворывам, палавіна пад пашай і лугамі. Найб. развіта земляробства. У далінах і на раўнінах пераважае арашальнае земляробства, здымаюць 2 ураджаі за год. У горных раёнах пашырана лядна-агнявое земляробства. Каля 90% пасяўных плошчаў займае рыс, штогадовы яго збор да 2 млн.т. Вырошчваюць таксама кукурузу (горныя раёны на Пн), проса, бульбу, батат, маніёк, сою і інш. бабовыя, алейныя, агародніну, бавоўнік, тытунь, рамі, цукр. трыснёг. Экспартныя культуры: кава, опіумны мак, чай, каўчуканосы, кардамон, перац. Трапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Буйн. раг. жывёлы і буйвалаў каля 2,1 млн. галоў, выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Коней каля 50 тыс. галоў, свіней 1,7 млн. галоў, авечак і коз 1,1 млн.гал. У лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць каля 1 тыс. прыручаных сланоў. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (каля 30—50 тыс.т рыбы штогод), паляўніцтва. Лясныя промыслы: нарыхтоўка драўніны каштоўных парод, гумілаку, бензойнай смалы, сыравіны для атрымання бетэлю і інш. У прам-сці вылучаецца здабыча алавянай руды (каля 5 тыс.т штогод), каменнай солі, гіпсу, золата, каштоўных камянёў (сапфіры, чырвоная шпінель). У энергетыцы пераважаюць невял. ЦЭС на імпартным паліве. Працуе ГЭС Нам Нгум (магутнасць 150 тыс.кВт) на р. Нгум, пастаўляе электраэнергію на экспарт у Тайланд. Агульная вытв-сць электраэнергіі 900 млн.кВт∙гадз. (1995). Аснову апрацоўчай прам-сці складаюць лесапілаванне і рысаачыстка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў; ёсць невял. цукр., алейныя, вінна-гарэлачныя, піваварныя, тытунёвыя, керамічныя, тэкст. (у т. л. шаўкаткацкія), швейныя, трыкат., гарбарна-абутковыя, металаапр., мэблевыя прадпрыемствы. Шырока развіты маст. рамёствы, у т. л. ювелірныя вырабы з золата і серабра, слановай косці, каштоўных камянёў. Горад В’енцьян — асн.прамысл. цэнтр, вылучаецца таксама вырабам лакавых маст. прадметаў хатняга ўжытку; г. Саванакхет — цэнтр суднабудавання (дробныя рачныя судны) і суднарамонту; гарады Луангпрабанг і Кхонг — цэнтры саматужна-рамесніцкіх промыслаў. Транспарт унутр. водны і аўтамабільны. Рака Меконг і яе асн. прытокі на асобных участках даступныя для невял. суднаў. Унутр. водных шляхоў 4,6 тыс.км. Аўтадарог 27,5 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 2 тыс.км. У краіне 20 тыс. аўтамашын (1997). Авіятранспарт выкарыстоўвае 10 аэрапортаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля В’енцьяна. У 1995 экспарт склаў 348 млн.дол., імпарт — 628 млн. долараў. У экспарце пераважаюць драўніна і піламатэрыялы (33%), электраэнергія (14%), волава, кава, гіпс, натуральныя смолы і інш. У імпарце гал. роля належыць нафтапрадуктам, прамысл. і харч. таварам. Гал.гандл. партнёры: Тайланд (41% экспарту, 45% імпарту), В’етнам (25% экспарту), Японія (11% імпарту), Кітай, Сінгапур. Дадатковыя крыніцы даходаў — замежны турызм (штогод Л. наведвае каля 120—150 тыс. турыстаў пераважна з Тайланда) і грашовыя пераводы грамадзян краіны, якія працуюць за мяжой. Л. штогод атрымлівае замежную дапамогу ў памеры 180—240 млн. долараў. Знешні доўг зах. краінам перавышае 1,2 млрд. долараў. Грашовая адзінка — кіп.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1998) больш за 200 тыс.чал., у т. л. 100 тыс.чал. у мясц. войсках. Камплектаванне — па прызыве. У сухап. войсках каля 195 тыс.чал. асабовага складу, на ўзбраенні 55 танкаў, 70 бронетранспарцёраў, каля 100 гармат палявой артылерыі і інш. У ВПС каля 3,5 тыс.чал., 30 баявых самалётаў, 15 верталётаў. У ВМС 16 патрульных катэраў.
Літаратура. Найб. раннія помнікі эпіграфікі Л. датуюцца 13 ст. Пасля ўтварэння дзяржавы Лансанг (14 ст.) і пашырэння будызму з’явіліся першыя рэліг. і свецкія творы: паэма «Прынц Хунг» і «Паданне пра Кхуна Балому» (13—15 ст.). На фарміраванне л-ры Л. паўплывала стараж.-інд.л-ра (паэма «Рамаяна» і будыйскі канон «Тыпітака»), Пад уплывам мясц.фалькл. традыцый сюжэты стараж.-інд. л-ры перапрацоўваліся і пераасэнсоўваліся. Вяршыня развіцця сярэдневяковай л-ры — паэма «Сінсай» Панкхама (16—17 ст.). Развіваліся рэлігійна-дыдактычныя і дыдактыка-быт. творы: «Настаўленне Інтыяна» і «Настаўленне дзеда ўнукам» Кэу Дангта; ананімныя аповесці «Путасен», «Мунла Тантай». У выніку распаду дзяржавы Лансанг (1707) і страты незалежнасці (канец 19 ст.) л-ра Л. заняпала. Адрадзілася пасля 2-й сусв. вайны і ў перыяд росту нац.-вызв. руху. Пасля ўзнікнення Лаоскай Нар.-Дэмакр. Рэспублікі (1975) пануючым стаў рэаліст. кірунак. Пераважалі творы малых форм (невял. аповесці, апавяданні, вершы, песні) і публіцыстыка. Асн. тэмы — барацьба за незалежнасць, пабудова новага грамадства Найб. вядомыя паэты — Д.Самсі («Рэвалюцыйная паэзія», 1977), Сісан, празаікі — Чантхі Дыянсаван (раман «Дарогі жыцця», 1970), Сувантхонг Буфанувонг (раман «Другі батальён», 1976—80), К.Фалсена (раман «Каханне», 1980) і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва Л. — вялізныя гранітныя «пасудзіны», згрупаваныя пераважна ў Даліне Збаноў (нагор’е Транінь, пач.н.э.). З сярэдзіны 1-га да пач. 2-га тыс.н.э. мастацтва развівалася пад уплывам культуры кхмераў (свяцілішчы каля Саванакхета). З 14 ст. пачала пашырацца будыйская культура. Забудова гал. гарадоў (В’енцьян, Луангпрабанг) была рэгулярнай. Амаль да 20 ст. тут пераважалі драўляныя на палях і глінабітныя дамы. Для культавага буд-ва характэрны храмы-ваты — прамавугольныя ў плане цагляныя будынкі з 3 нефамі, высокімі двухсхільнымі дахамі (Сіенг-Тхонг у Луангпрабангу, 1561; Фра-Кео ў В’енцьяне, 1565). У складзе вял. ватаў былі малельні, б-кі, свяцілішчы (тхаты). Тхаты паўсферычнай, звонападобнай ці ступеньчатай формы ставілі і асобна, спалучалі з тэрасамі, галерэямі (пагада тхат Луанг у В’енцьяне, 1586). Архітэктура 19 ст. адзначана ўплывам Сіяма (ват Сісакет у В’енцьяне, 1820). Сярод сярэдневяковых помнікаў выяўл. мастацтва — каменныя, драўляныя, бронзавыя статуі Буды (вядомы з 14 ст.), у якіх кананічнасць кампазіцыі суіснуе з выразнай пластыкай форм і ліній. У 16—19 ст. створаны ватыўныя рэльефныя выявы на будыйскія сюжэты з выкарыстаннем жывапісу — пхаботы і пхакесоны. З 20 ст. відавочны ўплыў еўрап. архітэктуры (больш рэгулярная планіроўка вуліц і кварталаў гарадоў). У архітэктуры 2-й пал. 20 ст. спалучаюцца сучасныя канструкцыі і формы класічнага дойлідства (комплекс ват Сіенг Кун, манумент Анусавары ў В’енцьяне, 1960-я г.). У 1950—80-я г. развіваюцца станковы жывапіс (мастакі Нуараонг, Вілівонг), графіка (Самнан), скульптура, у нар. мастацтве — ткацтва, апрацоўка металу, разьба па дрэве. Працягваюцца традыцыі насценнай размалёўкі і лакавага жывапісу «лайкхіян» і «лайсуай», жывапісу па трафарэце «лайпхок».
Літ.:
Иоанесян С.И. Лаос: соц.-экон. развитие (конец XIX — 60-е г. XX в.). М., 1972;
Кожевников В.А. Очерки новейшей истории Лаоса. М., 1979;
Симонов В.В. Экономическое развитие Лаоса (50—80-е гг.). М., 1988.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.А.Сергачоў, В.Я.Буйвал (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Лаоса.Да арт.Лаос. Даліна р. Меконг.Да арт.Лаос. Уступленне войск Народна-вызваленчай арміі ў г. Саванакхет. 1975.Да арт.Лаос. Пагада тхат Луанг у В’енцьяне.Да арт.Лаос. Скульптура Буды кхафон у ваце Пхакео ў В’енцьяне. 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА-ГЕАГРАФІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ
Сучаснае фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі адпавядае адзінай еўрапейскай дзесятковай сістэме фізіка-геаграфічнага раянавання сушы. Тэр. Беларусі ўваходзіць у краіну Усх.-Еўрапейскай раўніны і ў Еўрапейскую вобласць мяшаных лясоў; падзяляецца на 5 правінцый, 14 акруг, 49 раёнаў (паводле раянавання Н.К.Кліцуновай, Г.І.Марцінкевіч, І.І.Пірожніка, І.І.Шчаснай, В.П.Якушкі, 2001). Правінцыі вылучаны паводле араграфічных ступеней, якія адлюстроўваюць розны генезіс рэльефу, асаблівасці клімату, глебава-расліннага покрыва, накіраванасць фізіка-геаграфічных працэсаў.
Паазерская правінцыя размешчана на Пн краіны, у зоне сучлянення буйных тэктанічных структур: Латвійскай седлавіны, Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, на Пд яна заканчваецца мяжой паазерскага ледавіка, займае 18,7% тэр. Беларусі. Даантрапагенавыя адклады прадстаўлены пародамі дэвону, мелу, сілуру і ардовіку. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў каля 100, месцамі 250—290 м.
Паверхня паступова паніжаецца да Полацкай азёрна-ледавіковай нізіны, акаймаванай краявымі марэннымі ўзвышшамі: Браслаўскім, Асвейскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Аршанскім, Ушацка-Лепельскім, Свянцянскім, паміж якімі размяшчаюцца марэнныя раўніны (Чашніцкая і інш.). Абсалютныя вышыні ад 102 (урэз р.Зах. Дзвіна) да 130—160 на нізінах і раўнінах і 170—200 і да 295 м на ўзвышшах. Паазерскія краявыя ўтварэнні складзены з валунных суглінкаў, супескаў, пяскоў, жвірова-галечных матэрыялаў, з гляцыядыслакацыямі і адорвенямі. У межах узвышшаў сустракаюцца озавыя грады, лімнакамы, камавыя палі. Нізіны азёрна-ледавіковага паходжання (Полацкая, Суражская, Лучоская) утвораны асадкамі прыледавіковых вадаёмаў — пясчанымі, гліністымі, у т. л. стужачнымі глінамі. Рэльеф характарызуецца маладосцю і непапсаванасцю форм, наяўнасцю мноства азёр. У некаторых раёнах (Браслаўскі, Ушацкі, Мядзельскі) азёры займаюць да 10% плошчы. У будове рачных далін праяўляецца глыбокі ўрэз, дакладны выгляд у плане, наяўнасць парогаў, скразных участкаў і эразійных тэрас.
Клімат умерана цёплы вільготны, больш халаднаваты ў параўнанні з інш. правінцыямі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 да -8 °C, ліпеня 17,5—18 °C. Вегетацыйны перыяд 180—190 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2000—2200 °. Ападкаў 600—750 мм за год. Структура глеб вызначаецца разнастайнасцю і драбнаконтурнасцю. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, менш пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя; на долю тарфяна-балотных глеб прыпадае каля 11% плошчы. Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя, дзярнова-карбанатныя і алювіяльныя глебы. Больш за 60% плошчы займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. З натуральнай расліннасці лясы да 33%, пераважаюць хваёвыя (58%) і драбналістыя вытворныя (19%) фармацыі; пашыраны яловыя і шыракаліста-яловыя лясы, зрэдку сустракаюцца дубровы. Драбналістыя карэнныя лясы складаюць 8,5%. Сярод балот пераважаюць вярховыя, сярод лугоў — сухадольныя. Для Паазер’я найбольш тыповымі ландшафтамі з’яўляюцца сярэдневышынныя і нізінныя, радзей узвышаныя. Своеасаблівасць ландшафтнай структуры вызначаюць азёрна-ледавіковыя, марэнна-азёрныя і ўзгоркава-марэнна-азёрныя ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Заходне-Беларуская правінцыя цягнецца ад зах. мяжы Беларусі на ПнУ, выкліньваецца ў раёне гарадоў Лепель і Новалукомль. Займае 20,4% тэр. краіны. Прымеркавана да Беларускай антэклізы і Аршанскай упадзіны. Фундамент перакрыты асадкавымі пародамі дэвону, мелу, палеагену, неагену. Для антрапагенавай тоўшчы магутнасцю 100—180 м (зрэдку 300 м) характэрны марэнныя адклады — супясчаныя, сугліністыя, пясчана-жвірова-галечныя. Сучасны рэльеф правінцыі сфарміраваны сожскім ледавіком, пазней моцна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Цэнтр. частку правінцыі займае Беларуская града, якая складаецца з узвышшаў (Мінскага, Ашмянскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Гродзенскага). Пераважаюць вышыні 180—300 м. Тут знаходзяцца найвышэйшыя пункты Беларусі — горы Дзяржынская (345 м), Лысая (342 м), Маяк (335 м). У межах Беларускай грады вылучаюць 3 ярусы рэльефу. Верхні (больш за 260 м) з буйнаўзгорыстым рэльефам пераважна складзены з град. Другі ярус (220—260 м) прадстаўлены сярэдне- і дробнаўзгорыстым рэльефам, марэна часта перакрыта лёсападобнымі пародамі. У рэльефе наступнай ступені (да 200 м) пераважаюць зандравыя раўніны дзюнна-ўзгорыстай формы, складзеныя з водна-ледавіковых пяскоў. Для Беларускай грады характэрна густая сетка яроў і лагчын. На Пд правінцыі працягваецца дэнудаваная марэнная Капыльская града (180—200 м) з хвалістай, месцамі дробнаўзгорыстай паверхняй. Паміж Ашмянскім і Мінскім узвышшамі размешчана Вілейская нізіна (160—180 м), на крайнім 3 — Нёманская нізіна (100—160 м). Тут жа знаходзіцца самы нізкі пункт краіны з вышынёй каля 85 м. Узвышшы і нізіны раздзелены Лідскай і Стаўбцоўскай марэннымі раўнінамі (150—180 м). Клімат правінцыі цёплы, умерана вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4,9° да -7,2 °C, ліпеня 17°—18 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2000—2300°, працягласць вегетацыйнага перыяду 180—200 сут. Ападкаў выпадае 600—700 мм за год (на Навагрудскім узвышшы больш за 750 мм). У межах правінцыі пралягае водападзел Чорнага і Балтыйскага мораў.
Найб. тыповыя для рэгіёна дзярнова-падзолістыя (74%) і дзярнова-палева-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках. Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы займаюць толькі 6%. У далінах рэк тыповыя поймавыя дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя, у катлавінах — тарфяна-балотныя глебы нізіннага тыпу. Лясістасць каля 30%. У складзе лясоў хвойнікі (58%), вытворныя драбналістыя фармацыі (19,5%), яловыя і шыракаліста-хваёвыя (13,5%). Каля 3% тэрыторыі займаюць лугі, 6% — балоты. Для правінцыі характэрна складаная ландшафтная структура з перавагай узвышаных (узгорыста-марэнна-эразійных, камава-марэнных) і сярэдневышынных (другасна-марэнных, водна-ледавіковых) ландшафтаў.
Перадпалеская правінцыя распасціраецца вузкай, крыху пашыранай у цэнтры паласой ад зах. да ўсх. мяжы краіны і займае 22% тэрыторыі. Прымеркавана да паўд. часткі Беларускай антэклізы, Аршанскай упадзіны, Жлобінскай седлавіны і Варонежскай антэклізы. Асадкавыя пароды — дэвонскія, мелавыя, палеагенавыя і неагенавыя, перакрытыя адкладамі антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (40—80 м) складзена з водна-ледавіковых і марэнных утварэнняў. Сучасны рэльеф утвораны пераважна сожскім ледавіком, у далейшым значна перапрацаваны і зменены эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Характэрна выраўнаваная паверхня з абсалютнымі вышынямі 150—180 м. Большая частка правінцыі занята Цэнтральнабярэзінскай водна-ледавіковай раўнінай, якая паступова паніжаецца ў бок Пд. Яна складзена з водна-ледавіковых адкладаў з выступамі асноўнай марэны. На З і ПдЗ раўніны трапляюцца кароткія дэнудаваныя (180—190 м) марэнныя грады — Салігорская і Любанская. На З ляжаць Баранавіцкая (160—180 м) і Прыбугская (170—200 м) раўніны, на У — Чачэрская раўніна (150—180 м). Тыповымі з’яўляюцца дзюнна-ўзгорыстыя формы, суфазійныя западзіны, лагчыны сцёку з азёрападобнымі пашырэннямі; сустракаюцца яры і лагчыны. Рачныя даліны, выцягнутыя з Пн на Пд, урэзаныя на глыбіню 15—25 м, даволі шырокія. Самая глыбокая даліна р. Дняпро.
Клімат цёплы, умерана вільготны і няўстойліва вільготны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -5 °C да -6,8 °C, ліпеня 18—18,5 °C. Сума тэмператур вышэй за 10 °C складае 2200—2400 °, вегетацыйны перыяд — 185—200 сут. Ападкаў выпадае ў сярэднім 600—700 мм. Рэкі правінцыі звязаны ў асноўным з сістэмай р. Дняпро і яго прытокаў. Шмат вадасховішчаў, найбольшыя — Любанскае, Чыгірынскае, Асіповіцкае, Салігорскае.
Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы, якія займаюць каля пал. тэрыторыі. На долю дзярнова-падзолістых забалочаных глеб прыпадае 20%, тарфяна-балотных — 13%, алювіяльных — 11%. С.-г. ўгоддзі ў асн. пад ворывам (больш за 50%). Лясістасць каля 40%. Лясы хваёвыя (64%), драбналістыя — карэнныя (12%) і вытворныя (10%), шыракаліста-хваёвыя (9%). Доля лугоў і адкрытых балот не перавышае 10%. Для правінцыі тыповыя сярэдневышынныя (водна-ледавіковыя і марэнна-зандравыя) і нізінныя (азёрна-балотныя) ландшафты.
Усходне-Беларуская правінцыя прымеркавана да крайняга ўсходу краіны і працягваецца ад мяжы Беларусі з Расіяй на З да лініі Талачын — Быхаў. Займае каля 11%тэр. краіны. Прымеркавана да Аршанскай упадзіны і Варонежскай антэклізы. У даантрапагенавых адкладах пароды мелу, радзей — дэвону і юры. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100 м, на У менш за 50 м. Пашыраны марэнныя, сустракаюцца і флювіягляцыяльныя адклады сожскага зледзянення; покрыўныя адклады складзены з лёсаў і лёсападобных суглінкаў. Большая частка правінцыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з абсалютнымі вышынямі 150—200 м. Паверхня ўскладнена моцна дэнудаванымі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, ярамі, у месцах блізкага залягання карэнных парод — карставымі лейкамі. На крайняй Пн размешчана Аршанскае ўзвышша, якое змыкаецца на ПнУ з адгор’ямі Смаленска-Маскоўскага ўзвышша. Тут самыя высокія адзнакі (200—236 м) над узроўнем мора.
Клімат цёплы ўмерана вільготны, больш кантынентальны ў параўнанні з інш. рэгіёнамі. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -7,5 да -8,2 °C, ліпеня 17,8—18,5 °C. Вегетацыйны перыяд 183—187 сут, сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C — 2200—2400 °. Ападкаў выпадае 600—650 мм. Найбольшыя рэкі (Дняпро, Сож) цякуць у глыбока ўрэзаных (да 30, месцамі да 50 м) распрацаваных далінах з асіметрычнымі схіламі. Рачныя тэрасы найб. выразныя ў даліне Дняпра.
У структуры глебавага покрыва пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы (57%). Доля дзярнова-падзолістых забалочаных глеб складае 20%, алювіяльных — 10%, тарфяна-балотных — 7%. Каля 2/3 плошчы ўсіх глеб правінцыі займаюць с.-г. ўгоддзі з перавагай ворыва. На глебы с.-г. угоддзяў уздзейнічае водная эрозія. Характэрная асаблівасць расліннага покрыва рэгіёна — нізкая лясістасць (25%). Лясы пашыраны невялікімі масівамі плошчай 10—15 км². Адзначаецца нізкая доля хваёвых насаджэнняў (35,5%) і высокая — шыракаліста-хваёвых (26,5%), доля вытворных драбналістых лясоў 19%. Удзельная вага карэнных драбналістых лясоў самая нізкая (3,5%) у параўнанні з астатнімі правінцыямі. У ландшафтнай будове правінцыі пераважаюць сярэдневышынныя (другасна-марэнныя) і ўзвышаныя (лёсавыя) ландшафты, якія займаюць каля 70% тэрыторыі.
Палеская правінцыя ахоплівае паўд. частку краіны і займае каля 28% плошчы Беларусі. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Прыпяцкага прагіну з глыбінёй апускання крышталічнага фундаменту ад 1000 да 6000 м, да Палескай седлавіны і Падляска-Брэсцкай упадзіны, дзе фундамент залягае на глыбіні 250—500 і 500—1000 м адпаведна. У даантрапагенавых адкладах пароды палеагену і неагену, радзей — мелу. Магутнасць антрапагенавых утварэнняў ад 50 да 100, на Пд і У менш за 50 м. Пашыраны флювіягляцыяльныя, алювіяльныя, азёрна-алювіяльныя пяскі і супескі, месцамі марэнныя і балотныя адклады.
Паверхня Палесся — плоскаўвагнутая са слабым нахілам на ПдУ пясчаная нізіна з высокім узроўнем грунтавых вод. Цэнтральную найб. паніжаную частку тэрыторыі (105—140 м) уздоўж Прыпяці і Дняпра займаюць Палеская і Прыдняпроўская нізіны з пласкахвалістым і плоскім рэльефам, ускладненым дзюнна-ўзгорыстымі формамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. З З і У да іх далучаюцца хвалістыя водна-ледавіковыя, месцамі марэнныя раўніны — Прыбугская, Загароддзе, Церахоўская і Хойніцка-Брагінская (140—150 м). Тут жа трапляюцца дэнудаваныя марэнныя грады — Лагішынская. Вятчынска-Чалюшчавіцкая, Камянецкая з дробнаўзгорыстым рэльефам (160—170 м). Сярэднеўзгорыста-градавы канцова-марэнны рэльеф прадстаўлены Мазырскай градой (221 м) і Юравіцкім (170 м) узвышшам.
Клімат цёплы, няўстойліва вільготны, больш мяккі ў параўнанні з інш. рэгіёнамі краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня ад -4 да -7 °C, ліпеня ад 18,5 да 19 °C. Вегетацыйны перыяд 193—208 сут. Сума актыўных тэмператур паветра вышэй за 10 °C складае 2400 °. Гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 500 да 650 мм, што набліжае клімат правінцыі да лесастэпавага. Большая частка тэрыторыі дрэніруецца р. Прыпяць і яе шматлікімі прытокамі. Вярхоўі рэк розных басейнаў злучаны каналамі — Дняпроўска-Бугскім, Дняпроўска-Нёманскім (Агінскім). У выніку асушэння забалочаных зямель створана густая сетка меліярацыйных каналаў і канаў, а таксама невялікіх вадасховішчаў. У поймах рэк шмат дробных азёр.
Пашыраны забалочаныя глебы, сярод якіх пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28%) і тарфяна-балотныя (17%). Значная частка тарфяна-балотных глеб асушана. У поймах рэк вялікая доля поймавых (алювіяльных) глеб (17%). Зрэдку сустракаюцца дзярновыя забалочаныя і дзярновыя карбанатныя забалочаныя глебы. Занальныя дзярнова-падзолістыя глебы займаюць 34% тэрыторыі. На долю с.-г. угоддзяў з перавагай раллі прыпадае каля 46% плошчы. Правінцыя характарызуецца высокай лясістасцю (каля 40%). У структуры лясоў дамінуюць хваёвыя (54%), у т. л. шыракаліста-хваёвыя, характэрныя для Палесся, і драбналістыя карэнныя (22%) фармацыі. Сярод іншых вылучаюцца дубровы, сярод якіх унікальныя поймавыя дубровы. Лугі займаюць каля 8% тэрыторыі, столькі ж прыпадае на долю адкрытых балот. Найбуйнейшыя з іх — Выганашчанскае, Вялікі Лес, Хольча, Грычын і інш. Асушаныя балоты выкарыстоўваюцца для вырошчвання шматгадовых траў, часткова — збожжавых культур, здабычы торфу. У правінцыі пашыраны палескія (суббарэальныя) ландшафты з перавагай нізінных — азёрна-алювіяльных, алювіяльных тэрасаваных, азёрна-балотных. На іх долю прыпадае да 60% плошчы рэгіёна. Радзей трапляюцца сярэдневышынныя марэнна-зандравыя і водна-ледавіковыя ландшафты.
Літ.:
Теоретические проблемы и результаты комплексного географического районирования территории Беларуси // Выбр.навук. працы БДУ. Мн., 2001. Т. 7.
Г.І.Марцінкевіч.
На Браслаўскай градзе.Узгорыста-марэнна-азёрны ландшафту Нешчарда-Гарадоцкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-ледавіковы ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Полацкім фізіка-геаграфічным раёне Пераходнае балота ў Расонскім раёне.Узгорыста-марэнна-эразійны ландшафт у Мінскім фізіка-геаграфічным раёне.Водна-ледавіковы ландшафт у Вілейскім раёне.Азёрна-балотны ландшафт у Аршанска-Магілёўскім фізіка-геаграфічным раёне. Вярховае хваёва-сфагнавае балота ў заказніку Астравы Дулебы (Бялыніцкі раён).Азёрна-балотны ландшафт у Сярэдняпрыпяцкім фізіка-геаграфічным раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ
У выніку 1-й сусв. вайны рас.-герм. фронт на тэр. Беларусі да кастр. 1915 стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск; каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй (пазней з прычыны зрыву брэсцкіх мірных перагавораў герм. войскі акупіравалі амаль усю Беларусь). Калі пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі немцы пачалі выводзіць свае войскі, зах. землі Беларусі пачала займаць Польшча, якая абвясціла пра намер аднавіць сваю тэрыторыю ў межах Рэчы Паспалітай 1772. Да жн. 1919 польскія войскі занялі большую частку Беларусі (лінія фронту праходзіла па р.Зах. Дзвіна—Бярэзіна). У выніку сав.-польскай вайны 1920 польскія інтэрвенты ў ліп.—жніўні былі выдалены з Беларусі, але ў вер.—кастр. яны зноў захапілі зах. раёны Беларусі — Гродзенскую губ., паўд.-ўсх. паветы Віленскай, зах. паветы Мінскай губ. — амаль палавіну этнічнай Беларусі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 Зах. Беларусь (агульная пл. 113 тыс.км²) засталася пад уладай Польшчы. Яе тэр. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы. На тэр.Зах. Беларусі жыло каля 4 млн.чал. (на час перапісу 1921—3372 тыс.чал., паводле ацэнкі 1939—4,6 млн.чал.). Гал. культурным і навук. цэнтрам Зах.
Беларусі быў г. Вільня, у прамысловых адносінах найб. развітым — Беластоцкі прамысловы раён. Найб. гарады: Гродна, Брэст, Навагрудак, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Кобрын, Вілейка, Ліда, Слонім, Стоўбцы, Пружаны, Глыбокае, Браслаў, Ашмяны.
Прамысловасць. Польшча (афіцыйна Другая Рэч Паспалітая) належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Зах. Беларусь у эканам. адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысл. тавараў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Зах. Беларусь складала 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва ўсёй Польшчы, а ўдзельная вага яе ў прамысл. вытворчасці ледзь перавышала 3%, выпрацоўка электраэнергіі — 2%. Разбураная войнамі нар. гаспадарка Зах. Беларусі аднаўлялася марудна, новыя ф-кі і з-ды амаль не будаваліся. Большасць прамысл. прадпрыемстваў — дробныя ф-кі і з-ды, якія перапрацоўвалі мясц. сыравіну. У 1928 у Зах. Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала менш чым па 20 чалавек. Толькі 127 прадпрыемстваў мелі больш як па 20 рабочых, 89 — больш як па 100 і 6 — больш як па 500 рабочых. Значны прамысл. спад адбыўся ў гады сусв.эканам. крызісу 1929—33, калі ў Зах. Беларусі спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў, колькасць занятых рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася амаль напалавіну. Імкнучыся перакласці цяжар крызісу на плечы працоўных, прадпрымальнікі павялічвалі інтэнсіўнасць працы, падаўжалі рабочы дзень да 10—12 гадзін, пазбаўлялі рабочых сац. страхавання, зніжалі заработную плату, якая ў Зах. Беларусі і да таго была значна ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Працоўныя цярпелі і ад моцнай эксплуатацыі, і ад хранічнага беспрацоўя. У прамысловасці, на транспарце, лесараспрацоўках і інш. было занята 100 тыс. рабочых (каля 5% рабочых усёй Польшчы), мелася каля 50 тыс. рамеснікаў. У 1936 зарэгістравана больш за 25 тыс. беспрацоўных. Шырока выкарыстоўвалася танная праца жанчын і падлеткаў.
Прыродныя багацці краю часта прадаваліся замежным капіталістам. Лясы на высечку, у т. л. Белавежскую пушчу, прадавалі англійскім і французскім прадпрыемствам, тытунёвую манаполію здалі ў арэнду італьянцам, запалкавую — шведам. За 1919—39 у Зах. Беларусі высечана 589,2 тыс.га лясоў, натуральны ж прырост іх склаў толькі 41,8 тыс.га.
Сельская гаспадарка. Больш за 80% насельніцтва Зах. Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Паводле перапісу 1921 большая частка прыватнаўласніцкай зямлі (каля 3 млн.га) належала памешчыкам, якія складалі ўсяго 1,7% землеўладальнікаў (каля 6 тыс. гаспадарак, зямельны надзел кожнай больш за 50 га). На сялянскі двор у сярэднім прыпадала каля 7 га зямлі. Каля 55 тыс. гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У 15% гаспадарак не было буйн. раг. жывёлы, у 30% — коней (1927). Апрача малазямелля сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, прыгонніцкіх перажыткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары шырокага ўжытку і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, ад запазычанасці ў банку і выплаты працэнтаў па ёй, ад самавольства чыноўнікаў і паліцыі, шматлікіх штрафаў. Сял. гаспадаркі пасля вайны аднаўляліся марудна і толькі да 1929 дасягнулі даваеннага ўзроўню.
Зямельная рэформа польскага ўрада (1920, 1921, 1924) была накіравана на развіццё капіталіст. адносін у вёсцы і расшырэнне ўнутр. рынку. Яна ўключала т.зв. парцэляцыю (продаж праз зямельны банк памешчыцкай зямлі дробнымі ўчасткамі — парцэлямі), ліквідацыю сервітутаў (сумесных уладанняў памешчыкаў і сялян) і камасацыю (ліквідацыю цераспалосіцы і звядзенне ў адзін участак дробных сял. палосак з адначасовым высяленнем на хутары). Шляхам т.зв. дзярж. і прыватнай парцэляцыі ў Зах. Беларусі распрададзена каля 20% памешчыцкіх зямель (597 тыс.га з 2948 тыс.га). Значную частку распарцэляваных зямель складалі землі былой царскай казны, якія перайшлі ў дзярж. фонд Польшчы. Такім чынам, буйное памешчыцкае землеўладанне зменшылася, але не на многа. У пач. 1930-х г. памешчыкам і кулакам належала каля 48% усёй зямлі. Выгадна прадаючы зямлю, памешчыкі ўмацоўвалі сваю гаспадарку. Больш за 70% зямлі, якую яны прадалі праз зямельны банк, купілі заможныя сяляне і асаднікі. Толькі нямногія з бедных сялян, парабкаў і дробных арандатараў набылі зямлю. Ад ліквідацыі сервітутаў пацярпела больш за 100 тыс.сял. гаспадарак.
Хутарызацыя ў пераважнай большасці праводзілася прымусова, што выклікала хваляванні на вёсцы. Каб аслабіць супраціўленне сялян, улады абяцалі ў выніку рэформы ліквідаваць цераспалосіцу, павялічыць надзелы, даць крэдыт на перанос будынкаў і на інвентар. Фактычна хутарызацыя была выгадная заможным сялянам і кулакам, бо вялікія выдаткі на перасяленне не давалі магчымасці ўзняць гаспадарку беднякам і парабкам. Да 1939 на хутары расселена каля 200 тыс. двароў.
Асаблівасцю аграрнай палітыкі польскага ўрада было перасяленне на тэр.Зах. Беларусі з цэнтр. раёнаў Польшчы ваенных і цывільных каланістаў, т.зв. асаднікаў, якім на льготных умовах ці бясплатна даваліся зямельныя надзелы да 45 га. Да 1934 на тэр.Зах. Беларусі і Валыні паселена каля 9 тыс. асаднікаў. Асаднікі былі ваеннай і паліт. апорай польскай улады ў Зах. Беларусі.
Адной з прычын збяднення сял. гаспадарак былі нізкія цэны на с.-г. прадукты, асабліва ў гады сусв.эканам. крызісу. У выніку скараціліся пасевы асн.с.-г. культур, менш набывалася і выкарыстоўвалася с.-г. машын, мінер. угнаенняў, што не спрыяла росту культуры земляробства. Толькі ў 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзыходзіла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у аграрным сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Слаба развітая прамысловасць не магла прыняць адток «лішніх рук» з аграрна перанаселенай вёскі, што часам вымушала сялян шукаць работу ў краінах Зах. Еўропы і Амерыкі. Малазямелле і аграрная перанаселенасць не здымала з парадку дня неабходнасць далейшага землеўпарадкавання і было адной з прычын рэв. актыўнасці сялян.
Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Сац. прыгнёт у Зах. Беларусі цесна пераплятаўся з нац. прыгнётам і паліт. бяспраўем бел. народа. Канстытуцыя Польшчы (1921), а таксама ўмовы Рыжскага мірнага дагавора дэкларавалі паліт. і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нац. прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў і інш.нац. меншасцей польскі ўрад з дапамогай дзярж. апарату, друку, школы, каталіцкай царквы праводзіў вялікадзяржаўную палітыку прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзярж. ўстановы і ў ВНУ. Зах. Беларусь разам з Валынскім ваяводствам польскія ўлады называлі «крэсамі ўсходнімі» (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць бел. выдавецтвы, б-кі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі бел. газет і часопісаў. Калі ў 1927 у Зах. Беларусі легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх было 12, у 1932—6, у 1936—13; у 1937 засталося толькі 8 бел. выданняў, пераважна прапольскай і клерыкальнай арыентацыі. Мясц.дзярж. апарат і органы самакіравання (гмінныя рады, павятовыя сеймікі) фарміраваліся з прадстаўнікоў дробнай буржуазіі, памешчыкаў, асаднікаў. Польскі ўрад праводзіў палітыку рэліг. нецярпімасці да пераважна правасл.бел. насельніцтва. З 500 правасл. цэркваў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы.
Паводле закона «Аб мове», прынятага 31.7.1924, дапускалася ствараць дзярж. школы з роднай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 бел. школ, што працавалі на тэр.Зах. Беларусі да 1921, у 1928 дзейнічала ўсяго 25 і 49 польска-бел. школ; да 1936 засталося 16 бел. школ, астатнія ператвораны ў польскія ці бел.-польскія. Улады закрылі 8 бел. гімназій (у Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы, Будславе, Гродне, Гарадку, Маладзечне), 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы); Віленскую бел. гімназію ператварылі ў філіял польскай гімназіі. У выніку бел. настаўнікі засталіся без працы. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць дзецям Зах. Беларусі адукацыю і на польскай мове. У 1937/38 навуч.г. ў 4221 школе Зах. Беларусі вучылася 546,6 тыс. дзяцей 7—10 гадоў. Пачатковую школу не наведвалі каля 50 тыс. дзяцей. У 1939 каля 35% насельніцтва заставалася непісьменным. Польскія ўлады праводзілі таксама т.зв. пацыфікацыю — прэвентыўнае ўціхаміранне. Тых, хто ў час выбараў агітаваў за кандыдатаў з рабочых і сялян, бралі на ўлік, часам арыштоўвалі. Нават падпісчыка на прагрэсіўную бел. газету лічылі непрыяцелем польскай дзяржавы, а ў дачыненні да дзеячаў рэв. і камуніст. руху праводзіліся масавыя судовыя і паліт. працэсы.
Нацыянальна-вызваленчы рух. Заходнебеларускія партыі і арганізацыі. Неспрыяльнае сац.-эканам. становішча, нац. ўціск, паліт. бяспраўе насельніцтва Зах. Беларусі былі аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання нац.-вызв. руху. Мясц. жыхары не змірыліся з анексіяй этнічных зямель беларусаў, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 актывізавалася ўзброенае антыпольскае змаганне. Адзін з першых партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам Г.Шыманюка (Скамароха) узнік у Бельскім пав.Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) актыўна займалася пашырэннем партыз. руху на Беласточчыне, Віленшчыне, Гродзеншчыне. Летам 1921 створаны Цэнтр.бел. паўстанцкі камітэт, які ўзначаліў У.Пракулевіч. Гал. штаб бел. партызан (кіраўнік В.Разумовіч) ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў партыз. злучэнняў.
Прыняты на 1-й Усебел. паліт. канферэнцыі ў Празе (вер. 1921) курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання быў часткова здзейснены ў Зах. Беларусі. Паводле польскіх вайсковых звестак, восенню 1922 там налічвалася 5—6 тыс. партызан. Масавыя арышты партызан, судовыя працэсы, спыненне падтрымкі з боку Літвы прывялі да аслаблення ўплыву БПС-Р у партыз. руху. Паступова там узмацняліся пазіцыі камуністаў і іх прыхільнікаў, якія абапіраліся на дапамогу Сав. Беларусі. З удзелам камандзіраваных з усходу камуністаў К.Арлоўскага, С.Ваўпшасава, В.Каржа і інш. былі створаны партыз. атрады і групы, якія нападалі на адм. ўстановы, ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны, маёнткі памешчыкаў, сядзібы чыноўнікаў, асаднікаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і г.д. У 1922 ва ўсх. ваяводствах Польшчы адбылося 878, у 1923—503 партыз. выступленні, з іх найбольш у Зах. Беларусі. Пры дапамозе вял. колькасці паліцыі, пагранічных войск, карных фарміраванняў, жорсткіх мер пацыфікацыі, ваенна-палявых судоў партыз. рух быў моцна аслаблены і спынены ў сярэдзіне 1920-х г.
Разам з узброенай барацьбой выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці парламенцкай дзейнасці. Пасля выбараў у канцы 1922 у польскім сейме створана нац. дэпутацкая фракцыя — Беларускі пасольскі клуб (БПК), куды ўваходзілі 11 паслоў (дэпутатаў), якія прадстаўлялі ўсе грамадска-паліт. сілы Зах. Беларусі (А.Аўсянік, П.Мятла, Б.Тарашкевіч, Ф.Ярэміч, С.Баран, У.Каліноўскі, С.Якавюк, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч, М.Кахановіч, В.Рагуля). З імі супрацоўнічалі сенатары В.Багдановіч, А.Назарэўскі, А.Уласаў. У студз. 1923 дэпутаты БПК ухвалілі праект стварэння краёвага парламента ў Вільні, дамагаліся таксама вырашэння агр. пытання, спынення асадніцтва, вяртання адабраных у праваслаўных храмаў, выкарыстання бел. мовы ў судах, установах адукацыі. Бел. паслы і сенатары настойліва абаранялі нац.-культ. і сац. правы насельніцтва краю, рэгулярна накіроўвалі інтэрпеляцыі (запыты) аб іх грубых парушэннях. Распрацаваны праект аўтаноміі Зах. Беларусі так і не быў прадстаўлены на абмеркаванне ў польскі сейм. Абмежаванне толькі парламенцкімі формамі не дазваляла пашырыць сац. базу нац.вызв. руху.
Легальныя формы барацьбы падтрымлівалі бел. нац.-дэмакр. партыі і арг-цыі. Агульным для іх было патрабаванне ўтварэння незалежнай Бел.дэмакр. рэспублікі. Да сярэдзіны 1920-х г. дзейнічалі асобныя групы Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Бел.с.-д. партыі (БСДП), левае крыло якой у 1924 абвясціла стварэнне партыі бел. незалежных сацыялістаў.
Найбольш уплывовай была партыя бел. эсэраў, якая патрабавала дэмакр. свабод, вырашэння аграрнага пытання, «нацыянальнага вызвалення беларускага народа». Левае крыло БПС-Р у ліп. 1922 аформілася ў самастойную Бел.рэв. арг-цыю (БРА). БРА з’яўлялася нелегальнай радыкальнай нац.-дэмакр. арг-цыяй, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. правы насельніцтва Зах. Беларусі. Лідэры БРА І.Лагіновіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, А.Капуцкі наладзілі цесныя сувязі з камуніст. дзеячамі. Па ўсіх асн. пытаннях пазіцыя арг-цыі супадала з тактычнымі ўстаноўкамі камуністаў. У канцы 1923 пасля шэрагу сустрэч і сумесных пасяджэнняў былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА з Камуніст. партыяй Зах. Беларусі (КПЗБ).
З нац.-дэмакр. партый згуртаванасцю вылучалася клерыкальная Бел. хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А.Станкевіч, Ф.Абрантовіч, В.Гадлеўскі, К.Стаповіч і інш. У сваёй дзейнасці БХД зыходзіла з тэорыі бяскласавасці бел. народа, адмаўляла наяўнасць класавай барацьбы. Партыя адстойвала эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія сродкі змагання. БХД выступала за дэмакр. свабоды, роўнасць перад законам, мясц. самакіраванне, усеагульнае выбарчае права, зямельную рэформу на карысць беззямельных і малазямельных, але з захаваннем прыватнай уласнасці, нац. культуру. У 2-й праграме БХД (1927) канстатавалася, што партыя «імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». БХД пашырала свой уплыў пераважна сярод беларусаў-католікаў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.
Актыўнасць праяўлялі ў Зах. Беларусі і польскія партыі. Значны ўплыў мела рэфармісцкая Польская сацыяліст. партыя (ППС), сял. партыя «Вызволене» і інш. ППС дамагалася дэмакр. свабод, самакіравання, сац. забеспячэння, перадачы памешчыцкіх зямель у арэнду сялянам, аўтаноміі для няпольскага насельніцтва. Патрабаванні дэмакр. рэформ падтрымлівала і партыя «Вызволене». Правыя польскія партыі спрыялі ажыццяўленню асн. кірункаў урадавай палітыкі ў Зах. Беларусі, выступалі з шавіністычных пазіцый адносна нац. меншасцей.
Сярод яўрэйскага насельніцтва зах.бел. гарадоў і мястэчак пераважалі ўплывы Бунда і Паалей Цыёна. Бунд прытрымліваўся с.-д. пазіцый, патрабаваў нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў, самавызначэння Зах. Беларусі, але выступаў супраць яе аддзялення ад Польшчы. Дзеячы партыі сацыял-сіянісцкага кірунку Паалей Цыён прапагандавалі свае ідэі ў асяроддзі яўрэйскіх рабочых, дробных гандляроў, інтэлігенцыі. Як і бундаўцы, яны стараліся адцягнуць сваіх прыхільнікаў ад актыўнай паліт. барацьбы, акцэнтавалі ўвагу на парламенцкай дзейнасці.
Найб. радыкальныя пазіцыі ў зах.бел. нац.-вызв. руху займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была створана ў кастр. 1923 у Вільні як састаўная частка Кампартыі Польшчы. Першымі арганізатарамі партыі былі С.Мертэнс, А.Славінскі, С.Мілер, С.Дубовік, у яе кіраўніцтва ўваходзілі таксама І.Лагіновіч, Я.Бабровіч, А.Канчэўскі, Л.Родзевіч, М.Арэхва і інш.КПЗБ была правадніком ідэй Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б, абапіралася на арганізацыйную, паліт. і фінансавую падтрымку з боку СССР і БССР. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, садзейнічала развіццю нац.-вызв. змагання. У канцы 1924 яна налічвала 2296, у канцы 1927 — 3254 камуністаў. Значная частка з іх знаходзілася ў турмах, пастаянна арыштоўвалася польскімі ўладамі. У канцы 1924—1-й пал. 1925 існавала пагроза расколу партыі ў сувязі з утварэннем унутры яе сепаратысцкай групоўкі («сэцэсіі»). Бюро ЦККП(б)Б у студз. 1925 асудзіла дзеянні «сэцэсіі», прызнала іх «недапушчальным, дэзарганізатарскім і антыпартыйным крокам».
Пад уплывам КПЗБ у чэрв. 1925 з Бел. пасольскага клуба выйшла група дэпутатаў і ўтварыла асобны клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.Тарашкевічам. Камуніст. кіраўніцтва праяўляла пільную ўвагу да новай сеймавай фракцыі. У жніўні 1925 у Сопаце (каля Гданьска) адбылася нелегальная нарада прадстаўнікоў ЦК КПП, КПЗБ, КП(б)Б з лідэрамі пасольскага клуба БСРГ, дзе была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні масавай легальнай арг-цыі рэв.-дэмакр. характару, вызначаны яе асн. праграмныя паліт. мэты.
У маі—чэрв. 1926 пасольскі клуб Грамады стаў самастойнай паліт. арг-цыяй. Старшынёй ЦКБСРГ быў выбраны Б.Тарашкевіч, нам. старшыні — С.Рак-Міхайлоўскі. У склад ЦК увайшлі таксама П.Валошын, П.Мятла, кіраўнік Цэнтр. сакратарыята Грамады М.Бурсевіч. Першапачатковы праект праграмы прадугледжваў стварэнне легальнай камуніст. арг-цыі. Прынятая ў маі 1926 праграма БСРГ змяшчала шырокі спектр дэмакр. патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакр. самакіраванне, устанаўленне дэмакр. свабод, нац. роўнасць і навучанне на роднай мове, стварэнне сял.-рабочага ўрада, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР і інш.
У 2-й пал. 1926 БСРГ ператварылася ў масавую легальную арг-цыю. Большасць у ёй складалі сяляне-беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. У студз. 1927 каля 120 тыс. чалавек былі аб’яднаны ў больш як 2 тыс. гурткоў Грамады. Актыўную паліт. работу вялі к-ты БСРГ у Баранавіцкім, Беластоцкім, Бельскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Віленскім, Гродзенскім, Дзісенскім, Косаўскім, Лідскім, Маладзечанскім, Навагрудскім, Пастаўскім, Пінскім, Сакольскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім пав. Больш за 200 камуністаў, што ўступілі ў склад Грамады, у многім вызначылі ідэалагічную лінію, характар дзейнасці арг-цыі.
Масавы рост БСРГ быў выкліканы аб’ектыўнымі ўмовамі зах.-бел. рэчаіснасці ў сац.-эканам., грамадскай і культурнай сферах. Грамада мела прасавецкую арыентацыю не столькі з-за знешняй ідэалагічнай, матэрыяльнай дапамогі, сімпатый да сав. ладу, колькі з-за паўсюднага незадавальнення, непрыняцця палітыкі польскіх улад у Зах. Беларусі. 15.1.1927 рэжым «санацыі» распачаў ліквідацыю гурткоў, к-таў БСРГ, масавыя арышты актывістаў, а 21.3.1927 афіцыйна забараніў арганізацыю. Усіх арыштаваных кіраўнікоў і актывістаў Грамады ў 1927—29 судзілі на некалькіх працэсах, самым гучным з якіх быў «працэс 56-і».
Выбары ў сейм у сак. 1928 адбыліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій польскіх улад. Леварадыкальная частка дэпутатаў [Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, А.Стагановіч (у лют. 1929 яго замяніў П.Крынчык)] утварыла бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуніст. фракцыяй у сейме і фактычна стаў парламенцкім прадстаўніцтвам КПЗБ. Паслы клуба «Змаганне» займаліся прапагандысцкай дзейнасцю, арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыі працоўных, востра крытыкавалі ўнутр. і знешнюю палітыку рэжыму «санацыі» Ю.Пілсудскага, выкрывалі адм.-паліцэйскі гвалт, уступалі ў палеміку з паліт. апанентамі. Акрамя інтэрпеляцый, пададзеных разам з інш. клубамі, дэпутаты «Змагання» ўнеслі ў сейме 11 запытаў і 13 прапаноў для абароны сац. і нац. інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі.
Максімалісцкія, празмерна радыкальныя лозунгі «Змагання» перашкаджалі супрацоўніцтву з нац.-дэмакр. партыямі і арг-цыямі. Уцягванне ў барацьбу супраць іх было вынікам рашэнняў VI кангрэса Камінтэрна (ліп.—вер. 1928), які неадкладна выконвалі дзеячы КПЗБ і падкантрольных ім арганізацый. У адрозненне ад кіраўніцтва «Змагання» сярод мясц. актыву перавагу атрымалі не леварадыкальныя, а нац.-вызв. лозунгі. Нягледзячы на моцны камуніст. ўплыў, паслы «Змагання» ішлі на супрацоўніцтва з Бел. пасольскім клубам. Клуб «Змаганне» і яго 50 мясц. сакратарыятаў з’яўляліся цэнтрамі легальнай паліт. дзейнасці зах.-бел. камуністаў сярод шырокіх пластоў працоўных, былі прадаўжальнікамі традыцыі Грамады. 30.8.1930 разам з роспускам парламента было арыштавана кіраўніцтва «Змагання», ліквідаваны яго мясц.арганізац. структуры. У 1931 суд у Вільні прыгаварыў І.Дварчаніна, Я.Гаўрыліка, Ф.Валынца, П.Крынчыка і інш. дзеячаў «Змагання» да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.
Мэтанакіравана адстойвала нац. інтарэсы жыхароў зах.-бел. краю культ.-асветніцкая арг-цыяТаварыства беларускай школы (ТБШ), статут якой быў зацверджаны ў Вільні ў ліп. 1921. Асн. мэтай ТБШ было пашырэнне і дапамога асвеце ў бел. нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арг-цыі былі Б.Тарашкевіч, А.Луцкевіч, Ф.Аляхновіч, А.Смоліч, С.Рак-Міхайлоўскі, А.Станкевіч і інш. прадстаўнікі інтэлігенцыі. У пач. 1920-х г.ТБШ мела вузкую сац. базу, яго дзейнасць насіла лаяльны характар да ўлад Сярэдняй Літвы, а потым і Польшчы. Т-ва аказвала дапамогу ў выездзе моладзі на вучобу за мяжу, дапамагала Віленскай і інш.бел. гімназіям, пачатковым школам, правяло ў крас. 1923 з’езд настаўнікаў бел. гімназій. З восені 1924 ТБШ разгарнула кампанію па зборы подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове. Пераўтварэнню Т-ва ў масавую культ.-асветную арг-цыю паспрыяла Грамада. У вер. 1926 у склад Гал. управы ТБШ увайшлі Р.Астроўскі (старшыня), А.Уласаў, А.Трэпка (намеснікі), Б.Тарашкевіч, І.Дварчанін, М.Кепель, Я.Шнаркевіч, М.Марцінчык, Ф.Стацкевіч, П.Мятла і інш. Кіраўнікі Грамады і КПЗБ імкнуліся пераўтварыць Т-ва ў «другую лінію акопаў». У канцы 1927 па ўсёй Зах. Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні. 1-ы з’езд ТБШ, які адбыўся 28—29.12.1927 у Вільні, пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж.бел. пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430 (14—15 тыс.чал.), а ў сярэдзіне 1930 перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чалавек; па іншых звестках — каля 30 тыс. чалавек), пераважная большасць якіх дзейнічала ў сельскай мясцовасці. Арганізаваная т-вам школьная кампанія набыла масавы характар: да 1928 пададзена больш за 30 тыс. заяў на адкрыццё 1229 бел. школ, аднак абсалютная большасць іх была праігнаравана польскай адміністрацыяй. Для правядзення асветніцкай работы ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм., харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні, займалася выдавецкай дзейнасцю.
Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Гал. управы (да жніўня 1929) у кіраўніцтве ТБШ узмацнілася ідэйна-паліт. раз’яднанасць. Камуністы, прадстаўнікі «Змагання» імкнуліся надаць арг-цыі радыкальны паліт. характар, група дзеячаў нац.-дэмакр. кірунку схілялася выключна да культ.-асветніцкай працы. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні ў маі 1929 праціўнікі палітызацыі (Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, А.Трэпка, Я.Шнаркевіч, А.Коўш і інш.) былі выключаны за «шкодную дзейнасць». У склад новай Гал. управы былі выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Пяткевіч, Р.Шырма, І.Дварчанін, Ф.Валынец, І.Грэцкі, П.Крынчык, М.Кепель, М.Марцінчык, П.Петкун.
У 2-й пал. 1920-х г. БХД працягвала ісці шляхам эвалюцыі ад клерыкальна-дэмакр. арг-цыі да свецкай паліт. партыі хрысціянска-дэмакр. кірунку. На нарадзе 1926, з’ездах 1927, 1928 і 1931 выпрацоўвалася праграма партыі, фарміравалася яе ідэалогія. БХД пераадолела вузкія канфесійныя межы, пачала арыентавацца і на католікаў, і на праваслаўных, што пашырыла яе сац. базу. У 1926 кіраўніцтва БХД стварыла альтэрнатыўную ТБШкульт.-асветную арг-цыю — Бел. інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў БІГіК былі А.Більдзюкевіч, А.Станкевіч, А.Назарэўскі, В.Рагуля, В.Багдановіч, А.Уласаў. Арганізацыя выступала ў абарону бел. культуры, мовы, стварала кааператывы, бібліятэкі, вяла асветную работу, займалася мастацкай самадзейнасцю. У пач. 1927 дзейнічалі 50 гурткоў (каля 800 чал.), 22 б-кі БІГіК. Ідэйна-палітычныя рознагалоссі перашкаджалі супрацоўніцтву з ТБШ.
У 1928—30 паралельна з бел. пасольскім клубам «Змаганне» дзейнічаў адноўлены Бел. пасольскі клуб, куды ўвайшлі прадстаўнікі БХД і Бел.сял. саюза — беларускай нац. партыі парламенцкага тыпу, створанай у 1925 у Вільні ў процівагу БСРГ (уваходзілі П.Каруза, А.Стаповіч, Я.Станкевіч, К.Юхневіч, Ф.Ярэміч). З імі супрацоўнічалі бел. сенатары В.Багдановіч, В.Рагуля. БПК працягваў абараняць сац. і нац. інтарэсы, выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе вызв. рух.
Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы прывяло да разгрому ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. левага крыла зах.-бел. руху. У цяжкіх умовах нелегальнага існавання, бязлітасных праследаванняў знаходзілася КПЗБ. Найб. устойлівымі былі падп.камуніст. арг-цыі ў Брэсцкай, Баранавіцка-Слонімскай, Гродзенскай і Навагрудскай акругах. З мясцовага актыву кампартыі вызначаліся А.Багданчук, В.Ласковіч, П.Пестрак, С.Прытыцкі, У.Урбановіч, У.Царук і інш. Пад кіраўніцтвам КПЗБ з 1924 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ). У 1933 у яго 10 акругах налічвалася больш за 3 тыс. чал.
У канцы 1920 — пач. 1930-х г. для тактыкі і стратэгіі КПЗБ характэрна імкненне фарсіраваць рэв. працэс з мэтай паскорыць сацыяліст. рэвалюцыю, блізкасць якой беспадстаўна перабольшвалася. У межах падрыхтоўкі сав.-польскага дагавора аб ненападзе на V пленуме ЦККПЗБ (чэрв. 1931) з праграмных дакументаў было знята патрабаванне аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. Да бел.нац. партый з боку кампартыі праяўляліся адмоўныя адносіны, іх расцэньвалі як састаўную частку нацыянал-фашысцкага лагера пілсудчыкаў. Камуністы вылучалі максімалісцкія лозунгі і патрабаванні з разлікам на абвастрэнне барацьбы. Асабліва гэта выявілася ў перыяд сусв.эканам. крызісу 1929—33 і ў першыя гады пасля яго. Камуністы мелі дачыненне да арганізацыі забастовак рабочых, акцый беспрацоўных, антыўрадавых дэманстрацый, мітынгаў, сял. выступленняў у Асташыне (Навагрудскі павет) у 1932, Навасёлках (Кобрынскі павет), Ляплёўцы (Брэсцкі павет) у 1933, нарачанскіх рыбакоў у 1935 і інш.
Знішчальная хваля рэпрэсій польскіх улад, лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нац. пытання адмоўна паўплывалі на становішча ТБШ. З 1928 па ліп. 1930 забаронена дзейнасць яго 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс.чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў 1934). У большасці паветаў дзейнасць гурткоў спынілася. У лют. 1933 у Вільні адбыўся суд над кіраўніцтвам ТБШ, якое абвінавачвалі ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы».
Негатыўны ўплыў на зах.-бел. рух зрабілі рэпрэсіі ў БССР у 1930-я г. У 1933 да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі прыцягнуты М.Бурсевіч, П.Валошын, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Дварчанін, П.Мятла, С.Рак-Міхайлоўскі і інш. дзеячы Зах. Беларусі, якія на той час у выніку абмену зняволенымі знаходзіліся ў СССР. Яны атрымалі смяротныя прысуды і розныя тэрміны лагернага зняволення. Па той жа справе пазней расстраляны Б.Тарашкевіч.
У сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм у 1930 створана правацэнтрысцкая грамадска-паліт.арг-цыя — Цэнтр. саюз культ. і гасп. арганізацый (Цэнтрасаюз). Лідэры арг-цыі Р.Астроўскі, А.Луцкевіч, Ф.Акінчыц, Я.Станкевіч прызнавалі заганнай тактыку канфрантацыі, лічылі адзіна магчымым шляхам пошук кампрамісаў з аўтарытарным рэжымам Ю.Пілсудскага. Яны падвяргаліся крытыцы з боку КПЗБ і БХД, за паланафільскі кірунак іх празвалі «беларускай санацыяй». У 1932 на аснове Цэнтрасаюза створана культ.-асветніцкая арг-цыяТ-вабел. асветы (ТБА). Паводле статута, ТБА ставіла за мэту «працу над развіццём беларускай культуры, пашырэнне школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздым маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі». У 1933 пачалі ўтварацца гурткі ТБА, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, арганізавана асветніцкая і выдавецкая дзейнасць. Пакінуўшы Цэнтрасаюз, восенню 1933 Ф.Акінчыц разам з У.Казлоўскім пачалі выданне газеты «Новы шлях», органа Бел. нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), дзе шмат увагі аддавалася абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-фашызму. Раскол Цэнтрасаюза ў 1934 прывёў у заняпад нешматлікія гурткі ТБА. Паланафільскія ідэі не знайшлі шырокай падтрымкі з боку насельніцтва Зах. Беларусі.
Да сярэдзіны 1930-х г. з бел.нац. партый толькі БХД захавала і часткова павялічыла свой колькасны склад. БІГіК у 1934 меў 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал. Пад эгідай БХД у пач. 1930-х г. рэарганізаваны Бел. нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні. З яго дапамогай БХД спрабавала кансалідаваць пад сваім кіраўніцтвам на нац.-дэмакр. аснове зах.-бел. партыі і арг-цыі, скіраваць іх паліт. дзейнасць супраць КПЗБ. БНК аб’ядноўваў шэраг культурна-асветных, грамадскіх і маладзёжных арганізацый — Бел. студэнцкі саюз, Бел.навук.т-ва, Бел. настаўніцкі саюз і інш.
У 5-й праграме БХД (1936) замацаваны свецкі характар партыі, зменена яе назва на Бел.нац. аб’яднанне (БНА). Кіраўнікі БНА асуджалі капіталізм, фашызм і камунізм, выступалі за 3-і шлях грамадскага развіцця, які не быў канкрэтызаваны ў праграмных дакументах. Прызнавалася прыватная ўласнасць, адмаўлялася эксплуатацыя, вылучалася патрабаванне перадачы зямлі малазямельным сялянам без выкупу, хутары аб’яўляліся «найбольш адпавядаючай формай прыватнай гаспадаркі». Дзеячы партыі выступалі супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, за абавязковае вывучэнне рэлігіі ў школах. Як і ў папярэдніх праграмах, вылучалася патрабаванне стварэння незалежнай бел. рэспублікі, дэмакр. правоў і свабод. У склад прэзідыума ЦК БНА у студз. 1936 былі выбраны Я.Пазняк (старшыня), С.Грынкевіч, М.Дварэцкі, А.Клімовіч.
Ва ўмовах наступу фашызму з сярэдзіны 1930-х г. была зменена стратэгія і тактыка міжнар.камуніст. руху. На II з’ездзе КПЗБ (май 1935) былі выпраўлены асобныя памылкі ў дзейнасці партыі, заяўлена пра неабходнасць стварэння шырокага антыфашысцкага нар. фронту. У выніку аўтарытэт КПЗБ вырас. Кампартыя ажыццявіла практычныя крокі для адзінства дзеянняў з арганізацыямі ППС, Бунда, «Стронніцтва людовэго», кіраўнікамі прафсаюзаў, БХД. У жн.—вер. 1935 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ЦККПЗБ і ЦК БХД. Хоць існавалі сур’ёзныя ідэйна-паліт. разыходжанні, была дасягнута дамоўленасць па школьным пытанні. ТБШ і БІГіК правялі ў 1936 сумесную школьную кампанію, якой кіраваў агульны Школьны сакратарыят, некаторы поспех дасягнуты ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Маладзечанскім і інш. паветах. Аднавілася дзейнасць гурткоў ТБШ. У склад Гал. управы Т-ва былі. выбраны Ф.Стацкевіч (старшыня), М.Кепель, В.Склубоўскі, Ф.Грышкевіч, Р.Шырма, М.Пяткевіч, М.Марцінчык, С.Паўловіч, М.Касцевіч і інш.
У ходзе сумеснай школьнай акцыі яшчэ захоўваліся ўзаемныя недаверлівыя адносіны. Не далучылася да супрацоўніцтва ТБА. У адрозненне ад дэмакр. часткі БНА яго кансерватыўныя элементы не прынялі ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварылі ў чэрв. 1936 Бел.нац. фронт пад кіраўніцтвам В.Гадлеўскага, абвясціўшы гал. мэтай падтрымку вольнай ад чужых уплываў бел.паліт. лініі. Варожа ставілася да кансалідацыі зах.-бел. руху БНСП, якая займала выразныя антысавецкія і антыкамуніст. пазіцыі. У праграме 1936 яе лідэры дэкларавалі замену капіталіст. ладу сацыялістычным. Каб займець сімпатыі нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Да БНСП прымкнула група бел. незалежных радыкалаў на чале з К.Юхневічам. З-за малалікасці партыі так і не быў скліканы яе з’езд. БНСП не атрымала масавай падтрымкі ў заходнебеларускім грамадстве.
Актывізацыя нац.-вызв. барацьбы выклікала знішчальную хвалю рэпрэсій польскай адміністрацыі, паліцыі. У снеж. 1936 забаронены ТБШ і БІГіК, у 1937 — Бел. настаўніцкі саюз, ТБА, у 1938 — БНК. З-за ганенняў і ўціску з крас. 1937 спынілася выданне цэнтр. органа БХД—БНА «Беларускай крыніцы». Многія з кіраўнікоў партыі былі арыштаваны ці выселены на захад.
Паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. ў БССР, падрывалі сілы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У лют. 1936 органамі НКУСБССР арыштаваны і асуджаны «як агент польскай палітычнай паліцыі» паліт. сакратар ЦККПЗБ І.Лагіновіч (пазней прысуд зменены на смяротнае пакаранне). У 1937 рэпрэсіям падвергліся інш. кіраўнікі Кампартыі Польшчы і КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР. У жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачвання ў сувязях з польскай дэфензівай Выканком Камінтэрна прыняў рашэнне аб роспуску КПП і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ. Арганізаваны нац.-вызв. рух напярэдадні вер. 1939 быў фактычна спынены намаганнямі польскага ўрада, сталінскага рэжыму, што садзейнічала нац.-культ. асіміляцыі насельніцтва Зах. Беларусі.
Культура Заходняй Беларусі. Нягледзячы на жорсткі нац. прыгнёт і крайне абмежаваныя магчымасці для праяўлення і развіцця бел. культуры, культ. жыццё ў Зах. Беларусі не замірала. У рабоце нац.-вызв. і культ.-асв. арг-цый, у выданні падп. і легальных газет і часопісаў, у агульнадэмакр. выступленнях удзельнічалі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі. Вял. ўплыў на развіццё нац.-вызв. руху мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, М.Машары, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, А.Стаповіча; публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, У.Самойлы, А.Станкевіча, В.Харужай; навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна і інш. З зах.-бел. л-рай звязана творчасць М.Гарэцкага, У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка. У 1930-я г. пачалі сваю літ. дзейнасць бел. пісьменнікі А.Іверс, Ф.Грышкевіч, А.Дубровіч, Я.Чабор, Н.Тарас, Г.Новік, П.Граніт, А.Клімовіч, С.Крывец, А.Мілюць, Я.Брыль; украінскі А.Гаўрылюк; польскія Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант і інш. Пісьменнікі, што групаваліся вакол «Беларускай газеты», у канцы 1933 распачалі дзейнасць па стварэнні арганізацыі, каб аб’яднаць пісьменнікаў Зах. Беларусі. Іх намаганнямі ў газеце была аформлена літ. старонка, надрукавана прынятая на нелегальным з’ездзе зах.-бел. пісьменнікаў (снеж. 1933) дэкларацыя, якая заклікала ўсіх літаратараў «ад станка і плуга» гуртавацца дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У студз. 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі найб. актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва Зах. Беларусі зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук; у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую работу па стварэнні нар. хароў і збору бел.нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Г.Цітовіч, Р.Шырма і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый Зах. Беларусі размяшчаліся ў Вільні, у т. л.Бел. выдавецкае таварыства, выдавецтвы ТБШ, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, У.Знамяроўскага, Б.Клецкіна, Бел. навуковае т-ва, Бел. музей, Бел. драматычная майстроўня, Бел. дабрачыннае т-ва, Віленская бел. гімназія, школы, кнігарні і інш. У Вільні выдадзены «Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век—1905 г.» М.Гарэцкага (1922), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І.Дварчаніна (1927), зб-кі вершаў Л.Родзевіча («На паняволеных гонях», 1928), М.Танка («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937; «Пад мачтай», 1938; паэма «Нарач», 1937) і інш. Выдаваліся таксама падручнікі для бел. школ С.Рак-Міхайлоўскага, С.Паўловіча, «Беларускі каляндар», адозвы, адкрытыя лісты і прамовы дэпутатаў у сейме. Ствараліся гурткі маст. самадзейнасці, рыхтаваліся канцэрты. У рэпертуары хароў пераважалі бел.нар. песні. У драм. калектывах найб. папулярнасцю карысталіся спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Атрута» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча, «Суд» У.Галубка, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» Э.Ажэшкі, а таксама шматлікія інсцэніроўкі. Сродкі, сабраныя на спектаклях і канцэртах, ішлі пераважна на патрэбы развіцця бел. асветы і культуры. Паліцыя і ўлады часта забаранялі такія мерапрыемствы. Напр., з 36 спектакляў, падрыхтаваных у 1932 гурткамі маст. самадзейнасці Беласточчыны, 14 забаронены ўладамі.
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле распараджэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Большасць жыхароў сустракала армію як вызваліцельніцу, з энтузіязмам і радасцю. На занятай Чырв. Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адм., гасп. і культ.-асв. дзейнасці. Адначасова для навядзення рэв. парадку ў гарадах сфарміраваліся ўзбр. атрады рабочых, у сельскай мясцовасці — атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. Народны сход Заходняй Беларусі (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне сав. улады і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. 12—14.11.1939 нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Гэтымі актамі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. У кастр. 1939 паводле дамоўленасці паміж урадамі СССР і Літвы Віленскі край з г. Вільня быў перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр.Зах. Беларусі былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).
Літ.:
Лочмель И.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. М., 1940;
Stankievic A. Biełaruśki chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;
Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет Мн., 1946;
Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;
У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэв. руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958;
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;
Мацко А.Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;
Яго ж. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг.Мн., 1972;
Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;
Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Мн., 1967;
Яго ж. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;
Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;
В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974;
Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977;
Яго ж. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;
Годы испытаний и мужества. Мн., 1973;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;
Яго ж. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел.гіст.часоп. 1994. №1;
Яго ж. Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і дзейнасці // Там жа. 1996. №3;
Яго ж. Выпрабаванне часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Там жа. 1998. №4;
Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;
Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938 гг.Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Полуян И.В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929—1933 гг.Мн., 1991;
Gomołka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;
Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993;
Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел.гіст.часоп. 1994. №2;
Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. №1;
Яго ж. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. №5;
Яго ж. Уз’яднанне // Полымя. 2000. №9;
Назаўсёды разам: (Да 60-годдзя ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР). Мн., 1999;
Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 17—18 вер. 1999 г.). Мн., 2000;
Рыжскі мірны дагавор. Лёсы народаў Усходняй Еўропы: (Матэрыялы Міжнар.навук.-тэарэт.канф., 16—17 сак. 2001 г.). Мн., 2001;
Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытар. цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.
А.М.Вабішчэвіч, І.П.Хаўратовіч.
Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 1926.Дэлегаты 3-га з’езда Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вільня. 1928Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).Вечар беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Злева направа: сядзяць — С.Станкевіч, М.Машара, Р.Шырма, М.Васілёк, М.Шчорс; стаяць: — Х.Ільяшэвіч, М.Танк, А.Бярозка, В.Тумаш, П.Сергіевіч. Вільня. 15.3.1936.А.Трэпка, В.Багдановіч, К.Галкоўскі, М.Забэйда-Суміцкі, Р.Шырма, А.Луцкевіч, С.Паўловіч, М.Танк, С.Глякоўскі, Я.Станкевіч і інш. пасля канцэрта хору Р.Шырмы. Вільня. 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РНЫЯ АПЕРА́ЦЫІнямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэр. Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,
сукупнасць акцый рэпрэсіўнага, ваен., эканам. і паліт. характару з мэтай задушыць партыз. рух, заняволіць жыхароў на акупіраванай тэр., разрабаваць маёмасць. Неад’емная частка акупацыйнага рэжыму, адзін з асн. сродкаў усталявання т.зв. «новага парадку». Ажыццяўляліся ваен., ахоўнымі, паліцэйскімі і спец. падраздзяленнямі гітлераўцаў. У ліп. 1941 332-і паліцэйскі полк правёў К.а. ў Белавежскай пушчы, карнікі спалілі 34 вёскі, з якіх вывезлі 6,6 тыс. жыхароў, забралі 665 коней, 287 кароў, 454 цяляці, больш за 2,5 тыс. свіней, каля 2 тыс. авечак, с.-г. прадукты і інш. З 31 ліп. да 19 жн. гітлераўцы загубілі больш за 640 чал.; 30—31 жн. правялі акцыю ў гета Мінска (расстралялі 914 чал.), 3—7 вер. рабавалі і расстрэльвалі насельніцтва ў Уздзенскім р-не; 16—18 вер. правялі «аперацыю ўціхамірвання» ў раёне, абмежаваным р. Дняпро, дарогамі Палыкавічы—Княжыцы, Княжыцы—Магілёў; у в. Палыкавічы, Княжыцы, Пашкава, Паўлаўка, Дары (Магілёўскі р-н), Падзевічы, Хвойна (Бялыніцкі р-н) расстралялі, утапілі ў балотах і спалілі каля 100 чал. 24.9—2.10.1941 правялі акцыі ў в. Княжыцы, Ліпок, Гуслянка, Грышанава, Шапчыцы (Магілёўскі р-н), расстралялі 112 чал., 3 кастр. загубілі 2 тыс.чал. з гета Магілёва. З 4 кастр. фашысты расстралялі, спалілі і ўтапілі ў балотах на Магілёўшчыне каля 900 чал. Па няпоўных даных з ліп. 1941 да ліст. 1942 332-і паліцэйскі батальён загубіў каля 5 тыс. цывільных жыхароў і сав. ваеннапалонных. У ліп.—жн. 1941 супраць падраздзяленняў Чырв. Арміі, што трапілі ў акружэнне, партызан і мясц. насельніцтва праведзена буйная К.а. «Прыпяцкія балоты». 28.7.1941 рэйхсфюрэр СС Г.Гімлер аддаў загад, у якім патрабаваў знішчаць на Палессі авіяцыяй любы нас. пункт, у якім будзе аказана супраціўленне. Паводле звестак 1-й кав. брыгады СС на 13.8.1941 у выніку аперацыі загублена 13 788 чал. Загадамі ням. камандавання ад 16.9 і 25.10.1941 былі дадзены ўказанні па тактыцы т.зв. «ўціхамірвання» цывільнага насельніцтва, па арганізацыі К.а., якія прыраўноўваліся да ваен. дзеянняў на фронце. 16.4.1942 камандуючы ахоўнымі войскамі і нач. тылавога раёна групы армій «Цэнтр» Шэнкендорф, у распараджэнні якога былі 4 ахоўныя дывізіі, 2 брыгады СС, 11 артыл. батарэй, 229 пях., 12 танказнішчальных рот, 9 рот цяжкай пях. зброі, папрасіў дадаткова 13 ахоўных батальёнаў і 2 дывізіі для правядзення буйных К.а. Да вясны 1942 К.а. мелі спарадычны характар. У чэрв. 1942 камандаванне групы армій «Цэнтр» распрацавала план 16 К.а. у сваім тылавым раёне. У вер. 1942 Гітлер усклаў агульнае кіраўніцтва барацьбой з партыз. рухам на акупіраваных тэрыторыях на рэйхсфюрэра СС Гімлера, у аператыўных раёнах — на В.Кейтэля. У кастр. 1942 Гімлер прызначыў старшым нач. СС і паліцыі ў тылавым раёне групы армій «Цэнтр» групенфюрэра СС Э. фон дэн Бах-Зелеўскага сваім упаўнаважаным па барацьбе з партызанамі на Беларусі і перадаў у яго распараджэнне матарызаваную брыгаду СС, 2 паліцэйскія палкі, 3 ахоўныя батальёны, 2 батарэі процітанк. гармат, танк. роту, ахоўныя часці і фарміраванні ням.-фаш. сатэлітаў. У кастр. на Беларусь дадаткова перакінута 19 вучэбных батальёнаў вермахта і вучэбныя часці ВПС, якія ўдзельнічалі ў К.а. З восені 1942 Бах-Зелеўскі і Шэнкендорф каардынавалі свае дзеянні і праводзілі буйныя К.а. па ўсёй тэр. Беларусі з удзелам часцей паліцыі, СС і вермахта. Да восені 1943 у К.а. удзельнічалі 201, 203, 221, 281 і 286-я ахоўныя, 707-я пях., 52-я вучэбна-палявая спец. прызначэння, 390-я і 391-я вучэбна-палявыя дывізіі, кав. і матарызаваная дывізіі СС, некалькі ням. паліцэйскіх палкоў, войскі сатэлітаў фаш. Германіі і аператыўнага рэзерву групы армій «Цэнтр». З канца 1943 К.а. праводзілі таксама войскі 3-й танк., 2, 4 і 9-й палявых армій вермахта, больш за 100 ахоўных батальёнаў і шмат спец. падраздзяленняў. За гады акупацыі Беларусі ням.-фаш. захопнікі правялі больш за 140 К.а. (гл. табліцу). Карнікі нанеслі вял. страты нар. гаспадарцы Беларусі і яе насельніцтву, загубілі або вывезлі на катаргу ў Германію сотні тысяч людзей, рабавалі, знішчалі і вывозілі запасы прадуктаў і сыравіны, жывёлу і маёмасць, палілі нас. пункты, шмат якія раёны ператварылі ў «зоны пустыні». У час К.а. знішчаны 5454 нас. пункты, у т. л. 630 разам з жыхарамі (325 з іх не адрадзіліся), 4824 з часткай насельніцтва (337 з іх не адрадзіліся).
Літ.:
Нацистская политика геноцида и «выжженной земли» в Белоруссии, 1941—1944. Мн., 1984;
Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941—1944. 2 изд. Мн., 1965;
Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі (1941—1944). Мн., 1995.
Найбольш буйныя карныя аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Беларусі ў 1941—44 (размешчаны па часе іх правядзення)
№ п/п
Назва аперацыі або яе нумар
Час правядзення
Месца правядзення
1
2
3
4
1.
«Прыпяцкія балоты»
ліп.—жн. 1941
Брэсцкая, Мінская, Пінская, Палеская вобл.
2.
«Бамберг» («Bamberg»)
сак.—крас. 1942
Акцябрскі, Глускі, Любанскі, Бабруйскі р-ны
3.
«Рыга» («Riga»)
май 1942
Рудзенскі р-н
4.
№ 5 (паўторна ў жн. ў гэтым жа раёне і пад гэтым жа нумарам)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
На Беларусі паліўная прамысловасць прадстаўлена нафтаздабыўной, нафтаперапрацоўчай і тарфяной падгалінамі. Здабывае нафту і спадарожны газ, перапрацоўвае нафту на светлыя нафтапрадукты, топачны мазут, бітумы і інш., здабывае торф. У аб’ёме вырабляемай прамысл. прадукцыі ў 2000 доля галін паліўна-энергет. комплексу складае 14,2%.
У пач. 20 ст. ў Беларусі на паліва выкарыстоўвалі пераважна дровы. У паліўным балансе 1913 іх удзельная вага складала 86,6%. Торф здабываўся ў невял. колькасці. Тарфяная прамысловасць створана ў 1920—30-я г. Доля торфу ў паліўным балансе 1940 вырасла амаль да 2/3, значнае месца займаў ён і ў пасляваен. перыяд. З 1960 патрэба рэспублікі ў паліве задавальнялася пераважна прывазнымі вугалем і топачным мазутам. Каменны вугаль завозілі з Данбаса, невял. колькасць — з Львоўска-Валынскага басейна. У сярэдзіне 1960-х г. узнікла нафтаздабыўная і нафтаперапрацоўчая прамысловасць Развіццё газіфікацыі, наяўнасць уласных нафтапрадуктаў прывялі да змены структуры паліўнага балансу. Рэзка скарацілася ўдзельная вага цвёрдага паліва, павялічылася доля топачнага мазуту і газу (з 4,9% у 1960 да 67,1% у 1975). Выкарыстанне дроў за 1961—75 скарацілася ў 2,7 раза.
Тарфяная прамысловасць на Беларусі спецыялізавалася на здабычы фрэзернага і кускавога торфу на паліва, для сельскай гаспадаркі, хім. перапрацоўкі, медыцыны, на выпуску торфабрыкетаў.
Прамысловая здабыча торфу пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н), у 1899 — каля Гомеля на патрэбы цагельняў. У 1900 на торфараспрацоўцы каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) вырабляліся торфабрыкеты. Да 1913 арганізаваны торфараспрацоўкі «Дымаўшчына» (каля Віцебска), «Гразкі» (Гомельскі р-н), «Котуш» (каля Магілёва), пры шклозаводах у Полацкім і Віцебскім р-нах, пад Мінскам (для патрэб камунальных прадпрыемстваў). У 1913 здабыта 14 тыс.т кускавога торфу разным і элеватарным спосабамі, пераважна ўручную. З 1931 пачаў укараняцца фрэзерны спосаб. У 1920—30-я г створана больш як 200 торфапрадпрыемстваў, а ў зах. абласцях пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР — 20 прадпрыемстваў. У 1940 здабыта 3,4 млн.т торфу, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе рэспублікі склала 63,5%. У Вял.Айч. вайну тарфяная прамысловасць разбурана, даваенны ўзровень торфаздабычы перасягнуты ў 1949.
Да 1960 торф заставаўся асн. відам паліва, на ім працавала больш як палавіна ДРЭС і ЦЭЦ, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе складала 39,5%. У 1950—60-я г. пабудавана больш за 10 буйных торфапрадпрыемстваў. Фрэзерным спосабам здабывалася амаль 100% торфу. У сувязі з павелічэннем выкарыстання больш эфектыўных відаў паліва (нафтапрадуктаў, прыроднага газу) з канца 1970 здабыча торфу змяншалася, яго ўдзельная вага ў паліўным балансе ў 1975 склала 10,5%, у 1985—0,8%. На пач. 2001 тарфяная прамысловасць Беларусі ўключала 37 прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу пераважна на камунальна-быт. патрэбы. Найб. значныя прадпрыемствы: «Каўпеніца», «Бярозаўскае», «Кобрынскае» ў Брэсцкай, «Асвейскае», «1 Мая», «Усвіж-Бук» у Віцебскай, «Луцкі», «Хойніцкі» ў Гомельскай, «Дзітва», «Лідскі», «Ашмянскі» ў Гродзенскай, «Рэдкі Рог», «Татарка», «Ганчанскае» ў Магілёўскай, «Усвіж», «Сяргеевіцкае», «Слуцкае» ў Мінскай абласцях.
Тарфяныя машыны і іх комплексы для распрацоўкі радовішчаў, здабычы, сушкі і ўборкі торфу ў 1960—80-я г. выпускаў пераважна Гомельскі завод тарфянога машынабудавання (фрэзеры-валкавальнікі, штабелявальныя машыны, тарфяныя гідраўлічныя пагрузчыкі і інш.).
Нафтаздабыўная прамысловасць уключае комплекс прадпрыемстваў, якія ажыццяўляюць разведку, здабычу, першапачатковую ачыстку і транспарціроўку нафты і спадарожных газаў. Адкрытыя на Беларусі радовішчы нафты прымеркаваны да паўн. часткі Прыпяцкага прагіну (пераважна Рэчыцкі і Светлагорскі р-ны). Першы фантанны прыток нафты атрыманы ў 1953 на Ельскай структуры, першы прамысл. — на Рэчыцкім радовішчы ў 1964 (прамысл. распрацоўка яго пачалася ў 1965, за год было здабыта 39 тыс.т). У 1966—70 здадзены ў эксплуатацыю Асташкавіцкае, Вішанскае і Давыдаўскае радовішчы (Светлагорскі р-н). Да канца 1970-х г. разведана 18 радовішчаў, усяго на Беларусі да пач. 2000 адкрыты 62 радовішчы. Дэбіт свідравін на іх невялікі. Для інтэнсіфікацыі здабычы нафты на бел. радовішчах выкарыстоўваецца прагрэс. тэхналогія — падтрыманне пластавога ціску запампоўваннем вады, апрацоўка свідравін паверхнева-актыўнымі растворамі. Пераважае помпавы спосаб здабычы з дапамогай глыбінных помпаў. З усіх радовішчаў па нафтаправодах нафта ідзе да Рэчыцкага і Асташкавіцкага радовішчаў, дзе праходзіць прамысл. падрыхтоўку, пасля чаго падаецца ў магістральны нафтаправод і на нафтаперапр. заводы. У 1965—90 здабыта каля 90 млн.т нафты (гл. таксама табл.). Штогадовая здабыча бел. нафты складае больш як 1,8 млн.т (для патрэб Беларусі яе не хапае, таму частку нафты атрымліваюць з Расіі). Эксплуатуецца 37 радовішчаў (каля 500 дзеючых свідравін). Усе прадпрыемствы нафтаздабыўной прамысловасці ўваходзяць у ВА «Беларусьнафта». Разведка нафты вядзецца ВА «Белгеалогія» і «Беларусьнафта», перапрацоўка — Наваполацкім ВА «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапр. заводам. Каардынацыйную дзейнасць па пошуку, разведцы, здабычы, транспарціроўцы, перапрацоўцы нафты і забеспячэнне нар. гаспадаркі краіны нафтапрадуктамі ажыццяўляе Бел.дзярж. канцэрн па нафце і хіміі «Белнафтахім».
Нафтаперапрацоўчая прамысловасць Беларусі спецыялізавана на выпуску маторнага і кацельна-пячнога паліва, маслаў, прадуктаў для хім. і нафтахім. прамысловасці і інш. Развіваецца з 1963, калі быў здадзены ў эксплуатацыю Полацкі нафтаперапр. завод (з 1992 Наваполацкае ААТ «Нафтан»). У 1975 прадукцыю пачаў даваць Мазырскі нафтаперапр. завод (з 1994 адкрытае акц.т-ва — ААТ). Устаноўленая магутнасць ААТ «Нафтан» складае 25 млн.т за год, глыбіня перапрацоўкі нафты дасягае 64—65%, выпускаецца прадукцыі больш за 75 найменняў, у т. л. аўтамабільныя бензіны, рэактыўнае, дызельнае і пячное паліва, мазут, нафтавыя бітумы, вакуумны газойль, звадкаваны газ, тэхнічная сера. ААТ «Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод» арыентаваны на вытворчасць маторнага і кацельнага паліва, яго ўстаноўленая магутнасць 16,5 млн.т за год. У 2000 першасная перапрацоўка нафты склала 13 528 тыс.т, у выніку атрымана (тыс.т.): бензіну — 2124, дызельнага паліва — 3847, топачнага мазуту — 4627 (гл. таксама табл.). У 2002 першасная перапрацоўка нафты склала 15 247 тыс.т, у 2003—15 774 тыс.т. Нафта для перапрацоўкі на гэтыя заводы паступае ў асноўным па адгалінаваннях магістральнага нафтаправода з Рас. Федэрацыі.
Агульная працягласць магістральных нафтаправодаў на тэр. Беларусі ў аднаніткавым вылічэнні складае 2,9 тыс.км. Па іх расійская нафта транспартуецца ў Літву і Латвію (порт Вентспілс), ва Украіну, Польшчу, Германію, Венгрыю, Чэхію, Славакію, Сербію і Чарнагорыю. Па мясц. нафтаправодах нафта ад усіх радовішчаў перапампоўваецца да ўстаноўкі прамысл. падрыхтоўкі нафты, дзе праходзіць абяссольванне, сепарацыю і падаецца ў магістральны нафтаправод.
Газавая прамысловасць уключае разведку, распрацоўку і эксплуатацыю радовішчаў прыродных газаў, вытворчасць штучных газаў, комплексную перапрацоўку, транспарціроўку па газаправодах і захоўванне. Газіфікацыя забяспечвае выкарыстанне гаручых газаў у нар. гаспадарцы і на быт. патрэбы. На Беларусі шырокая газіфікацыя гарадоў, вёсак і прадпрыемстваў пачалася ў 1960, калі было закончана будаўніцтва 1 -й чаргі газаправода Дашава—Мінск і адгалінавання на Гомель ад магістральнага газаправода Кіеў—Масква. У 1961—65 прыродны газ атрымалі Брэст, Баранавічы, Гродна, Слонім, Ліда і інш. гарады, Бярозаўская ДРЭС і Ваўкавыскі цэментны завод, на пач. 1971—52 гарады Беларусі. З 1967 на нафтапромыслах Беларусі вядзецца адбор спадарожнага газу. З 1974 дзейнічае газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы—Кобрын (другая яго нітка дзейнічае з 1978), па якім прыродны газ паступае з Рас. Федэрацыі. У 1976 пабудавана першае на Беларусі Асіповіцкае падземнае газасховішча. З развіццём нафтаздабычы больш выкарыстоўваецца спадарожны газ на нафтавых промыслах. Для яго перапрацоўкі пабудаваны і ў 1976 уведзены ў дзеянне Бел. газаперапрацоўчы завод (г. Рэчыца), які дае звадкаваныя газы, бензін, вуглевадародныя прапеленты, адбензаваны газ; забяспечвае палівам Светлагорскую ЦЭЦ і кватэры Рэчыцы і Светлагорска. У 1995 даўжыня магістральных газаправодаў склала 5534 км, імпартавана 14 млрд.м³ газу. Прыродны газ выкарыстоўваецца для атрымання электраэнергіі, як паліва і хім. сыравіна.
Сланцавая прамысловасць займаецца здабычай і перапрацоўкай гаручых сланцаў для атрымання з іх газу і паліва на быт. і энергетычныя патрэбы. На Беларусі буйны сланцаносны раён знаходзіцца ў межах Прыпяцкага прагіну. Прагнозныя запасы 11 млрд.т. Найб. разведаныя Любанскае і Тураўскае радовішчы гаручых сланцаў. Гл. таксама Паліўная прамысловасць і арт. пра яе асобныя галіны ў алфавітных тамах БелЭн.
Металургічная прамысловасць. Галіна цяжкай прамысловасці, якая спецыялізавана на атрыманні металаў з руды і інш. матэрыялаў, на змене хім. саставу, структуры і ўласцівасцей метал. сплаваў. Уключае чорную і каляровую металургію.
Прадпрыемствы чорнай металургіі вырабляюць чыгун, сталь, пракат, стальныя і чыгунныя трубы, ферасплавы, метал. вырабы прамысл. прызначэння. Да чорнай металургіі адносяцца таксама падгаліны па здабычы жал., марганцавай руд і па вытв-сці іх канцэнтратаў, агламерату, акатышаў, флюсавых вапнякоў, прамысловасць вогнетрывалых матэрыялаў і інш.
На Беларусі прамысловы выпуск чыгуну і жалеза пачаўся з канца 18 ст. на з-дах Тызенгаўза ў Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., Вішнеўскім і Налібоцкім з-дах у Ашмянскім пав. Віленскай губ., Уладзімірскім з-дзе ў Чэрыкаўскім пав. Магілёўскай губ., якія былі абсталяваны вадзянымі і паравымі рухавікамі і выкарыстоўвалі мясц. балотныя руды і драўняны вугаль. Развіццё ў 2-й пал. 19 ст. чорнай металургіі на Украіне і ў Расіі на базе мінер. паліва прывяло да спынення металург. вытв-сці на Беларусі. Адраджэнне пачалося ў 1920-я г., калі ў Магілёве быў пабудаваны трубаліцейны з-д, які з 1937 пачаў выпускаць і ліставую сталь. У 1940 вытв-сць сталі ў рэспубліцы склала 5,2 тыс.т, пракату — 4,1 тыс.т. У 2003 працавала 15 прадпрыемстваў, на якіх было занята 17 тыс.чал. Найбуйнейшае з іх — Беларускі металургічны завод у Жлобіне, які працуе на металаломе і чыгунных чушках (выпускае трубныя стальныя загатоўкі, буд. арматуру, стальныя катанкі, вугалкі і дрот, швелеры і інш.). У 2003 на ім працавала 12,5 тыс.чал., выпушчана 1572,9 тыс.т сталі, гатовага пракату 1453,1 тыс.т, металакардону 66,3 тыс.т. На Магілёўскім металургічным заводзе вырабляюць стальныя і чыгунныя трубы. Гомельскі ліцейны завод «Цэнтраліт» спецыялізуецца на вытв-сці адлівак з чыгуну, каналізацыйных люкаў, Рэчыцкі метызны завод — дроту, цвікоў; Маладзечанскі завод лёгкіх метал. канструкцый — стальных труб. Вытв-сць сталі і пракату ёсць на буйных маш.-буд. з-дах Мінска, Гомеля, Мазыра, Бабруйска, Оршы; чыгуннага і стальнога ліцця — на прадпрыемствах Баранавічаў, Бярозы, Навагрудка, Пінска, Полацка і інш. У 2003 выраблена чыг. ліцця 225 тыс.т, сталі 1694 тыс.т, гатовага пракату 1451 тыс.т, стальных труб 95,9 тыс.т, металакардону 66,3 тыс.т (гл.табл.). Прадукцыя чорнай металургіі Беларусі экспартуецца ў Расію, ЗША, Германію, Вялікабрытанію, Кітай і інш.
Каляровая металургія — найбольш энергаёмістая галіна цяжкай прам-сці, якая ажыццяўляе здабычу і абагачэнне руд, вытв-сць і апрацоўку каляровых, высакародных і рэдкіх металаў, у т. л. сплаваў, перапрацоўку другаснай сыравіны, а таксама здабычу алмазаў. Спадарожная прадукцыя галіны — хім. злучэнні, мінер. ўгнаенні, буд. матэрыялы і інш. У залежнасці ад віду прадукцыі, якую вырабляюць, у складзе галіны вылучаюцца медная, свінцова-цынкавая, нікель-кобальтавая, алюмініевая, тытана-магніевая, вальфрама-малібдэнавая, высакародных металаў, цвёрдых сплаваў, рэдкіх металаў прам-сць. Роля каляровай металургіі ў сучаснай эканоміцы хутка расце ў сувязі з развіццём новых галін прам-сці: атамнай, ракетнай, касмічнай, электроннай, прыладабудавання і інш.
На Беларусі з канца 19 ст. існавалі невял. медзеплавільныя прадпрыемствы саматужнага тыпу, якія выкарыстоўвалі металалом. Цяпер у Мінску існуе завод другаснай перапрацоўкі каляровых металаў, ёсць невял. ліцейная вытв-сць у Гомелі і Мазыры.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1861 гг.). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Киреенко М.Г. Индустриальный комплекс республики. Мн., 1977;
Энергетика Белоруссии Мн., 1968;
Белорусская энергетическая система (1931—1991). Мн., 1992;
Наука и техника Советской Белоруссии в 1917—1990 гг.: Хроника важнейших событий. Мн., 1991.
Я.П.Забела.
Здабыча асноўных відаў паліва ў Рэспубліцы Беларусь
Гады
1940
1950
1960
1970
1980
1985
1990
1995
2000
2003
Нафта (з газавым кандэнсатам), тыс.т
—
—
—
4234
2551
2019
2054
1932
1851
1826
Натуральны (спадарожны) газ, млн.м³
—
—
—
185
281
244
297
266
257
254
Торф паліўны (умоўнай вільготнасці), тыс.т
3400
3900
8300
9200
4486
4532
3438
3145
2002
1803
Торфабрыкеты паліўныя, тыс.т
—
17
403
1878
2013
2102
2017
1535
1257
Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі нафтаперапрацоўчай прамысловасці Рэспублікі Беларусь (тыс.т)
Гады
1965
1970
1980
1985
1990
1995
2000
2003
Першасная перапрацоўка нафты
7031
18431
41096
39015
39442
13118
13528
15774
у выніку атрымана: бензіну
591
1432
4718
5036
5064
2004
2124
2366
дызельнага паліва
886
2778
8331
7877
7659
3465
3847
4913
топачнага мазуту
1597
6020
18189
18189
16849
5592
4627
4790
Асноўныя паказчыкі вытворчасці чорнай металургіі ў Рэспубліцы Беларусь
Прадукцыя
1990
1995
2000
2002
2003
Сталь, тыс.т
1112
744
1624
1607
1694
Гатовы пракат чорных металаў, тыс.т
686
614
1397
1458
1451
Стальныя трубы:
тыс.т
90,0
12,3
37,9
76,7
95,9
тыс.м
33 915
5732
18 979
33 805
42 212
Металакардон, тыс.т
20,1
25,6
49,2
48,8
66,3
Чыгуннае ліццё, тыс.т
859
193
213
221
225
Торфабрыкетны завод «Бярэзінскі» (Маладзечанскі раён).Буравая вышка для будаўніцтва нафтавай і газавай свідравін.Эксплуатацыйная свідравіна для здабычы нафты з дапамогай глыбіннай помпы на Рэчыцкім радовішчы.Асноўныя прадпрыемствы нафтаперапрацоўчай прамысловасці: 1 — перапрацоўчы комплекс Наваполацкага ААТ «Нафтан»; 2 — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод.Беларускі газаперапрацоўчы завод.